Супроць няволі, зьдзеку, аблуды,
Стогну пры сьценках — стральніцах;
Супроць бязпраўя, што гне усюды,
Енку у лёхах — вязьніцах;
Супроць тых жальбаў, што у вёсках чую —
Я пратастую!
Хай крык збалелы, што з сэрца рвецца,
Хмарамі неба закрые,
Хай злыдням громам у сумленьні б’ецца,
Віхрамі, бурай завые,
Хай у душах людзкіх бунтам бушуе,
Хай пратастуе!
Пратэст кідаю з душы збалелай
Проста тым злыдням у вочы,
Што ў прагавітасьці ашалелай
Зьнішчыць нас вельмі ахвочы,
Што абсьмяваюць справу сьвятую —
Я пратастую!
Калі памру, дык мой дух паўстане,
Зямлю пратэстам запаліць,
Маланкай злыдням у вочы гляне,
Громам усіх іх паваліць.
Панад Краінай будзе лятаці —
Пратаставаці.
У цёмных лёхах, пры шыбеніцах
Марай у вочы ён стане,
І з дзікай бурай, і у навальніцах
Злыдням у вочы загляне,
Іхня сумленьне, каб катаваці —
Пратаставаці.
Пратэст кідаю з мільёнаў сэрцаў,
Вечна, што церпяць нягоду,
І з тых мільёнаў, што у паняверцы,
З роспачы, енку народу,
Якога мукі я у сэрцы чую,
Дык пратастую!