Перайсці да зместу

Душыцелям слова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Душыцелям слова
Аўтар: Гальяш Леўчык
Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 281

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Душыць магчыма слова, —
Дух слова не ўмірае:
Ён над махлярствам вашым
Арлом увысь лятае.

Здушыць мага вам слова,
А вось магутна сіла
Яго праз вашу голаў
Удалячынь пусціла!

Датуль дух слова будзе
На труд нас заклікаці,
Як матку, што радзіла,
Ўсё кліча крык дзіцяці.

Аж з хат, угору ўзнятых,
І з цёмных нор капання
Устане люд працоўны —
На бой апошні ўстане.

Хаця ў баю з махлярствам
Мо голаў шмат паложаць,
Шмат новых іх заступіць, —
Здушыць нішто не зможа.

Здушыць мага вам слова, —
Яго ж дух ўсё ж свабодны,
На вашую пагібель
Арлом ляціць галодным!

Прыйдзе эпоха нова
На новы пажарышчы, —
І новы будуць словы,
І новыя бажышчы!

І новы час настане:
Як слова ў суме-жалю
Не будзе больш ніколі
Так уміраць памалу.

Ніхто больш праўды смелай
Не назаве праступкам, —
Як прыкрае махлярства,
Здзярэцца маска хутка.

Хоць сёння вы гарою, —
Вам чэсці не хапае,
З вас кожны слова Волі
Балотам абкідае.

Душэце ж, мучце слова,
Дух слова не сканае,
Ён над махлярствам вашым
Увысь арлом лунае!