Перайсці да зместу

Залатая Горка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Залатая Горка
Паданне
Аўтар: народ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Калісьці і гара, на якой тады не было лесу, і вёска называліся Лісінай Гарою. Па кустах і балотах палявалі, жыравалі лісіцы, але норы свае рабілі на гары, дзе было сушэй і цяплей, чым у нізіне.

Неўзабаве каля падножжа гары пачалі сяліцца людзі. Лісіцы перайшлі на вяршыню, а затым і зусім сышлі, пакінулі аблюбаваны пагорак.

Спачатку вёску называлі Гарой. Толькі было незразумела, што за гара, шмат іх вакол, як адрозніць?..

Так і не прыдумалі для сваёй гары адметнага імя. Дапамог выпадак. Прыехалі аднойчы з горада хлопцы. Абодва яны маладыя, дужыя і занадта ўжо цікаўныя. Пачалі кругом ды навокал распытваць жыхароў, ці не стаяў некалі на гары панскі замак-палац, ці не засталіся ад яго якія скляпенні?.. Людзі адказвалі, што нічога пра гэта не ведаюць, нават ад дзедаў сваіх не чулі. Але хлопцы не паверылі, павысякалі на адхоне гары кусты і пачалі капаць яму. Кожны каменьчык, што трапляўся пад руку, уважліва разглядвалі, правяралі; гліну адмыюць ды на зуб спрабуюць, а пясок нават праз рэшата прасейвалі.

Тры дні і тры ночы капалі тыя хлопцы яму і ўсё каменьчыкі і пясок правяралі. Прыйшоў да іх неяк стары дзядок, паглядзеў, як яны ў той яміне змучыліся, схуднелі, і кажа:

— Што ж гэта вы, сынкі, пакутуеце тут? Ці ж можна так мардаваць сябе!.. Паглядзіце, вунь які дзянёк добры, як вакол золата зіхаціць.

Кінулі хлопцы свае рыдлёўкі, утаропіліся, збянтэжаныя, на старога:

— Дзе, дзе, дзядок, золата?..

— Вылазьце, пакажу, падзялюся з вамі,— з хітрай усмешкай адказвае дзядок.

Павыскаквалі хлопцы з ямы, азіраюцца, а дзядок ім і кажа:

— Ды хіба ж вы не бачыце, колькі яго на нашых бярозах.

А было тады бабіна лета, цёпла, суха.

Пераглянуліся хлопцы ды раптам як зарагочуць. Падышлі да дзядка, руку паціскаюць, дзякуюць:

— Нам сказалі, а мы, дурні, паверылі… Дзякуй вам, дзядуля, што навучылі, ад марнай працы пазбавілі.

Закінулі тыя няўдалыя шукальнікі золата свае торбы за плечы і пайшлі.

Вось з таго выпадку, з тых лёгкіх слоў мудрага дзядка быццам бы і знайшлося нарэшце для вёскі яе поўнае імя — Залатая Горка.