Перайсці да зместу

Дудка беларуская (1922, Коўна)/Гдзе чорт ня можа, туды бабу пашле

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хцівец і скарб на сьвятога Яна Гдзе чорт ня можа, туды бабу пашле
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Кепска будзе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гдзе чорт ня можа, там бабу пашле.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГДЗЕ ЧОРТ НЯ МОЖА, ТАМ БАБУ
ПАШЛЕ.

Адзін мужык ды добра з жонкай ладзіў,
А гэта ж чорту ў горле косьць.
І што ён толькі не рабіў, — не звадзіў,
І немарасьць бярэ і злосьць.
Чорт з хаты вон ідзе, хвастом трэ вочы:
Жаль душы яму, а нават стыд;
Не раз ня еўшы быў, не спаўшы ночы,
А скутку — ніц, — сабе абрыд!
Калі глядзіць, шкулдык, шкулдык бабуся,
Як раз у тую вёску йдзець;
Чорт думае: дай бабе пакланюся,
Яна іх пэўна развядзець,
Прад бабай чорт такім харошым стаўся,
Аж вышчырыўся бабін клык;
Чорт жаль свой расказаў і абяцаўся
Даць бабе пару чаравік, —
Як толькі муж ды жонку аддубасе;
І прысягу па свойму даў.
А баба ўнэт за дзела узялася!
(Чорт бабу пэўна добра знаў
Яшчэ тагды, як яблык крала Ева,
У раі Божжым, гдзесьці там,
З таго праклятага праз Бога дрэва,
Што праз яго прапаў Адам).
Вось бабка зараз шусьць да жонкі на сакрэты;
Давай хваліць, што добра так жывуць,
Што рэдка гдзе знайсьці такой кабеты,
А лепшых дык нігдзе ня чуць.
А можна-бы і лепей нават жыць,
Каб жонка ведала сакрэт,
Умела як на тоя варажыць, —
Яшчэ бы лепшы стаў ёй дзед.
Ёсьць у мушчын на самым гарляку
Грубейшы валасок адзін,
Як спіць, згалі яго, дык будзе да вяку
Слухмяны для цябе, як сын! —
Тут бабе жонка надала, што мела,
І баба з Богам выйшла вон,
А жонка з радасьці і полудня ня ела:
Што век жа будзе добры ён!
Мужык гарэ, і блізка ля мяжы,
А баба міма йдзе… Шкулдык
І стала! Кажа: — Божа памажы! —
Як трэба атказаў мужык.
— Што добрага чуваць, бабуся, у людзях? —
— Ай, чула, чула дзісь я шмат!
Ці то казаць, ці не казаць? Бо страх!
Цяпер на брата ідзе брат,
А жонкі вернай — гдзе цяпер шукаць?
І у тваёй каханак ёсьць;
Змаўлялася, — як будзеш у полі спаць,
Дык брытвай табе зробе што-сь!…
Сказаўшы гэта, — марш у лес бабуся,
Як ліс лягла за першы куст;
Ціхусенька ляжыць, хоць кашаль дусе,
Ня пусьціць нават пары з вуст!
Аж жонка з полудням ляціць ад вёскі,
Схаваўшы брытву у кішэнь,
На вобмежкі паставіла дар Боскі
І кліча мужа, як што-дзень.
Ён хмурны што-сь і есьць не натта хоча,
А потым зараз лёг заснуць.
Заснуў!… А жонка у кішані шамоча…
Дастала брытву — і чуць-чуць…
— Га, рэзаць, подлая ты душагубка! —
Зароў, як той шалёны бык:
— Дык вот якая ты, мая галубка!
І дай біць жонку той мужык!…
Зьдзівіўся чорт, што баба так зрабіла,
Узяў яго прад бабай ляк.
Ціжэмкі бабіны наткнуў на вілы,
Здалёку даў, — баяўся так,
Каб баба і яму жыцьця ня струла,
Не нарабіла ў пекле штук,
Не набрахала-б там, што чула,
Або, што ён — яе байструк.
З тых пор, як чорт гдзе не дарадзе,
Там слухае ён бабскіх рад,
У бабскай круціцца грамадзе,
І ў пекле тым трымае лад!