Дэмакратыя, пралетарыят і нацыянальнае пытаньне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Дэмакратыя, пралетарыят i нацыянальнае пытаньне
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1923
Крыніца: Луцкевіч А. Дэмакратыя, пралетарыят і нацыянальнае пытаньне // Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху. Смаленск, 2015. С. 121—123. Тэкст друкуецца паводле: Наш Сьцяг. 1923. 9 чэрвеня.


Дэмакратыя, ці дыктатура пралетарыяту? — Вось пытаньне, аб якім ідзе цяпер спорка ня толькі ў тэорыі, ня толькі на словах, але і на практыцы, на дзеле. Мы маем на думцы эксперымент рэалізацыі дыктатуры пралетарыяту ў злучаных Савецкіх Рэспубліках, пабудаваных на руінах Расейскае дзяржавы, і тыя варожыя адносіны да гэнага экспэрымэнту, з якімі ён сустрэўся з боку сусветнае дэмакратыі.

Аднак, ня будзем затрымлівацца на істоце споркі ў поўным аб’ёме яе: не тэорыя, а практыка — само жыцьцё разьвяжа яе аканчальна. Мы разгледзім толькі адзін мамэнт у гэтай спорцы, — мамэнт, які адносіцца да разьвязкі нацыянальнага пытаньня на грунце аднае і другое ідэалогіі — дэмакратычнае і пралетарскае.

Тут мы павінны зразу адзначыць, што заходня-эўрапэйская дэмакратыя не здалела на практыцы разьвязаць нацыянальнае пытаньне хаця ў найменшым прыбліжанэньні да сваіх тэорэтычных дэкларацый. У прылажэньні да жыцьця ўсіх дэмакратычных лёзунгаў аб нацыянальнай свабодзе і нацыянальным самавызначэнні выявілася поўнае банкруцтва сучаснае дэмакратыі. Запраўды: перш за ўсё лёзунгі гэтыя звужаны толькі да волі для дзяржаўных нацыянальнасцей. Англія зялезным кулаком сваім заціскае горла народаў ірландскага і індускага. Француская палітыка ў адносінах да колоніяльных народаў выклікае шчырую агіду. Прызваная да жыцьця воляй вялікіх заходня-эўрапэйскіх дэмакратый Польшча дзеліць на часці Беларусь, пазбаўляючы насяленне яе ня толькі права на самавызначэнне, але і права на самастойнае культурнае жыцьцё. Тая-ж Польшча, ня гледзячы на абяцанкі тых-жа заходне-эўрапэйскіх дэмакратый, не дае аўтаноміі Усходняй Галічыне і адмаўляе украінцам нацыянальных правоў гэтак сама, як і беларусам. І ўсё гэта робіцца з ведама і з благаслаўленьня перш за ўсё дэмакратычнае Францыі, а такжа і яе дэмакратычных саюзьніц... Пытаньне аб недзяржаўных нацыянальнасцях дэмакратыяй зусім не разьвязана і астаецца ў гэты мамэнт як раз у тым самым палажэнні, у якім знаходзілася перад сусветнай вайной.

Зварачаючыся цяпер да адносін паміж дэмакратыямі дзяржаўных народаў, трэба адзначыць, што і тут мы ня бачым прылажэньня на практыцы гучных лозунгаў дэмакратыі, асабліва калі справа датычыцца пытаньня аб прынцыпе роўнасці. Заходня-эўрапэйская дэмакратыя надзелена на дзьве часціны: пераможцаў у сусветнай вайне і пераможаных. У дзіўным засьляпленьні француская дэмакратыя лятуціць аб гегемоніі Францыі ў Эўропе, арганізуе малыя дзяржавы, што апынуліся ў сфэры францускіх уплываў, дзеля новае крывавае расправы з Нямеччынай і, эвэнтуальна, з Савецкімі Рэспублікамі, ды сваімі карацельнымі санкцыямі, захватам нямецкае тэрыторыі і нацыянальных багацьцяў нямецкага народу ўбівае нож у сьпіну найдэмакратычнейшае спаміж усіх дэмакратычных рэспублік і падстаўляе грунт дзеля пераходу ўлады, вырванае нямецкім народам з рук кайзэраў, у рукі Штінэсаў. А адначасна з гэтым паходам проці нямецкае дэмакратыі эўрапэйская дэмакратыя народаў-пераможцаў вядзе такіж недастойны паход проці адрадзіўшайся турэцкай дэмакратыі — і то выключна дзеля карысьці свайго ненасытнага капіталу!

Абраз нязвычайна сумны. Сумны ня толькі затым, што дэмакратычная ідэалогія ў нацыянальным пытаньні яўна збанкрутавала, але і затым, што няздольнасць дэмакратыі разьвязаць на практыцы нацыянальнае пытаньце суліць свету новыя налічаныя беды...

Зьвернемся цяпер да другое ідэалогіі — ідэалёгіі пралетарскае — і разгледзім, як тут на практыцы разьвязываецца нацыянальнае пытаньне. Матэрыялам дзеля нашых разважанняў будзе служыць пры гэтым выключна практыка Саюза Сацыялістычных Савецкіх Рэспублік: гэта — адзінае гаспадарства, дзе зрэалізавалася на дзеле ідэя дыктатуры пралетарыяту.

Тутака мы можам адзначыць два дужа цікавыя пэрыяды. У мамэнт сацыяльнае рэвалюцыі ў Расеі быў абвешчаны такі шырокі прынцып самавызначэньня нацыянальнасцей, што дапускалася навет поўнае аддзяленьне кожнага народу ад Расейскае Сацыялістычнае Фэдэрацыйнае Савецкае Рэспублікі. Вось-жа ў пэрыад будаваньня Рэспублікі прынцып гэты доўгі час істнаваў толькі на паперы. Яму давялося змагацца з дзьвюма перашкодамі. З аднаго боку рэалізацыя дыктатуры пралетатарыяту ў старане, дзе галоўную масу насяленьня становіць сялянства, а лічэбнасьць пралетарыяту — дужа невялікая, вымагала самае поўнае канцэнтрацыі ўлады ў руках пралетарыяту вялікіх прамысловых цэнтраў і сталіц. Гэта аддало ўладу ў рукі вялікарускага пралетарыяту і вялікарусаў наагул, пад той час, як «інародныя» акраіны былі пазбаўлены навет магчымасці думаць аб якім-колечы самавызначэныіі, ня кажучы ўжо аб аддзяленьні ад Расеі. З другога боку, у гэты пэрыад вельмі ярка выявілася імкненне вялікарусаў у тым ліку і камуністычнае інтэлігенцыі — да вялікадзяржавія, гегемоніі, пяршынства сярод народаў рэспублікі. І толькі цяпер, з пачаткам новага пэрыаду ў савецкім дзяржаўным будаўніцтве, мы бачым барацьбу ідэалёгаў дыктатуры пралетарыяту з гэтым імкненнем.

Новы пэрыад у савецкай палітыцы пачаўся нядаўна. Гэта пэрыад крытычнае праверкі ўсяго, што зроблена ў часе тварэньня Р. С. Ф. С. Р. Побач з НЭПам (Новай Эканамічнай Палітыкай), мы бачым і Новую Нацыянальную Палітыку, і цяпер робіцца дужа сур’ёзны падход да запраўднае рэалізацыі прынцыпу, абвешчанага расейскай сацыяльнай рэвалюцыяй. На першым месцы бачым прызнаньне, што нацыянальныя асаблівасьці кожнага народу, яго нацыянальная культура – гэта вялікая цэннасць, якую трэба шанаваць, а ня нішчыць. У сувязі з гэтым даецца шырокі прастор культурна-нацыянальнай працы «інародцаў», у тым ліку і беларусаў. Мала таго: нацыянальны прынцып кладзецца ў аснову перабудовы ўсяго дзяржаўнага ладу Савецкае Расеі. Замест Расейскае Рэспублікі творыцца Саюз Сацыялістычных Савецкіх Рэспублік. Рэспублік нацыянальных. І такім чынам намячаецца дарога да перастройкі адносінаў і паміж дзяржаўнымі народамі наагул: Саюз можа тэрытарыяльна пашырыцца ўсё далей і далей, імкнучыся абняць усе народы сьвету.

Гэтак бачым першую спробу даць ня толькі ў тэорыі але і на дзеле разьвязку нацыянальнага і нацыянальна-дзяржаўнага пытаньня. І пад той час, як дэмакратыя не адважылася навет падысці да гэнае разьвязкі, не пайшла далей дэкламацыі аб Вільсонаўскім прынцыпе самавызначэньня нацыянальнасьцей, астаўшымся пустым словам, пралетарыят меў адвагу і волю рэалізаваць, правясці ў жыцьцё тое, што прызнаў справядлівым у тэорыі.

Ведама, мы можам дагэтуль гаварыць толькі аб падыходзе да разьвязкі нацыянальнага пытаньня ў С. С. С. Р. Там яшчэ дужа сільны перашкоды, якія на кожным кроку сустракае і будзе сустракаць новая нацыянальная палітыка. Там яшчэ прыходзіцца лічыцца з вялікадзяржаўнымі імкненьнямі расейцаў, з асаблівым соцыяльным укладам жыцьця паадзінокіх народаў, якія ўваходзяць у склад С.С.С.Р. Беларускаму народу прыдзецца яшчэ мо доўга змагацца з маскоўскім цэнтралізмам, які, згадзіўшыся на Рыжскім міры на падзел Беларусі між Расеяй і Польшчай, правёў яшчэ другі падзел Беларусі — падзел унутраны, адарваўшы ад Савецкае Беларусі Віцебшчыну. Магілёшчыну і Смаленшчыну і далучыўшы іх да Маскоўшчыны, каб лягчэй было вясці дэнацыяналізацыю беларусаў.

Але факт астаецца фактам: тое, на што ня важылася дэмакратычная ідэалёгія, узялася правясьці ў жыцьцё ідэалёгія пралетарская.