Перайсці да зместу

Дрыгва (1928)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дрыгва
Драма
Аўтар: Ілья Гурскі
1928 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І ГУРСКІ

ДРЫГВА

ІЛЬЯ ГУРСКІ


ДРЫГВА

П‘еса ў трох дзеях,
чатырох абразкох


БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА
МЕНСК ——— 1928

Зак. № 543.

У ліку 2000 экз.

Галоўлітбел № 1951.


Друкарня Беларускага Дзяржаўнага Выдавецтва.

ДРЫГВА

Асобы:

ІГНАСЬ ДРОЗД — бедны селянін.
АГАТА — яго жонка.
ПЯТРУСЬ — іх сын.
БАРЫС ГРЫБ — вясковы каваль.
АЛЕСЬ СТРУК — вясковы кравец.
ГІРШ — местачковы балагол.
СЬЦЯПАН ІВАНАВІЧ КАРАЧУН — каморнік.
ГАННА ПІЛІПАЎНА — настаўніца.
БАНАДЫСЬ СМЫК — багаты селянін.
ЗОСЬКА — яго дачка.
АПАНАС БЯГУНЕЦ — бабыль.
СТАРЫ ДЗЕД.
СЕЛЯНІН.
СЯЛЯНЕ, СЯЛЯНКІ.

Дзея адбываецца на вёсцы ў нашыя часы.

Дзея першая

[правіць]

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Зусім старэнькая сялянская хата. Печ, ложак, стол, заслон, калаўрот, прасьніца, цабэрак з сечкаю. Поўны покуць абразоў. Сьцены абклеены газэтамі. Зіма. Вечар.

ЗЬЯВА I
Агата — Ігнась

Агата (прадзе). Ігнаська, падкінь трохі карчагі, а то цёмна неяк стала.

Ігнась. У ваччу ў цябе пацямнела. Кідай ты яе смактаць. Няўжо яна табе за ўвесь дзень не абрыдла?

Агата. Што-ж будзе, калі кіну? Глядзі, вунь апошнія порткі носіш і тыя ўсе ў латках.

Ігнась (падкідае карчагу). Ды ўжо-ж неяк перагаруем, а там бог міласэрны…

Агата (перарывае). Не ў „міласэрным“ тут справа! Скажы, доўга ты яшчэ будзеш цягацца па гэтых сходах?..

Ігнась. Ат, не назаляй ты мне гэтымі сходамі. Кожны дзень ты зьвягаеш! Аж моташна!

Агата (спынілася прасьці). Што, ня праўду я сказала? Ды ты толькі падумай: усе людзі, як людзі, а ты, не раўнуючы, як той бусел, увесь дзень па балоце цягаешся, а як прыйдзе вечар, дык з хаты сходзіш. Ну, скажы, куды гэта годна?

Ігнась (хвалюецца). Дык выходзіць, што я не гаспадар, а лайдак нейкі!..

Агата (зноў прадзе). Ды ніхто гэтага ня кажа.

Ігнась (ходзіць па хаце). Але так выходзіць. (Застанавіўся каля вакна, паўза). От-жа нейкага прынесла яшчэ, ды гэткаю халадэчаю. На двор жах выйсьці, а яны едуць нямаведама куды.

Агата (адвярнулася). Мусіць трэба, калі едуць. Мо‘ дровы вязуць. Гэта-ж ты толькі баішся свой нос высунуць…

Ігнась (заглядае ў вакно). Да нас заехалі. Цікава, хто-ж бы гэта там быў?

Агата. Апраніся ды выйдзі паглядзі.

Ігнась (надзяе кажух). І як яны гэткаю завірухаю да вёскі дабраліся? Відаць, нейкія незнаёмыя, бо я гэткага каня ні ў кога ня бачыў.

Агата. Але-ж ты зьбіраешся, усё роўна, як на паншчыну…

Ігнась. Папругі ніяк не знайду. Ты часам ня бачыла?

Агата (усьміхаецца). Вунь яна!

Ігнась. Дзе?..

Агата. Ды там, дзе палажыў! (Устае).

Ігнась (злосна). Разбазырылася ты, кабеціна! (Бярэ з ложка папругу). Даўно яна па табе не хадзіла! (Паказвае).

Агата. У-га! А гэткую штуку ты бачыў? (Паказвае хвігу). Страшыць надумаў.

Ігнась. Каб яна табе адсохла!

Агата (сьмяецца). Дык бяз портак хадзіць будзеш! Якая табе з гэтага карысьць?

Ігнась. Дурніца! Не здарма кажуць, што ў бабы волас доўгі, ды розум кароткі… (Выходзіць).

Агата. Дык я падстрыгу, мо‘ паразумнею!.. (Адна). Абрыдла гэткае жыцьцё… (Падкладае карчагу). Дзень і ноч працуеш, а смаку ня чуеш, а як сядзеш за стол, дык акрамя бульбы ды цыбулі нічога ня ўгледзіш. Эх, доля наша горкая! (Уваходзіць Сьцяпан Іванавіч, адзеўшыся ў доўгі кажух, з вялікім каўняром, твар чыста голены, у акулярах, тоўсты, гадоў пад сорак).

ЗЬЯВА II
Агата — Сьцяпан

Сьцяпан (скідае кажух). У-уф! Цяжка!

Агата (засумяцілася). Дазвольце, паночак, таварыш, я павешу!..

Сьцяпан (холадна). Калі ласка! (Аддае кажух).

Агата. А-я-яй, які цяжкі!.. Напэўна з пуд, а мо‘ і болей будзе!.. (Вешае).

Сьцяпан (ходзіць па хаце). Дык добры вечар!

Агата. Добры вечар, паночку!

Сьцяпан. Эх, добра было-б, каб як-небудзь самаварчык. (Да Агаты). Га?

Агата (не разабраўшы, зьдзіўлена). Што?

Сьцяпан (голасна). Каб як-небудзь чайку.

Агата. Нібы гарбаты панок хоча? Так?

Сьцяпан (злосна). І не панок, і не таварыш, а Сьцяпан Іванавіч!.. (Працірае хустачкаю акуляры). Га?

Агата. Ды разумею, панок, таварыш, Сьцяпан Іванавіч. Зараз у саганчыку нагрэю.

Сьцяпан. Еж сама свой саганчык, а я чайку хачу. (Дастае з кішэні цыгаркі, закурвае). Што?.. (Чмыхае).

Агата. На здароўе, панок, Сьцяпан Іванавіч!..

Сьцяпан. Што?

Агата. Нічога!.. нічога!..

Сьцяпан (злосна). Як гэта нічога? Трэба прыгатаваць што-небудзь, ну хоць сала, каўбасак… (Паўза). А дзе-ж гаспадар дзеўся? (Убок). Куды ён мяне завёз?.. Вось нехрысьць!..

Агата. Ён зараз, напэўна каня памагае выпрагчы.

Сьцяпан (скрывіўшыся). Ды як-бы хутчэй, а то есьці хочацца. (Ходзіць па хаце, курыць, застанавіўся і глядзіць у вочы Агаце). Ну, што чуваць? (Чмыхае).

Агата. Відаць, прастудзіліся, панок, а болей нічога… таварыш… Сьцяпан Іванавіч…

Сьцяпан (зусім ня слухаючы Агаты). Як жывяцё? (Чмыхае). Што?..

Агата. Ды яно нічога, гаруем патроху. (Паўза). Куды-ж гэта накіраваліся, панок? І як вы не баяліся ехаць гэткім позным часам? Відаць, па пільнай справе?

Сьцяпан (важна, садзіцца). Але, вось усё па справах, усё жыцьцё у справах, каб яны гэтыя справы пагарэлі!..

Агата. Дый жыцьцё ўжо наша, што пра яго казаць. (У хаце крыху пацямнела). Адно вось толькі чалавек яшчэ мае надзею… (Папраўляе карчагу).

Сьцяпан (напалохана). Ці не звар‘яцела ты, кабеціна, што гэта ты робіш?.. Ты-ж хату можаш спаліць!.. Чаму ты тут агоньчык раскладаеш?.. (Хоча раскідаць).

Агата (зьдзіўлена глядзіць на Сьцяпана). Невядома хто звар‘яцеў!.. Агоньчык гэты я з маленства раскладаю і ніколі, дзякуй богу міламу, хаты не спаліла. Гэты агоньчык і сьвеціць, і грэе, і корміць. У вас напэўна ў горадзе няма яго. Мой аб гэтым апавядаў, казаў, што там нейкая ляктрычнасьць маецца, дык вось маем надзею, мо‘ і нашы хаты калі-небудзь будуць абагрэтыя. (Карчага разгарэлася, у хаце стала сьветла).

Сьцяпан (зразумеўшы, пра сябе). Першабытны стан!.. Цікава, як тут зроблена?.. (Разглядае).

Агата (усьміхаючыся). Нічога тут цікавага няма. Звычайная рэч. У нас амаль у кожнай хаце ёсьць.

Сьцяпан. Адкуль-жа вы гэткія добрыя дровы бярэце, гэта-ж вунь як добра гараць.

Агата. Ха-ха-ха! Хіба гэта дровы? Гэта-ж карчага!

Сьцяпан (злосна). Што?

Агата (напалохана). Смаляная карчага.

Сьцяпан. А дзе вы яе бярэце?

Агата. Вядома дзе, у лесе, карчы капаюць, а з іх і карчагу робяць. Ды вось яшчэ думаюць балота расчысьціць. (Думае). Але-ж там ня будзе…

Сьцяпан. Дзіўна! Надзвычайна добра, нават і пагрэцца можна. (Грэе рукі). Ось каб гэта ў горадзе.

Агата. Навошта яна вам, там-жа ляктрычнасьці хапае.

Сьцяпан. Яно хапае, але-ж каля электрычнасьці так не пагрэешся.

Агата (зьдзіўлена). Як?.. А мой-жа казаў, што нават зацірку зварыць можна…

Сьцяпан. Нічога твой не разумее.

Агата (хітра). Ды дзе-яму, невуку! Пачуў недзе, вось і плявузгае. (Паўза). Ай, якая я сапраўды, загаварылася і зусім забылася пра чаёк. Выбачце мяне, панок, дурную!? Вось як сустрэнеш разумнага чалавека, дык так і хочацца пагаварыць… Я зараз настаўлю, толькі вось цукру няма.

Сьцяпан. Які-ж там чай бяз цукру?.. Дый дастаць, мусіць, няма дзе? (Уваходзіць Гірш, высокі, худы, апрануты ў падраны кажух і сялянскую сьвітку, голены, гадоў 35).

ЗЬЯВА III
Агата — Сьцяпан — Гірш

Гірш (весела). Добры вечар, гаспадыня!

Агата. Добры вечар! Сядайце. (Глядзіць на Гірша). Ды гэта-ж, здаецца, свой чалавек, з мястэчка, балаголам езьдзіш.

Гірш. Так, з мястэчка. Мой дзед быў балаголам, бацька таксама і вось ад іх і я пераняў, але трэба было-б зьмяніць гэту профэсію… (Падыходзіць да Агаты). Дык частуйце, чым можаце, неспадзяваных гасьцей.

Агата (весела). А ўжо-ж трэба. Чым-бы толькі? (Думае). Але што маем, тым і прыймаем.

Гірш. Ды нам і пачастунак невялікі: бульбы, цыбулькі, а хлеб і селядзец у мяне маецца. Вось і гішэфт! Але як з Сьцяпанам Іванавічам… (зьвяртаецца да Сьцяпана). Вы, напэўна, гэтага ня ўжываеце?..

Сьцяпан (злосна). Дзікасьць нейкая і больш нічога! Для іх-жа клапоцішся, а яны хоць-бы што!

Гірш. Бедната. І рад-бы быў чалавек у рай, ды грахі ня пушчаюць…

Сьцяпан. Чаму-ж ты сюды заехаў?.. Няўжо тут ва ўсіх так?..

Гірш. О, не! (Ціха). Я дзеля каня. (Падміргвае Агаце). Агата, трэба падумаць, трэба зрабіць гішэфт! Разумееш!

Агата. А хто яго ведае!.. Хіба да Банадысёвых?..

Гірш (думае). Уй, Агата! — дальбог ты разумная кабеціна, каб я так жыў. (Хітра). Гэта-ж я галаву скруціў, думаўшы, да каго завесьці Сьцяпана Іванавіча, і так не дадумаўся, а ты адразу. (Да Сьцяпана). Сьцяпан Іванавіч, гэта кабеціна разумнейшая за ўсю вёску! (Заўважыўшы, што Сьцяпан хвалюецца). Уй, я зусім ня гэта хацеў сказаць. Сьцяпан Іванавіч, пойдзем да Банадысёвых, там усё, нават і… дзяўчаты!

Сьцяпан (не дачуўшы). Што ўсё, мне цікава ведаць? (Чмыхае). Я павячэраць хачу. Што?..

Гірш. Я вам кажу ўсё, гэта значыць: яешня, каўбасы, ну і… (робіць пстрычку ў шыю), як яе, але самі ведаеце… дый красуні ненаглядныя…

Сьцяпан. Ага! Так-бы і казаў! (Задаволены). Дык пойдзем ці што? (Паўза). А справы?

Гірш. Вінтэрас! Справа ня воўк, у лес не пабяжыць. Трэба-ж паесьці, дый адпачыць таксама.

Сьцяпан. Яно так. (Да Агаты). А дзе-ж гаспадар дзеўся?

Агата. А хто яго ведае… Мо‘ каню сена дае.

Гірш. Сьцяпан Іванавіч, вы ня ведаеце яе гаспадара?! Ого, гэта чалавек! Ды што чалавек — не чалавек, а золата. Гэта-ж заўсёды ён возьме што-небудзь дый выдумае. Уй, яго галава, адна галава чаго варта!!

Сьцяпан. Навошта мне яго галава? Непатрэбна яна мне! Я пытаю, куды ён пашоў?

Агата. Калі ён ужо так патрэбен, дык я зьбегаю, пашукаю.

Гірш. Агата! Ігнась напэўна да Барыса Грыба зайшоў, — гэта-ж хэўра! Зьбегай па яго, Агатка!

Агата (адзяецца). Я зараз. І заўсёды ён, валацуга гэты, з хаты сходзіць.

Сьцяпан (таксама адзяецца). Ды не патрэбен ён нікому. Я так пытаўся. (Чмыхае). Што?.. (Да Агаты). А далёка гэтыя Банадысёвы?

Агата. Да не! Вось тут. (Пакавае рукою). Праз некалькі хат…

Гірш. Яно і не праз некалькі, але і недалёка. (Да Сьцяпана). Дык мо‘ пойдзем?

Сьцяпан. Так, пойдзем. А справы, кажаш, назаўтра!

Гірш. Вядома! Хто яго і займаўся з імі, пасьля гэткае дарогі. Трэба адпачыць. (Зьбіраюцца выходзіць).

Агата. А ты, Гірш, зойдзеш яшчэ да нас ці не?

Гірш. А як-жа. Я зараз-жа прыду. Ты тут паклапаціся адносна вячэры. (Абодва выходзяць).

Агата. Добра. Добра. (Адна, пасьля паўзы). Што-ж гэта за ён? У мястэчку, здаецца, такога ня было? Мусіць з гораду нейкі? Хванабэрысты, відаць! Але што мне да яго, трэба вось Гірша пакарміць, добры ён чалавек, відаць, па бацьку пашоў, бо‘ маці не такая была. (Ставіць на трыножку саганчык з бульбаю). Ад шчырага сэрца прыймаю, а таму дальбог шкада. Паніч! (Чуваць у сенях стук). Хто-ж бы гэта там быў? (Уваходзіць Ігнась).

ЗЬЯВА IV
Агата — Ігнась

Агата. Дзе гэта ты цягаешся? Ніколі не пасядзіш дома!

Ігнась. Ды ня крычы. Мусіць трэба, калі цягаюся. (Чуваць у сенцах стук).

Агата (прыслухоўваецца). Глядзі, каб злодзей не забраўся, апошняе ўкрадзе.

Ігнась (сьмяецца). Няма чаго красьці, гэта-ж, мусіць, дуга скінулася. (Паўза). А дзе яны?

Агата. Хто?

Ігнась. Ды гэты пан агроном…

Агата. Хіба гэта агроном? А-а, вось хто ён!

Ігнась. Чаго ты так дзівішся?

Агата. Так сабе…

Ігнась. Мусіць ня так, ведаю я цябе, дзякуй богу, ня першы год.

Агата. Не падабаецца нешта ён мне.

Ігнась. Усё-ж куды яны сышлі?

Агата. Да Банадысёвых пашлі. (Злосна). Няхай ідзе! Дзё-ж я яму вазьму розных прысмакаў…

Ігнась. Што, да Банадысёвых?… (Кусае губу). Дрэнна, калі так!..

Агата. Чаму дрэнна?

Ігнась. Калі кажу дрэнна, значыць дрэнна!

Агата. Дык няўжо мне аб гэтым нельга ведаць? Усё жыцьцё вось так!..

Ігнась (задуменна). Прыйдзе час, будзеш знаць. (Уваходзяць: Барыс Грыб і Алесь Струк. Барыс Грыб — быўшы чырвонаармеец, вясковы каваль, высокі, стройны, носіць шлем, іншая вопратка — сялянская, каля 28 год. Алесь Струк — вясковы кравец, апрануты ў падраны кажух, у руках аршын, які замяняе палку, гадоў 35).

ЗЬЯВА V
Агата — Ігнась — Грыб — Струк

Грыб. Добры вечар! (Скідае шлем і вешае на цьвік).

Струк. Добра ў вечар! (Сьмяецца і таксама шукае цьвіка павесіць шапку).

Агата. Няхай будзе добра! (Да Струка). Алеська, павесь вось там, каля скарача.

Струк. Дзякую за ласку! Каля дзьвярэй не хачу, яшчэ ўкрадзе хто… Я вось тут лепей (вешае каля абразоў), з сьвятымі разам…

Агата. А бадай цябе, ужо сівець пачаў, а ўсё жартуе.

Грыб. Вядома, калі ўродзіцца цялятка з лысінкаю…

Струк (перарывае). Дык і кароўкаю будзе хадзіць з „лысінкаю“… (Да Агаты). Слухай ты, няўжо гэта твой таксама ўрадзіўся з „лысінкаю“!? Глядзі, як яна ў яго блішчыць!..

Ігнась. Дажыві да маіх год, дык і ў цябе будзе блішчаць!..

Грыб. Лысіна ў чалавека — бабін гонар!

Агата. У-га!.. Які-ж мне з яе толк?..

Струк. Агатка, не грашы богу, гэта лысая галоўка не адну цябе выведзе з гора…

Агата. Чакай!.. Пакуль выведзе, дык і ногі выцягнем. Нават людзі ўжо цураюцца. Гэты пан, ці агроном, хто яго там ведае, пасядзеў, пачмыхаў носам, дый пашоў шукаць лепшага… Гірш і той сышоў!..

Ігнась. Ай, ня дурыся ты, кабеціна. Пашоў, дык няма чаго шкадаваць. А Гірш хутка прыдзе, ён там не заседзіцца, з гэтым можна рабіць справу. Ты вось лепей паглядзі, каб бульба не распарылася. (Агата падыходзіць, зьнімае саганчык і адцэджвае ваду).

Грыб. Памойму, трэба штосьці рабіць. Ад гэтага гуся дабра не дачакаешся, калі ён адразу пачаў шукаць сала ды каўбас… А ўжо, калі ён папаў да Банадыся, дык той яго абкруціць, высмакча ўсё, што можна!..

Агата. У гэтым мо‘ і я трохі вінавата, але болей гэты Гірш. Ён-бы сам не надумаўся ісьці.

Ігнась. Ні ты, ні Гірш у гэтым нявінны. Сапраўды, чым-бы ты яго карміла? Гірш — разумны чалавек, але вось над гэтым і не падумаў. Выпрагаючы каня, мы з ім аб гэтым гаварылі, і я даручыў яму выкручвацца, а самому прышлося проста сыйсьці з хаты, каб вушы ня чулі і вочы ня бачылі… А выхаду другога ня было. (Да Агаты). Ты-б падкінула трохі карчагі, а то хутка будзем у жмуркі гуляць…

Агата. Няма чаго падкідаць.

Ігнась. Дык запалі лямпу, там-жа, здаецца, трохі было яшчэ газы.

Агата. Мужчыны пасядзяць і так.

Ігнась. Калі кажу запаліць, дык мусіць трэба. Заўтра мо‘ купім.

Агата. Што, зноў на ўсю ноч?.. Хоць-бы карысьць была якая з гэтага!.. (Запальвае лямпу).

Ігнась. Будзе! Ня я буду, калі не даб‘юся чаго-небудзь лепшага.

Агата (злосна). Паглядзім! (Грыб і Струк увесь час ходзяць па хаце).

Ігнась. І глядзець няма чаго, трэба толькі час, ці, як кажуць вайскоўцы, вытрымка… (Ідзе, садзіцца на рагу стала, закурвае). Дзе-жа гэта Пятрусь, нешта яго доўга няма?

Агата. Прыйдзе, ня дзе дзенецца. Мусіць таксама недзе на сходзе. Увесь у бацьку! Замест таго, каб каля хаты зрабіць што-небудзь, дык ён цягаецца нямаведама дзе. (Бярэ прасьніцу і пачынае прасьці). Нечага сказаць, дачакалася помачы. Хлеб вунь выходзіць, а ім хоць-бы што!.. Гэта-ж падумайце, кожны тыдзень сход, альбо і два. Дык няхай-бы і карміўся імі, а то дадому бяжыць і адразу, як з-за парогу: „Мамачка, есьці хачу!“ Але ніколі не запытае, ці ёсьць з чаго варыць.

Струк. Агата! Ты ня дурная кабеціна, але чаўпеш глупства. Ды гэта-ж, каб мне такога сына, як твой Пятрусь, дык я быў-бы кум каралю, брат міністру.

Ігнась. Досыць аб гэтым. Трэба пагутарыць аб справе. Сядайце. (Грыб і Струк падыходзяць да стала, садзяцца закурваюць, Ігнась дастае з-за абразоў скрутак з naпераю, разгортвае яго). Вось гэта плян асушкі нашага балота. (Усе нахіляюцца, пачынаюць разглядаць, Агату таксама цікавіць, яна ўвесь час азіраецца, але не адважваецца падыйсьці да іх). Вось тут яно цягнецца, мусіць, аж да Прыпяці (паказвае пальцам), але я там не закранаў.

Струк. Вось табе і „лысінка“, да чаго яна дадумалася! Агата! ды ідзі хутчэй, паглядзі.

Агата (вельмі рада, што яе завуць, але ня хоча гэтага паказаць). Ды што мне там рабіць з маёю бабскаю галавою?

Грыб. Ды ідзеце, цётачка, паглядзеце, якія пляны, і трэба ж было дадумацца. (Агата ўстае, ідзе да стала, нахіляецца, доўга разглядае). чым

Агата (нібы злосна). Дык вось ён чым займаўся! (Цікавіцца). А гэта які кружок, ды яшчэ з крыжыкам, што ён знача?..

Ігнась (уздыхнуўшы, пасьля паўзы). Гэта — дрыгва. Тое самае месца, праз якое мы летась без малака засталіся… (Паўза). За маю памяць, яшчэ ня было ніводнага году, каб праз гэты крыжык ня ліліся сялянскія сьлёзы…

Агата (праз сьлёзы). Дык трэба яго зьніштожыць!..

Усе (голасна). Зьніштожым!!!

Агата. Дашчэнту, каб і званьня не засталося! І тут на пляне таксама! (Паказвае пальцам).

Ігнась. Добра! А чым замяніць?

Агата (думае). Зрабі серп! (Ігнась малюе серп, усе нахіляюцца).

Ігнась. Вось і гатова! А сапраўды прыямней!

Струк. А як-жа, куды лепш!

Грыб. Нязграбна неяк, скрыжуй брат з молатам!

Ігнась (малюе молат, намаляваўшы, бярэ ў рукі і зводдалі паказвае). Ну, як, добра?

Агата (хвалюецца). Добра! добра!

Струк. Куды там, ня трэба лепей! Як кажуць: адна галава добра, а дзьве яшчэ лепей!..

Грыб. Ну, цяпер іншая рэч! Зусім другі гатунак!

Струк. У цябе таксама галоўка, ня быў-бы то каваль! Адразу ведае, што да чаго!

Агата (з замілаваньнем разглядае). Мужчынкі вы мае, родненькія вы мае, колькі мы летась нагараваліся (паказвае пальцам) вось праз той крыжык, гэта ж падумайце толькі — усё лецейка нават ня было чым страву забяліць… Пойдзе мой Ігнаська касіць, дык мяне аж за сэрца бярэ, гэта-ж падумайце толькі, пацягай цалюсенькі дзень касу аб сухім кавалку хлеба! Нічога я яму, небараку, не казала, але сама вельмі часта дзе-небудзь у куточку вазьму дый паплачу (выцірае сьлёзы), такая ўжо доля дрыгвічанкі, а як паплачаш, дык неяк лягчэй на сэрцы стане. Помню, яшчэ бабка нябожчыца, царства ёй нябеснае, заўсёды мне казала: „Калі табе, унучка, цяжка будзе чаго-небудзь, дык вазьмі дый паплач, усё пройдзе“… (Да Ігнася). Ён ніколі ня бачыў мяне плачучы (зноў выцірае сьлёзы), але мусіць адчуваў. Дый не адна я плакала праз гэты крыжык, удава Сымоніха з малымі дзеткамі толькі зараз узьбілася на кароўку і то дзякуючы гэтаму камітэту ўзаемадапамогі…

Усе. Далоў крыжы! Няхай жыве серп і молат!

Ігнась (вельмі здаволен, хвалюецца, здаецца, цалаваў-бы гэты скрутак, бярэ асьцярожна плян за рагі і прымацоўвае на сьцяне каля абразоў). Дык паклянемся яго выканаць!

Усе (гучна). Клянемся! Клянемся! Клянемся!

Агата (нібы прачнуўшыся, паднімае ўверх галаву, глядзіць на абразы, на яе мімаволі ўсе глядзяць і сочаць за яе рухам. Агата паднімае руку і адным пальцам паказвае). Вунь яшчэ! І яго!! (Усе глядзяць і таксама па чарзе паднімаюць уверх рукі. Агата-ж апускаецца і садзіцца на лаву).

Грыб (энэргічна). Далоў і гэты! Праз яго людзі пакутуюць! Праз яго ня відаць сонца!

Агата (плача). Не, не! Які грэх на старасьці год. А што людзі скажуць? (Уваходзіць Гірш, усе нібы напалохана глядзяць на яго).

ЗЬЯВА VI
Агата — Ігнась — Грыб — Струк — Гірш

Гірш. Добры вечар, каго ня бачыў! (Заўважыўшы, што нешта надзвычайнае адбылося). Што здарылася? Чаго вы гэтак глядзіце на мяне? (Вітаецца з Барысам і Алесем). А мо‘ нездаволены чым?.. (Дрэнна сябе адчувае). Дык я…

Агата (хоча паказаць, што нічога ня здарылася). Ды не, нічога-гэткага… Ты, Гірш, мо‘ есьці хочаш, дык садзіся, зьясі хоць бульбы.

Гірш (вельмі галодны, але ня хоча гэтага паказаць). Ня турбуйся, Агатка, я ўжо перахацеў… Неяк нядобра мне!.. (Мужычны ўвесь гэты час сядзяць у глыбокай задуменнасьці).

Ігнась (раптоўна). Дык ты, Гірш, распранайся. (Заўважыўшы, што Гірш пераступае з нагі на нагу, падыходзіць да яго). Чаго ты топчашся на адным месцы? Скідай, браце, сваю сьвітку! (Сьцягвае за рукавы). Э-э, браток, час ужо замяніць яе, бо гэта-ж яшчэ бацькава, а ён нібы перад вайною памёр. Так? (Мацней тузае).

Гірш (з усьмешкаю). Ды цішэй ты, а то рукавы адарвеш! (Ігнась сьцягнуў сьвітку, вешае. Гірш да яго). Так, яшчэ бацька нябожчык насіў, а мне цяпер неяк цяжка расставаццца з ёю, але трэба было-б пашыць новую, ды няма за што. (Паўза). Трэба было-б каня напаіць, а потым ужо і самому…

Ігнась. Мо‘ рана яшчэ? Ат, лепей потым, як ні кажы, дарога вялікая, дый сена яшчэ не пасьпеў зьесьці. Я-ж яму поўныя рэзьгіны прынёс. Каб гэта майму, дык, напэўна, за ўсю ноч не ўвабраў-бы. (Агата ставіць на стол саганчык з бульбаю, накроіла хлеба і з салянкі ўзяла жменю солі).

Агата (шчыра). Дык ідзі, чалавеча, перакусі трохі, ды ня злуй, бо і рада-б прыняць чым-небудзь лепшым, але нічога няма.

Гірш. Дзякую! (Ідзе да стала, успомніў, што ён браў селядца). Ды ў мяне-ж, здаецца, быў селядзец, вось толькі ня ведаю, дзе мой клунак. (Хоча ісьці).

Ігнась. Ён у сенцах. Агата, будзь ласкава, прынясі з сяней торбачку! (Агата выходзіць). Еж, браце, мая кабеціна праўду кажа, што каб было што-небудзь лепшае, дык не пашкадавала-б. (Да мужчын). Барыс! Алесь! падсоўвайцеся, пакаштуйце мае бульбы, гэта ж скорасьпейка, жонка, відаць, не паскупілася і насеннае зварыла. (Барыс і Алесь моўчкі падыходзяць да стала бяруць па бульбіне, абіраюць, макаюць у соль і ядуць).

Агата (уваходзячы). Калі ласка! (Аддае Гіршу торбачку, той дастае селядца і кладзе на стол).

Гірш. Гаспадыні першы кавалак. (Да мужчын). І вы бярыце.

Агата. Дзякую! Ты лепей сам еж, на нас не глядзі, мы каля дому як-небудзь!..

Гірш. Я-ж сказаў, што твой першы кавалачак, бо‘ іначай і я ня буду есьці…

Агата (бярэ селядца). Ды хіба пакаштаваць, даўно ўжо ня бачыла!.. Неяк летась Ігнась трохі зарабіў, дык добра было, усю піліпаўку лёк быў… А ў гэтым годзе каб і хацеў зарабіць, дык няма дзе.

Грыб (смакуе). Добрая! Трэба было-б і мне завесьці. Каб сказаць, што яна ўжо вельмі смачная, дык не, але выгодная — хутка сьпее.

Струк (жартуючы). Не, нішто сабе, а асабліва з селядцом!

Гірш. Дык бяры, тут яшчэ трохі ёсьць.

Струк. Еж, браце, сам, мы пакаштавалі і досыць, бо калі дасі губе прымер, дык будзе жаваць цэлы дзень…

Ігнась (да Гірша). Дык ты толкам расказаў-бы, што гэта за ён і што яму тут патрэбна?

Гірш (ядучы). Я і сам добра ня ведаю!.. Ён увесь час вёў гутарку адносна зямляўпарадкаваньня, дык мусіць каморнікам будзе…

Ігнась. Якое-ж цяпер зямляўпарадкаваньне, калі яшчэ сьнег на полі… (Паўза). Але гэта добра было-б, а то надаела гэта прырэзка… Цягніся чорт ведае куды!

Грыб. Каму надаела, а каму і не! Вось, напрыклад, Банадысёвы хоць-бы што!

Ігнась. Так, у каго конь добры, ды снасьць ёсьць, дык таму хоць бы што, а нашаму брату цяжка прыходзіцца! Але мяне неяк дзівіць, чаму гэта зараз бяруцца за зямляўпарадкаваньне, нібы рана яшчэ?..

Струк. А мо‘ гэта кампанія?..

Гірш (скончыў есьці). Так, так, кампанія, ды ён-жа мне гэта і казаў, але я забыўся… Перш, кажа, трэба разгарнуць кампанію, a потым і за справу. (Паўза). Ігнась! трэба ўсё-ж нешта рабіць, бо гэты паніч, як кажа Агата, адразу зьнюхаўся з Банадысём…

Агата (прыбірае са стала). Напэўна каўбасамі частуе, ды мо‘ з кварту яшчэ паставіў?..

Гірш. А як-жа, як толькі гэты праз парог, дык і бутэлька на стале!

Струк. Ведае гадзюка, чым браць… Як кажуць, сустракае кампанію з хлебам і сольлю!.. Ведае, з чаго пачаць!

Грыб. Вядома! Гэта бітая сабака.

Агата (да Гірша). А паніч, мусіць, і чмыхаць перастаў?

Гірш. А яму што, кажуць-жа, што: зямлямеры п‘юць бяз меры… (Глядзіць на плян). А гэта адкуль? (Чытае). „Плян асушкі ба-ло-та“… (Да Ігнася). Ці не твая гэта работа? (Разглядае). У-га! Вельмі добра. (Паўза). А каб гэта вам зрабіць, тады дрыгвічане ажылі-б, а то як едзеш па гэтых грэблях, дык неяк аж жах бярэ…

Агата. Ведаеш, Гірш, душыць гэта праклятае дрыгва і мусіць такі задушыць! Падумай толькі, летась усё лецейка, нават зацірку ня было чым забяліць. Паздароў божа каваліху, а то-б нават і ў вочы ня бачылі!.. (Ідзе, бярэ прасьніцу, прадзе).

Ігнась. Нічога! Усё будзе добра, трэба толькі час. У гэтым годзе ўжо лягчэй.

Струк. А як-жа, шмат лягчэй, толькі каб зарадзіла, дык хлеба хваціць.

Гірш (заглядае ў вакно.) Трэба было-б каня напаіць.

Ігнась. Чаго ты гэтак сьпяшаешся, мо‘ рана яшчэ?

Грыб. Ды не, ужо можна, іхныя коні прывыкшыя. Нап‘ецца, дык лепей будзе есьці.

Струк. Ідзі, браце, напой, бо калі снасьць ламаецца, дык фурман розуму набіраецца, але калі конь прыстае, дык фурману розуму не стае… (Сьмяецца). Праўду я кажу, мужчыны?

Усе. Праўду! Праўду!

Ігнась. Але гэта не пра Гірша, ён хутчэй сам будзе галодны, а жывёліну накорміць. На яго кані ня прыстанеш.

Гірш. Не, ужо стары, трэба было-б зьмяніць, але ўсё няхваткі… Усё-ж трэба ісьці. (Выходзячы). Гэта-ж, мусіць, прыдзецца весьці аж пад Банадысёвых, бо бліжэй ні ў кога і няма студні… (Агата ўвесь гэты час нешта сама сабе напявала, пераходзячы з аднаго мотыву на другі, а зараз ужо можна разабраць паасобныя словы).

Ігнась. Яго кабеціна нават і гэтым усіх упікае, ня гледзячы на тое, што мы ўсе памаглі яму капаць. (Мужчыны пераглянуліся паміж сабою і слухаюць сьпевы Агаты).

Агата (сьпявае, але не заўважае, што ўсе яе слухаюць, і што далей, дык усё галасьней, а пад канец так захапілася, што аж перастала прасьці).

Даліна, далініца,
Даліна шырокая;
Ой на той далініцы
Нічога ня родзіцца,
Толькі зарадзілася
Рошчыца зялёная.
А з-пад тае рошчыцы
Зара занімалася,
Сонейка ўзыходзіла.
Гарыць, гарыць сонейка
Не па-летняму,
Будзе расьці жыцейка
Не па-прэжняму!

Ігнась (з захапленьнем). Дык падцягнем хлопцы! (Агата ўстае, ставіць прасьніцу).

Агата. Неяк сумна мне сёньня, а разам з тым і весела. (Сьпявае, усе падхватваюць).

А з-пад тае рошчыцы
Зара занімалася,
Сонейка ўзыходзіла.
Усе:Гарыць, гарыць сонейка
Не па-летняму,
Будзе расьці жыцейка
Не па-прэжняму!

(Уваходзіць Пятрусь, малады хлапец, вясёлы, энэргічны, адзеўшыся пасялянску, каля 17 год).

ЗЬЯВА VII
Агата — Ігнась — Грыб — Струк — Пятрусь

Пятрусь (як з-за парогу). Татка, а я ўжо ў комсамоле! (Распранаецца). Мамачка, я есьці хачу! (Усе нібы ўсьміхнуліся, Пятрусь гэта заўважыў, але не падае віду).

Ігнась (падумаўшы). Можа і добра?

Агата. А ў бацькоў ты пытаўся? (Паўза). Няхай комсамолы і есьці даюць!

Грыб. Добра зрабіў, што запісаўся, нечага моʻ ў людзі выйдзеш!

Струк. Яно невядома, можа і сапсуешся, там усякія ёсьць. Узяць хоць-бы Настулінага Юзіка. Быў хлапец, як хлапец, а як запісаўся ў гэтыя комсамолы, дык не падыйдзі да яго, столькі рызыкі, што о-ё-ё-й.

Грыб. Нельга-ж мерыць усіх на адзін капыл. Большая частка частка з комсамольцаў — добрыя хлопцы. Адным словам, добра зрабіў!

Струк. Яно мо‘ і праўда, бо кажуць-жа, што бог лесу не зраўняў, ня то што людзей… Ёсьць і сярод іх вырадкі, ці іначай, зноскі…

Ігнась. Ды ўжо як зрабіў, так і добра! Прынамсі ня будзе на каго маракаваць. (Ідзе, садзіцца каля стала, глядзіць на плян і нешта запісвае).

Агата (злосна). Вунь на прыпечку стаіць бульба, дык бяры ды еж. (Пятрусь бярэ саганчык, ставіць на стол, есьць). Але што вы, мужчыны, на гэта скажаце, што ніколі ён ні з кім не парадзіцца, адным словам, што ўзбрыдзе яму ў галаву, тое і робіць і толькі пасьля скажа. (Ідзе, садзіцца каля стала). Памятаю, што і з школкаю гэтак было.

Струк. Усё кажаш пасьля факту!? Відаць, што ўрадзілася цялятка з „лысінкаю“, па бацьку, значыцца!..

Агата (з замілаваньнем глядзіць на Пятруся). Чаго-ж гэта ты маўчыш, як індык?

Пятрусь. Я, мамачка, нічога! (Хітра). Есьці вельмі хочацца!

Агата (ласкава). Дык ты, сынок, расказаў-бы нам, як гэта вас там хрысьцяць?..

Пятрусь (канчае есьці). Хрысьцяць несьвядомы алімэнт, а ў комсамол прыймаюць перадавую моладзь, значыцца, сьвядомую частку яе, якая добра ведае клясавыя інтарэсы!.. Ось!..

Агата (зьдзіўлена). Што?.. А хто-ж гэта несьвядомыя аліменты?..

Пятрусь. Дзеці!.. Іх дык без разбору хрысьцяць… Але і яны цяпер протэстуюць супроць гэтага… (Паказвае часопісь). Глядзеце, вунь поп трымае дзіця, хоча акунуць у халодную ваду, а яно крычыць, аж заходзіцца, значыцца, протэстуе супроць прымусовага хрышчэньня!.. (Усе сьмяюцца, Агата ўстрымліваецца).

Струк. Што і казаць, дзеці цяпер шмат разумнейшымі сталі… Узяць хоць бы майго Васю, гэта-ж яму першага мая толькі чатыры гады будзе, але ён іншы раз калі скажа што-небудзь, дык, яй-права, нябожчык і той ня ўцерпіць… А неяк надоечы загадаў загадку, дык я галаву зламаў, так і не адгадаў. (Усе зацікавіліся, але не адважваюцца запытаць).

Пятрусь. А якая, дзядзька?

Струк (важна). Задам я загадку наступнага парадку: „Каля ямы ўсе з кіямі“, што гэта?..

Пятрусь. Ха-ха-ха! Старая! Старая, дзядзька Струк. Яма — гэта…

Струк (перарывае). А ты не сьпяшайся наперад бацькі на шыбеніцу!.. (Паўза). Ну, хто адгадае? (Усе паціскаюць плячыма). Вось табе і на!.. (Да Пятруся пасьля паўзы). Цяпер адгадвай.

Пятрусь. Яма — гэта міска, а кіі — лыжкі. А выходзіць: каля міскі ўсе з лыжкамі, але гэта не гігіенічна. Таму і казаў, што гэта старая загадка. (Усе зьдзіўлена глядзяць на Пятруся).

Агата. Ты, сынок, нейкаю кітайскаю моваю гаворыш. Ска…

Пятрусь (перарывае). О, мамачка, каб я ведаў гэту кітайскую мову, было-б вельмі добра.

Агата. Скажы, што гэта знача — не гі-гі-гіенічна?.. Цьфу, язык зломіш!

Пятрусь. Трэба, каб у кожнага чалавека была паасобная місачка для яды, вось што знача.

Грыб. А гэта добра! Нечага меней хваробы было-б. (Паўза). Мне неяк давялося быць у Прузыніных, як яны сьнедалі, дык ці паверыце, далібог, чуць ня вырвала… Паставілі гэта яны на стол вялізную міску з верашчакаю, а тут як малыя, гэтак і старыя з рукамі… Ну дык проста верне!

Струк. Дзіва што добра! Толькі гэта могуць рабіць паны ці немцы, але не сяляне, бо калі, скажам, падзяліць тую верашчаку па місачках, дык, напэўна, каму-небудзь ня хваце!..

Агата. Алесь! Ты думаеш, што паны чысьцейшы народ!.. Юрында!.. А пра немцаў і казаць няма чаго, памятаеш той год, як яны амаль усіх жаб перавялі… (Да Пятруся). Можа скажаш, што і гэта гі-гі-гіенічна?..

Пятрусь (жартуючы). Яшчэ і як!.. Э… каб вы паспыталі, тады-б гэтак не казалі!..

Агата (плюе). Цьфу, гадасьць!..

Струк. Ня плюй у студню, прыгадзіцца вады напіцца. (Паўза). Але мо‘ каб ня ведала, дык і зьела-б?.. Як ты скажаш?..

Агата. Не, дальбог не!

Ігнась (раптоўна). Хлопцы! А як-жа будзем праводзіць асушку!.. (Усе, нібы з пярэпалаху, глядзяць на Ігнася). Аднаго пляну мала, трэба рабіць нешта грунтоўнае.

Агата. А бадай цябе, гэта-ж трэба гэтак перапалохаць… (Пятрусь глядзіць то на аднаго, то на другога).

Пятрусь (зьдзіўлена). У чым справа?..

Агата. А ты ня будзь разявакай (паказвае рукою), глядзі вунь! (Пятрусь ідзе і доўга разглядае плян).

Грыб. Дык падмурак ужо зроблен, а што яшчэ патрэбна?

Струк (да Ігнася). Трэба, мусіць, разгортваць кампанію?..

Ігнась. Так. Трэба аб гэтым пагаварыць на сходзе, дый за справу брацца. Цяпер якраз добра карчаваць кусты, бо вясною ня будзе часу.

Пятрусь. Татка, а я аб гэтым ужо гаварыў у комсамоле, дый з настаўніцаю, Ганнай Піліпаўнай, раіўся.

Ігнась. Ну і добра сынок. Але аднае гутаркі мала, трэба распачынаць работу.

Пятрусь. Дык давайце сёньня і распачнем.

Струк. З маладых, ды раньні!..

Ігнась. Мо‘ позна ўжо?..

Пятрусь. Ды не, яшчэ пасьпеем. (Лічыць). Адзін, два, тры, чатыры, а я сам (паказвае пальцам у грудзі) пяты. Давайце зробім паседжаньне ініцыятыўнае пяцёркі і з‘організуем мэліорацыйнае таварыства.

Агата (зьдзіўлена). Хто-ж гэта пяцёрка?..

Струк. Значыцца, мы!.. Дык давайце хлопцы пасядаць!.. (Паўза). Пяцёрка пасядае, яй-права добра!..

Грыб. Маладзец Пятрусь, цягнуць ня трэба, зараз-жа прымемся за працу (Да Ігнася). Як ты глядзіш?

Ігнась. Ну, добра. Давайце возьмемся, толькі дружна!

Пятрусь. Садзецеся за стол. (Усе садзяцца, Пятрусь пасьля паўзы, важна). Дык дазвольце мне адчыніць паседжаньне ініцыятыўнае пяцёркі…

Усе. Дазваляем! дазваляем!

Струк. Калі ласка! А яй-права-ж добра! Пяцёрка!..

Пятрусь. Дзядзька Алесь, не перашкаджайце! (Паўза). Зараз патрэбна выбраць старшыню для вядзеньня паседжаньня, выстаўляйце кандыдатаў.

Струк. Старшынёю, бязумоўна, Ігнася, але ў кандыдаты каго?..

Агата. А навошта яшчэ кандыдаты, даволі старшыні!..

Грыб. Кандыдатам будзе той, каго выстаўляюць куды-небудзь, у даным выпадку дзядзька Ігнась будзе кандыдат у старшыні паседжаньня.

Пятрусь. Ну, я буду галасаваць: хто за тое, каб тата, Ігнась Дрозд, быў старшынёю? — прашу падняць рукі. (Усе паднялі). Прашу апусьціць. (Усе апускаюць). Хто супроць? — паднімайце рукі. (Усе за выключэньнем Грыба і Пятруся зноў паднімаюць). Хто ўстрымаўся? (Паднімае галаву). Чаму-ж вы трымаеце рукі?..

Струк. Дык ты-ж сказаў падняць, мы і паднялі. (Паўза). Адным словам няхай бацька будзе старшынёю. (Да ўсіх). Згодны?..

Усе. Згодны, згодны!

Пятрусь. Патрэбен яшчэ сакратар, каб пісаць пратакол.

Грыб. Сакратаром будзеш ты. (Зьвярмаецца да мужчын). Добра?

Усе. Добра, добра!

Пятрусь (бярэ аловак і паперу). Дык я буду пісаць. (Голасна). Пратакол нумар першы паседжаньня ініцыятыўнай пяцёркі вёскі Дрыгвічы, Балоцінскага раёну. Дваццаць другога лютага. Прысутнічалі: Дрозд Ігнась, Гр…

Струк (перарывае). І я. Запішы і мяне.

Пятрусь. Не перарывайце, дзядзька! (Чытае). Прысутнымі былі: Дрозд Ігнась, Грыб Барыс, Струк Алесь…

Струк (устае). Я!..

Пятрусь (голасна). Не перашкаджайце! (Працягвае пісаць). Дрозд Агата і Дрозд Пятрусь. (Паўза). Слухалі. Пастанавілі.

Струк. Дык нічога-ж яшчэ ня слухалі.

Ігнась (энэргічна, цьвёрдым голасам). Мужчыны! (Паўза). Жывем мы дрэнна, але аб гэтым мы ня будзем гаварыць, бо гэта ўсім нам вядома. Мне сёньня хацелася пагаварыць, што нам трэба зрабіць для таго, каб палепшыць сваё жыцьцё, а палепшыць яго мы можам толькі самі, і толькі тады, калі дружна возьмемся за працу.

Струк (да Грыба). Праўду кажа.

Грыб. Дзіва, што праўду! У нас толькі і гутарка, скардзіцца на судзьбу, а каб рабіць што-небудзь, дык не, кожны ўсё спадзяецца на другога, бо сам, бачыш, ня хоча быць выскачкаю…

Ігнась. Дык вось, перад намі вялікія мажлівасьці. Гэта-ж каб нам асушыць гэта балота, дык быў-бы добры, добры луг, тады-б і кароўку лішнюю трымаць можна было-б, глядзіш, у хлеве лішні воз гною, дый малако ў хаце…

Пятрусь. Тата, тады мы жарэбчыка купім!..

Агата. Не, сынок, лепей жаробачку, гэта выгадней у гаспадарцы… (Да Ігнася). Каб авечак як-небудзь завесьці, а то абнасіліся ўжо, а хлопцу, дык даўно пара палітон пашыць. (Паўза). Дзякуй богу ў людзі выходзіць.

Струк (да Пятруся, жартуючы). Ці не жаніцца ты зьбіраешся, што жарэбчыка захацеў? (Паўза). А маці праўду кажа, жаробачка куды лепей! Э… брат… гаспадарку весьці, не кашалі плесьці… Малады яшчэ!..

Ігнась. Праўда, тут аднаго жаданьня мала, патрэбна сіла і мы адны, пяцёрка, значыцца, нічога ня зробім… Трэба будзе гэта пытаньне паставіць на сходзе, з мэтаю ўцягненьня ў гэтае таварыства і іншых сялян.

Грыб. Я іначай і ня думаю. Памойму, да нас далучацца: Бягунец, Мікіта Хведараў дый Габрусёвы напэўна… Заўтра-ж з імі пагавару.

Пятрусь. Самая лепшая дапамога — гэта комсамольская ячэйка. Я там дасканальна паталкую. (Паўза). Дый настаўніца, Ганна Піліпаўна, напэўна дапаможа…

Струк. Ну і сказаў, як плот зьвязаў!.. Ды хіба яна палезе ў балота? твая Ганна Піліпаўна. (Паўза). Але калі і палезе, дык яшчэ ўтопіцца, а потым адказвай за яе… Адным словам, дапаможа, як кашаль хваробе!?

Грыб. Не, Алесь, ты памыляешся. Ганна Піліпаўна можа шмат чым дапамагчы. (Паўза). Ды хіба табе невядома, што яе хутчэй паслухаюць, чым мяне, альбо цябе.

Струк. Яно так.

Ігнась. Мне здаецца, што калі комсамольцы, дый яшчэ Ганна Піліпаўна нам дапамогуць, дык мы зробім што-небудзь. (Паўза). А бяз іх будзе цяжка… (Паўза). Усё-ж, як-бы яно там ня было, а на гэтым тыдні трэба будзе ўзяцца і выкарчаваць кусты… (Зьвяртаецца да ўсіх). Як вы глядзіце?

Галасы. А як-жа, возьмемся! Выкарчуем! Ды колькі іх там!

Пятрусь. Ну, а як у пратакол запісаць?

Грыб (паказвае пальцам). Ось тут, дзе слухалі, пішы: аб організацыі мэліорацыйнага таварыства. (Пятрусь піша і голасна чытае). А там, дзе пастанавілі, напішы: організаваць. (Да Ігнася). А болей, мо‘ нічога і ня трэба?..

Ігнась. Ды навошта!

Пятрусь. Дык трэба-ж было яшчэ падпісаць.

Струк. А як-жа, абавязкова скрапіць… (Да Ігнася). Падпішыся, браце, як старшыня, дый мы заадно. (Усе падпісваюцца, даходзіць чарга да Агаты).

Агата. А я ня ўмею.

Струк. Дык стаў крыжыкі! (Агата пачынае пісаць крыжык).

Грыб. О, не!.. А ўмова?.. Трэба сэрп і молат!..

Агата. Добра. (Выводзіць). Ну вось, серп гатоў, а яшчэ молат, ды толькі я яго ня ўмею рабіць…

Грыб. Цётачка, давайце я памагу… (Памагае рабіць молат).

Пятрусь (зьдзіўлена глядзіць). О, добра, лепей чым у мастака!

Струк. Чаму-ж ня добра: бацька з сынам падпісалі, а маці пячатку прыклала!.. (Уваходзіць Гірш, певень пад прыпечкам залопаў і прапяяў некалькі разоў).

ЗЬЯВА VIII
Агата — Ігнась — Грыб — Струк — Пятрусь — Гірш.

Гірш (да Ігнася). Але ў цябе мусіць певень добры?.. (Сьмяецца). Дзе гэта ён?..

Ігнась. Пародзісты!.. У саўгасе купіў! Гірш. Ігнаська, ты даў-бы каню трохі сена, а то ўжо няма чаго есьці, дык стаіць бедны і газэты чытае…

Ігнась (адзяецца). Добра, зараз дам, пойдзем удвух.

Струк (жартуючы). Вось, што знача навука, яўрэйскія коні і тыя ўмеюць чытаць, а нашы людзі, дык і ў рукі ня возьмуць газэту!? (Усе сьмяюцца).

Грыб (да Струка). Дык і мы пойдзем.

Струк. Трэба ісьці, а то мая Настуля скажа, што быў на вячорках!..

Гірш. Ну і язычок у цябе!..

Ігнась. Так! Малайцом! Адным словам, як гол, так і восьцер!.. Дык пойдзем! (Ігнась, Гірш, Грыб і Струк выходзяць).

Агата (бярэцца за галаву). Што, гэта сон ці што?..

Пятрусь. Не, мамачка, гэта наяве; рэволюцыя робіць сваю справу!!

ЗАСЛОНА


Дзея другая

[правіць]

ДЗЕЯ ДРУГАЯ.

Хата Банадыся Смыка. Чыста прыбрана. На покуці многа абразоў. Стол, лавы, куфар, ложак, засланы саматканаю новаю коўдраю, многа падушак. На лавах розная сталярская снасьць, якая раскідана ў мастацкім беспарадку. Каля дзьвярэй стаіць толькі што скончанае вядро і начоўкі. Дзея адбываецца на другі дзень. На сцэне адзін Сьцяпан Іванавіч. Зьмярканьне.

ЗЬЯВА I

Сьцяпан (ходзіць па хаце і насьвіствае на мотыў „Кірпічыкі“, застанавіўся). О, гэта гаспадар. (Разглядае). Куды ні глянь, дык ёсьць на што паглядзець! Вось на якога селяніна трэба трымаць стаўку!.. (Паўза). Але ўчора залішне перахваціў!.. (Трымаецца за галаву). Нядобра!.. (Паўза). Але нічога!.. (Зноў ходзіць і насьвіствае на мотыў „Лявоніха“, а потым пробуе скакаць, дый яшчэ прыпявае).

А Лявоніху Лявон палюбіў,
Лявонісе чаравічкі купіў.
Лявоніха — душа ласкавая,
Чаравічкамі палясківала.

Не, ніяк ня выходзіць!.. Ногі блытаюцца… (Успамінае). Ну і дзяўчаткі, як журавіначкі!.. (Паўза). А Зоська, адна Зоська чаго варта, маладзенькая такая… Эх чорт вазьмі!.. (Паўза). Ня думаў я, што ў такім балоце ды гэткія чарцянаткі родзяцца!.. (Ходзіць па хаце). А гэта самая, „лявоніха“ нішто сабе… (Уваходзіць Зоська, маладая дзяўчына, рослая, вельмі прыгожая, каля 16 год).

ЗЬЯВА II
Сьцяпан — Зоська.

Зоська (як з-за парогу). Вось і я!.. А татка, яшчэ ня прышлі?..

Сьцяпан. Вельмі прыемна!.. (Працірае акуляры, надзяе і глядзіць на Зоську). Таткі яшчэ няма. Навошта ён вам?..

Зоська (саромліва). Чаго вы гэтак глядзіце?

Сьцяпан. А вы забараняеце?

Зоська. Ды глядзеце сабе, але…

Сьцяпан (перарывае). Але вы прыгожанькая такая, маладзенькая… (Падыходзіць да Зоські). Зорачка ясная!.. (Хоча абняць).

Зоська (напалохана). Што вы? Што вам трэба?

Сьцяпан. Я нічога… так сабе… хацеў паскакаць, гэту самую вашу „Лявоніху“… Ды не, я хацеў сказаць, што ў вас ножкі маладзенькія… стан нішто сабе… дый шчочкі, як журавіначкі…

Зоська (сьмялей). Вы самі ня ведаеце, што вы хацелі сказаць!

Сьцяпан. Што?.. (Чмыхае).

Зоська (злосна). Ды нічога!.. Зьмяркаецца ўжо, трэба лямпу запаліць… (Ідзе, бярэ сярнічкі, запальвае).

Сьцяпан (хітра). Мо‘ рана яшчэ? (Паўза). Вось і зазлавалі ўжо, а што я такога дрэннага зрабіў?.. (Падыходзіць да Зоські). Журавіначка!..

Зоська. Сьцяпан Іванавіч — я татку скажу!

Сьцяпан. Што?.. (Закурвае цыгарку, чмыхае).

Зоська (з усьмешкаю). На здароўе!

Сьцяпан (злосна). Памагла-б лепей бацьку абвясьціць аб сходзе.

Зоська. Які вы спагадлівы!

Сьцяпан (голасна). Што?..

Зоська (насьмешліва). Кажу, што з гарадзкім чалавекам куды прыямней пагаварыць, чым з нашымі хлопцамі… Абыходжаньне адно чаго варта!.. Далікатнасьць!? (Аглядае з ног да галавы Сьцяпана). Ха-ха-ха!

Сьцяпан (зьдзіўлен, аглядаецца навокал). З чаго вы сьмяецеся!..

Зоська (аж заходзіцца ад сьмеху). Ха-ха-ха! (Бярэцца за бок). Оё-ё-ёй!

Сьцяпан (сувора). Чаго вы сьмяецеся?

Зоська. Ды жывоцік ваш!.. Тоўсьценькі такі… (Надзімаецца, паказвае рукамі). Ха-ха-ха!

Сьцяпан. Дзякую за комплімент!.. Не чакаў.

Зоська. Які куплімент?.. Ха-ха-ха! Самі вы куплімент!.. (Уваходзіць Банадысь Смык, апрануўшыся ў палітон, наверсе кажух, стройны, задуменны, рухавы, носіць рыжую бародку і маленькія вусікі, крыху накульгвае, з палкаю ў руках, каля 50—52 гадоў).

ЗЬЯВА III
Сьцяпан — Зоська — Банадысь.

Зоська (весела) Татка!.. (хацела нешта сказаць, застанавілася, паўзахх). Дзе вы ўзялі, татка, такі тоўсты кій?.. (Падбягае, Сьцягвае кажух).

Банадысь (паглядае з-пад ілба на Сьцяпана, хітра). Ды вось цягаюцца па сьвеце розныя сабакі!.. (Сьцяпан чмыхае). Каля Ігнася нейкі чорны, каб ён здох, чуць кажух не падраў!..

Зоська. Чый-жа гэта?..

Банадысь (садзіцца). А хто яго ведае… (Паўза). Паздароў божа Пятруся, а то, дальбог-жа, падмяў-бы пад сябе…

Зоська (уздыхнуўшы). А Пятрусь прыдзе, ці не?.. (Спахвацілася, прыкусіла губу).

Банадысь (глядзіць на Зоську). Што гэта?.. Глядзі, дзяўчына!..

Сьцяпан (закурвае і дае Банадысю). Калі ласка!

Банадысь. Дзякую! Я лепей люльку. (Дастае з кішэні люльку з кісэтам, закурвае).

Сьцяпан. Ну як там?.. Абвясьцілі?..

Банадысь (глядзіць у вочы Сьцяпану, а потым зьвяртаецца да Зоські). Дачушка, схадзі пашукай мацеру, трэба-ж чалавеку даць павячэраць.

Сьцяпан (дрэнна сябе адчувае). Дзякую! Я не хачу! (Зоська зьбіраецца ісьці).

Банадысь (да Зоські). Ды ты адзенься, а то яна мусіць далёка пашла… (Паўза). За адно схадзі на сяло і абвясьці аб сходзе, бо я далей Ігнася ня быў…

Зоська. Дык раней мо‘ трэба абвясьціць, а потым маму шукаць?..

Банадысь. Няхай будзе так! (Зоська выходзіць).

Сьцяпан. Ну, дык як там?..

Банадысь (глядзіць у вакно). Завіруха пачалася… (Уздрыгвае). Брр!!. Холадна неяк…

Сьцяпан (таксама глядзіць у вакно). Але, нібы мяцеліца. (Паўза). Эх, люблю такую зіму!

Банадысь (устае, ходзіць па хаце). Мусіць дрэнна будзе?.. (Паўза). У Ігнася ўчора да поўначы сядзелі, дый сягоньня ўвесь дзень дзьверы не зачыняліся… Кажуць, што і настаўніца, Ганна Піліпаўна, зараз у Ігнася, аб чымсьці раяцца…

Сьцяпан (кусае губу). Няўжо хто?..

Банадысь (перарывае). Ды не! (Паўза). Адносна гэтага ня бойцеся. Здаецца-ж нікога чужога ня было.

Сьцяпан. А комсамольцы тут ёсьць?

Банадысь. Дзіўна, а дзе іх няма!.. Гэта-ж такое насеньне!.. (Паўза). Юзік Настулін — гэты нічога, але вось Пятрусь — заядлы хлапец. (Паўза). Учора нібы ў комсамольцы запісаўся, а калі так, дык тады яшчэ горай…

Сьцяпан. Які гэта Пятрусь?

Банадысь. Ігнасяў хлапец, у сямігодцы разам з маёю Зоськаю вучацца, кажуць, што здольны вельмі, першым вучнем ідзе… (Паўза). Ну, трэба снасьць прыбраць, а то назьбіраецца гэтых жэўжыкаў, дык таго і глядзі, каб ня сьцібрылі чаго… (Прыбірае).

Сьцяпан. Гм!.. (У бок). Які-небудзь падшыванец! (Важна). 3 Сьцяпанам Іванавічам не цягайся! (Задумаўся).

Банадысь. Кіньце, Сьцяпан Іванавіч! У мяне тэж не качан капусты на шыі. (Паўза). І каля іх трэцца свой чалавек.

Сьцяпан. Ну? Век не забуду старога Банадыся! Разумны чалавек!

Банадысь (хітра). А за вашу ласку хіба ўжо нашы дзеткі разьлічуцца…

Сьцяпан (здаволен). Ды якая тут ласка; па савецкіх законах, таму, значыцца, нічога прымусам нельга. Хе-хе-хе. (Закурвае, ходзіць па хаце).

Банадысь. Ось гэта галава! Нашы дурні ніколі ня дойдуць да гэтага… (Паўза). Хіба толькі Ігнась? (Паўза). Але не, ён у гэтых справах ня майстар.

Сьцяпан. Нешта-ж Зоські доўга няма?

Банадысь (захваляваўся). Вы мусіць есьці хочаце?.. Дык я сам!..

Сьцяпан (чмыхвае). Не, не, дзякую! Потым! Відаць, здольная яна ў вас?

Банадысь. Але, ось ведаеце, дзякуй богу міламу, даецца ёй навука. Гэта-ж з Пятрусём навыперадкі ідуць.

Сьцяпан (кусае губу). Што?.. (Чмыхае) З Ігнасевым?

Банадысь. Так. І той-жа гад добра бярэцца. (3 захапленьнем). Ось, ведаеце, як засядуць іншы раз, ды як пачнуць спрачацца, ці, паіхняму, дыскусіраваць, дык так-бы і слухаў увесь час.

Сьцяпан (нэрвова кідае недакураную цыгарку і закурвае другую). Аб чым-жа яны спрачаюцца?..

Банадысь. Ось ён пра нейкую матэрыю, а яна дык ідылію; ну, вядома, як дзяўчына…

Сьцяпан. Тэкс! (Паўза). З прыемнасьцю паслухаў-бы іхныя спрэчкі!..

Банадысь (хітра). Ай, што там слухаць, блазнота!..

Сьцяпан. Усё-ж хацеў-бы я ўбачыць гэтага Пятруся.

Банадысь. Дык ён будзе сёньня, гэта-ж такое чарцянё, што нідзе без яго не абойдзецца. (Глядзіць у вакно). Што-ж гэта той нешта забавіўся?

Сьцяпан. Хто?

Банадысь. Ды іхны, з пяцёркі…

Сьцяпан. З якой яшчэ пяцёркі?

Банадысь. А хіба я вам не казаў?

Сьцяпан. Не.

Банадысь. О, дык гэта ж вельмі цікава. (Паўза). З Ігнасём надумаліся балота асушыць, пяцёрку організавалі. Той нібы нейкі плян напэцкаў, а гэтыя дурні і раты паразяўлялі.

Сьцяпан. Ды хто той?

Банадысь. Ігнась Дрозд, той, да каго вы ўчора заехалі.

Сьцяпан. А-а, Пятрусёў бацька. (Паўза). Так… (Кусае губу).

Банадысь. А зараз, мусіць, раяцца адносна зямляўпарадкаваньня, дык гэты самы з пяцёркі таксама там, але ён павінен паведаміць нас, аб чым там была гутарка.

Сьцяпан. О, гэта добра. (Чуваць стук у сенцах).

Банадысь. Ці ня ён?.. (Уваходзіць Апанас Бягунец, бедна адзеўшыся, высокага росту, худы, гадоў 38—40).

ЗЬЯВА IV
Сьцяпан — Банадысь — Бягунец

Сьцяпан (глядзіць на Банадыся). Гэты? (Садзіцца).

Банадысь (ківае галавою). Але.

Бягунец (зьняў шапку і стаіць каля парога). Добры вечар, яснавяльможны таварыш!

Сьцяпан. Добры вечар! — таварыш пяцёрка.

Бягунец. Гы-гы-гы! Гавэнда! Хіба я пяцёрка? (Сьмялей). Я чалавек прастак — няма хлеба, ем праснак!.. (Падыходзіць на сярэдзіну хаты).

Сьцяпан (зьняважліва). Кажаш, з боку прыпёку… (устаў, ходзіць па хаце і прыслухоўваецца да размовы).

Бягунец. Але, гавэнда, навошта мне гэты вінтэрас! (Сьцяпан з Банадысём пераглянуліся).

Банадысь. Дык ты не пяцёрка?

Бягунец. Ды не, бронь-божа. (Паўза). Мне сёньня раніцою Барысіха, кавалёва жонка, кажа, што добра было-б, каб асушыць гэтае балота, дык я і запісаўся. (Паўза). Ды як і не запісацца, калі пазалетась праз гэтую дрыгву і я без каня застаўся.

Банадысь (кусае губу). Значыць, я пераблытаў. (Хітра). Ну, а што чуваць у Ігнася?..

Бягунец (паціскае плячмі). Ды што там чуваць: сабраліся мужчыны і гамоняць аб зямельцы…

Банадысь (хітра). Дык чаго ты стаіш, як слуп, садзіся. (Дастае кісэт з люлькаю, закурвае). Мо‘ курыць хочаш?..

Бягунец. Давай. (Робіць з газэтнае паперы цыгарку). Але-ж у цябе тутун добры, ня то што мой. (Смакуе). Мультан, здаецца?..

Банадысь. Так. (Паўза). У цябе, напэўна, ужо няма?

Бягунец. Дзе ты бачыў, колькі-ж яго было?

Банадысь. Ну дык зайдзі заўтра, паглядзім, мо‘ лішні знойдзецца…

Бягунец. Добра.

Банадысь (хітра). А там, кажаш, усё аб зямельцы?..

Бягунец. Ну але. (Ціха, паказвае на Сьцяпана). І аб ім троха…

Банадысь (з зацікаўленьнем). А што?

Бягунец. Настаўніца казала, што калі што якое, дык прама ў цэнтру.

Банадысь (хітра). Дык гэта-ж і ёсьць цэнтра.

Бягунец (напалохана). Ну? (Разглядае, яшчэ цішэй). А там казалі, што ён кампанія па зямельцы… (Цікавіцца). А портфель ёсьць?

Банадысь (хітра). А як-жа. (Паказвае). Вунь, ляжыць. (Сьцяпан падыходзіць, дастае з портфеля нейкія паперы, разглядае).

Бягунец (голасна). Ну, значыць цэнтра! (Сьцяпан аглянуўся і злосна абвёў з ног да галавы Бягунца).

Банадысь (хітра). Дык-жа зямельку мы атрымалі ўжо.

Бягунец (разявіўшы рот, сочыць за кожным рухам Сьцяпана). Але, ну толькі ня зручна неяк, далёка прыходзіцца езьдзіць. Там зьбіраюцца выехаць на нейкія прысёлкі ці якое ліха.

Банадысь. Мо‘ пасёлкі?

Бягунец. Так, так.

Банадысь (хітра). А барані божа палякі, што тады?.. (Паўза). Ты-ж ужо паспытаў…

Бягунец. Усыпалі недавяркі, аж „двадзесьце пеньць“… (Гладзіць па кажуху). Думаў, што ня вытрымаю!..

Банадысь (хітра). Ну вось бачыш! (Паўза). А калі, скажам, на пасёлкі, дык разьвярні ўсю будоўлю, а потым мала таго, што ўсыплюць, але чаго добрага і жабраваць пусьцяць…

Бягунец. Яно праўду кажаш.

Банадысь (з захапленьнем). А як-жа! Ось калі застанецца прырэзка, дык тады другая справа, бо і палякаў баяцца ня трэба будзе, дый будоўлю ня прыдзецца варушыць… (Паўза). А гэтую зямельку, панскую, значыцца, неяк-жа падзелім. (Паўза). Трэба пабрацку: усім пакрысе… (Хітра). Каб на хутар, тады другая справа, сам сабе гаспадар.

Бягунец. Ну вядома. (Паўза). А як з асушкаю?..

Банадысь (зьняважліва). Ды гэта чортава выдумка! (Ціха). Тут, няйначай, як нячыстая сіла! Хіба яго можна асушыць? Не. Ось толькі змарнуюць час! (Уваходзіць Зоська).

ЗЬЯВА V
Сьцяпан — Банадысь — Бягунец — Зоська

Зоська. Ну, зараз ідуць. (Зьнімае вопратку). Татка, а вы-б свае начоўкі куды-небудзь прыбралі. (Сьцяпан адрываецца ад разгляду сваіх папер).

Банадысь. Няхай стаяць, яны-ж есьці ня просяць.

Зоська. Ат, толькі замінаць будуць. (Ідзе, бярэ начоўкі, хоча падымаць).

Сьцяпан (ускоквае). Прабачайце, дазвольце мне (Нясе і кладзе пад ложак).

Зоська (ня можа ўстрымацца ад сьмеху). І трэба-ж было нагінацца…

Банадысь (да Зоські). Цсс!..

Бягунец. Відаць, што цэнтра! Адным словам чалавек!

Сьцяпан (папраўляе акуляры, зьвяртаецца да Зоські). Ну што там чуваць? (Банадысь з Бягунцом нешта гавораць паміж сабою).

Зоська (саромліва). Ды нічога.

Сьцяпан. Як нічога?

Зоська (ухмыляецца.) Ды так, нічога.

Сьцяпан (злосна). А Пятрусь будзе?

Зоська (аж скаланулася, паглядзела на бацьку). Мо‘ будзе, а мо‘ і не. (Крыўляецца). А вам што да гэтага?

Сьцяпан (кусае губу, закурвае). Я так сабе. Цікава паглядзець, што за ён, а яшчэ лепей — паспрачацца. Разумееце? Па-спра-чацца!

Зоська (насьмешліва). Спрачайцеся сабе на здароўе, што мне да гэтага. (За сцэнаю чуваць гоман, на дварэ брэша сабака). Ідуць. (Уваходзяць сяляне, сялянкі, а з імі: Пятрусь, Гірш, Агата і Струк).

ЗЬЯВА VI
Тыя-ж — Струк — Пятрусь — Гірш — Агата і сяляне.

Струк (як з-за парогу). Добры вечар! (Прабіраецца да стала). Вось-жа сталі пасярэдзіне хаты, што і ня пройдзеш. (Жартуючы). Дарогу краўцу, а то без кажухоў застаўлю.

Галасы. Уга! Лейба пашые!

Зоська (да Струка). Сядайце, дзядзечка!

Струк (садзіцца). Дзякую, дачушка! (Зьвяртаецца да Банадыся). Банадысь, стаў бутэльку, сваты прышлі!

Банадысь. Ды ўжо-ж паставіў-бы, але няма.

Струк. Вось табе і на, няма: калі маеш дачку, дык трымай гарэлкі ў глячку… (Усе сьмяюцца).

Зоська (бойка). А ўжо-ж, калі на тое пашло, дык мо‘ і знойдзецца якая-небудзь поўкватэрка, але дзе-ж ваш малады?

Галасы. Маладзец, Зоська! Давай маладога!

Струк. Маладзец, маладзец… (Падміргвае). Пятрусь! ідзі сюды. (Усе сьмяюцца). Хіба дрэнная пара?

Галасы. Добрая! Добрая! Уга, ‘шчэ якая! (Штурхаюць Пятруся).

Пятрусь. Вядома, што нядрэнная! Калі бацька бедны, дык нечага цесьць — багатыр! (Усе сьмяюцца).

Бягунец. Гавэнда, яго ўжо даўно пара ажаніць, а то зьбегаецца за дзяўчатамі.

Пятрусь. Вас, дзядзька, наперад, дакуль гэта вы будзеце бабылём хадзіць. (Усе рагочуць, аж кладуцца).

Бягунец. А каб цябе, маё ты дзіцятка, вяроўка ажаніла!

Струк (да Бягунца). Ты лепей не ўспамінай пра вяроўку: памятаеш, як Саўка лупцаваў цябе ёю за тое, што хадзіў да Настулі на вячоркі…

Бягунец (злосна). Калі гэта было?

Струк. Летась, на сёмуху. Сам Саўка казаў мне.

Банадысь (закурвае люльку). От-жа чаўпе чалавек, сам ня ведае што. (Да Струка). Хіба ты бачыў?

Бягунец (весялей). Яму абы брахаць.

Струк (да Банадыся). Яго — не, а вось цябе дык бачыў, як ты да Сымоніі праз вакно лазіў… (Усе сьмяюцца).

Агата. Кіньце вы аб гэтым. Няўжо няма другой гутаркі. Нават сорам слухаць.

Галасы. Заткні вушы! Якая сарамлівая!

Гірш. Мо‘ і праўда! Хіба за гэтым вы сабраліся?

Голас. Скуль гэта такі настаўнік зьявіўся?

Банадысь (зьвяртаецца да Сьцяпана). Дык мо‘ будзем пачынаць?

Сьцяпан. А хто яго ведае, мо‘ пачакаем яшчэ?

Галасы. Трэба пачынаць! Пачынаць трэба!

(Уваходзіць Ганна Піліпаўна, адзеўшыся ў новы кароткі кажушок, вясёлая, бойкая, энергічная, каля 28—29 год. З ёю Ігнась і Грыб).

ЗЬЯВА VII.
Тыя-ж — Ганна Піліпаўна — Ігнась — Грыб.

Ганна Піліпаўна (увайшоўшы). Добры вечар, таварышы. (Усе расступаюцца, яна падыходзіць да Сьцяпана, вітаецца). Нешта-ж мала народу.

Струк. Каб сказалі, што лес дзяліць будуць альбо зямлю даваць, дык тады-б усе прышлі.

Ганна Піліпаўна (да Сьцяпана). Учора быў сход у Андрушох і комсамольцы абвясьцілі, што будуць чытаць Крапіву, дык, ці паверыце, паўнюсенькая хата была…

Галасы. Даеш Крапіву! Гладка гад піша!

Сьцяпан (зьдзіўлена). Якую Крапіву!

Ганна Піліпаўна (глядзіць на Сьцяпана). Не якую, а якога, яго, значыцца, Крапіву — беларускага пісьменьніка.

Банадысь. Дык мо‘ будзем адчыняць. (Агата адчыняе дзьверы).

Галасы. Адчыняй! Адчыняй!

Струк (хітра). Адчыняй сабе, але на ўсякі выпадак трэба дзьверы зачыніць, бо разойдуцца яшчэ… (Усе сьмяюцца).

Банадысь (голасна). Каму горача, няхай выйдзе. (Да Бягунца, пасьля паўзы). Апанас, зачыні, браце, дзьверы (Бягунец ідзе да дзьвярэй, тузаецца з Агатай).

Агата. Няхай пабудзе трохі адчыненай, а то накурылі поўную хату, дыхнуць няма чым…

Бягунец. А як-жа, якраз будзе так, як ты скажаш!? (Хоча зачыніць дзьверы, Агата не дае).

Струк. Чаго ты прыстаў да яе? Што табе патрэбна?

Бягунец. Не твая справа! (Зачыняе дзьверы). Гавэнда! — глядзі, якая гаспадыня знайшлася. (Махае рукамі).

Струк. Ты, гавэнда! — розуму ня меўшы, рукамі не растлумачыш…

Бягунец (падыходзіць да Струка, голасна). Нешта ты сёньня разбрахаўся! Глядзі ў мяне!

Струк. У-га!

Бягунец. Што?.. (Паказвае кулак). Вось як дам!..

Струк (сьмела). Ня лезь, як аса, а то ў вочы плюну!..

Бягунец (замахвае кулаком). Ах ты!

Грыб (хватае за руку). Што гэта?..

Ігнась. Апанас, ты здурнеў, ці якая трасца з табою здарылася. Ідзі лепей паслухай, што будуць людзі казаць. (Да Банадыся). Дык адчыняй ужо, даволі таргавацца.

Банадысь. Мужчыны, дазвольце сход лічыць адчыненым.

Галасы. Дазваляем! Дазваляем!

Банадысь. Для вядзеньня сходу нам патрэбна выбраць старшыню.

Галасы. Банадыся! Ігнася! Ігнася! Банадыся!

Банадысь. Ды цішэй, чаго крычыце, як вароны! (Паўза). Ну, я буду галасаваць.

Галасы. Чаго там галасаваць, будзеш ты! Не! Не! Галасуй!

Банадысь (стукае кулаком, усе сьціхаюць). Дык хто за мяне? — прашу падняць рукі. (Лічыць). Прашу апусьціць. (Паўза). А хто за Ігнася? (Лічыць). Выходзіць, што за мяне болей.

Галасы. Няправільна! Лжэш!

Струк. Браточкі мае, дык вядома, што няправільна! Я сам бачыў, як Апанас, замест аднэй рукі, дзьве падняў. (Усе сьмяюцца).

Банадысь (злосна). Выходзіць, што вы мне ня верыце.

Струк. Але, нібы так і будзе. (Усе сьмяюцца).

Банадысь. Дык я перагаласую.

Ігнась. Ай, ня трэба і так ужо позна.

Галасы. Правільна! Правільна! Адчыняй хутчэй!

Банадысь (хвалюецца). Дык-жа яшчэ сакратара трэба.

Галасы. Пятруся! Пятруся!

Банадысь. Хто за Пятруся? — прашу падняць рукі. (Усе паднімаюць). Выходзіць аднагалосна. (Паўза). Пятрусь! — займай месца.

Пятрусь (ідзе да стала). Добра. Вось толькі паперы няма. (Зоська дае паперу).

Банадысь (хвалюецца). Слова мае Сьцяпан Іванавіч Карачун.

Сьцяпан (папраўляе акуляры, важна). Дык вось што, дзядзькі: зараз праводзіцца кампанія па зямляўпарадкаваньні, гэта значыць, будзе перадзел зямлі. (Паўза). Хто хоча, дык нават можна выйсьці на пасёлкі, але гэта дабрахвотна.

Ігнась. А гэта добра, а то езьдзі чорт ведае куды.

Грыб. Шчэ і як добра.

Ганна Піліпаўна (з захапленьнем). Таварышы! — на Іванаўшчыне будзе добры пасёлак.

Бягунец. У-га! Лёгка сказаць, а як з будоўляй?

Банадысь (хітра). Сьцяпан Іванавіч, а заставіць так, як ёсьць, можна?

Галасы. Бачыш ты яго, чаго захацеў! Трасцу ў бок! Даволі! А хто паедзе! Мы тут радзіліся, тут і памрэм!

Сьцяпан (да Банадыся). Чаму-ж не. Гэта ваша справа, дый наогул зараз яшчэ не вырашаецца канчаткова, а толькі ідзе растлумачальная кампанія.

Струк. А калі гэта толькі кампанія, дык і гаварыць няма чаго.

Сьцяпан (чмыхае). Дык-жа мне трэба ў справаздачу.

Ганна Піліпаўна. Запішэце, што вёска Дрыгвічы хоча выйсьці на пасёлкі, адным словам, хоча новага лепшага жыцьця.

Галасы. Правільна! Правільна!

Бягунец (да Сьцяпана). А вы, таварыш, паклапацецеся ў цэнтры аб гэтым самым новым жыцьці, дый зямелькі каб як яшчэ…

Ігнась. А цэнтр адкуль возьме зямельку. (Паўза). Каб ня гэтыя балоты, дык і ў нас добра-б было. Праклятая дрыгва душыць нас, жыць не дае.

Галасы. Дрыгва! Дрыгва душыць!

Ігнась (энэргічна). Таварышы! але не задушыць. (Падыходзіць да Сьцяпана). Вы чалавек ня тое, што мы, дапамажэце нам (Паказвае плян, Сьцяпан разглядае, усе лезуць да стала).

Сьцяпан (паціскае плячмі). Ніяк не разьбяруся, што да чаго?

Ігнась. Дый разьбірацца няма з чым. (Растлумачвае). Ось гэта плошча балота, якую трэба асушыць. А тут цячэ рэчка, вунь у той бок. (Паказвае рукой). Ну, а гэта канавы, якія трэба пракапаць.

Сьцяпан (зласьліва). Так, так. (Паўза). А гэта што яшчэ?..

Ігнась (задуменна). Гэта — дрыгва. У нас нават малыя дзеці ведаюць гэтае месца.

Галасы. Дзе яна? Пакажы, Ігнась! Пакажы!

Бягунец. Гавэнда! — гэта няйначай, як чортава выдумка. (Паўза). Ды хіба можна асушыць гэту чорную багну?

Пятрусь (горача). Ня „чортава“ выдумка, а майго бацькі. Комсамольская ячэйка цалком падтрымлівае гэтую ідэю. (Паўза). Праз пару год вы не пазнаеце нават, дзе была дрыгва. Замест моху, куп‘я, лазы будзе добрая квітнеючая ніва.

Банадысь (хітра). Мне здаецца, што з гэтага, даражэнькі ты мой, нічога ня выйдзе. (Зьвяртаецца да ўсіх). Дзе-ж вы бачылі, каб гэту „чортаву дрыгву“ льга было асушыць? Не! — бронь божа (Паўза). Памятаю, яшчэ мой бацька нябожчык, царства яму нябеснае, казаў, што ў гэтай дрыгве няйначай як нячыстая сіла водзіцца. (Успамінае). А што было летась з Ігнасеваю кароваю. (Паўза). Гэта-ж падумайце толькі, пяць чалавек не магло выцягнуць (жагнаецца), нібы яе за ногі хто цягнуў…

Ганна Піліпаўна (насьмешліва). Аднак вы добра ўмееце страшыць, ці не хаўрусуеце вы часамі з папом?

Пятрусь. А як-жа, царкоўным старастам служыў.

Ганна Піліпаўна. Ага, вось у чым справа! (Цьвёрда). Дык ведаеце што: прайшоў час пужаць богам і чарцямі… (Паўза). Чалавек, калі захоча, дык усё можа зрабіць. Дый што казаць, мала яшчэ мы ведаем чалавека.

Ігнась. Дзіва: каб чалавека пазнаць, трэба пуд солі зьесьці…

Пятрусь (перарывае). Татка, а колькі-ж тады трэба зьесьці, каб пазнаць усё чалавецтва?

Ігнась (задуменна). Многа, сынку, многа!

Струк (жартуючы). А мая жанчына дык заўсёды недасольвае, яшчэ і прыгаварвае: „недасол на стале, а перасол на сьпіне“… (Усе сьмяюцца).

Пятрусь. А як-жа Ленін? — ён-жа ўвесь сьвет перавярнуў. (Усе напружана сочаць за кожным рухам Ігнася і чакаюць адказу).

Ігнась. Такія, сынку, людзі, як Ленін, бываюць вельмі рэдка. (Паўза). А Ленін ведаў добра челавека, бадай, як ніхто.

Ганна Піліпаўна. І для чалавецтва таварыш Ленін зрабіў вельмі і вельмі многа. (Паўза). На жаль, мы мала ведаем яго.

Агата (праз сьлёзы). А як-жа, я нават яго ў вочы ня бачыла.

Зоська. Цётачка, сьціхніце, я зараз вам пакажу (дзе, адчыняе куфар, перакідае рэчы).

Банадысь (хітра). Каб-жа ўсе такія былі, як Ленін, тады другая справа, а то ў другога яшчэ смаркачы пад носам, а ён ужо камандаваць лезе…

Зоська (дастае скрутак, разгортвае, паказвае портрэт). Глядзеце, цётачка, вось ён наш дарагі правадыр Ленін. (Усе заварушыліся, Пятрусь глядзіць на Зоську).

Банадысь (кусае губу). Зоська! — што гэта?

Пятрусь. Сьмялей, Зоська, сьмялей, ня бойся. (Паказвае рукою). Вунь там яму месца. Я дык з гадзіну таму назад ужо прыбіў. (Зоська прымацоўвае портрэт, Агата і Ігнась глядзяць на Пятруся).

Агата. Калі-ж ты пасьпеў? Хіба як нас ня было?

Пятрусь. Але, як вы вышлі, дык я і прыбіў.

Банадысь (злосна). Як гэта так?.. Ды я цябе, сучую дачку!.. (Кідаецца да Зоські з кулакамі).

Грыб (выходзіць наперад). Ну, не чапай!.. (Паўза). Маладзец Зоська!

Струк (жартуючы). Відаць, што ня трэба сватоў…

Бягунец. Гавэнда, каб гэта на мяне, дык я скора вывеў-бы гэтыя норавы. (Злосна). Цьфу! Раней гэтага ня было, вось распуста!.. (Паўза). Глядзі ты на яе, якая разумная.

Струк. Відаць, разумнейшая за цябе.

Бягунец. А ты памаўчаў-бы, дурніца!

Струк. Што?..

Бягунец. Кажу — дурніца.

Струк (сьмяецца). А ты бабыль!

Бягунец (сьціскае кулакі). Эх, ня хочацца толькі рук смуродзіць.

Сьцяпан (папраўляе акуляры, чмыхае, зьвяртаецца да Бягунца). Чаго там ня хочацца, за гэта ў морду б‘юць.

Ганна Піліпаўна (зьдзіўлена). Што вы? — не чакала. (Паўза). Яшчэ культурны чалавек.

Сьцяпан (чмыхае). Культурны, культурны! Што вы мяне вучыць будзеце?

Ганна Піліпаўна. Вучыць я вас ня зьбіралася, але-ж вы самі павінны бачыць, што тут кругом цемра, несьвядомасьць, а вы яшчэ падбухторваеце.

Сьцяпан (устае). Біцьцё вызначае сьвядомасьць.

Ганна Піліпаўна (зьдзіўлена). Што?..

Сьцяпан (Злосна). Кажу, што біцьцё вызначае сьвядомасьць!! (Паўза). Ды іначай з гэтым быдлам і не саўладаеш; бізун патрэбен.

Ігнась (кусае губу). Слухайце вы, вучоны, скажэце, калі ласка, па чыёй зямельцы вы ходзіце і чый хлеб ясьцё?! (Усе сьмяюцца). Часамі ці не за грошы „быдла“ вы вучыліся!

Сьцяпан (чмыхае). Яшчэ раз быдла!.. Яшчэ раз патрэбен бізун!..

Струк (кідаецца да Сьцяпана). Ах ты, ідрытваю!..

Галасы (абурана). Бі яго! Паганец! Валацуга!

Струк (тузаецца з Сьцяпанам). Я табе пакажу, гадзюка!.. (Усе кідаюцца біць).

Сьцяпан (уцякаючы). Гірш, запрагай каня!

Гірш (удагонку). Уга! Хто яго і ехаў гэткаю парою? Пачакаеце да заўтра.

Галасы. Малайцом Гірш! Даволі езьдзіць на нашым карку!

Банадысь. А-я-яй, чаго вы нарабілі!.. Цэ-цэнтру выгналі!.. Што цяпер будзе?.. Усіх арыштуюць!..

Струк. А-а, яшчэ адна гніда!.. Хлопцы, давай і яго!.. (Усе кідаюцца да Банадыся).

Банадысь (уцякаючы). Браточкі, застаўце жывым.

Галасы. Прытрымай яго! Ды на чорта ён, няхай бяжыць!

Ганна Піліпаўна. Вось табе і будуй соцыялізм з такімі лёкаямі… Цяжка… Самі ня ведаем, што выйдзе…

Пятрусь (важна). Што і казаць: лёкайская група да соцыялізму тупа…

Агата. Сынок, зноў ты аб соцыялізме… Ня трэба, дзеткі, яе, гэнае, соцыялізмы… Лепей гамані на нашай простай мове, каб усе мы разумелі ў чым справа. Яшчэ раз, дзеткі, кажу: ня цурайся той мовы, якое я навучыла, бо іначай ты ня мой сын…

Пятрусь (сьмяецца). Ды што вы, мама? Хіба я адцураюся свае мовы? — ніколі. (Паўза). Вось калі мы возьмемся дружна, разам, дый асушым балота, дык гэта, значыцца, будзем будаваць соцыялістычную гаспадарку…

Агата. А як-жа, няйначай, як дружна, дый разам, бо аднаму там няма чаго рабіць.

Пятрусь (з захапленьнем). Мамачка, а каб усё рабіць разам, дык тады шмат лягчэй жылося-б чалавеку.

Ігнась. Факт. Узяць хоць-бы мурашку: як яна адна, дык хто яе баіцца, але калі іх многа, дый разам, дык вялікая сіла.

Агата. Ну але, ’шчэ і якая. Летась неяк мне давялося бачыць, як мурашкі апанавалі вужаку, ды ці паверыце, мае вы людцы мілыя, той круціўся мо‘ шпарчэй, як у малатарні кола…

Бягунец. Ха-ха-ха! Дык хіба мы мурашкі?..

Ігнась. Мы ня мурашкі, але павінны з іх браць прыклад. (Паўза). Усё-ж сёньня трохі нядобра вышла. (Доўгая паўза). Ну нічога. (Закурвае, гоман, некаторыя зьбіраюцца выходзіць). Мужчыны, дык будзем рабіць што ці не?

Галасы. Рабі сам! Ды ўжо-ж, трэба!

Бягунец (абурана). А ну яе, гэтую работу: ад яе ня будзеш багаты, а хутчэй гарбаты… (Паўза). Калі табе трэба, дык лезь сам у гэтую багну, а нам няма чаго галаву дурыць.

Грыб. Хто табе дурыць? Ня хочаш — ня трэба! І без цябе абыйдземся!

Бягунец. Ну і добра. (Зьвяртаецца да ўсіх). Пойдзем, хай яны пачынаюць, а мы паглядзім, што выйдзе.

Галасы. Ды яно і праўда! Калі яму дрэнчыць, дык няхай пакажа на прыкладзе! (Зьбіраюцца выходзіць).

Ганна Піліпаўна (зьвяртаецца да ўсіх). Дарагія таварышы! Ня слухайце яго, заставайцеся тут, трэба канчаткова абгаварыць дый за справу.

Галасы. У-га! Якая разумная! Няма часу.

Ігнась (горача). Мужчыны! — браточкі родныя, давайце пагаворым, я-ж ні вам, ні сабе ліха не жадаю, мо‘ хоць пазагуменьне асушым, а там і далей.

Бягунец. Няма дурняў.

Струк (сьмяецца). А вось-жа адзін знайшоўся.

Бягунец (злосна). Дык няхай разумныя пачынаюць, а дурні і пачакаць могуць! (Зьвяртаецца да ўсіх). Праўда?

Галасы. Праўда! Праўда!

Грыб. Апанас! — ты ня дурыся, — калі ня хочаш сам прыймаць удзелу, дык можаш ісьці, няма чаго народ баламуціць.

Бягунец. Ну і пайду. Падумаеш, колькі хванабэры, дзе вы толькі набраліся яе? (Энэргічна). Ну, дык пойдзем, мужчыны! (Выходзіць, а за ім частка сялян).

Агата (зьвяртаецца да выходзячых). Мужчынкі, родненькія, даражэнькія, — ня слухайце гэтага дурня. Ён-жа за чарку гарэлкі ўсіх вас прадасьць. (Апошні выходзячы зачыніў дзьверы). Божухна мой мілы, нічога мусіць ня будзе. (Да Ігнася). Глядзі вось: застаўся гол, як сакол…

Ігнась (напалохана). Як-жа так? (Гля- дзіць навокал весялей). Дзе ж там адзін, нас многа!.. (Зьвяртаецца да ўсіх). Ну, як, пач- нем?

Галасы (разам). Пачнем!

Ігнась (весела). Заўтра-ж за працу! (Задуменна). Вось толькі адкуль пачаць і з кім параіцца? (Паўза). Прыдзецца з пазагуменьня! Згодны?

Галасы. Згодны! згодны!

Ігнась. А параіцца? (Усе глядзяць). Эге, ёсьць! Я чуў, што да нас у раён прыехаў малады агроном, ён нам дапаможа.

Гірш. Што там чуў, я-ж яго на сваім кані ў мястэчка прывёз. Добры чалавек, сумленны такі, адукаваны, казаў, што ў леташнім годзе акадэмію скончыў.

Пятрусь (аж падскочыў). Вось добра! А ён комсамолец?

Гірш (сьмяецца). Не, мусіць, перарос.

Ігнась (цьвёрда). Трэба будзе з ім пагаварыць! Каму толькі?

Ганна Піліпаўна. Гэту работу я вазьму на сябе.

Гірш. Ганна Піліпаўна! — паедзем заўтра, ні капейкі не вазьму, яшчэ і назад прывязу.

Пятрусь. Татка, а я з комсамолам дасканальна паталкую.

Грыб. І ў сельсавет-жа трэба, дык я да іх схаджу.

Струк (зьвяртаецца да ўсіх). А мы заўтра-ж карчаваць куп‘ё! Згодны?

Галасы. Даёш! (Падкідаюць уверх шапкі).

Ігнась. Трэба было-б каго-небудзь накіраваць у горад, мо‘ грошай троху пазычаць.

Галасы. Правільна! Правільна!

Грыб. А як-жа, трэба абавязкова дабіцца пазыкі, бо іначай цяжка будзе!.. (Паўза). Прыдзецца табе самому ехаць.

Галасы. Ну, вядома Ігнасю! Хто-ж болей.

Ігнась. Добра, я паеду. (Паўза). І так, мужчыны, за працу, будзем рабіць, колькі сілы хваціць, асушым трохі, глядзіш — у гумне лішняя капа добрага сена. (Захапляецца). А там можна і ўзараць, адным словам, будзем змагацца за новае жыцьцё, зробім з нашага Палесься другую Украіну!..

Ганна Піліпаўна. Ды ўжо-ж, калі, скажам, прылажыць рукі, дык ня трэба і Далёкі Усход… Тут, у мілым куце нашых дзядоў, неяк прыямней жыць. (Дэклямуе).

„О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!“

Струк. Ды яно-ж так, калі далёка, значыць дрэнна, а тут, можна сказаць, усё пад бокам адным словам, як з печы, дык і ў дрыгву… (Усе маўчаць).

Ігнась (цьвёрда). Так, кругом, дрыгва, трэба яе асушыць. (Уваходзіць Банадысь).

ЗЬЯВА VIII
Тыя-ж і Банадысь

Банадысь (зласьліва). А вы ўсё яшчэ асушваеце?!

Струк. Але, думаем таксама і ў хатах правесьці меліорацыю…

Банадысь. Ха-ха-ха! Ха-ха-ха! Ды ці не павар‘яцелі вы толькі?..

Ігнась. Не! (Зьвяртаецца да ўсіх). Мужчыны, вось Барыс неяк узьбіўся і паставіў новую хату, дык давайце агулам паможам яму палажыць падлогу.

Галасы. Давайце! Давайце!

Пятрусь. Татка, дык мо‘ ў першую чаргу ў хаце чытальні.

Ігнась. Можна і так. (Да ўсіх). Дамо па дошцы?

Усе. Дамо! Дамо!

Грыб. Мне хоць і самому патрэбны, але-ж дам.

Банадысь. Ну але, аддасі, а потым на дамавіну пазычай…

Зоська (праз сьлёзы). Татка!

Банадысь. А што татка, — усё цягнуць ды цягнуць, хутка і вантробы выцягнуць!..

Струк. Хлопцы, неяк нязручна з Банадыся браць, вядома-ж, бедната?! (Усе сьмяюцца).

Банадысь (злосна). Недавяркі! у маёй-жа хаце і з мяне зьдзекуюцца.

Струк. Яно невядома, чыя гэта хата, мо‘ і наш пот тут ёсьць, га?

Банадысь (глядзіць у вочы Струку). Бо вы дурні!

Струк (весела). Кінь, браце, цяпер паразумнелі, больш ня будзеш смактаць нашае крыві. (Банадысь садзіцца, нахіляе галаву, маўчаньне).

Пятрусь (раптоўна). Татка, і рыбацтвам зоймемся, у вазёрах, якіх нельга асушыць, завядзем „карпа“, гэта вельмі добрая рыба. (Усе глядзяць на Пятруся).

Зоська. Праўда, праўда! (Паўза). Яе трэба штучна разводзіць. Але яна вельмі хутка расьце.

Струк (жартуючы). Рыбак рыбака бачыць з далека!.. Глядзеце, каб сёньня ноччу не налавілі рыбы!? (Усе сьмяюцца).

Ганна Піліпаўна. А сапраўды-ж гэта добра: калі скажам, выпусьціць „молькі“ з зімоўніка вясной, дык да восені яны становяцца рыбай і важаць каля двух кілё. Дык хіба гэта дрэнна. (Зоська рада што яе падтрымалі, падыходзіць да Ганны Піліпауны, схіляе галаву і аб чымсьці ціханька гамоняць).

Струк (зьдзіўлена). Няўжо дзьве кілы?.. А-я-яй, дык гэта-ж мо‘ аж дзесяць фунтаў?..

Пятрусь (важна). Два кілё, — гэта толькі пяць фунтаў.

Струк (падумаўшы). Ну і гэта добра. (Паўза). Трэба завесьці.

Гірш. А як-жа, абавязкова трэба! (Паўза). Ого, карп-рыба, ды што рыба — золата. Мужчынкі, дык-жа карпа можна нават за межы пасылаць… (Паўза). А цікава, скажам, дзе-небудзь у Нямеччыне нарасхват бяруць „дрыгвічанскага карпа“, дык гэта-ж столькі гонару, што о-ё-ёй!

Пятрусь (з захапленьнем). Мы з Зоськай возьмемся за „карпа“, добра?

Зоська (рада). Добра.

Струк (жартуючы). Глядзіце толькі, каб ня было „карпянятак“… (Усе сьмяюцца).

Зоська (не зразумеўшы). Дык бяз гэтага-ж нельга. (Зноў усе сьмяюцца).

Зоська (апусьціўшы галаву). Ат, заўсёды вы з жартамі…

Ганна Піліпаўна. Нічога, Зоська, здаровы сьмех заўсёды на карысьць. (Паўза). Аднак, мусіць, трэба зьбірацца дамоў, бо заўтра трэба рана ўставаць.

Гірш (да Ганны Піліпаўны). Дык я заўтра пад‘еду да вас.

Ганна Піліпаўна. Добра.

Ігнась. Ну, пачатак зроблен, а цяпер за справу, за новую сьветлую будучыню, за новую асушаную вёску…

Зоська (да Агаты весела). Цётачка, засьпявайце якую-небудзь вясёлую песьню, але такую, якую ўсе мы ведаем.

Агата. Ня ведаю я, дзеткі, вясёлых песень, у дрыгвічанах яны заўсёды нейкія нудныя…

Ганна Піліпаўна. Засьпявайце, цётачка, вы-ж шмат іх ведаеце, я ўсё зьбіралася да вас зайсьці запісаць некаторыя, а потым пераслаць у горад…

Агата. Ды што вы, што вы, ня трэба, каб у кніжках было гора, я люблю, як сьпяваюць што-небудзь вясёлае…

Пятрусь. Дык засьпявайце, мама!

Усе. Просім, просім.

Агата (сьпявае).

А з-пад тае рошчыцы
Зара занімалася,
Сонейка ўзыходзіла.

Усе:Гарыць, гарыць сонейка
Не палетняму,
Будзе расьці жыцейка
Не папрэжняму!

(Усе, сьпяваючы, выходзяць, застаецца адзін Банадысь).

Банадысь (нібы прачнуўшыся, скочыў і крычыць). Зоська! Зоська! (Зоська зьвяртаецца).

Банадысь (крычыць не сваім голасам). І ты з імі!.. Ды я цябе!.. (Садзіцца на лаву і гаворыць праз зубы). Хутар, прырэзка, мэліорацыя (мацней сьціскае за бок), карп, (Зоська зьдзіўлена глядзіць), дррыгва… (Асоўваецца на падлогу). Вось мой канец (Зоська падбягае да яго і слухае).

Зоська. Татка! татка! уставайце!.. (Моцна трасе і плача). Татка! (Зноў слухае). Памёр… (Крычыць не сваім голасам). Мама!.. (Бяжыць да дзьвярэй).

ЗАСЛОНА.


Дзея трэцяя

[правіць]

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

Абразок першы
Лета. Усход сонца. З левага боку зруб дому, які будуецца колектывам. З правага боку кузьня. Далёка па-за вёскаю відаць прасторы асушанага балота. Пасьля другой дзеі прайшло больш двух год.

ЗЬЯВА I.

(Голас за сцэнай). Настуля, выганяй каровы! (Чуваць, як пастух грае на трубе, прычым атрымліваецца орыгінальны гук: Ту-у-у-у ту-у-у-ту-ту, ту-у-у-ту-ту, ту-у-у-ту-ту, ту-у-у-у…).

Грыб (кляпае касу). Вось і сонейка ўзышло. (Напявае на мотыў „Беларуская марсэльеза“, устaе). О, як хораша кругом, як добра жыць і слухаць гэтыя цудоўныя мэталёвыя гукі, гукі працы і змаганьня за жыцьцё. (3 розных канцоў вёскі даносяцца аднагучныя гукі: та-та-та-та-та…). Касьба! (Прыглядаецца). Нехта ўжо з касою ідзе. (Садзіцца, зноў кляпае). Хто-ж бы гэта, так рана? (Ідзе стары дзед з люлькаю ў зубох і касою на плячах. Адзеўшыся ў белыя порткі і белую кашулю, падпярзан саматканым поясам. У адней руцэ збан са страваю, за плячыма торба з хлебам).

ЗЬЯВА II.
Грыб — Стары дзед.

Стары дзед. Памагай бог!

Грыб. Э-э, чорт!.. (Да дзеда). Што вы кажаце?..

Стары дзед. Знацца, кажу: памагай бог. (Глядзіць у вочы Грыбу). А ты не чартыкайся! (Ставіць збанок каля кузьні, зьнімае касу з торбачкаю і таксама кладзе). Нядобра! (Глядзіць, каб дзе прысесьці). З богам неяк спарней…

Грыб (паказвае рукою). Вунь калодачка, сядайце.

Стары дзед (бярэ калодачку, ставіць бліжэй). Каб сказаў многа прайшоў, а гэтак стаміўся. (Садзіцца). Э-эх, цяжка жыць на белым сьвеце… (Пыхкае люльку). Гм… патухла. (Мацае ў кішэнях). І запалак няма. А бадай цябе чэрці ўзялі, гэта-ж мусіць яна выцягнула.

Грыб. Хто?

Стары дзед. Ды старая мая, а бадай яе…

Грыб (дастае кісэт з тутуном і сярнічкі). Мо‘ майго закурым?

Стары дзед. Давай. (Набівае люльку, абудва закурваюць).

Грыб (дабрадушна). А вы, дзед, таксама чорта не ўспамінайце. Нядобра.

Стары дзед (пыхкае люлькаю). Ды яно, ды гэта-ж неразлучная пара… (Закашляўся). Пхэ-пхэ…

Грыб (сьмяецца). Праўду кажаце дзед, узяць хоць бы папа, дык той заўсёды ня богам, дык чортам пужае…

Стары дзед (зноў закашляўся). Але, але. (Бярэ ў рукі касу). Дык гэта мо‘ тая, што праз „Беларускую вёску“ выйграў?

Грыб. Але.

Стары дзед (разглядае з розных бакоў). Ну і каса!

Грыб. Будзе касіць?

Стары дзед. Уга, ‘шчэ як!

Грыб. А мне здаецца, што трохі мяккавата.

Стары дзед. Ды не, бронь-божа. (Зноў глядзіць). Адным словам, добрая. (Успамінае). Э-э, дай божа памяць… Ага-ага! А сякеру ты мне загартаваў добра, вось толькі нарог дык ужо залішне перахваціў.

Грыб. Ну добра, другі раз паправім.

Стары дзед (слухае звон касы). Але і каса, дык каса!

Грыб. Дзед, а як пазнаць, якая з іх лепшая?

Стары дзед (важна). Заўсёды выбірай касу, якая званчэйшая, дык ніколі ня будзеш шкадаваць.

Грыб. Ага.

Стары дзед. Што там ага, яно так і ёсьць. (Паўза). Знацца, каб мне гэта такую касу, дык о-го-го!..

Грыб (сьмяецца). Дык выпішце газэту, мо‘ і вы што-небудзь выйграеце.

Стары дзед. Дзе ты бачыў: няма ніякае заправы — а ні здору, анічога; ня тое, што яшчэ на газэту. У мае старое, знацца, сэрца зныла ад бяды.

Грыб. Ну, а як Мікола, ён у міліцыі ці што?

Стары дзед. А Мікола, знацца, так кажа: знаць ня знаю і ведаць ня ведаю; запанеў мой Мікола, ні з кім ня хоча і гаварыць.

Грыб. Вось як. І на касьбу ня прыедзе?

Стары дзед. Дзе ты бачыў. Знацца, зрабіў ён, чалавеча, так, што ні ў пяць ні ў дзевяць. Яму, плёвае дзела: ён знатны чалавек кругом. А мне, на старасьці год, круціся, як хочаш. (Паўза). Цяпер усякі злыдзень рад, што мне крута прышлося… А каб, скажам, хто памог, дык не; ды дзе там, калі свой родны сын і то адцураўся. (Кашляе). Пхэ-пхэ…

Грыб. Дрэнна.

Стары дзед. Знацца так, калі кажу. Знацца, скажам, вы, як тыя яўрэі, кагалам трымаецеся, дык вам куды лепей. Глядзі вось да чаго дадумаліся, нават хаты агулам будуюць. (Паўза). А сенажаць якая, гэта-ж проста любата!

Грыб. Дык прыставайце да нас, хто згодзен, хай бярэцца за работу, мы ўсіх прымаем.

Стары дзед. Ды я сваёй старой даўно казаў аб гэтым.

Грыб. Ну і што?

Стары дзед. Ну і што — ня хоча, кажа — хіба можна асушыць гэтую дрыгву…

Грыб. Ха-ха-ха! Дык-жа асушылі. (Паказвае рукою). Глядзеце, нават вока лашчыць. Прыемна паглядзець.

Стары дзед. Знацца, і я ёй казаў, гэта-ж самае, дык яна клянецца на чым сьвет стаіць, што не цяпер, дык учацьвер, а ўсё-ткі дрыгва застанецца дрыгвою… Зноў зальле…

Грыб (сьмяецца). І вы даеце веры гэтым казалам?

Стары дзед. А хто-ж яго ведае… Знацца, адны кажуць, што бог пасылае дождж, каб утапіць чорта, а другія — нібы для таго, каб патрымаць вільгаць, бо, чарцяка-ж на сухім ня можа жыць…

Грыб. Ха-ха-ха! Ха-ха-ха! (Цьвёрда). Ну, а мы ня хочам з імі знацца, пашлі супроць іх абодвух, і не шкадуем. (За сцэнаю чуваць: тпрру, тпрру… А потым голас: па-шка-ду-е-це пашкадуеце…)

Стары дзед (аж уздрыгнуў). Што гэта? — нячыстая сіла.

Грыб (сьмяецца). Ды не, старая баба.

Стары дзед (зноў жагнаецца). Што ты, што ты, Барыс!.. Ды гэта няйначай, як чорт!..

Грыб (ціха). А вы пачакайце троха. (Ціханька крадзецца за кузьню, цягне адтуль бабу, тая не сваім голасам крычыць). Вось які чорт!.. (Сьмяецца). Здаецца, гаспадыня ваша?..

Стары дзед (Зьдзіўлена глядзіць, падыходзіць да яе, прыглядаецца. Баба хоча штосьці сказаць). Ціха, каб табе зарвала! (Паўза). Ах ты гадаўка! (Замахвае кулаком).

Грыб (хватае за руку). Ня трэба! (Баба ўцякае).

Стары дзед. Ды я ёй голаву адкручу. (Хоча бегчы, Грыб ня пускае). Глядзі ты яе, падла старая, да чаго дадумалася! (Апускае руку, садзіцца). Не, пайду! (Бярэ касу, збан, торбачку). На старасьці год гэтак абняславіць… (Выходзіць).

Грыб (адзін). Ну што яна вінна, яе трэба шкадаваць. (За сцэнаю чуваць: нэ-э, нэ-э… А потым голас старога дзеда: Анатоля! — пачакай). А бадай цябе, ну і скрыпяць-жа колы, проста енчаць. (Думае). І жыцьцё іх такое-ж самае, скрыпучае… Э-эх, ды ці доўга яшчэ!.. Ці доўга яшчэ пакутаваць!.. (Прыглядаецца). Хто гэта матнуўся! (Глядзіць ў бок кузьні). Мо‘ зноў пужаць?.. (З-за кузьні бягуць Зоська з Пятрусём, вясёлыя, бадзёра сьмяюцца).

ЗЬЯВА III
Грыб — Зоська — Пятрусь.

Грыб (зьдзіўлена). Адкуль гэта?.. (Глядзіць). Дзе гэта вы запэцкаліся?.. (Сьмяецца). Вось чарцяняты!..

Зоська (бойка). Па гразі хадзілі, вось і запэцкаліся.

Пятрусь. Я яе чуць…

Зоська (перарывае). Цсс!.. (Ківае пальцам).

Грыб (да Пятруся). З якога гэта часу, ты на паўслове застанаўліваешся?.. (Падміргвае). Ага, хіба я табе не казаў!..

Пятрусь. Ды я яе чуць выцягнуў.

Грыб (сьмяецца). Адкуль, з ложка?..

Пятрусь. Ды не, увалілася ў вогнішча.

Грыб. Ну?.. (Паўза). Дык чаго гэта вы перліся блізкі сьвет?..

Пятрусь. Рыбу лавіць.

Грыб (Да Зоські). А такую плотачку выцягнуць, нішто сабе!? (Усе сьмяюцца).

Зоська (глядзіць на Пятруся). Гадкі!.. (Крывіць). А як сам завяз у багну, дык аб гэтым ні гу-гу.

Пятрусь. Бо я сам выбраўся, а цябе дык прышлося цягнуць.

Зоська (нібы злуе). Добра, добра, я табе адплачу!.. Пачакай толькі!..

Грыб. Дзе-ж ваша рыба?...

Зоська. Зараз пакажам. (Зоська з Пятрусём бягуць за кузьню і нясуць адтуль нерат з рыбаю).

Грыб (разглядае). Э-э, браце, „карп“, і ты тут, кажаш, забраўся ў нерат, што ні ўзад, ні ўперад… (Паўза). Дзе-ж вы яго ўвабралі? (Дастае з нерата). Вось гэта дык ён! (Важыць). Фунтаў з пяць, калі ня болей.

Пятрусь. Э, дзе ўвабралі, ды мы з Зоськаю і яшчэ некалькі комсамольцаў ужо другі год над гэтым практыкуемся, спэцыяльна разводзім.

Грыб. Дзе?

Зоська. У замкавым возеры.

Грыб. То-то, я і гляджу, што вы туды кожную нядзельку ходзіце. (Моцна цісьне рукі). Малайцы! (Паўза). Тымчасам, сёньня, калі прыедзе бацька, дык будзем закошваць, а тады справім такую вячэру, што толькі дзяржыся! Няхай ведаюць, што і дрыгвічане ўмеюць весяліцца!

Пятрусь (нібы падрос). Ну, вядома, да якога гэта часу мы будзем хадзіць, як тая нэндза… Час прышоў і нам сказаць на ўвесь сьвет: і мы людзі!

Зоська. А я „карпа“, падсмажу. (Грыб з Пятрусём пераглянуліся, Зоська гэта заўважыла). Так, свайго „дрыгвічанскага карпа“ будзем есьці самі, а што застанецца, дык няхай другім… а мы ўжо болей ня будзем есьці тое, што нам падкінуць, даволі!.. (Паўза). Бо мы самі сабе гаспадары!

Пятрусь. Э-ге…

Грыб. А ты думаў як?..

Пятрусь. Ты толькі так і няйначай, бо, мы хоць і маленькія людзі, хоць маладыя яшчэ, можна сказаць, толькі пачынаем жыць, але ўжо робім вялікую культурную справу. (Паказвае рукою). Вось паглядзеце, колектыўна будуем хату, дык думаеце, гэта дробязь, о, не, ніколі; памагаць адзін аднаму, разам працаваць — гэта вышэйшая форма культуры. (Струк, падышоўшы, увесь час слухае Пятруся).

ЗЬЯВА IV.
Грыб — Зоська — Пятрусь — Струк.

Струк. Ну, ну, спаехаў ужо, арацель. (Кладзе сякеру). Барыс, прытрымай, браце, яго, бо‘ я зараз супроць выкажуся, значыцца, як гэта кажуць: апонэнтам буду… (Абводзіць з ног да галавы вачыма, доўгая паўза). Будзь ласкаў, адкажы мне на такое пытаньне: доўга гэта яшчэ ты будзеш прыкідацца маладзенькім, га?..

Пятрусь (сур‘ёзна). Так, мы яшчэ маладыя. Мы…

Струк (перарывае). Пачакай, пачакай, хто гэта мы?..

Пятрусь (з запалам). Ды што там чакаць, мы толькі становімся на ногі…

Струк (зьвяртаецца да ўсіх). Як гэта вам падабаецца: ён толькі становіцца на ногі…

Пятрусь. Так, мы толькі нядаўна пачалі будавацца, а паглядзеце, колькі дасягненьняў…

Струк. Усё гэта так, калі, скажам, да будаваньня (паказвае на хату), дык застаецца толькі кроквы паставіць, але адносна таго, што ты маладзенькі яшчэ, дык гэта няпраўда… (Паўза). Здаецца, порткі зусім ні на маленькага пашыты!? (Усе сьмяюцца).

Грыб. Ха-ха-ха! Дык ты-б з портак і пачынаў, а то ўсё кругом, ды навокала…

Струк. Ды яно так, але-ж іншы раз неяк лепей выходзіць, калі зойдеш з другога канца.

Пятрусь. Заўсёды трэба ісьці проста — гэта найкарацейшы шлях.

Струк. Але, незаўсёды (ідзе проста, находзіць на нерат з рыбаю, спатыкаецца), спатыкнуцца можна… (Усе сьмяюцца). Што гэта?.. (Бярэ ў рукі „карпа“). Нядобра, браце, карпе, падкладаць сьвіньню Алесю Струку (паказвае ў грудзі пальцам), мне, знацца, нядобра!.. (Разглядае). Даволі ўжо Гавэнда паскудзіць мне на кожным кроку, дык і ты яшчэ!.. (Усе рагочуць, аж кладуцца).

Зоська. Што вам Гавэнда, хіба вы баіцёся яго?

Струк. Ды воўк ня столькі баіцца сабакі, колькі ня любіць зьвягі яго… (Паўза). Дзе-ж твая хата, карпе?..

Пятрусь. У Замкавым злавілі…

Зоська. У Замкавым возеры мы штучна разьвялі…

Струк. Кажаш, штучна… Добрая штучка!.. Аднаму, дык і не ўвабраць.

Грыб (да Струка). А калі, скажам, яго падсмажыць, дык як?..

Струк. А хто-ж яго ведае, трэба паспытаць, а потым ужо, як Пятрусь кажа: аналізірваць з усіх бакоў, па косточках…

Пятрусь (сьмяецца). Дык-жа не „аналізірваць“, а ана-лі-за-ваць! Разумееце?

Струк. Якая розьніца: ня кіем, дык палкаю…

Зоська. Ну добра, увечары паспытаем. (Зьбіраецца ісьці).

Пятрусь. (Да Зоські). Пачакай. Разам пойдзем. (Бярэ нерат, ідуць).

Струк. Але-ж заўсёды яны разам, не раўнуючы, як голуб з галубкаю.

Грыб (сьмяецца). Ці не раўнуеш ты толькі?

Струк (глядзіць у вочы Грыбу). Ну сказаў: ды па мне няхай сабе варкуюць на здароўе. (Паўза). Толькі…

Грыб (перарывае). Толькі маладыя яны яшчэ.

Струк. Дык і я-ж гэта хацеў сказаць, што рана ён завязаў голаву.

Грыб. Каму?

Струк. Ёй, дый сабе заадно.

Грыб. Але. Трэба было яшчэ пагуляць.

Струк. А пара з іх добрая.

Грыб. Так. І па абліччы яны паходзяць адзін на другога. Адным словам, скора будзем вясельле гуляць.

Струк (хітра). Часамі, каб ня прышлося толькі радзіны наперад…

Грыб (зьдзіўлена). Што ты кажаш?

Струк. Тое, што ты чуеш. (За сцэнаю чуваць гоман).

Грыб (бярэ ў рукі касу). Ну, каса ў парадку, можна і за касьбу брацца.

Струк. Калі-ж ты пасьпеў упарадкаваць?

Грыб. А я, браце, сягоньня ўстаў зарань: чуць стала віднець. (Нясе ў кузьню касу і бярэ там сякеру). Вось і ўпарадкаваў. (Ідзе некалькі сялян таксама з сякерамі).

ЗЬЯВА V
Грыб — Струк — сяляне

Грыб. Э, якраз добра. (Bітаецца). Ну, хлопцы, за работу!

Селянін. Куды гэта ты сьпяшаешся? Хоць-бы даў трохі адпачыць. (Садзіцца). Дый закурыць-жа трэба.

Струк. І так сапе, як кавальскія мяхі, яшчэ і закурыць яму… (Усе сьмяюцца).

Селянін. Э-э, ты з кавалём мяне не раўняй.

Грыб. Чаму?

Селянін. Бо каваль робіць людзьмі, а сталяр грудзьмі… (Закурвае).

Грыб. Як-жа так?

Селянін. Вось паспрабуй цэлы дзень пацягаць геблікам, а пад вечар яшчэ і рубанкам, дык будзеш ведаць.

Струк (падміргвае). А калі, скажам, увесь дзень „пацягаць“ кавальскі молат, дык як? (Паўза). Колькі разоў прыдзецца кашулю выкручваць?

Галасы. Але, але.

Селянін (хітра). У добрага каваля кашуля заўсёды сухая, яго малаточак шмат лягчэйшы, чым у пісара пёрка… толькі тахт адбівае… (Напявае і прыстуквае малаточкам аб бабку). Каваль куе — жонка пяе… Гах! Дзі-лі! Шавец шые — жонка вые… Гах! Дзі-лі! Дзі-лі! Селянін арэ — жонка раве… Гах! Дзі-лі! Дзі-лі! Дзілі! Ма-ла-то-о-чкі разбудзілі!.. Бом!

Грыб (энэргічна). Так, малаточкі разбудзілі шматмільённае сялянства! А зараз гэтыя-ж малаточкі выстукваюць плуг, трахтар, куюць лепшую долю! (Моўчкі ідзе і бярэцца за работу, а за ім, па чарзе, усе іншыя).

Селянін (паволі ўстае, бярэ сякеру, пачынае часаць кавалак дрэва на вокны). А добра-б было, каб ва ўсіх былі плугі, а то пэцкаюць гэтаю сахою, усё роўна, як сьвіньня лычам… Яшчэ і ўраджаю чакаюць!

Струк. Плуг, дык што, але вось каб як-небудзь гэтага трахцера прыдбаць, дык тады другая справа.

Селянін. Дык-жа ўперлі грошы нямаведама куды. А…

Грыб (перарывае, абурана). Як гэта нямаведама куды?

Селянін (хітра). А так: скажам, каб іх пусьціць на плугі, дык кожнаму-б з колектыву было па плугу. (Паўза). Мала што можа быць…

Грыб. Чаўпеш ты, чалавеча, і сам ня ведаеш што.

Струк (да Грыба). А сапраўды-ж неяк дзіўна, чаму гэта няма ніякага адказу? (Паўза). Мо‘ з поўгода ўжо прайшло, як выпісалі гэты трахцер і, як кажуць, ні слуху, ні духу…

Селянін (зласьліва). Хе-хе-хе. Шчэ і каровы ня прыдбалі, а даёнку ўжо маем… Го-о-онар!

Грыб (цьвёрда). Калі маем даёнку, дык і карова будзе. (Ідзе Пятрусь).

ЗЬЯВА VI
Грыб — Пятрусь — Струк — сяляне.

Пятрусь. Добры дзень! (Вітаецца). Трошкі запазьніўся, але нічога, сваё наганю!

Галасы. Дзіндобры! Дзіва, што нагоніш!

Струк. Маё шанаваньне! Як твая Падласая жыве!? (Усе сьмяюцца).

Пятрусь (зьдзіўлена глядзіць). Што?

Струк (глядзіць у бок селяніна). Ну і выдумаў: „Даёнка“… Ха-ха-ха!

Селянін. А хіба няпраўда: каровы ня маем, а даёнку прыдбалі… Хі-хі-хі.

Струк (да Пятруся дабрадушна). Трахтарысты — дзе твой трахцер?

Пятрусь (зразумеўшы). Ну, што тут сьмешнага? Мо‘ сёньня татка прывязе (да селяніна). З самога сябе сьмяецеся! (Паўза). Каб адразу ўнесьці цалком грошы, дык даўно-б ужо атрымалі. (Паўза). Але дзе-ж іх возьмеш?

Грыб (з захапленьнем) Мужчыны! — а што будзе калі Ігнась прывязе трахтар.

Селянін. Чакай: трэ вунь ісьці на сенажаць, а ён за нашы грошы…

Пятрусь (абурана). Што?.. (Кідаецца да селяніна). Як вам ня брыдка!

Селянін (злосна). А ты ня кідайся, шчанё! На які чорт ён патрэбен нам, гэны трахтар!

Струк (жартуючы). А трахтарысты?..

Селянін. Ну і трахтарысты з ім!

Пятрусь. Дзе-ж вы былі раней? Чаму тады маўчалі?

Селянін. Ха-ха-ха! Хіба я маўчаў? Усё большасьць гэна праклятая!

Грыб (спакойна). Чаго-ж вы запісваліся ў колектыў, калі вам не падабаецца большасьць?

Селянін. Колектыў — добрая штука, а трахтар — глупства. (Паўза). Ды хіба гэта добра, людзі вунь на сенажаць ідуць, а ён едзе нямаведама куды і чаго…

Струк. Э-э, браце, гэта ўжо занадта. Колькі, чалавеча, ён пабачыў гора, пакуль асушылі балота, дык аж страх падумаць.

Селянін. А-я-яй, які герой! (Паўза). Адкуль ты такі спагадлівы?..

Струк. Адтуль, адкуль і ты!.. (Зьвяртаецца да ўсіх). Хто ведае, колькі разоў Ігнась хадзіў пяшком у горад?..

Грыб (рашуча, цьвёрда). Я ведаю! Усе ведаюць!

Галасы. Ведаем! Ведаем!

Грыб (кідае сякеру). І кажу з усёй адказнасьцю за свае словы: каб ня Ігнась, дык і да гэтага часу людзі баяліся-б узяцца за гэтую дрыгву…

Галасы. Правільна! Правільна!

Грыб (зьвяртаецца да селяніна). А калі каму не падабаецца, дык можа ісьці на ўсе чатыры бакі!

Галасы. Выключыць! Выключыць!

(Ідзе Бягунец з касою і насьвіствае, але не разабраць што).

ЗЬЯВА VII
Грыб — Пятрусь — Струк — Бягунец — Селянін.

Бягунец (злосна). Памагай бог сварыцца!.. (Да селяніна). Ну, што, кум, хіба я табе не казаў, што гэта самае будзе!

Струк. Ідзі, ідзі сваёю дарогаю!

Пятрусь. Але, ідзеце адсюль, бяз вас разьбярэмся!

Бягунец. Гавэнда! — дзе трахтар… Дзе грошы гуртавыя?.. (Паўза). Бацька з сынам комсамольцам у дрыгву ўтапілі!.. Ох-ох-хо!

Струк. От дзе кавалда дурное: ані нічога не панімае.

Бягунец. Глядзі, а то хутка ты ў мяне заробіш па карку.

Пятрусь. Уга!

Бягунец. Шчэ і ўга, шчанё! (Паўза). Няхай вось толькі вайна пачнецца, дык тады закугакаеш.

Пятрусь. Глядзіце, каб вам першаму ня ўсыпалі!..

Бягунец. А табе, няйначай, як на асіне месца!..

Пятрусь. А гэта паглядзім: „Хто — каго?“ (Паўза). Я сам добра ведаю сваё месца, а вы дык не. Думаеце, вы з панамі пасябруеце, — ніколі! А мо‘ зноў захацелі скідаць шапку за поўвярсты?..

Бягунец. Ну і што-ж: лепш пану скіну, чым якому-небудзь смаркатаму комсамольцу…

Пятрусь. Відаць, як вы скідаеце шапку смаркатым комсамольцам… (Паўза). А пану дык скінеце!

Бягунец. Адчапіся ты ад мяне, брыда!

Пятрусь. Самі вы брыда!

Бягунец (кідаецца з касой на Пятруся). Ах ты зладзюга!..

Грыб (хватае сякеру). Доўга ты яшчэ будзеш сваволіць? (Бягунец уцякае і натыкаецца на Ігнася і Гірша).

ЗЬЯВА VIII
Ігнась — Гірш — Грыб — Струк — Пятрусь — сяляне.

Ігнась (схваціў за рукаў Бягунца). Што гэта?.. (Бягунец вырываецца).

Галасы. Трымай яго!

Ігнась (штурхнуў ад сябе). Уцякай, пакуль жывы. (Разьвёў рукамі). Ну, ну, ня трэба!

Галасы. Пусьці! Ды мы яму! Пусьці!

Ігнась (уласным голасам). Кажу, застанавецеся! (Усе сталі, нібы ўкопаныя, глядзяць на Ігнася, як-бы чакаючы далейшага распараджэньня). Ну, трахтара прывёз.

Галасы. Ура! ура! Дзе! Ура! Ура! (Падкідваюць уверх шапкі).

Ігнась. Ён на станцыі. (Зьвяртаецца да Пятруся). Ідзі, сынку, зьеш трохі, ды гайда з Гіршам.

Гірш (з пугаю ў руках). Але-ж трахтар, дык трахтар, ня трахтар, а машына. (Прыглядаецца). Ну і дом. (Глядзіць навокал). Э, ды вёска Дрыгвічаны зусім іншай стала, — куды ні глянь, дык ёсьць на што паглядзець.

Ігнась. А ты, сынку, барджэй толькі, ды глядзі, каб нічога не зламаў.

Пятрусь. Не, не, да вечара прыеду. (Ідзе).

Струк (у дагонку). „Даёнка!?“ (Да селяніна). Вось і кароўку маем!.. (Селянін апусьціў галаву).

Ігнась (зьвяртаецца да ўсіх). А мы на сенажаць!

Струк. Ды як…

Ігнась (перарывае). Увечары пагамонім. Касьба — гарачы час. (Ідзе цьвёрдымі крокамі). Гайда! (Усе ідуць за ім).

ЗАСЛОНА


Абразок другі
Дэкорацыя тая-ж. Агата састаўляе сталы і накрывае абрусам. Вечар.

ЗЬЯВА I-ая
Агата (адна)

Агата. Дзякуй табе, божа мілы, прыждалі лепшага жыцьця! (Садзіцца на заслоне, каля стала). Нешта-ж нашы доўга ня ідуць… Каб з Пятрусём чаго ня здарылася! Надта-ж малады ён трахтарысты — ня дай бог, зломіць што… (Паўза). Чаму-ж бы гэта Ігнасю зажадалася вячэраць толькі тут, каля новае хаты, дык і сама ня ведаю? (Устае, падыходзіць да вакна). Ды яно вядома, трэба раз назаўсёды парваць з старым жыцьцём. (Уздыхае). Але-ж цяжка неяк, адвагі не хапае, прывычка — другая натура. (Паўза). А сенажаць якая, усе людзі завідуюць, гэта-ж кажуць: „да чаго дадумаўся твой лысы, спрадвечную дрыгву асушыў“… (Паўза). Ой ты, лысіначка мая даражэнькая! (За сцэнаю чуваць выстрал, а потым галасы: „Дзяржы, лаві, дзяржы“, „ой ой!“. Агата, спалохаўшыся, бяжыць за кузьню. Ідзе Ігнась, якога падтрымлівае Струк. Ігнась скрыгоча зубамі. Ззаду ідуць сяляне, адзін з іх нясе Ігнасеву касу. Агата выбягае з-за кузьні і крычыць). Саколік мой!

ЗЬЯВА II
Агата — Ігнась — Струк — Сяляне

Струк (да Ігнася). Куды?

Ігнась (кусае губу). У левую… (Паўза). А мо‘ ў грудзі?.. (Мацае каля сэрца). Не!.. (Садзіцца, моцна сьціскае параненую руку).

Агата (крычыць). Авэй… авэй… хто асьмеліўся!.. За што!.. (Галосіць). За што нас бог карае… Царыца нябесная! Няўжо мы такія грэшныя…

Ігнась. Ня крычы, старая! Страшнага нічога няма…

Агата (рве кашулю і перавязвае вышэй локця руку). Зжывуць цябе са сьвету!.. (Плача). А за што?..

Струк. Хто-ж бы гэта быў? (Думае). Э, ці не гавэнда толькі!..

Ігнась. Кінь ты! (Да Агаты). Мацней трохі…

Агата. Добра, Ігнаська, добра.

Ігнась. Горача… Вады!.. (Агата бяжыць у кузьню і адтуль нясе вядро з конаўкаю). Млосна неяк…

Агата. Глыні трохі вады і можа адыйдзе.

Ігнась (бярэ ў руку конаўку, п‘е, а потым глядзіць у вочы Агаце). Ды шмат лепей! (Весялей). А ты старая ўжо спужалася?.. (Агата плача). Ды па гэтым жыў буду. (Мацае руку). Добра, што хоць костку не зачапілі! (Сяляне ўвесь гэты час стаялі, як укопаныя, і з пачуцьцём жаху глядзелі на Ігнася, а зараз відаць нясьмелы рух і асьцярожная ўхмылка).

Селянін (выходзіць наперад). Ня можа быць, каб кум Апанас пашоў на гэта! (Сярод сялян хваляваньне, гоман).

Струк (хітра). Ды не, дзе вы бачылі!.. Вось толькі мо‘ хто-небудзь карабін выкраў!..

Селянін. Ага! Дык-жа ён даўно памяняў на абрэз. (Ідзе стары дзед).

ЗЬЯВА III
Стары дзед — Агата — Ігнась — Струк — Сяляне

Стары дзед (доўга глядзіць на Ігнася). Ня будзе, дзеткі, дабра… (Усе напружана сочаць за кожным рухам дзеда, нібы чакаюць раскрыцьця сакрэту). Злавіць, шэльму, трэба!

Ігнась. Ха-ха-ха! Няма каго лавіць: шукай ветру у полі…

Стары дзед (Падыходзіць бліжэй да Ігнася, а за ім таксама і сяляне, таемна апавядае). А ты паслухай: еду гэта я каля могілак… (Глядзіць, каб дзе сесьці).

Агата (зьмятае хвартухом заслончык). Дзядунька, вось тут, даражэнькі!

Стары дзед (садзіцца). Гляджу, мой конь наставіў вушы… я туды, я сюды, нікога ня відаць… (Паўза). Потым стрэл!.. (Здрыгануўся). Конь у бок: нехта матнуўся… з абрэзам… Покуль я саскочыў з калёс… (Кашляе). Пхэ, пхэ… Зірк — ды нікога ўжо і няма.

Ігнась. (устае, глядзіць на селяніна). 3 абрэзам?.. (Селянін некалькі крокаў адыходзіць назад).

Струк. Ё…

Ігнась (паглядзеў на Струка). Ня можа быць! (Скрыгоча зубамі). А далей?

Стары дзед. Э, дай, божа, памяць!.. (Трымаецца за голаў). Ага, ага, успомніў: нібы каваль наш пабег за ім…

Ігнась (аглядаецца навокал). Барыс! Барыс! ці ня здурэў ён толькі… (Ходзіць то ўзад, то ўперад, застанавіўся). Хлопцы, дык як-жа, гэта так?..

Стары дзед. Злавіць, шэльму, злавіць!.. (Да Ігнася). Ну, я тады кінуў свайго каняку, дый бягом на могілкі: аж бачу першы, незнаёмы, знацца, нібы ў каноплі…

Ігнась. Ну, а каваль, ён куды?..

Стары дзед. Знацца, і ён за ім…

Ігнась (энэргічна). Старая, давай кол! (Агата плача, гоман, Ігнась хватае ў кузьні кол і бяжыць). За мною!

Стары дзед (забягае наперад). Не, не, ты ня пойдзеш! (Зьвяртаецца да ўсіх). Знацца, покуль дабяжыць, шчэ асунецца.

Галасы. Правільна! Правільна!

Стары дзед. Я з вамі! Злавіць, шэльму, злавіць! (Усе бягуць).

Агата (напалохана глядзіць на Ігнася). Ігнаська, мой ты саколік, ідзі дамоў, адпачні трохі…

Ігнась (дрэнна сябе адчувае). А-ах!..

Агата. Ну, пойдзем, пойдзем, родненькі.

Ігнась (ідзе, п‘е ваду). Куды? (Садзіцца, каля стала). Гледзя куды?..

Агата. Ды ў старую хату, там цішэй, спакайней…

Ігнась. Ха-ха-ха! Ой, не, старая, туды мяне не зацягнеш!.. „Цішэй, спакайней…“ (Глядзіць на Агату). Нездарма кажуць, што ў ціхім балоце, чэрці водзяцца… Абрыдла старая хата (паказвае рукамі), з такімі вакенцамі. Не пайду я туды! Хочацца новай (разводзіць рукамі), з такімі вокнамі (устае), каб сонейка сьвяціла круглы дзень. (Ходзіць). Разумееш? — хочацца сьвету.

Агата. Ігнаська, калі-ж не даюць нам яго…

Ігнась (цьвёрда). Самі возьмем! (Паўза). Дык няўжо ён?.. Не, не, не!.. (Думае). А мо‘ за грошы?..

Агата. Ды няйначай, як падкупіў хто.

Ігнась (застанавіўся). Каб скарэй ведаць! (Бярэ кол). Самому!..

Агата. Куды ты?

Ігнась. У каноплі… (Ідзе Зоська, нясе розныя рэчы, ставіць на стол. Па яе вачох відаць, што яна хоча нешта сказаць, але не адважваецца).

ЗЬЯВА IV
Ігнась — Агата — Зоська

Ігнась (да Зоські). Кажы.

Зоська (паказвае рукою). Там у каноплях… Нібы злавілі…

Ігнась. Няўжо, злавілі? Бягу! (Шпарка ідзе).

Агата (бягом за Ігнасём). Ня ідзі туды, ня ідзі — зьб‘юць гэтыя недавяркі…

Зоська (памкнулася бегчы). Цётачка! не заб‘юць. (Паўза). Ну, навошта я казала? (Садзіцца каля стала, марыць). Пятрусёк, мой любы, дзе ты? Дзе ты, мой даражэнькі? Каб ты ведаў, як я цябе кахаю? (Доўгая паўза). А татку ўжо другі раз сасьніла: што гэта знача? (Успамінае). Нібы сядзім гэта мы з Пятрусём на прызьбе, глядзім, нехта ідзе… Сталі прыглядацца: аж гэта татка… Мы моцна, моцна абняліся, нібы баімося яго, і чакаем, што ён скажа: „Ня бойцеся!..“ Ажно не, паглядзеў гэта ён на нас сувора, дый кажа: „Ня будзе вам дабра на белым сьвеце!..“ А потым: „Ня я буду, калі не затаплю дрыгву“… Яшчэ трохі пачакаўшы: „Крывёю, зальлю!.. Комсамольскаю крывёю!.. Дый чарцей напушчу!.. Няхай смокчуць вашу кроў!.. А перш за ўсё — кроў дачкі мае!..“ (Паўза). Тады ўстае Пятрусь, зрабіўся вялікім, вялікім (Прыўстае), ды як крыкне: „Дзядзька Банадысь? — не дачакацца вам гэтага, як не дачакаліся і хутароў!..“" (Паўза). Ну, а што далей, дык ня помню. (Разважае). Сказаць аб гэтым Пятрусю ці не? (Паўза). Не, лепей ня трэба, бо сьмяяцца будзе. (За сцэнаю чуваць гоман. Глядзіць у бок вёскі). Нібы вядуць. Цікава, хто-ж гэта адважыўся страляць? (Ідуць: Струк, Стары дзед, сяляне).

ЗЬЯВА V
Зоська — Струк — Стары дзед — Сяляне

Зоська. Як, не знайшлі?

Селянін. Дзе там! Хіба яго знойдзеш: ды ён за гэты час чорт ведае дзе апынуўся…

Стары дзед (садзіцца, кашляе). Пхэ, пхэ… Злавіць, шэльму, злавіць!

Селянін. Хіба мы сабакі — за ім ганяцца! (Сярод сялян хваляваньне).

Струк (ходзіць). Ды няйначай, як гавэнда! (Спахваціўся). Трэба ў міліцыю.

Селянін. А што міліцыя? Покуль дойдзеш, дык і сьцямнее! Ды хіба будзе які толк з гэтага?

Зоська. У міліцыю, у міліцыю!

Стары дзед. Каб на могілкі яшчэ… (Паўза). Але-ж я стары… (Кашляе). Пхэ-хэ… Знацца, ногі ня ідуць…

Селянін (хвалюецца). Выдумляеш ты, стары, і сам ня ведаеш што… (Хітра). Тое і на могілках знойдзеш, што і ў каноплях…

Стары дзед (паглядзеў на селяніна і зьвяртаецца да Струка). Алесь! — а на могілкі, знацца, трэба было-б зьбегаць. (Паўза). Дый Пятруся нешта доўга няма?.. Каб?..

Зоська (крычыць). А-а-ай! (Бяжыць, сутыкаецца з Ігнасём і Агатаю).

ЗЬЯВА VI
Ігнась — Агата — Зоська — Струк — Стары Дзед — Сяляне.

Ігнась (моцна сьціскае параненую руку, скрыгоча зубамі). Ды што ты, дачушка, хіба ты ня бачыла?

Зоська (поўныя вочы сьлёз). Татка!.. Дзядзечка!.. (Хватае за здаровую руку і цягне). На могілкі!.. Пятрусёк мой даражэнькі!.. (За хатаю чуваць стрэл).

Ігнась (стаіць на месцы, нэрвова кусае губу). Што?..

Агата (кідаецца вобземлю, крычыць не сваім голасам). А-ай!.. Пятручок!.. Мой маленькі!.. Дзіцятка маё!..

Ігнась. Што гэта за напасьць!.. (Бяжыць, а за ім Зоська, Струк, сяляне. На сцэне стары дзед і Агата).

Агата (плача). Родненькі ты мой!.. (Усмае і бяжыць, растапырыўшы рукі.) Сокал мой маладзенькі!..

Стары дзед (памкнуўся ісьці). Агата! Агата! (Зноў сеў, цяжка ўздыхнуў). Вось табе і на, а здаецца-ж свае людзі… (3-за кузьні ціханька крадзецца селянін). Уздумаў чалавек асушыць балота, дык на табе: не даюць чэрці… (Ківае галавою). Знацца, нездарма кажуць: „як чалавек на гару, дык чорт за нагу…“ (Пачуўшы пра чорта, селянін застанавіўся, асьцярожна абышоў навокал, падлез пад стол і няўмысьля дакрануўся да нагі старога дзеда. Дзед аж уздрыгнуў, жагнаецца). А такі ёсьць чэрці!..

Селянін (накідаецца на дзеда, пачынае душыць). Вось вам каноплі!.. Вось вам могілкі!..

Стары дзед (хрыпла крычыць). Чорт!.. Чорт!.. Ратуйце!.. Ратуйце!.. (за сцэнаю гоман, галасы: „Душы гадзюку! Не! Не! Лаві! Лаві таго!“ Бяжыць Грыб з абрэзам у руках. Струк вядзе зьвязанага Бягунца. Сяляне штурхаюць яго, хто кулакамі, а хто і палкамі…).

ЗЬЯВА VII
Грыб — Ігнась — Струк — Агата — Зоська — Стары дзед — Сяляне

Грыб (накідаецца на селяніна). Вяжы яго! (Вяжуць). Ах ты — провокатар!

Стары дзед (ніяк ня можа прыйсьці ў сябе, крычыць). Ратуйце!.. Чорт!.. Чэрці!.. Чэрці!.. Чорт!..

Грыб (сьмяецца). Дзядунька, няма ніякіх чарцей! Гэта людзі іх выдумалі! (Паднімае старога дзеда).

Стары дзед (глядзіць на Грыба, жагнаецца). Згінь — нячыстая сіла! (Жагнаецца). Згінь… згінь… згінь…

Агата (плача). Ці не звар‘яцеў толькі?..

Стары дзед (стаміўся крычучы). Людзі плачуць, чэрці скачуць… (Скача). Го-о-оп, го-о-оп, го-о-па-па!..

Ігнась (глядзіць на дзеда). Што вы дзед?.. (Кусае губу).

Стары дзед (гістэрычна сьмяецца). Ха-ха-ха-ха! Ох-хо-хо-хо! (Трымаецца за шыю). Ах-ха-ха-ха! (Асунуўся як сноп).

Агата (плача). А-ай!

Ігнась (да Агаты). Ну, ня будзь маленькаю! (Паўза). Скарача-б якога, ці што?

Агата. Дзе-ж ты яго тут возьмеш? (Да Зоські). Зьбегай, дзеткі!

Зоська. Ды гэта-ж вельмі доўга. (Зьнімае з галавы хустку, камечыць, намачыла вадою і прыкладае да галавы старога дзеда).

Стары дзед (стогне). Дзе я?.. Дзе мая старая?.. (Паўза). Антоля! Ды падыйдзі-ж ты.

Грыб (паднімае дзеда і вядзе да стала). Вы каля мае кузьні.

Стары дзед (садзяцца, доўга глядзяць на Бягунца). А-а-а-а, дык гэта ты, Апанас!.. (Да Грыба). Ён?..

Грыб. Але, але.

Стары дзед. Знацца, злавілі шэльму!

Ігнась. А вунь і другі.

Стары дзед. Дзе? (Глядзіць на селяніна). І ён?.. Як-жа гэта так?

Струк. Ды гэта-ж той самы чорт, які вас душыў.

Стары дзед. Не, не, ня можа быць!.. (Прыўстае, мацае шыю, жагнаецца). Ды не, бронь божа, ня ён…

Ігнась (да дзеда). Ды каб не Барыс, дык напэўна задушыў-бы.

Стары дзед (глядзіць на ўсіх, нібы пытае, ці праўда). Няўжо праўда?

Галасы. Праўда, праўда!

Стары дзед (падыходзіць да селяніна і плюе ў вочы). Цьфу табе ў вочы, брыда!

Галасы. Добра дай! Здраднік! (Накідаюцца на селяніна і штурхаюць, хто чым і куды…).

Ігнась. Стойце! (Рашуча). Стойце, кажу! (Падыходзіць да Бягунца). Як-жа гэта ты адважыўся?

Галасы. Ды няйначай, як падкупіў хто! Бі ў морду — скажа! (Хваляваньне, гоман).

Ігнась. Што цяпер з табою рабіць?

Галасы. Забіць! Забіць! Горкую траву з поля вон! Забіць! Забіць! (Накідаюцца на Бягунца).

Ігнась (сувора). Пачакайце, кажу! (Усе адыходзяць). Ну, дык скажаш, ці не?..

Бягунец (Апусьціўшы голаў). Поп…

Ігнась. А-а, вунь адкуль… Ну, а далей?..

Бягунец (нерашуча). Поп… дый каморнік Карачун… Дый ён… (Паказвае на селяніна). Падбухторылі… (Паўза). Цябе і Пятруся… Разам, у адзін дзень…

Селянін. Няпраўда, няпраўда!.. Ён кляўся Банадысю нябожчыку… зьвесьці з сьвету… (Ідзе Гірш).

ЗЬЯВА VIII
Тыя-ж і Гірш

Гірш (шпарка ідзе, усе расступаюцца). Жывы? Жывы? Ігнаська, ты такі дальбог жывы, га?

Ігнась. Як бачыш. (Паказвае). Толькі руку…

Гірш (сьцёбае пугаю Бягунца). Недавярак! А што, каб ты ў сэрца папаў, дык і каюк, ня было-б Ігнася, разумнейшае галавы ў вёсцы!

Зоська (да Гірша). А дзе Пятрусь, чаму яго так доўга няма?

Гірш. Гм… Дзе Пятрусь?.. Пятрусь хутка тут будзе! Ён едзе сабе і ў вус ня дзьме. О, каб ён ведаў, дык даўно-б ужо быў тут, а то ён паволі сабе… Э-э, дык давай адвязу ў сельсавет.

Ігнась (сьмяецца). Каго?

Гірш. Каго?.. (Паказвае пугаю). Гэтых недавяркаў. Ах, ах, вот недавяркі, а яшчэ хрышчоныя!.. (Усе сьмяюцца).

Струк (сьмяецца). Гірш! — дык іх-жа сам поп блаславіў на сіе дзейства…

Гірш. Які поп, гэты стары поп?.. (Ходзіць). Ай, ай! Вось чорт сівы! (Застанаваўся). Ну, дык хутчэй, бо‘ будзе цёмна.

Грыб. А ты такі думаеш везьці: многа гонару…

Гірш. Ну, хай будзе з гонарам… (Ходзіць). Ды хутчэй-жа, хутчэй, бо‘ там ужо даўно чакаюць гэтых малойчыкаў…

Ігнась. Як, няўжо і там ведаюць?

Гірш. Гм… Там ужо зрабілі гішэфт: узялі папа, дый пана каморніка Ка-ра-чу-на, абодвых, знацца, разам (сьмяецца), за гарбатаю…

Ігнась (весела). Хлопцы, дык кладзі на воз! (Бягунца і селяніна вядуць). Ды ўвяжыце там мацней, каб…

Грыб. Добра, добра!

Ігнась (да Гірша). А ты, Гірш, хутчэй!

Гірш. Э, ды я зараз! (Ідзе).

Зоська (у дагонку). Дзядзька Гірш, дзядзька…

Гірш (застанавіўся). Што?

Зоська. Ганну Піліпаўну, адтуль…

Гірш. Ведаю, ведаю. (Выходзіць).

Ігнась. Ну, а ты, старая, рыхтуй вячэру.

Агата (ідзе ў кузьню). Добра Ігнаська, добра.

Ігнась (падыходзіць да стала). Што-ж ты, дачушка, тут прынесла?

Зоська (весела). Рыбы падсмажыла.

Агата (нясе міску з страваю). Ігнаська, мо‘ і вячэры ўжо ня трэба?

Ігнась. Чаму?

Зоська. А сапраўды, мо‘ Пятруся пачакаем?

Ігнась. А як-жа, ды вядома, што пачакаем.

Зоська (рада). Ён, напэўна, галодны, галодны…

Ігнась (глядзіць на Зоську). Малайцом ён у нас, дый ты разам з ім.

Зоська (сарамліва). Ды што вы?

Агата (кроіць хлеб). Бацька праўду кажа. Трэ‘ было-б ужо…

Ігнась. Але, але, старая, трэба было-б ужо…

Зоська (разумее ў чым справа, але не паказвае віду). Трэба было-б ужо… мо‘ хоць піва прынесьці…

Агата. Ёсьць, ёсьць… (Ідзе ў кузьню і выносіць піва).

Ігнась. Гм… Гэта мне падабаецца. (За сцэнаю чуваць гоман, галасы: „Ну і добра, нечага ня трэба везьці. Адным словам, пашанцавала.“).

Зоська (бяжыць насустрач). Ідуць.

Ігнась. Хто?

Зоська. Усе. (Паўза). І міліцыянэры…

Ігнась. Куды?

Зоська. Сюды.

Ігнась. Як?

Зоська. Так. Абодвух павялі.

Ігнась. Хто?

Зоська. Міліцыянэры. (Ідуць: Грыб, Струк, Гірш, Сяляне).

ЗЬЯВА IX
Агата — Ігнась — Зоська — Стары дзед — Грыб — Струк — Сяляне

Стары дзед (увесь час сядзеў у глыбокай задуменнасьці, а зараз нібы спрасонку). Што?.. Што?.. Знацца, уцяклі недавяркі?..

Гірш. Але.

Агата (выходзіць з кузьні, зьдзіўлена). Як?.. Уцяклі?..

Гірш (да дзеда). Але, зрабілі гішэфт.

Стары дзед (хвалюецца). Які гішэфт?.. 3 кім?..

Гірш (падыходзіць да дзеда і поруч садзіцца). Знацца з міліцыянэрам, пад расьпіску…

Стары дзед. І гэнага чорта!? (Усе сьмяюцца).

Грыб. Абодвух.

Стары дзед (Да Гірша). І, кажаш, пад расьпіску?..

Гірш. А як-жа, ды хіба можна іначай?

Стары дзед. Ну і добра, нечага меней будзе ўсялякай брыды!

Струк. Але, лягчэй асушаць…

Грыб (весела). Яшчэ да чорта засталося гэнае, як кажа дзед, брыды, але мы ня будзем зьвяртаць на яе ўвагі… (Чухае патыліцу і зьвяртаецца да Струка). А заўтра, нібы нядзелька?..

Струк. Нібы так, а што?..

Грыб (глядзіць на Ігнася, нясьмела). Каб як музыкаў…

Струк. Ды яно добра-б было (глядзіць на Ігнася), але…

Ігнась (трымаецца за руку). Нічога, нічога, дый я мо‘ казачка як-небудзь…

Грыб. Алесь! дык, як-бы гэта…

Струк (падміргвае). Мумянтальна… (Бяжыць у бок вёскі і падпявае). Цім-ці, дрым-ці, цім-ці, дрым-ці, цім-ці, дрым-ці, го-па-па!.. (Усе мімаволі падхватваюць гэты матыў і губамі выцінаюць. Кожны скача па-свойму).

Грыб (крычыць). Алесь! Алесь!

Ігнась (сьмяецца). Уга! Ды ён ужо нямаведама дзе апынуўся.

Грыб. А я хацеў сказаць, каб цымбалістага ўзяў.

Ігнась. Сьмешна, хіба ён ня ведае! (Паўза). Ну, як, старая?

Агата. Гатова. (Зьвяртаецца да ўсіх). Сядайце, калі ласка. (Усе садзяцца за стол).

Ігнась (Глядзіць на Агату). Агата!

Агата (паціскае плячыма). Ды ёсьць трохі… (Ідзе ў кузьню і нясе адтуль мо‘ з поўкватэркі…)

Ігнась (налівае, бярэ ў рукі чарку і паднімае ўверх). Ну, старая, будзь здарова! (Да ўсіх). Будзем жывы!

Галасы. На здароўе. На здароўейка, Ігнаська!

Агата (да Ігнася). Я ня буду, пускай да Барыса! (Ігнась ставіць на стол чарку).

Галасы. Не, не! Як-жа так! Павінна выпіць! (Хваляваньне, гоман, адна з жанчын устае і зьвяртаецца да Агаты). Вып‘ем, кумка, вып‘ем тут, на тым сьвеце не дадуць. (Зноў гоман, рогат). Правільна! Правільна!

Стары дзед. Агата! — знацца, калі даюць — дык пі, а як б‘юць — дык уцякай!

Грыб. О не: калі даюць — пі, але як б‘юць — не ўцякай! Горш будзе!

Гірш. Агата! — ты разумная кабеціна, але выпі! Сёньня-ж сьвята! Каб і ў чарках было гэтак суха (паказвае рукою на асушаныя балота), як і там на пазагуменьні!

Галасы. Правільна! Правільна!

Ігнась. Ну дык будзь здарова!

Агата. На здароўе!

Галасы. Брава! Брава!

Ігнась (п‘е, налівае чарку, дае Агаце). Выпі, старая, ды, як кажа Гірш, каб суха было!..

Агата (бярэ чарку). Госьцейкі, мае вы міленькія, мае вы даражэнькія, мае вы залаценькія, колькі мы сьлёз вылілі праз гэтую дрыгву… (Паўза). Дык давайце хоць раз на сваім жыцьці вып‘ем дый пагамонім палюдзку. (П‘е, а рэштку ўверх вылівае).

Зоська (крывіцца). Мусіць горка?… (Дае закуску). Закусеце, цётачка.

Агата (закусвае). Дзякую, дзеткі. (Сьпявае). Горкая гарэлачка, але п‘юць. Дрэнна замужам, але ідуць…

Зоська. Чаму, цётачка, дрэнна?

Агата. Многа, дзеткі, аб гэтым казаць. (Гоман, п‘юць, закусваюць, чарга даходзіць да Гірша).

Гірш (устае). Ігнаська! Слухай! Ды ці чуеш ты?

Ігнась. Чую, чую.

Гірш. П‘ю гэтую чарку за твае здароўе, за твой розум, за асушанае балота!..

Галасы. Асушы! Асушы! Ура! Ура! (Адзін з сялян пачынае сьпяваць).

А ў бары-бары —
Тры дарожанькі
(Усе падхватваюць).

Гэй, гэй, гэй!
Тры дарожанькі.
2 разы

Тудою ішлі
Тры малойчыкі.
Гэй, гэй, гэй…

(Ідзе Струк, а з ім два скрыпачы і цымбалісты).

ЗЬЯВА X
Тыя-ж — Струк — музыкі

Струк. Э-э, дык вы ўжо распачалі?.. (Зьвяртаецца да музыкаў). Гэй, музыкі, без‘языкі, грайце!

Ігнась. (да Струка). Сядай, браце!

Струк (садзіцца). Зоська! — дзе-ж твая рыба; хоць пакаштаваць.

Зоська. Зараз, зараз. (Падае рыбу).

Струк (п‘е, закусвае рыбаю). Ось гэта дык рыба! (Да Гірша). Як ты скажаш?

Гірш (трохі п‘янаваты). Уга, хіба гэта рыба: гэта ня рыба, золата!

Агата (сьпявае).

Выбачайце маё госьцейкі
На маю чэсьць,
Як я рада і радзёханка,
Што вы ў мяне ёсьць.

Ігнась (устае). Э-эх, самі ногі ходзяць!

Струк (устае, зьвяртаецца да музыкаў). А ну, як той Саўка кажа: іграй, а не — грошы аддай! (Музыкі іграюць „казачка“).

Ігнась. Дык пойдзем, ці што, старая?

Агата. Пойдзем! (Агата з Ігнасём скачуць, потым да іх далучаюцца: Зоська з Струкам, Грыб, сяляне, стары дзед скача седзячы на заслоне).

Зоська (перастала скакаць). Ой, ой, нешта нудзіць…

Агата (дае ваду). На, дзеткі, выпі, мо‘ перастане… Мусіць, зьела нешта нядобрае…

Струк (падыходзіць да Зоські). Ну, што, Зоська: хіба я не казаў, каб не хадзіла рыбу вудзіць, бо будзе нудзіць… (Усе сьмяюцца).

Агата (зразумеўшы, глядзіць на Ігнася). Ну, вось бачыш…

Ігнась. Ну і добра, дзе Пятрусь, унучак будзе!..

Зоська (дрэнна сябе адчувае). Ды не, гэта так сабе…

Галасы. Брава! Брава!

Струк (жартуючы). Адным словам: на ўсіх франтох перамога! (Падбягае да Ігнася). Гушкаць дзеда! (Усе дружна хватаюць Ігнася і пачынаюць гушкаць).

Ігнась (скрыгоча зубамі). Руку!.. Руку!..

Грыб. Даволі ўжо даволі.

Ігнась. У-ух! (Паўза). Не мяне трэба, а Пятруся, ён усё, ды ячэйка…

Галасы. Ведаем! Ведаем! Будзе і яму!

Струк (да Зоські, жартуючы, сьпявае).

Наш бусел-палятун
Схваціў дружку за каўтун:
Валачыў, валачыў
Ды ў памыі памачыў.

Зоська (нібы злосна). Вот калі, ну і язычок-жа ў вас!

Струк (хітра). А ня ўсе роўна калі… (Да музыкаў). Дык грайце-ж! (Музыкі іграюць „Лявоніху“, усе скачуць).

Агата (ківае пальцам). Зоська! Табе ня можна.

Зоська (праз сьлёзы). Вот калі. (Ідзе, садзіцца каля стала, прыслухоўваецца). Ці не Пятрусь толькі? (За сцэнаю чуваць, як гудзе мотор. Зоська бяжыць і крычыць). Пятрусь! Пятрусь! (Да музыкаў). Іграйце „Марш Будзёнага“, яго любімы марш. (Музыкі іграюць, Зоська пачынае сьпяваць).

Будзёны — наш брацішка, з намі
ўвесь народ…
Загад: галоў ня вешаць, а ісьці ў
паход,
Бо‘ з намі Варашылаў, наш чыр-
воны афіцэр!..
Здалеем кроў праліць за
ЭС-ЭС-ЭС-ЭР.
(Усе падхватваюць).
Вядзі-ж, Будзёны, нас сьмялей у бой!
Хай гром грымыць, няхай пажар
кругом —
Мы — беззаветныя героі ўсе,
І ўсё наша жыцьцё — барацьба!..

(Мотор прыціх. Ідзе Пятрусь, Зоська бяжыць яму насустрач).

ЗЬЯВА XI
Тыя-ж і Пятрусь

Зоська (шэпча нешта Пятрусю на вуха, той махае рукою). Як-жа так?

Пятрусь. Ды нічога, нічога, хай ведаюць! (Да ўсіх). Прывёз! Глядзеце, якая прыгожасьць! (Панура). А дзе-ж тыя?

Струк (сьмяецца). Пад расьпіску…

Пятрусь. Ага! (Ідзе да Ігнася, глядзіць). Ну, як?

Ігнась. Ды нічога, сынку, нічога… (Глядзіць то на Зоську, то на Пятруся). Вітаю, сынку, вітаю! (Гоман, музыкі граюць нейкі марш, Пятруся хватаюць і высока, высока падкідаюць. Крычаць: Ура! Ура!).

Пятрусь (сам крычыць). Ура! Ура! Годзі! Заўтра будуць з ячэйкі, з раёну. Ура! Ура! (Вырываецца, бяжыць, становіцца на заслон, крычыць). Машыну паглядзеце, ды сядайце ўсе, усіх вывезу з дрыгвы!.. (Усе бягуць, Пятрусь цалуе Зоську).

Стары дзед (бяжыць). І мяне, і мяне!..

Пятрусь. Сядайце і вы!

Стары дзед. Знацца, ня ўзьлезу я, стары ўжо…

Пятрусь (бярэ пад руку старога дзеда, той не пасьпявае сыйсьціся). А мы падсадзім: на тое-ж мы і колектыў, каб памагаць адзін другому!

ЗАСЛОНА.

Цана 70 кап.



Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.