Перайсці да зместу

Забытыя курганы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старая грэбля Забытыя курганы
Абразок
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 15, 21 жніўня 1924 году, б. 2
Магіла Касінскага

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VII.
ЗАБЫТЫЯ КУРГАНЫ.

Дык вось яны старыя курганы! Пад цяжарам зямлі сьпяць вечным сном нашыя прадзеды за лепшую долю Бацькаўшчыны мілай!

Ніхто ня прыйдзе прыбраць краскамі іх магілы, ніхто не паставіў ім сьвятога крыжа!

Толькі лес шуміць над іх курганамі, толькі птушкі пяюць над імі. Толькі ветрык плача часам сярод галін, і шапоча пра іх адвагу і сьмерць стары лес…

Дык адпачывайце сном вечнасьці слаўныя прадзеды! Адпачывайце спакойна, даражэнькія мае! Ужо скора завет ваш прыдуць спаўняць праўнукі вашыя… Ужо скора зварухнецца ад храю да краю наш брат-беларус!

Ужо скора зьбярэцца на сход вялікі, вось сюды на вашыя магілы!

Ці чуеце вы, як плачу я тутака над вамі, ці чуеце, як плача ўвесь народ!

Дык сьпеце-ж, прадзеды старых добрых дзён нашае старонкі! Сьпеце спакойна…

Сну вашага пільнуе цёмны лес! Пад шум яго галінаў, спакойна сьпеце, прадзеды! Вось чую ўжо, кліч ідзе… Гэта на сход кліча цёмны лес! Мы скора прыйдзем сюды грамадою і пойдзем даць прысягу адзін аднаму, што будзем бароцца да канца…

* * *

Гэту прысягу дамо мы ўсей грамадою над магілай яго! Яго, старога байца за родны край — Касінскага Атамана!

Дзяргач.