Перайсці да зместу

Дудка беларуская (1922, Коўна)/Немец

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Здарэньне Немец
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Думка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Немец (Багушэвіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЕМЕЦ.

Не люблю я места (па расейску — горад):
Натта там цяснота і вялікі сморад,
А паноў, як маку, ды сярод гароду,
Апроч таго пропасьць рожнага народу!
Наш брат як увойдзе — сам сябе баіцца:
Ці ісьці без шапкі, ці гдзе пакланіцца,
Дык натта-ж і стыдна, каб не памыліцца:
Пакланіцца немцу, ці якому жыду!
Ніхай яго сточа, — набярэсься стыду;
Ніхай лепей з дому я ў той дзень ня выйду,
А пазнаць-жа трудна, як жыда, як немца,
Як пана якога, ці там чужаземца;
А што жыд ды немец — дзеці аднэй маткі:
І мова падобна і адны ухваткі, —
І абодвы ласы на чужую працу,
І мусіць абодвы ядуць разам мацу!
Абодвы абдураць, абдзяруць, як ліпку,
Адбяруць і сошку за бітую скрыпку.
Пан наш нябошчык (ніхай яму сьвеце),
Як памёр чацьвёрта вясна то, ці трэцьця,
Як яго скруцілі, чыста абадралі,
Глядзіць — будзе кепска, што тут рабіць далей?
Ўсё пусьціў арэндай; найперш пусьціў жыда;
У млыне сеу немец, якая-сь абрыда, —
Граўшы па дарогах, прыйшоў з-заграніцы,
Прынёс толькі торбу і ў ей дзьве скрыпіцы.
Двор купіў хтось рускі, так як за дурніцу, —
Пан зыйшоў далёка, кудысь за граніцу,
Жыд зараз убіўся у рускага ў ласку:
Што дзень ходзе ў лесе, ад самога браску…
От ходзіць ён гэта, ды ўсё дубы ліча.
Як трэба і грошы рускаму пазыча.
А як аблічыўся, ды дубы абмераў, —
У восені выгнаў з тысячу сякераў, —
Шчысьціў пушчу чыста, за пяскі узяўся,
Як кабан раз’еўся, ды як пан зазнаўся;
Гавора па-руску і з рускім гуляе,
Разам ляжа, ўстане і ўсім упраўляе!
Рускі сабе ездзе, ня ў дому ніколі,
Немец усё меле, ды ходзе па полю.
Наеўшыся мяса, півам запівае,
У сьвята-ж на скрыпцы, аж пішчыць, іграе.
Здаецца-б, нічога, калі хто ня ведае,
Але пачакаўшы, дык выйшла камедыя:
Жыд купіў у месьце сабе камяніцу,
Глядзім — наш рускі кінуўсь за граніцу:
Пакінуў і жонку, адрокся і дзеці;
Зьявіўся пан новы (гэта ужо трэцьці)…
А які-б то пан той?.. Ну, ці хто павера?..
Гэты-ж самы немец, каб яго халера!
От, цяпер згадай-ты — хто кім калі стане?
Аб пану ні весьці, ні слуху, ні званьня,
Жыд панам зрабіўся, немец яшчэ горшы,
А мужык быў голы, цяпер яшчэ гольшы!
Так і на гародзе: лебеда, крапіва, —
Толькі вырві рэпу, — дык зарастуць жыва,
Так, як чорт, насее! Ото-ж так і людзі:
Тутэйшы загіне, дык вораг прыбудзе!