Дэклярацыя Беларускае Вайсковае Арганізацыі
Дэклярацыя Беларускае Вайсковае Арганізацыі Дэклярацыя 12 ліпеня 1919 году Крыніца: Беларуская Думка. — 15 ліпня 1919. — №45; бач. 2 |
Дэклярацыя Беларускае Вайсковае Арганізацыі
У вялікі мамэнт калі Беларускі Народ ў ліку свайго прадстаўніка ў гэтым краі Цэнтральнае Рады Віленшчыны і Горадзеншчыны цьвёрда стаячы на грунце незалежснасьці і непадзельнасьці свае Бацькаўшчыны, пастанавіў прыдаць рэальнае выражэньне свае векавое ідэі стварэньня Беларускага Нацыянальнага Войска, мы беларусы-ваякі, запраўдныя сыны свае Бацькаўшчыны, хочам прыйсьці ёй на помач.
Шмат гадоў нашая Бацькаўшчына была пад уціскам. У часе спакою над намі панавалі расейскія цары, якія стараліся зьніштожыць Беларускі Народны рух, абмаскаліць Народ Беларускі. Царскія жандары забівалі лепшых сыноў Беларусі за тое, што яны працавалі дзеля адраджэньня свае Бацькаўшчыны. Яны-ж прымусілі нас прайсьці расейскую школу, каб мы забыліся аб нашай роднай Беларускай мове, і адарвалі нас ад жывога цела Беларусі, яго сялянства. У часе сусьветнае вайны Беларусь была зруйнавана акопамі, бітвамі, сяляне масамі ўцікалі ў Расею. На зьмену расейскім жандаром зьявіліся нямецкія акупанты, каторыя, стварыўшы ў Расеі бальшавізм, разам з маскоўскімі камісарамі разьдзялілі Беларусь ня слухаючы голасу Народу Беларускага ў асобе яго прадстаўніка, якім быў Усебеларускі Конгрэс у Менску. Заходняя частка Беларусі была Обэр-Остам, а ўскодняя — Савецкай Рэспублікай. У канцы 1918 году нямецкія акупанты, пакідаючы тэрыторыю Беларусі, заместа таго, каб аддаць уладу ў рукі гаспадара гэтага краю, Беларускаму Народу, аддалі яе маскоўскім бальшавіцкім камісарам, якія прынясьлі голад сялянству і каторыя задавілі нацыянальны рух Беларускага Народу. Цяпер у гэты грозны час, калі бальшавікі, напружаюць усе сілы, каб удзяржаць у сваіх разбойніцкіх руках Беларусь і калі з усіх бакоў Беларускай Народнай Рэспублікі яшчэ гразіць небяспэчнасьць, мы беларусы-ваякі, цьвёрда верачы ў канечнае панаваньне справядлівасьці і сьветлую будучыну, свае Бацькаўшчыны, адклікаемся з шчырым сэрцам на клік Нашага Народу і ўстаём як адзін чалавек на абарону незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі. Дзеля гэтага мы стварылі Беларускую Вайсковую Арганізацыю, якая мае на мэце аб‘яднаньне беларускіх ваякоў ў адну вялікую вайсковую сям‘ю, каб даць ім той нацыянальны кірунак, якога спыніў іх вяковы ўціск.
Адначасна з тым, што Б. В. А. зварочавае нас. да культуры нашага народу, яна йдзе на падмогу правамочнаму прадстаўніку жыхараў гэтага краю Цэнтральнай Радзе Віленшчыны і Горадзеншчыны і аддае ў яе рукі свой патрыатызм і веду дзела, дзеля спаўненьня тэй вялікай падгатаваўчай працы, якая патрэбна пры фармаваньні Беларускай Нацыянальнай Арміі. Б. В. Арганізацыя жадае быць толькі тэхнічным апаратам, які цалком знаходзіцца ў руках Цэнтральнай Рады і перапрацовавае ў гэтым сэнсе статут арганізацні. З другога боку, мы маем надзею, што Цэнтральная Рада Віленшчыны і Горадзеншчыны таксама пойдзе нам на сустрэчу і ацэніць нашае патрыатычнае пачуцьцё, нашае шчырае жаданьне і дасьць нам падмогу моральную і фізызную“.
Пад дэклярацыяй 36 подпісаў.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).
Падрабязней гл. у дакументацыі.