Перайсці да зместу

Дудка беларуская (1922, Коўна)/Праўда

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мая хата Праўда
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Здарэньне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Праўда (Багушэвіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАЎДА.

Ой, цяжка, цяжка…
Не сярмяжка цяжка,
Але з гэтай доляй,
А ўсё што-раз боляй.

Ох, цяжкая-ж доля! От так-бы здаецца,
Скрозь зямлі прапаў-б, ці ў сьлёзы-б разліўся!
Ці мне жыць на сьвеце, ці мне куды дзецца?
Ой, Божа мой, Божа, нашто-ж я радзіўся!?
Ой, нашто-ж мне дана тая мая мова,
Як я ня умею сказаць тоя слова,
Каб яно-то слова ды праўдай назвалі;
Каб і разыйшлося то слова па сьвеце,
Як праменьні слоньца цёплага у леце,
Каб на тоя слова ды людцы зрадзелі,
Так, як тыя дзеткі на сьвятой нядзелі;
Каб-жа тоя слова ды людцаў зьеднала,
Каб на тоя слова ворагаў не стала,
Каб людцы прызналі братоў ды братамі —
Дзяліліся-б доляй і хлеба шматамі;
А бяз таго слова я нямы калека!
Хоць бы занямець мне і да канца века!
Ой, нашто-ж мне вочкі, ой нашто-ж мне ясны?
Каб глядзеў, — які я ад усіх нешчасны?
Каб душа балела, гледзючы на долю,
Каб сэрца шчаміла і рвалася з болю?
Каб было чым плакаць і у дзень і ў ночы?
Ой, Божа-ж мой, Божа, вазьмі-ж мае вочы
Нашто-ж тыя вушы, як ня чуць нічога
Ні ад людцаў добрых, ні з неба ад Бога?
Ой, ці ні на тоя ж, каб чуць людзку лайку,
Ды тую плакучу дудку самаграйку,
Нашую жалейку, што енча няйграе,
Хоць як выйгравай ты, а яна смутная?
Ой, ці не на гэта-ж, каб чуць, як зьвякаюць
Ланьцугі на людцах, што з хат уцякаюць?
Ня здзекуйся-ж, Божа, нада мной, над імі:
Парабі усіх нас, як камень, глухімі!
Вазьмі усе змыслы, покі прыйдзе праўда,
Бо жыць без яе нам не вяліка наўда!
Прасіў Бога ласкі: „Адвярні ты, Божа,
Злую нашу долю на сухія пушчы,
Адвярні на камень, ці на бездарожжа,
На вялікі ройсты, на пяскі сыпушчы,
Ды каб не зазнала ні яго стварэньне
Гэтай долі нашай да веку сканчэньня!
Не пачуў ён енку, ня увідзяў мукі,
Крыж уеўся ў плечы, ланцугі у рукі!
Прасіў я суседзяў са мной падзяліцца,
Памагчы крыж несьці, як „з Богам ня біцца“.
Асьмяялі людзі мяне, як дурнога,
Там, казалі, праўда, тут тыкеле сіла!
Даўней, кажуць, праўда па сьвеце хадзіла,
Жабруючы-ж зьмёрла, а людцы схавалі,
Камянём накрылі, зямлю пааралі,
Каб ня чуць, не ведаць аб ей ані весьці,
Ды цяпер і кажуць: П„раўда ў небе гдзесь-ці“
Ды пашлі-ж ты, Божа, Праўду сваю тую
З неба на зямельку сьлязьмі залітую!
Пасылаў ты Сына, Яго ні пазналі:
Мучылі за праўду, сілай паканалі;
Пашлі-ж цяпер Духа, ды пашлі бяз цела,
Каб уся зямелька адну праўду мела!