Замест вянка на магілу маладога песняра Паўлюка Труса (Глебка)
Замест вянка на магілу маладога песняра Паўлюка Труса Верш Аўтар: Пятро Глебка 1929 |
Любы дружа, блізкі, як жа ты далёка!
Ані песень-казак, ані слоў не чуеш,
Крыллямі лапоча над магілай сокал
І тугу, і скруху чорную пільнуе.
Прыйдзе зорны вечар, сумам апавіты,
Белы месяц стане ціха над садамі,
І нап’юцца кветкі, роснай акавіты,
Музыкі пальюцца залатыя гамы.
Пададуць сігналы, зашумяць турбіны,
Усміхнецца сонца ясна над крыніцай,
Толькі табе гэтай музыкаю дзіўнай
Не судзіла доля, любы дружа, ўпіцца.
Кветкамі ўбралі тваю хату людзі,
Ні вянкоў, ні песень ты з іх не звіваеш,
І рыдаюць сёстры, падаюць на грудзі,
А краіна змоўкла, быццам нежывая.
Беларусь, даволі над магілай плакаць –
Гэтай цяжкай страты аніяк не вернеш.
Як вясна настане, будзем гора латаць:
Кветкамі магілу мы яго ўбяром.
Будуць тыя кветкі складзены, як песні,
Бо замест пялёсткаў – залатыя словы
Расцвітуць чароўна рана напрадвесні,
І не звяне вечна цвет іх каляровы.
Прыйдзе зорны вечар, сумам апавіты,
Белы месяц стане ціха над садамі,
І нап’юцца кветкі роснай акавіты,
Музыкі пальюцца залатыя гамы.
Аж да зор акорды узляцяць высока,
У надхмар’і цьмяным ноччу заначуюць.
Любы дружа, блізкі, будзеш ты далёка,
Але песні тыя ўсё ж такі пачуеш!