Перайсці да зместу

Западно-руссизм/РАЗЬДЗЕЛ ВОСЬМЫ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
РАЗЬДЗЕЛ СЁМЫ Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі
Аўтар: Аляксандар Цьвікевіч
1929
Крыніца: [1]
РАЗЬДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Барацьба за Беларусь паміж расійскім капіталам і польскім памешчыкам, адноўленая пасьля невялікага перапынку ў пачатку 80х гадоў, павінна была раскрыць прад «западно-руссизмом» самыя ружовыя пэрспэктывы. Чаго-ж больш спагаднага можна было чакаць «западно-руссам», як не таго, што Расія Аляксандра III ізноў узялася за Паўночна-заходні край з мэтай нанова і на гэты раз канчаткова адбіць яго ад Польшчы.

«Западно-руссы» так і зразумелі новую эпоху. «Вялікі час цяпер надыходзіць,— пісаў стары Каяловіч Корнілаву пасьля аднэй удалай размовы з Делянавым наконт проектаў яго «Школьнае камісіі»,— і можна рабіць проста цуды ў адносінах да Заходняй Расіі»[1]. Радасны настрой пасьля перажытай «патапаўшчыны» падмацоўваўся цэлым радам фактаў: заснаваўся Крестьянский поземельный банк (1882 г.), было прынята палажэньне аб синодальных царкоўна-прыходзкіх школах (1884 г.), над чым працавала памянёная камісія з удзелам Пабеданосцава, Саблера і Каяловіча; у Пецярбурзе зьявіліся нарэшце ў друку «запіскі» Муравьёва, якія да таго часу хадзілі па руках у рукапісным выглядзе; у Вільні было адноўлена генэрал-губарнатарства на чале з «вполне русским» ген. Троцкім; на ген.-губ. пляцы ў тэй-жа Вільні быў з вялікай помпай пастаўлены помнік Муравьёву, заложаны і «мураўёўскі музэй» — «фабрыка отечественных патриотов»,— як сказаў адзін з сучасьнікаў, і г. д., і г. д.

«Пастаноўка помніка Муравьёва,— расказвае А. Жыркевіч,— адкрыцьцё ў Вільні музэю яго імя — падзеі, якія хутка адбыліся адна за другой і паднялі здання было ўжо ў архіў гістарычныя справы. Выходзіла, што, перажыўшы ў краі эпоху розных хістаньняў, непаразуменьняў і зьмен, мы ўсё-ж такі мімаволі апынуліся ля ранейшай крыніцы, г. зн. ля асноў дзяржаўнае політыкі Муравьёва».

«У Вільні ў сувязі з усімі гэтымі падзеямі.— пераказвае ён далей,— адчуліся ў паветры новыя павевы. Канцылярыі прачнуліся і замітусіліся... Гэта былі добрыя, радасныя хвіліны для нас, рускіх,— віленскіх старажылаў»[2].

На Беларусі, здавалася, варочаўся знаёмы мураўёўскі рэжым, усюды зноў «пашла мода на Муравьёва».

Аднак надзеям «западно-руссов» і на гэты раз ня суджана было спраўдзіцца. Радасны настрой іх быў дачасны, яны мусілі яшчэ перажыць цяжкі пэрыод расчараваньня. Іх самаахвярная адданасьць Маскве, запал, з Якім яны жадалі рынуцца на змаганьне з «пальшчызнай», на абарону свайго ідэалу, не знайшлі патрэбнага прызнаньня з боку «вялікае Расіі». Праўда, новы пэрыод ня быў «патапаўшчынай», розьніца з 70-мі гадамі была значная, але патрэбнага задаваленьня не дала і новая эпоха.

Кіраўнікі «западно-русской» партыі добра зразумелі, што для таго, каб залажыць сабе на Беларусі моцны фундамэнт, трэба забясьпечыць за сабой школу. Ранейшыя пакаленьні, выхаваныя ў пераходных настроях 50-70-х гадоў і часта звьвязаныя асабістым жыцьцём з палякамі і польскай культурай, ня страціўшы сваіх мясцовых «вуніяцкіх» колераў, што грунтоўна адрозьнівалі іх ад Масквы і ўсяго расійскага, гэтыя пакаленьні былі ня зусім прыдатны для ролі «обрусителей» Беларусі. Новае, маладое пакаленьне трэба было перш за ўсё прапусьціць праз расійскую школу, даць ёй расійскую асьвету, увесьці яе ў курс расійскіх культурных інтарэсаў. Пры гэтых умовах калі-б мясцовае жыцьцё на Беларусі і намінала ў польскі бок, рэакцыя «западно-руссизма» была-б больш узброенай і моцнай.

У сувязі з гэтым галоўная ўвага «западно-руссов», пачынаючы з другога паўстаньня, была накіраваная на школу. Народная школа і настаўніцкая сэмінарыя — вось што было надзеяй «западно-руссизма» і куды былі скіраваны яго галоўныя намаганьні. Тут пад уплывам спрытных настаўнікаў-вялікарусаў павінна была выхоўвацца моладзь, якой належаў «заўтрашні дзень». Асабліва важнымі для гэтай мэты былі настаўніцкія сэмінарыі і інстытуты — сапраўдныя кузьні «западно-руссизма».

Аднак правільна задуманы плян не заўсёды быў дасягнуты. Моладзь заўсёды заставалася моладзьдзю і, ня гледзячы на спэцыфічны характар сэмінарскае асьветы, на спэцыяльна падабраны кадр настаўнікаў і закрыты характар саміх устаноў, з настаўніцкіх сэмінарый і інстытутаў вельмі часта выходзілі людзі опозыцыйна настроеныя супроць існуючага ладу. Ня гледзячы на ўзмоцненую апеку і пропаганду, у сэмінарыі трапляла нелегальная літаратура, пасярод моладзі распаўсюджваліся вольныя «народніцкія» настроі, і яна сама, блізкая жыцьцём і работаю да простага сялянскага люду, вельмі чула іх прымала. Мы кажам у даным выпадку не аб масе — маса, канчаючы старую настаўніцкую сэмінарыю, выходзіла адтуль патэнтаванымі русіфікатарамі, мы кажам аб тых адзінках народнай сялянскай інтэлігенцыі, у якіх чыноўнічы рэжым не забіваў жывой душы і якія пасьля сэмінарыі ня цураліся «мужыцкіх» інтарэсаў. Ласьне з гэтых шэрагаў выходзілі народныя настаўнікі на Беларусі, адданыя ідэі служэньня роднаму краю не на казённы капыл, а пасвойму,— тыя, сярод якіх знайшла сабе прыхільнікаў ідэя нацыянальна-культурнага і політычнага адраджэньня Беларусі.

Разьвіцьцю краёвых настрояў сярод моладзі спрыяла таксама і другая акалічнасьць. Каб давесьці, што Беларусь не зьяўляецца польскім краем, а «русским», ужо Корнілов у якасьці папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі, а за ім і ўсе кіраўнікі сэмінарый выкарыстоўвалі сэмінарскую моладзь для зьбіраньня розных гістарычных матэрыялаў аб Беларусі, заахвочвалі яе да зьбіраньня беларускага фольклёру, запісу песень, звычаяў, разбору даўнейшых актаў і г. д. Усе гэтыя зборы павінны былі даводзіць ісьціну, што Польшча ня мае ніякіх праў на Беларусь, што тут заўсёды, з самых даўнейшых часоў, панавала ня польская, а руская культура. Думка гэтая была слушная — удзел сэмінарыстаў у падобнага роду працах быў найлепшай школай выхаваньня іх у няпольскім духу. Але ў гэтым была і небясьпека: вельмі часта здаралася, што, захопленыя вывучэньнем мінулага і сучаснага сваёй бацькаўшчыны, сэмінарыстыя пераходзілі дазволеную мяжу і пачыналі разумець, што калі тутэйшы край ня ёсьць Польшча, дык не надобен ён і да Расіі.

Цікава, што падобны настрой выхоўвалі ў беларускай моладзі самі «западно-руссы», і ў гэтым сэнсе нават гістарычныя экскурсіі і раскопкі Каяловіча з яго ўсхваленьнем «Западной России» рабілі сваю справу. «Западно-русский» патрыотызм быў патрыотызмам мясцовым «усходняй орыентацыі», і калі на хвілю гэтая тэорытычная, па сутнасьці, орыентацыя адымалася, ён рабіўся нічым іншым, як тыжжа сэпаратызмам. Гэтае ператварэньне было вельмі цікавым, і акурат у 80-90-я гады, калі маладыя кадры беларускае інтэлігенцыі праходзілі вышэйшую школу, яно пачало кідацца ў вочы: побач з масай русіфікатараў, якія выкідалі са сваіх сьценак настаўніцкія сэмінарыі і інстытуты, адтуль пачалі выходзіць зусім сьвядомыя прыхільнікі нацыянальна-рэволюцыйнае беларускае справы. Усё залежала ад таго, як хто чытаў «западно-русские» творы і як хто рэагаваў на выхваляньне «западно-русских» асаблівасьцяй тутэйшага краю. Той, каму была знаёмая Расія, хто чакаў ад яе карысьці ў сваёй кар’еры,— той і чытаў іх па «западно-русски». Той-жа, хто Расіі ня ведаў і нічога для сябе ад яе не чакаў, той прапускаў бяз увагі патрэбу свайго аб’яднаньня з ёй, на месца слоў «Западная Расія» ставіў больш зразумелае для сябе «Беларусь» і больш зьвяртаў увагі на довады яе гістарычнай і нацыянальнай самастойнасьці, чым на довады еднасьці з Расіяй. Шмат каму з сэмінарскай моладзі імпонавалі ласьне гэтыя беларускія мотывы.

Хто быў усе гэтыя Міхайлы Мушыцы, Іваны Катовічы, Сямёны Зенькі, Міколы Васілевічы, Маркі Гмызы, Аўсюкі, Маркевічы, Будзіловічы, Дударэвічы, Богушы і г. д.— усе гэтыя вучні Маладэчанскай, Полацкай, Сьвіслацкай, Нясьвіскай і іншых сэмінарый, якіх панове Гільтэбрандты, Куліны, Забеліны і ім падобныя прадстаўнікі «общерусской» культуры з 60-х гадоў імкнуліся зацягнуць у лягер абаронцаў «вялікай Расіі» супроць Польшчы і якіх запрашалі да зьбіраньня слоўных, гістарычных і этнографічных багацьцяў Беларусі[3]? Усе яны былі сялянскімі дзяцьмі — тэй напоўсялянскай інтэлігенцыяй, якая не адарвалася яшчэ ад вясковага кораня і якая толькі пачынала праз расійскую навуку набліжацца да дэнацыяналізаванага беларускага гораду. Пераважная большасць іх праз год 10-20 зрабілася адданымі служкамі казённай русіфікатарскай школы і паслухмяным матэрыялам паліцэйскага рэжыму. Яны займалі месцы сярэдняга служачага на Беларусі — пачынаючы ад «учителя народной школы», валаснога пісара і канчаючы дробным чыноўнікам у казённай палаце, на пошце, на чыгунцы. Але частка іх, ня трэба лічыць, што зусім малая, песьціла ў сваім сумленьні лепшае насеньне народніцкае эпохі, складала глухую, а часам і актыўную опозыцыю паліцэйскай дзяржаве і, задумваючыся над істотнымі пытаньнямі свайго мясцовага жыцьця, зьяўлялася тымі кадрамі, на якіх вырастаў беларускі нацыянальнарэволюцыйны рух канца XIX ст.

«Чытаў я ці мала старых папер па дзьвесьце, па трыста год таму пісаных у нашай зямлі і пісаных нашай мовай чысьцюсенькай, як-бы вот цяпер пісалася»,— расказвае Багушэвіч у прадмове да першага зборніка сваіх вершаў «Дудкі беларускай». Які быў сэнс гэтага зваро «Виленские Вестники», Вильна, 1867, з прадмовай Гільтэбрандта. ту? А той, каб спасыланьнем на «старыя паперы» ўзбудзіць у сваім чытачу пашану да роднага слова, каб з’агітаваць яго «не забываць роднай мовы, якая ня горшая за францускую або якую іншую». Нявінныя старадаўнія акты абярталіся ў яго, як бачым, у адзін з паважнейшых аргумэнтаў на карысьць культурнага адраджэньня Беларусі.

Людзей, якія ішлі дарогай Багушэвіча, у разгляданую намі эпоху было даволі. Аб шмат якіх зьявішчах на гэтым шляху мы нават зусім ня ведаем з прычыны слабой распрацаванасьці нашае культурнае гісторыі.

«Нездаволенасьць рэжымам,— кажа ў сваіх успамінах адзін з сучасьнікаў тае эпохі[4],— агульнае раздражэньне ад абрусеньня і яго форм, якія мелі ўсе адзнакі прыдушэньня вольнай народнай думкі, выражалася ў протэстах на закрытых навучальных установах: у Менскай духоўнай сэмінарыі, настаўніцкіх сэмінарыях, у Віленскім настаўніцкім інстытуце. У Віленскім інстытуце ўсе выхаванцы яго мелі магчымасьць карыстацца архівамі ў вялізнай публічнай бібліотэцы, а таксама ў музэі. Настаўніцкі пэрсонал інстытуту ўваходзіў у «Комиссию по разбору древних актов». Выхаванцы яго таксама прымалі ўдзел у абсьледваньні і аглядах гістарычных дакумэнтаў. Такім чынам, ім, беларусам, зусім ясным рабілася законнае гістарычнае права Беларусі і на Смаленск, і на Вяліж, і на Невель, і на Сураж, і на Аўгустоў, ня лічачы чатырох беларускіх губэрань... Яны бачылі, што Францыск Скарына — першы друкар беларускі і славянскі для ўсёй Русі — распачаў друкарскую справу ў Вільні. Вось адкуль пашоў культурны друк... І вось акт за актам, грамата за граматай слухачы інстытуту бачаць, што беларуская мова зьяўлялася абавязковай у старой «Літоўскай» дзяржаве, у тым ліку для віленскага ваяводзтва... Навуковыя досьледы Сапунова і Карскага ўзмацняюць сьвядомасьць існаваньня беларускае самастойнае культуры і вымагаюць вывучэньня помнікаў мінулага... Пры наяўнасьці розных красамоўных дакумэнтаў сыном беларускае вёскі яшчэ даражэй рабілася родная простая мова, і ў Віленскім настаўніцкім інстытуце ўжо з сярэдзіны 80-х гадоў у штодзённым жыцьці ўжываецца беларуская мова. На гэтай мове запісваецца шмат народных песень, казак, баек, былін. Гэтая народная літаратура з году ў год папаўнялася нанава паступаючымі з усіх канцоў беларусамі. Вёска пачала даваць і сваіх літаратурных самародкаў. Некаторыя выхаванцы інстытуту прымаюць удзел у організацыі «воскресных школ» (напрыклад, у Навагрудзкім прадмесьці) і ўваходзяць патаемна ў рабочыя асоцыяцыі».

Малюнак, паданы тут, зусім адпавядае сапраўднасьці. Сэмінарская моладзь мімаволі цікавілася беларускім пытаньнем і асабліва тым, што было забаронена,— організаваным беларускім рухам[5]. Па сэмінарыях, у тым ліку і ў Віленскім настаўніцкім інстытуце, справа ня спынялася ў межах плятомічна-гістарычных. «Самое жыцьцё вёскі,— расказвае той самы сучасьнік,— праз яе інтэлігенцыю і студэнтаў, сваёй грамадзкасьцю пачынае даводзіць, што ёсьць, апрача польскага і расійскага пытаньня (на Беларусі), і беларуская плынь — чыста нацыянальная, якая мае сваёй крыніцай усю вёску. Як ня глушыла вышэйшае пэдагагічнае начальства віленскае акругі гэтую плынь беларускае думкі — яно нічога не магло зрабіць». І аўтар апавядае аб адным вартым увагі гісторыка выпадку ў інстытуце.

Сярод інстытуцкай моладзі ў гэты пэрыод залажыўся беларускі гурток. На чале гуртка стаялі слухачы Мамовіч і Апенчанка, якія гуртавалі вакол сябе знаёмых і мелі (рукапісную) беларускую літаратуру. Гэта было пры дырэктары Крачкоўскім і губэрнатары Коханове. Спачатку, калі гурток быў адкрыты, справа скончылася яго разгонам, арыштам літаратуры, звальненьнем ад службы і пераводам у Ташкент дырэктара Крачкоўскага «за излишний либерализм». Губэрнатар Коханов данёс аб усім у Пецярбург, прадставіўшы гэтую гісторыю як праяву «пальшчызны». Пры яго наступніку Дураве справа накіравалася ў горшы бок: пасьля таго, як было даведзена, што гурткі слухачоў ня спыняюцца, інстытуцкая ўлада, з затым і пэліцыя пачала перасьледваць Мамовіча і Апенчанку як правадыроў і выключылі іх са складу інстытуту. Скончылася ўся гэта гісторыя тым, што аднае ночы абодва яны былі арыштаваны і па найвышэйшаму павяленню бяз суду і сьледзтва адданы ў дысцыплінарны батальён на тры гады кожны[6].

Так, пад крылом «западно-руссизма» і пад пільным даглядам паліцэйскае ўлады вырастала маладое пакаленьне, настроенае ў зусім адваротным, чым гэта было пажадана начальству, кірунку. У гэтыхжа ўмовах опозыцыі існуючаму рэжыму і водгукаў перажытае народніцкае пары вырасталі на Беларусі Ян Няслухоўскі, Слупскі, Гурыновіч і інш. пачынальнікі беларускае нацыянальнае сьвядомасьці. Да гэтае-ж пары належыць і пачатак навуковае дзейнасьці М. ДоўнарЗапольскага, які прыходзіў да справы з боку Украіны і, захоплены вогневым заклікам Шэўчэнкі

«І оживэ добра слава,
Слава Украінца,—

з свайго боку клікаў беларусаў да культурнага адраджэньня[7].

Ва ўсіх апісаных зьявішчах «западно-русензм» ня мог знаходзіць сабе ўцехі. Рост «беларускага сэпаратызму» быў фактам незалежна ад пашырэньня русіфікацыі Беларусі, і гэта было прычынай таго, што «западно-руссы» не адчувалі патрэбнага ўнутранога задаваленьня. Выходзіла, што славянафільства, якое гэтак настойна ўгрунтоўваў Каяловіч як адзіны магчымы сьветагляд для беларуса, не даходзіць да яго сэрца, што яно не зьяўляецца для Беларусі панацэяй ад усіх яе бядот і што край шукае іншых шляхоў сваёй будучыні, апрача тых. якія былі паказаны «западно-руссизмом».

Была і другая прычына расьцярушанасьці і незадаволенасьці «западно-руссов». Палягала яна ўжо ня ў сфэры адносін іх да Беларусі, а ў сфэры адносін да Расіі.

Пашырэньне расійскага капіталу і расійскае культуры на Беларусі выклікала тое, што царскаму ўраду спатрэбілася армія паслухмяных і адданых яму чыноўнікаў. У 80-90-х гадох Беларусь у гэтым сэнсе становіцца зноў арэнай «барацьбы за месцы», як гэта было ў часы Муравьёва. І вось, таксама як і тады, з «западно-руссами» здарыўся конфуз. Яны хацелі бачыць сябе разам з Расіяй, хацелі шчыра аддацца адноўленай барацьбе з палякамі і полёнізмам. Падобнае жаданьне было з іхнага боку зусім натуральным і ў сваю чаргу сустракалася пецярбурскай уладай прыхільна. Але побач з гэтым, таксама як і за Муравьёвым, «западно-руссизм» на Беларусі хацеў углядаць у сваім твары тую партыю, якой ў мясцовых, г. зн. беларускіх і беларуска-польскіх, справах павінна была належаць першая скрыпка. Першае месца павінна было ён належаць і пры займаньні ўсіх пасад на Беларусі. Вось на гэтае апошняе патрабаваньне «западно-руссизма» саноўны Пецярбург ані не згаджаўся. Тое, што «западно-русс» маліўся на маскоўскія сьвятыні і не адлучаў сябе ад агульна-расійскай культуры, было добра, але гэта не азначала яго права на матэрыяльныя выгоды. Улада расійскага царызму канца XIX в. была настолькі-ж клясавай, як і ў папярэднія эпохі. Расійскае дваранства і цяпер заставалася пануючым станам у дзяржаве і ні з кім не хацела дзяліцца сваімі прэрогатывамі, нават калі гутарка ішла аб' параўнаўча невялікіх справах, г. ё. аб заняцьці службовых пасад. Вось чаму, калі паўставала пытаньне аб тым, каго прызначыць на Беларусь, каму аддаць «предпочтение»— расійскаму двараніну ці «западно-русскому» інтэлігенту,— спрэчкі быць не магло: апошні павінен быў бясспрэчна ўступаць месца першаму. У гэтым быў трагізм «западно-руссизма», выкліканы яго розначыннай, дробна-буржуазной клясавай істотай. Таксама як і пры Муравьёве, кіраўнікі расійскае політыкі не маглі даручыць лёсы краю «западно-руссам», якія хоць і былі шчырымі служкамі вялікадзяржаўнае расійскае нацыі, але самі ні па паходжаньні, ні па выхаваньні да гэтае нацыі не належалі. Пры новай «модзе на Муравьёва» стары погляд на «западно-руссов» застаўся ў гэтым сэнсе да сьмешнага аднолькавым. Як і пасьля паўстаньня, так і цяпер, пры канцы веку, «западно-руссы» былі ў вачох Пецярбургу падазроным элемэнтам, ад якіх «пахне вуніяй», якія не адсталі ад полёнізму і гутараць ня чыста парасійску.

Вельмі паказальным у гэтым сэнсе было выступленьне ў 1887 годзе ўплывовага публіцыстага «Нового Времени» В. Соловьева. У гэтым выступленьні нанава проектуюцца мерапрыемствы па «обрусении» Беларусі на манер Муравьёва, асабліва таму, што палякі зноў «паднялі галаву»[8].

«Калі-б,— кажа Б. Соловьев,— прывесьці цяпер,— пры канцы 80-х гадоў у Заходні край якога-небудзь недальнавіднага рэвізора, ён палічыў-бы, што край значна абрусеў, перарадзіўся. Але ў рэчаіснасьці да гэтага яшчэ вельмі далёка. Сапраўды, якое значэньне, напрыклад, можна надаваць гутаркам абываталяў Заходняга краю на расійскай мове, калі гэтыя абываталі пасьля 20 гадоў ужываньня яе адразу, як толькі вышаў дазвол, зноў загутарылі ва ўсіх грамадзкіх мясцох папольску. Іншыя меры да «обрусения» краю, хоць і правільныя па сутнасьці, праводзіліся неналежна строга і таму не дасягалі мэты. Прызначэньне расійскіх чыноўнікаў у Заходнім краі абмежавалася толькі вышэйшымі пасадамі, ніжэншыя-ж і сярэднія засталіся за мясцовымі абываталямі. У галіне прымусовага продажу маёнткаў знайшліся людзі з чыноўнікаў праваслаўнае веры, але мясцовыя ўраджэнцы, з прозьвішчамі на «іч», якія абраблялі свае гэшэфты і, карыстаючыся правамі праваслаўя, але ў глыбіні душы спачуваючы палякам, гатовы былі служыць іхным інтарэсам. Аб расійскіх прыходцах варта сказаць, што яны, пераехаўшы ў Заходні край, адчулі рэзкую перамену, нібы трапілі з Азіі ў Эўропу, і хутка гэта выявілі: забыліся на ўсё добрае расійскае і набраліся звычаяў заходніх. Істыя расійскія памешчыкі ў большасці выпадкаў аказаліся пастолькі няўстойлівымі ў сваім народным характары, што, нічога «не насадив», клапаціліся толькі аб аднэй нажыве. Усе гэтыя тамбоўскія, цьвярскія, арлоўскія Іваны Іванавічы і Пётры Пятровічы пазабыліся на сваіх расійскіх пісьменьнікаў і паўтараюць за панамі, якія разважаюць аб Міцкевічах, Крашэўскіх, Сыракомлях».

Дрэнна і з праваслаўем. «Ад аднаго павялічэньня праваслаўных цэркваў праваслаўе не ўзмацнілася — для гэтага ня зроблена было нічога. Пачаць з таго, што праваслаўе ня можа праводзіцца ў жыцьцё сьвяшчэньнікамі з мясцовых ураджэнцаў, бо мясцовае духавенства ў значнай ступені полёнізавана»...

«Застаецца пагаварыць аб народных школах. Школ гэтых у заходніх губэрнях больш, чым у расійскіх. Апрача таго, ёсьць значны лік настаўніцкіх сэмінарый. Здавалася-б дзеля гэтага, што навучальная справа магла дапамагаць посьпехам абрусеньня, але і тут мы далёкія ад пастаўленай мэты. Прыслухайцеся да мясцовай мовы, на якой размаўляюць гадунцы мясцовых народных школ і нават гімназіі, і вы будзеце зьдзіўлены асаблівасьцю націскаў — спалучэньнем (согласованием) слоў і тэрмінолёгіі: усё аддае польшчызнай. І зразумела чаму. Як у народных школах, так і ў гімназіях настаўнікі і настаўніцы — мясцовыя ўраджэнцы. Тут часта можна сустрэць ня толькі вучня народнае школы, але і гімназіі, які піша «трапка» замест «тряпка», «дряка» замест «драка» і г. д., і не па апісцы або памылцы, а таму, што так кажуць і пішуць усе тутэйшыя... Скончыўшы народную школу, вучні, як і раней, называюць тройцын дзень — зялёным сьвятам, усьпеньне — першай прачыстай і т. п. Месцы для народных школ выбраны няўдала. Яны не па вёсках або сёлах, а пераважна па мястэчках, сярод яўрэяў, мяшчанства і шляхты. Мала ўвагі аддаецца абрусеньню шматлікае і моцнае клясы сялянства, якое зьяўляецца больш адпаведным і больш успрымаючым грунтам»...

Але шмат што яшчэ ня позна паправіць. Пажадана, каб асновы абрусеньня былі праведзены бяз жадных адхіленьняў. Трэба, каб і сярэднія пасады замяшчаліся асобамі чыста расійскага паходжаньня, праваслаўнага веравызнаньня, нежанатымі на польках. Пажадана, каб прыежджыя расійскія чыны не зрасталіся з мясцовасьцю, не абярталіся ў памешчыкаў, прасякнутых выключна мясцовымі інтарэсамі. Служба кожнага расійца ў заходніх губэрнях павінна быць абмежавана сямю, васьмю, найбольш дзесяцю гадамі. Сьвяшчэньнікі, дзякі, настаўнікі гімназій ды іншых устаноў павінны быць прызначаны з ураджэнцаў унутраных губэрань, чыста расійскага паходжаньня. Стыль цэркваў павінен быць расійскі і прыгожы. Азнаямленьню мясцовага насельніцтва з правільнай, чыстай расійскай мовай мог-бы дапамагаць расійскі тэатр, які тут прагарае і якому ўрад павінен адпускаць сродкі; наогул патрэбна, каб політыка наша ў стасунку да Заходняга краю была сталай, трывалай, бо Заходні край — гэта арэна, на якой адбываецца барацьба за беларусаў паміж палякамі і расійцамі, і пераможцам з гэтае барацьбы выйдзе той. хто з матэрыяльнай сілай аб’яднае трываласьць у прынцыпах».

Пад «матар’яльнай сілай», аб якой кажа тут Соловьёв, павінна разумець сілу расійскага капіталу на заходніх абшарах, гэтая сіла павінна была быць падмацавана адпаведным «культурным аргумэнтам» — напорам расійскае культуры на Беларусь. У гэтым быў сэнс праграмнага выступленьня «Нового Времени».

Урадавы Пецярбург цалкам згаджаўся з салаўёўскай пастаноўкай справы: «мясцовым ураджэнцам» было забаронена займаць пасады (перш за ўсё па міністэрству асьветы) вышэй V клясы, а па службе праваслаўнага веравызнаньня — вышэй сьвяшчэньніка. Было прынята за правіла — усіх канчаючых духоўныя сэмінарыі на Беларусі пасылаць на прыходы не ў Беларусі, а ў цэнтральныя расійскія губэрні. Стары Каяловіч расказваў у «Епархіяльных Ведамасьцях» аб гэтым цікавыя рэчы: «Цяпер,— пісаў ён (1881-82 г.),— у Заходняй Расіі няма ніводнага архірэя з мясцовых ураджэнцаў. Цяпер у Заходняй Расіі ўсе архіпастыры з унутраных губэрань. Прызначэньне ў Заходнюю Расію кожнага з гэтых архіярэяў выклікае просьбы аб службе з боку іхных родных, землякоў. Няма жыцьця ад гэтых просьбаў. Некаторыя выклікаюць сюды сваіх землякоў па прынцыпу, каб больш пасьпяхова русіфікаваць гэты край. Добрыя людзі сярод іх трапляюцца адзінкамі. Большасьць — «искатели счастья». Наадварот, «западно-руссы», якія канчаюць духоўныя акадэміі, бадзяюцца па ўсёй Расіі. Я асабіста могбы скласьці вельмі значны сьпісак маіх студэнтаў, «западно-руссов», якім я дапамагаў рыхтавацца да служэньня на бацькаўшчыне і якія раскідаліся па гэткіх мясцох, дзе не маглі знайсьці магчымасьці ўжыць свае «западно-русские» веды,— у Ніжні-Ноўгарад, Астрахань, Кішанёў.

Быў нават гэткі надзвычайны выпадак, што адзін мой былы студэнт, які шмат са мной працаваў па гісторыі Заходняй Расіі і які быў закінуты па сканчэньні ў Іркуцк, прабраўся на службу ў Заходнюю Расію праз Заходнюю Эўропу — Лёндон і Парыж, прабраўся пры дапамозе купцоў»[9].

Становішча «западно-руссов» было пры гэткіх умовах проста жалю годнае. Яны ўсёй душой хацелі быць «русскими», ад усяго сэрца жадалі быць карыснымі «вялікай Расіі», а яна, гэтая «богаслаўная Расія», вуснамі стопроцантных вялікарусаў — Соловьёвых паварочвалася да іх задам і з дзіўнай упартасьцю адпіхала ад сябе. Ад такога афронту трацілі гонар нават самыя заслужоныя «западно-руссы». Нават Каяловіч і той. ня гледзячы на сваё высокае і адказнае становішча ў Пецярбурзе, траціў прытомнасьць ад падобных програм, «Жыцьця мне няма ад «Нового Времени», зноў агіднасьць аб Заходняй Расіі,— пісаў ён рэдактару «Нового Времени» Суворыну ў сувязі з артыкулам Соловьёва,— падумайце, Аляксандр Сяргеевіч, што выйшла-б у Заходняй Расіі, каб тэорыя Соловьёва — абярнуць там адных рускіх у качоўнае палажэньне, а ў другіх адняць нават права на расійскае і праваслаўнае існаваньне — была-б там усюды зьдзейсьнена? Ды вышла-б тое, што ніводзін сумленны чалавек не паехаў-бы туды на службу, а «западно-руссы»— беларусы і з імі літвіны гатовы былі-б аддацца ня толькі немцам або палякам, а самому чорту. Ці можна абыяк ставіцца да гэткай тэорыі, асабліва калі вядома, што гэткай тэорыі трымаецца ўжо нямала расійскіх людзей. Ці вядома вам, што новыя ўрадавыя грашовыя падтрымкі (поощрения) чыноўнікам, якія паступаюць на службу ў заходнія губэрні, ужо выклікаюць паміж імі вялікую грызьню, бо шмат каму з іх пажадана мець як найбольш у гэтым краі вакансій для сваіх сваякоў, знаёмых і блізкіх і таму як мага часьцей вытурваць мясцовых ураджэнцаў. Пецярбурскі друк чорт ведае куды зайшоў, і па справах Заходняй Расіі ўсе дурэюць, нават і вашая газэта».

Справа тут была, канечна, ня ў «дарэньні» і не ў асабістых выбрыках «Нового Времени». Салаўёўскі пункт погляду на Беларусь прапаведвала ня толькі суворынская газэта — Каяловіч меў рацыю, кажучы, што ў разгляданую эпоху ў стасунку да «западно-руссов» увесь пецярбурскі друк чорт ведае куды зайшоў і што гэтае тэорыі «трымаецца ўжо нямала расійскіх людзей»[10]. Гэтая програма была прынята ўрадам, і ў гэтым ласьне і была чарговая трагедыя «западноруссизма». Усе гэтыя «бацюшкі», вясковыя настаўнікі, валасныя пісары, настаўнікі гімназій і процьма чынавенства «мясцовага пахаджэньня» — усе яны былі для арыстакратычнага, саноўнага Пецярбургу занадта маленькімі клясава чужымі людзьмі. Нават ва ўрачыстых выпадках, калі абставіны вымагалі іх заўважыць і аддаць ім належнае за шчырае жаданьне паслужыць Расіі,— нават і тады іх не заўважалі і абыходзілі як апошні quantite nеgеligable. Адна з такіх абраз апісана ў памянёнага вышэй А. Жыркевіча. Гутарка ідзе аб адчыненьні ў Вільні помніка Муравьёву. Дні гэтыя былі для гораду поўны надзвычайных урачыстасьцяў. Прыбылі прадстаўнікі міністэрстваў, вышэйшы генэралітэт, дыплёматы, родныя Муравьёва, былі дэпутацыі з іншых гарадоў, прадстаўнікі сталічнае прэсы, грандыёзныя вайсковыя парады і г. д. Жыркевіч, цалкам захоплены гэтым «истинно-русским» сьвятам, ня мог, аднак, у сваіх успамінах абмінуць аднаго дробнага, але вельмі «прыкрага» здарэньня. «Пры ўсёй раскошы сьвяткаваньня, пашто таіцца,— кажа ён,— здарыўся факт сумны і непажаданы. Мабыць, у мітусьлівасьці і турботах аб вяльможных госьцях забыліся... на провінцыяльнае праваслаўнае духавенства, на гэтых скромных, няпрыметных, але вялікіх піонэраў «российских начал» у краі. Да дня адкрыцьця помніка зьехалася да Вільні відзіманявідзіма вясковых бацюшак, але іх не пачаставалі ня толькі абедам, а нават шклянкаю гарбаты, на іх проста забыліся. І магу засьведчыць, што вывозілі яны з сучаснае Вільні далёка ня сьветлыя і ўдзячныя ўспаміны. Затое мы, нялічныя выбраныя, добра пасмакавалі ў вайсковым сабраньні, а пасьля ўвечары ў дваранскім клюбе. На вячэры, апрача прамоў, былі нават парсючкі, спэцыяльна выпісаныя з Масквы, ад Тестова. І якія гэта былі парсючкі — белыя, далікатныя, яны раставалі ў роце. Зьнішчаючы сваю порцыю, мімаволі ўспамінаў я вясковых бацюшак, якія разьяжджаліся ў той момант з Вільні, як кажуць, «не солоно хлебавши»[11].

Так «частавала» саноўная дваранская Расія сваіх плебейскіх абаронцаў у сполёнізаванай Беларусі!

Урэшце, была і трэцяя важнейшая прычына марнага становішча ідэолёгаў «западно-руссизма», якая акрасьляла сабой усе іншыя. Ляжала яна ў плашчыні расійска-польскіх адносін па лініі клясавай.

Мы заўважылі вышэй, што польскае шляхецтва канца веку, узяўшы на сябе рэпрэзэнтацыю нацыянальных інтарэсаў Польшчы ў Расійскай імпэрыі, прытрымлівалася ў гэтай рэпрэзэнтацыі ўмеркаваных, лёяльных рамак. Марачы аб замацаваньні свае «моральнае ўлады» ў польскім грамадзтве і жадаючы як мага захаваць свае лятыфундыі — аснову гэтае «моральнае ўлады»,— польскае шляхецтва разам з дэмонстраваньнем сваіх «правоў на Беларусь» і наогул на «ўсходнія крэсы» імкнулася захаваць добрыя адносіны з Расіяй. З расійскім дваранствам ёй, польскай памешчыцкай шляхце, ня было чаго псаваць стасункі; перад абодвымі гэтымі станамі быў адзіны агульны вораг у постаці ўсё больш рэволюцыйнага пролетарыяту і бяднейшага сялянства, з якімі трэба было змагацца агульнымі сіламі як у Варшаве, так і ў Пецярбурзе. Што-ж да правоў на Беларусь і барацьбы за беларускі рынак, дык гэтую справу можна было вырашыць хутчэй лагоднасьцю і прымірэнчай політыкай, чым завостранай фрондай[12].

Расійскае буржуазнае грамадзтва адказвала на гэтую позыцыю Польшчы згодай.

Таксама як рост пролетарскіх сіл Польшчы і барацьба іх з клясаю капіталістых акрасьляў зьмест і кірунак усяго польскага грамадзкага жыцьця, таксама рост расійскага пролетарыяту і завостранае змаганьне яго з клясавай уладай царызму акрасьляў і накіроўваў расійскую політыку. Рабочае пытаньне, якое, паводле слоў аднаго з тагачасных дасьледчыкаў, «вырасла тады як з-пад зямлі»[13], і стыхійны соцыялістычны рух, які ахапіў пры канцы 80-х гадоў і ў 90-х гадох асноўныя кадры рабочых расійскіх фабрык, прымусіў расійскую буржуазію, а з ёю і расійскі ўрад узяць рэзкі курс на рэакцыю і консолідаваць свой фронт незалежна нават ад нацыянальных меркаваньняў. Толькі ў сфэры экономічнай конкурэнцыі расійскага і польскага капіталу ляжала паміж імі лінія падзелу, урэшце адносіны іх былі солідарныя.

Таму-та, калі з Варшавы і Вільні польскі памешчык і польскі капіталісты, прыцішаныя ростам пролетарыяту і бяднейшага сялянства, працягнуў у 80-90-х гадох далонь прымірэньня, расійскі арыстакрат, дваранін і нават лібэральны буржуа паціснуў яе з поўнай сьвядомасьцю. Паціснуў таксама як і ў 70-я гады пры Потапове, праз галаву «западно-руссов». Цікава, што шуканае паразуменьне прымала цяпер выгляд падзелу «сфэры ўплываў» на Беларусі — падзелу беларускага рынку. Гэткую, па праўдзе сказаць, даволі тэорытычную комбінацыю прапанаваў, між іншым, памянёны вышэй С. Южаков — выразьнік тагачаснага буржуазнага лібэралізму, адзін з абаронцаў «лібэральнага» паразуменьня расійскага і польскага капіталу коштам Беларусі.

Даводзячы патрэбу колёнізацыі Беларусі дзеля інтарэсаў расійскае дзяржавы, ён разам з тым даводзіць, што колёнізацыя гэтая, праведзеная адначасова з усходу і з захаду, прывядзе да паразуменьня польскі і расійскі капітал, польскую і расійскую культуру.

«Вялікая пустыня (разумей — Беларусь) зьяўляецца,— кажа Южаков,— краінай вельмі мала культываванай, населенай масай цёмнага народу, жабруючага і амаль выміраючага. Дзе прычыны гэтае незразумелае адсталасьці краю? Ці не вінавата прырода? Але яна мала горшая ад прыроды Маскоўскага і Польскага Палесься і станоўча лепшая прыроды Фінляндыі і нашае поўначы. Ці ня ў расе трэба шукаць тлумачэньня. Але раса — тыя-ж славяне, што культывавалі Польшчу, Малую і Вялікую Русь. Чаму-ж беларусы вышлі няздольнымі?»[14]

Гэтаму прычыніліся, паводле думкі аўтара, фактары соцыяльнаграмадзкага значэньня — тыя польскія лятыфундыі, што пашыраліся на Беларусі з часоў Вял. кн. Літоўскага. «У даным выпадку Беларусь падпала таму самаму злу, якое ў сваім часе згубіла Рымскую імпэрыю (latifundia Romani Perdideril), якое адмоўна адбілася ў Гішпаніі, Рымскай кампаніі, Ірляндыі, пізанскіх і французскіх колёніях і г. д.». Якбы то ні было, Беларусь стаіць на шляху паразуменьня расійцаў з палякамі. «Ізоляванасьць Расіі і Польшчы, падзеленых няжыцьцёвым поясам, перашкаджае іх культурнаму збліжэньню і політычнаму яднаньню. Уплыў добрага суседзтва, дзейных узаемных зносін — адно з найбольш моцных у справе збліжэньня народаў. Літоўскі лес стаіць на шляху гэтага ўплыву. Пінскія балоты падзяляюць суседзяў і перашкаджаюць зносінам. Польшча ведае расійца толькі ў асобе чыноўніка і салдата; Расія ведае Польшчу толькі ў асобе украінскага шляхціца або ссыльнага. Вельмі мала ёсьць пунктаў, дзе інтэлігенцыя складаецца з абедзьвюх народнасьцяй, дзе адначасова чыталася-б расійская і польская літаратура... Звадка польска-расійская, бязумоўна, значна падтрымліваецца існаваньнем экономічна і культурна мёртвае краіны паміж карэнна расійскімі і карэнна польскімі землямі. Культура і цывілізацыя двох народаў, што складаюць адзінае політычнае цэлае, зусім чужыя адна аднэй. Польшча непасрэдна мяжуе з Заходняй Эўропай і адцята ад Расіі мёртвым поясам, Расія прарубіла сабе вакно ў Эўропу, але абодвы народы мяжуюць з Эўропай паасобку і застаюцца непасрэдна падзеленымі. Ці-ж гэта натуральна, што толькі праз Эўропу нашыя культуры хоць крыху яднаюцца на грунце агульнае эўропэйскае цывілізацыі?»

«Пры гэтых умовах,— казаў Южаков,— немагчымачакаць сапраўднага і плённага збліжэньня... І для каго мы хаваем гэтыя запасы вольнае зямлі... Значыцца, колёнізацыя Літвы і Беларусі зьяўляецца канечна патрэбнай у інтарэсах дзяржавы, культуры, народу... Яна паставіць твар у твар расійскае і польскае племя, наблізіць іх, аб’яднае ў культурным і політычным сэнсе. Няхай польскае сялянства, якое церпіць ад малазямельля на бацькаўшчыне, расьсяляецца на ўсход, у межы Літвы; няхай вялікарускія сяляне, якія церпяць ад тэй самай прычыны, засяляюць Беларусь. Няхай на берагох Заходняга Бугу, Нёману і Прыпяці сустрэнуцца непасрэдна народы расійскі і польскі, а не адны польскія паны і расійскія чыноўнікі».

Выступленьне Южакова, таксама як і выступленьне Соловьева, ня было выпадковым або асабістым. У яго асобе выказвалася опінія ў адносінах да Беларусі тагачаснага буржуазнага расійскага грамадзтва, якое, з аднаго боку, як выразна выказана ў разважаньнях Южакова, ня супроць таго, каб працягнуць руку Польшчы, «ствараючай з Расіяй адно політычнас цэлае» (і толькі, канечна, пры гэтай умове!), і якое, з другога боку, зьняважліва ставілася да Беларусі як да «гнилой окраины».

Пагардлівы стасунак інтэлігентнае расійскае грамадзкасьці да беларусаў выхоўваўся здаўна. Аб «беднасьці» Беларусі, аб пахілым і прыбітым выглядзе яе насельніцтва, са згорбленымі плячыма і запалымі грудзьмі, аб сумным уражаньні ад беларускае вёскі, агульнай забітасьці і заняпаласьці краю — у расійскіх географіях і гісторыях, популярных падручніках і больш спэцыяльных дасьледаваньнях пісалася за ўвесь XIX век нямала[15]. У расійскай літаратуры за ўвесь пэрыод яе існаваньня мы ня сустрэнем ніводнага дадатнага беларускага тыпу. Аб беларусах, за поўнай няцікавасьцю для расійскага чытача, ніхто ня пісаў, а калі пісаў, дык толькі ў гіронічных тонах. Южаков у даным выпадку толькі паўтарыў дурную байку аб беларусах, якая ў расійскай навуцы і літаратуры цягнулася амаль не ад апісаньня падарожжы акадэміка Севергіна. Яго нібы соцыолёгічныя разважаньні былі цалкам угрунтаваны на звычайных чутках і плётках аб Беларусі, але ніяк не на навуковым вывучэньні[16].

Можна зразумець, якое цяжкае ўражаньне рабіла падобная пропаганда на «западно-руссов». Ім, выхаваным у нянавісьці да ўсяго польскага, павінна было здавацца і дзікім, і абразьлівым, як гэта прадстаўнікі расійскага грамадзтва, людзі навукі і літаратуры, глядзяць на Беларусь як на край, які павінен быць адданы на колёнізацыю палякам[17]. Як гэта праз іх галаву Пецярбург працягвае руку Варшаве! Ня было ўцехі і ў тым, што з усходу Беларусь павінна была падпасьці колёнізацыі вялікарусаў, бо пры ўсёй іхнай закаханасьці ў Расію трэба-ж было і самым мець сваё месца пад сонцам. Расійская саноўная арыстакратыя, а разам з ёю і расійская буржуазная інтэлігенцыя ў асобах паноў Южаковых адмаўляла ім у гэтым законным праве і адмаўляла ў ганебны спосаб, лічачы іх няздольнымі да культурнага будаўніцтва, толькі перашкаджаючымі інтарэсам Расіі. Ня дзіва, што з боку «западно-руссов» у адказ на падобныя выступленні раздаваліся галасы, поўныя скаргі і суму, з прычыны таго, што «старшы брат-вялікарус не разумее свайго малодшага брата-беларуса».

У абарону сваю «западно-руссы» прывялі даволі аргумэнтаў. Формуляваны яны былі тады віцебскім гуртком, які складаўся каля Сапунова. Адказаць на выступленьні Южаковых, Соловьёвых і К-о даручылі Стукалічу, які быў здольны да публіцыстыкі. «Са статыстычнымі данымі ў руках давялі мы тады,— расказваў Стукаліч[18],— што як толькі беларусы атрымалі свабоду ад польскае няволі і большменш выстарчальныя надзелы зямлі, на працягу апошняй чвэрці веку выявіўся выключны ўзрост дабрабыту краю і Беларусь ва ўсіх адносінах далёка пакінула за сабой усход, цэнтр і поўдзень Расіі»... Аўтар захоплены Беларусьсю, ён кахае яе ўсім сваім «западно-русским» пачуцьцём і хоча гэтую закаханасьць перадаць «старшаму брату», хоча пераканаць яго ў прыгожасьці беларускае прыроды, у натуральных багацьцях краю, у гістарычнай важнасьці беларускага народу, у яго культурнасьці і сьветлым нацыянальным характары. Ніколі так выразна не выяўляўся мясцовы «западно-русский» патрыотызм, як у даным выпадку, калі яму прыходзілася бараніцца ад свае-ж «пабратымчай Масквы». «Усяго мы тут знойдзем — і гандлёвы зварот кіпіць па чыгунках і рэках Беларусі, і натуральныя багацьці яе — лес, рыба, лен, пянька ды інш. ідуць на сталічныя і загранічныя рынкі; сквапныя вывучэньні мясцовай археолёгіі, гісторыі і этнографіі адкрылі сапраўдную фізіяномію мінулага Беларусі, багатую драматычнымі эпізодамі; гісторыя Беларусі выключная па багацьці матэрыялу для романістых, прырода Беларусі нічым ня ўступае ў прыродзе Швэйцарыі, Італіі, Гішпаніі і Шотляндыі — прыгожыя ляндшафты, лясы і гушчары»... «Такою пекнатою абдарыў гаспод бедную нашую старану,— піша Стукаліч,— што куды ні глянеш, проста на душы сьвятло... Ды ня толькі край, але людзі нашае ціхае, прыгожае Беларусі пачынаюць вабіць да сябе сур’ёзную ўвагу расійскае навукі і расійскага грамадзтва» — і пераказвае аб прыродных здольнасьцях беларускага племя, з якога вышла шмат геніяльных і таленавітых людзей, пачынаючы ад Францыска Скарыны і Сімеона Полацкага і канчаючы Касьцюшкам, Міцкевічам, Спасовічам, Манюшкам і Глінкам. Беларусь багата гісторыкамі, поэтамі, музыкантамі, вайсковымі героямі, якія, не баіцца прызнацца «занадно-русс» Стукаліч, хоць і былі ў большасці польскай культуры і служылі польскай справе, але этнографічная прыналежнасьць якіх да беларускага племя бясспрэчна. Выразам беларускага народнага генія, бароніцца ён далей, зьяўляецца славуты Літоўскі Статут, з якога Аляксей Міхайлавіч сьпісаў сваё расійскае «уложение». «Прыгледзьцеся,— кажа ён,— уважлівей да архітэктуры тутэйшых будынкаў, гмахаў, цэркваў і г. д.— і вы згодзіцеся, што тут ёсьць свой мясцовы мастацкі густ, свой стыль, свой мастацкі настрой. Не, гэткай велічынёй, як Беларусь, нельга негліжаваць»,— канчае Стукаліч сваё выхваленьне Беларусі.

Як бачым, «западно-русская» абарона Беларусі перад Расіяй была такой натхнёнай, усебаковай, што зрабіла-б гонар самаму палкаму нацыяналісту. Абараняўся «западно-русс» прад Расіяй з нямен- шай энэргіяй, як і прад Польшчай. Аднак, як ні стараліся «западноруссы» 80-90-х гадоў пераканаць расійскі бок шанаваць іх і ставіцца з павагай да іх нароўні з вялікарусамі — нічога з гэтага ня выходзіла. Экономіка і барацьба за кавалак хлеба была мацнейшай за поэзію. І як ні стараліся «западно-руссы» выклікаць у «старшым браце» спачуваньне да сябе і прызнаньне свае ролі ў краі — ні спачуваньня, ні прызнаньня яны не атрымалі. Расійская політыка, абапёртая на клясавым інтарэсе вялікарускага дваранства, не пераставала ставіцца падазронай да ўсяго мясцовага і не давала яму ходу. Прынцып Соловьёва, асьвечаны шматгадовай традыцыяй,— ня пускаць беларусаў, хоць-бы і ў «западно-русском» абліччы, на пасады вышэйшыя за сярэднія — быў цьвёрда праведзены ў жыцьцё.

Ня маючы сталага грунту ў соцыяльнай плашчыне і спасылаючыся выключна толькі на сваю «благонадежность» у сэнсе змаганьня з «пальшчызнай», «западно-руссизм» у канцы веку перажываў нявыразнае становішча. Інтэлектуальных сіл у яго ў гэты час было даволі. Цэльны шэраг мясцовых навуковых работнікаў значна падняў нявысокі раней узровень агульнай «западнорусской» масы. Ідэолёгіяй яе былі прасякнуты ня толькі прыходзкія «бацюшкі» або прыгарадныя праваслаўныя мяшчане, але і этнографы, археолёгі, мясцовыя гісторыкі. Пульс інтэлектуальнага «западно-русского» жыцьця і працы біўся цяпер ня ў Вільні. Ён перайшоў на ўсход, у провінцыяльныя гарады — Віцебск, Полацак, Магілёў. Чым далей на ўсход ад Вільні, тым менш адчувалася тады рука расійскае казённае сыстэмы, з яе варожасьцю да мясцовай творчасьці. У провінцыі па мядзьведжых кутох можна было лягчэй, чым у Вільні, на вачох генэрал-губарнатарскай канцэлярыі, займацца раскопкамі старыны і зьбіраньнем народных песень. Таму-та мы бачым у Віцебску гурток Сапунова; таму-та ў Магілеве, а не ў офіцыйнай Вільні пашыраў сваю працу Раманаў, а на Смаленшчыне складаў свой «Слоўнік» Дабравольскі.

Становішча ўсіх іх было не зайздроснае. Провінцыяльны горад, адсутнасьць бібліотэк і патрэбных навуковых сувязяй, матэрыяльная незабясьпечанасьць і недачуваньне з боку начальства — усё гэта рабіла з тагачасных «западно-русских» культурнікаў людзей далёкіх ад якой-бы то ні было кіраўнічай ролі ў грамадзкім, а тым больш політычным жыцьці Беларусі. Яны і не прэтэндавалі на падобную ролю, яны былі задаволены, калі на іх не зьвярталі ўвагі. «Провінцыяльны горад таго часу.— расказвае Доўнар-Запольскі, характарызуючы Сапунова[19],— станавіў шмат спакус для маладога вучонага, і нялёгка было ўстояць, каб не загразнуць у провінцыяльнай твані. У той час чыноўніку нашага краю, які займаўся навукай ды яшчэ служыў па міністэрству народнае асьветы, пагражала паніжэньне па службе або нават звальненьне. Працаваць пры гэтых умовах ужо зьяўлялася заслугай і нямалай». Сам Сапуноў ня раз скардзіўся на тое-ж самае: яго імкненьні «абудзіць інтарэс мясцовае віцебскае інтэлігенцыі да мінулага і сучаснага становішча Беларусі» дрэнна ўспрымаліся мясцовым грамадзтвам; яго «Витебскую Старину» чыталі вельмі мала, а начальства глядзела на яе коса, ніяк не згаджаючыся, каб падобнага роду работа пісалася без якіх-бы то ні было староньніх «внушений» і тэндэнцый[20].

У падобных-жа варунках жыў і Раманаў, які таксама імкнуўся «абудзіць інтарэс да нашага «западно-русского» народу», да таго «Заходняга краю, у якім захавалася руская народнасьць з яе мовай і праваслаўем і які паслужыў апорай для ўсяе вялікае Расіі». Ня гледзячы на свой патрыотызм, ён таксама, як і Сапуноў, «не знаходзіў у грамадзтве, а тым больш ва ўладзе патрэбнага прызнаньня і патрэбнага падтрыманьня»[21]. У такім-жа становішчы знаходзіўся Нікіфароўскі ды іншыя работнікі.

Паўтараем, значнага грамадзкага, а тым больш політычнага значэньня «западно-руссы» ў разгляданы пэрыод ня мелі дый мець не маглі. Ня гледзячы на ўздым нацыяналістычных настрояў пры Аляксандры ІІІ яны не знайшлі сабе ў 90-х гадох адпаведнага месца, ласьне дзеля сваёй соцыяльнай паміжлегласьці. У гэтым сэнсе Каяловіч моцна памыліўся, калі сказаў, што ў гэты час настала для яго ідэй «великое время» — яно было яшчэ ўперадзе. «Западно-руссизм» пры канцы веку не тварыў акрэсьленай краёвай партыі, не намагаўся яе стварыць. Вонкавае яго выяўленьне на Беларусі ў гэтыя гады было дваістым: з аднаго боку, да яго радоў належала вялізная армія дробных чыноўнікаў-русіфікатараў, якія жылі адзіным жаданьнем захаваць сваю службовую пасаду і не супярэчыць «видам начальства»; з другога боку— нязначны лік гурткоў «западно-русских» культурнікаў у беларускай провінцыі, якія працягвалі традыцыі Каяловіча. Аднак нічога новага ў сэнсе ўгрунтаваньня і ўдасканаленьня ідэй «занаднорусской» тэорыі яны ня прынесьлі. Славянафільства, якое жывіла гэтую тэорыю ў 60-70-х гадох, цяпер адмерла, а разам з ім адмерла, калі можна так сказаць, «душа западно-руссизма». Замест яе засталася афіцыяльная фраза аб «русской народности», якая набірала што год то больш кваснага патрыотызму. Побач з ёй, па закону працівенства, у радох «западно-руссов» усё больш узрастала прыхільнасьць да беларушчыны і вельмі часта за казённым тэрмінам «Западного» або «Северо-Западного края» ў іх працах хавалася назва «Беларусі». Стары паліцэйскі рэжым часта вытвараў падобную мімікрыю.

Дваіснасьць «западно-русских» кадраў у разгляданы пэрыод мела свае аб'ектыўныя вынікі: армія казённых русіфікатараў прычынілася да ўзмоцненай дэнацыяналізацыі Беларусі на карысьць расійскае культуры і замацаваньня Беларусі як расійскае «окраины»; а тыя «западно-русские» культурныя работнікі, што працавалі над вывучэньнем мінулага і сучаснага Беларусі, нагрэблі за свой век ці мала навуковых каштоўнасьцяй. Сучасныя беларускія дасьледчыкі, якім здаралася стыкацца з ацэнкай іхняй ролі ў культурным жыцьці Беларусі, робяць гэтую ацэнку справядліва[22]. Калі параўнаць, чаго было ў дзейнасьці «западпо-русских» культурнікаў больш: служэньня інтарэсам «вялікае Расіі» ці служэньня мясцовым беларускім інтарэсам — дык цяжка адказаць, чаго сапраўды было больш. Суб’ектыўна яны мо’ нават і не хацелі служыць мэтам русіфікацыі Беларусі. Займаючыся вывучэньнем гэтае краіны, яны настолькі любілі ўсе яе нацыянальныя, або, як тады казалі, «народныя», асаблівасьці, што шчыра шкадавалі і сумавалі аб іх зьнікненьні. У гэтым сэнсе роля іх, як зьбіральнікаў і захавальнікаў беларускасьці была дадатнай. Аднак об’ектыўна «западно-руссизм» усіх гэтых культурнікаў меў вельмі адмоўнае значэньне. Хацелі яны гэтага ці не хацелі, але яны былі такі ідэолёгічнай верхавінай усёй русіфікатарскай грамады, на іх яна спасылалася як на свой першаступянёвы аўтарытэт. Калі яны самі і ня ставілі часам выразна патрэбу русіфікацыі Беларусі і пазбаўленьне яе нацыянальных адзнак, дык гэтую мэту ставіла за іх жыцьцё. Лёгіка фактаў замяняла ў даным выпадку занадта прынцыповую неакрэсьленасьць. Калі-ж прынцыповая неакрэсьленасьць у справе культурнага адраджэньня Беларусі сужывалася ў «западно-руссов» з выразнай рэакцыйнай лініяй, чаго ім звычайна не бракавала, дык адмоўнае значэньне іх для нацыянальна-культурнага развою Беларусі рабілася асабліва рэзкім.

  1. Ліст М. Каяловіча да І. Корнілава ад 5 сакавіка 1887 г. (у Рус. аддз. Ленінградзкай Публ. бібліотэкі).
  2. «Историч. Вестник», 1902, ноябрь, т. 89. А. Жыркевіч «Свежо предание, а верится с трудом», стар. 740.
  3. Гл. пералік супрацоўнікаў: «Сборники памятников народного творчсства в Сев.-Западном крае». Губ. ред. «Виленские Вестники», Вильна, 1867, з прадмовай Гільтэбрандта.
  4. Мы карыстаем тут з успамінаў Н. Бантыша: «Старая Вільна» 1884-1906 г. г., што знаходзяцца ў рукапісу ў портфэлі рэдакцыі час.«Полымя».
  5. Між іншым, бацька нашага поэты М. Багдановіча — Адам Багдановіч прайшоў гэтую-ж самую школу. Як відаць з яго ўласных аўтобіографічных нататак, што захоўваюцца ў Бел. Акадэміі Навук, ён скончыў сваю асьвету ў «сялянскім унівэрсытэце» — Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі. У бытнасьць сваю слухачом яе ён прымаў удзел у нелегальных гуртаваньнях з народавольніцкім ухілам (1880-1882 г.г.), а затым пасьля сэмінарыі быў членам «Народнае волі» і працаваў сярод народных настаўнікаў і сялян. Тады-ж ён пачаў захапляцца этнаграфічнымі досьледамі, якія стварылі ў яго сям'і атмосфэру, сярод якой і вырас яго сын-поэта. Асоба А. Багдановіча — адзін з яскравых прыкладаў нашага цьверджаньня аб перарастаньні «зап.-русского» этнографізму ў сэмінарыях у нацыянальны рух.
  6. Н. Бантыш «Старая Вільня». Сукосны довад праўдзівасьці апісанага здарэньня знаходзім у тым, што Ю. Крачкоўскі — вядомы «западно-русс», выхаванец Маладэчанскай сэмінарыі, вучань М. Каяловіча і аўтар выдатнай працы — «Очерки униатской церкви» (надрукавана ў «Чтениях общ. истории и древностей российских», за 1871 і 1876 гг.) — быў зволены ў 1884 г. з пасады дырэктара Віленскага настаўніцкага інстытуту і пераведзены на месца дырэктара Туркестанскай настаўніцкай сэмінарыі... У біографічным нарысе аб Крачкоўскім (гл. «Отчет Виленскай Публичной библиотеки и музея» за 1903 г., стар. 26, приложения) гэтая «внезапная перемена» тлумачыцца тым, то ён быў «страстный любитель природы и им подчас овладевало сильное желание попутешествовать» (Sic!). Факт непарадкаў у Віленскім інстытуце пацьвярджаецца, апрача таго, паданым вышэй лістом Каяловіча да Карнілава, дзе ён акурат у 1884 годзе гаворыць аб «арыштах сярод беларускай моладзі».
  7. Гл. Довнар-Запольскпй «Исследования и статьи», 1909, стар. 315.
  8. «Новое Время», 1887, № 3912 — «Обрусение Западного края» Б. Соловьева.
  9. «Минские Еп. Ведомости», 1883, № 1-2, «Состояние православного духовенства на западной окраине России».
  10. Пасьля нядоўгага ўздыму і надзей, што «цяпер можна цуды рабіць у стасунку да Заходняй Расіі», Каяловіча агартае пэсымізм і ён піша Корнілову, што, «на мой погляд, вы псуецеся для Заходняй Расиіі Тое самае я кажу і Уладзімеру Карлавічу (Саблеру) і Константину Пятровічу (Победоносцеву) (гл. ліст Каяловіча да Корнілава ад 11 красавіка 1887 г. у Рук. аддзеле Публічнай бібліотэкі).
  11. А. Жыркевіч «Свежо предание, а верится с трудом»... «Истор. Вестник», 1902, т. 89, стар. 712.
  12. Сваяадменнай праявай прымірэнчых адносін палякаў да Расіі можа быць брошурка Д. Багніцкага: Политическая исповедь современного поляка», СПБ, 1897 г., якая проектавала «абмяняць» у расійцаў «Заходні край» на прускія і аўстрыйскія провінцыі Польшчы. Аднак гэтая арыгінальная «адмова» Багніцкага ад Беларусі была выключэньнем: «отречение» яго ад заходніх губэрняў,— піша Южаков,— было адзіным. Па гэтаму пытаньню за увесь час прымірэнчай дэмонстрацыі ня чуваць было на тэму аб адмове ад Беларусі аўтарытэтных і компэтэнтных польскіх галасоў». «Русское Богатство». 1897, № 9, сентябрь: «Дневник журналиста». Гэта зьяўляецца найлепшым доказам нашае тэзы, што польскі магнат на Беларусі шукаў паразуменьня з Расіяй адначасова з замацаваньнем тут свайго становішча.
  13. С. Приклонский «Хроника раб. труда», «Дело», 1883, І.
  14. С. Южаков «Переселенческий вопрос», «Сев. Вестник», І886, № 8, стар. 25-48.
  15. Ня кажучы аб расійскай літаратуры, што жывілася апісаньнямі і характарыстыкамі Беларусі ад расійцаў, якія праяжджалі праз край, зьняважліваму і пэсымістычнаму погляду на Беларусь прычыніліся і дасьледчыкі, якія яе спэцыяльна вывучалі. Гэтак адмоўна глядзеў на будучыню Беларусі Семянтоўскі («Сборник в память І стат. с'езда», 1870), этнограф Анімеле, нават Шэйн — і той «склаў сабе дрэннае ўражаньне аб беларусах і не чакаў знайсьці ў стыхіі беларускай мовы што-небудзь каштоўнае» (гл. В. Стукаліч «Никифоровский. Страничка из недавней старины гор. Витебска», адб. з «Вит. Губ. Ведом.» за 1900 г., № 231-232).
  16. Пазьней С. Южаков, які заўсёды прызнаваў сябе «малазнаёмым з беларускімі адносінамі», адмовіўся ад гэтае забойчае характарыстыкі беларусаў. «Ранейшае ўяўленьне аб беларусах,— ніша ён у 1907 годзе,— як аб племені маларослым і слабасільным аказалася (!) няверным. Большай часткай яны фізычна зложаны вельмі добра, маюць рост вышэй сярэдняга, жыцьцёвы індэкс перавышае ў іх 50 проц. і сьведчыць аб фізічнай крэпасьці» («Большая Энциклопедия», изд. 1908 г., т. IV — рэдактар С. Южаков).
  17. Расійская крытыка ніколі не разьбіралася ў «западно-руссизме». Так, напрыклад, «Северный Вестник», блытаючы «западно-русский» патрыятычны шовінізм з беларускім нацыянальным рухам, прысьвяціў «западно-руссам» у 1897 г. спэцыяльны артыкул, у якім называе іх «нашымі беларускімі інтэлігентамі» і «беларускімі нацыяналістымі» (!). Нашыя нацыяналістыя, піша часопіс, глыбока перакананы ў існаваньні асобнай беларускай народнасьці і на гэтым пяску будуюць сваю тэорыю. Яны лічаць сябе моральна абавязанымі аберагаць гэты край, гэтую народнасьць і весьці з гэтай мэтай шалёную барацьбу з палякамі і яўрэямі. Яны імкнуцца навукова абаснаваць свае тэндэнцыі і бяруць свае даныя галоўным чынам з гісторыі, археолёгіі, этнографіі, ствараюць сборнікі беларускіх песьняў, казак, прыслоўяў і г. д. Спасылаючыся па брошуры Стукаліча, Раманава («Плач белорусской земли») і інш., у якіх разьліта «атрута нацыяналістычнай нянавісьці» і зазначаючы, што profession de foi гэтых нацыяналістых зьвернута галоўным чынам супроць беларускіх рэнэгатаў-памешчыкаў, абярнуўшыхся ў палякаў, аўтар «Северного Вестника» бярэ апошніх над сваю абарону. «Палякі,— кажа ён,— у якасьці мясцовых памешчыкаў не заслугоўваюць гэткіх адносін; яны ня маюць цяпер ні магчымасьці, ні найменшага жаданьня займацца колёнізацыяй беларускае народнасьці. Яны займаюцца сельскай гаспадаркай. будуюць свае заводы і пры гэтым, як усюды прынята, стараюцца збыць свае продукты па магчымасьці выгадней, а рабочым плаціць як мага менш. Гэтым і вычэрпваюцца ўсе адносіны палякаў да беларусаў» («Северный Вестник», 1897, № 10, октябрь, стар. 19-27: «Белорусские националисты. Из жизни провинциальной интеллигенции»). Калі адмоўная характарыстыка дзейнасьці «западно-руссов» (ня лічачы недарэчнай назвы) дана тут правільная, дык стасунак да палякащ-памешчыкаў выглядае занадта лагодным і па сутнасьці няправільным. Гаспадарчае і прамысловае культур-трэгерства апошніх пры канцы XIX в. было, як мы ведаем, разам з тым найбольш дасканалым замацаваньнем польскасьці ў Беларусі.
  18. В. Стукаліч «Н. Я. Никифоровский, 1843-1910 г.г.» у «Зап. С.-Зап. отд. Русского Географ. Общества», кн. І, 1910, стар. 134.
  19. Стукаліч В. «Д. П. Сапунов. К 25-летию его ученой и литературной деятельности». «Вит. Губ. Ведомости», № 134-141 за 1905 г., асобны адбітак, стар. 24.
  20. Гл. Стукаліч, ор. cit., гл. таксама прамову А. Сапунова да «Западной Двины».
  21. А. Шлюбскі «Гісторыка-этнографічныя нататкі», адбітак з «Запісак аддзелу Гуманіт. Навук ІБК», т. І, стар. 363. Усе «западно-руссы» разгляданага пэрыоду працавалі над навуковым дасьледваньнем Беларусі звычайна за свой кошт. Сапуноў, прыкладам, патраціў на капітальную працу «Западная Двина» са сваёй мізэрнай пэнсіі пастаўніка 6000 руб. Мікалай ІІ «міласьціва» даў яму ўзнагароду за гэтую кнігу... 500 руб. (гл. «А. П. Сапунов. К 25-летию его ученой и литературной деятельности», «Вит. Губ. Вед.», № 134-141 за 1905 г.)
  22. М. Гарэцкі («Гісторыя беларускае літаратуры», 1924, стар. 218; кажа, што «яны вельмі даслужыліся, ствараючы падгатавальны пэрыод у разьвіцьці нашае сучаснае навукі і літаратуры». Таксама і А. Шлюбскі, ор. сіt, стар. 302, вызнае, што Раманаў сваімі працамі «дапамагаў разьвцьцю беларускага нацыянальна-культурнага руху». Аб позыцыі «западно русских» культурных работнікаў у гэтым пытаньні гл. ніжэй.