Перайсці да зместу

Ешчэ аб сплачываньню доўгу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Яшчэ аб сплачванні доўгу
Публіцыстыка
Аўтар: Лявон Гмырак
1913
Крыніца: Творы: проза, крытыка, публіцыстыка / Лявон Гмырак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1992 - с. 44

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Расійскія народнікі сямідзесятых гадоў лічылі, што яны маюць перад народам вялікі, неаплачаны доўг, каторы трэба вярнуць. «Исторические письма» Лаўрова «сфармулявалі гэтую думку, гаворачы, што ўсе багацейшыя станы праз цэлыя вякі карысталі з працы народу, самі прадукцыйна не працуючы, — забіралі большую частку здабытага мазалістымі рукамі дабра; бралі вялікі падатак крыві, беручы шмат народу ў салдаты, зрабілі ўрэшце ўвесь народ сваім нявольнікам, сурова панавалі над ім, здзекуючыся і саўсем не лічачыся з яго пачуццём уласнага гонару. Рабілі гэта вышэйшыя станы, саўсем не задумваючыся над тым, ці маюць яны на гэта маральнае права. Але во і ў гэтых станах з'явіліся людзі з больш адзыўчывай душой, з чуткім сумленнем; задумаліся яны над тым, ці справядліва гэта, ці павінна так быць. І зрузумеўшы, што так быць не павінна, адчулі, колькі зла іх бацькі зрабілі народу, колькі ён ад іх крыўды перанёс.

Гэта крыўда і ёсць той вялікі доўг, каторы яны павінны вярнуць, пасвяціўшы ўсе свае сілы працы дзеля народнага дабра. Доўг гэты ляжыць не толькі як плата за грахі бацькоў. І яны самі ўжо скарысталі з народнай працы: яны паканчалі розныя школы, прачыталі шмат разумных кніг. А хто ж плаціць грошы за ўтрыманне школ, калі не народ? Выгадавалі іх бацькі за якія грошы? За грошы, здабытыя эксплуатацыяй народу.

Шмат гадоў прайшло з той пары. Сямідзесятнікі, нягледзячы на ўсе геройскія натугі, на ўсю маральную сваю чысціню, на ўсю інтэлектуальную сумленнасць, не змаглі дабіцца сваёй мэты. Аб прынцыпе сплачвання доўгу, на каторы сямідзесятнікі часта спасылаліся, іх патомкі перасталі гаварыць. Гэты прынцып стаўся элементарнай, усім вядомай праўдай, каторай адны з энтузіязмам трымаліся, другія адкідалі, але ўсе гэта ведалі і спамінаць ім не трэба было.

Бывалі наконт гэтага і кур'ёзы. Пару гадоў таму назад гр. Бобрынскі на сходзе ”мінскіх нацыяналістаў” клікаў іх сплачываць доўг беларускаму народу. Які гэта доўг прызнаваў граф і як яго мінскія нацыяналісты мяркуюць сплачываць, мы не ведаем. Ведаем толькі, што сам Бобрынскі багач, памешчык Тульскай губерні. Яго вясковыя суседзі, куды бліжэйшыя яму па крыві, чым мінскія беларусы, колькі гадоў таму назад,— відаць, мала рахуючы на тое, што граф прыпомніць аб сваім доўгу,— прабавалі вярнуць яго «сваімі стрэдствіямі», але даўжнік паклікаў ваенную помач, і крэдытораў высеклі, як сідараву казу. Вось як сплачвае доўг граф на практыцы, а на словах глядзі куды махнуў.

Успомніўшы гэта, як кур'ёз, прыгледзімся да дужа арыгінальнай фармуліроўкі сплачвання доўгу, якую даў нам Юрый Верашчака ў № 26-27 «Нашай нівы». Ягамосць Юры Верашчака прызнае факт, што беларускія дзяйцы маюць доўг... перад прыродай Беларусі. Родная наша прырода сваёй велічавай прыгажосцю будзіць у кожнай адзыўчывай душы гэтулькі пекных перажыванняў — ахвоты да таго, каб самому стацца лепшым і пхнуць да гэтага другіх, што чалавек за гэта мае перад ёй вялікі доўг. Значыць, гэты доўг маюць і нашы паэты і белетрысты, і яны павінны пачаць сплачваць яго, даючы пекныя, праўдзівыя малюнкі гэтай прыроды. Ягамосць Верашчака знаходзіць, што дагэтуль яны гэтага доўгу і ў малой нават частцы не сплацілі, бо яны, калі спаміналі яго, то казалі «невясёлая старонка наша Беларусь», «Край наш бедны, край наш родны — гразь, балота ды пясок» і г. д.

Гэтая фармуліроўка сплачвання доўгу пераносіць справу ў саўсем другую плоскасць — падыходзіць да яе саўсем не з таго боку, з якога падышоў Лаўроў і расейскія сямідзесятнікі.

Думкі ягамосця Верашчакі, трэба гэта прызнаць, дужа арыгінальныя, і калі іх акуратна выразумець, зусім справядлівыя. Я абедзвюма рукамі гатоў падпісацца пад тым, што багата душы дала прырода нашай бацькаўшчыне, што за гэта мы даўжнікі яе, гэты доўг мы павінны адчуваць і колькі хопіць сіл старацца звярнуць яго. Але разам з гэтым я лічу саўсем справядліва і той бок сплачвання доўгу, аб якім казаў Лаўроў. Калі гэтак, то, значыцца, поўная фармуліроўка гэтай справы павінна абхопліваць абедзве формулы. Аб гэтым ягамосць Верашчака не абгаварыўся і даў праз тое права думаць, што прызнае толькі доўг перад прыродай, а адракаецца ад прызнання яго перад людзьмі. Бадай што, ягамосць Верашчака свядома справы гэтай так не ставіў і толькі няясна выразіўся, праз што даў повад да ўсіх гэтых думак.

Далей мы ведаем, што чуць не ўсе беларускія пісьменнікі і дзейцы выйшлі з народу, што іхнія дзяды адбывалі прыгон і пераносілі ўсялякі здзек, — значыць, яны скарэй крэдытары, чым даўжнікі. З другога боку, яны ўсё ж такі зрабіліся сілай, маюць у большай ці меншай меры дар «глаголам жэч сэрцы людзей», — і зусім натуральна будзе, калі яны пачуюць патрэбу, а нават і прызнаюць сваёй павіннасцю тое, каб народ падняць да таго, да чаго яны самі дайшлі. Прытым жа хоць і не багата іх, а ўсё ж такі ўжо ёсць, а ў будучыні мо і болей будзе такіх людзей, каторыя па бацьках дасталі не аплачаныя даўгі, а нават і самі за сваё гадаванне і навукі, вялікія ці малыя, але ўсё ж такі даўгі маюць.

Прытым важна нам не гэтулькі сама формула, колькі вывады з яе, не гэтулькі разгадка пытання, ёсць за намі доўг ці не, колькі канкрэтная задача працаваць для народнага дабра. Тых, хто не прызнае гэтай формулы, можна падазраваць, што яны не прызнаюць і яе вывадаў: а калі гэтак, раз зайшла гаворка аб сплачванні доўгу, нельга абысці маўчаннем і гэтага боку справы.

Цяпер паглядзім, як сплачвае доўг народу беларускае пісьменства, гэта значыць, які яно мае характар цяпер і якія шляхі намячаюцца яго ў будучыні.

Усім, знаёмым з творамі нашых пісьменнікаў, кідаецца ў вочы тое, што яно перайшло ўжо дзве стадыі развіцця: першую — сентыментальнае народніцтва з моцнай 19. польскай, а нават шляхецкай закваскай, другую — рэалізм, глыбока пранікнуты шчырым дэмакратызмам. Баршчэўскі, Марцінкевіч і іншыя менш выдатныя іх сучаснікі — гэта прадстаўнікі першай стадыі. Багушэвіч стаіць на раздарожжы, і творчасць яго мае яшчэ, хоць сабе і шмат слабейшую, як у яго папярэднікаў, клерыкальна-польскую закваску («Свая зямля», «Хрэсьбіны Мацюка»), з другога боку, ён нам даў такія творы, як «У судзе», «У астрозе», «Быў у чыстцы», «Скацінная апека», «Кепска будзе» і іншыя, каторыя пранікнуты шчырым народніцтвам саўсем не польскага тыпу.

Пасля 1905 года з'явілася плеяда беларускіх пісьменнікаў, якія ўсе да аднаго выйшлі з народу, і яны ўжо саўсем ясна далі той характар пісьменству, які яно цяпер носіць. У іх творчасці мы знаходзім тыя ж грамадзянскія ноткі, той шчыры і шырокі дэмакратызм, які вырастае зазвычай на здаровай і плоднай народнай глебе. Нашы пісьменнікі глыбока адчуваюць народнае гора, шчыра спагадаюць сяр мяжнікам і дужа праўдзіва малююць іх жыццё, іх злыбеду, з якой ім трэба змагацца. Творчасць іхняя пранікнута здаровым аптымізмам і цвёрдай верай у тое, што будзе ўнукам панаванне, там, дзе сёння плача дзед. Гэтымі настроямі пранікнута творчасць Я. Коласа, Я. Купалы, М. Багдановіча, Цішкі Гартнага, Галубка, Я. Журбы.

Т. Гушча, М. Беларус, З. Бядуля, Ядвігін Ш. і іншыя нашы белетрысты таксама малююць рэальнае жыццё. Дэкадэнцкія настроі, так прыметныя ў пісьменствах іншых народаў, у нас пакуль што не праяўляюцца.

Наша нацыя дужа дэмакратычная — вышэйшыя станы «in corpore» перайшлі к чужым — лічыць на нацыянальнае адраджэнне іх няма што. Аддзельныя асобы адтуль пераходзілі да нас і будуць пераходзіць — але маса заўсягды будзе варожа нашаму руху. Гэта бачым у ўсіх адраджаючыхся нацый — няма чаго спадзявацца, што ў нас будзе інакш.

Тыя, што з паваротнай хваляй пераходзяць да нас з пануючых нацый,— гэта найбольш людзі, глыбока пранікнутыя любоўю да народу, якія хочуць працаваць для яго лепшай будучыні. Гэткія людзі найчасцей бываюць надта далёкія ад усялякіх дэкадэнцкіх настрояў; а тыя, хто гэтыя настроі перажывае, так далёкія ад рэальнага жыцця і яго патрэб, што бадай ці хто-небудзь з іх пяройдзе да нас. Яны астануцца там, дзе цяпер знаходзяцца, а, праўду кажучы, не надта яны нам патрэбныя.

Далей мы бачым, што дагэтуль большасць нашых пісьменнікаў выйшла з народных мас. У будучыні, калі жыццё нашае, як і ўсюды, будзе ўсё болей дэмакратызавацца і народу болей, як цяпер, стане даступнай асвета, — лік такіх самародкаў дужа ўзрасце, і яны, а не выпадковыя перакінчыкі, будуць даваць тон пісьменству, як і дагэтуль яно было.

Таго ж, каб пісьменнікі, выйшаўшыя з народу, пранікліся дэкадэншчынай, бадай што, не будзе. Дэкадэншчына — гэта вынік раскладу і выраджэння пануючых класаў; народу з яго цяжкім працавітым жыццём, з яго пакуль што не рэалізаваным ідэалам лепшага жыцця гэтая псіхалогія саўсем чужая. Мы і бачым, што нашы пісьменнікі далёка ад гэтага. Расейскія журналы пішуць, што паміж рабочых і сялян дужа любяць чытаць Някрасава, Глеба Успенскага, Шчадрына і іншых пісьменнікаў-грамадзян, а саўсім мала цікавяцца тымі дэкадэнцкімі пісакамі, якіх там ахвотна чытаюць паны.

Мы бачым, што ў украінцаў, якія жывуць у варунках надта падобных да нашых, у пісьменстве перамагае рэалізм і грамадзянскія ноты, хоць там сярод пісьменнікаў працэнт «паваротнай хвалі» куды большы, чым сярод нас ёсць цяпер і можа быць у будучыні.

Шмат ёсць украінскіх пісьменнікаў-мадэрністаў — гэта праўда; але бадай ці не большасць іх галічане. У расійскай Украіне перамагае рэалізм, чым украінскае пісьменства карысна розніцца ад сучаснага расейскага.

Асобныя пісьменнікі-дэкадэнты з часам, калі больш пашырыцца наш рух, калі шырэй захопіць ён грамадзянства, можа, і явяцца, але перамагаючая большасць пісьменнікаў, усе лепшыя сілы будуць ісці, як і дагэтуль ішлі, «шляхам жыцця». Адгукаючыся на ўсе важнейшыя праявы жыцця і магучай сілы слова будзячы ў нашым грамадстве любоў да бацькаўшчыны, гуманныя думкі, жаданні ўсе сілы аддаць свайму гаротнаму народу, любоў да ўсяго свайго і нашай прыгожай прыроды, яны праз гэта падрыхтуюць кадры працаўнікоў для дабра свайго краю, паколькі хопіць сіл, гатовых сплачваць яму доўг.