Перайсці да зместу

Дудка беларуская (1922, Вільня)/Немец

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Здарэньне Немец
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Думка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Немец (Багушэвіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Немец.

Ня люблю я места (парасейску — горад):
— Надта там цяснота і вялікі сморад,
А паноў, як маку ды сярод гароду,
Апроч таго пропасьць рознага народу!
Наш брат як увойдзе, — сам сябе баіцца:
Ці ісьці бяз шапкі, ці гдзе пакланіцца,
Дык надта-ж і стыдна, каб ня памыліцца:
Пакланіцца немцу, ці якому жыду!
Няхай яго сточа — набярэшся стыду;
Няхай лепей з дому ў той дзень ня выйду,
А пазнаць-жа трудна, як жыда, як немца,
Як пана якога, ці там чужаземца,
А што жыд ды немец — дзеці аднэй маткі:
І мова падобна і адны ухваткі, —
І абодвы ласы на чужую працу,
І мусіць абодвы ядуць разам мацу!
Абодвы абдураць, абдзяруць як ліпку,
Адбяруць і сошку за бітую скрыпку.
Пан наш нябошчык (няхай яму сьвеце),
Як памёр чацьвёрта вясна то, ці трэця,
Як яго скруцілі, чыста абадралі,
Глядзіць — будзе кепска, што тут рабіць далей
— Усё пусьціў арэндай; найперш пусьціў жыда
У млыне сеў немец, якаясь абрыда, —
Граўшы па дарогах, прыйшоў з заграніцы,
Прынёс толькі торбу і ў ей дзьве скрыпіцы.
Двор купіў хтось рускі, так як за дурніцу, —
Пан зыйшоў далёка, кудысь заграніцу!
Жыд зараз убіўся ў рускага ў ласку:
Што дзень ходзіць ў лесе ад самаго браску…
От ходзіць ён гэта, ды ўсё дубы ліча,
Як трэба і грошы рускаму пазыча,
А як аблічыўся, ды дубы абмераў, —
У восені выгнаў з тысячу сякераў, —
Счысьціў пушчу чыста, за пяскі ўзяўся,
Як кабан разьеўся, ды як пан зазнаўся,
Гавора паруску і з рускім гуляе,
Разам ляжа, ўстане і ўсім упраўляе!
Рускі сабе езьдзе, ня ў дому ніколі,
Немец усё меле, ды ходзе па полю.
Наеўшыся мяса, півам запівае,
У сьвята-ж на скрыпцы, аж пішчыць іграе.
Здаецца-б, нічога! калі хто ня ведае,
Але пачакаўшы, дык выйшла камэдыя:
Жыд купіў у месьце сабе камяніцу,
Глядзім — наш рускі кінуўсь за граніцу:
Пакінуў і жонку, адрокся і дзеці;
Зьявіўся пан новы (гэта ужо трэці)…
А якіб-то пан той?… Ну, ці хто павера?…
Гэты-ж самы немец! каб яго халера!
От цяпер згадай-ты — хто кім калі стане?
Аб пану ні весьці, ні слыху, ні званьня.
Жыд панам зрабіўся, немец, яшчэ горшы!
А мужык быў голы, цяпер яшчэ гольшы!
Так і на гародзе: лебяда, крапіва, —
Толькі вырві рэпу, — дык зарастуць жыва.
Так як чорт насее! Ото-ж так і людзі:
Тутэйшы загіне, дык вораг прыбудзе!