Жыцьцё
Перайсьці да навігацыі
Перайсьці да пошуку
Жыцьцё Верш Аўтар: Алесь Гарун 1917 Крыніца: http://knihi.com/Ales_Harun/Vybranyja_tvory.html#117 |
Жыве спакойна вол пад тым ярмом сваім,
Намуляў карак. Мазолі, скрозь мазолі!
Падкінуць сена жмут — яму й таго даволі.
І лёс мізэрны свой не назаве благім.
Цярпліва зносіць ён нявыгады жыцьця:
Няхай яго часамі злаюць ліха,
Хай сьвішча страшны біч, — пакорліва і ціха
Ідзе разораю. Кіруе ім дзіця.
Жыві ж спакойна, вол, хадзі ў сваім ярме,
Цягай плугі і лій свой пот на пана,
Хаця ня ведаеш, якая рэч пашана.
Нашто яна табе? Сьляпому добра ў цьме,
Лягчэй ісьці яму дарогаю жабрачай…
А ты — жывёлаў цар? Ці ж ты жывеш іначай?!
(1917)