Думкі і развагі з прычыны сьвята незалежнасьці
Думкі і развагі з прычыны сьвята незалежнасьці Артыкул Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі 1921 Крыніца: [1] |
Сьвята — гэта ёсьць дзень, у які грамадзяне адпачываюць ад свае штодзеннае працы.
Сьвята — гэта ёсьць дзень, зьвязаны у сьвядомасыц грамадзянства з якімі-небудзь выдатнымі падзеямі ў яго гісторыі.
Сьвята — гэта ёсьць магчымасьць у час адпачынку спамянуць тыя падзеі належным чынам, агледзіцца наўкола сябе, зьвязаць сваю думку з прайшоўшым часам і пасля гэтага з новымі сіламі, мацнейшай ступою іці далей да сваіх ідэалаў.
Сьвяты могуць быць у памяць вясёлых, сьветлых і радасных падзей.
Сьвяты могуць быць і ў памяць падзей сумных, цяжкіх і трудных у жыцьці нацыі.
Незалежна ад таго, самае сьвяткаваньне можа быць радасным ці сумным.
Сьвята Незалежнасьці зьвязана ў нас з гістарычнай надзеяй нязвычайнае вагі. Яно пабуджае ў нас успамінкі аб вялікім, няўмірушчым акце.
Незалежнасьць — гэта ёсьць вянец усім нашым імкненьням. Гэта ёсьць той ідэал, тое пуцяводнае сьвятло, да спраўджаньня якога скірована дзеяльнасьць кожнага грамадзяніна і кожнае партыі.
Ідэал незалежнага нацыянальнага жыцьця ёсьць запраўды ў кожнай беларускай праграме, і ён аб’ядзіняе нас усіх, навет тых, якія часова і ня ўжываюць гэтага слова дзеля вымог свае тактыкі.
Незалежнасьць дзеля нас, дзеля сьвядомых беларусаў і дзеля ўсяе працоўнае сялянскае беларускае грамады маець асаблівае, выключнае значаньне.
Мы — нацыя сялянская, мужыцкая, аднародная ў сваей масе па соцыяльнаму становішчу, нацыя без сваей нацыянальнай буржуазіі і з сваей чыста мужыцкай нацыянальнай інтэлігенцыяй.
Мы — нацыя, эксплуатаваная сваімі суседзямі праз зьнішчэньне нашае нацыянальнае культуры.
Дык якое-бы райскае жыцьцё ні дэкляравалі нам маскоўцы, палякі ці навет ліцьвіны, мы прапашчыя, няшчасныя людзі датуль, пакуль не зрэалізуем, пакуль ня зробім ня толькі на словах, па праву, але насамдзеле свайго незалежнага гаспадарства. Праўда, у вадным выпадку нам будзе лепей, чым у другім, скажам, пад Літвою будзе добра, а пад Польшчаю не, пад Літвою мы будзем магчы разьвіваць сваю нацыянальную культуру і жыць палюдзку, а пад Польшчаю ці пад Маскоўшчынай памром нацыянальнай сьмерцьцю і пойдзем гноем пад красаваньне чужое культуры. Але і пры самай лепшай разьвязцы пытаньня аб сваей залежнай ад іншага народу будучыні мы будзем мець горшую долю, чым пры самым благім ладзе незалежнага жыцьця.
Напрыклад. Уся нашая сялянская нацыя, бязумоўна, хоча, моцна хоча, каб уся-чыста зямля, панская ці скарбовая, дасталася ў мазольныя рукі мужыка бяз усякага выкупа, каб не плаціць за яе нікому, ні пану, ні казьне.
Ну, а паўзіраемся наўкола, на жыцьцё ў суседзкіх гаспадарствах і шчыра скажам, ці-ж гэтага мы даб’ёмся без свае незалежнасьці?
Ніколі!
У ліцьвіноў закон аб зямлі нішто сабе, але гаспадар у Ліцьве, мусіць, іначай глядзіць на зямлю, чымся гаспадар беларускі, і дзеля гэтага навет лепшы, раўнуючы да іншых, літоўскі закон аб зямлі ня зусім адказывае запраўдным жаданьням гаспадара зь Меншчыны або Магілеўшчыны.
Аб зямельным законе, прынятым у Польскім Сойме, няма што і казаць: ён зусім не падходзіць для беларускае працоўнае земляробскае нацыі, нацыі без сваіх паноў, панкоў і падпанкаў. І, бязумоўна, Беларускі Сойм прыдумаў бы іншы закон, у духу і жаданьнях беларускага народа.
Быць можа, пад Маскоўшчынай было-б найлепей дзеля разьвязкі пытаньня аб зямлі? Быць можа, і найлепей, але ўсёж не да канца добра, не да канца так, як наш народ жадае, — гэта раз. А другое: паганіся за адным, страціш другое, часам важнейшае, бо не аднэю зямлёю жыў чалавек, апроч цела, мы маем і душу, а пад маскоўскім панаваньнем мы якраз рызыкуем страціць сваю душу.
І вось адзіны вывад з усяго сказанага, адзіны правільны адказ на пастаўленыя пытаньні, і гэты адказ:
Незалежнасьць бацькаўшчыны!
Дзеля таго, што мы нацыя без паноў, нам няма чаго баяцца, што у нашым Устаноўчым Сойме могуць узяць верх паны ці што гэты Сойм акажэцца «не-пралетарскім»… Нам тут няма чаго баяцца, бо ў нас на Беларусі запраўды і няма таго, што маскоўскія камуністы разумеюць пад словам «пралетарыят». Нашыя хлопцы, пабыўшы на фабрыцы ці зьезьдзіўшы ў шахты, ледзьва абкураныя мястовым дымам, ізноў варочаюцца да сахі і абкурваюцца шэрым пылам сваіх родных палёў. Кляса мястовых рамесьнікаў, не гаворачы ўжо аб клясе дробных і вялікіх гандляроў, на Беларусі ня ёсьць клясаю пралетарскаю ў поўным значэньні гэтага слова, яна жыла да вайны, а нярэдка й цяпер жыве замажней і лепей за сярэдняга беларускага селяніна, часьцей за яго ела мяса, лепей апраналася, меней працавала і магла вучыць дзяцей. Яна, гэтая кляса, апрача таго, глыбака, наскрозь прапітана дробна-буржуазііымі інстынктамі, і, быўшы чужою па нацыянальнаму духу дзеля беларускае сярмяжнае масы, быўшы зазвычай пагарджаючы ёю і нярэдка ў сваёй сутнасьці варожаю дзеля яе справядлівых інтарэсаў, яна ня мае, такім чынам, маральнага права на якое-сь кіраўніцтва беларускім сялянствам. Каротка кажучы, маскоўскія камуністы гвалтам накінулі нам так званую «дыктатуру пралетарыята», хаця Беларусь ня можа прыняць ня толькі яе нягоднае фікцыі, ад якой так моцна цярпіць цяпер усходняя частка нашае бацькаўшчыны, але ня можа прыняць яе ў чыстым відзе, ня можа прыняць яе з пагляду ідэйнага і рэвалюцыйнага. Бо ня можа быць «дыктатуры пралетарыята» па маскоўскаму рэцэпту ў той старонцы, дзе калі й мысліма якая дыктатура, дык толькі дыктатура сялянства, аднародна беднага ў сваёй масе, па сваёй сутнасьці глыбака рэвалюцыйнага і здольнага на самую радыкальна-крайнюю перабудову соцыяльнага парадку. І толькі разам з гэтым працоўным сялянствам беднае Беларусі, толькі тарнуючы свае інтарэсы да яго інтарэсаў, можа дасягаць сваіх соцыяльных жаданьняў і некаторая частка той вышэказанай рамесьленай клясы, найбліжэй стаячай да пралетарызацыі.
Пакуль што ў Савецкай Беларусі мы відзім зусім іншы абраз. Беларускія сялянскія масы найболей пралетарскія па свайму становішчу сярод другіх клясаў краю і найболей рэвалюцыйныя па сваей сутнасьці, яны ня маюць ніякага значаньня ў палітычна-грамадзкім жыцьці. А над імі пануе фікцыя «дыктатуры пралетарыята», пануе, замест ідэі, яе мана, створаная жыцьцём, вайною, фронтам, голадам і рэвалюцыяй, пануюць патугі на соцыялізм, робленыя не пралетарыятам зусім, а яго сурогатам, створаным таксама вайною,- сурогатам выпадковым і ў масе сваей ня столькі рэвалюіцыйным, сколькі індывідуальна-хцівым, прагавітым, індывідуальна-драпежным. Кажу гэта, грунтоўна і дэтальна ведаючы абстаноўку і аддаючы належную хвалу бальшавікам у іх жаданьні спраўдзіць камунізм на Беларусі і зрэвалюцыянізаваць масы. Астатняе ім удалося пастольку, паскольку спрадвеку захаваная ў душы пасіўнага і цярплівага беларускага селяніна рэвалюцыйнасьць цяпер ад вайны, голаду, зьдзеку і, бязумоўна, ад бальшавіцкай агітацыі пачынае паказывацца ў яўных формах, цьвярдзеючых ад лопнуўшай цярплівасьці… І трудна сказаць, у які бок пакіруецца пакліканая да яўных форм жыцьця рэвалюцыйнасьць. Бяда, калі па абмылцы — да клікаўшых яе, бо найбліжэй стаячых!
А ці падобная несправядлівасьць, учыненая беларускай сялянскай масе, была-бы магчыма ў запраўды незалежнай Беларусі? Ніколі!
І якую-бы галіну жыцьця ні ўзяць, ці то пытаньне аб зямлі, ці то аб адносінах да суседзяў і зьвязанай з тым вайсковай павіннасьцю, ці то ў справе школы ці наагул у справе грамадзкіх слабод і правоў — усюдых, скрозь тая самая несправядлівасьць, гвалт і зьдзек, які будзе панаваць над намі, як нацыяй і сялянскай клясаю, пакуль мы не даб’ёмся свайго незалежнага «мужыцкага» гаспадарства.
Нашыя ворагі, а таксама з іхнага голасу розныя наіўныя людзі, навет самі-ж беларусы, гавораць, што Беларусь ня можа адразу зажыць незалежным жыцьцём. бо, кажуць, «беларусы нічога свайго ня маюць», ня маюць сваей інтэлігенцыі, сваей літэратуры, сваей культуры і г. д.
Якая наіўная і глупая думка!
Усё, што патрэбна дзеля незалежнага істнаваньня, Беларусь мае. Інтэлігенцыі на Беларусі ёсьць ня меней, чымся у Польшчы або Маскоўшчыне, і нядзе яна ня дзенецца, гэтая інтэлігенцыя, калі Беларусь зрэалізуе сваю незалежнасьць. Ёсьць і адміністратыўны апарат, і ўсякі іншы, бо незалежная Беларусь ня з неба зваліцца, а паўстане на тых самых беларускіх землях, на якіх цяпер існуе «Савецкая Беларусь» «Крэсы Усходнія», «Заходняя Камуна» і г. д. Няма што казаць і аб літэратуры, і аб культуры наагул. Бо нядаўна яшчэ гэтымі жупеламі страшьлі Літву, а ці-ж мы ня бачым, што Літоўская рэспубліка жыве як моцная і здаровая дзяржава і зусім здаволена і сваей літэратурай, і сваей культурай наагул.
Уся справа ў мове, а пры незалежнасьць — у мове дзяржаўнай. Дык-жа і гэта нам ня страшна. Мову гэтую мы маем,- хоць і у процэсе творчасьці. Ужо цяпер незалежная Беларусь карыстае гэтай мовай у сваей дыплёматычнай і іншай перапісцы. Ужо цяпер беларускія коопэратывы, беларускае войска, а у Савецкай Беларусі і цэлыя камісарыяты карыстаюць беларускай мовай і не бядуюць. І хто знаем з беларускай літэратурай, з беларускімі навуковымі кніжкамі, а ўрэшце, хто хоць бы чытае «Нашую Думку», той відзіць, што з мовай нам будзе ня большая бяда, чым ёсьць цяпер у некаторых, ну хоць-бы польскіх інстытуцыях… А калі троху і пабядуем дзеля сьвятое справы незалежнасьці, — мы гэтага не баімся! Нам гэта ня страшна! Нам страшней падзел і залежнасьць бацькаўшчыны, страшней навет дзеля тых з нас, хто ня ўмее пабеларуску, а ўмее парасейску або папольску.
Думку аб тым, што беларусы не дарасьлі да сваей незалежнасьці, пара ўжо пахаваць назаўсёды.
Лішне таксама давадзіць, што Беларусь мае поўную магчымасьць незалежнага істнаваньня з пагляду экономічнага, што з такога пагляду ёй навет карысьней уваходзіць самастойнай і незалежнай часткай у агульна-эўропейскую і сусьветную экономічную сыстэму. Гэта ўжо даўно даведзена і ўсім ясна. І толькі крэсаўскія агітатары могуць яшчэ выяжджаць на гэтай кабылцы перад цёмным беларускім селянінам, гаворачы, што незалежнай Беларусь загіне бяз солі, бяз вугальля, бяз нафты… Быццам крэсаўскія малайцы замкнуць яе тады за кітайскую сьцяну!
Не! Зразумее-ж некалі наш народ, што ў незалежнай і непадзельнай бацькаўшчыне ніхто ня будзе над ім так зьдзекавацца, як зьдзекаваліся розныя акупанты да гэтага часу, што ня будзе ён такі і цёмны, галодны і халодны, ня будзе так патаптаны ботам і капытом, як дагэтуль…
Зразумее! А каб скарэй зразумеў, трэба рабіць. Трэба памятаваць, што калі сёлета нашае сьвята падобна да хаўтур, то бяз напружанае творчае працы яно будзе гэткім і налета…
Трэба. каб кожны хоць троху сьвядомы беларус у гэты Дзень Незалежнасьці запытаўся ў сябе: а што я зрабіў за мінулых тры гады дзеля зрэалізаваньня абвешчанай незалежнасьці? Што я зрабіў дзеля Бацькаўшчыны за астатні год? Што я зрабіў дзеля справы за апошні дзень? І калі ня зможа адказаць, хай згарыць ад сораму і ад болю, што ня ёсьць добрым сынам свайго пад’яромнага і згвалчанага пралетарскага народу. Хай жахнецца ад думкі, што і ён ёсьць часткаю таго «людзкога стадку», аб якім так няхораша гаварыў князь Сапега, рэнегат з таго-ж «стадку». Хай жахнецца і хопіцца за працу, каб сьвята не выглядала хаўтурамі.