Перайсці да зместу

Дэлегатка (1928)/Як я зрабіўся контрабандыстым

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Маці Як я зрабіўся контрабандыстым
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1928 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як я зрабіўся кантрабандыстам.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯК Я ЗРАБІЎСЯ КОНТРАБАНДЫСТЫМ

(Маленькі роман)

1. Па вытаптаных сьцежачках

Хадзіў-брыў я па сьцежачках, вытаптаных маімі цяжкімі ангельскімі бацінкамі па тротуарах нашай сталіцы. Каля багатых вітрын з золотам, срэбрам і дарагімі рэчамі, каля кавярні мае бацінкі з жалезнымі цьвякамі выбілі глыбокія яміны, якія у дажджлівыя дні напаўняліся бруднай жыжай. Я стаяў каля гэтых вабных вітрын цэлымі гадзінамі і казаў у сэрцы сваім:

— Годзе табе, Сымонка, займацца глупствам! Твае фэльетоны засталіся па-за межамі дабра і зла, гэта значыць — па-за межамі Нэпу. Праўда, нагавіцы сабе купіў новыя на Нізкім рынку, абедаеш штодня, але… шмат новых асалод жыцьця патрабуе тваё грэшнае цела і зьбянтэжаны дух.

І на тротуарах маёй душы зайздросныя думкі вытапталі брудныя яміны. Яміны гэтыя я адчуваў усёй маёй істотай.

2. Чаму і чаму?

Я пачаў агнёвую бамбардыроўку. Бамбардыраваў сам сябе рознымі запытаньнямі;

Чаму і чаму?

Чаму мне не пасядзець пад вясёлую музыку пры шклянцы кавы з цястэчкамі?

Чаму мне не заказаць ангельскага касьцюму ў Фрыдлянда?

Чаму мне не пакатацца на самаходзе?

Чаму мне не пажыць так, як добрыя і кемныя людзі жывуць?

Чаму мне не перавандраваць да клясы буржуазіі, якая ўмее знаходзіць асалоду ў жыцьці?

Чаму мне не зрабіць прыемнай паездкі па СССР?

Ці ня досыць мне карміцца эфірнымі ідэямі аб паляпшэньні жыцьця пакрыўджаных і прыгнечаных?

Ці ня досыць мне сілкавацца дзікім мёдам і сухімі карэньнямі абяцанак-цацанак.

Ці ня досыць мне падтрымліваць свой дух нейкімі нявідочнымі фігамі, якія нюхаеш і паху ня чуеш?

Гэткімі думкамі, якія мне здаваліся вельмі сьветлымі, мая істота была напоўнена, як бочка новым хмельным півам.

Запытаньне „чаму?“ так моцна мяне трывожыла, ажно мне здалося, што вось вось разарвуся і выстралю; выстралю і забрызгаю ўсіх хмелем моцных жаданьняў для грэшнага цела і неспакойнага духу.

3. Прычына ўсіх прычын

З гэтага, таварышу чытачу, відаць, што я пачаў бунтавацца — пачаў бунтавацца проціў самаго сябе, проціў ранейшага ўкладу свайго жыцьця і проціў сваіх шматгадовых шчырых перакананьняў.

Дзе тут прычына? А тут, аказваецца, стала дуба прычына ўсіх прычын — пра-пра-праўнучка старадаўнай Эвы з сваім салодкім вечна-свежым яблыкам граху. Я закахаўся. Я пакахаў дзяўчыну не свайго рангу, не пролетарскай беднай інтэлігенцыі, а багатую спэкулянтку-контрабандыстку. Словам, Сымон папаўся не на жарт! А Сымон мае такую храпку, што калі пападзецца ў бяду, дык трымаецца за яе і рукамі, і нагамі, і зубамі, захопліваецца і лезе ўсё глыбей і глыбей, — такая ўжо ў мяне шалёная натхнёнасьць

Маючы пад увагай ўсё гэта, таварыш чытач, ня зьдзівішся, што згаладалы, скромны і спакойны знаходзіўся фэльетоністы Сымон, які заўсёды знаходзіўся за бортам чалавечага дабрабыту, папаў у лапы кабеты і дрыгаецца, нібы мышка ў габдзюрох ката.

4. Прывабы маёй кралі

Як вялікі эстэт — люблю ўсё прыгожае. Як галодны літаратар — люблю сытасьць і здаволенасьць. Як фантасты — люблю ўсё романтычнае. Усё гэта я знайшоў у васобе сваёй кралі. Раскажу аб ёй папарадку з маленькім уступам аб знаёмстве з ёю.

Пазнаёміўся я з ёю выпадкова на вясельлі ў аднаго спэкулянта, куды я быў запрошаны, як добры сусед. Аб тым, што было на вясельлі ў спэкулянта ня будзем гаварыць: гэта ўсё можна толькі бачыць у казках, дзе апісваецца баль, калі каралевіч знаходзіць сьпячую царэўну, разбурвае чары Кашчэя і жэніцца з красуняй. Такі баль быў і на вясельлі ў спэкулянта. Тут была і мая краля. Але спачатку я на яе не зьвярнуў увагі з тэй прычыны, што яна на мяне ўвагі не зьвярнула. Пры гэткіх выпадках я трымаюся з гонарам.

Краля мая зьвярнула на мяне ўвагу толькі ў канцы вясельля. А канец вясельля быў вельмі цікавы, нечаканы і нежаданы: прышлі з Г. П. У. з вобыскам. Абыскалі ўсіх, знайшлі шмат золата, дарагіх каменьняў і іншых каштоўных рэчаў. Як дашла чарга да мяне, дык у мяне нават і дакуманту не запыталі.

— Мы вас ведаем! — казаў агэнт Г. П. У. — Вы — Сымон, вядомы жартаўнік і чэсны грамадзянін. Ня думайце, што мы не шануем і не паважаем інтэлігенцыі.

Тут мая краля і зьвярнула на мяне ўвагу — зірнула такімі салодкімі вачыма, што ў мяне сэрца заталялюкала.

„Сымон, гэта твой лёс!“ — падумаў я, і ўжо пачуў усёй сваёй істотай, што папаўся ў ланцугі, у нейкія салодкія ланцугі мядовай няволі.

Краля мая падсунулася да мяне блізка і давай — аглядаючыся, каб чырвонаармейцы ня прыкмецілі, — пакаваць у мае кішэні розныя паперкі і маленькія пакуначкі. Мне, як чэснаму грамадзяніну, трэба было вытрымаць фасон і аддаць усе нелегальныя рэчы ў рукі прадстаўнікоў Савецкай улады, але… я вытрымаў фасон перад маёй краляй; бо хто-б мог ня вытрымаць? Яна мяне зачаравала дзіўна-прыгожым надзвычайна-спрытным пераміргіваньнем. Чорныя выразістыя вочы яе прамяніліся і нямой музыкай напявалі мне:

— Сымон, табе давярае агэнт Г. П. У., па тваіх кішэнях ніхто пароцца ня будзе, дык, вось, трымай у сябе ўсё тое, што я табе даю. А за гэта… — але тут вочы яе рабілі таемны і салодкі недаказ… некалькі радкоў хмельных кропак.

Справа з вобыскам хутка скончылася: заарыштавалі ўсяго толькі чатырох спэкулянтаў.

Тады я пачаў добра разглядаць сваю кралю: высокая, стройная, носік з гарбінкаю, губкі малінавыя і вузенькія, валасы чорныя. Але мяне болей усяго вабіла яе дэкоратыўнасьць: брасьлеты, брошкі, ланцугі, ланцужкі, пярсьцёнкі, загарак залаты на руцэ, другі — на грудзёх, трэці на правай назе. Усё гэта вызначалася, пералівалася ў розныя колеры на шоўку яе вопратак, на ружовасьці яе ручак і шыйкі Акура хітра-мудра выстаўленая вітрына, да якіх я маю вялікі смак.

Мы разгутарыліся і аказалася, што яна — багатая контрабандыстка, дачка пагранічнага фурмана вельмі популярная сярод усіх менскіх спэкулянтаў. Даведаўшыся аб маёй знамянітай літаратурнай профэсіі, яна троху засаромілася за маю бязьдзеяльнасьць. Як яна потым мне прызналася: чалавек нічога ня робіць, а толькі піша і піша.

— Я, — пахвалілася яна мне, — бадай што бязграматная, бо не хачу быць вечнай бядачкай, і Сымон, раю кінуць вашу пісаніну. Займецеся праўдзівым дзелам і пачнеце жыць, як парадачнаму чалавеку належыць, як я, дачка „пролетара“ жыву. Я вам у гэтым памагу!

Пры разьвітаньні яна выпакавала назад усе свае скарбы з маіх кішэняў, і мы разышліся.

5. На рубяжы двух жыцьцяў

Пасьля знаёмства з сваёй краляй маё ўнутранае разьдзялілася на дзьве часткі. Мой дух і маё цела пачалі паміж сабою барацьбу.

Мой дух гаварыў:

— Ідзі-брыдзі далей па сваім вытараным шляху. Ты маеш такую асалоду, якую рэдка хто з ротных мае. Ляці ў вырай паднябёсны ўсё вышэй і вышэй і не зьвяртай увагі на зьвярыныя пацягі спакуснага цела. Ты-ж чалавек, Сымон, а ня жывёліна якая. Ці памятаеш вялікага грэцкага філёзофа Дыогэна, які меў за палац сабе звычайную бочку, які адну просьбу меў да цароў, каб не затулялі сваім ценем сонца ад яго вачэй. Вось табе прыклад.

Маё цела гаварыла:

Кінь свае вар‘яцкія фантазіі, Сымон. Ты двох жыцьцяў жыць ня будзеш. Карыстайся сваёй моладасьцю і тымі асалодамі, якія дае сьмяротнае цела, бо як памрэш, дык уся слава твая з табою памрэ, а калі слава твая застанецца, дык табе ад яе будзе ні горача, ні холадна і ні цёпла. Гуляй па сьвеце, як сама маці-прырода дыктуе. Законы прыроды — самае сьвятое, праўдзівае і натуральнае, што ёсьць у жыцьці. Пі поўнымі келіхамі жыцьцёвую амброзію і ня мудруй залішне. Сам Экзаліяста гаварыў: „Радуйся, бахур, моладасьцю сваёй — і пры сьмерці ты аб гэтым не пашкадуеш“. Плюнь на сумленьне, адкінь гонар, як лішнюю луску, і наладзь свой дабрарабыт як найлепей. Гэта ў тваіх руках.

На раздваеньне свайго „я“ я пазіраў з боку, шукаў спосабу, як згадзіць дух з целам, і знашоў выйсьце:

У здаровым целе — здаровы дух! — казаў я словам старасьвецкага разумніка. І давай рабіць шчыры агляд свайму целу.

Сухі, як шкілет, грудзі ўпаўшыя, унутры хрыпотка, пастаянная нястраўнасьць жывата, вочы панурыя, настрой пануры, галава кружыцца. Словам, тры чвэрці да сьмерці!

І які можа быць дух у гэткім целе? Якая можа быць творчасьць і энэргія такога духу?

6. Сымон пакіраваў каня ў новы бок

Я парашыў зрабіцца контрабандыстым. На гэты сужэт я напісаў некалькі натхнёных вершаў і пашоў з імі да сваёй кралі ў сталоўку Ляндэрса.

Пры смачным абедзе я пачаў ёй чытаць свае вершы. Сочны і ядраны хіхат вярнуў мне прытомнасьць, бо я маю заўсёды звычай чытаць вершы з няпрытомнай натхнёнасьцю.

Мне троху зрабілася крыўдна за яе сьмех, але, глынуўшы з пакорай горкі палын крыўды, я кінуў чытаць і парваў свае вершы на драбнюткія кавалачкі.

— Вось гэта я хвалю! — казала мая краля, пагладзіўшы маю руку, — гэта ты разумна зрабіў. Гэта — добры пачатак!

І тут зноў закалеравалася ў яе вачох вясёлка дзіўных пераміргваньняў, і на яе шчочках вызначыліся дзьве ямачкі, якія так убіліся ў маёй памяці, нібы ямб і хорэй у вершах.

— Ведаеш што, Сымон, — сказала яна мне, бяручы маю правую руку ў сваю левую, прылажыўшы яе да сваіх грудзей, ад чаго я задрыжэў, — ведаеш што, прадай мне ўсе свае рукапісы!

Я вушам сваім ня верыў.

— Нашто яны вам? — запытаўся я, — пэўна, жартуеце!

— Якія тут жарты, прадай. Я ўжо ведаю, што з імі рабіць. Колькі ты за іх хочаш?

Я пачаў лічыць і пералічваць. 3, 4, 5, 6 томаў! Колькі ж за іх прасіць?

— Тысячу!!! — выпаліў я і сам спалохаўся гэтай вялікай, на мой погляд, лічбы.

— Маеш! — сказала яна і зараз-жа вынела з рэдыкюлю дзесяць соценак. Толькі зараз-жа прынясі паперы на маю кватэру.

Ня звычайна пехатой, а на ліхім ізвозчыку я паехаў да хаты і прывёз на кватэру сваёй кралі цэлую скрыню сваёй працы.

Вясёлым пераміргіваньнем у вачох яна мяне сустрэла і яшчэ з весялейшым пераміргіваньнем яна затапіла печку і, о, неба! пачала кідаць на агонь мае вершы і апавяданьні.

Ад сполаху, крыўды і вялікага зьдзіўленьня я толькі дзіка крыкнуў і абамлеў на месцы.

Прачнуўся я на багатым ложку. Нашатырка казытала мне нос і сьлязіла вочы. На ложку сядзела мая краля і пачала пацяшаць мяне рознымі спосабамі: гладзіла мне твар і воласы, тулілася да мяне, соладка міргала мне вачыма, а я плакаў, як малое дзіцянё.

А ў печцы палалі, вылітыя на паперы, найлепшыя мары — сны майго сэрца, яснацьвет маіх юнацкіх гадоў — лепшая частка маёй душы. Ды што я кажу частка — уся мая душа, увесь я гарэў на вогнішчы інквізыцыі. Гледзячы, як мае рукапісы скручваліся ў скруткі на агні, нібы жывыя істоты ад болю, я сам, лежачы на ложку, круціўся ад болю ў розныя бакі і ціха стагнаў. Пазіраючы на тое, як ніклі прыгожыя, пісаныя радкі маіх вершаў, мне здавалася, што бляск маіх вачэй нікне разам з маімі вершамі, што язык мой нямее.

Мая краля паднялася, падскочыла да печы, схваціла качаргу, паправіла агонь у печы і не адышла ад агню, пакуль апошнія мае шпаргалі не згарэлі.

— „Рэпарацыя“ скончана! — весела сказала мая краля. Цяпер, без сваіх вершаў, ты ўжо напалавіну здаровы чалавек.

7. Ня зусім яшчэ вылечыўся

Вярнуўся я ад сваёй кралі дахаты з пустой галавой ды з грашмі ў кішэні. Ня маючы ніколі столькі багацьця ў кішэні, я спачатку трохі зьбіўся з панталыку: што мне рабіць з грашмі? І, доўга ня думаючы, я пабег у кнігарню і зараз-жа накупіў сабе кніг і кніжачак навейшай маскоўскай поэзіі. Прывалок я да хаты цэлы жмут кніг розных форматаў і выглядаў і давай іх чытаць. Як п‘яны, накінуўся я на гэтыя кнігі і нават трошкі забыўся аб інквізыцыі.

Есенін, Марыэнгоф, Кусікаў, Ахматава, Шэршаневіч і вялікая хэўра яшчэ навейшых знаёмых і незнаёмых мне поэтаў, як жывыя, стаялі перада мною і дэклямавалі мне свае вершы. Мне здавалася, што я чую іхнюю хітра-сьпеўную дэклямацыю: гнеўную, харобрую, злосную, ласкальную, шапатлівую і голасную. Хаотычнае мора вібруючых галасоў, такое багацьце размаітасьцяй у голасе, як нашае новае бурлівае жыцьцё. Голасу адпавядалі і рухі цела, і міміка твараў. Гэта было нешта надзвычайна орыгінальнае і вельмі гармонічнае ў сваёй дысгармоніі. Вершы мяне проста зачароўвалі, як чараўніцкія замовы. Кінулі маю істоту ў нейкую бяздонную процьму, потым паднялі да самых нябёс, абкруцілі сваімі вогнена-ільдзянымі жмутамі. Гойдалі паміж небам і зямлёй і занесьлі на самае сонца, дзе я гарэў, як сьвечка, і чуў бязьмернае шчасьце ў гэтым ажыўляючым вогнішчы вечнамаладога сонца-фэнікса.

8. Рэвізія

Я дэклямаваў гэтыя вершы і забыўся аб усім на сьвеце, ажно раптам хтосьці піскнуў „ой“ і ўрэпіўся моцна ў мае кучаравыя валасы.

Ад неспадзеўкі падскочыў я, як спрунжына, зірнуў, ажно перада мною стаіць мая краля, гнеўная, злосная і прыгожая, як Дыяна.

— Добра, Сымон, выкарыстаў ты мае грошы, — кніжак накупіў! Аб ядзе не падумаў, аб вопратках таксама — няшчасны „гінтэлігенцыя“!

Пры гэтым мая краля з агідай зірнула на мяне зьверху ўніз і ад усяго сэрца чатыры разы плюнула ва ўсе чатыры куткі майго пакою, пападаючы ўсюды на кнігі.

— І колькі ў яго гэтых паскудных кніг! — зьдзівілася яна, — буду імі тапіць печку цэлы месяц! Каб ты іх усе перавалок да мяне! Чуеш? Вось табе на перавозку, — і пры гэтым кінула на стол, ня лічачы, кучу грошай. — Глядзі, — сказала яна: — каб праз дзень у тваім пакоі ніводнай кніжкі не засталося, ніводнай атрамэнтніцы, ніводнай ручкі і алоўка, ні кавалачка паперы, словам, каб і ні пуху і праху ад тваёй гінтэлігенцыі тут не засталося. Я бачу, што твая кватэра вельмі падходзіць пад склад для маіх тавараў.

Я трохі камурыўся.

— Ну, ня злуйся, Сымон, — сказала яна мякка і заміргала вачыма, — я цябе ачалавечу, шкадаваць ня будзеш!

Пры гэтым яна так шчыльна і шчыра да мяне прытулілася, ажно я ня вытрымаў — пацалаваў яе ў самыя губы, і нейкі цяжар адпаў ад майго сэрца, і злосьці на маю кралю як-бы зусім ня было ў мяне.

9. Этапны пункт

Праз дзень ад маёй інтэлігентнасьці — як у пакоі, таксама на маёй уласнай асобе — і званьня не засталося: кнігі, паперы і іншыя адзнакі ранейшай маёй літаратурнай працы былі выкінуты, мае абарваныя вопраткі былі заменены новымі з іголачкі, і ўсё пачало выглядаць пановаму. Мая краля зрабілася гаспадыняй у маёй кватэры. Ня то, каб яна перабралася сюды жыць, але ўсе тавары свае яна хавала ў маім пакоі. Гэта было выгодна з таго пункту, што мая кватэра была непадазроная, „благонадежная“. І мой пакой унутры меў выгляд пакгаўза, дзе стаялі скрыні з галянтарэяй, пакі з мануфактурай, сахарын, кокаін, мэдыкамэнты з-заграніцы; хутры, срэбра, золата для заграніцы. Ляжала такое багацьце, якому я і ліку, і цаны ня ведаў. Прыходзілі розныя тыпы і тыпікі і шушукаліся паміж сабою ў маім пакоі, ласкава на мяне пазіраючы. Усімі кіравала мая краля.

Шушуканьне і мірганьне — гэта былі дзьве адзнакі таго ордэну, куды я рваўся, каб мяне асьвяцілі ў рыцары. Пачалі прыходзіць і міліцыянэры на маю кватэру, але таксама з тых, якія ўмелі шушукацца, міргаць вачыма і хітра-ласкава пазіраць вакол сябе.

Справы ішлі добра: прывозілі і вывозілі, а я жыў, як сыр у сьмятане.

„Ачалавечыўся“

— Ты ўжо болей-меней ачалавечыўся! — казала мне аднаго разу мая краля, — і ведаеш, нам надта пачало шанцаваць з тых часоў, як мы прынялі цябе ў сваю хэўру.

Гэты комплімэнт мне вельмі спадабаўся. Зірнуў я на сябе ў люстэрка і сам сябе не пазнаў: ангельскі касьцюм, лякірованыя бацінкі, карк тоўсты, твар круглы, а ў душы такое пачуцьцё сытасьці, ажно я забыўся, што дзесьці ў цёмных закутках пануе голад. Ды і голад гэты патрэбны, — падумаў я, — каб ня гэты голад вакол, дык ты-б не адчуваў так моцна гэтай сытасьці. Каб ня было ночы, дык ніхто не цаніў-бы як мае быць сьвету дню. Гэта і ёсьць праўдзівая гармонія жыцьця.

Словам, я „ачалавечыўся“ ня толькі выглядам, але і думкамі.

Я таксама пачаў міргаць вачыма і шушукацца. Гэта маёй кралі так спадабалася, ажно яна абяцалася ў хуткім часе прышпіліць мяне к „дзелу“ як належыць. Я ўвашоў у смак і чакаў гэтай шчасьлівай мінуты.

11. Мая ўлада над людзьмі

Яшчэ ня прышпілены к „дзелу“, а грошай у мяне было ўжо столькі, што не адзін дзесятак людзей я мог бы сабе купіць на паслугацтва.

Брыджу сабе па менскіх галоўных вуліцах ды з гордасьцю пазіраю вакол. Шапкуюць мне ўсе крамнікі, кланяюцца нізка біржавікі і розныя асобы. Каму пабэкаю, каму памэкаю басам дзеля большай павагі дый жывот сабе пагладжу…

Брыджу і бачу каля аднэй вітрыны стаяць мае быўшыя сябры-журналістыя.

„Ну, — думаю сабе, — трэба пагаманіць з сваімі людзьмі і паказаць ім, хто такі Сымон, на што ён здольны“.

Падышоў я да іх, як ляснуў аднаму рукой па плячох, дык ён аж прысеў. Усе азірнуліся ды дай з дзівам пазіраць на мяне, як на вар‘ята.

— Ці, хлопцы, мяне не пазнаеце, ці якое ліха? — зьдзівіўся і я ў сваю чаргу, ідзём на піва!

— Гэта ж Сымон, — сказаў адзін з іх.

— А, Сымон! — падхапіла ўся кампанія, і пазнаць трудна! Дзе ж ты гэтак акабаніўся? Калі-ж ты такім буржуем стаў? — засыпалі яны мяне пытаньнямі.

— Хадзем, усё раскажу.

І мы пашлі ў рэсторан, там паставілі на стол усё, што можна і чаго няможна. І пад гукі музыкі я ім усё расказаў. Яны ўсе ківалі галовамі, елі, пілі і пільна прыслухоўваліся да маёй гісторыі. Пад канец яны ўсе разам падняліся, абазвалі мяне „скацінай“ і пашлі. Каля дзьвярэй абярнуліся ў мой бок, яшчэ раз абазвалі „скацінай“ і пакіравалі на сквер.

Але я ўжо быў так „ачалавечаны“, што гэтая лаянка дашла толькі да маіх вушэй, а не да сэрца. Адно, што мяне здаволіла — гэта тое, што мая ўлада над людзьмі мінула маіх быўшых колег-літаратараў; яны на грашовую вудачку не паддаліся.

12. Цаніцелі хараства

Мой пакой, як-бы пад чарамі пана Твардоўскага, перакінуўся ў патаемны палац багатых скарбаў. На стале ляжалі „караты“ (дарагія каменьні) і пераліваліся ў розныя калёры. Побач ляжала на стале груда залатых рэчаў — портсыгары, загаркі, пярсьцёнкі, крыжыкі, мэдалі, брошкі, ланцужкі, чаркі, місачкі брасьлеткі і іншыя рэчы (нават залатыя зубы). На падлозе валяліся мяшкі з серабром.

Гэта ўсё (апрача „каратаў“) называлася „ломам“ — залатыя рэчы, якія ідуць на зьліткі дзеля перапраўкі заграніцу.

Я любаваўся гэтымі рэчамі, як малое дзіця, любаваўся пышнасьцю, аддзелкай, орнамэнтацыяй. Там знаходзіліся старасьвецкія рэчы XVIII і XVII вякоў дзіўнай пекнаты. Рэчы гэтыя маглі-б аздобіць не адзін музэй.

Але тут былі людзі, якія ўмелі добра шушукацца і глядзелі на мастацкія рэчы з боку іх практычнай вартасьці: колькі фунтаў золата дасьць гэта куча „дрындушак“…

І я, відаць, яшчэ ня зусім „ачалавечыўся“, бо, як панесьлі гэту „кучу дрындушак“ да юбэліра, каб зрабіць зьліткі золата з іх, я раптам пасмутнеў…

13. Як у байцы

Мая краля рыхтавала мяне на першы баль — па контрабанду на граніцу. Выехаў я з Менску у звычайнай просьценькай каламажцы на звычайным коніку. Але нязвычайна было ўсё гэта! Дно каламажкі было двайное і ляжала там каля васьмі пудоў срэбных плітак. Прыатосы, буксы, шворан і іншыя мэталічныя часткі каламажкі былі залатыя, абкураныя дымам і запэцканыя каланіцай, а ў хамуце былі ўшыты маленечкія мяшэчкі з „каратамі“.

Выехалі мы цэлай кампаніяй на некалькіх фурманках, і кожная фурманка была вышыкавана такім-жа самым чынам.

Мне ўся гэта махінацыя так спадабалася, што я і забыўся аб ранейшым смутку. Тут запахла старасьвецкім, рыцарскім або, хутчэй, разбойніцкім романтызмам, напамінала казкі Шахаразады… Гэтае ўражаньне яшчэ болей павялічылася тады, калі мы зьвярнулі з тракту на розныя сабачыя дарожкі і сьцежачкі, абмінаючы асобыя пасты, вёскі і наогул жывых людзей. Ехалі мы на добрых конях і, галоўным чынам, уначы. А калі мы дзе спатыкалі людзей, дык гэта былі ўсё нашыя агэнты, нашыя прыхлебнікі.

Увабраліся мы ў лес, у такую гушчэчу, што і неба ня відаць, цямнютка, — хоць ты вока выкалі. З кожнай цёмнай шчыліны дрымучага лесу пільнавалі нас жудасьць і страх… Дрэвы перашэптваліся поцемках, як мы на біржы. Здалёку чуваць было воўчае выцьцё. Коні фыркалі і рваліся наперад. Людзі маўчалі. Трэба прызнацца, што ад няпрывычкі мяне агарнуў не малы страх. Хаця прыемны быў мне гэты страх, тулячыся ў поцемках да сваёй кралі.

І мне нечага надзвычайнага захацелася, захацелася, каб напалі разбойнікі, нейкія бэдуіны-наезьнікі ці іншыя. Фантазія ў мяне так разыгралася, што я вытрымаць ня мог. Сьвежасьць і пахнучасьць ляснога паветру і цемра ночы ліліся мне ў грудзі, як хмельнае пітво, і ап‘янялі мяне так моцна, ажно галава кружыцца пачала. Тут на мяне напала шаласьць — я ўлажыў у губу два пальцы і сьвіснуў, так моцна сьвіснуў, што рэха покатам пакацілася па лесе. Тады толькі я апамятаўся, калі з усіх фурманак пачалі шушукацца, а мая краля так моцна ўшчыпнула мяне за руку, ажно іскры з вачэй пасыпаліся.

— Што-ж ты, дурань, хочаш, каб пост наскочыў на нас? — зашыпела, як зьмяя, мая краля — ня йначай ты звар‘яцеў, Сымон…

І як-бы ў адказ на гэта, пачулася здалёку громкае чырвонаармейскае „стой“!

Тут нашая хэўра ўдарыла па конях, і мы, як віхор, панясьліся. Ззаду чырвонаармейцы стралялі, але мы паехалі яшчэ быстрэй, ажно ў вушох гудзела.

Страляюць — хай страляюць. На тое зайцы, каб і паляўнічыя былі!

14. У панстве хабароў і лікёраў

Меў я нагароду ад сваіх сяброў за сьвіст у лесе ўжо тады, калі прыехалі пад граніцу ў сваю вёску: так шчодра надзялілі тумакамі, ажно кожная костачка ў маім целе пасвойму рыпела. А раней я ня ведаў, што ў мяне столькі касьцей ёсьць, пакуль мае новыя сябры іх не пералічылі. Добрыя, аднак, матэматыкі мае сябры!

Я на іх мала крыўдзіўся, шчыра зарабіў за свой фокус у лесе — гэта раз. А другое — няхай закаліцца, загартуецца маё цела: контрабандысты не павінен баяцца пабоек. На тое ён і контрабандысты.

Граніца. Кожны пень, кожны кусток, кожная купінка на лузе, кожная рудаўка, кожны паварот рэчкі глядзяць на мяне, як на старога свайго знаёмага, як на брата. Цяпер гэты мілы мой куток Беларусі паганіцца польскай лаянкай „псякрэв“ і сьвістам іхняга „бата“ і шомпала па сялянскіх сьпінах. Цяпер тут панства хабару і пазнанскай гарэлкі.

Польскія жаўнеры прывозяць сюды цэлымі транспортамі сьпірытусу, лікёраў, а бяруць ад нас, контрабандыстых, вялікія хабары. Каля граніцы народ зрабіўся далікатным — самагонкі ня п‘е, бо ёсьць смачнейшая гарэлка.

А контрабандыстыя — народ разумны — ведаюць усе слабыя стрункі чалавечай душы. „Як ударыць па іх, дык, як звон зьвіняць; брызнуць іскры з халодных каменьняў“…

15. Па здабычу

Прыехалі да нас „шмухляжы“ з „тамтэй строны“ і забралі наш тавар — золата і „караты“. Гэтыя ўсе былі нашыя пастаянныя „спульнікі“, якія нам дастаўляюць тавар за тавар. Банкетавалі мы з імі некалькі дзён, пілі неразьведзены сьпірытус удзень, а па начох хадзілі па здабычу заграніцу, скуль па некалькі вёрстаў па балоце цягалі на плячох лубянкі з таварамі.

Надта цікава было-б апісаць поэзію такой ночы ў нашым беларускім бары, дзе сосны-красуні натуральнымі прысадамі цягнуцца па некалькі вёрстаў удоўж і ўпоперак, дзе за борам ідзе балотны хмызьняк з дурманячым багуном, з грыбамі, дзе за хмызьняком цягнецца да самай рэчкі абшырнае балота з рудаўкамі і купінамі… Колькі пекных вершаў хаваюць у сабе гэтыя глухія куткі!.. З кожнага куста, з кожнай бярозкі ці карча, нібы птушка-каня „піць“, просіць літасьці беларуская старадаўная казка:

— Вазьмі мяне… Я — твая, я — дух тваіх дзядоў, прашчураў… Нясі мяне ў шырокі сьвет.

Але мы, контрабандыстыя, топчам усё гэта пад ногі, — для нас ёсьць адна пекната, адзін скарб-золата і быдлячая сытасьць. Ды мы іншага нічога не прыкмячаем, бо мы ў пастаянным страху перад чырвонымі, а багацьце вабіць нас наперад, нібы балотны аганёк, нібы водная русалка. Нас, контрабандыстых, вабяць залатыя гусьлі не сваімі песьнямі, а мэталем.

Гэткія думкі сыпаліся, як іскры, з маіх мазгоў якраз тады, калі я нёс па балоце на плячох паўтарапудовую лубянку з галянтарэяй, скачучы з ёй з купіны на купіну. Гэтыя думкі былі вінаваты ў тым, што я ўскочыў у рудаўку па пояс. Хацеў я скінуць лубянку з плеч, але мой сябра, які ішоў ззаду, шапярнуў: „трымай, а то папсуеш тавар!“ І я трымаў, пакуль балота мяне не пацягнула яшчэ ніжэй.

Сябра паставіў асьцярожна сваю лубянку на купіну і падскочыў да мяне на паратунак. Зьняў з маіх плеч лубянку, паставіў на купіну і тады толькі памог мне самому выкарабкацца наверх, лаючы мяне пры гэтым самымі брыдкімі словамі.

16. У зачарованым краі

— На гэты раз сышло добра! — сказала мая краля, — цяпер можам частку тавару адправіць на Менск, а частку праз Барысаў у Маскву багажом. А ты, Сымон, калі будзеш малайцом, дык выйдзеш ня толькі ў людзі, але нават у вялікія людзі: накупіш сабе некалькі дамоў заграніцай, пастроіш млыны, фабрыкі і начхаць на ўвесь сьвет і „гінтэлігенцыю“ (як ня вучыў яе казаць „інтэлігенцыя“, а яна ўсё забывалася). Ня ты будзеш людзям пісаць вершы, а людзі табе пісаць будуць, а мяне будзеш мець за жонку.

Што я мог ёй на гэта казаць? — я толькі моўчкі аблізваўся.

— А цяпер — гайда! — сказала яна, — пара ў дарогу! А памятай, што той цяпер трымаецца наверсе, хто моцны!

Пры гэтым яна кіўнула пальчыкам, і дзьве ямачкі паказаліся на яе ружовых шчочках.

Я ня вытрымаў і пацалаваў яе пальчык.

— Толькі бяз гэтых гэтых „гінтэлігенцкіх“ дэлікатэсаў, — сказала яна, — бо я гэтага ня люблю.

Зноў па сабачых дарожках і сьцежачках мы разьвезьлі тавар да нашых агэнтаў-сялян і паехалі з пустымі сваімі фурманкамі ў горад сялянам сустрач.

Як мы наладзілі справу ў горадзе, я не скажу, але я з гораду на ізвозчыку часта выяжджаў глядзець, ці едзе ўжо наш абоз. Нарэшце, паказаўся і пажаданы абоз. Глянуўшы на яго, мне здавалася, што мы жывём у нейкім зачараваным краі, бо, глядзеўшы на фурманкі, ніхто-б не падумаў, што ў іх ляжаць дарагія тавары: звычайныя сяляне везьлі ў горад дровы, сена, яблыкі, бульбу, збожжа і іншыя рэчы на рынак, але пад гэтымі рэчамі былі запакаваны нашыя лубянкі. Самыя дарагія тавары несьлі пешаходы ў мяшкох на плячох.

На гэты раз нам удалося ўсё цалком прывезьці ў горад. Увесь тавар у нас адкупілі менскія крамнікі за добрыя грошы. А тавар быў у нас размаіты і дарагі: сукно, галянтарэя, кокаін, сахарын, скура, прылады для дантыстых і іншае.

У далейшых нашых паездках нам ня так шанцавала: часта шукалі па сялянскіх вазох і знаходзілі нашыя тавары.

17. Экскурсіі па СССР

Калі на граніцы зрабілася трохі цяжэй, мы пачалі рабіць экскурсіі па СССР і завялі шырокі гандаль, карыстаючыся ўсюды пашанай і гонарам, бо сыпалі грашыма направа і налева. Няма нічога лягчэйшага, як адпраўляць „трэфныя“ тавары багажом. У нас ішла справа вельмі гладка, але трэба прызнацца, што наш брат ужо прывык да вялікіх выйгранак, а памалу плаваць у гандлёвым моры — гэта для нас нейкая нудная проза. Нам патрэбна поэзія ў гандлі — пагранічная рызыка і вялікія каўшы з золатам.

Ад экскурсіі па СССР я меў адну карысьць, што выўчыў добра географію на практыцы і мог-бы злажыць мапу Саюзу напамяць з адметкамі аб тым, дзе якія купцы якім таварам гандлююць, па якіх чыгунках бяруць хабар, а па якіх не бяруць і шмат іншых такіх характэрных штучак.

18. У свае ранейшыя Палястыны

Экскурсіі па СССР нам шмат карыснага не далі, і мы вярнуліся ў свае ранейшыя Палястыны — на граніцу. Зямля ўсё-ж такі кружыцца — контрабанда ўсё-ж такі найлепшая рэч на сьвеце.

Я зрабіўся спэцыялістым па выведваньні розных новых сьцежачак дзеля аб‘езду пастоў з Менску да граніцы, і мы работалі з вялікім захапленьнем.

Шмат разоў мы былі на кані і шмат разоў пад канём. Мы прыспасабляліся з кожным днём новы лад.

19. Да пары жбан ваду носіць

„Да пары жбан ваду носіць“. Так было і са мною: я папаўся. Цяпер сяджу ўжо ў астрозе ў Менску. Якім чынам я папаўся — ня важна; тут цікава ня прычына, а сам факт, а факт хоць і некарысны для мяне, але карысны для Рэспублікі. Падумаўшы добра, можна сказаць, што і для мяне карысна, бо ў турэмных мурох на хлебе і на вадзе я пачаў патроху прымаць сваё ранейшае аблічча.

Патроху пападаюцца ка мне ў камеру і з маёй ранейшай цёплай кампаніі. Круг контрабанды робіцца ўсё вузейшым і сьціскаецца чырвонаармейцамі ў мёртвую пятлю.