Калісь, як у нас казакі то стаялі,
У „Шнюрах“ за горкай раз мяне спаткалі
Сказаў „пахвалёны“, а яны сьмяюцца,
Адзін штось сьпявае, іншы дзьме на дудцы,
А старшы скіпеўся: „ты што за адзін?“
Думаю: хто-ж я? — ужо-ж Юркаў сын!
„Тутэйшы“, кажу я, свой чалавек:
„Сын бацькі свайго, а бацька дзяцей,
„Тут і радзіўся, тут і жыву век;
„Юркам зваць бацьку, а я дык Мацей.
„Вун гдзе і хата і выган і сад;
„Там жнець мая жонка, а тут гарэць брат!“
Ен кіпіць горай, пытаючы лае,
Крычыць і б‘ецца і ў твар штурхае.
„Ды хто ты, ды хто — ці рускі, ці не?
Я дай круціцца туды і сюды,
Думаю: што-ж сказаць яму мне?
„Я не нашу, кажу, барады“.
„Да ты“, ён кажа мне, „веры якой?“
„Ці ты праваслаўны, ці ты паляк?“
«А дайце-ж, паночку, кажу, мне пакой,
«Ды я-ж тутэйшы, як казаў дык так!..“
Як сьцебане пракляты мяне, —
Аж у вачох чырвона здалося!
Каб я-ж у чымкольвек, у якой віне,
А то і ня ведаць, скуль узялося?
Я кажу гэтак: «калі-ж ужо так,
«Што васпан б‘ешся бяз-дай прычыны,
«То мусіць і праўда, што я паляк
«І буду паляк ад гэтай гадзіны!»
Ну і далі-ж мне добра на знак:
Цягнулі б‘ючы аж у Замаслаў,
Каб помніў крэпка, што я паляк,
Каб і вам гэта здарэньне сказаў!
Тое прайшлося, пайшлі і казакі;
Калі пад восень завуць нас у збор:
«Прыехаў, кажуць, начальнік такі!
«Сам князь Хаванскі: ідзіце ў двор!»
Трэба ўсё кідаць (хоць сьвятам было).
Народам, як макам, ўвесь двор заліло:
Князь у палетах, вясёлы такі!
«Эх, кажа, рэбяты! — вы дуракі! „Што ў рускай зямлі, дый каталікі!
„Ну, цар вас прыймае у сваю веру;
„Дасьць зямлі многа!… Вы, на паперу,
„Тут падпішыце, а поп посьвеньце, —
„Будзе ўсё добра, усюды пашэнце
„Ну, братцы, выпьем па чарцы усе;
„Бацюшка крыж і крапідло нясе!“
Мы-ж толькі, зірк, адзін па другога,
Маўчым, трасёмся, ня кажам нічога:
Ен жа Мірона за плечы узяў,
Вядзець да стала, гарэлкі падаў:
„Пі на здароўе і так пішы:
„Вот сабраліся дзьве тысяч душы,
„Рускую веру хочам прыняць,
„Каб каталіцкай ні ведаць, ні знаць…“
Мірон папярхнуўся, як хуста зьбялеў,
Глянуў на ўсіх, на мяне паглядзеў —
„Як, кажа, людзі, так, кажа, і я,
„Спытайце, кажа, вун Мацея,
„Як ён ды скажа перавярнуцца,
„Дык усе вёскі на яго здадуцца“.
Цягнуць мяне да таго князя,
А тут аж мурашка за скурай лазе.
— „Ну што, маладзец, нап‘ёмся водкі?“
Даець мне грошы, такі салодкі:
Усё гавора, радзе, пытае,
Жонку цалуе, дзяцей гайдае.
— „Ну што-ж надумаўся, ці ўжо гатоў?…“
„Надумаўсь, кажу, каб сто катоў
„Дралі мне скуру, пяклі на агню,
„Я веры сваей тыкі не зьмяню!“
Іх! закіпеў тут той князь, аж зароў,
Аж вылупіў вочы, счырванеў, як кроў…
— „Розаг падайце, нагаек, сто лоз!“
„Ен з веры сьмяецца мне тут-жа пад нос!“
Хапілі мяне якісьць гайдукі, І розаг падалі чатыры пукі.
І бьюць — не баліць, хоць за сэрца бярэ:
За што-ж ён пракляты мне скуру дзярэ?
Як крыкну я гэта: „эй, бійце-ж мацней,
„Мацнейшы ад веры вашай Мацей!“
Вот так то хрысьцілі мяне казакі
З тутэйшага ды ў палякі!
|