Паперы прыйшлі у турму з Акружнога,
Што зараз зачнецца суд пасьля Каляд!
Сядзела-ж там нашаго брата і многа,
Было і нявінных памежы нас шмат!
Быў пан, што у банку краў грошы чужыя,
Быў пісар, што выдаў паперы благія…
Я сам тут сядзеў, а за што? Каб спыталі,
Дык я б не сказаў, і яны-бы не зналі.
А пісана так, што „страбіў жывы знак“,
Калок на капцу (быў гнілы, як бурак)
Пры полі маім мне стырчаў так, як скула,
Наехаў кабылай і слуп той зьвярнула.
Каб-жа люльку паліць было чым не красаўшы,
Агонь разлажыў той калок пашчапаўшы.
Прыехаў да дому, пасеяўшы грэчку,
Закінуў кабыле, забраўся на печку.
Назаўтра праспаўся добра, на ранку
Завець мяне сотнік, стукнуўшы па ганку:
— Ураднік склікае народ аж на поле,
Пісаць там што-сь трэба яму ў пратаколе. —
Пайшоў-жа, гляджу я, аж ён што-сь пытае:
„Чыя то граніца і грэчка от тая?
Хто слуп асьмяліўся спаліць самапраўна?
Калі то было? Ці даўно, ці недаўна?…
Ураднік жа піша, а я дык сьмяюся,
Кажу: „Ох, я натта цябе ды баюся!“
Пытаю: „Ці брат твой, ці бацька гніляк,
Што узяўся пісаць пратакол шчыра так?
Ці можа той кол толькі ёсьць твой зямляк,
А можа вялікі які-сь быў начал,
Ці спраўнік, ці большы яшчэ генарал. Прыблуда! Схавайся, адкуль ты прыйшоў,
У нас ужо досыць такіх прыбышоў,
І кожны згніе, бо як кол тут убіўся,
А зрублены пень там згніе, гдзе радзіўся!
Кабыла мая дык усіх вас паверне,
Ня то што чапаць, але толькі як п….
А людзі рагочуць, зыйшоўшыся з хат,
Бо кожны утапіць бы урадніка рад.
А ён тыкі тоя, што я кажу, піша;
Другі раз спытае, чаго не паслыша.
Мяне-ж яшчэ болей ды сьмеласьць бярэ
А дзядзька мой блізка за гоні гарэ;
Я-ж біч яго ўзяўшы, ды ззаду зайшоў,
Урадніку трэйчы, як дам між вушоў!
Аж ён закрычаў: „Калавур, тут разбой!“
І зноў запісаў, узяў паперы з сабой,
Як сеў на каня, дык аж пыл закурэй!
Народ жа са сьмеху увесь аж памлеў.
Сьмяёмся сабе, а таго не ўдагад:
Ураднік — начальнік, ня то, што наш брат!
За тыдзень жа сотнік павесткі прыпёр,
Каб мы усе заўтра зьявіліся ў двор:
Тут пан прыляцеў, аж на тройцы з званком,
Распытываць будзе пад срогі закон.
Тут некуды дзецца, на заўтра чуць сьвет,
Мушчын з два дзесяткі, дванасьце кабет,
Ідзём да двара, за малым ня дзве мілі,
Ідзём, а чаго? Каб мы зналі, хоць сьнілі!…
Адзін кажа: выйшаў то пэўна указ
Каб скінуць падаткі якія і з нас;
Другі, — што зямлі дададуць, ці аброк
Даруюць за прошлы, ці гэты хоць рок.
Лгуць бабы, што біскупа вернуць ізноў, Ці можа біць розгамі будуць паноў,
За тоя, што немцам усё прадалі,
І натта па шмат што даўгоў завялі:
У банках усе аж па вушы сядзяць,
Кідаюць двары, на Парыжу глядзяць;
Ўсе пушчы зьмялі у жыдоўскі кішэнь
І жывуць так бэз заўтра, абы з дня ды на дзень!
Ніхто не згадаў, чаго клічуць у двор,
Ніхто не паняў, што сотнік прыпёр!
Прыходзім у двор, — той начальнік ёсьць тут.
Выходзе да нас, апрануўшы сурдут,
Пытаецца так: „А за што вы, рэбяты,
Урадніка здулі, ледзь трапіў да хаты?“
„Затоя“, мы кажым, „а што натта ён ласы,
Што любіць яешню, курэй і каўбасы,
Унадзіўся натта ён лазіць па хатах,
Ды нюхаць, каторай муж служа ў салдатах;
Ды натта цікавы, каторы што мае, —
Ня то што у сьвірны, ў кішэнь заглядае;
Сьвіньнёй гаспадарыць у нашым гародзе,
Праз дзьверы улазе, праз вокны выходзе,
На полі слупкі, — і да іх яму наўда,
Таго ж не утаропе, гдзе крыўда, гдзе праўда;
Ён, гад, каб пісаць, а рабіць — то ня робе,
А нам дык ён так, як той кашэль ў хваробе!“
Мы-ж гэтак лапочам, а ён усё піша,
Пытаецца толькі, а сам, — як ня слыша;
А потым чытае: „Такія то людзі
Урадніка білі, цягалі за грудзі;
Прызналіся самі і як і чым білі,
І зналі самі, што закон праступілі,
Супроці начальства, законнай уласьці, І змовілісь вёскай урадніка ўкласьці,
Зачыншчык-жа я: а бо я той калок
Спаліў, а другіх я у бунт увалок;
Дык мяне у вастрог той жа час запярці
І судзіць найсражэй па вялікай стацьці!“
Чытае ён гэтак, а мне дык здаецца,
Ён з нашага брата і спраўды сьмяецца:
У законе-ж ўсе роўны і пан і мужык,
А што-ж то ураднік за велькі індык?
Як ён каго трэсьне, дык гэта нічога,
Яго-ж не даткні, так як Юрья сьвятога!
То так думаў я, ажно вышла ня тое,
Ураднік на службе, — то дзела другое:
Тагды сьцеражы ты яго, як той скулы,
Бо ён — то ня ён, а то ёсьць артыкулы,
Разьдзелы, стацьці і ўсе зводы закона!
Мужык-жа, наш брат, той усюды варона,
Здалося мне, што ці дурню, ці шэльме, —
Ці хітры ён будзе, багаты хоць вельмі, —
Мундзір хоць надзенеш, жупан хоць бы новы,
А дурнем-жа будзе дурны безгаловы;
А шэльмужа нюхам пачуе сабака,
І ўсюды для шэльмы чэсьць будзе аднака.
1 прыказка-ж кажа, што Бог не цяля,
З усёй грамады пазнае круцяля!
Законы-ж, а думачкі нашага брата,
Як ноч —а то дзень; гэта — будні, то — сьвята!
Вот гэтых законаў паняць я ня мог;
За гэта ж цяпер я папаўся ў вастрог.
Цяпер ужо тут, дык мне вочы працёрлі;
Пазнаў, як у бацькаву хату запёрлі…
Ото-ж і завуць і мяне на той суд
Вучыць шанаваць і начальства і кнут, I слуп, што гніець, стаючы ля дарог,
Бо начал, кнут і слуп, то даў Бог!…
|