Жыдоўскае пытаньне ў нашым пісьменстве
← Вільня ў беларускай літаратуры | Жыдоўскае пытаньне ў нашым пісьменстве Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 15/V. 1921 Крыніца: Адбітае жыцьцё: Лекцыі і стацьці зь беларускае адраджэнскае літаратуры. Кніжка І. Вільня, 1929 |
Упершыню - НДумка. 1921. 27 мая. |
Беларуская адраджэнская літаратура — гэта найлепшае, найпаўнейшае адбіцьцё настрояў і поглядаў беларускіх народных масаў. Яна вельмі добра адбівае погляды беларусаў на гэткае вострае, гэткае балючае пытаньне, як пытаньне нацыянальнае.
Народ наш, каторы соткі гадоў гэтак цяжка пакутаваў пад чужацкім панаваньнем і толькі на нашых вачох паўстае дзеля самабытнага і вольнага жыцьця, лішне добра пазнаў на сабе самым усю гарчыню нацыянальнае няволі, каб самому думаць аб паняволеньні другіх нацыянальнасьцяў. Да таго ж беларускі адраджэнскі рух — гэта рух шчыра дэмакратычны, і ўжо з гэтае прычыны ў ім нямашака месца для нацыянальнага шавінізму, для нацыянальнай нянавісьці. Само сабой разумеецца, што гэта не выключае пачуцьця дазнаных крыўдаў і варожых адносін да тых, хто зьяўляецца вінавайцам усіх нашых бед у мінуўшчыне і працягвае свае прагавітыя рукі на Беларускую зямлю — на будучыню. Вось, на гэныя старыя і новыя крыўды нашы паэты горка скардзяцца і вострымі, гнеўнымі словамі ўпікаюць крыўдзіцелям, грозячы ім народным судом. Найвялікшы беларускі нацыянальны паэта, Янка Купала, найбольш ярка выяўляе агульны настрой і ў сваім магутным вершу «Чужым», паказаўшы той зьдзек, які наш народ дагэтуль цярпеў, гэтак зварочваецца да нашых нядаўных валадароў:
Людзі чужыя! Хтось калісь зьліча
Вашу нам шкоду:
Зьліча праступкі... к суду пакліча
Крыўда народу.
Затое вельмі добра разумеюць беларусы ўсё тое, што перажывалі і перажываюць у чужацкай няволі другія народы, асабліва ж тыя, што жывуць побач з намі. Гарачы спогад таварышам па няволі чуецца ў кожным слове, калі нашы пісьменьнікі гавораць аб барацьбе за вызваленьне нашых братоў украінцаў, літвінаў, латышоў, чэхаў і нават гэткіх далёкіх, але затое ідэйна блізкіх ірляндцаў. Але на найвялікшую ўвагу заслугоўваюць адносіны беларусаў да жыдоў: жывучы на аднэй зямлі ў працягу некалькіх сот лет, беларусы ў адносінах да жыдоў мелі магчымасьць вытварыць зусім ясны погляд, абапёрты на жыцьцёвай практыцы і на нашай нацыянальнай псыхалёгіі.
З XVІІІ сталецьця, пасьля дэнацыяналізацыі блізка ўсей нашай інтэлігенцыі, наш народ заняў на сваей роднай зямлі найніжэйшае сацыяльнае становішча: становішча працоўнай масы — сялянскае і работніцкае. Пад той жа час, з прычыны слабога разьвіцьця беларускага мяшчанства, месца тарговага, купецкага стану занялі бадай выключна жыды. Спаўняючы гэтак вельмі важную грамадзкую чыннасьць, стаўшыся неаддзялімай, інтэгральнай часткай нашае Бацькаўшчыны, жыды, аднак, выдавалі спаміж сябе і элемэнты благія, эксплёататарскія, бязбожна карыстаўшыя з народнай цемнаты дзеля свае матэрыяльнае карысьці. Ведама, такія благія і шкодныя элемэнты мы можам знайсьці паміж купецтвам кожнай нацыянальнасьці і кожнага краю: яны — вытвар ня нацыі, а стану, прафэсіі. Але ў Беларусі яны, дзякуючы сваёй нацыянальнай прыналежнасьці, «слова жыд зрабілі для мужыка-беларуса сінонімам эксплёататарства, ці таго, што ў Маскоўшчыне самі маскоўцы выявілі пад словам кулачаства»[1], — ведама, кулачаства свайго «роднага», нацыянальна-маскоўскага, бо ж жыдоў тамака не было. На гэтым грунце — і толькі выключна на гэтым — і ўзьнімаліся калізіі і сваркі паміж беларусамі і жыдамі-гандлярамі, не пашыраючыся аднак на ўвесь аб’ём беларуска-жыдоўскіх адносін.
Калі беларускі народ і мае благое пачуцьцё да жыдоў, дык адносіць яго пераважна да адзінак, да запраўдных эксплёататараў вёскі. Гэтае пачуцьцё асабліва ярка выяўляе найвыдатнейшы прадстаўнік шляхоцкага рамантызму ў беларускай літаратуры, В. Дунін-Марцінкевіч, рысуючы ў сваёй опэры «Сялянка»[2] тып шынкаракруцяля. Праўда, Шпілеўскі, пад уплывам расейскага юдафобства, у сваім драматычным абразку «Дажынкі» (плягіят на «Сялянку»!) і прадмове да яго выступае проці жыдоў у дужа рэзкай форме, але і той грунтуецца ня гэтулькі на нацыянальным мамэнце, сколькі на эканамічным. Таксама, як Марцінкевіч, да жыдоўскага пытаньня падыходзілі і такія прадстаўнікі беларускіх народнікаў, як Мацей Бурачок і Янка Лучына. Справу гэту Бурачок закрануў ужо ў сваім адказе Юрцы (Гурыновічу) на яго верш «Панскае ігрышча», але больш поўна асьвяціў яе ў сатырычным вершу «Жыдок». «Тут, — кажа М. Гарэцкі ў сваей «Літаратуры», — пясьняр апісаў тып «жыдка» (не ў нацыянальным значэньні слова), каторы,
... сеўшы ў вёсцы,
пры гасьцінцы, пры дарожцы,
цераз тры гадкі робіцца
панам на ўсю вёску.
Галота зьнімаець перад ім шапку і цалуець яму ў рукі. Ён заводзіць знаёмства і дружбу з усякім начальствам, ён пазычае грошы, і пясьняр сьмяецца і зь яго, і з пана разам:
каб такі нам пан зыскаўся,
то б сьвятым ён называўся,
бо ён ня тое, што пан, ён
... хоць грошы любе,
а згубіць зусім — ня згубе.
Зусім таксама асьвятляюць гэту справу Янка Лучына ў сваім незакончаным вершу «Каршун» ды сучасны яму, найстарэйшы з прадстаўнікоў нашаніўскага кірунку, Ядвігін Ш. (драма «Злодзей»). Тут гожа адзначыць, што пад тыя часы, калі пісалі і Марцінкевіч, і Бурачок, і Лучына, і Ядвігін Ш. — гэта значыцца ад 1840-вых да пачатку 90-ых гадоў, — у Беларусі яшчэ ніхто не паднімаў жыдоўскага пытаньня як нацыянальнага, бо ж і беларускае пытаньне яшчэ толькі-толькі пачынала ўзьнімацца. Над жыдоўскім нацыянальным пытаньнем, у шырокім разуменьні гэтага слова, беларусы пачалі задумвацца толькі тады, калі, самі ўсьведаміўшыся нацыянальна, й былі прымушаны знайсьці адказ на пытаньне аб нацыянальных адносінах у Беларусі наагул. І яны разьвязалі яго так, як можа і павінен разьвязаць народ, каторы ў аснову сваей нацыянальнай ідэалёгіі палажыў прынцыпы праўдзівага дэмакратызму, прынцыпы волі, роўнасьці і брацтва ўсіх народаў. Беларускія адраджэнцы далі доказ свайго дэмакратычнага сьветапагляду на жывым дзеле: яны ўсімі сіламі змагаліся зь дзікім, агідным пасевам антысэмітызму і з пагромнай агітацыяй, скуль бы яна ні выходзіла; яны ў часе рэвалюцыі 1905 году і пасьля пры выбарах у Дзяржаўную думу йшлі ўпоруч з жыдоўскімі дэмакратычнымі партыямі, супольна стараліся даць адпор засільлю маскоўскага чынавенства і польскага панства, — а калі пачалося (пасьля апошняга перавароту ў Расеі) беларускае дзяржаўнае будаўніцтва, Рада Беларускае Народнае Рэспублікі забясьпечыла жыдоўскаму народу ўсе нацыянальныя і грамадзкія правы ў Беларусі і паклікала жыдоў да супольнае дзяржаўнае працы (у Радзе Рэспублікі і ў Урадзе). Вось жа, найнавейшая беларуская літаратура вельмі ярка адбіла ў сабе пануючыя ў беларускім грамадзянстве настроі адносна да жыдоўскай справы, і мы затрымаемся на двух мамэнтах — найбольш карасамоўных.
У 1913 годзе ў беларускім журнале «Маладая Беларусь» (сшытак ІІІ) надрукована апавяданьне вядомай беларускай грамадзкай дзяячкі і пісьменьніцы, Алёйзіі (з Пашкевічаў) Кейрысовай, якая ўкрывала праўдзівае імя пад псэўданінам Цёткі. Апавяданьне гэнае азаглаўлена «Зялёнка» і апісавае жыцьцё галоднай беларускай курсісткі, хворай на сухоты, даючы многа аўтабіяграфічнага матэрыялу аб самой без пары памершай пісьменьніцы. Зь якім шчырым спогадам, зь якой задушэўнасьцю рысуе тут Цётка абраз жыдоўскага дзецюка, Шмулькі, каторы, як і Зялёнка, завандраваў дзеля навукі аж у далёкі-далёкі Пецярбург! Мы ня будзем пераказваць Цётчынага апісаньня: мы проста возьмем яго жыўцом, бо яно гэтага варта!
Рэч дзеецца ў халодным і цесным студэнцкім пакойчыку, дзе ляжыць крэпка занядужаўшая Зялёнка. Вестка аб безнадзейным палажэньні яе сабрала тут усіх прыяцеляў і прыяцелек хворай.
«Найпазьней прышоў Шмулька.
— Як маецеся?
Шмулькі струкавата галава, як лахмата вольха, матляхаецца ў паклонах ва ўсе староны:
— Ці жывы, ці здаровы?
— Што ж так позна? — азываецца прыязьліва рознагалосае пытаньне.
— Ня меў часу!
— Шмулечка, я хвора, я ўміраю, а ты вачэй ня кажаш, — прыміліваецца Зялёнка да Шмулькі.
— Выбіраўся, ды ўсё работа стрымвае, і сёньня пільную кінуў, каб вам білет прынесьці. У панядзелак пойдзем у Дварранскую.
— Шмулька, на гэты канцэрт? Маніш, грэшніку... Я ўжо два тыдні таму назад была ў касе; пайшла толькі так, для пацехі, што нібы на такі канцэрт магу пайсьці я — Зялёнка — курсістка. Ведама, аказалася такая цана білетаў, што нам, вучашчымся, на’т грэшна туды свой нос ткнуць.
— Во-во! Гэта вам, але ня мне. — Шмулька важна ўлажыў рукі ў кішэні і прайшоўся па станцыі, надуты, як індык. — Што вы, то ня я! Я, Шмулька, толькі за пачотным білетам згадзіўся пайсьці паслухаць.
— Пхы! — рагатнулі.
А Шмулька няздатна далей круціць, махлюе, каб Зялёнка не дагадалася, што для пацяшэньня яе, хворай, Шмулька эканоміў доўга, покі сабраў, каб купіць білеты на гэты канцэрт.
— Не пытайце! Не дуррыце галавы!
— За што вам пачотны? — прыстае Зялёнка.
— А хоць бы за тое, што мой бацька Мэеррр, бацькі бацька Ёсель!
— Шмулька, твая прапаганда штось забыстра йдзе.
Праўда, то праўда, што яго бацька пэўна Мэер, альбо Ёсель, але вялікаму артысьце зручней прызнацца да нямецкай нацыі, ніж да рассыпаных па сьвеце жыдоў.
Трэба ведаць, што Шмулька вельмі гардзіцца тым, што ён завецца Шмулькай, тым, што мае гарбаты нос, што «р» выгаварывае, як «ррр». Шмулькі манія — гэта прапаганда музыкай, літаратурай, народным тэатрам паміж жыдоў. Шмулька сьвята верыць, што жыды хутка зразумеюць сваю ганьбу, каторая няволіць іх запірацца ўсяго свайго роднага і падшывацца пад вопраткі чужых сільнейшых культураў. — «Прыйдзе час, — Шмулька амаль прысягае сваім натхнёным голасам, — што жыды зьвернуць з дарогі асіміляцыі!!!» — Сам Шмулька, так сказаць, стаіць яшчэ толькітолькі ў дзьверах храміны кампазыцыі, а ўжо задзівіў прафэсароў арыгінальным узяцьцем біблійнага тла для сваіх твораў».
................................................................................................................................
Вось і ўсё аб Шмульцы. Але як многа сказана ў гэтых колькінаццацёх радкох! Як прадстаўніца народу, каторы з напружаньнем усіх сваіх творчых сіл паўстае дзеля самабытнага нацыянальнага жыцьця, Цётка разумее, што такой самай дарогай, як беларусы, павінен пайсьці і народ жыдоўскі, скінуўшы путы культурнай залежнасьці ад «пануючых нацыяў».
Мы ня будзем затрымлівацца на менш яркіх праявах адносін беларусаў да жыдоў, як яны выяўляюцца ў беларускай літаратуры. Іх многа, але ўсе яны ўступаюць па сіле і яркасьці выражэньня гэтаму адрыўку Цёткі. Затое мы ня можам моўчкі прайсьці міма магутнага, яркага выступленьня беларускага нацыянальнага песьняра-прарока Янкі Купалы на страніцах беларускай штодзеннай газэты «Беларусь» (у Менску), у каторай у 1919 годзе надрукованы быў яго верш пад загалоўкам «Жыды»...
Жыды! «Хрыстапрадаўцы і прыблуды»! пачынае Купала свой верш такім рэзкім дысанансам, узятым з буднага ўжытку чорнае сотні, а ўсьлед за гэтым зварочваецца да жыдоўскага народу з гэткімі гарачымі словамі:
О, слава вам, ўсебеларускія жыды!
Я веру вам, хоць чорнай гразьзю ўсюды
Плюе вам цар і раб, стары і малады.
Нявольнікі вы сёньня з намі разам
На беларускай змучанай зямлі,
Дзе чорны зьдзек пасьвенчаным абразам
Гняце вас разам, як зьвяр’ё, у крутой пятлі.
Вы ўскрэсьнеце, жыды, усьлед за Беларусяй, —
Сьцяг ваш і нашая паходня будуць жыць,
Хоць наш магільнік кветкай апрануўся,
Хоць згубны мор над намі гібеляй імжыць!
А далей пясьняр у яркіх абразох малюе гісторыю жыдоў і той зьдзек і пакуту, якую яны цярпелі тысячу год, адзначваючы, што Беларусь адна была для іх запраўднай маткай:
Калі ў Гішпаньі ўзбунтаваны людзі
З сваёй краіны выгналі вас напасьмех,
На беларускім полі вашы грудзі
Навек знайшлі дняваньне, страву і начлег.
І далей апісвае тую супольную няволю, у якую папалі разам і беларусы, і жыды:
Шлі дні. І вас у ланцугі скавалі
Бязбожны каралі і дэспаты-цары.
Адны вас беларусы шанавалі,
Як блізкіх родных — да сьвятлейшае пары.
Масква й Варшава аплюлі вам імя
І ў дзікай чэрні ненавісьць збудзілі к вам,
А Беларусь пад крыльлямі сваімі
Вас грэла й вашым нянькаю была дзяцям.
Але прарок беларускага адраджэньня ня можа не ўпікнуць жыдом тых благіх рысаў, якія ў іх узгадавала доўгая няволя, ня можа ім выбачыць адступніцтва ад беларускага народу дзеля службы тым, хто і над намі, і над жыдамі мае ўладу:
Пасьля, жыды, вы зрэкліся народу,
Які вам шчыра даў багацьце і прыпын;
Пайшлі прыдбаць сабе чэсьць і выгоду
Да сільных тых, хто даў вам вісельню і чын!
Ды ўсё ж такі гэта рыса, як вытвар няволі, не адпіхае беларусаў ад жыдоў: лішне многа бачылі мы адступнікаў ад нашага народу паміж самымі беларусамі... І Купала кажа:
Раскіданыя гібнуць па ўсім сьвеце.
Вы Мэсіі чакаеце яшчэ, жыды, —
Тэй Мэсіі ждуць Беларусі дзеці
І з вамі пойдуць, як вы з намі, ўсе тады.
Ваш ясны сьветач там, дзе Палестына!
Наш ясны сьветач — Маці-Беларусь адна;
Спадзе ланцуг ваш у сьляпым загіну,
Спадзе ланцуг наш і зазьзяе ўсім вясна!
Але дзеля таго, каб нашы дарогі не разышліся ў розныя бакі ( — а выхваляная ідэя сіянізму якраз суліць такое разыходжаньне!), Купала стаўляе жыдом цьвёрдае дамаганьне: у гэты гістарычны мамэнт, калі вырашаецца пытаньне аб будучыні Беларусі мо на доўгія часы, яны павінны сплаціць беларускаму народу стары доўг і падтрымаць яго ў барацьбе за волю і незалежнасьць:
Цяпер за вамі слова ў буру гэту:
Пайці ці не, з народам нашым да сьвятла...
Пара, жыды, паны усёга сьвету,
Сплаціці доўг, які вам Беларусь дала!
Адбіваючы правільна настроі беларускіх масаў у адносінах да жыдоў і жыдоўскага пытаньня ў пэрыяд нашых парываньняў да стварэньня сваей незалежнай дзяржавы, Купала, аднак, памыліўся ў адным: ня тыя жыды — «паны ўсяго сьвету», што ўвасабляюць жыдоўскую буржуазію і жыдоўскую фінансавую моц, пайшлі на супрацоўніўтва зь беларусамі, а тыя, што, як і наш народ працоўны, самі церпяць ад уціску сілы сусьветнага капіталу. З намі пайшлі жыдоўскія работнікі, якія там — на Усходзе — супольна зь беларускімі работнікамі і сялянамі будуюць Беларусь.[3]
- ↑ М. Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Вільня, 1920 г. — Стр. 116—117.
- ↑ Да тэксту Марцінкевіча музыку напісаў С. Манюшка.
- ↑ Першапачаткова апошні абзац меў іншую рэдакцыю: "Гэты гарачы кліч да жыдоў, выказаны ў высокамастацкай форме, бясспорна і разьдзяляецца ўсім сьвядомым беларускім грамадзянствам. А калі такія настроі, такія пагляды пануюць у павадыроў беларускага народу, у яго нацыянальных прарокаў, дык нельга сумлявацца, што ў вольнай і незалежнай Беларусі жыцьцё зьдзейсьніць тое, што знайшло ўжо для сябе гэткае яркае выражэньне ў беларускай літаратуры"