Перайсці да зместу

Заваражы мяне, волхве… (Шаўчэнка/Колас)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Заваражы мяне, волхве…)
***Заваражы мяне, волхве…
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Якуб Колас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




  Заваражы мяне, волхве,
Дружа сівавусы!
Ты ўжо сэрца запячатаў,
Я ж яшчэ баюся.
Баюся я гарэлую
Пустку руйнаваці;
Яшчэ страшна, мой голубе,
Сэрца пахаваці…
Можа вернецца надзея,
Прыйдзе з той вадою,
Гаючаю, жывучаю —
Дробнаю слязою.
Можа вернецца з-за свету
Ў пустку зімаваці;
Хоць пабеліць з сярэдзіны
У гарэлай хаце.
І напаліць, і нагрэе,
І святло засвеціць…
Мо яшчэ раз абудзяцца
Мае думы-дзеці.
Мо яшчэ раз памалюся,
З дзеткамі заплачу;
Мо яшчэ раз сонца праўды
Хоць скрозь сон пабачу.
Стань жа братам, хоць абмані!
Скажы, што рабіці:
Ці маліцца, ці журыцца,
Ці голаў разбіці?!


13 снежня 1844, С.-Пецярбург / 1938