Перайсці да зместу

Западно-руссизм/Ад аўтара

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі
Аўтар: Аляксандар Цьвікевіч
1929
Крыніца: [1]
РАЗЬДЗЕЛ ПЕРШЫ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прапанаваная чытачу праца зьяўляецца спробай даць характарыстыку аднэй з праяў грамадзкага жыцьця на Беларусі ў XIX і пачатку XX в., якая носіць назву «западно-руссизма». Я паставіў сабе пры гэтым задачай ня толькі дасьледваць «западно-руссизм» як пэўную гістарычна-палітычную школу, але разам з тым акрэсьліць тыя эканамічныя ўмовы і тыя клясавыя суадносіны на Беларусі, ад якіх залежала яе разьвіцьцё і якія ў сваю чаргу акрэсьлялі яе клясавую сутнасьць.

Спроба падобнага аналізу, безварункова, тоіць у сябе шмат труднасьцяй. Першая і галоўная труднасьць — гэта надзвычайна слабая распрацаванасьць эканамічнае гісторыі Беларусі. Калі прыходзіцца стыкацца з тым або іншым зьявішчам у галіне культуры і грамадзкасьці на Беларусі і калі пры гэтым узьнікае жаданьне знайсьці тлумачэньне гэтага зьявішча ў эканамічным яго акаленьні ў залежнасьці яго ад адпаведных соцыяльных фактараў — прыходзіцца канстатаваць выключную беднасць патрэбных матар’ялаў.

У сваёй працы, як убачыць чытач, я паставіў адну галоўную тэзу: разьвіцьцё грамадзка-культурнага жыцьця на Беларусі ўвесь час знаходзілася ў беспасрэднай залежнасьці ад барацьбы польскага і расійскага капіталу за беларускі рынак. Выцісканьне польскага маёнтку з Беларусі ёсьць адна з праяў гэтае барацьбы.

І вось прыходзіцца канстатаваць, што маё жаданьне — як мага дакладней давесьці гэтую бясспрэчную тэзу — напатыкалася на нястачу, а то й поўную адсутнасьць патрэбных крыніц: ніводзін з аўтараў па эканамічнай гісторыі Беларусі не разглядаў пытаньне ласьне у гэтым разрэзе. Тыя працы, якія існуюць на расійскай і польскай мовах, ніколі не закранаюць Беларусь як асобны об’ект дасьледваньня. У тэй эканамічнай польскай літаратуры, якую я меў магчымасьць скарыстаць (Janowicz, Daszynska-Dolinska, Kempner, radziszewski, Lewy, Gasierowska і інш.), толькі ў самай нязначнай частцы закранаюцца беларускія тэмы. Тым самым адзначаюцца і працы расійскіх дасьледчыкаў. Калі польскія аўтары ідуць у сваіх дасьледваньнях, гэтак кажучы, «з захаду» — ад польскіх эканамічных цэнтраў на беларускія «крэсы», дык расійскія, наадварот, «з усходу» — з гледзішча інтарэсаў эканамічнага разьвіцьця Расіі.

Непараўнальна большае значэньне маюць спэцыяльныя дасьледваньні беларускіх аўтараў, у першую чаргу М. Доўнар-Запольскага. Але нават і яго апошняя праца, найбольш салідная для нашае тэмы, грашыць на тое-ж: яна разглядае эканамічную гісторыю Беларусі, калі можна гэтак сказаць, «у расійскім контэксьце». Паважаны аўтар як-бы забываецца на тое, што апрача Расіі Беларусь была прадметам экспансыі і Польшчы, што апрача расійскага капіталу тут дзеяў і польскі капітал.

Падобны падыход да сёнешняга дню быў зусім натуральным, і мы ня скардзімся на яго, а толькі канстатуем. Даць належны аналіз эканамічнага становішча Беларусі ў мінулым так, як гэтага вымагае нашая агульная гісторыя, складае пачэсны абавязак маладых беларускіх эканамістых. Толькі тады, калі гэтая праца будзе прароблена, мы будзем мець магчымасьць абаперці на яе з посьпехам нашыя досьледы па грамадзкай і культурнай гісторыі Беларусі.

Пакуль што прыходзіцца даволіцца тым, што ёсьць.

Гэта — адно. Другое — няхай чытач не чакае ад нашае працы грунтоўнейшае распрацоўкі ўзьнятага пытаньня. Мы характарызуем «западно-руссизм» толькі нарысамі, а ня робім монографічнага дасьледваньня. Таму тут няўнікнёны пропускі, ня поўнае, а часам можа прыпадковае распрацаваньне некаторых тэм. Нам хадзіла аб тое, каб даць найбольш яскравыя моманты «западно-руссизма», прасачыўшы найбольш выразістыя яго выяўленьні ў разгляданы пэрыяд.

Буду спадзявацца, аднак, што, ня гледзячы на паказаныя недахопы, праца мая знойдзе сабе чытача, выкліча абмен думак і, што галоўнае, прычыніцца да ўзбуджаньня жаданьня знайсьці больш дакладныя адказы на проблемы нашае гісторыі.

Менск, 11 лістапада 1928 г.

АЛЯКСАНДР ЦЬВІКЕВІЧ