Жаронцы
Жаронцы Казка Аўтар: народ |
Крыніца: http://bellib.org/2009-05-25-13-14-53/item/tales-folk/tales-folk-016.html |
Жылі дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі не было — толькі пеўнік і жаронцы.
Дзіўныя гэта былі жаронцы: паложыць у іх дзед адно зярнятка, пакруціць раз-другі, і цэлая кадушка мукі намелецца!
Добра жылі дзед з бабай самі і пеўніка не крыўдзілі.
Дачуўся пра дзіўныя жаронцы пан. Парашыў ён украсці іх.
Прыехаў адвячоркам да дзеда і просіцца пераначаваць. «На паляванні,— кажа,— быў: далёка дадому ехаць, а тут ноч надыходзіць...»
— Начуй сабе,— кажа дзед,— месца хопіць.
Уночы, як дзед і баба заснулі, пан украў жаронцы ды паехаў.
Моцна затужылі дзед з бабай па жаронцах. Сядзяць яны галодныя ды плачуць.
Пеўнік слухаў, слухаў іх, а потым і кажа:
— Не плачце, я вярну вам жаронцы!
— Дзе табе вярнуць іх! — кажуць дзед і баба.— Пан цябе і на парог не пусціць.
— Нічога,— падхрабрыўся пеўнік,— вярну. Хоць сам загіну, а жаронцы вярну.
Развітаўся ён з дзедам і бабай ды паляцеў у панскі двор.
Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму каршун.
— Куды, певень, ляціш? — пытаецца.
— У двор да пана.
— Чаго?
— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Я лячу іх сыскваць.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Лезь у валляк!
Каршун улез пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей.
Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму лісіца:
— Куды, певень, ляціш?
— У двор да пана.
— Чаго?
— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу сыскваць.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Лезь у валляк!
Лісіца ўлезла пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей.
Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму барсук:
— Куды, певень, ляціш?
— У двор да пана.
— Чаго?
Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу сыскваць.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Лезь у валляк!
Барсук улез пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей.
Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму воўк:
— Куды, певень, ляціш?
— У двор да пана.
— Чаго?
— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу сыскваць.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Лезь у валляк!
Ляцеў, ляцеў пеўнік і прыляцеў у двор да пана. А ў пана ў гэты час былі госці — пілі, гулялі. Вокны і дзверы насцеж парасчынялі.
Узляцеў пеўнік на падаконнік, залопаў крыламі ды заспяваў на ўвесь голас:
— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку! Ён у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Я прыляцеў сыскваць. Аддавай, пан, жаронцы!
Пану стала брыдка перад гасцямі, што пеўнік яго злодзеем абзывае. Вось ён і кажа:
— Слугі, слугі, схапіце крыкуна, укіньце ў куратнік: няхай яго куры задзяўбуць!
Схапілі слугі пеўніка, укінулі ў куратнік, а самі пайшлі. Тут пеўнік і кажа:
— Каршун, каршун, вылазь з валляка, падушы курэй!
Выскачыў каршун з валляка, перадушыў усіх курэй ды паляцеў у лес.
Пеўнік зноў прыляцеў на падаконнік:
— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку! Ён у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў...
— Ах,— кажа пан,— дык яго куры не задзяўблі? Добра ж! Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, занясіце ў гусятнік: няхай яго гусі зашчыплюць!
Схапілі слугі пеўніка і ўкінулі ў гусятнік. Пеўнік ачухаўся ды кажа:
— Лісічка, лісічка, вылазь з валляка, падушы гусей!
Лісіца так і зрабіла, а сама ў лес пабегла. Паляцеў пеўнік на падаконнік ды зноў сваё спявае:
— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку!..
— Ах,— кажа пан,— дык яго і гусі не зашчыпалі? Добра ж! Слугі, слугі, занясіце яго ў свінарнік: няхай яго свінні загрызуць!
Занеслі слугі пеўніка ў свінарнік. А там пеўнік кажа:
— Барсук, барсук, вылазь з валляка, пагрызі свіней.
Барсук так і зрабіў, а сам пабег у лес. Прыляцеў пеўнік на падаконнік:
— Ку-ка-рэ-ку!..
— Ах,— кажа пан, пачуўшы пеўнікаў голас,— дык яго і свінні не загрызлі?.. Слугі, слугі, укіньце яго ў стайню: няхай яго коні затопчуць!
У стайні пеўнік кажа:
— Воўк, воўк, вылазь з валляка, парэж коней!
Воўк выскачыў, парэзаў усіх коней і ходу ў лес.
Прыляцеў пеўнік на падаконнік:
— Ку-ка-рэ-ку!..
Пан аж за галаву хапіўся: што ж рабіць? Потым кажа:
— Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, занясіце кухару, няхай ён яго засмажыць!
Слугі так і зрабілі.
Кухар засмажыў пеўніка і прынёс на талерцы пану. Пан схапіў яго ды і праглынуў са злосці ўсяго адразу. А пеўнік ажыў у панскім жываце, вытыркнуў дзюбу праз правае вуха ды заспяваў:
— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку!.. Пан закрычаў:
— Слугі, слугі, хапайце сякеры, сячыце гэтага нягодніка!
Схапілі слугі сякеры, як секанулі, дык і адсеклі пану правае вуха... А пеўнік пералез у левае вуха ды зноў заспяваў.
Слугі, слугі,— крычыць пан,— сячыце яго!
Секанулі слугі, ды не па пеўніку, і адсеклі пану левае вуха. Застаўся пан без вушэй.
Тады пеўнік высунуўся ў рот.
Слугі, слугі,— крычыць пан, разявіўшы рот,— сячыце, сячыце яго!
Секанулі слугі, ды не па пеўніку, а па языку,— адсеклі пану язык.
А пеўнік выскачыў, паляцеў на падаконнік, сеў і спявае.
Бачыць пан — няма рады: усю яго жывёлу пеўнік перадушыў, ды і самога скалечыў. Вынес ён жаронцы з пакояў і аддаў іх пеўніку.
Пеўнік схапіў адзін камень пад адно крыло, другі — пад другое і паляцеў дахаты.
Зарадаваліся дзед з бабай жаронцам, пачалі ў іх муку малоць.
З мукі хлеб пякуць, самі ядуць і пеўніку даюць.