Як простая праўда згінула у сьвеце,
Дык праўды і з сьвечкай шукаюць,
І золатам маняць і людзей склікаюць,
І Бога цалуюць, — а ўсё такі прэце,
Як камень у воду, так праўда прапала!
Судоў нарабілі, начальстваў цімала:
Пасьрэднік і воласьць, сынод і сэнаты,
Прысуцтвы і вокруг, управы, палаты;
А найбольш міравых, ўчастковых і зьездаў,
Што ў полі каменьня, што гвездаў!
Затое-ж жыцьцё цяпер труднае стала.
У сьведкі ўлезьці, ні села — ні пала,
Ад суду да суду праз лета цягацца
Так лёгка, што навет ня трэба старацца!
Раз еду я ў Вільню адведаць сынка,
Ажно, пры дарозе пасецца кабыла,
Стаіць чалавек якісь ля млынка,
За млынам там сука брахала, ці выла,
І дзесьці „ратуйце“ крычала кабета,
А мостам ляцела якаясь карэта.
І што-ж тут такое было? Мне здаецца:
Хто едзе, хто вые, хто можа сьмяецца…
(А Мельнік стаяў у дзьвярох і сьмяяўся;
Чаго ён смяецца, — дык я-ж ня пытаўся!)
Мінуўшы я млын той, еду ўжо лесам, —
Ляжыць чалавек пад кустом ля дарогі
Бяз шапкі і босы, так шталтам[1] убогі;
Але я еду з сваім інтарэсам,
Мне няма дзела больш ні да кога
Ляжачага-ж люду ўсюды ёсьць многа!
Я аглянуўся, аж гоніцца хтосьці,
Кліча: „пастой-жа для Боскай мілосьці!“…
Стаў я, чакаю, аж ён і пытае:
Хто я, адкуль ёсьць і хто мяне знае?
І кажа вярнуцца мне аж да млыну,
Сьведкам ураднік зьве на гадзіну.
Вярнуўся, гляджу, аж карэта у рэчцы.
Мельнік цяпер ужо не сьмяецца,
Кабылу сотнік цягне да стану,
Цырулік кроў кінуў абмокшаму пану,
Дзіра на мосьце так, як на хату, Два хлопцы ловяць сучку кудлату,
Баба стаіць ў парванай спадніцы
І кроў ёй цячэ па руцэ і па лыдцы.
Вязуць і труп той зараз на возе,
Што я то відзеў ляжачым пры дарозе.
Пытаецца ўраднік мяне ды за сьведка:
Ці мельнік цкаваў, ці крычала кабетка?
Ці сучка парвала, а сучку ці білі?
Ці відзеў, што ў мосьце масьціны пагнілі?
Ці відзеў, як мельнік стаяў і сьмяяўся?
Як пан з хурманом ў карэце купаўся?
Як хурман ўтонуў, а пан ратаваўся?
Як злодзей цікаўся з-пад млыну да коні?
Як сьвіснуў кабылу і ляцеў на Рыкойні?
Ці знаю, хто-то забіты валяўся?
І кім забіты, ды каб я прызнаўся,
Ці не я яго вёз ды посьле уклаў?
Можа меў грошы, можа я іх забраў?
(І дух мне заняў, сказаць слова ня мог!
Вось напасьць на мяне, чысты крыж паслаў Бог!).
Чаму я не хацеў ратаваць хурмана?
Чаму майстра таго не лавіў ля млына?
Чаму сучкі ад бабы кусьлівай ня гнаў?
Чаго я ўцякаў, што ледзь соцкі нагнаў?
Пратрымаў ён мяне нізашто цэлы дзень.
А бадай ты прапаў! Яшчэ даў я рубель,
Ен так спрытна яго запусьціў ў кішэнь.
Я паехаў сабе! Аж у восем нядзель
Соцкі прэць мне павестак і шмат:
У першай сьведкам як мельнік цкаваў,
У другой сьведкам — што мост бяз прыгат,
У трэцяй сьведкам — як коні хтось краў,
У чацьвертай сьведкам — як пан заваліўся,
Як выплыў наверх, а хурман як заліўся,
У пятай сьведкам — што труп пры дарозе
Быў убіты, а двое людзей уцякалі, Што я даганяў тых людзей ды на возе,
А яны праз ламы ўдваіх паскакалі!
Аж на шостай ужо дык я стаў вінават,
Што ратунку ня даў, як карэта плыла.
Як я стаў па павестках хадзіць ад Каляд,
Дык асеўся якраз, як Пакрова была…
І ня сеяў, ня жаў, не касіў сенажаць
У арэнду аддаў, бо ня мог дадзяржаць,
І што меў, то прадаў, пераеў,
Па судох агалеў, як шесьць разы згарэў;
І ў казе адсядзеў нядзель шэсьць,
За няяўку плаціў можа тройчы і штраф.
Як на тое-ж і праўда схавалася гдзесьць.
А шукаўшы яе, і мне здарыўся траф....
|