Заваражы мяне, волхве… (Шаўчэнка/Колас)
Выгляд
***Заваражы мяне, волхве… Верш Аўтар: Тарас Шаўчэнка Пераклад: Якуб Колас |
Заваражы мяне, волхве,
Дружа сівавусы!
Ты ўжо сэрца запячатаў,
Я ж яшчэ баюся.
Баюся я гарэлую
Пустку руйнаваці;
Яшчэ страшна, мой голубе,
Сэрца пахаваці…
Можа вернецца надзея,
Прыйдзе з той вадою,
Гаючаю, жывучаю —
Дробнаю слязою.
Можа вернецца з-за свету
Ў пустку зімаваці;
Хоць пабеліць з сярэдзіны
У гарэлай хаце.
І напаліць, і нагрэе,
І святло засвеціць…
Мо яшчэ раз абудзяцца
Мае думы-дзеці.
Мо яшчэ раз памалюся,
З дзеткамі заплачу;
Мо яшчэ раз сонца праўды
Хоць скрозь сон пабачу.
Стань жа братам, хоць абмані!
Скажы, што рабіці:
Ці маліцца, ці журыцца,
Ці голаў разбіці?!
13 снежня 1844, С.-Пецярбург /
1938