Ерэтык (Шаўчэнка/Колас)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Ерэтык
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Якуб Колас


ЕРЭТЫК

Шафарыку

Падпалілі у суседа
Новую хаціну
Злыя людзі; нагрэліся,
Пайшлі на спачынак,
Ды забылі шэры попел
Па ветры развеяць.
Ляжыць попел на ростані,
А ў попеле тлее
Іскра агню вялікага.
10 Тлее, не згасае,
Жджэ падпалу, як той помснік,
Часу дажыдае,
Злога часу. Тлела іскра,
Тлела, ўсё чакала
На ростані на шырокай
Ды ўжо гаснуць стала.

Вось так нямчура запаліла
Вялікі дом наш. І сям'ю,
Сям'ю славянаў падзяліла,
20 І ціха, ціхенька ўпусціла
Нязгоды лютую змяю.

Паліліся крыві рэкі,
Пажар загасілі.
А нямчуры пажарышча
Й сірат падзялілі.
Вырасталі ды ў кайданах
Славянскія дзеці,

І забыліся ў няволі,
Што яны на свеце!
30 А на даўнім пажарышчы
Іскра брацтва тлела —
Датлявала і чакала
Цвёрдых рук ды смелых.
І прыждала… Стала бачыць
У тым тле глыбока
Агонь добры смелым сэрцам,
Смелым орлім вокам!
І засвяціў любамудры,
Светач праўды, волі…
40 І славянскія народы
У цьме і няволі
Пералічыў да аднаго,
Пералічыў трупы,
А не славян. І ты стаўся
На вялікіх купах —
На ростані усясветнай
Іезекіілем.
І — о дзіва! Трупы ўсталі
І вочы раскрылі;
50 І брат з братам абняліся,
І прагаварылі
Слова ціхае любові
Навекі і векі!
І паплылі ў адно мора
Славянскія рэкі!

Слава табе, любамудры,
Чэху-славяніне,
Што не даў ты патануці
У нямецкай плыні
60 Нашай праўдзе! Тваё мора
Стане морам новым!
Будзе скора яно поўным,
І паплыве човен
З шырокімі ветразямі,
Са стырном удалым,
Паплыве па вольным моры,
На шырокіх хвалях.

Слава табе, Шафарыку,
Вавекі і векі,
70 Што сабраў ты ў адно мора
Славянскія рэкі!



Прывітай жа ў сваёй славе
І маю нябогу,
Лепту-думку нямудрую
Пра чэха святога,
Вялікага мучальніка,
Пра слаўнага Гуса!
Прымі, ойча. А я ціха
Богу памалюся,
80 Каб усе славяне сталі
Добрымі братамі
І сынамі сонца, праўды
І ерэтыкамі,
Вось такімі, як Канстанцкі
Ерэтык вялікі!
І мір свету падаруюць
І славу вавекі!

22 лістапада 1845

у Пераяславе

Камень, егоже небрегоша
зиждущий, сей бысть во главу
угла: от господа бысть сей,
и есть дивен во очесех наших.

Псалом 117, стих 22.

"Кругом няпраўда і няволя,
Народ замучаны маўчыць.
90 І на апостальскім прастоле
Чарнец адкормлены сядзіць.
Крывёй гандлюе пад'ярэмных
І рай у наймы аддае!
Цару нябесны! Надарэмны
Твой суд і царствіе твае.

Разбойнікі, людаеды
Праўду пабаролі,
Асмяялі тваю славу
І сілу і волю.
100 У кайданах зямля плача,
Як па дзецях маці.
Няма каму раскаваці,
Аднадушна стаці
За евангелле той праўды,
Якой прагнуць людзі!
Няма каму! божа! божа!
Ці ж то так і будзе?
Не! Настане час вялікі
Нябеснае кары!
110 Ці разломім тры кароны
На гордай ціары?
Так, разломім! Благаславі
На помсту, на мукі,
Благаславі мае, божа,
Няцвёрдыя рукі!»

Вось так у келейцы праўдзіва
Іван Гус думаў разарваць
Аковы пеклавы!.. І дзіва,
Святое дзіва паказаць

120 Вачам нязрачым.

«Пабарусь!..
За мяне бог!.. Хай споўніцца!»
І ў Віфлеемскую капліцу
Пайшоў маліцца добры Гус.

---

«У імя госпада Хрыста,
За нас распятага на дрэве,
І ўсіх апосталаў святых,
Пятра і Паўла асабліва,
Мы адпускаема грахі
130 Вось гэтай булаю святою
Рабыні божай…»
«Вось той самай,
Што вадзілі па вуліцах

Пазаўчора ў Празе.
Вось той самай, што сланялась
Па шынках, па стайнях,
Па пярэсмыках манашых
І па келлях п'янай!
Вось яна і зарабіла
Ды булку купіла:
Святой стала!.. Божа! божа!
Вялікая сіла!
Вялікая слава! Зірні на людзей!
Адпачынь ад кары у прасветлым раю!
За што прападаюць? За што ты караеш
Сваіх і пакорных і добрых дзяцей?
За што закрыў іх, божа, вочы
І вольны розум акаваў
Кайданамі ліхое ночы?
Празрыце, людзі, — дзень настаў!
Распраўце рукі, мрок аблуды.
Развейце, чэхі, будзьце людзі,
А не пасмешышча папам!
Каты, разбойнікі ў ціарах
Ўсё патапілі, ўсё ўзялі,
Як у Маскоўшчыне татары,
І нам, сляпым, перадалі
Свае дагматы!.. Кроў, пажары,
Ўсё зло на свеце, як біч кары,
Пякельных мук бясконцы рад…
І поўны Рым байстрат!
Вось догматы іх і іх слава!
То слава ў яве!.. А цяпер
Вось тым паложана канклавам:
Хто без святой булы памёр —
У пекла пойдзе! Будзе ж плата
За булу ўдвойчы — рэж хоць брата,
Апроч пап і чарняца,
І ў рай ідзе! Канец канцам!
І злодзея ж зладзей акрадзе,
Ды яшчэ ў цэркве. Гады! гады!
Ці напіліся вы ці не
Людской крыві?.. І хіба мне,
Вялікі госпадзі, малому,

Судзіці дзеянні твае
Волі святой? Кары свае
Ты без віны не шлеш нікому.

Малюся, госпадзі, памілуй,
Выбаў ты нас, святая сіла!
180 Парань язык мой за хулы
Ды ранай выбаў з боляў злых.
Не дай жа здзеквацца лукавым
І над тваёю вечнай славай
Й над намі, простымі людзьмі!.."

І плакаў Гус у тым маленні,
І цяжка плакаў... Люд маўчаў
І моўчкі думаў у здзіўленні:
Супроць каго руку падняў?



"Глядзіце, людзі! Вось дзе була,
190 Што я чытаў!" - і паказаў
Народу. Боязнь агарнула:
Іван Гус булу разарваў!!
І з Віфлеемскае капліцы
Аж да сусветнае сталіцы
Пагудка шумная пайшла.
Манахі ў страху... Нібы кара,
Канклаў пагудка затрасла, -
І пахілілася ціара!

Зашыпела, як гадзюка,
200 Погань з Ватыкана.
Шапочыцца Авіньёна
З рымскімі папамі;
Шапочуцца антыпапы,
Аж сцены трасуцца
Ад шопату. Кардыналы,
Як гадзюкі, ўюцца
Ля ціары. Ды ціхачом,
Як каты, дзяруцца
За мышанё... Ды як зноў жа?
210 Аднае той скуры
Гэтак сіла!.. А мясішча!!!

Аж дрогнулі муры,
Як успомнілі, што ў Празе
Гегекнулі гусі
Ды з арламі ляцяць біцца...
Канклаў схамянуўся,
Сабраў раду. Ухвалілі:
Усім разам стаці
Супроць Гуса і ў Канстанцы
Вараннё склікаці
І сцерагчы колькі сілы
І з ары і з долу,
Каб не села тая птаха
На славянскім полі.

І вараннё поле ўкрыла -
Папы павалілі
Да Канстанцы; шляхі, стэпы
Саранчой забілі
Бароны, герцагі, і д'юкі,
Псары, геральды, шынкары,
І трубадуры (кабзары),
І шляхам войска, як гадзюкі,
І герцагіні з немчурою;
Хто з сакаламі на руках,
Хто пешкі, верхам на аслах -
Бы на аблаву ўсе гурмою,
Як гады, ў вырай, аж кішаць!
О чэху! Дзе твая душа??
Глядзі, што сілы паваліла,
Як сарацына ваяваць
Або вялікага Атылу!
У Празе глуха гаманяць
І цэсара, і Вячаслава,
І той сабор тысячаглавы
Уголас лаюць і пускаць
на сход не хочуць яны Гуса...
"Жыў бог! Жыва душа мая!
Браты, я смерці не баюся!
Я давяду ўсім тым вужам!
І ненасытнае іх вырву джала!.."

І чэхі Гуса праважалі,
Як дзеці бацьку.



Зазванілі у Канстанцы
Рана ва ўсе звоны.
Тлум сабраўся кардыналаў
Гладкіх і чырвоных,
Як бугаёў на выпасе,
І натоўп прэлатаў,
І тры папы, і баронства,
260 І князёў багата.
Сабраліся, як Іуды
На суд непраўдзівы
Супроць Хрыста. Сваркі, гоман -
То раве, то вые,
Нібы нейкі дзікі табар
Ці кагал у школе...
І - ўсім разам як зарвала!..

Як кедр сярод поля
Ліванскага, - у кайданах
270 Стаў Гус перад імі
І акінуў нечасцівых
Орлімі вачымі.
Затрасліся, пабялелі,
Моўчкі азіралі
Мучальніка. "Што ж вы мяне -
На дыспут пазвалі?
Ці каб глядзець на кайданы?"
"Маўчы, чэх бязверы..." -
Гадзюкаю зашыпелі,
280 Зараўлі, як зверы.
"Ты ерэтык! Ты ерэтык!
Ты сееш расколы!
І нязгоды развіваеш,
Свяцейшае волі
Не прымаеш!.. Адно слова! -
Ты богам пракляты!
Ты ерэтык! Ты ерэтык!.."
Раўлі ўсе прэлаты.

"Ты усобнік!.. Адно слова -
290 Ты ўсімі пракляты!.."
Паглядзеў Гус на прэлатаў
Дый пайшоў з палаца.
"Пабаролі! Пабаролі!.."
Нібы звар'яцелі.
"Аўтадафе! Аўтадафе!.." -
Гуртам заравелі.

І ўсю ноч банкетавалі
Папы́, бароны... Ўсе пілі
І сп'яна Гуса пракліналі,
300 Аж покі звоны загулі.
І дзень настаў... Ідуць маліцца
Ксяндзы за Гуса. З-за гары
Выходзіць сонца, аж гарыць.
І сонца хоча, аж гарыць.
І сонца хоча падзівіцца,
Што будуць з праведным тварыць?!

Зазванілі ва ўсе звоны
І павялі Гуса
На Галгофу у кайданах...
І не пахіснуўся
310 Перад агнём. На агні стаў
І моліцца богу.
"О госпадзі міласэрны!
Што зрабіў я злога
Гэтым людзям, тваім людзям?
За што мяне судзяць?
За што мяне распінаюць?
О людзі вы, людзі!
Маліцеся! Вы - нявінны!
І з вамі так будзе!
320 Маліцеся! Злыя зверы
Прыйшлі ў воўчых шкурах
І пазуры распусцілі...
Ні горы, ні муры
Не схаваюць. Разальецца
Чырвонае мора
Крыві. Крыві з дзяцей вашых...
О гора! о гора!

Унь яны! Ў адзежах ясных.
Іх лютыя вочы...
330 Ужо крыві..."
"Палі! Палі!"
"Крыві вашае!.." І дымам
Праведнага ўкрыла.
"Маліцеся! маліцеся!
Госпадзі, памілуй,
Даруй ты ім - не ведаюць!.."
Ды не чутна стала.
Вакол агню, як сабакі,
340 Ўкруг манахі сталі.
Баяліся, каб не вылез
Гадзюкаю з жару
Ды не павіс на кароне
Або на ціары.
Пагас агонь; дзьмухнуў вецер
І попел развеяў.
І бачылі на ціары
Чырвонага змея
Людзі простыя. Манахі
350 Te deum спявалі.
Разышліся па хаўтурах
І хаўтуравалі
І дзень і ноч, аж папухлі.
Малою сям'ёю
Прыйшлі чэхі, зямлі ўзялі
З таго кастра, з ёю
Пайшлі ў Прагу. Гэтак Гуса
Ксяндзы асудзілі,
Запалілі... Ды божага
360 Слова не спалілі,
Не згадалі, што вылеціць
Арол з па-над хмары -
Замест гуся - і расклюе
Папскую ціару.
Дык няхай ім! Разбрыліся,
Як тыя вароны,
З крывавага таго свята
Манахі, бароны,

Парасселіся ў будынках,
370 Клопату не маюць;
Банкетуюць, час ад часу
Te deum спяваюць.
Ўсё зрабілі... Ды чакайце!
Унь над галавою
Стары Жыжка з Табарова
Махнуў булавою.

10 кастрычніка 1945

с. Мар'інскае