Завіруха (Чарот)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Завіруха
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1922


Над балотам гудзе завіруха…
Ведзьмай носіцца з краю да краю
І змятае з зямлі жыцця пацяруху…
Неба свінцовым дажджом палівае.

Бура ломіць дубы і бярозы-сталеткі,
Выварочвае хвоі з карэннем…
І ўзыходзяць з-пад снегу чырвоныя кветкі,
Непагоды шалёнай насенне.

Мы засыпаны снежнымі іскрамі,
Ломім ногі ў галлі буралому…
Крычым сонцу: «Блізка мы, блізка мы!
К свету Вялікаму! Новаму!»

Нам не страшна мяцеліца смерці
І напевы хаўтурныя ветру…
Ўсё жыццё нам прыходзілась мераць
Агнявыя балоты і нетры.

Завіруха як свішча — мы слухаем…
Песцяць сэрца жалобныя песні…
Свет стары яна смела парухае,—
Гэта бура зімы напрадвесні.

Падарожны не згіне ў мяцеліцу,
Шлях ён знойдзе ў тумане балота…
Тут адважнаму путніку верыцца,
Што ўжо хутка міне яго слота.

Сонца гляне — асвеціць палеткі,
Згіне з сэрца бязмерная скруха…
Закрасуюць з-пад снегу чырвоныя кветкі,
Сціхне плакаць жыцця завіруха.
 
1922