Перайсці да зместу

Думкі беларуса (Зямкевіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Думкі беларуса
Публіцыстыка
Аўтар: Рамуальд Зямкевіч
1919 год
Крыніца: Беларуская Думка. — 28 мая 1919. — №14; бач. 1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Думкі беларуса.

Сучаснае нейсняе палажэньне у палітыцы нашых прыяцелёў, каторая як быццам бы і ня хоча браць пад увагу беларускі народ і яго право на незалежнасьць, выклікае шмат думак, якія мы тутака і выкляруем.

Бальшавікі, прызнаўшы незалежнасьць Беларусі і даўшы нам быццам-то, беларускі урад, зараз жа пастараліся як награду для сябе за гэную ласку — прылучыць да Маскоўшчыны беларускія зямлі Віцебшчыну і Магілеўшчыну…

Гэткая безцэрамоннасьць адбылася проста, без пытаньня народа, ці гэтага хоча.

Нешта падобнае бачым са стараны Польшчы у стасунку да нас. Але культура культуры — не раўня. Польскія дзеячы нэрвова працуюць на нашай зямлі і уселякімі спосабамі стараюцца, каб народ высказываўся за Польшчу. Такім чынам ня зробіўшы поўнага плебісцыта (галасаваньня) паміж народам, адразу паставаўляюць, што раз ёсьць людзі, каторыя хочуць быць з Польшчай, — дык і цэлы гэты край польскі.

Як вядома Польскі Сойм ужо прылучыў да Польшчы беларускія паветы Горадзеншчыны: Беластоцкі, Бельскі і Сакольскі. Да гэтага самага кіруюцца польскія дзеячы у Віленшчыне і, Горадзеншчыне.

Усім ясна, што як кажа французкая прыказка: Pappétit vient en mangeant![1]

На усё гэта мусім сказаць, што залічаньне частак Беларускае Зямлі да Польшчы, калі народ ўвесь не высказаўся, калі больш чым палова паветаў беларускай прыфронтавай тэррыторыі, як бежанцы, дагэтуль дамоў не вярнуліся і сідзяць так у Расеі як і на Украіне і на Каўказе і у Сыбіры — усё гэта вялізарная несправядлівасьць, зьдзек і чысты гвалт.

Гутаркі ня можа быць аб тым, што народ наш згодзіцца, каб распараджаліся ім без пытаньня.

Часы старога уціску прайшлі і ня вернуцца. Народ за час вайны шмат чаму навучыўся, прасьвятлеў на вочы і зрабіўся сьвядомым. Памагаў. беларускаму народу прыйсьці да сьвядомасьці ўсе малыя і вялікія народы б. Расеі. Першае мейсца тут маюць нашыя сапраўдныя браты-украінцы. На тэррыторыях гэтых народаў паўставалі беларускія арганізацыі, клюбы і ўсе нацыі Расеі цікавіліся гэтым, віталі беларусоў, жадаючы ім сьветлай будучыні у національна гасударственнай незалежнасьці. Аб панах паляках і памаганьні праз іх беларускаму руху мы ня чулі і ня бачылі, як і цяпер гэтага ня бачым і ня чуем.

Польская прэса, польскія статысты і палітыкі шмат пішуць аб нас, але усё тое без вартасьці, бо не апіраецца на праўдзівай знаёмасьці гэтага палітычнага і грамадзянскага шляху, які ужо беларусы прайшлі.

Тут скора выкажацца гэтая незнаёмасьць кіраваньняў беларускаго народа да свабоды, калі толькі прыйдзе да укладаньня варункаў узаемных адносін. Мы больш чым пераконаны, што паны палякі узьдзівяцца толькі тады, калі пацерпяць маральнае паражэньне, якое напэўна выйдзе з незнаёмасьці дзяржаўных кіраваньняў нашага народу.

Нам кажуць: ці вы можаце заснаваць гасударство, калі вас беларусаў інтэллігэнтаў такая жменька?

Знамянітая, клясычная інформацыя аб беларусах газэты „Dziennik Wileński“ з яго „канапкай“ служыць ясным довадам, якая сьлепата пануе яшчэ пасярод інтэлігентных навет і прыязных нам польскіх палітычных кругоў!

Так, паночкі! Мы сьмела кажам, што збудаваць сваю Беларусь здалеем, што працы гэтай не баімося, што значэньне і вагу яе добра і сьвядома цямім! Толькі Мы ня думаеу тварыць нейкай панскай Беларусі. Істнуюць жа мужыцкія гасударствы, як Нарвэгія і Баўгарыя і, здаецца, жывецца ім нішто. Такое самае мужыцкае гасударствп можам і мы сатварыць.

На гэта хопіць нам і сіл і людзёў, бо хіба і ніхто спрэчацца ня будзе, што беларусы, навет самыя цёмныя і неграматныя, стаяць куды, вышэй, чымсьці баўгары у 1877 гаду, каторые аднака незалежнасьці дабіліся.

Вось дзеля таго усяго, што тут сказано, мы і будзем падтрымовываць і свой Урад: Раду Міністраў і усе Рады Беларускае Зямлі.

Раздзяленьня Беларусі мы ня хочам і будзем бароцца проціў таго, каб адну ці другую частку цягнула да сябе Маскоўшчына ці Польшча. Добра ведаем, як выглядае такі Пьемонт і якая бяда была бы з творам Alba Ruthenia irredenta, і гэтага гя хочам.

Кіруемся і кіравацца будзем толькі да супольнай, непадзельнай і незалежнай Беларусі!

Хай жызе і красуе вольная, непадзельная і незалежная Беларусь!

Раман Суніца.


  1. Апэтыт зьяўляецца у часе яды.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.