Перайсці да зместу

Жыла, жывець і будзе жыць!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Жыла, жывець і будзе жыць!
Публіцыстыка
Аўтар: Лявон Гмырак
1914
Крыніца: Творы: проза, крытыка, публіцыстыка / Лявон Гмырак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1992 - с. 98

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




(К гадаўшчыне «Нашай нівы»)

Пакратай мінуўшчыны попел,
Што ў казках не кінула жыць...

Я. Купала

Жыла, жывець і будзе жыць душа народа нашага!

Душа народа нашага — гэта тая падземная імпэтная моц жывой крыніцы, якая, знаходзячыся пад каменным пластом, шукаець сабе болей рыхлага слою зямлі для выхаду ўверх. Г напор той маець гэткую сілу ў сабе, што нягледзячы ні на якія перашкоды, нарэшце, усё ж такі, вырываецца на сонейка і, разбіваючыся цудоўным фантанам, разыходзіцца па лугах-палёх ручайкамі, разліваецца на бязмерныя абшары, падымаючы свой зычны кліч: «Жыла, жывець і будзе жыць!..»

Душа народа нашага — гэта тая жывая кіпучая кроў у жылах, тыя пачуцці і думкі ў сэрцы, якія перадаюцца нам, як спадчына, з роду ў род... У сваёй самабытнасці, у сваёй іначасці ад другіх выяўляець яна свой блеск, сваю неацэненую вартасць як для сваіх, так і для чужых, акружаючых яе.

Душа народа нашага жыла ў благіх гістарычных варунках, жыла пад няволяй у другіх, мацнейшых, якія хацелі сцёрці яе самабытнасць, але такі ніякай рады не далі,— і пры першай. бліскавіцы свядомасці чужы налёт пачаў рассейвацца, як попел ветрам, а душа народа пачала красавацца ў сваёй чыстаце і блеску.

Колькі трагізму было ў гісторыі народа нашага! Колькі цемнаты і нядолі! Колькі вызыску яго рознымі грубымі сіламі! Колькі болю і слёз, пачынаючы ад часу прыгону! Здавалася, ужо ворагі краю беларускага свайго дасціглі, дабіліся таго, што шмат з нашых братоў ахвяравалі свае сілы чужым, запрадалі ім душы свае...

Узгадаваныя на руках пакутніка-ратая, гэтыя адступнікі выкпівалі з яго, адракаліся памагаць чым-колечы «хаму-мужыку». Дайшло да таго, што «хам» гэты думаў, нібы ён прапашчы навекі чалавек; нібы ён ніжэйшае стварэнне ад другіх «паноў багатых ды адукаваных разумнікаў». Ужо, здавалася, канец, магіла. Але сваім чародам, па закону, прызначаным ад прыроды, душа беларуская: «Жыла, жывець і будзе жыць!»

Душа народа, нягледзячы на нішто, гадавалася ў творчасці, харастве. У песнях сумных і вясёлых, у вырабах — тканінах, рэзьбах і г. д.— яна вылівала затаеныя думкі свае і такім парадкам тварыла нам свае скарбы, пісала сваю летапісь — Евангелле... Несвядома ішла барацьба духу беларускага з усім для яго шкадлівым. Што гэта? Што гэта,— пыталася само сэрца народнае. Мы жыць хочам! Жыць хочам!..— адказвала яно самому сабе кожны раз... і як блізкі, зразумелы былі народу гэтыя чулыя струны сэрца!.. Нешта да болю, да слёз кратала, будзіла сыноў Беларусі-маткі да вольнага, светлага жыцця, да пазнання сваёй вялікай вартасці.

«Жыла, жывець і будзе жыць!..»

Гэты міфічны кліч восем гадоў таму назад пабудзіў выліцца думы сэрца народнага ў болей рэальныя і відзімыя формы. Паявілася ў свет першае свядомае беларускае друкаванае слова— «Наша доля», а ўслед за ёю — «Наша ніва».

«Наша ніва», не гаворачы аб іншых розных беларускіх часопісах, — ад пачатку свайго паяўлення ў свет па сягоннешні дзень — гэта чыста народная часопісь, у якой ясна адбіваецца думка нашых мазольных братоў з розных глухіх куткоў Беларусі. З кожным годам паяўляюцца на ніве роднай усё новыя і новыя сілы. З кожным годам наша родная мова на старонках «Нашай нівы» «шліфуецца-гартуецца», робіцца ўсё болей чыстай, гібкай і выразнай, робіцца здатнай на маляванне самых чуць ухопных пачуццяў душы і звініць, як той жаўронак вясною над свежай раллёй, як тая дудка хлопчыка-пастуха на лузе...

І большая частка братоў нашых ужо пачынае разумець, што мова наша не ёсць «простая», «хамская» ... І вучоная моладзь наша — вучыцелі, студэнты, дактары, аграномы, інжынеры і г. д.— ужо не гавораць і не пішуць толькі на «панскіх» мовах, але самае першае мейсца займаець у іх свая родная...

«Наша ніва» не прапаведуе сляпога, шавіністычнага нацыяналізму, але маець за закон: «Свайго не чурайся і чужога навучайся!» Мэта яе: праца шчырая і прасвятленне роднай Белай Русі на эканамічным і культурным грунце. Праўда, шмат нападкаў маем ад суседзяў сваіх, яны стараюцца чым болей каменняў накідаць на шляху нашым, але мы, не астанаўліваючыся, цвёрда ідзём наперад.

І вось у часе гадаўшчыны «Нашае нівы» мы смела кажам: «Жыла, жывець і будзе жыць Беларусь-маці!» Мы ў гэта свята верым!