Дрыгва

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дрыгва
Аповесць
Аўтар: Якуб Колас
Полымя, 1933 №5

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І[правіць]

Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. I хаты няроўныя тут, як і людзі: адна большая, другая меншая, старэйшая ці навейшая. Але хата дзеда Талаша ўсё ж такі зварачае на сябе ўвагу. Не так знадворным выглядам, як адзіноцтвам: стаіць яна наводшыбе і ў блізкім суседстве з хмызняком ускрай балота. Побач з хатай, прыкрываючы яе ад летняга сонца, красуецца высокая разложыстая груша. Вясною, усыпаная белым цветам, як маладая дзяўчына, яна проста аздабляе дзедаў двор, і не толькі дзед Талаш, а і бусел з гнязда, змайстраванага на дзедавай клуні, залюбуецца ёю.

Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады: было яму тады гадоў семдзесят з хвосцікам. А між тым якраз у той час праславіўся дзед Талаш як ваяка, ды які яшчэ ваяка: чырвоны партызан, і не радавы, не просты партызан!

Да гэтага ж часу ніхто не ведаў аб ваяцкіх здольнасцях дзеда Талаша. Праўда, бывалі выпадкі, калі дзеду Талашу здаралася пускаць у ход кулакі. Але гэта бывала тады, калі дзед Талаш падгуляе, а ліхі чалавек увядзе яго ў злосць. Звычайна ж ён быў чалавек сталы, ураўнаважаны і разважлівы, хоць, праўда, да пэўнай граніцы. Быстрыя цёмныя вочкі яго пазіралі ўдумліва, але ў іх часамі блукаў і затоены агеньчык, гатовы разгарэцца ў адпаведныя мінуты цэлым пажарам рашучых учынкаў.

Дзед Талаш любіць лес, балоты і сваю родную Прыпяць, дзе ён так спрытна ездзіў на чоўне ды лавіў рыбу. I стралок з яго быў някепскі: які ж ён быў бы паляшук, каб не ўмеў добра страляць? На тое ж яно і Палессе – без стрэльбы там абысціся трудна.

Калі строга разбірацца ў фактах, то хата, аб якой была тут гутарка, не зусім дзедава хата. За доўгі час прывыклі называць яе Талашоваю хатаю. А сапраўды ж яна належала дзедавай жонцы, цяпер бабцы Настулі. Шэсцьдзесят гадоў таму назад прыстаў Талаш у прымы да Насці Балыгі. Насця была адна дачка ў бацькоў. Вось якім парадкам стаў Талаш уладаром гэтай хаты. А ўрэшце яно і не так важна, каму належала хата, тым болей што дзед Талаш перасыпаў яе і можа па справядлівасці лічыцца яе гаспадаром. Важна было тое, што хата стаяла воддаль ад сяла і трохі ў баку ад людскога вока. Да таго, як прыстаць у прымы, Талаш быў у пана за пастуха. I яшчэ, што можна адзначыць з мінулага дзеда Талаша, дык гэта тое, што ў яго бацькі было дванаццаць дзяцей. Васьмёра з іх паўміралі малымі, а жыць засталіся два сыны, у тым ліку і дзед Талаш, і дзве дачкі.

Спакойна і павольна, як у зачарованым сне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну. Не спяшаецца яна выносіць дабро палескіх балот. А яго так многа, што ўсё роўна, спяшайся не спяшайся, а гэтай работы ёй хопіць на доўгія гады. Можа і надзею страціла яна вынесці хоць калі-небудзь гэта мора цёмна-ружовай вады з неабсяжных балот Палесся, і з гэтай прычыны яна такая павольная і флегматычная. Вось толькі тады, калі разгуляецца вецер над зялёнаю шчэццю лясоў, над круглымі купамі-шапкамі кучаравай лазы, над бародаўкамі-купінамі жорсткай асакі, тады яна няветла пахмурнее, задрыжыць, затрасецца тысячамі хваль і сярдзіта шпурляе чаўны і чайкі-душагубкі ды голасна ўсхліпвае ў прыбярэжных чаратах, як маці ўскрай магілы, дзе пахаваны яе дзеці. I дзед Талаш не адважваецца тады ад'язджаць на сваім чоўне на сярэдзіну Прыпяці.

Затое ж як лагодна і ўтульна разляжацца яна ў мяккіх берагах, калі супакоіцца вецер, а над Палессем рассыплецца сонца мільярдамі залатых крупак святла! Спакой і цішыня пануюць тады над зялёнымі аксамітамі балот і лясоў. Бліскучаю сталёваю стужкаю ззяе Прыпяць, і толькі ў глыбозных чорных буктах яе плёскаюцца самы, узнімаючы срэбныя кругі-абручы. А дзед Талаш, пазіраючы на гэтыя забаўкі самоў, ссуне з ілба на патыліцу саламяны капялюш, скажа сам сабе: «О, згінь твая маты! Ось падчапіць бы цябе, завалу!»

Спакойна і павольна, як у зачарованым сне, цякло і само жыццё на Палессі, а водгулле ўсяго таго, што дзеялася на свеце, далятала сюды ў прыглушаных прасторамі Палесся тонах або з такімі напластаваннямі людской фантазіі, што ўжо трудна было вылушчыць з іх зерне праўды.

Але час настаў!

Закалыхалася, затраслося Палессе!

I было гэта ўлетку, калі прыйшоў царскі загад аб мабілізацыі. Павалілі грамадою запасныя, трымаючы кірунак на бліжэйшыя чыгуначныя станцыі, павалілі пад шумную музыку гармонікаў, песень і надрыўнага плачу мацярок і маладзіц.

Хоць спачатку вайна вялася дзесь далёка, але водгулле яе ўсё галасней і галасней даносілася да ціхага Палесся.

Пасылаліся з далёкага фронту пісьмы ў глухія закуткі палескіх вёсак, і часта адказам на гэтыя пісьмы быў горкі плач асірацелых дзяцей і маладых удоў. А вайна брала ўсё новыя ахвяры. I не было канца вайне. Ды мала гэтага – фронт пачаў набліжацца сюды. Цяжка ўздыхалі дзяды і дакорліва ківалі галовамі. А дзед Талаш чуць быў у бяду не папаўся. Панёс ён у Петрыкаў прадаваць рыбу. Задзівіўся дужа дзед, калі пакупец пачаў адлічваць яму грошы папяровымі маркамі. На грошах былі царскія партрэты. На адной быў партрэт Мікалая другога і стаяла цыфра 10.

– Ты ж гэта мне што даеш? – у абурэнні запытаў дзед Талаш, палажыўшы на далонь папяровую марку.

– Першы раз іх бачыш? Грошы цяпер пайшлі такія. Паглядзі, царскі партрэт і напісана – 10 капеек.

Перавёў дзед Талаш вочы на царскі партрэт, патрос галавою.

– Ваяка, згінь твая маты!.. Даваяваўся, сволач ты, гіцаль, да таго, што ўжо і меднае капейкі не маеш!

Натапырыў вушы паліцэйскі стражнік і да дзеда! Насілу адкараскаўся дзед Талаш ад гэтага ліха. I занатаваў сабе: на людзях трэба быць такім жа асцярожным, як і на балотнай дрыгве: ступіш не так – і правалішся. Не разгледзішся – на гадзіну насунешся.



II[правіць]

Многа падзей адбылося за апошнія часы. Калі дзед Талаш успамінае аб іх, то яны здаюцца яму нейкім недарэчным вычварным сном. Вайна, рэвалюцыя, зноў вайна. Навошта яно ўсё гэта? Чаго не падзеляць людзі? Завіхрылася жыццё і бурліць, як чорны вір. Калі ж будзе той спакой? Што будзе далей? Дзед Талаш чутка прыслухоўваецца да шуму лесу, да ўсхліпвання ў чаротах неспакойных хваль шырокай Прыпяці. Ён востра ўглядаецца ў далечы маўклівых балот. Яны тояць штось невядомае, вострае і цікавае.

I сяло таксама прыціхла. Момант сапраўды напружаны і цікавы. Перш за ўсё няма ніякай улады. Ад гэтага трохі неяк і страшна. Яшчэ ўчора стаяла тут чырвонае войска. Нават у дзедавай хаце кватараваў начальнік чырвоных, камандзір батальёна, чым дужа ганарыўся дзед Талаш. I цікавы быў чалавек гэты камандзір – гаваркі, просты...

«Рабочы і селянін, вось,– кажа,– хто павінен кіраваць сваім жыццём і быць поўным гаспадаром свае дзяржавы. Паны, купцы, папы і розныя багацеі – гэта ўсё нашы ворагі».

Але чырвонае войска падалося кудысь назад: кажуць, палякі насядаюць, і яны цяпер тут дзесь недалёка.

Дзеду Талашу не сядзіцца ў хаце, але і ад хаты адрывацца не выпадае, тым болей што і бабка Наста працівіцца гэтаму, не пускае дзеда ні ў лес, ні на Прыпяць: ці мала што можа здарыцца ў такі небяспечны, няпэўны час! Але дзед Талаш усё ж такі выходзіць з хаты. У лес ён не пойдзе, вось толькі сходзіць на сяло ды паслухае, што гавораць людзі, ці не дачуецца чаго-небудзь новага.

Па самай сярэдзіне сяла раскінулася невялікая, але даволі ўзнятая і трохі скругленая плошча. Упоперак плошчы праходзіць яшчэ адна вулачка, крыху карацейшая, што надае сялу форму крыжа, а на перасеку вуліц стаіць і сапраўдны крыж, высока падняўшы сваю верхавіну над саламянымі стрэхамі хат. Сюды і сходзяцца людзі, каб пагутарыць аб сваіх справах ці проста каб правесці вольную хвіліну. Дзеду Талашу кідаюцца ў вочы дзве чалавечыя постаці: адна – Васіль Бусыга і другая – сын пана Крулеўскага, таго самага пана, у бацькі якога служыў калісь дзед Талаш за пастуха. Малады Крулеўскі адзет у вайсковую форму царскага афіцэра. Вось толькі шапак такіх не насілі царскія афіцэры: па шапцы яго можна прыняць за афіцэра чужога войска. У галаве дзеда Талаша прамільгнула некалькі думак: адкуль з'явіўся гэты фацэт? На некаторы час ён быў дзесь знік – не відаць было яго. А шапка яго сведчыла аб тым, што ён мае нейкае дачыненне да польскай арміі. Васіль Бусыга быў кандыдат у валасныя старшыні, але рэвалюцыя і ўсе далейшыя падзеі адвялі яго кандыдатуру. Па іх тварах бачыць дзед Талаш, што яны дужа здаволены паваротам справы. Дзеду Талашу хочацца ведаць, аб чым гавораць з такім захапленнем, што і не заўважаюць яго. Дзед Талаш прыпыняе тэмп свае хады, прымае від чалавека ў глыбокай задумлёнасці, апускае ўніз вочы і павольна ідзе сваёю дарогаю і слухае, аб чым гаворыць пан Крулеўскі з Васілём Бусыгам. Да дзедавых вушэй далятаюць асобныя словы і часткі сказаў, але і па іх можна дагадацца, аб чым ідзе гутарка.

– Барбары, пся крэў!

– Ды ўжо такія абармоты!.. Парадак можа будзе.

– Натуральна жэч... То ест, пане, Эўропа, культура!..

Калі дзед Талаш падыходзіў ужо да іх, то яны раптам змоўклі. Дзед зрабіў выгляд, што вельмі здзіўлен гэтым «раптоўным» спатканнем і нават спалохаўся. Хапіўшыся за шапку, пакланіўся і сказаў дзень добры. Пан Крулеўскі не мог захаваць свайго добрага гумору і жартам запытаў дзеда Талаша:

– Чый ты цяпер падданы?

– А нічый! – адказаў дзед Талаш.

– Ну, то праз тры гадзіны ты будзеш польскім падданым.

– Польскім?! – здзівіўся дзед, нібыта нічога не разумеючы.

З таго канца вуліцы, адкуль ішоў дзед Талаш, бяжыць ва ўвесь дух падлетак гадоў шаснаццаці. Гэта Панас, меншы дзедаў сын. Ад шпаркай беганкі Панас моцна засопся.

– Бацька! – крычыць яшчэ здалёк Панас, – паляк забірае наша сена!

Голас і словы і сам выгляд Панасаў балюча кальнулі дзеда Талаша. Ён дзіка азірнуўся і крута павярнуў назад, забыўшы ў гэты момант і Васіля Бусыгу, і пана Крулеўскага, і іх гутарку. Шпаркімі крокамі, а дзе і подбегам накіраваўся дзед на сваю сядзібу. Старшы дзедаў сын Максім, нахмураны і сур’ёзны, панура пацвердзіў Панасавы словы, хоць патрэбы ў гэтым і не было: дзедаў стажок, вазоў на пяць, стаяў непадалёку ад сядзібы ўскрай балота, ад якога адыходзіла густая бародка нізкарослага хмызу, і быў добра відаць. Каля стажка стаялі дзве запрэжаныя ў сані параконныя фурманкі, а каля іх варушыліся два польскія жалнеры. Трэці сядзеў на стажку і скідаў зверху сена. Добрая чвэрць стажка ўжо была разабрана. Бабка Наста, накінуўшы чырвоны кажушок, стаяла на двары, ламала рукі і галасіла: чым жа цяпер карміць худобу?

Нічога не кажучы, засунуў дзед Талаш за пояс сякеру – у дзеда быў звычай браць сякеру, адлучаючыся з дому,– і пайшоў да свайго стажка, дзе гаспадарылі польскія жалнеры. За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны.

– Не заводзься з імі! – перасцерагла дзеда бабка Наста, – а то яшчэ заб'юць або заарыштуюць.

Яна засталася на двары і са страхам пазірала, што будзе далей. Як толькі дзед Талаш падышоў да стажка, бабка Наста зноў залямантавала на ўвесь двор па стажку, як па нябожчыку. Лямант яе голасна даносіўся да балота, дзе стаяў дзедаў стажок, а таксама расплываўся і па вуліцы, парушаючы яе трывожны спакой. Людзі выходзілі на вуліцу, і весць аб паляках зараз жа абляцела сяло.

Падышоў дзед Талаш да стажка, нізка пакланіўся жалнерам, зняў шапку. Але жалнеры не звярнулі на яго ўвагі і не адказалі на дзедава прывітанне. Адзін жалнер сядзеў на санях і таптаў сена, другі падаваў яго бярэмамі, а трэці разбіраў стажок.

– Паночкі, што вы робіце? – палахліва загаварыў дзед Талаш, – нашто забіраеце сена?.. апошняе сена!.. Чым жа я худобу карміцьму?

– Ідзь до д’ябла! – азваўся з саней жалнер.

А другі, што сядзеў на стажку, сумыслу кінуў на дзеда жмак сена і так спрытна, што ссунуў на патыліцу дзедаву шапку, што вельмі пацешыла жалнераў, выклікала іх рогат.

Дзед Талаш моўчкі знёс гэту абразу і крыўду. Больш таго, ён схапіў рукамі за шынель жалнера, што падаваў сена, і стаў перад ім на калені.

– Паночкі! не бярыце апошняга сена! У людзей ёсць у запасе, а гэта мой апошні стажок...

– Ідзь до д’ябла, стары пёс! – ускіпеў жалнер і штурхануў дзеда ў грудзі.

Са спрытам маладога дзецюка ўсхапіўся з каленяў дзед Талаш. Вочы яго заіскрыліся страшнаю злосцю.

– Сабака! – грымнуў ён голасам, поўным нянавісці і помсты.

Сякера, як маланка, узвілася ў дзедавых руках, бліснуўшы ўгары халодным, вострым лязом. Жалнер, на якога замахнуўся дзед, пабялеў як палатно і падаўся крута ўбок, каб ухіліцца ад сякеры.

– Апамятайся, бацька! – падскочыў да дзеда Максім і схапіў бацьку за рукі.

Збянтэжаныя жалнеры замерлі на момант. Яны ніяк не чакалі такога рэзкага пераходу ў паводзінах дзеда.

– Бяры яго! Вяжы праклятага азіята! – першым апамятаўся жалнер з саней і саскочыў на дол.

Накінуліся жалнеры на дзеда Талаша і пачалі яго валтузіць, стараючыся паваліць старога. Разгарнуўся дзед Талаш, павярнуў сваімі шырокімі плячамі, крутнуўся, і жалнеры паадляталі ад яго, як шчэпкі, а адзін паляцеў потырч носам у снег.

– О, шатан стары! – прамовіў толькі ён, падымаючы сваю канфедэратку.

Не чакаючы новага нападу і адчуўшы, што справа абарочваецца ў нядобры бок, стралою махнуў дзед Талаш у густы хмызняк і знік з вачэй у момант вока. Цяпер толькі ўспомнілі палякі, што яны жалнеры, што ў іх ёсць наганы. Выпалілі некалькі разоў у той бок, дзе знік дзед Талаш.

Пачаў збягацца народ. Першымі дабеглі Васіль Бусыга і пан Крулеўскі.

– Вар’ят, вар’ят! – спачуваў палякам Бусыга.

– Бальшавік! – заключыў пан Крулеўскі.

Забралі палякі дзедаў стажок, а рэшту сена прымусілі Максіма павезці на сваёй фурманцы.



III[правіць]

«Ваякі, трасца вашай галаве!» – сказаў сам сабе дзед Талаш, калі заціхлі стрэлы, а кулі прасвісталі па баках і над галавою, ляснуўшы сухім трэскам па галінах кустоў і па камлях. У дзедавых вачах яшчэ стаяла, як жывая, сцэна яго стычкі з польскімі жалнерамі і асабліва той момант, калі на яго наваліліся жалнеры, а ён паразмятаў іх, як вецер лёгкае смецце. Гэта значна падымала дзедаў дух і павялічвала яго ўласнае я. Аднак ён шпарка падаваўся глыбей у балота, у гушчары, у лес і толькі тады прыпыніўся і перавёў дух, калі адышоўся даволі далёка і ўпэўніўся, што пагоні за ім няма. На дзедава шчасце, і снег пасыпаў густы і спорны. Але што ж рабіць далей?

Выбраў зацішнае месца, прысланіўся да старой яліны пад навіссю спушчаных, прысыпаных снегам галін, дастаў раменны капшук, наклаў у люльку тытуню, выкрэсіў агню, закурыў. Пыхкае дзед Талаш люлькаю, выпускаючы дымок за дымком. Клубочкі дыму, працэджваючыся праз яловыя лапкі, выбіваюцца на прастор і гінуць у зімнім паветры, а сам дзед думае ды разважае. Паразважаўшы, прыходзіць да думкі, што трохі пагарачыўся. Добра яшчэ, што Максім утрымаў яго рукі, – было б горай, калі б ён засек жалнера. I невядома, што сталася з яго сынамі і з бабкаю Настаю... Ох, паганцы! I нагнаў жа іх чорт на яго галаву. I як было іначай рабіць з імі? Прасіў, маліў іх, як добрых, станавіўся на калені, а яны толькі здзекаваліся з яго, як бы ён і не чалавек. I калі дзед Талаш пачынаў прыпамінаць, як абышліся з ім жалнеры, то злосць з новаю сілаю агортвала яго, і тады ён шкадаваў, чаму не расшчапіў галоў гэтым грабежнікам.

У выніку ўсіх гэтых думак і разважанняў само сабою напрошвалася пытанне аб тым, як даведацца, што сталася там, дома, з яго сынамі і жонкаю і як расцэньваецца яго ўчынак.

А ў гэты час, як дзед Талаш сядзеў пад ялінаю і думаў свае думкі, там, у вёсцы, пан Крулеўскі расчышчаў дарогу і падрыхтоўваў поле грамадскай думцы на карысць польскай акупацыі, польскай улады і дзяржаўнасці. Ён сабраў вакол сябе паважаных гаспадароў, ведучы з імі гульню ў польскую дэмакратычнасць. Васіль Бусыга быў яго верным памочнікам. Калі пан Крулеўскі вёў рэй галоўнага свата польскасці, то роля Васіля Бусыгі зводзілася да ролі панскага падбрэхіча. Пан Крулеўскі лічыў сябе знатаком сялянскай псіхалогіі, стараўся гаварыць іх моваю, іх лексіконам. Настрой яго быў узняты, і ён чуць не захлынаўся, калі гаварыў аб польскай культуры, аб польскай дэмакратычнасці, аб польскай місіі быць шчытом для еўрапейскай культуры ад навалы бальшавіцкай азіятчыны. Толькі Польшча забяспечыць людзям волю і нацыянальную роўнасць.

Васіль Бусыга ілюстраваў панскія тэзісы наконт бальшавіцкай дзікасці і грабежніцтва практычнымі прыкладамі, з якіх відаць, як бальшавікі знішчалі дабро, як прыціскалі нават просты народ, хто трохі жыў багацей, забіраючы коні, каровы, адбіраючы кроўю і потам набытую зямлю і аддаючы яе гультаям, што не ўмеюць павярнуцца каля зямлі. Успомнілі тут і дзеда Талаша і яго «дзікі» ўчынак і асудзілі яго самым рашучым чынам. Недарма ж на яго кватэры стаяў чырвоны камандзір.

Дзед жа Талаш за гэты час абдумаў план свайго далейшага дзеяння. Ён выйшаў з свае засады, прыслухаўся, разгледзеўся. У верхавінах лесу журботна шумеў вецер, расцярушваючы між галін і на галінах дрэў бялюсенькую снежную сець. На доле было ціха і глуха. Дзесь лявей вёскі як бы даносіліся далёкія стрэлы. А можа гэта проста толькі здавалася дзеду Талашу. Яшчэ пастаяў з хвілінку і паволі рушыў у бок свайго дому. Ішоў дзед Талаш не спяшаючыся, выбіраючы глухія лясныя сцежкі, так добра знаёмыя дзеду, ішоў роўняддзю балотных палос вады, туляючыся між аголеных лазовых кустоў, і востра ўзіраўся ў белую імглу снежнага пуху. Ішоў дзед Талаш з такім меркаваннем, каб на сядзібу папасці ў сутонне, каб лепш быць прыхаваным ад людскога вока.

А пад вечар таго самага дня ў вёсцы з’явілася група польскіх жалнераў. Увайшлі яны ціха, непрыкметна, нікога асабліва не напалохаўшы. Пан Крулеўскі, як відаць, праінфармаваны ў гэтай справе, меў гутарку з начальнікам, пасля чаго і жалнеры, і пан Крулеўскі зніклі з вёскі, а праз некаторы час сюды ўвайшоў цэлы аддзел жалнераў на чале з афіцэрам. Ішлі жалнеры па вуліцы дужа брава, з падкрэсленым выглядам ваяк і пераможцаў. Малады фарсісты афіцэрык строга, коратка, як і належыць запраўскаму ваяку, аддаў распараджэнне, спыніўшы сваё войска на плошчы, паставіць варту, адзначыў пункты, дзе варта павінна быць асабліва пільнай, загадаў наладзіць сувязь, выслаць дазоры і наогул трымаць вуха востра. Частка жалнераў пайшла ў нарад, а рэшта разышлася па хатах.

Страх агарнуў бабку Насту, калі яна ўбачыла на двары жалнераў. У хаце з ёю быў толькі адзін Панас. Жалнеры накіраваліся ў хату. Іх было трое. Увайшлі, не павітаўшыся, акінулі вачыма хату.

– А дзе, стара, твая нявестка? – запытаў у бабкі адзін жалнер.

– Да бацькоў пайшла, панок! – у страху адказала бабка Наста.

– А ты не кламеш? – зноў запытаў жалнер.

Бабка не зразумела і маўчала.

– А ты вадзіў кампанію з бальшавікамі? – раптам запытаў другі жалнер Панаса.

– Не! – адказаў хлопец.

– А бальшавікі стаялі ў вас? – дапытваліся жалнеры.

– Стаялі па хатах. Усюды стаялі.

– А чаму гэта вашу хату абраў бальшавіцкі камісар?

– А ці я ведаю? – паціснуў плячамі Панас.

– О, пся маць ваша! Бальшавікі!.. А дзе бацька?

Нашумеўшы, пагразіўшы, жалнеры выйшлі з хаты. Яшчэ ў большым страху калацілася бабка Наста. Што ж будзе з старым? I дзе ён? Можа дзе злавілі ўжо яго? Нарэшце надумалася шукаць потайкам дзеда і папярэдзіць яго, каб не ішоў дахаты.



IV[правіць]

Дзед Талаш не зразу пайшоў на сваю сядзібу. Яго пацягнула на тое месца, дзе стаяў стажок і дзе адбылася яго баталія з жалнерамі. Прытаіўся дзед у хмызняку і асцярожна ўзіраецца перад сабою. Стажка не было. Адно толькі стажарышча, прысыпанае снегам, чарнелася засохлымі дубовымі галінамі. У гэты момант раптам штось мільгнула непадалёку ад стажарышча. Пазірае дзед Талаш – чалавечая постаць! Хто ж бы гэта быў такі? То зліваючыся з мрокам, то выступаючы з яго, постаць невядомага чалавека пасоўвалася ў дзедаў бок.

На тым месцы, дзе быў стажок, яна запынілася на момант, пастаяла, паслухала, а потым накіравалася ў хмыз. Яшчэ момант, і пачуўся нясмелы воклік:

– Го-го!

– Го! – адгукнуўся дзед Талаш, пазнаўшы голас свайго Панаса.

Бацька і сын сышліся ў хмызняку.

– А я цябе каравулю, бацька! – ціхім голасам загаманіў Панас.

– Ну? – адазваўся стары Талаш, адчуваючы нешта новае ў голасе сына.

– У вёсцы палякі... Цябе шукаюць.

Бацька і сын прымоўклі на момант.

– Ты сёння дома не начуй, – парушыў маўчанне Панас.

Стары Талаш пачухаў патыліцу.

– А як маці? – запытаў ён.

– Нічога. Напалохалася трохі палякаў. Баіцца, каб не злавілі цябе. Кажа, каб ты не ішоў цяпер дадому... Вось хлеб і сала.

Панас зняў з-за плячэй даволі ёмкую торбу, гэты адвечны пашпарт сялянскай долі. Некалькі часу торба заставалася ў Панасавых руках. Стары маўчаў, як бы ўзважваючы словы свайго сына, а потым моўчкі ўзяў торбу.

– А сена ўсё забралі?

– Усё... Аставаўся возік, дык загадалі Максіму адвезці і той.

– Го, абармоты! Няма на іх уладку! – з горыччу патрос дзед галавою. – I чым жа худобу карміцьмем?.. Максім яшчэ не вярнуўся?

– Не.

Прымоўклі. Густы мрок звісаў над Палессем. У аголеных кустах пашумліваў вецер, і маркотна шуршэлі белыя струмені снегу ў парыжэлай траве. Сяло прытоена маўчала. Толькі сабакі, патрывожаныя ўварваннем няпрошаных гасцей, запоўніўшых двары, пераклікаліся злосна-варожым брэхам і жудасным падвываннем.

– Вернецца Максім, дык няхай паедзе да Лабузы ў Прыцькі пазычыць сена, – старога дужа заклапочвала пытанне аб корме для жывёлы.

– Ды мы худобу пракормім, – падвясельваў бацьку Панас, – сена дастанем, насячом гучкоў, вецця, галін – не падохне жывёла.

– Эге ж, старайцеся, сынку!

– Ты, бацька, ідзі ў Макушы да Параскі і жыві там. Калі што, дык я падбягу туды.

Параска – замужняя дзедава дачка.

– Э,– махнуў рукою дзед Талаш, – аба мне, сынку, клопат малы... Не ведаеш, як многа тут палякаў?

Відаць, дзеда Талаша займалі нейкія думкі.

– Многа! – панізіў голас Панас, – не меней як дзвесце! Ды кажуць, што і ў Вепрах іх чортава цьма.

На развітанне ўмовіліся, дзе сустрэнуцца заўтра. I наказаў яшчэ дзед Панасу быць асцярожным ды прачуваць сёе-тое аб паляках. Назначылі час сустрэчы і разышліся.

Дні трывог, страху і непакою пачаліся для дзеда Талаша і яго сям'і. Гаравала бабка Наста. Гэткае ж ліха ўварвалася ў іх жыццё! I дзе тая справядлівасць на свеце? За што павінен бадзяцца стары? Каго ён чапаў? Каму замінаў жыць, што ён змушаны цяпер, як бяздомнік, туляцца па лясах, па чужых кутках? I так шкада ёй стала старога, і такі жаль агарнуў яе, што яна заплакала. I Максіма з канём пагналі невядома куды. Сваё ж дабро прымусілі везці нейкаму лысаму чорту, а худоба здыхай з голаду. Ды яшчэ ці пусцяць яго, ці вернецца? Сям'я разбіта, параскідана, і невядома, як яно што будзе.

Сядзіць бабка Наста адна ў хаце. Газовачка цьмяна курыць на пяколку. А ў хаце так ціха! Так маўкліва і няветла пазірае ў вокны з двара ноч, і ціхенька скаголіць у коміне вецер, як бы ўторыць невясёлым бабчыным думкам.

Стук у дзверы распужаў гэтыя думкі.

Бабка наўперад зірнула ў акенца.

– Гэта я! – пачуўся голас з двара каля дзвярэй. Бабка Наста адчыніла дзверы.

– Ну, што? – запытала Панаса.

– Бачыўся з бацькам. Перадаў яму харчы.

– Куды ж ён пайшоў?..

– Пайшоў... Казаў, каб за яго не баяліся... Напэўна да Параскі пойдзе... Заўтра ён прыйдзе ў зацемкі.

У бабкі Насты трохі адлягло ад сэрца.

Гутарка перайшла на палякаў. Нічога добрага спадзявацца ад іх нельга. Нягодныя, памаўзлівыя, з людзьмі абыходзяцца не па-людску.

Да бабкі Насты заходзіла Агата Смыга. Пераказвала аб розных учынках польскіх жалнераў. Да маладзіц і дзяўчат прыстаюць, па клецях лазяць, шворацца, бяруць гаспадарскае дабро. Смаж ім яечню, скваркі пячы. А чуць што не так, дык бізун у ход пускаюць.

Позна ўночы вярнуўся Максім, прывёз трохі сена. Проста сказаць, адкраў у палякаў. I злы ж на іх Максім! I весці прывёз невясёлыя. Расправу чыніць польскае начальства над тымі, хто браў панскае дабро ў маёнтках і сек панскі лес. А пан Крулеўскі назначаецца павятовым камісарам, войтаў па валасцях ставяць.

– I няўжо ж асядуць яны тут на нашу галаву? – уздыхнула бабка Наста.

Панылы быў настрой у хаце дзеда Талаша.

Разышоўшыся з Панасам, дзед Талаш павольна пасунуўся балотамі, прыслухоўваючыся да шолахаў і галасоў палескай ночы. Было трохі і вусцішна аднаму сярод цемрадзі і глухмені лесу. Сякера за поясам давала трохі смеласці. Дзед Талаш напэўна і сам не адказаў бы сабе, каго яму болей страшна: нячыстай сілы, вера ў якую ўсё ж такі тлелася дзесь у закарвашках дзедавай душы, звера ці ліхога чалавека ў вобразе польскіх жалнераў. Ноч, адзінота і страх хілілі дзедаву думку на зброю. Зусім іначай пачуваўся б ён, калі б у яго руках быў надзейны друг – добрая стрэльба. У дзеда Талаша, прызнацца, стрэльба і ёсць, і схавана яна якраз у лесе, схавана разам з баявымі прыпасамі: порахам, пістонамі, шротам, кулямі, гранкулькамі і ўсімі іншымі рэчамі. Трымаць яе дома ў гэты неспакойны час было не з рукі. Прыпамінаецца дзеду Талашу, што па лясах шмат схавана зброі, і зброі настаяшчай. Можа прыйдзе такі час, калі яна спатрэбіцца людзям.

З гэтымі думкамі падыходзіць незаметна дзед Талаш да таго месца, дзе схаваў ён сваю стрэльбу. Але ўсё ж такі трохі патупаў, покі натрапіў поначы на дуплістае дрэва, якому даручыў ён сваю старую прыяцельку.

Выцягнуў яе дзед Талаш з дупла, агледзеў, узвёў брамку, праверыў – служыць яшчэ акуратна стары таварыш яго лясных паходаў. Надзеў праз плячо паляўнічую раменную торбу на шырокім пасе, дастаў ладункі з порахам, засыпаў у стрэльбу добрую порцыю пораху, туга забіў яго клакам. Палажыў штук шэсць гранкулек, і калі ўсё было гатова, тады насадзіў на брамку пістон і ўжо болей цвёрдымі і ўпэўненымі крокамі накіраваўся ў Макушы.



V[правіць]

На подступах да Прыпяці польскае войска змушана было запыніцца. Першыя дні ў гэтым раёне вяліся жорсткія баі. Улічваючы важнасць пазіцыі на Прыпяці, палякі імкнуліся перайсці яе, каб потым павесці свой далейшы наступ супраць Чырвонай Арміі. Але ўсе спробы польскіх легіёнаў прасунуцца наперад не мелі поспеху, і польскі ваяцкі запал значна апаў і астыў. Снягі і марозы, нечакана скаваўшы Палессе, прыпынілі ваенныя аперацыі шырокага маштабу. Адзін і другі бакі падцягвалі тылы і рэзервы, зорка сачылі адны другіх, умацоўвалі свае пазіцыі, рыхтуючыся да наступных рашучых схватак.

Значныя часткі Палесся, амаль уся Піншчына, частка Рэчыцкага і Мазырскага Палесся былі акупаваны белапалякамі.

Новую, рэзкую мяжу палітычных і сацыяльных форм праводзіла польская акупацыя. З глыбі вякоў паўставалі даўно забытыя, сцёртыя ў памяці народа парадкі, традыцыі і адміністрацыйныя функцыі абуджанай польскай дзяржаўнасці, паўставалі, як магільныя прывіды, узрушаючы псіхіку шырокіх пластоў працоўных мас. А калі што і заставалася ў народнай памяці з пахаванага, здавалася, мінулага, то яно выклікала ў яе прадстаўленні чорныя моманты прошлага, звязанага з польскім шляхецтвам, з панскасцю і прыгонніцтвам. Ваяводствы, староствы, павятовыя «камісаржы», войты, пастарункі – ужо адны гэтыя голыя формулы змушалі падазрона наставіць вушы і станавіцца да ўсяго гэтага скептычна, варожа, безнадзейна. Але былі і такія, якім польская акупацыя была на руку. Да такіх належаў і Васіль Бусыга.

Акрыяў духам Васіль Бусыга. Проста як бы ў яго выраслі крыллі. Ён хадзіў раўней і вышэй падымаў галаву. Толькі часамі і асабліва спачатку яго браў страх, каб зноў не вярнуліся бальшавікі. Тым часам ішлі дні, бальшавікі не варочаліся, і сумненні наконт трываласці новага ладу жыцця глушэлі і глушэлі, і перад Васілём усё смялей і смялей рысаваліся ружовыя далечы жыцця. Яго не засмучалі такія праявы, як расправа польскай адміністрацыі з аматарамі парушыць святое права чужой уласнасці. Адчувалася адразу, што польская ўлада нясе за сабою парадак, закон і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, і Васіль з асаблівым замілаваннем прыкідаў у думках розныя меркаванні ў сваіх гаспадарскіх справах. Расчыняліся і мажлівасці значна павысіць вагу свае гаспадаркі. Розныя планы аб павелічэнні зямлі прыходзілі яму ў галаву. Спрыяла яму і тая акалічнасць, што пана Крулеўскага прызначылі павятовым «камісаржам». I як гэта добра, што ён, Васіль Бусыга, умее ладзіць з такімі людзьмі, як пан Крулеўскі.

Гэта акалічнасць наводзіць Васіля на думку зрабіць візіт пану Крулеўскаму, цяпер павятоваму «камісаржу». А зрабіць гэты візіт Васілю нятрудна: хіба ў яго не знойдзецца адпаведнай прычыны для ўгрунтавання свайго візіту? Прычын такіх многа. Па-першае, трэба ўпарадкаваць зямельныя справы – не пакідаць жа іх так, як засталіся яны ад бальшавікоў. Ды трэба ж і ў вёсцы заводзіць нейкі іншы лад. Праявіць жа свой пачын ніколі не пашкодзіць.

Васіль Бусыга расчасаў акуратна чорную бараду, адзеў кажух чорнага вырабу, дагнаны да стана, падперазаўся шырокім пышным поясам, спецыяльна вытканым рукамі яго Аўгіні, жанчыны віднай і павабнай. I калі Васіль, выстраіўшыся па ўсіх правілах мастацтва, стаў перад Аўгіняй, каб паказацца ёй у гэтым шыкарным убранні, яна толькі сказала: «Гэ ж, які ты шчогаль!»

Пан Крулеўскі сядзеў у сваім кабінеце на шырокім мяккім крэсле. На стале, засланым зялёным сукном, стаялі прылады пісьма і розныя дарагія рэчы, для пісьмовага стала спецыяльна прызначаныя. Тут жа ляжалі і розныя паперы. А ўсё гэта павялічвала значэнне адміністрацыйнай асобы пана павятовага «камісаржа». На сценах віселі партрэты польскіх генералаў, такіх непрыступных і строгіх. Між гэтых запраўскіх ваякаў кідалася ў вочы духоўная асоба, партрэт біскупа, стрыжанага, брытага, з усімі біскупскімі атрыбутамі. Васіль, зірнуўшы на яго, падумаў сам сабе: «А чаго папаў сюды гэты галамоўза?» Але ўголас не выказаў свае думкі, бо Васіль быў чалавек палітычны і спрытны. Цэнтральнае месца сярод партрэтаў займаў партрэт даволі панурага віду генерала з даўгімі, спушчанымі ўніз, як у маржа, вусамі. На грудзях у яго быў цэлы музей крыжоў, медалёў і розных цацак, што вядуць свой пачатак яшчэ з таго часу, калі роданачальнікі нашых продкаў фарсілі ў хвартушках і звярыных шкурах.

I біскуп, і ўсе гэтыя генералы, і стол з яго ўкрасамі надавалі яшчэ болей важнасці і пыху асобе павятовага «камісаржа». Гэту асаблівасць адразу адчуў Васіль Бусыга, а таму прывітанне яго пану Крулеўскаму было яшчэ болей пачцівым, як звычайна.

Павятовы «камісарж» чуць-чуць кіўнуў галавою, і гэты ківок быў повен велічнасці і паважнасці.

– Цо повеш?

Пан Крулеўскі гаварыў цяпер па-польску, і ў голасе чуўся халодны, афіцыяльны, начальніцкі тон.

У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны, хоць сякія-такія польскія словы ён ведаў. Размовы ж ён меў пераважна з валаснымі пісарамі, з папамі, ураднікамі, часам з прыставам. Ад іх запазычыў ён і расійскія словы, хоць вымаўляў іх з сваім палескім акцэнтам.

– Прыйшоў я да гаспадына пана-камісара прачуць пра сэ-тэ, бо мы сяйчас тэрас жывэма, як гарох пры дародзы, нічаво ніц не ведаючы.

Пан Крулеўскі зірнуў на Васіля. Хацеў зрабіць заўвагу аб польскай мове ў Васілёвым вымаўленні, але замест гэтага запытаў:

– А як становяцца «веснякі» да польскай улады?

– Каторыя, проша пана, станавітыя, гаспадары, тыя Богу дзякуюць – парадак прыходзіць, каб можна спакойна жыць і працаваць.

– А рэшта?

– Усякія, проша пана, ёсць... Ды і трудна сказаць, покі блізка начальства няма, каб хто мог цікавіцца гэтым.

Васіль Бусыга не дагаварыў свае думкі: інстынкт самазахавання дыктаваў яму не расчыняць ёй занадта шырока дзвярэй. Але наконт начальства намякнуў ён тонка: быў жа Васіль кандыдатам на старшыню. Але гутарка на гэтым абарвалася: у двары павятовага «камісаржа» пачуўся шум, галасы і грубыя салдацкія вокрыкі, нагадваючыя сабачы брэх. Пан Крулеўскі падняўся з крэсла, падышоў да акна. Туды ж павярнуў галаву і Васіль.

Двор запаўняла цэлая грамада палешукоў, пераважна маладых і сярэдняга веку людзей. Яе абкружаў ланцуг польскіх легіянераў. Лахматыя шапкі розных форм і колераў. Доўгія і кароткія заношаныя кажушкі, чорныя простага сукна пільчакі, світкі, і ўсе абутыя ў дрэнныя лазовыя лапці з высока накручанымі анучамі. Раменныя і берасцяныя кайстры, перакінутыя цераз плечы, завяршалі іх адзенне. Твары іх былі замкнёныя, панурыя, суровыя. Дасціпныя і праз меру адданыя канвойнікі наводзілі парадак у гэтым тлумным і стракатым натоўпе, стараючыся паставіць сагнаных невядома адкуль і за што людзей у рады, лаяліся, штурхалі, пагражалі. Не прывыкшыя да такіх строгасцей і адчуваючы агіду да гэтага капральскага парадку, палешукі агрызаліся, і на гэтым грунце вынікалі канфлікты, гатовыя перайсці ў цэлую буру грозных учынкаў.

– Што пхаешся, панская падэшва? Ды я цябе як піхну, дык ты і касцей сваіх не збярэш!

Высокі, плячысты, жылісты паляшук, сярдзіта ссунуўшы бровы, абсыпаў іскрамі знявагі і злосці штурхануўшага яго канвойнага. Легіянер, сустрэўшы знішчаючы погляд злосных вачэй, трусліва здаўся.

– Мільч, сцерва! – прыкрыкнуў ён, але на ўсякі выпадак падаўся далей ад раззлаванага гіганта.

– Ды гэта ж Мартын Рыль! – апазнаў Бусыга хударлявага шырокага палешука з суседняй вёскі Вепры, і па яго целу прабегла нервовая дрыготка. Але гэта нечаканасць выклікала ў ім здаваленне.

Запыненых на некалькі хвілін палешукоў павялі за рог дома, дзе была падрыхтавана каталажка, служыўшая раней складам для рознага гандлярскага хламу. Хвіліны праз дзве з'явіўся капрал і далажыў пану Крулеўскаму аб прыводзе злачынцаў, бунтаўшчыкоў супраць новай улады, выяўна сімпатызуючых бальшавіцкаму «барбарству» і анархіі.

Вяртаючыся дадому ад павятовага «камісаржа», Васіль Бусыга разважаў сам з сабою аб сваім войтаўстве,– яно было забяспечана яму панам Крулеўскім, і аб сваіх абавязках,– яны выплывалі з яго войтаўскага чыну. I яшчэ думаў ён і аб Мартыну Рылю, а пытанне аб тым, ці сказаць аб гэтым Аўгіні, ці не – аставалася адкрытым.



VI[правіць]

Хто ж такі Мартын Рыль, чый арышт узрушыў новага войта? I чаму вагаўся войт, сказаць аб гэтым Аўгіні ці не сказаць?

Я мушу вярнуцца крыху назад, адкінуць з дзесятак гадоў часу, зазірнуць у Вепры, каб сталі яснымі гэтыя пытанні.

Дзесяць гадоў таму назад у Вепрах не было дзяўчыны цікавейшай за Аўгіню, цяпер войтаву жонку. Вясёлая, жывая, дураслівая, свавольніца і першая штукарка на розныя забаўкі і выдумкі – вось якая была Кублікавых Аўгіня. Любіла яна і з дзецюкамі пажартаваць, ды жартавала так, што кожнаму з іх здавалася, нібы ён і ёсць той, на якім запыніла яна сваю дзявочую ласку.

«Нарвецца дзяўчына»,– казалі пра яе сталыя жанкі і маладзіцы, калі гутаркі пра яе дурасці даходзілі да іх вушэй. Аўгіня жартаваць жартавала, але граніц у сваіх дурасцях не пераступала. Умела быць яна сталаю і сур’ёзнаю, і вочы яе, цемнаватыя, як лёгкі змрок ясных чэрвеньскіх вечароў, пазіралі тады строга і ўдумліва. I трудна было адзначыць колер гэтых вачэй, што свяціліся, як дзве роўныя, прадаўгавата-круглыя ямінкі-багны на цёмным балотным дне ў роспісе пышных раслін. Іх можна было ўспрымаць як карыя вочы, чуць-чуць пацягнутыя зеленкаваю павалокаю, а часамі яны здаваліся шэравата-зялёнымі. Можа проста мяняліся яны ў залежнасці ад тых думак, ад тых маладых мар, што поўнілі дзявочую галаву і гушкалі яе сэрца ў той ці іншы час. Адно можна сказаць пра іх: яны вабілі – вось як вабіць воля і радасныя прасторы вясны, поўныя музыкі, звону і шуму жыцця, і зацягвалі, як надрэчная дрыгва, дзе звадлівым шэптам гамоняць высокія шумлівыя чароты і пахучы аер.

Але чараўнічыя гэтыя вочы, здавалася, не мелі ўлады над Мартынам Рылем, і не Аўгіню вылучаў ён з чарады вепраўскіх дзяўчат. Аўгіня сама зачэпіць часамі пры здарэнні Мартына, хоць у гэтым нічога дзіўнага не было, калі прыняць пад увагу Аўгінін характар і яе дураслівасць. Мартын удзеліць ёй столькі ўвагі, сколькі патрабуюць дачыненні чалавека да чалавека. I болей нічога.

– Падабаешся ты мне, Мартын, – раз казала так да яго Аўгіня, а ў вачах яе іскрачкі дураслівай жартлівасці пабліскваюць.

Мартын спакойна ёй на гэта, нібы нічога не зважаючы:

– I ты падабаешся мне, Аўгіня.

А ў тоне яго ніякага ўзрушэння.

– А чым я падабаюся табе, Мартын?

– Тым, што я падабаюся табе.

– А калі б ты мне не падабаўся?

– Ну дык што ж?

– А ведаеш, за што цябе можна ўпадабаць?

– Не ведаю. Скажы.

– За тое, што ты высокі, што ў цябе, як відаць, будуць чорныя вусы. I вочы твае шэрыя, і калі ты часамі глядзіш імі, то робіцца страшна. Я люблю, калі хлапецкія вочы змушаюць затрасціся ад страху. Але я не пайшла б за цябе замуж: у цябе, калі ты пасталееш, будзе казліная барада.

I заліваецца Аўгіня вясёлым смехам.

Мартыну робіцца трохі непрыемна і ад гэтага смеху і ад такога канца іх гутаркі. Ён адчувае сябе крыху зняважаным і абражаным. Покі сабраўся ён адказаць Аўгіні якім-небудзь трапным словам на яе заўвагу аб барадзе, яна паспела ўжо шмыгнуць ад яго і, як відаць, зусім забыцца, што ў Вепрах ёсць чарнявы, высокі, шырокі ў плячах і тонкі ў стане Мартын. Але і Мартын хутка забывае ўсю гэту па істоце драбязлівую рэч. I толькі вечарам, калі ён лёг спаць, перад яго вачыма раптам устала Аўгіня. Яе заваблівыя вочы і ўся іх гутарка аднавілася ў памяці. Разам з гэтым прыпомнілася і казліная барада, што вырасце ў яго, калі ён пасталее. Пры чым тут барада? Нашто яна прыпляла яе? Непрыемна ўспамінаць гэта. Мартын узважвае ўсе словы Аўгінінай гутаркі. Калі разабрацца па справядліваеці, то яна сказала яму болей прыемных слоў, чым прыкрых. Наконт жа таго, што яна не пайшла б за яго замуж, дык Мартын і не думаў жаніцца з ёю і наогул аб жаніцьбе ён не думае. Але і гэта толькі словы яе, і іх можа якраз трэба разумець наадварот. I ці не напамінаюць яны яму аб чым-колечы? I ўсё ж такі казліная барада пераважае над усім. Мартын плюнуў, павярнуўся на бок і заснуў маладым здаровым крэпкім сном.

Мартын Рыль ехаў са стрэльбаю на чоўне ўскрай Прыпяці. Ён туліцца бліжэй да чаротаў, каб спрытней падкрасціся да дзікіх качак. Яму пашчаслівілася настраляць іх штук пяць. З таго боку Прыпяці шыбуе човен. На носе чоўна ляжыць зялёная вязка свежай травы і ёмкі сноп пышнага кучаравага чароту. На чоўне бялее гнуткая, рухлівая дзявочая постаць у чырвонай хустачцы, завязанай канцамі назад. Спрытна мільгае вясло ў яе пругкіх руках, і човен борзда і роўна слізгаціць па шырокім лоне спакойнай Прыпяці. Мінуўшы сярэдзіну рэчкі, човен крута верне ў бок Мартына. Мартын сумыслу едзе павольна і пільна ўзіраецца ў затокі, дзе любяць жыраваць качкі, і не глядзіць на човен з дзяўчынаю, хоць ужо ведае, хто на ім плыве. Але яму прыемна.

– А я табе ўсіх качак папужаю,– чуецца малады звонкі дзявочы голас, і следам за гэтым даносіцца яе крык:

– А ты-га! а ты-га, качкі!

Гучны плеск вясла па вадзе павялічвае шум і гулка разносіцца па рэчцы між травяністых берагоў. I сапраўды некалькі качак узнялося з затокі, і свіст іх быстрых крылляў выразна чуваць у паветры. Качкі ляцяць якраз на Мартына. Мартын цэліцца. Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Адна качка хіснулася, нырае ўніз, няёмка махае аслабелымі крыллямі і, апісаўшы дугу, раптам шлёпаецца ў ваду.

Аўгіня спрытна паварочвае свой човен. Уся яе гнуткая фігурка ходзіць ходарам, а на вадзе збоку чоўна пасля кожнага ўзмаху вясла кружацца віркілеечкі з ціхім, залівістым шапатаннем.

Мартын раптам скідае з сябе павольнасць. Абагнаць Аўгіню, апярэдзіць яе і першым даплыць да забітай качкі! Гнецца вясло пад яго магутнымі наляганнямі, і човен, як шалёны, імчыцца да акрэсленага пункта. Але Аўгінін човен рушыў з болей блізкай дыстанцыі. Шансы даплыць першай на яе старане. Мартын пачынае каяцца, што ўступіў у спаборніцтва з ёю. Ды адступаць ужо позна, і не такі ён чалавек, каб бяссільна палажыць вясло і прызнаць сябе пераможаным. Знімае пільчак, кідае на мокрае дно чоўна. Яшчэ болей крута выгінаецца яго вясло, яшчэ шпарчэй разразае ваду вастраносы човен. Аўгіня бачыць, што верх бярэ Мартын. Ёй нават робіцца ад гэтага весела: яна мала што траціць, калі верх возьме ён, бо ў яго сілы не меней, як у добрага вала. Ды надзеі не траціць яшчэ і яна. Часцей замільгала вясло ў яе спрытных руках. Твар яе расчырванеўся, як макаў цвет. Дзве доўгія цёмна-русыя косы выбіліся з-пад чырвонай хустачкі, і калі яна налягае на вясло і адкідаецца назад, то канцы яе кос апускаюцца на ваду. Забітая качка ўжо недалёка. Не іначай, як Мартын падбярэ яе. Аўгіня пускаецца на хітрасць: яна крута верне свой човен наперарэз Мартынаваму чоўну. Замінка. Не паспеў Мартын і падумаць, каб абмінуць гэту перашкоду, як на іх вачах здарылася цікавая праява: качка раптам правалілася ў ваду, а на тым месцы вада ўзнялася, як бы яе штурхнула штось знізу, закалыхалася і роўнымі кругамі пабегла да самага берага.

– Мартын! дзе ж качка?

У Аўгініных вачах адбіліся страх і здзіўленне. Паглядзеў на яе Мартын, засмяяўся.

– Ні ты, ні я не даплылі, а качку сом схапіў!

Момант Аўгіня маўчала. Відаць, гэта здарэнне яе моцна ўразіла.

– Паедзем, Мартын, назад!

Павярнулі чаўны, прытулілі іх бокам адзін да аднаго і паплылі на свой бераг.

– Ты мусіць злуешся на мяне, што я папужала табе качак.

– Не, не злуюся. Мала што бывае.

–Ну, я ж хацела на цябе паглядзець.

Мартын і сапраўды не злаваўся на яе. Апошнія ж яе словы зусім улагоджваюць яго. Але прыпамінаецца казліная барада. Яна робіць Мартына чэрствым і абыякавым.

– А чаго на мяне глядзець? – пытае.

– Ну, бо ты харошы, – адказвае Аўгіня і цягне яго сваімі заваблівымі вачыма.

– Для цябе, здаецца, усе харошыя, – з адценнем насмешкі заўважае Мартын.

– А хіба гэта нядобра?

– Не ведаю.

– Але ты лоўкі стралок, – мяняе гутарку Аўгіня. Мартын хацеў бы весці пачатую гутарку далей, і змена тэмы яму не падабаецца.

– Хто са стрэльбы добра страляе, а хто вачыма.

– А хто страляе вачыма?

– Ёсць такія стральцы.

– Але ж вачыма качак не настраляеш, – заўважае Аўгіня.

–У качак імі і не страляюць.

Аўгіня смяецца.

– Каб ты быў качкаю, то я цябе ўжо многа разоў застрэліла б.

Мартын хацеў прызнацца, што калі ён і не застрэлены, то злёгку падбіты, але замест гэтага нечакана для сябе і для Аўгіні заявіў:

– Я прыйду да цябе сёння вечарам.

Аўгініна сэрца крыху паскорыла тэмп.

– Ну што ж? Буду чакаць.

Чаўны падплылі да берага. Мартын падцягнуў наўперад Аўгінін човен, потым свой. Прывязаў іх, узяў вязку сена. Аўгіня – сноп чароту, і пайшлі.

I ўсё было добра, покі не стрэўся Кандрат Бус. Відаць, ён падкаравульваў Аўгіню. Як толькі яны параўняліся з ім, Кандрат падышоў да Аўгіні. Аўгіня палажыла руку на плячо Кандрату, Кандрат на яе плячо, і пайшлі як ні ў чым не бывала. Мартын плёўся ззаду з вязкаю свежай травы, са стрэльбаю і забітымі качкамі. Хацеў кінуць траву, ды няёмка паказваць сваю злосць. Падышоў яшчэ трохі.

– Вазьмі, Аўгіня, траву, а я тут гародамі пайду. Не пазіраючы Аўгіні ў вочы, аддаў ёй траву, а сам пашыбаваў у свой двор.

Вечарам Аўгіня чакала яго, але Мартын не прыйшоў.

I шмат было такіх спатканняў і такіх гутарак. Шукала яго наўперад Аўгіня, потым шукаў Аўгіню Мартын, потым шукалі яны адзін аднаго. Бывалі паміж імі звадкі, непаразуменні, бывалі і прыемныя хвіліны згоды. Былі слаўныя вечары іх блізкасці і дружбы – хіба не можа быць дружбы паміж мужчынам і жанчынаю? Людзі не адзін раз у такіх выпадках прыкрывалі дружбаю нешта большае, чым дружба.

I вось у той час, калі вепраўскія хлопцы страцілі надзею на Аўгіню, а вепраўскія дзяўчаты на Мартына, у Вепрах пачаў паказвацца Васіль Бусыга, відны дзяцюк, сын дужа багатых бацькоў. Завабілі і Васіля Аўгініны вочы. Мартынава сэрца забіла трывогу. Васіль – супорат небяспечны. Мартын – бабыль. Маленькі дворык, крывенькая хата. Што ёсць у Мартына? Стрэльба, рыбацкая снасць ды прыгожая постаць. Крапіўся Мартын, падражніваў Аўгіню Васілём. Аўгіня падсмейвалася з Васіля, але часамі і падхвальвала яго ды шчыльней тулілася да Мартына. Відаць, ёй проста шкада было яго.

Яшчэ праз колькі часу казаў Аўгіні Мартын:

– Няма ў цябе сэрца, Аўгіня... Ты нягодная і няшчырая. Нашто ты мне лгала? Нашто зводзілі мяне твае вочы?

– Што ты маеш да маіх вачэй, Мартын? – з дакорам пытала Аўгіня.– Я любіла цябе і цябе люблю... I буду любіць, – памаўчаўшы, дадала.

– I гэтыя словы ты скажаш Васілю?

– Не: так я не скажу яму, а калі і скажу, то так сабе.

– Дык нашто ж ты ідзеш за яго?

– Так трэба,– ціха і няўпэўнена гаворыць Аўгіня.

Мартын маўчыць, думае: Васілёва багацце – вось што прычына. Але ён хоча дацяць Аўгіню.

– Няўжо ж ты паспела так блізка сысціся з ім і... загрубела?

Што было ёй казаць яму? Гаварыць, што ніякай блізкасці не было? А можа прызнацца ў тым, чаго не было? Не, гэтага яна не зробіць.

– Ох, як цяжка мне, Мартын. Я – вораг сабе і табе. А блізкасці ніякай не было, не было, Мартын, павер мне. Я нягодная, злая: ты сказаў праўду.

Яна туліць гарачы твар свой да яго шчакі. Ён бярэ яе на рукі, як дзіця. Яна абхватвае яго рукамі за шыю, прынікае да яго твару.

У Мартына, як у п'янага, кружыцца галава, холад і лёгкая дрыготка прабягаюць па яго целу.

I апошні раз пасля гэтага, у той жа вечар, пытала Аўгіня:

– Цяпер ты верыш мне?

Ён абнімаў яе, цалаваў і шаптаў:

– Аўгінька, мілая, любая.

–Адкасніся ад мяне. Ідзі прэч.

Што здарылася з ёю?

Яна злосна адштурхнула яго ад сябе і пайшла. А ён недаўменна стаяў, пазіраў ёй услед. Яна злілася з цемраддзю ліпеньскай ночы. Мартын пайшоў у свой бок.

Лёгка і пуста было ў яго галаве.

Выйшла Аўгіня замуж за Васіля Бусыгу. Жаніўся і Мартын, узяў сінявокую Грабараву Еву, сталую зграбную дзяўчыну і разумную.

Але Аўгініны вочы глыбока запалі ў яго мыслі і сэрца. I не можа Мартын пазбавіцца іх чараў аж да гэтага дня.

Мартын і Аўгіня зрэдку сустракаліся і пасля таго, калі Мартын быў жанаты, а Аўгіня была жонкаю Васіля Бусыгі. I гэтыя спатканні іх кожны раз хвалявалі. I яна і ён адчувалі розумам недарэчнасць такіх спатканняў, але сэрца не хацела слухаць довадаў розуму.

I запытаў раз Мартын Аўгіню:

– А помніш, Аўгіня, як гналіся мы, каб першаму даплыць да забітай качкі. А качку глынуў сом. Ні ты, ні я не даплылі да яе.

Аўгіня толькі ўздыхнула.



VII[правіць]

Дзеду Талашу пачынала дакучаць гэтае тулянне і бадзянне па-за межамі свайго дому.

Жыў ён некаторы час у сваёй дачкі ў Макушах. Вечарамі плёў і ладзіў унукам лапці, расказваў ім казкі. Але ж стан рэчаў быў такі, што не хіліў дзеда на такі спосаб жыцця. Трэба было знаходзіць нейкі выхад з гэтага няпэўнага і прыкрага становішча. Тым жа часам чуткі аб учынках польскай улады ў дачыненні да ўсіх, хто пападаў на яе падазрэнне, разносіліся па ўсіх закутках Палесся, дзе толькі распасціраў свае крыллі «бялы польскі ожэл». I нічога добрага не было ў гэтых чутках, і горш за ўсё – яны пацвярджаліся фактамі.

З домам дзед Талаш сувязі не губляў. Гэтай сувяззю быў Панас. Дзед Талаш даведаўся ад Панаса, што Васіль Бусыга служыць за войта, што палякі загадалі праз войта сабраць па дзесяць пудоў сена і саломы з двара. А перад гэтым збіралі розную жыўнасць: кур, парасят, сала. Колькі калатні і ляманту было па вёсцы. А ўсякае супраціўленне каралася жорстка, і расправа чынілася на месцы. У ход пускаліся нагайкі і шампалы. «Двадзесце пеньць!» – крычалі азвярэлыя капралы.

У вёсцы пачалі паяўляцца невядомыя людзі, шныраць, як цені, прыслухоўвацца, дзе што гаворыцца, дзе што робіцца. I ходзяць чуткі, што палякі будуць рабіць мабілізацыю. А войт распытваў яго, Панаса, дзе стары Талаш. Але Панас не такі дурань, каб сказаць яму праўду. Адным словам, дзеду Талашу ніяк няможна варочацца дадому – такі быў нязменны прыпеў Панасавых навін.

Слухаў дзед Талаш гэтыя навіны, і яго ўласная крыўда заціралася, адступала на задні план, і стажок, што забралі палякі, паслужыўшы прычынаю ўсёй гэтай бяды, здаваўся цяпер маленькаю купінкаю і губляўся ў дзедавых думках. Справа абарочвалася значна горай, а на першае месца выпіналася агульнае ліха сялянскай галечы. I што рабіць? Трывала жыла ў ім надзея на тое, што палякаў пагоняць назад, а цяпер паяўленне іх, якое ўспрымалася яшчэ некалькі дзён таму назад як раптоўны налёт на кароткі час, пагражае стаць зацяжным, а можа назаўсёды фактам нямілай чужацкай няволі. I няўжо ж яму, дзеду Талашу, адрэзаны дарогі да свайго дому?.. А калі б пайсці ды павініцца ў сваім учынку? Ды ў чым, якая віна яго? Яго пакрыўдзілі, зняважылі, а ён будзе кланяцца ім? Ды згінь, прападзі іх доля!

Дзед Талаш быў зацяты і горды, як дзікі арол.

Было гэта ў той дзень, калі дзед Талаш прыйшоў на ўмоўленае месца спаткання з Панасам. Звычайна Панас прыходзіў першы і пасвістваў, чакаючы бацькі. На гэты раз першы прыйшоў дзед Талаш. Прыслухаўся – жуткая, злавесная цішыня. Можа ён паспяшаўся? Дзед заняў пазіцыю пад старым прысадзістым, каржакаватым, як і сам дзед Талаш, дубам. Час ішоў. Панаса не было. Прачакаў дзед гадзіну, прачакаў другую. Мулкая глухая трывога залягла ў дзедавым сэрцы. Якая прычына перашкодзіла Панасу прыйсці сюды? Дзед Талаш прыпамінае апошняе спатканне з Панасам – ці не магло тут быць якой памылкі, ці сапраўды на гэтым месцы ўмовіліся яны спаткацца? Не, памылкі не было. I тоўсты дуб ускрай Сухога поля – гэта добра памятае дзед Талаш. Нават Панасавы словы, што былі сказаны на адвітанні, гучаць у дзедавых вушах:

– Дык пад тоўстым дубам каля Сухога поля.

Дзед Талаш падняў вочы на гэты каржакаваты гузасты дуб з магутнымі лапамі, як бы чакаючы адказу на свае сумненні. Дуб стаяў нерухома ў сваёй наважнай застыласці, трымаючы ў развілінах ёмкі ком снегу. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухлівай постаці і тупой немаце. Прытоеная цішыня чутка вартавала кожны гук, кожны нясмелы шолах. I толькі адзін дзяцел рытмічна і заўзята тукаў па галіне звонкага дрэва, не зважаючы ні на якія дзедавы трывогі.

Маркотна рабілася старому. У яго ўяўленні замітусіліся розныя праявы і малюнкі, рысуючы яму самыя панурыя здарэнні, якія маглі налучыць Панаса, Максіма і бабку Насту. А кожная хвіліна часу востраю стрэмкаю ўядалася ў яго сэрца. Дзедаваму цярпенню прыходзіў канец – трэба кудысь ісці, трэба нешта рабіць.

На Палессе хутка насоўваўся зацяты ў сваёй маўклівасці вечар, прыводзячы безліч сваіх непадкупных вартавых і засцілаючы цямранаю посцілкаю лес, дальнія балоты і Сухое поле. Кусты і асобныя дрэвы на полі трацілі свае абрысы, пераходзілі ў постаці няясных расплыўлівых сілуэтаў.

Дзед Талаш ускінуў плячамі, ямчэй падаў стрэльбу, яшчэ раз абвёў вачыма навакол і ўжо хацеў рушыць і ісці хоць куды, абы не стаяць тут у пустым і бясплодным чаканні, і раптам занямеў: з глыбіні лесу пачуўся шоргат па снезе нечых ног і прыглушаны лускат сухіх галінак пад нагамі. Шорганне чаргавалася размерна і рытмічна – раз-два! раз-два! Часамі рытм парушаўся, але ўсё ж захоўваў агульны свой тэмп. Па чаргаванню гукаў дзед Талаш устанавіў, што гэта ішоў чалавек, але гэта былі не Панасавы крокі: ступаў хтось грамозны грузна і цяжка. Дзед прытаіўся за дубам і стаў углядацца ў той бок, адкуль даносілася гэта шорганне ног невядомага чалавека. Высокая цёмная чалавечая постаць мільгнула ў навісі зацярушаных снегам галін і паволі выплывала на прагал, вырысоўваючыся ўсё болей і болей ясна з лясной вячэрняй цемры. Дзед Талаш стаяў у напружанай постаці чакання. Аклікнуць ці не? Што за чалавек? I супраць дзедавай волі вырваўся голас яго:

– Хто ідзе?

Высокі чалавек спуджана запыніўся, спасцярожліва гледзячы перад сабою.

– Хто пытае? – пачуўся густы бас незнаёмага. Дзеда Талаша не было відаць з-за дуба.

– Пытаю я! – азваўся дзед Талаш.

– А хто ты?

– А ты хто?

Па голасу і па гаворцы дзед Талаш дазнаўся, што гэта чалавек свой, тутэйшы. Дзедава напружанасць і страх крыху ачахлі, але ўсё ж такі ён покі што і надалей захоўваў сваё інкогніта, і таму, калі наступіла недаўменная і няёмкая маўчанка ў іх распытваннях, дзед Талаш зноў падаў голас:

– Я тутэйшы!

– Ты – адзін? – запытаўся асцярожны незнаёмы чалавек.

– Адзін і не адзін: са мной стрэльба,

– Ну, то кінь сваю стрэльбу: стрэльба ёсць таксама і ў мяне і мусібыць лепшая за тваю,– горда прагучаў з лесу густы бас тонам, не дапускаўшым ніякага сумнення ў тым, што яго стрэльба лепшая за дзедаву.

Дзед Талаш высунуўся з-за дуба, а высокі незнаёмы чалавек смела і рашуча закалыхаўся да тоўстага гузастага дуба. Не даходзячы крокі тры, велікан спыніўся ў нямым здзіўленні. Гэтае ж здзіўленне адбілася і на Талашовым твары.

– Дзядзька Талаш? – грымнуў густы бас.

– Мартын! а бадай ты сказіўся! – радасна азваўся дзед Талаш і кінуўся да Мартына Рыля, таго самага Мартына, што пагражаў канвойніку-легіянеру піхнуць яго так, што ён і касцей не збярэ. Мужчыны крэпка паціснулі адзін аднаму рукі.

– Каго ж тут, дзядзька, вартуеш?

– Гэ, голубе! каго вартую! Выходзіць так, што вартую сам сябе... А ты?.. Як бачу, хлопча, ты дужа напуджаны...

– Ой, і не пытай, дзядзька! 3 паляцкай няволі, з палону вырваўся! Ды не адзін я, а трыццаць шэсць чалавек!

– Што ты кажаш?! – здзівіўся дзед Талаш.– Як жа гэта?

– А значыць, адступілі чырвоныя; прыйшлі палякі. Прыйшлі і пачалі вылоўліваць ды хапаць найбольш тых... ну, хто ў рэвалюцыю смела пайшоў ці рукі каля панскага дабра трохі пагрэў. А яны і пачалі помсціцца, парадкі наводзіць, ціхамірыць ды грахі ўсякія прыпамінаць. А народ наш... сам ведаеш... Розны народ ёсць, багацеі пачалі пад паноў падлабуньвацца ды выкрываць, хто чым грэшны. Вось і папаўся я: заарыштавалі. А па іншых месцах і другіх такіх нацапалі. Так вось і назбіралі цэлую грамаду. Сабралі да купы і пагналі. А хлопцы ўсе хвацкія. Знаёмыя і незнаёмыя. Прывялі гэта нас да павятовага камісара, заперлі ў нейкі халодны склеп, у пустую адрыну. Думалі, што і канцы там будуць. Але пайшла чутка, што пагоняць нас кудысь далей. А куды і чаго – не ведаем. А быў сярод нас удалец такі, Марка Балук з-пад Цернішч. Прабеглы чалавячуга, салдат старой арміі.– А, кажа, буду я ім цягацца, як арыштант які! А трасца ім у бок. З нямецкага палону вырваўся, а тут, называецца, дома цярпець буду? Няма дуракоў! Годзе! – Бачым, розумам чалавек па галаве кідае. Абступілі мы яго. – Як жа ты зробіш гэта? – пытаем. – Прысягніце, кажа, мне, што будзеце слухаць мяне, дык і вы будзеце на волі. – Бачым – надумаўся чалавек. А каму ж не хочацца на волі быць? Дык чаму не прысягнуць? Вось ён і кажа: – Прысягалі мы Мікалаю на евангеллі, але прысяга яму не памагла. Вы ж мне прысягніце на нашым мужыцкім лапці. Пакляніцеся, што будзеце слухаць мяне, і кожны пацалуй свой лапаць! – Сур’ёзна гаворыць, не жартуе. – Лапаць, – кажа, – сцяг нашай мужыцкай долі.– I ведаеш, дзядзька, што? – давай мы цалаваць свае лапці, сабе самім у нагу. Яй-Богу! Хто жартам, а хто і напраўду. Вось ён тады і гаворыць:

– Ну, дык вось што. Калі нас павядуць і адвядуць вёрст пяць-шэсць, а можа і болей – я буду меркавацца з месцам, то вы слухайце мой знак. А знак мой будзе вось які: «Стой – лапаць скінуўся!» Як вы гэта пачуеце, тады маланкаю кідайцеся за мною на канвой, абяззбройвайце яго. Усё залежыць ад раптоўнасці і хуткасці нападу. Два, тры чалавекі бяззбройныя лёгка справяцца з адным узброеным, калі толькі зробяць гэта борзда і спрытна.– Спадабалася нам гэта стратэгія. Абдумалі, абмеркавалі кожную дробязь, разбіліся на групкі. Гаворым шэптам, каб захаваць улотайку нашу змову... Вывелі нас. Глядзімо – дванаццаць канвойнікаў, трынаццаты – камандзір. Трусімся мы, але і знаку не падаём, што ў нас на мыслі. Прыкінуліся ўсе, што мы аслабелі, ледзьве падымаем ногі, хістаемся. Паставілі ў рады. Падаў капрал каманду, сам наперад пайшоў. Рушылі. Пяць канвойнікаў з аднаго боку, пяць з другога, а два ззаду ідуць. Я ў першым радзе. З капрала вачэй не зводжу, не так з самога капрала, як з яго стрэльбы: дужа ж яна мне падабаецца. А ў вушах увесь час тры словы гучаць: «Стой – лапаць скінуўся». А наш камандзір у заднім радзе стаў. Мінулі мястэчка. У поле выйшлі. Сям-там фурманкі сустракаюцца, людзі праходзяць. А канвойнікі падганяюць нас, пакрыкваюць ды такімі паскуднымі словамі лаюцца, што і слухаць моташна. А мы гарым у нецярплівасці. I ўжо так гадзіны паўтары клыгаем. А наш камандзір маўчыць. I толькі гэта мы выходзім з лесу на паляну, аж як гаркне наш Марка Балук: «Стой – лапаць скінуўся!» I што толькі сталася ў гэты момант! Што яно там зрабілася, дык і расказаць не магу. Усё мітусілася ў адным клубку без крыку, толькі ў цяжкім сапе і хрыпу. Я нават і не памятаю, як апынуўся каля капрала. Помню толькі, што ён ляжыць у снезе з абадраным вухам і толькі вачыма лыпае, сам белы як снег, на мяне глядзіць. А я кажу яму: «Ляжы, не ўставай!» А ў мяне яго стрэльба – вось гэта самая, карабін загранічны на сем патронаў. I рэвальвер у мяне і шабля. Кідаюся другім памагаць, а там ужо і не трэба мае дапамогі. – Слухай маю каманду! – гукнуў Марка, голаю шабляю махнуў, а ў другой руцэ рэвальвер трымае, – гайда ў лес і канвойных вядзі! – Перапалоханыя, бледныя як смерць, пакорна сунуцца канвойнікі. Ды не яны цяпер канвойнікі, а мы. Годзе нас быдлам называць. Адышліся гоняў з пяць.– Стой! – камандуе Марка. Спыніліся.– Знімайце, паны, боты! – Разуліся. Лепшую пару выбраў сабе Марка, а рэшту падзялілі нашы лапатнікі. Трынаццаць чалавек абуліся ў боты, а лапці канвойнікам аддалі. I кінулі іх там у лесе, жывых, але крыху памятых і наштурханых. Паразбіралі іх зброю – хто стрэльбы, хто рэвальверы, а хто шаблі. На развітанне Марка сказаў: – Ну, хлопцы, гайда хто куды! Але прысягі я з вас не знімаю! I вы, гіцлі, вольныя! – кажа да канвойнікаў, – адпачніце тут ды ідзіце куды хочаце. – I падаўся ў свой бок, а кожны з нас – у свой.

– Ах, згінь іх доля! Чаму ж гэта мяне з вамі не было?! Ну ж і стрэльбу здабыў ты сабе, Мартын! – цмакаў дзед Талаш, разглядаючы дзівосную стрэльбу.



VIII[правіць]

Не ведаў падлетак Панас, што яго асобаю цікавяцца, і не абы-якія людзі, а сам войт Васіль Бусыга. Войту трэба ведаць, хто ў які лес глядзіць. Войту трэба прасачыць і выведаць, куды прапаў дзед Талаш і што ў яго на думках. Войт – начальства. А начальства носіць у галаве такія мыслі, што не ўсім падначаленым аб іх можна ведаць і асабліва аб іх не павінен ведаць такі разбэшчаны чалавек, як дзед Талаш. Дзед Талаш у грош не ставіць паноў і начальства, на чужое дабро галіцца. Дзед Талаш наогул варожа ставіцца ў дачыненні да такіх гаспадароў, як Васіль Бусыга, Кандрат Бірка і шмат да якіх паважаных асоб. Гэта ён званіў сярод галадранцаў, што за заможнікаў трэба ўзяцца ды пакроіць іх палеткі. У дзеда Талаша стаяў на кватэры бальшавіцкі камандзір. Дзед Талаш нарэшце з сякерай кідаўся на польскіх салдат. Карацей сказаць – дзед Талаш нанюхаўся і прасяк бальшавіцкім духам. I цяпер ён напэўна злыгаўся з бальшавікамі. Хто можа паручыцца за тое, што ён не навядзе сюды чырвоных? Не, покі дзед Талаш туляецца невядома дзе, невядома з якімі намысламі, да таго часу не будзе мець пакою пан войт, Васіль Бусыга. Гэта не значыць, што ён, войт, баіцца дзеда Талаша. Не: войт – начальства і стаіць на варце закону і парадку. Недарма ж наказ яму дан ад вышэйшага начальства, ад павятовага «камісаржа» – сачыць і браць на заметку таго, хто абуяны духам непаслушэнства і бунту. А што да чырвоных, то Васіль Бусыга спакойны на гэты конт: паляк не адзін – за яго спіною Францыя і Ангелька стаяць. Не – адспявалі сваю песню бальшавікі. Але клопату нарабіць яны яшчэ могуць, тым болей што да войтавых вушэй даходзяць чуткі: па лясах бадзяюцца цёмныя людзі, змаўляюцца, да чагось рыхтуюцца і на нешта наважваюцца. Засцярога тут не пашкодзіць. I няма нічога дзіўнага, што начальніцтва не такая ўжо простая рэч, як гэта можа здаецца каму збоку.

У першую чаргу трэба за дзеда Талаша ўзяцца.

З аднаго боку і добра, што Талашова хата стаіць наводшыбе: кожны, хто ідзе туды або адтуль, заметней у вочы кідаецца. Але ёсць тут і нязручнасць адна: калі ты сам будзеш каля яе пакручвацца, то таксама будзеш у вочы кідацца. Прыглядаючыся сяды-тады да Талашовай хаты, Васіль Бусыга заўважыў, што Панас час ад часу адлучаецца з дому. Цікава – куды ён ходзіць? Дагадваецца войт, што Панас і ёсць той ключ, якім можна адамкнуць месца туляння дзеда Талаша. З Панаса і трэба пачынаць, але як? Даручыць хіба каму прасачыць, прыставіць спецыяльнага чалавека? Войт памеркаваў і знайшоў гэты спосаб нязручным; і рызыкоўна замешваць сюды трэціх асоб: трэція асобы лішнія сведкі супраць яго самога. I затым няма ўпэўненасці, што ўсё гэта застанецца ў сакрэце. Васіль Бусыга спыніўся на новым плане. Ён даложыць куды трэба, даложыць, як і праз каго можна даведацца пра дзеда Талаша, а там няхай дапытваюцца самі. I сена будзе цэла, і козы будуць сыты.

Напярэдадні таго дня, калі Панас меўся спаткацца з бацькам пад тоўстым дубам каля Сухога поля, сярод ночы раптам пачуўся стук у дзверы Талашовай хаты. Першая прахапілася бабка Наста. У трывозе падняла галаву, прыслухалася. Стук паўтарыўся з большаю сілаю і настойлівасцю.

– Ой, хто ж гэта стукае? – голасам, поўным страху, азвалася бабка Наста.

Максім, накінуўшы кажух, босы выбег у сені.

– Хто там?

– Адчыняй! – уладна і сярдзіта закамандаваў хтось з двара.

– А хто там? – дапытваўся Максім.

– Адчыні, Максім: гэта – паны, «польская ўлада».

Максім у гэтым голасе пазнаў суседа Мікіту Цэлеха і адсунуў засаў.

Некалькі пар ног загрукала ў сенях і разам з адчыненымі дзвярамі ў хату ўварваўся цэлы пук белага святла. Адкормлены, рыжавусы, таўстаморды чалавек зверскага віду трымаў у руках электрычны ліхтарык, асвятляючы хату і яе ўбогую абстаноўку. Максім запаліў газоўку. Чорныя цені, здавалася, яшчэ шчыльней нагусціліся каля сцен і па кутках нізенькай хаткі. Асмялеўшыя ўночы прусакі тлумна падаліся бліжэй да печы, хаваючыся ў шчылінах. Відаць, і іх напалохаў гэты страшны пан сваім электрычным ліхтарыкам. Нечаканых гасцей было чацвёра: трое палякаў у вайсковай форме, а чацвёрты Мікіта Цэлех, узяты за панятога.

Бабка Наста, трасучыся як у ліхаманцы, нацягнула на сябе дзяружку і пужлівым недаўменным поглядам азірала невядомых вайскоўцаў. Панас ляжаў нерухліва, агорнуты цёмным неакрэсленым страхам.

– Хто начуе тут? – запытаў рыжавусы. Пытанне было такое недарэчнае, такое неспадзяванае, што ніхто не патрапіў у першую хвіліну знайсці на яго адказ.

– Хто начуе тут? – не адступаўся рыжавусы. Гэты перапалох і страх, здавалася, яшчэ болей надаваў рыжаму пыху.

– Усе... свае,– заікаючыся ад страху, падаў голас Максім. А ў гэты час другі, юркі і віхлявы, таксама запаліў ліхтарык і свяціў ім па хаце, заглядаючы на печ, у запечак і пад палок. Трэці стаяў моўчкі і нерухома наглядаў і слухаў.

– Усе начуюць? – перапытаў Максіма той жа рыжавусы. I ніхто ў хаце не азваўся.

Тады рыжавусы падышоў да Панасавага берлажка і штурхануў яго кулаком у плячук.

– Ну, ты... падымайся! – закамандаваў ён. Панас пакорна прысеў на пасцелі.

– Ты хадзіў да бацькі на забачэнне?

Як нажом, разанула Панаса гэта запытанне. У галаве борзда-борзда замітусіліся думкі. Раз ён так пытае, то, значыць, ведае, што ён, Панас, хадзіў да бацькі.

Першыя прыступы страху прайшлі.

– Хадзіў! – цвёрда, пасля кароткага маўчання адказаў Панас.

Рыжавусы пахваліў яго за праўдзівасць і запытаў ужо болей лагодна:

– А дзе ест твой ойцец?

– Не ведаю.

Рыжавусы паглядзеў на Панаса строга, галавою паківаў.

– Як-то не ведаеш? А ты ж сёння ўдзень ладзіўся ісці да бацькі?.. Ну?

Што было казаць Панасу? Праўда, ён збіраўся да бацькі. Але ў Панаса мільгнула думка, ці не бярэ яго на хітрыкі гэты рыжы д'ябал. Ён у сваю чаргу таксама кідаецца на хітрасць.

– Удзень я да бацькі не хаджу.

– Брэшаш! – прыкрыкнуў рыжавусы.– А куды ж ты ўдзень ходзіш? – Ён думаў, што падлавіў Панаса, а Панас цвёрда адказаў:

– Хаджу на балота гучкі і вецце рэзаць, худобу карміць. У нас забралі сена.

Гэты адказ збіў з тропу рыжавусага.

– А што табе казаў бацька?

– Казаў, каб я да яго болей не хадзіў.

– А дзе ты сустракаўся з бацькам?

– У лесе.

– Аб чым жа вы гаварылі?

– Аб усім: пра худобу, пра корм...

– А яшчэ што казаў бацька?

– Казаў, што да вясны ён дадому не вернецца.

– Брэшаш, лайдак! – загрымеў рыжавусы.

– Паночку! – падаў голас Максім. – Бацька наш стары. Яму семдзесят гадоў. Пагарачыўся, сам страху набраўся, а цяпер баіцца дома паказацца.

– Го-о, пся маць! баіцца!.. А бальшавік чаму стаяў тут на кватэры?

I, яшчэ болей павысіўшы тон, кінуў у твар Максіму:

– Дзе стары пёс?

Бабка Наста кулём скацілася з печы і бухнула ў ногі рыжаму пану.

– А паночак, а залаценькі! А за што ж на нас напасць такая? Апошняе сена забралі, худоба з голаду дохне. Стары з дому збег. А ён жа не вінаваты. Яго білі, штурхалі... А за што ж вы калоціце нас?

Рыжавусы зняважліва павярнуў з вышыні свайго пыху разбойніцкую морду ў бок бабкі Насты, і на гэтай мордзе адбілася пагардлівасць. Нічога не сказаў, як бы бабка Наста і не заслугоўвала таго, каб азвацца да яе, і калі яна зноў стала маліць яго, ён крыкнуў:

– Мільч!

А потым спакойна і жорстка закончыў свой візіт.

– Ну, хлопча, – павярнуўся да Панаса, – збірайся! – А калі выходзілі з хаты і вялі Панаса, сказаў цвёрда і выразна:

– Пшыдзе до нас ойцец – бэндзе мял волю хлопак!



IX[правіць]

Дзед Талаш і Мартын Рыль, расказаўшы адзін аднаму аб сваіх прыгодах, сталі радзіцца, што рабіць далей і куды ісці. Дзеда непакоіла думка аб доме, аб Панасе. I пытанне, чаму не прыйшоў Панас, стаяла перад ім у трывожнай і цёмнай зацятасці. Яно выклікала непакой у дзедавым сэрцы і клалася цяжкім каменем на яго старыя плечы.

Мартын Рыль таксама думаў аб сваім доме, аб жонцы і дзецях, аб сваёй гаспадарцы. Аднаму і другому трэба было на нешта наважыцца, выясніць сваё становішча, пазбавіцца гэтай няпэўнасці.

Мартын Рыль сустракаўся з рознымі людзьмі, і людзі расказвалі аб жорсткасцях польскай ваеншчыны, аб яе бязлітасных учынках. А гэта жорсткасць выклікала агульнае абурэнне там, дзе панская ўлада заводзіць свае парадкі, дзе яна асабліва жорстка ставіцца да беднаты, да асоб, замечаных у бальшавіцкай рэвалюцыі. Гэта абурэнне супраць паноў і польскай ваеншчыны месцамі вылівалася ў паўстанне, і палякі прыкладаюць усе намаганні, каб выкараніць дух непакоры. А гэты выпадак з раззбраеннем польскага канвоя, дзе браў удзел Мартын Рыль, яшчэ болей раз'ярыць іх злосць і змусіць іх стаць на шлях пільнасці, помсты і бязлітаснай расправы з тымі, хто пападаў пад іх падазрэнне. Слухаў дзед Талаш і тросся ад злосці на паноў, на польскую ваеншчыну, на несправядлівасць. Гэта нянавісць і злосць агнём расцякалася па яго жылах і поўніла ўсе закарвашкі яго душы. Слоў не знаходзіў дзед Талаш, каб выказаць усю гэту навалу свайго абурэння і нянавісці да акупантаў.

– Рэзаць, сеч, паліць іх, гадаў, на агні.

Але стан рэчаў быў такі, што трэба трымаць вуха востра, каб не папасціся бязглузда ў панскія рукі.

Вепры, дзе жыў Мартын Рыль, былі па дарозе на дзедаву вёску. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетраў чатыры. Удвух ім было весялей і зручней, асабліва калі прыняць пад увагу Мартынаў карабін. Вось чаму яны і выбралі такі план: зайсці да дзеда Талаша, даведацца, як і што, зрабіць там папаску і паначаваць, калі льга будзе. А ўжо там відаць будзе лепей, што рабіць далей. Скрозь цемру ночы і змрочнасць лясоў, па глухіх дарожках і тропках, накіраваліся яны, два ізгоі, у бок сваіх вёсак.

Не даходзячы кіламетра паўтара да вёскі, яны абагнулі балотца, што падыходзіла да самай вёскі, зрабілі значны круг і павольна пасунуліся да Талашовай хаты, запыняючыся і прыслухоўваючыся.

Была ўжо ноч, глыбокая ноч, зацятая ў сваёй прытоенай маўклівасці. Сям-там па хатах блішчалі цьмяныя бляскі агеньчыкаў, маркотна-журботныя ў сваёй адзіноце. На процілеглым канцы вёскі гучна разліваўся сабачы брэх у пустой цемрадзі задворкаў. Гэтая пустата і зацятасць зімняй цішыні надавала афарбоўку нейкай асаблівай распачлівасці заложнаму гаўканню кімся патрывожанага сабакі. Хвіліны праз дзве пачалі далучацца галасы другіх сабак, тонкія і прарэзлівыя, тоўстыя і болей паважныя. Дайшоўшы да круглай плошчы, сабачы гармідар суняўся, пачаў заціхаць, і, нарэшце, тая ж цішыня зноў непарушна агарнула вёску.

Дзед Талаш і яго спадарожнік прыпыніліся і стаялі моўчкі, пакуль не ўлёгся брэх сабак. Стаялі яны ў хмызнячку, адкуль няясна вырысоўваўся з мроку чорны ком дзедавых будынкаў.

– Пастой жа, голубе, тут, а я пайду даведаюся, як там і што, і дам табе знак.

Мартын астаўся ў хмызняку, а дзед Талаш знік з вачэй, расплыўся ў цемрадзі. Ён асцярожна падышоў да нізкага акенца свае хаты, паслухаў і ціхенька пастукаў у мёрзлую шыбу. Бабка Наста не спала, гаруючы аб Панасе і аб дзеду Талашу.

Гэты нясмелы засцярожлівы стук моцна ўразіў бабку і прымусіў забіцца яе сэрца: такі стук яна чула ўжо не адзін раз за доўгія часы сумеснага жыцця з сваім старым. Яна борздзенька, наколькі дазваляла ёй старасць, падбегла да акна і таксама ціха пастукала. Трохразовы ціхі стук у адказ ёй зноў пачуўся з двара.

У бабкі Насты сумненняў больш не заставалася. Накінула на плечы кажушок, уступалася ў шлапакі, на хаду раскатурхала Максіма.

– Бацька прыйшоў! – і кінулася адчыняць дзверы, стараючыся не рабіць шуму.

Пераступіўшы парог свае хаты, Талаш спыніўся.

–Што чуваць? – запытаў бабку Насту.

Момант памаўчала бабка Наста.

– Панаса забралі палякі, – глуха адказала яна.

У дзеда Талаша задрыжалі рукі і ногі, і востры боль падкаціўся к самаму сэрцу.

– Калі забралі?

– Учора ўночы. Уварваліся ў хату, трэслі, калацілі нас. Дапытваліся, дзе ты.

– А чаму ж яго забралі?

– Падказаў нехта, што ён да цябе хадзіў у лес,– адказаў Максім, адзеўшыся на скорую руку.

– Усё дапытваліся, дзе ты, – тлумачыла бабка Наста.

Яна не адважвалася сказаць страшную праўду: Панаса выпусцяць тады, калі да іх прыйдзе бацька. Пуста стала ў дзедавай душы. Маўклівасць, цемра і смутак запаўнялі хату.

Бабка Наста пачала шворыцца ў пячурцы, каб запаліць газоўку.

– Завесь наўперад вокны, – ціха заўважыў стары Талаш.

Бадзянне і тулянне па лясах зрабілі яго асцярожным.

– Са мною Мартын Рыль. У хмызняку астаўся. Туляецца, як і я. Пайду клікну яго. А ты, Максім, пакаравуль на дварэ.

У хаце засталася адна бабка Наста. Яна шчыльна пазавешвала вокны, разлажыла на прыпечку агонь, каб згатаваць вячэру неспадзяваным гасцям. Яе агортваў страх: а што, калі прыйдуць палякі? Гэты страх не пакідаў яе ўвесь час, покі ў хаце заставаўся дзед Талаш і Мартын Рыль.

А яны сядзелі за сталом і вячэралі.

Весць аб арышце Панаса глыбока ўсхвалявала дзеда Талаша. Ён сядзеў пануры, нахмурыўшы свой маршчыністы лоб, і думаў.

– Адзін спосаб выбавіць Панаса, – ціха, разважліва сказаў ён, –самому аддацца ў іх рукі. Для гэтага ж яны так і зрабілі.

Бабка Наста цяжка ўздыхнула, пацвярджаючы гэту горкую праўду.

На хвіліну цяжкая цішыня працяла хату.

– Ёсць і другі спосаб вызваліць хлопца, – парушыў цішыню Мартын Рыль, – аб ім і трэба падумаць.

Дзед Талаш раптам ажывіўся.

– Праўда твая, Мартын! – і дзед Талаш парывіста патрос Рыля за плечукі, – але скажы, як гэта зрабіць?

– Падумаць трэба, – ухіліўся Мартын ад простага адказу, але, відаць, у галаве яго быў нейкі план.

– Ведаеш, дзядзька Рыгор, – падняў ён вочы на дзеда Талаша, – заяўляцца да іх не трэба. I да каго заяўляцца? Да гэтых прахвостаў? Пасадзяць самога, а хлопца выпусцяць ці не выпусцяць, невядома. Няможна ім, паганцам, веры даваць. Пайсці – гэта значыць пакарыцца ім. А скула ім у бок!

– Вось жа і я так мяркую, голубе... эге ж! Ці так, ці сяк, а жыць нам спакойна не дадуць... Ні ты, ні я аставацца дома не можам.

Панізіўшы голас, шэптам дзед сказаў з узрушэннем:

– У лес трэба перабірацца, ды не сядзець там, злажыўшы рукі, ды не пазіраць спакойна збоку, як яны тут гаспадараць і распараджаюцца намі.

Ні дзед Талаш, ні Мартын Рыль не дагаворвалі сваіх думак да канца, але разумелі адзін аднаго вельмі добра.

– Нічога іншага не астаецца нам, дзядзька Рыгор.

– Эх, стрэльбы добрай няма ў мяне! – пажалкаваў дзед Талаш.

Рыль прамаўчаў: ён трошкі адчуваў сябе як бы вінаватым перад дзедам Талашом, што ў яго такі хвацкі карабін, з якога можна выпаліць сем разоў у адзін захад.

– Але я здабуду сабе стрэльбу, добрую, настаяшчую, – і дзед Талаш прыціснуў кулаком стол. I, трошкі памаўчаўшы, прамовіў, як бы адказваючы на свае думкі:

– Але аднае стрэльбы яшчэ мала... мала, браце, аднае нават добрае стрэльбы!

– Праўда, – кіўнуў галавою Мартын.

У хату ўвайшоў Максім.

– Ціха і спакойна, – далажыў ён.

Параіліся мужчыны. Стомленасць хіліла іх да думкі заначаваць тут з тым, каб заўтра досвіткам павандраваць куды-небудзь далей. Так і зрабілі.

Максім зноў заняў сваю варту, а дзед Талаш і Мартын Рыль прыляглі не раздзеючыся.

Хоць і стомлены быў дзед Талаш, але заснуў не адразу. Пагутарыў трохі з бабкаю Настаю, а потым у самоце думаў аб Панасе, аб яго вызваленні з панскай няволі і яшчэ аб тым, як здабыць сабе добрую стрэльбу. Дзедава фантазія трохі разгулялася і свавольна пераходзіла межы рэальных магчымасцей. А потым заснуў моцным сном.

Досвіткам пакінулі хату, падаліся ў лясныя пушчы. Лес і нетры палескіх балот стануць цяпер іх прыпынішчам і домам.



X[правіць]

Нерухома стаяў густы амярцвелы лес, шчыльна прытуліўшы верхавіны да верхавін, пераплёўшы галіны, акрыўшыся белымі шатамі крохкай, шапаткой шэрані. Ні звер, ні чалавек, ні птушка не парушалі яго ранішняга зімняга спакою. Толькі дзесь у гушчары галін суха палускваў мароз, пераскакваючы з дрэва на дрэва. Пачынала святлець. З мроку вырысоўваліся стромкія камлі асін, каржакаватыя дубы, шурпатыя крывыя бярозы, а паміж іх выступалі, як пачварныя дзяды, зломаныя бураю высокія расшчэпленыя абломкі дрэў і спілованыя пні з белымі круглымі шапкамі, з завостранымі вярхамі, ды белымі капцамі раскідаліся па лесе прыгожа скругленыя снежныя курганкі. Працяты марозам снег хрустка скрыпеў пад нагамі дзеда Талаша і грамознага Мартына Рыля. Ішлі яны не спяшаючыся, выбіраючы найболей глухія лясныя дарожкі і сцежкі, абыходзячы небяспечныя мясціны. Ішлі моўчкі, углыбіўшыся ў свае самотныя думкі.

Дзед Талаш – чалавек пераважна замкнуты. Сваімі думкамі не з кожным падзеліцца і думае іх спакваля, грунтоўна, асабліва калі справа ходзіць аб важных рэчах, і планы свае выношвае доўга. Але ўжо калі на што наважыцца, то не адступіцца, покі не дойдзе свайго. Так вось і цяпер. Вынасіў дзед Талаш, як маці дзіця, сваю неспакойную думку. Наўперад мільгала яна цьмяна і нясмела, але патроху ўсё болей і болей акрэслівалася, часцей і часцей турбавала дзедаву галаву, прымала рэальную форму і настырней патрабавала свайго выяўлення ў практычным дзеянні. А гэтай акалічнасці рашуча паспрыяла здарэнне з яго Панасам. Прыспела патрэба пагаварыць аб ёй з жывым чалавекам, з такім, хто зразумеў бы яго і прыйшоў бы яму на дапамогу, бо дзедава думка была такая, што вымагала дапамогі адважных людзей.

– Як ты мяркуеш, Мартыне, – парушыў маўклівасць дзед Талаш, пачаўшы трохі здалёку,– ці можна падабраць добрых хлопцаў... ну, на манер невялічкага войска?

Мартын Рыль зірнуў на дзеда Талаша. Ён дагадваецца, куды гне стары. Яму цікава ведаць, як мысліць сабе гэту справу дзед Талаш.

– Пашукаўшы, людзей знойдзеш, – упэўнена гудзе ён і дадае: – ды вось ты і я – ужо нас двое.

– Эге ж! – азываецца дзед Талаш, а вочы яго пазіраюць кудысь углыб.

– Людзі, дзядзька Рыгор, ёсць. Пазбіраць іх толькі трэба ды на добрую дарогу наставіць, ды даць ім добрага камандзіра.

– Вось я, голубе, і думаю пра гэта.

Яны прымаўкаюць, думаюць. Мартын чакае, покі дзед выкажацца да канца.

– Калі будуць людзі, то чалавек, хто пакамандаваў бы імі, знойдзецца.

– Часамі адзін чалавек даражэй за цэлыя дзесяткі людзей.

– Эге ж!.. але адзін чалавек без грамады – малая сіла.

Зноў прыціхлі на кароткі час.

– А ці чуў ты, – пытае дзед, – што па лясах зброя схавана з нямецкай вайны, калі салдаты фронт пакідалі?

– Ходзяць такія чуткі... Напэўна ёсць... Кажуць, і кулямёты прыхаваныя ёсць... Ды шмат яе і паразбіралі, па дварах хаваюць.

– Калі б сабраць людзей, – дзед сваю думку праводзіць,– то і зброя знайшлася б.

Змяніўшы і знізіўшы тон, ён прыступае да самага важнага моманту свае гутаркі.

– Чуй, голубе! Бадзяемся мы, як непрыкаяныя, туляемся, як прусакі па шчылінах, у сваю хату, як злодзеі, крадземся. А што мы зрабілі? У чым наша віна? За што ж будуць калаціць і трэсці нас? За што?

– Пачакай, дзядзька Рыгор, прыйдзе вясна, загойдаецца дрыгва на балотах, загудзе лес, ды так загудзе, як ён яшчэ ніколі не гуў.

– Але ж само яно не зробіцца, Мартын.

I, панізіўшы голас да шэпту, дзед Талаш нутраным крыкам, што ішоў з глыбіні набалелага сэрца, гаворыць далей:

– Давай, Мартын, за работу возьмемся.

– Ну што ж? Я згодзен, толькі не ведаю, што дзядзька надумаўся.

– Народ збіраць, бухторыць яго на вялікае рушэнне супраць катаў, гвалтаўнікоў. Чаго мы цярпець будзем, навошта спадзявацца? Чакаць, покі нас пераловяць па адным? Бо што такое мы, параскіданыя па адным? Пыл, сухі ліст, што вецер ганяе па полі. I першае, што я хачу зрабіць і ў чым прашу твае дапамогі, – мой Панас. Дзіця ж ён яшчэ, – дзедаў голас задрыжаў. – За што ж ён пакутуе? Я не буду мець спакою, не адступлюся, хоць галаву палажу, покі не вырву з іх паганых рук Панаса. А як вызваліць яго? Сілаю! Людзі патрэбны. Хоць бы дзесятак адважных абаружаных людзей. Я пайду шукаць гэтых людзей, але шукай іх і ты. I Божа цябе барані расказаць аб гэтым ворагу! Я пракляну цябе праклёнам бацькі, і ты згінеш!

Мартын зірнуў на дзеда Талаша і адчуў мімавольны страх. Дзед Талаш гаварыў не на вецер. Вочы яго гарэлі неспакойным злавесным агнём і зачароўвалі Мартына, адбіралі яго волю.

– Дзядзька Рыгор! за пяць чалавек я ручаюся, знайду іх. Скажы толькі, дзе знайсці цябе і калі.

Дзед Талаш ссунуў з ілба шапку, нібы яна замінала яму думаць, нахмурыў бровы, вочы яго зноў уставіліся ў неакрэсленыя прасторы, як бы аглядаючы хвалі падзей у гэтыя бліжэйшыя дні, і пасля кароткага разважання сказаў:

– Адлічы ад сённяшняй раніцы роўна тры дні. У трэці дзень, калі добра змеркнецца, будзь на Доўгім Бродзе і чакай, покі не завые воўк: гэта буду выць я (дзед Талаш умеў вельмі добра выць па-воўчы). Я завыю тры разы з перапынкамі. Вось як ты знойдзеш мяне. Запамятай жа гэта цвёрда.

– З сённяшняй раніцы адлічыць роўна тры дні. На трэці дзень, калі добра сцямнее, быць на Доўгім Бродзе і чакаць, покі завые воўк. Воўк будзе выць тры разы з перапынкамі, і тады я падыду да дзядзькі.

– Эге, так! – пацвердзіў дзед Талаш і зірнуў доўгім выпрабоўваючым поглядам у вочы Мартыну Рылю. Мартын таксама глянуў у дзедавы цёмныя вочы, адчуваючы іх уладу над сабою, і потым мімаволі апусціў свае вочы.

– Чаго, дзядзька, так пазіраеш на мяне?

– Хачу ўпэўніцца ў табе, і вочы твае мне кажуць, што ты не лжэш.

Мартын моўчкі кіўнуў галавою.

– А калі я не пачую, як вые воўк каля Доўгага Броду? – запытаў ён.

– Тады чакай мяне дома. Я найду цябе, калі я не спраўлюся за гэты час.

– Добра.

– Ну, голубе, бывай здаровы і шчаслівы. Будзь асцярожны, бо цябе ўжо можа шукаюць. Я буду спадзявацца на цябе. Ідзі ж даведайся, што ў цябе дома. I памятай, аб чым гаварылі мы. Дык трэці дзень у змярканні... Доўгі Брод. Вые воўк.

Мартыну рабілася не па сабе, калі ён слухаў гэтыя словы і цвёрды голас старога Талаша. Дзед крэпка, як кляшчамі, сціснуў ручышчу свайго спадарожніка і змоўніка. Ён гэтым даваў яму знаць, якая сіла захавана яшчэ ў цвёрдай і жорсткай старой руцэ.

I ўжо трошкі счакаўшы, калі прысадзістая постаць дзеда Талаша загубілася між шурпатых камлёў, Мартын сам сабе падумаў: «Куды ён пайшоў? Чаму я не запытаўся ў яго?»



XI[правіць]

Дзед Талаш ізноў адзін і ў паходзе. Ідзе ён ляснымі нетрамі, цёмнымі пушчамі, ідзе з акрэсленаю мэтаю. Дзеду трэба знайсці тую часць чырвонага войска, камандзір якога стаяў у яго на кватэры.

План дзедаў просты: перайсці на лінію Чырвонай Арміі. А там ён распытаецца, дзе знаходзіцца камандзір батальёна, што стаяў у іх вёсцы,– дзед назаве гэту вёску. На шчасце, ён ведаў і прозвішча камбата – Шалёхін. Дзед раскажа яму сваю бяду, сваё бацькоўскае гора. Таксама раскажа і пра белапольскае войска – аб ім сёе-тое ведаў дзед Талаш, ведаў некаторыя пункты, дзе яно стаіць, і шмат ведае аб паводзінах польскіх легіянераў і іх афіцэраў. Хіба гэтыя весці не будуць цікавы для камандзіра войска? I на большае пойдзе дзед Талаш: ён пасуліць свае паслугі быць разведчыкам, збіраць патрэбныя весці аб размяшчэнні легіёнаў. Хто, як не ён, пакажа дарогі ў лясах і праходы ў балотах? А самае важнае, што скажа дзед Талаш, гэта тое, што ён мае намер і ўжо робіць першыя крокі ў гэтым кірунку – падняць паўстанне супраць лютага ворага сярод шырокіх пластоў працоўнага сялянства. А чаго ж патрабуе для сябе за гэта дзед Талаш? Ён будзе прасіць камандзіра даць яму хоць з дзесятак смелых ахвотнікаў-чырвонаармейцаў, каб зрабіць нечаканы раптоўны напад на павятовага «камісаржа», на астрог, дзе пакутуе яго зняволены Панас. I яшчэ чаго папросіць для сябе дзед Талаш, гэта – добрую настаяшчую салдацкую стрэльбу. Калі пашанцуе адбіць яе ў палякаў, то ён верне назад пазычаную стрэльбу. Ён раскажа камандзіру і пра свой план нападу – гэты план смелы і просты, і страты ў людзях не будзе... Няўжо ж ён не схіліць на свой бок камандзіра?

Вось з якімі думкамі ішоў дзед Талаш праз лясныя нетры і пушчы.

Дзед Талаш прайшоў ужо большую частку дарогі. Заставалася яшчэ кіламетраў з шэсць, каб выйсці на Гудароў лог. За гэтым логам стаіць вёска Высокая Рудня, занятая чырвонымі. У гэту вёску і накіроўваецца дзед Талаш.

Доўгая і трудная хада без дарог па лесе прытаміла дзеда Талаша. Прыпыніўся пад тоўстым дрэвам, змёў рукавіцаю сухі снег з гладкага пня і прысеў адпачыць і зрабіць папаску, бо дзеду хацелася есці. Зняў з-за плячэй стрэльбу, паляўнічую торбу, куды бабка Наста рупліваю рукою палажыла паўбахана хлеба і кавалак гужавога сала. Заціснуў дзед стрэльбу між ног, адрэзаў гамёлку хлеба і сала і сілкуецца. Скончыў дзед сваё снеданне і дастаў курэцкія прылады – па ядзе добра і закурыць. Але глухі шолах у лесе прымусіў дзеда прыслухацца і разгледзецца. I бачыць дзед Талаш – вялізны дзікі кабан павольна выходзіць з ляснога гушчару і брыдзе па чэрава ў снезе, не зважаючы на дзеда. Кабан падыходзіць да прыгожага, як бы вытачанага рукою здольнага майстра, стажка-мурашніка, акуратна і роўна прысыпанага снегам, і запыняецца. А потым пачынае разрываць яго сваім страшным ікластым лычом. Кожны рух магутнага лыча высока ўскідае ўгору камякі снегу разам з смеццем, нанесеным мурашкамі за цэлыя гады ўпартай працы. I хутка дзве цёмныя боразны вырысоўваюцца на чыстым някранутым снезе. Кабан рые павольна і заложна, усё болей і болей углыбляючыся ў зямлю. Дзед Талаш нерухліва і з вялікай цікавасцю наглядае за кабаном. А кабан ад яго – крокаў сорак-пяцьдзесят і так захапіўся работаю, што нічога не бачыць і не чуе, як не бачыць і не чуе дзед Талаш, што з такога ж гушчару выкрадаецца воўк і таксама наглядае за вепрам. I толькі тады заўважыў дзед воўка, калі ён падкраўся да кабана крокаў на пятнаццаць, а ў кабана была відаць толькі адна спіна. Яшчэ большае дзіва ўзяло дзеда Талаша. Што ж гэта за праява? I яшчэ з большаю цікавасцю глядзіць, што будзе далей. У меру таго як вепр глыбей зарываўся ў зямлю, набліжаўся да яго асцярожна, як злодзей, і воўк. I раптам, падкраўшыся зусім блізка, маланкаю кідаецца на вепра і хватае яго зубамі за чэрава знізу і з такою ж быстрынёю адскаквае ад яго. Вепр дзіка рохкнуў, выскачыў з рову і ўпаў на снег з разарваным жыватом і з выпаўшымі вантробамі, б'ючыся ў страшнай перадсмяротнай агоніі. А воўк стаіць зводдаль і прагавітымі вачыма смакуе ўжо сваю багатую спажыву.

Такой раптоўнай і неспадзяванай развязкі ніяк не чакаў дзед Талаш, і яго чалавечы пачутак быў глыбока ўзрушан гэтым драпежніцкім воўчым учынкам. Прылажыўся дзед Талаш, і гулкі стрэл здрыгануў лясную глухмень, і трыумфуючы воўк таксама падскочыў угору і асунуўся, як мяшок, уткнуўся носам у акрываўлены снег.

Вялікае маральнае задаваленне адчуў дзед Талаш пасля гэтага ўдалага стрэлу, і першае, што мільгнула ў яго свядомасці, была мысль аб справядлівай адплаце. I раптам дзед сам азірнуўся, як бы яго нешта ўкалола: гэта злучэнне падзей толькі што адбытай у глухім лесе драмы, дзе ён і сам прыняў удзел як караючая рука справядлівага прысуду, у момант выклікала ў ім думку, ці не глядзяць і за ім чые-небудзь ліхія вочы. Але ў лесе было ціха і спакойна. Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу, усыпаў шчодрую порцыю пораху і на гэты раз залажыў у рулю круглую алавяную кулю, і толькі тады падышоў ён да разрытага мурашніка, дзе ляжаў растрыбушаны воўкам агромністы кабан з страшнымі выгнутымі трохкантовымі ікламі і забіты дзедам вялікі хударлявы воўк. Уся гэта праява і сцэна набывалі ў дзедавых вачах значэнне нейкага жыццёвага філасофскага сімвала, і толькі цяпер успомніў ён пра сотні тысяч маленькіх, спачатку не ўзятых ім пад увагу, мурашак. Іх тут і не відаць. Яны глыбока запаўзлі ў. падземныя норы. Яны можа і не чулі, што сталася з іх домам. I толькі вясною, калі сыдзе снег, а ад воўка і вепра астануцца адны голыя косці, угледзяцца яны і ўбачаць барбарскае разбурэнне свайго гнязда і дружнаю грамадою, не гаруючы многа, возьмуцца за адбудову свайго разбуранага котлішча, над якім упарта працавалі яны на працягу цэлага рада летніх сезонаў. Задумаўся дзед і сам сабе паківаў галавою – цікавыя бываюць на свеце праявы.

Але яго філасофскі настрой змяніўся практычнымі разважаннямі. I кабан і воўк – каштоўны здабытак. З воўка можна злупіць скуру, а кабана разабраць і даставіць дадому – колькі было б спажытку! Дзед задумаўся на другі лад... Эх, няма калі гэтым займацца! Але ў галаве яго на скорую руку з’явілася новая думка: садраць з воўка скуру, покі ён не акачанеў, – гэта будзе дзедаў трафей, а кабана спрэзентаваць чырвоным байцам. Гэта думка неблагая. I ён жыва ўзяўся за работу. Садраў з воўка скуру, вымыў у снезе рукі, выцер іх аб полы кажушка, злажыў скуру, закінуў яе на плячо і важна, як шчаслівы паляўнічы, павандраваў далей, беручы кірунак на Высокую Рудню.

Нарэшце лес кончыўся. Дзед выйшаў з лесу і запыніўся, каб разгледзецца. Перад ім рассцілалася круглае поле, атуленае высокаю сцяною лесу, а з сярэдзіны поля выступала вёска белымі стрэхамі хат, шчуплымі постацямі высокіх клёнаў і вязаў, клунямі і ветракамі на выгане. Ад высокай сцяны лесу адлучаўся цэлы ярус густога нізкарослага хмызу.

Дзед уважна акінуў вокам хмыз. Чалавечая постаць мільгнула ўскрай хмызу і схавалася. Зоркія дзедавы вочы разгледзелі ў ёй вайскоўца, толькі дзед не разабраў, свой гэта ці чужы. На ўсякі выпадак дзед падаўся трохі назад, бліжэй к лесу, і раптам пачуў грозны вокліч:

– Стой! Хто ідзе?

Дзед запыніўся. Голас і словы заспакоілі яго, і ён быў узрадаван спатканнем з чырвонаармейцам, бо гэта палягчала яго задачу.

– Свой! – азваўся дзед Талаш.

З хмызу высунулася фігура маладога чырвонаармейца са стрэльбаю, з патроннаю сумкаю за поясам з аднаго боку і з параю гранат з другога. Від яго быў даволі грозны, хоць гэта грознасць не зусім пасавала з яго лагоднымі шэрымі вачыма, якімі ён акінуў дзеда Талаша і яго трафей, звісаўшы з пляча чуць не да самых пят і прыдаваўшы дзеду выгляд першабытнага чалавека.

– Дакумент! – кінуў чырвонаармеец.

– А які, голубе, можа быць дакумент у такога бадзягі, як я? Я не тутэйшы: ад палякаў хаваюся. Хто ж мне дасць дакумент?

– А куды ідзеш? – усё яшчэ афіцыяльным тонам распытвае чырвонаармеец.

– Да вас, таварыш, іду, да чырвоных. Спецыяльна.

Дзед Талаш сам адчуваў, што ён гаворыць добра, асабліва вось гэта «спецыяльна». Чырвонаармеец бачыць – чалавек цікавы, ад якога можна сёе-тое праведаць.

– Я зараз выклічу начальніка заставы. У нас такі парадак.

Рэзкі свісток вострымі тонкімі хвалямі расплываецца ў хмызе і заціхае.

Некаторы час яны слухаюць, маўчаць і чакаюць. Чырвонаармеец думае, што ён даложыць пра дзеда начальніку заставы, і калі ў хмызе заківалася яго постаць, чырвонаармеец паказаў вачыма на скуру воўка.

– Воўка ўпаляваў? – запытаў дзеда.

Дзед ведаў, што пра гэтую скуру яму прыйдзецца расказаць цэлую гісторыю, але з прычыны таго, што яго аўдыторыя складаецца з аднаго толькі слухача, а часу ў яго няма, бо падыходзіць начальнік заставы, дзед абмяжоўваецца кароткім адказам:

– Эге ж!

Начальнік заставы, загартаваны ў вайне і ўжо не першай маладосці чалавек з абветраным тварам, поглядам ваеннага чалавека акінуў дзеда Талаша з галавы да ног, даўжэй запыніўшыся на воўчай скуры.

Чырвонаармеец далажыў:

– Не мае дакументаў. Заяўляе, што ідзе з польскага боку спецыяльна да чырвоных...

Начальнік заставы яшчэ ўважлівей зірнуў на дзеда Талаша.

– Што прымусіла цябе, айцец, ісці да нас?

– Няможна стала мне жыць дома, таварыш начальнік, па лясах туляюся: мяне ловяць палякі.

– За што?

– Ды вось, таварыш начальнік, прыехалі яны забіраць маё апошняе сена. Прасіў, маліў іх, а яны яшчэ і штурхаць пачалі мяне. Ну, я і раззлаваўея і кінуўся на іх з сякерай. Каб не сын, дык засек бы каторага гада. Яны і наваліліся на мяне, звязаць хацелі. А было іх трое салдат. Вырваўся я і ў лес уцёк. Стралялі нават у мяне з рэвальвераў. Вось і пачалі помсціцца, чапляцца, што ў мяне бальшавік на кватэры стаяў, камандзір. Майго сына недалетка заарыштавалі як заложніка, каб я сам да іх прыйшоў. Я, таварышы, нясу да вас бяду маю і гора... Надумаўся знайсці камандзіра, што стаяў у мяне на кватэры... Ён знае мяне...

– А з якога ты сяла?

Дзед Талаш назваў сваю вёску.

– А які камандзір стаяў у вас на кватэры?

– Так што камандзір таварыш Шалёхін, – крыху на стары салдацкі манер адказаў дзед Талаш.

Чырвонаармеец і начальнік заставы зірнулі адзін на аднаго. Дзедаў адказ адвёў падазронасць ад яго асобы.

– А скуль гэта воўчая скура? – пацікавіўся начальнік заставы.

Дзед расказаў гісторыю пра вепра і воўка і закончыў яе так:

– Я, таварышы, рашыў падараваць вепра вам, чырвоныя ваякі. А вепр ладны, пудоў на васемнаццаць. Дастаньце фурманку, паеду з вамі, пакажу. Ён тут не так і далёка.

Зайшлі на заставу. Начальнік вылучыў двух чырвонаармейцаў у сяло па фурманку.

А ўжо надвячоркам з вялікім трыумфам ехаў дзед Талаш з чырвонаармейцамі ў Высокую Рудню, везучы на развалках агромністую тушу дзікага вепра. Праславіўся дзед Талаш на ўсю Высокую Рудню, а для яшчэ большага пыху ён насіў на сабе воўчую скуру, і калі ў яго запыталі, нашто ён цягае яе на сабе, то дзед хітра адказаў:

– Го! Я яшчэ буду выць па-воўчы!

Людзі смяяліся, а дзед сваю думку думаў.



XII[правіць]

Пажылы, друзлы сівавусы палкоўнік сядзеў у штабе польскай дывізіі, схіліўшыся над ваеннай тапаграфічнай картаю Палескага раёна. Ён ставіў баявую задачу дывізіі і рыхтаваў ёй загад у сувязі з надыходзячай ваеннай кампаніяй супраць Чырвонай Арміі пасля зімняга перапынку. Палкоўнік пан Дэмбіцкі, даўшы волю і разгон сваёй стратэгічнай творчасці, старанна адзначаў на карце пункты важнейшых участкаў ваеннага ўдару, які, па меркаванню стратэга, павінен быў скрышыць супраціўленне Чырвонай Арміі, забываючы на тое, што ў часе бою абстаноўка мяняецца і што вынікі яго залежаць ад тысячы дробязей, якіх ніякі штаб не можа прадбачыць. Палкоўнік пан Дэмбіцкі не лічыўся і з тою акалічнасцю, што ў штабе яго праціўніка не заўсёды вялі рэй прафесіяналы-штабісты старой ваеннай школы, а бралі ініцыятыву людзі таленавітыя з рабочага асяроддзя, непасрэдна высунутыя рэвалюцыяй і ваенным часам. Тым не меней палкоўнік пан Дэмбіцкі рупліва размяшчаў на абраных участках тыя ці іншыя вайсковыя часці, прызначаючы ім розныя ролі. Але пан палкоўнік не мог цалкам аддацца сваім стратэгічным практыкаванням і выверыць свой план хоць на ваеннай карце. Ужо некалькі разоў яго ўвагу перабіваў тэлефон. З розных пунктаў размяшчэння дывізіі паведамлялі яго аб варожым руху мясцовага насельніцтва, накіраванага супраць польскага войска, што несла ў глухія куткі Палесся «еўрапейскую культуру». Пан палкоўнік злаваўся, што яго адрываюць ад важнай работы, і рэкамендаваў зварачацца да паліцыі і жандараў і прасіў, каб не турбавалі яго такімі глупствамі. Але калі яму далажылі аб раззбраенні польскага ваеннага канвоя натоўпам бяззбройных палешукоў, то пан палкоўнік падскочыў на крэсле, як бы яго кальнулі знізу шавецкім шылам.

– Цо? цо? цо? – зацокаў ён разоў тры і аж затросся і пачырванеў увесь.

Яго абурэнню не было канца – такая абраза, такі сорам прычынен быў польскаму войску ў асобе канвойнікаў, вёўшых няшчасных хлопаў. Пан палкоўнік аддаў строгі загад прыняць рашучыя меры аж да расстрэлу і канфіскацыі маёмасці за ўсякія «бандыцкія» замашкі, накіраваныя супраць славутага польскага войска, а канвойнікаў, даўшых сябе абяззброіць, судзіць ваенным судом.

Гэты загад быў далёка не на руку Мартыну Рылю, які падыходзіў да свае вёскі, і ўсім яго таварышам, арудаваўшым пад камандаю бывалага салдата Балука з-пад Цернішч.

Ужо надвечар таго дня, калі дзед Талаш спаткаўся з Мартынам Рылем каля тоўстага дуба, людзі з вёскі Вепры заўважылі адзнакі нейкай нядобрай праявы. Ваенны час, поўны неспакою і неспадзевак, прымушаў іх трымаць вуха востра і спасцярожліва. Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры. Напэўна гэта была іх нейкая разведка, судзячы па тым, як яны туляліся, каб не быць заметнымі. Вепраўцы ўжо мелі выпадак бачыць на вуліцы і ў сваіх хатах польскае войска. Але палякі толькі паначавалі ў вёсцы, а назаўтра, забраўшы сякі-такі скарб, харчы для сябе і фураж для коней, яны падаліся кудысь у іншае месца. Дні праз тры пасля гэтага прыехалі жандары і забралі Мартына Рыля. Трое вепраўцаў: Мікіта Самок, Кузьма Ладыга і Кандрат Бус, спачуваўшыя бальшавікам і выступаўшыя за савецкую ўладу, збеглі з сваіх хат і прыходзілі дамоў на кароткі час, рызыкуючы папасціся ў рукі польскай паліцыі ці контрразведкі. Вось чаму, калі прайшла чутка аб паяўленні польскіх легіянераў, людзі затрывожыліся і спадзяваліся нейкага новага ліха. Але ноч прайшла спакойна, а раніца новага дня прынесла з сабою болей смелы настрой і ўпэўненасць, што нічога страшнага не здарыцца. I наогул удзень чалавек адчувае сябе болей смела. А палякі якраз раніцаю падкраліся незаметна, незаметна расставілі салдат вакол вёскі, пераняўшы ўсе дарогі, і толькі тады заўважылі іх вепраўцы, калі цэлы табар польскай конніцы галопам прамчаўся па вуліцы. Спачатку людзі не ведалі, чаго наехалі палякі. Сапраўдны страх пачаўся тады, калі палякі, разбіўшыся на некалькі груп, уварваліся ў двары. Мартынаў двор быў заняты ў першую чаргу. Два легіянеры, саскочыўшы з коней, рынуліся ў Мартынаву хату. Некалькі чалавек кінуліся ў клуню.

– Дзе арыштант? – загрымеў легіянер, пераступіўшы парог Мартынавай хаты.

Мартынава жонка ўмлела ад страху і шырока раскрытымі вачыма пазірала на легіянера.

Не дачакаўшыся адказу, легіянеры пачалі варочаць, трыбушыць штыкамі падушкі і дзяругі. Яны ўчынілі сапраўдны пагром, усё кідаючы на зямлю, разбівалі прыкладамі гаршкі і міскі.

Трое малых дзяцей, насмерць перапалоханых, кінуліся да маткі, падняўшы немы крык і трасучыся ад страху. Старэнькі дзядок Мікола, Мартынаў бацька, нічога не разумеючы, жахліва ціснуўся да сцяны і маўчаў, пазіраючы на дзікае буйства азвярэлых вар’ятаў.

– Дзе арыштант? – крыкнуў на дзеда легіянер. Тады дзед Мікола сказаў:

– Вы ж забралі яго, шчоб вас боль забраў!

– Смярдзюх стары! – агнём злосці запаліўся легіянер і сунуў кулаком у зубы старому Міколу. Дзед стукнуўся патыліцай аб сцяну, а з зубоў і носа палілася кроў. Анямеў дзед Мікола, стаіць аглушаны і моўчкі выцірае далонню акрываўленыя губы і размазвае кроў па твары і па рэдзенькай сівай бародцы, звісаўшай, як мох на старым дрэве, на расхлістаныя загрубелыя ад старасці і холаду грудзі.

– О, пся крэў! – крычаў легіянер. – Мы пакажам, цо ест пожондэк і повага до польскего жолнежа.

Разграмілі Мартынаву хату, павыбівалі вокны і вывіхрыліся на двор.

Тое самае чынілася па дварах і ў хатах сялян, папаўшых у няласку і на падазрэнне паліцыі і польскай ваеншчыны.

Кандрат Бус, зачуўшы наезд польскай конніцы, схапіў кажух і шапку, адзеўся на хаду і кінуўся на задворкі, каб драпануць адтуль у лес. Ногі ў яго лёгкія, сам ён чалавек гадоў пад трыццаць – што яму значыць прабегчы з вярсту да лесу. Палякі ўязджалі ўжо ў двор, калі ён выбег з задворкаў на адкрытае поле. Выбіраючы лагчынкі, туляючыся каля хмызу, бег Кандрат, прыгнуўшыся, колькі было змогі. Ён завальваўся ў глыбокі снег, ногі яго вязлі, снег путаў іх і замінаў шпаркаму руху наперад.

Конны польскі легіянер згледзеў з двара, як у лес шыбуе чалавек. Жалнер быў выдатны наезнік, і конь пад ім быў лёгкі і быстры. Дух паляўнічага і інстынкт ганчака абудзіўся ў конніку. Махнуў ён з канём на задворкі і праз расчыненыя веснічкі вылецеў у поле следам за Кандратам.

Ад лесу ўлева напярэймы ўцекачу выбег польскі салдат. Убачыўшы верхавога, салдат запыніўся: верхавы махнуў яму шабляй, даў знак спыніцца – злавіць збега ён браўся сам.

Азірнуўся Кандрат і ўвесь закалаціўся ад смяртэльнага страху. Адна мысль пранізала яго мазгі: прапаў! З гарачкі і безразважна бег ён напрасткі ў лес. А лес быў ужо недалёка. Лес – яго збавенне. У лесе яго не зловяць. Але адлегласць паміж ім і коннікам змяншалася з кожным момантам. Кандрат выбіваўся з сіл. Ад цяжкага і шпаркага бегу ён упарыўся, з ілба каціліся буйныя кроплі поту. Сэрца стукала моцна і гатова было разарвацца. Ногі і рукі дрыжалі, а горла сціскалі сухія спазмы. Коннік наганяў Кандрата і ўжо трымаў напагатове шаблю. Яму проста хацелася папрабаваць лоўкасць і сілу свайго ўдару. Але ў рашучы момант конь пад ім недалужна згайдануўся, нырнуў і заваліўся пярэднімі нагамі ў яму, прысыпаную снегам, і завіс на ёй, моцна прыціснуўшы конніку правую нагу і кінуўшы яго бокам у халодны сыпучы снежны пясок. Рука з паднятаю шабляю закапалася ў снег. Ні конь, ні коннік без дапамогі не маглі вырвацца з гэтай пасткі. Кандрату заставалася некалькі дзесяткаў сажняў, каб дабегчы да лесу. Група польскіх салдат, чалавек пяць, выбеглі з лесу і глядзелі на пагоню чалавека на кані за чалавекам без каня. I калі чалавек з канём упаў, а пешы чалавек гатовы быў шмыгнуць у лес, яны кінуліся былі бегчы на дапамогу конніку, але запыніліся, ускінулі карабіны да пляча. Грымнулі стрэлы, і Кандрат Бус зваліўся ў снег ды так і застаўся там ляжаць, як загнаны і застрэлены звер. Пасля гэтага салдаты зноў пусціліся бегчы ратаваць конніка. Але тут здарылася нечаканая замінка: з лесу таксама пачуўся стрэл, і адзін польскі салдат выпусціў карабін і прысеў на снег, схапіўшыся за нагу. Чацвёра другіх прыйшлі ў замяшанне і спыніліся. Пачуўся другі стрэл, і куля са змяіным віскам праляцела над самаю галавою аднаго з салдат. Палякі залеглі ў снезе і сталі адстрэльвацца ад невідомага ворага, падаючыся назад і шукаючы прыкрыцця.

Перастрэлка ўстрывожыла палякаў у вёсцы. Адтуль выслалі раз'езд у абход фланга нябачнага ворага. А гэты вораг паслаў яшчэ два стрэлы і адным з іх прабіў галаву залёгшаму ў снезе польскаму салдату, і болей стрэлаў з лесу не было.

Падаспеўшыя з вёскі палякі выцягнулі з ямы каня. У конніка была вывіхнута нага і адмарожана рука. Падабралі забітага легіянера і раненага ў нагу. А Кандрат Бус ляжаў адзін у халодным снезе. А ўрэшце яму цяпер было ўсё роўна. Нават калі ў вёсцы Вепры гарэла некалькі двароў, у тым ліку і двор Кандрата Буса, то ён ляжаў нерухліва з застылым спакойным тварам.

Так аднаўлялі польскія ваякі гонар і славу польскай арміі.



XIII[правіць]

У хаце было дужа накурана. Дымы розных гатункаў тытунёў і папярос перавіліся, перамяшаліся і цэлым воблакам звісалі пад нізкаю столлю сялянскай хаты. А калі адчыняліся дзверы, то павалока сіняватага дыму рэзка калыхалася, як хвалі ўзбунтаванага ветрам возера, і з сілаю рвалася ў дзверы на прастор, на свежае паветра. Людзі, сядзеўшыя за сталом і на лавах, былі пераважна камандзіры, пачынаючы ўзводным і канчаючы камандзірам батальёна т.[аварышам] Шалёхіным. Ніякіх адзнак іх камандзірскага стану не было ні на плячах, ні на каўнярах. Сядзелі як папала: у шапках і без шапак, у памятых выцертых і пабачыўшых усякую бывальшчыну шынялях. I зусім не адчувалася, што тут сышліся радавыя байцы і камандзіры розных рангаў. Сядзелі і гаварылі вольна, ніколечкі не цягнучыся адзін перад другім, курылі і спрытна цыркалі тонкімі струменьчыкамі сліну пасля ёмкіх махорачных зацяжак. Была нават свая паэзія і хараство ва ўсёй гэтай бязладнай абстаноўцы ваеннага паходнага жыцця. Вайсковая прастата і дэмакратычнасць кідаліся ў вочы. Сам камандзір батальёна сядзеў за сталом, займаў цэнтральнае месца. Побач з ім сядзеў узводны Букрэй – няскладны і шырокі, як шафа. Два ротныя камандзіры дапаўнялі застольную бяседу. На голым, незасланым стале ляжалі кускі хлеба, а пасярэдзіне стаяла бурае, старое глінянае цёрла з мёдам. Кожнаму, хто хацеў паласавацца мёдам, давалася права падысці да стала і запусціць у цёрла руку з кавалкам хлеба. Камандзір батальёна, як гаспадар, запрашаў, хто заходзіў сюды, папрабаваць мядку. Для большай зручнасці мёд разагрэлі ў печы і яго елі разам з вашчынаю і пчалою, калі яна траплялася тут, выходзячы з правіла, што салдацкі жывот ператравіць шрубу, гайку і ружэйнае сала. Было шумна і бязладна. Людзі забывалі пра вайну, гутарылі на розныя тэмы, далёкія ад вайны. Батальён быў на адпачынку, і трэба ж крыху адпачыць.

Дзверы адчыняліся і зачыняліся. Шызыя клубкі халоднага паветра ўрываліся ў хату. Калыхалася пад нізкаю столлю сіняватая заслона дыму, накуранага курцамі.

На гэты раз дзверы расчыніліся болей урачыста, павольна і стала, і парог пераступіла даволі фацэтная і маляўнічая постаць штацкага чалавека са стрэльбаю, з паляўнічаю торбаю, напалавіну прыкрытаю воўчаю скураю, перакінутаю праз плячо. За гэтым чалавекам увайшоў чырвонаармеец. Каб гэта быў не дзед Талаш, ды каб і дзед, але без воўчай скуры, то на яго наўрад ці звярнулі б тут увагу. Але воўчая скура сама сабою кідалася ў вочы і выразней адцяняла своеасаблівую дзедаву постаць. Дзед Талаш быў у кароткім кажушку, у суконных з раменнымі латамі майтках, абуты ў чукі.

Як жа можна было не звярнуць увагі на гэтага палескага інсургента? Дзед Талаш громка сказаў «здрастуйце!» і быстрымі, вострымі вочкамі прабег па тварах вайскоўцаў. Губы яго разышліся ў лагодную ўсмешку, калі ён заўважыў за сталом т.[аварыша] Шалёхіна і парывіста падаўся да яго. Прыветная ўсмешка прабегла і па твары камандзіра.

–А, друг стары! Якая бура занесла вас сюды?

Ён моцна патрос дзедаву руку і пасадзіў яго каля сябе.

– Гэта мой стары прыяцель, дзед Талаш, у яго я жыў на кватэры, – сказаў ён да вайскоўцаў.

– Ну, што ў вас новага? – запытаў дзеда.

– Ох, таварыш камандзір, – уздыхнуў дзед Талаш, – новага шмат, ды не цешыць яно!

– Што – з палякамі не паладзілі?

– Грабежнікі, гвалтаўнікі, хай іх багна глыне! – і дзед Талаш безнадзейна махнуў рукой.

I расказаў дзед Талаш пра свае прыгоды, пра стажок, пра сваё ўніжэнне перад польскімі жалнерамі, пра іх насмешкі і здзек, пра ўспышку свае злосці, што паслужыла прычынаю баталіі паміж ім і палякамі. У залежнасці ад характару падзей мяняўся і тон дзедавага апавядання. Калі дзед расказваў, як ён прасіў не браць яго апошняга сена, ён быў увесь пакора і жаласлівасць. А калі дайшоў да стычкі з жалнерамі, вочы яго загарэліся агнём змагання, ён раптам напружыўся, згарнуў кулакі, як дзяцюк, саскочыў з лавы і наглядна, рухамі рук, паказаў, як ён шаргануў палякаў, як паляцелі яны ад яго, як ён вырваўся і кінуўся ў лес.

– Брава, дзед! – пахвалілі яго вайскоўцы.

– Няўжо ты, дзед, такі дужы? – не паверыў крыху шырокі Букрэй.

Дзед Талаш запыніў на ім свае быстрыя цёмныя вочкі, момант паўзіраўся ў яго.

– А давай пабораемся! – ціха, але цвёрда і ўпэўнена, з рашучаю гатоўнасцю памерацца з Букрэем сілаю заявіў дзед Талаш.

Вайскоўцы дружна і весела запляскалі.

– Малайчына, дзед! Вот гэта дзед!

Шырокі Букрэй змушаны быў скасавацца пад шумныя галасы вайскоўцаў. А дзед Талаш яшчэ з большым захапленнем расказваў далей пра падзеі апошніх дзён, пра сваё бадзянне па лясах, пра тулянне па чужых кутках, пра сваё спатканне з пакрыўджанымі людзьмі, пра розныя эпізоды з іх жыцця. Нарэшце запыніўся – і гэта было цэнтральным месцам яго апавядання – на здзеках польскіх акупантаў над людзьмі, спачуваўшымі савецкай уладзе, на арышце яго Панаса. I калі дзед гаварыў пра свайго сына, пра яго няволю і нявінную пакуту, пра пакуту недалетнага юнака, то дзедаў голас дрыжаў, у ім чуліся ноткі глубокага бацькоўскага гора. I скончыў сваё апавяданне так:

– Дзе ж мне шукаць справядлівасці? Да каго ж мне звярнуцца, як не да вас, таварышы чырвонае войска? Вось я і прыйшоў прасіць парады і дапамогі.

Малады чалавек, адзеты напалавіну ў ваеннае, напалавіну ў штацкае, маўчаўшы ўвесь час і ўважна слухаўшы, прычым твар яго захоўваў акамянеласць і застыласць, падышоў да дзеда Талаша.

– Дужа рад сустрэцца з вамі. Вы – слаўны дзед! – і крэпка паціснуў дзеду руку. А потым звярнуўся да вайскоўцаў.

– Таварышы! Старому трэба дапамагчы. Трэба вызваліць яго сына. Трэба! – падкрэсліў ён апошняе слова.

Дзедаў твар засвяціўся надзеяй, і ён з глыбокай падзячнасцю зірнуў на незнаёмага маладога чалавека – хто ж ён такі?

– Я, таварышы, буду служыць з вамі, буду дапамагаць і вам, бо мне ж там няма цяпер месца,–з жарам гаварыў дзед Талаш.– Я ведаю лес, балоты, рэчкі, азёры. Прайду з вамі так, што ніякі панскі чорт не будзе ведаць. I яшчэ, таварышы, прашу я вас даць мне настаяшчую ваенную стрэльбу. Калі не даць, дык пазычыць. Адваюю ад палякаў, вярну вам, таварышы.

Гэта непасрэднасць, наіўнасць і жаданне мець ваенную стрэльбу развесяліла вайскоўцаў і яшчэ больш хіліла іх да дзеда.

– Трэба залічыць дзеда ў рады Чырвонай Арміі і выдаць яму стрэльбу, як чырвонаармейцу, – не то жартліва, не то сур'ёзна заўважыў адзін з ротных камандзіраў.

– Стрэльбу дзеду мы дамо, – сказаў камандзір батальёна, – але яму наўперад трэба папрабаваць нашага мядку. Частуйцеся! – звярнуўся ён да дзеда Талаша.

Дзед Талаш наўперад быў крыху замяўся, але вайскоўцы населі дружней. Букрэй падаў яму кусок хлеба.

– Еш, дзед, ваяваць разам будзем!

Тады ўжо дзед Талаш зрабіў некалькі разоў экскурсію ў цёрла з мёдам.

– Ну, таварышы, давайце падумаем, як дапамагчы дзеду,– зноў загаварыў камандзір батальёна. – На мой погляд, не шкодна было б заадно пашчупаць і польскія пазіцыі крыху глыбей... Што скажаце на гэта, таварышы?

– Справа добрая!

– Гэта ідэя!

Дружна падтрымалі думку камандзіра.

– Дазволь, таварыш камандзір, мне слова!

– Гавары, Букрэй!

– Сёння вечарам мы змяняем трэці батальён. Выслаць сёння ж разведку, ды паглыбей. Для разведкі падабраць дзесяткі два-тры ахвотнікаў... Калі даручыце гэту справу мне, то мы з дзедам абмазгуем яе, і я сам выклікаюся ў яе.

Букрэй быў вядомы ў батальёне як адважная, смелая, камбінатарская галава, і яму ахвотна даручылі арганізаваць і правесці разведку польскага тылу. Дзеду Талашу пастанавілі выдаць чырвонаармейскую стрэльбу і быць за правадніка на разведцы.

– Дык ваюем, дзед? – сказаў да дзеда Букрэй і палажыў яму на плячо руку.

Радасны і ўзрушаны дзед Талаш абедзвюма рукамі патрос Букрэеву руку.

Калі дзед Талаш выйшаў з хаты, за ім выйшаў і малады незнаёмы хлопец, напалавіну вайсковец, напалавіну штацкі.

– Хацеў бы з вамі пагутарыць трохі,– сказаў ён дзеду.– Вы куды цяпер ідзяце?

– А тут... да аднаго знаёмага.

– Мне вось цікава ведаць, – сказаў незнаёмы, – калі б вас асабіста не пакрыўдзілі палякі, то ці паўсталі б вы супраць іх?

Дзед Талаш захоплены быў знянацку і, не ведаючы, куды гне незнаёмы, адказаў нейтральна:

–Не чапалі б мяне, не чапаў бы і я іх.

Трошкі падумаўшы, разважліва дадаў:

–А ўрэшце не ведаю, як бы яно было.

Незнаёмы памаўчаў.

– Ну, а ці ведаеце вы, што нясе з сабою польская вайна? I хто з намі ваюе?

– Ды, мабыць, хочуць сваю Польшчу збудаваць.

– А калі б яны збудавалі, як вы кажаце, сваю Польшчу, то вам, сялянскай беднаце, і нам, рабочым, што яны дадуць?

Дзед Талаш паглядзеў незнаёмаму ў вочы.

– А скажыце, хто ж будзеце вы?

Замкнёны твар незнаёмага асвятліўся ветлаю ўсмешкаю.

– Я – рабочы з Гомеля. Маю і прозвішча, які ўсякі чалавек, але яно мне непатрэбна тут. А калі вы хочаце зваць мяне, то завіце Нявідны.

Здзівіўся дзед Талаш.

–А я вас хутчэй назваў бы – Дзіўны.

«Нявідны», як ён сам назваў сябе, усміхнуўся.

– Не, дзіўнага тут нічога няма, – сказаў ён. – Справа ў тым, што я вяду патаемную, або, як гаворыцца, падпольную работу ад нашай партыі бальшавікоў. I калі вы чулі, што сям-там супраць палякаў узнікаюць паўстанні, то тут трошкі паложана і мае работы.

Тады дзед Талаш прыцішаным голасам паведаміў:

– Эге! Вось жа і я пачаў такую работу.

– Я адгадаў, што вы – чалавек патрэбны і цэнны, але вам трэба зірнуць на свет трохі па-іншаму і трохі далей.

Цікавыя рэчы расказваў Нявідны дзеду Талашу, і не мог не згадзіцца дзед Талаш, слухаючы, што перад ім выступала праўда.



XIV[правіць]

Дзед Талаш не проста праваднік у Букрэевай разведцы. Па-першае, ён сам паўнапраўны ваяка: ён мае «настаяшчую» ваенную стрэльбу і сорак пяць патронаў, па-другое, у яго ёсць свая каманда, цэлых восем чалавек сялян з Высокай Рудні. А народ гэта быў спрытны і адважны. Сабраць такую каманду было не так-та і лёгка, але дзед Талаш не пашкадаваў гарачых, як агонь, слоў і яркіх фарбаў, каб разагрэць кроў сваіх ваяк і рушыць іх на справу змагання супраць лютых акупантаў.

– Няўжо, таварышы, вы будзеце грэць пуза на печы, падпіраць яе плячамі ды чакаць, покі і да вас прыйдзе паляк і стукне даўбешкаю па галаве? Не памілуе вас пан, прыпомніць кожны дубок, высечаны ў лесе, рагач, што выкапалі вы для сахі, каб калупацца ў полі. Але і поле ён забярэ ў вас, паставіць вас за батракоў у сваім маёнтку. Апошнюю нітку выцягне з вашай кашулі. Мы павінны памагчы нашаму чырвонаму войску прэч выгнаць панскую псярню, каб не паны, а мы самі, каторыя бедната і рабочыя, з таварышамі бальшавікамі былі тут гаспадары і па-свойму ладзілі сваё жыццё.

Не апошнюю ролю ў гэтай мабілізацыі васьмі адыграў дзедаў расказ аб раззбраенні польскага канвоя і асабліва карабін Мартына Рыля, здабыты ім у часе раззбраення. Мартына Рыля тут шмат хто ведаў. Найболей грунтоўную дапамогу дзеду аказаў Нявідны, бо ён быў спецыяліст у гэтай справе.

На змярканні рушылі ў паход дзве групы войска: трыццаць чырвонаармейцаў з Букрэем на чале і восем чалавек сялян пад камандаю дзеда Талаша, а ўсяго разам сорак чалавек. I быў гэта другі дзень з тых трох дзён, на сходзе якіх дзед Талаш і Мартын Рыль павінны былі злучыцца на Доўгім Бродзе. Дзед Талаш цвёрда трымаў гэта ў памяці. Такім парадкам наперадзе была цэлая доўгая зімняя ноч і цэлы кароткі зімні дзень. Часу зусім выстарчала для таго, каб не спяшаючыся прыйсці ў тэрмін на ўмоўленае месца.

Надвор’е памякчэла. Яшчэ з вечара неба з паўднёвага боку засценьвалася дымнаю павалокаю лёгкіх воблакаў, а над далёкімі лясамі звісала тонкая блакітная смуга, прадвеснік адлігі. Яркія фарбы неба тускнелі, а на зямлю хутка апускалася цемра. Маршрут паходу быў вызначан загадзя Букрэем і дзедам Талашом пры жывым удзеле паўстанцаў-партызан, складаўшых войска дзеда Талаша. Яны таксама былі ўзброены ваеннымі стрэльбамі. Першы прывал на паходзе быў назначан у фальварку Віркуцце.

Букрэй – чалавек з багатаю ваеннаю практыкаю. Не раз ён рабіў такія паходы, не раз быў у бойках і на фронце імперыялістычнай вайны, і на франтах вайны грамадзянскай. Быў ён і на Уральскім фронце, і пад Астраханню, і ў шырокіх стэпах Украіны. Чырвонаармейцы любілі яго і пакладаліся на яго. Ён аддаў загад начальнікам аддзяленняў прыняць меры аховы паходнай калоны. Былі высланы бакавыя і пярэднія дазоры, устаноўлена адпаведная сувязь байцоў у дазорах з ядром калоны.

Дзед Талаш прыглядаўся да Букрэя, прыслухоўваўся да яго загадаў і каманды і ўсё гэта матаў сабе на вус. Ён, як праваднік, на якім ляжала адказнасць у сэнсе захавання войска ад розных ліхіх неспадзевак у дарозе на паходзе, праяўляў усе адзнакі руплівасці і турботы, каб усё было добра і шчасліва. Ён то адставаў на некаторы момант ад калоны, то заходзіў наперад ці збочваў, каб адысціся ад шуму, тупату ног, прыпыняўся і чуткім вухам лавіў галасы зімняй ночы і падазроны шолах лесу. Яму прыемна было адчуваць, што на яго плячах шчыльна прыліпла важкая «настаяшчая» стрэльба з ёмкім вострым штыхом, з якім не страшна выступіць адзін на адзін і супраць мядзведзя. Усё бачанае і перажытае ў Высокай Рудні цяпер адступіла кудысь далей, а перад ім паўставалі новыя з’явы так, як дыктаваліся яны ходам падзей, – спатканне з Рылем, план вызвалення Панаса і далейшыя праявы, якія так трудна прадугледзець і падпарадкаваць сваёй волі і сваім жаданням. Але дзед Талаш адчуваў цяпер за сабою сілу і ўпэўненасць; гэту сілу і смеласць прыдавала яму ў значнай меры і «настаяшчая» стрэльба. Калі ён адыходзіўся трохі воддаль і быў адзін, ён знімаў з-за плячэй стрэльбу, браў яе «на руку» для бою ў штыхі, як паказваў яму Букрэй. Пацешную позу прымаў у гэты час дзед Талаш: ён браў стрэльбу праваю рукою за шыйку ніжэй затвора, леваю падхватваў яе знізу на адлегласць у локаць і сам прысядаў, згінаючыся ў каленях, выставіўшы трохі наперад левую нагу. I твар яго тады быў грозны, як у чалавека, гатовага нанесці смяртэльны ўдар свайму ворагу. Але гэтыя практыкаванні не засланялі сабою дзедавых турбот і дбання, каб правесці калону шчасліва.

Да фальварка Віркуцце заставалася вярсты тры. Дзед Талаш ціха падазваў да сябе двух чалавек з свае каманды – Купрыянчыка і Нупрэя і даў ім загад збегаць на фальварак даведацца, ці няма там палякаў. Купрыянчык і Нупрэй шмыгнулі незаметна і расплыліся ў цемрадзі лясной глушы, а калона тым жа тэмпам, захоўваючы цішыню і парадак, рухалася далей. Шлях яе руху, дарогамі і без дарог, ляжаў увесь час праз лес. Лес ужо канчаўся, і калона зараз жа павінна была выйсці на круглае поле між лясоў, дзе і быў фальварак Віркуцце.

Дзед Талаш падышоў да Букрэя.

– Зараз падыходзім да фальварка, – ціха паведаміў начальніку калоны, – трэба спыніцца.

Букрэй перадаў па ланцужку каманду спыніцца.

– На ўсякі выпадак трэба паслаць разведаць хутар,– сказаў ён.

Букрэй ужо хацеў выслаць разведку.

– Я паслаў ужо сваіх людзей, – далажыў дзед Талаш.

– Правільна зрабіў, дзед! – пахваліў яго Букрэй. – На паходзе, на вайне разведка і сувязь маюць дужа важнае значэнне, – павучаў ён дзеда.

Мінуты праз дзве з мроку выплылі тры постаці. Гэта былі Купрыянчык і Нупрэй і з імі нехта трэці. Дзедава разведка данесла:

– У фальварку палякі! Распытайцеся вось у яго – ён ведае аб іх болей, – і паказалі на прыведзенага чалавека.

Букрэй зрабіў яму допыт.

– Ты хто?

– Дарвідошка, – адказаў прыведзены чалавек.

– Дарвідошка ці Дацягнідошка – гэта няважна, – заўважыў Букрэй.

– Ты што за чалавек? Чым займаешся?

– Чалавек я...– і Дарвідошка безнадзейна махнуў рукою, – і займаюся не тым, чым трэба.

– Дзе вы яго ўзялі? – запытаў дзед Талаш сваіх разведчыкаў.

– Ды гэта ж парабак з Віркуцця... Ён трохі выпіў.

– Ага, парабак! – згадзіўся дзівакаваты Дарвідошка, – і выпіў... ну але, выпіў!..

– А з кім ты выпіў? – распытваў Букрэй.

– Салдат паднёс у пляшачцы. Паляк... Там, брат, палякі з’ехаліся... Паны, паненкі, афіцэры... П’юць, гуляюць! А мне салдат і гаворыць, – ён за вартавога прыстаўлен, – прывядзі, кажа мне, маладзіцу... Яй-Богу!

Парабак пачынаў гаварыць цікавыя рэчы.

– Многа там афіцэраў? – дапытваўся Букрэй.

– Тры... ну але, тры.

– А салдаты ёсць?

– Ёсць і салдаты... ну але, ёсць.

– А колькі іх?

– Дык так, мусіць, чалавек з шэсць... Ну але, шэсць!

Прабеглы і хітры Букрэй зараз жа злажыў план дзеяння. У аснову яго палажыў маладзіцу.

– Вось што, брат Дарвідошка, слухай і зарубі сабе на носе: ты прывядзеш вартавому маладзіцу.

Дарвідошка ўпаў у адчай.

– А дзе ж я вазьму яе? Ну але, дзе?

– Ты слухай мяне: за маладзіцу буду я!

– Гы-гы-гы! – зарагатаў парабак. – Такая маладзіца ўбрыкне яго, ну але!

Чырвонаармейцы і партызаны абкружылі іх. Букрэева выдумка выклікала вясёлы настрой.

– Мы прыйдзем туды, – развіваў Букрэй далей свой план, – я спынюся дзе-небудзь у двары, а ты скажаш – прывёў маладзіцу. Рэхт?

– Рэхт!.. Гы-гы-гы!

Букрэй адвёў убок начальнікаў аддзяленняў і дзеда Талаша і аддаў загад, каму дзе і што рабіць.

Наабапал дарогі ў фальварак амаль ад самага лесу цягнуліся густыя старасвецкія ліпавыя прысады. Калона падзялілася на дзве палавіны і рушыла ў фальварак, туляючыся паміж тоўстых камлёў прысад. Букрэй і парабак ішлі ў галаве. За імі дзед Талаш і два яго разведчыкі. Не даходзячы да двара, калона спынілася. Букрэй зняў шынель, аддаў яго дзеду Талашу, а сам надзеў яго кажушок. У партызана знайшлася хустка, служыўшая за шалік, а замест спадніцы дзед Талаш абкруціў Букрэя воўчаю скураю. У цемры ён прыняў падабенства да страшнай пачварнай жанчыны, выклікаўшы смех, нягледзячы на напружанасць моманту.

Букрэй і Дарвідошка аддзяліліся ад калоны. За імі на некаторай адлегласці ішлі дзед Талаш і два партызаны. Букрэй выбраў месца ў глухім кутку двара каля нейкай будыніны, прырыхтаваў на ўсякі выпадак наган. Дарвідошка пайшоў у бок стайні да вартавога з рапартам. Каля стайні яго не было. Вартавы падаўся бліжэй да святліцы, дзе ярка блішчалі вокны, прыкрытыя лёгкаю фіранкаю. Праз непрыкрыты кусочак шыбінкі ён бачыў маладога прыгожага чарнявага афіцэра, які сядзеў каля раяля і перабіраў пальцамі клавішы. Гукі раяля, зліваючыся ў мілагучную мелодыю, ледзь чутна даляталі да вушэй вартавога. Непадалёку стаяла стройная бландынка і, як зачараваная, слухала музыку і не зводзіла вачэй з музыканта. Што было ў адчуванні гэтай павабнай дзяўчыны? Той момант, напэўна, глыбокім следам урэжацца ёй у сэрца, і яна доўга будзе ўспамінаць гэты незабыўны вечар, гэту мелодыю і гэты вобраз прыгожага чарнявага музыканта-афіцэра з затоеным смуткам у іскрыстых чорных вачах.

Салдат у сваю чаргу не адводзіў вачэй ад бландынкі і часамі ўздыхаў, прагнучы жанчыны і смуткуючы па ёй. У часе гэтага рамансовага настрою і падышоў да яго парабак. Дарвідошка мусіў штурхнуць вартавога, каб вярнуць яго на двор фальварка з краіны мар.

– Маладзіцу прывёў! – таемна сказаў Дарвідошка.

Салдат здрыгануўся, зірнуў і заспакоіўся.

– Дзе она ест? – узрушана запытаў салдат.

– Каля адрынкі чакае – саромеецца сама ісці, ну але...

– Млода?

– Ага, як калода! ну але... О, печ, агонь маладзіца!

Салдат захваляваўся. Вышэй паставіў вусы і хутка пайшоў за парабкам, паспеўваючы, каб не бянтэжыцца перад ім, на мазурскі лад:


Умарл Мацэк, умарл,

Юз лезы на дэсцэ!

Зэбысь ему заграць,

Падскоцыл бы есцэ1.


«Паглядзім, як ты падскочыш!» – думаў сам сабе парабак, ведучы кавалера.

«Маладзіца» яшчэ шчыльней тулілася да сцяны і для большай сарамяжлівасці падалася трошачкі назад. Парабак адстаў, прыпыніўся, а салдат храбра падаўся наперад.

– Не ленкайся, мая душа!

Паставіўшы каля сцяны стрэльбу, салдат далікатна падняў рукі, абняў і прытуліўся да «маладзіцы». У момант вока «маладзіца» сціснула, як жалезнымі абручамі, рамансовага кавалера і грымнула яго ў снег.

– Не пікні, гад, бо тут табе магіла! – густым мужчынскім голасам, поўным пагрозы, прыстрашыла «маладзіца».

Увесь рамансовы настрой і ўсе салдацкія гармоны як бы карова языком злізала. Ён толькі прашаптаў:

– Пан Бог з намі, дух свенты!

– Не пан Бог і не дух свенты, а ўзводны Букрэй. Салдата адвялі пад ліпы. Чырвонаармейцы і партызаны рынуліся ў двор. Абкружылі святліцу і дваровую хату, дзе бавіліся за чаркаю легіянеры, паставіўшы стрэльбы ў куток каля парога.

У адзін час і ў святліцу, і ў дваровую хату ўварваліся чырвонаармейцы і партызаны.

– Ні з месца! – загрымеў Букрэй у святліцы.

– Рукі ўгору! – крыкнуў дзед Талаш у дваровай хаце, на чале свае каманды бураю ўляцеўшы і прыставіўшы штыхі амаль не ў грудзі салдатам. Салдаты паслухмяна паднялі рукі.

А ў святліцы стройная бландынка абамлела. Анямеў раяль. Музыка-афіцэр, як сядзеў, так і застыў у гэтай постаці. Бразнулі на падлогу талеркі і чаркі, паскіданыя перапалоханымі гасцьмі. А вочы, поўныя жаху, пазіралі на сталёвую шчэць нахіленых чырвонаармейскіх штыхоў і на цёмныя рулі страшных наганаў.

– Пшэпадлі! – шапталі пабялелыя губы прыгожага чарнявага афіцэра-музыканта.



XV[правіць]

У тую ж ноч палонных салдат і афіцэраў, у ліку дзевяці чалавек, усадзілі ў парадныя вазкі, на якіх з'ехалася шляхта адсвяткаваць банкет з поваду адбудовы польскай дзяржавы і ў гонар польскай арміі, і пад канвоем конных чырвонаармейцаў, пасеўшых на коней палонных палякаў, адправілі ў вёску Высокая Рудня. Дарвідошка і адзін з партызан паселі за фурманоў. Дарвідошку якраз давялося кіраваць фурманкай, на якой сядзеў і той салдат, што так няўдала спаткаўся з «маладзіцаю». Моўчкі, з нянавісцю кідаў гэты салдат погляды на свайго здрадлівага «свата», а «сват» спадцішка толькі пасміхаўся ды заўзята паганяў коні.

Выпіўка і закуска, а яе не пашкадавала шляхта для такой урачыстасці, хоць і не поўнасцю, але ў значнай ступені папала ў жываты чырвонаармейцаў і партызан. Прыкончыўшы банкет і зрабіўшы запас на дарогу, аддзел войска пад камандаю Букрэя рушыў у лес. Аставацца тут на прывале Букрэй палічыў небяспечным. У фальварку паставілі некалькі вартавых, якім было загадана на пэўны час нікога не выпускаць з фальварка. Госці сядзелі, як мышы пад мятлою, а стройная бландынка, забіўшыся ў куток, з сардэчным болем і смуткам думала аб тым, як коратка і няпэўна шчасце на свеце, а вобраз прыгожага маладога афіцэра-музыканта, як жывы, стаяў у яе вачах.

Дзед Талаш ведаў у пушчы мазырскіх лясоў спрытна пабудаваныя салашы, дзе летам мелі прыпынак смалакуры.

Сюды і павёў ён чырвонаармейцаў і партызан. Сюды ж павінен быў ісці, адбыўшы варту, і Купрыянчык з часткай чырвонаармейцаў. Купрыянчыка пакінуў дзед Талаш за правадніка, каб паказаць дарогу вартавым чырвонаармейцам да смалакураўскіх салашоў.

Іх было тры. Стаялі яны між стромкіх камлёў глухой дзікай пушчы, куды рэдка заглядала людское вока. Салашы мелі форму звычайнай страхі, пастаўленай на доле. Вакол іх густа-густа збіўся малады купчасты ельнік. Чатыры ёмкія слупы па кутах, чатыры тоўстыя жэрдкі, прымацаваныя да слупоў, і цэлая сетка лат, прыбітых да жэрдак дзервянымі гваздамі, шчыльна і густа аплеценых яловымі лапкамі, – такія былі смалакураўскія салашы.

Стаялі яны тут ужо доўгі час. Дробныя ігліцы яловых лапак высахлі і асыпаліся, услаўшы дно салашоў тоўстым пухкім пластом.

Партызаны расчысцілі снег, падгатавалі месца для вогнішча. Чырвонаармёйцы жыва нанасілі дроў, разлажылі касцёр. Прыветліва загаманіў агонь і залатым бляскам расцёкся па тоўстых шурпатых камлях, па зелені кучаравых елак, па шынялях і па тварах чырвонаармейцаў і партызан. Зацяты спакой застылай у зімнім змяртвенні пушчы быў парушан прыходам гэтых суровых людзей, знайшоўшых тут сабе прыпынак для начнога адпачынку. Як мурашкі, варушыліся людзі. Хто насіў дровы і кідаў іх на касцёр; хто стаяў каля агню ў самай вялічлівай постаці чалавека, дасягшага вышэйшага ў свеце шчасця, і грэўся, падстаўляючы да агню то адзін бок, то другі, то спіну; хто аглядаў салашы, выбіраючы ўтульнае месца для стомленага цела, а хто ладзіў каля агню прынесеныя бярвенні, каб зрабіць з іх нешта накшталт лавы або палацяў для болей зручнага ўлуштавання на начны спакой.

Заняўшы пазіцыі каля кастра, як дзе каму давялося, жмурачыся ад дыму і выціраючы слёзы загрубелымі рукамі, сядзелі чырвонаармейцы і партызаны, прыпаміналі падзеі гэтай ночы. Гутаркі і жарты канцэнтраваліся пераважна каля Букрэевай асобы і яго ролі ў якасці «маладзіцы». Букрэй з ціхаю ўсмешкаю маўчаў і слухаў, паварочваючы свой буйны твар з жорсткімі калючымі вусамі то да аднаго, то да другога ў залежнасці ад характару або ступені трапнасці тых ці іншых жартаў, ды дабрадушна пасмейваўся, устаўляючы зрэдку сваё важкае слова, выклікаўшае агульны смех. У гэту ноч узводны Букрэй здабыў шырокую славу «чырвонаармейскай маладзіцы».

– Толькі вы, сабачыя хрышчэнікі, не расказвайце ў палку, а то і будуць зваць мяне «чырвонаармейскаю маладзіцаю».

Дружны рогат пачуўся ў адказ на яго папярэджанне. I нельга было не смяяцца, пазіраючы на пышную Букрэеву постаць. Ён сядзеў на бярвеннях каля агню, накінуўшы наверх салдацкага шыняля яшчэ болей шырокае, чым ён сам, шляхецкае футра з шырачэзным каўняром. У гэтым футры ўся фігура яго з жорсткімі калючымі вусамі нагадвала важнага польскага магната.

З поваду гэтага футра Букрэй меў прамову перад сваім войскам. Букрэй катэгарычна асуджаў грабежніцтва, дзе б яно ні было, і асабліва на вайне. Але ўзяць у ворага тое, што табе канечне патрэбна ў баявым жыцці, дазваляецца.

Цікавую і маляўнічую сцэну станавіў сабою гэты начлег чырвонаармейцаў і партызан у дзікай пушчы старога лесу. Панура і грозна зяўрылі сваімі цёмнымі адтворынамі смалакураўскія салашы, як пасці пачварных страшылішч. Ваякі ляжалі ў самых разнастайных і вычварных позах каля агню і ў салашах. Навучаныя практыкаю паходаў пры ўсякіх абставінах жыцця летам і зімою, яны зрабілі для сябе сякія-такія запасы з адзежы ў тым жа фальварку Віркуцце, каб можна было латвей правесці ноч на холадзе ў лесе. Былі тут і дзяружкі, і кулі саломы, і рознае барахло, знайшоўшае сабе ўжытак у гэтых незвычайных абставінах начлегу вайскоўцаў у лесе зімнім часам.

Дзед Талаш стаяў з боку ад гэтага вясёлага шуму, гаворкі, смеху і жартаў бесклапотных людзей, знайшоўшых сабе гасцінны прыпынак каля агню між смалакураўскіх салашоў. Яго старая галава думала свае думкі, неспакойныя, неадчэпныя думкі аб заўтрашнім вечары, аб спатканні з Мартынам Рылем і аб усім тым, што злучалася з гэтым паходам. У цэнтры яго думак нязменна стаяў Панас. Покі хлопец застаецца ў няволі, не будзе спакою і дзеду Талашу.

Дзед сядзеў на кучы лам'я, прыкрытага тоўстым пластам яловых лапак. На гэтай кучы прылёг дзед Талаш, каб трохі адпачыць і, галоўным чынам, каб не паказваць свае заклапочанасці, сваіх думак і тым самым не кідацца ў вочы бестурботным чырвонаармейцам. Агонь прыграваў яго збоку, воўчая скура, якою акрыўся дзед, зверху, і ён скора заснуў, а думкі яго, выйшаўшы з-пад кантролю, вялі і далей сваю работу, сплятаючыся ў самыя вычварныя спалучэнні.

I прыснілася дзеду сцэна з дзікім вепрам, прычым вепр быў не проста вепр, а сам дзед Талаш, на якога нападаў страшны воўк і біў дзеда хвастом па твары. Дзед схапіў воўка за хвост і стукнуў яго аб дуб галавою. Але воўку ад гэтага нічога не сталася. Ён павярнуў да дзеда галаву, пазіраў хітрымі вачыма і выскаляўся пачварным смехам. Злосць падшыбла дзеда, закруціў яшчэ раз воўка, каб мацней стукнуць ім аб дуб, аж воўк адарваўся, у дзедавых руках астаўся толькі яго хвост, а сам воўк адляцеў і ўпаў у снег. Пазірае дзед Талаш – з снегу замест воўка падымаецца Панас, глядзіць на бацьку засмучонымі вачыма і гаворыць: «За што ты б'еш мяне, тата?» Дзед прачынаецца, сэрца яго стукае моцна, і сам ён дрыжыць. Гэты сон пакідае ў ім такі непрыемны і прыкры след... «Тфу!» – плюе дзед Талаш і адкідае воўчую скуру, садзіцца на кучу лам’я і азіраецца навакол, а сэрца яго шчыміць ад болю па Панасу. «Сынок мой, сынок!» – шэпча дзед Талаш.

Агонь заміраў. Канцы перагарэлых пален ляжалі пахаладзелыя вакол вогнішча, а на сярэдзіне ў самым жару датляваў корч, то патухаючы, то ўспыхваючы слабым белаватым полымем. Гаслі і астывалі патрошку і вугольчыкі, пакрываючыся лёгкім белым попелам, і перашэптваліся слабеючымі адзнакамі свайго апошняга жыцця, пераходзячы ў яго іншыя формы, ужо незаметныя для чалавечага зроку. Сіняваты струменьчык дыму бясшумна і спакойна плыў угару і туліўся ў кашлатых шапках старых дзеравяк, як бы шукаючы там сабе прыпынку, каб не згінуць бясследна ў халодных прасторах надзем'я. Было штось журботнае і тужлівае ў гэтым заміранні кастра, быць можа таму, што яно напамінала аб нейкім канцы, аб знікненні жыцця.

Начны зімні холад пачынаў прабіраць дзеда Талаша. Дзед падышоў да агню, паклаў галавешкі і перагарэлыя канцы пален у жар. Гусцей паплыў дым, і скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем, разагнаў цемень, асвяціў салашы і фігуры людзей, спаўшых і курчыўшыхся ад холаду. Тут жа каля кастра ляжала куча дроў, загатаваных яшчэ з вечара. Дзед падкідаў на агонь дровы. Агонь зноў ажыў, загаманіў рухлівымі гарачымі стужкамі, разганяючы цемру, а разам з ёю журботны дзедаў настрой.

Дзед Талаш сядзеў каля агню і грэўся. Тыя ж неадступныя думкі зноў апанавалі яго. Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Весці аб тым, што ў Віркуцці нечакана з'явіліся чырвоныя і захапілі банкетаваўшых там афіцэраў і салдат, хутка стануць вядомы палякам. Палякі ўстрывожацца, пашлюць цэлае войска супраць жменькі букрэеўскіх салдат. Гэта акалічнасць затрывожыла дзеда Талаша. Ён зірнуў на Букрэя. Букрэй, улёгшыся на бярвеннях-падмостках, падаслаўшы саломы і закруціўшыся ў шляхецкае футра, спаў спакойным сном чуць не святога чалавека. Пад уплывам сваіх думак дзед Талаш падняўся і асцярожна пасунуўся ў лес, каб паслухаць на ўсякі выпадак, ці не чуваць дзе падазронага шуму, ды паглядзець, хоць спотайку, як нясуць варту прыстаўленыя для гэтага людзі.

Вартавыя стаялі на сваіх месцах, перакінуліся з дзедам параю слоў. На іх запытанне, куды ідзе дзед, ён адказаў, што ідзе па дровы. Дзед Талаш адышоўся яшчэ далей, спыніўся і спасцярожлівым вухам прыслухаўся да немай, зацятай цішыні. Азірнуўся назад – агню бадай-што і не відаць было. Гэта яшчэ больш заспакоіла дзеда Талаша. Ён толькі падумаў, што ніколі раней не прыходзіла яму ў галаву думка аб тым, як далёка відаць ноччу ў лесе агонь. Дзед Талаш выбраў танклявую сухастоіну, упёрся ў яе рукою, а нагамі ў снег і папрабаваў зламаць яе. Дрэва хіснулася раз, другі; за трэцім разам гучна трэснула каля кораня і ўпала. Дзед палажыў яго на плячо і пайшоў назад да агню.

Закурыў дзед піпку і прысеў на кучу лам’я, дзе прысніўся яму такі паганы сон, і думаў. Ён думаў аб тым, што падзеі ў Віркуцці парушаюць маршрут, а ў сувязі з гэтым трэба зрабіць змены і ў самым плане. Першае, што выходзіла з гэтых падзей, – аставацца тут больш-менш доўгі час не выпадае, і засцярожлівасць пры такіх абставінах ніколі не пашкодзіць. Войску трэба перасунуцца ў другое месца, а на разведку звярнуць асаблівую ўвагу.

Перад дзедавымі вачыма пачалі выступаць патайныя нетры глухіх куткоў Палесся і людскіх паселішч. Такіх куткоў на Палессі багата, але не ўсе яны ляжаць паблізу і па дарозе іх руху... А чаго рухацца ўсім разам? Вось якое пытанне паставіў сабе дзед Талаш, і ў гэтым кірунку паплылі цяпер яго думкі.

Новы план пачаў вырысоўвацца перад дзедам Талашом. Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, як гэта было намечана раней, тым болей што для гэтага трэба зрабіць значны крук. А Мартына там можа і не быць. Ці не лепей узводу перасунуцца ў патайное месца бліжэй да мястэчка, што ставіла сабою асноўную задачу букрэеўскага паходу? Ці не лепей дзеду аднаму або з кім-небудзь з сваіх людзей прайсці туды?

Разважыўшы з усіх бакоў гэта пытанне, дзед Талаш цвёрда запыняецца на такім вырашэнні яго. Аб гэтым ён паведаміць Букрэя. Дзед упэўнен, што Букрэй прыме такую змену ў іх маршруце.

На світанні вярнуліся чырвонаармейцы з Купрыянчыкам з фальварка Віркуцце. Ноч прайшла шчасліва. Смалакураўскія салашы ажывіліся, напоўніліся людскімі галасамі. Новы дзень нёс свае турботы і ставіў новыя задачы букрэеўскаму войску.



XVI[правіць]

Раніцаю, як толькі сышоў змрок, Букрэй аддаў загад выступаць у паход. Перад гэтым была нарада. Абмяркоўвалі план маршруту і парадак руху ўзвода. Букрэй прыняў пад увагу меркаванні дзеда Талаша і адобрыў яго праграму на сённяшні дзень. Пры гэтым ён сказаў дзеду Талашу:

– Табе, бацька, трэба быць начальнікам штаба, а не проста правадніком і разведчыкам.

Тэорыі ваеннай навукі дзед Талаш не ведаў, але яму прыемна было пачуць пахвалу. На нарадзе была асабліва звернута ўвага на поўную сакрэтнасць і захаванасць месцазнаходжання ўзвода, для чаго ўвесь час дзяржацца лесу, разведваць дарогі і людскія паселішчы. У гэтай справе выключную ролю павінны былі адыгрываць партызаны, дасканала ведаўшыя тапаграфію месца і яго геаграфію. Агульны кірунак браўся на мястэчка, дзе меў сваю рэзідэнцыю пан Крулеўскі. Да мястэчка ад смалакураўскіх салашоў было кіламетраў пятнаццаць. Кожнаму разведчыку была дана свая задача і ясныя інструкцыі. Пры Букрэю за правадніка назначан быў Купрыянчык. Дзед жа Талаш з Нупрэем узялі на сябе задачу абследаваць пункты, што ляжалі па дарозе на мястэчка.

Гадзіны дзве ўся калона рухалася разам з партызанамі. Потым партызаны адлучыліся і пайшлі кожны сваім маршрутам.

Купрыянчык павёў узвод на Глухі востраў.

Востраў прадстаўляў сабой высокі груд, заросшы густым лесам сярод непраходнага балота. Дабрацца летам да Глухога вострава мог толькі той, хто дасканала ведаў звілістыя сцежкі між дрыгвы і куп’я, заросшага алешнікам, дзікаю лазою, кустамі нізкарослага бярэзніка і рознаю зараслю. Па гэтых сцежках можна было ісці па адным чалавеку ад купіны да купіны, месцамі прабіраючыся па бярвенцах-кладках. Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Зімою Глухі востраў быў болей даступным, хоць пад снегам часамі таілася яшчэ большая небяспека, як летам. Сюды рэдка хто заходзіў, хіба толькі самыя дасціпныя паляўнічыя зазіралі зрэдку сюды сваім зоркім вокам.

На развітанне Букрэй пажадаў удачы разведчыкам і яшчэ раз напомніў ім аб іх інструкцыях.

Спасцярожліва ідуць Нупрэй і дзед Талаш праз лес, прабіраюцца праз зараснікі балот, праходзяць бязлюдныя паляны між лесу і балот. Выходзяць часамі і на дарогі, прыглядаюцца і прыслухоўваюцца. Хоць бы сустрэць жывога чалавека, хоць бы сякія-такія весткі мець ад яго аб паляках. Іх чуйнасць яшчэ больш павялічваецца, калі яны падыходзяць да вёскі Цернішчы, першай вёскі, якая ляжыць на шляху іх маршруту. Гэта вёска выклікае ў дзедавай памяці цэлы вянок сцэн і малюнкаў, аб якіх расказваў яму Мартын Рыль. З гэтай вёскі родам Балук Марка, якому прысягаў і Мартын Рыль.

На ўскрайку лесу дзед Талаш і Нупрэй запыняюцца. Тут праходзіць дарога з вёскі, і сама вёска відаць адгэтуль. Яны мяркуюць, як латвей даведацца, што робіцца ў вёсцы, ці ёсць там польскае войска і якое.

На дарозе паказваецца постаць жанчыны. Яна ідзе ў вёску. Дзед Талаш перадае Нупрэю стрэльбу і воўчую скуру, асцярожна выходзіць на дарогу. Турботы, невясёлыя думкі адбіваюцца на твары маладзіцы. Яна пазірае на дзеда Талаша шэрымі круглымі вачыма з-пад тонкіх дуг чорных броў. На яе галаве красуецца белая намітка з вышытымі канцамі. Падыходзіць, вітае дзеда добрым днём. Талаш уважна адвітваецца.

– Скажы, нябога, ты з гэтай вёскі?

– Эге ж, – каротка адказвае маладзіца.

– Што я хачу запытаць цябе, маладзіца: ці не тут жыве Марка Балук?

Маладзіца раптам сумелася, вочы яе моргнулі мгненным сполахам, тонкія чорныя бровы чуць-чуць заварушыліся. Яна зірнула дзеду ў вочы сваімі шэрымі спасцярожлівымі вачыма.

– А вы скуль ведаеце яго?

– Чалавек, які быў з ім разам арыштаваны палякамі, прасіў даведацца пра яго.

Маладзіца яшчэ больш затрывожылася. Дзед Талаш уважна сочыць за рухам кожнага мускула ў яе твары.

– Быў ён тут, а цяпер няма.

– Ты яго жонка? – рубам ставіць пытанне Талаш.

Маладзіца прыходзіць у замяшанне.

– А вы што за чалавек?

– Ды такі, можна сказаць, як і твой Марка.

– А вы скуль ведаеце, што ён мой? А можа і не мой?

– А я па тваіх вачах бачу.

Маладзіца, каб не сказаць чаго лішняга, раптам мяняе тактыку.

– Такому старому, як вы, не варта глядзець на мае вочы.

Дзед Талаш усміхнуўся.

– Мне вачэй тваіх не трэба, нябога, мне патрэбна твая праўда.

– Няма цяпер праўды нідзе, – сурова адказвае маладзіца.

– Сякая-такая ды ёсць. Вось можаш жа сказаць ты мне праўду: ёсць тут палякі ці не?

– А дзе іх няма цяпер? – у голасе маладзіцы чуваць абурэнне.– Усюды панаганяла іх, каб ім дыхавіцу нагнала.

– А многа іх тут у вас?

– У кожнай хаце па два, па тры стаяць. А я дык ужо і хаты свае не маю. Пазабіралі ўсё. Худобу з хлява павыводзілі...

Разгаварылася маладзіца. Прызналася, што хадзіла да павятовага «камісаржа», як ёй раілі людзі, шукаць праўды. I шмат чаго даведаўся дзед Талаш з гутаркі з маладзіцаю. Даведаўся ён, што ў мястэчку, дзе меў рэзідэнцыю павятовы «камісарж», палякаў яшчэ болей, як тут, што ў іх там і машыны розныя стаяць, а гэтыя машыны ездзяць і страляюць.

Нельга сказаць, каб гэтыя весці парадавалі дзеда Талаша. Ён ведаў, што справа з вызваленнем Панаса патрабуе шмат затраты часу, што гэта справа не такая лёгкая і простая, асабліва пасля апошніх падзей – раззбраенне канвоя, захват палякаў у Віркуцці, але паведамленне маладзіцы аб машынах, што ездзяць і страляюць, занепакоіла дзеда. I ўсё ж дзед Талаш не паў духам. Па-першае, трэба праверыць словы маладзіцы і па-сапраўднаму разведаць, якое становішча ў мястэчку, і, па-другое, трэба параіцца з Букрэем. Была яшчэ надзея і на Мартына Рыля і на яго людзей, якіх ён абяцаў мабілізаваць. Словам, памеркаваўшы ды падумаўшы, можна да чаго-небудзь дадумацца.

Ён развітаўся з маладзіцаю. На развітанне сказаў ёй:

– Пабачыш свайго Марку, дык скажы яму, няхай не туляецца адзін, а ідзе да нас ды людзей з сабою няхай кліча.

Дзед Талаш назваў Мартына Рыля, які пад камандаю Маркі браў удзел у раззбраенні польскага канвоя і адабраў ад капрала карабін. Сказаў, дзе і як знайсці Мартына. Дзеду дужа хацелася залучыць да сябе такога спрытнага чалавека, як Марка Балук.

Дзед Талаш і Нупрэй зрабілі невялікую нараду. Нупрэй трымаўся таго ж погляду. Верыць можна толькі тады, калі на рэчы зірнеш сваімі вачыма. I яны зноў павярнулі ў лес і асцярожна пасоўваюцца ў бок мястэчка. Мястэчка гэта цяпер мела нейкую ўладу над дзедам Талашом, цягнула яго да сябе і ў той жа час і палохала.

Адна дробная з першага погляду рэч запыніла на сабе іх увагу. Яны ўбачылі ў лесе сляды чалавечых ног. Адлегласць між слядамі гаварыла за тое, што чалавек, пакінуўшы гэтыя сляды на снезе, бег шпаркім бегам. А што асабліва кідалася ў вочы і прымушала звярнуць на сляды ўвагу, дык гэта тое, што там-сям на слядах выступалі чырвоныя плямы, крыху рассмактаныя вільготным снегам. Не было сумнення ў тым, што гэта кроў. Дзед Талаш і яго спадарожнік дужа зацікавіліся гэтаю акалічнасцю, а дзеда Талаша яна моцна ўразіла. Каб заспакоіць дзеда, Нупрэй выказаў дагадку, што гэта напэўна паляўнічы гнаўся за падстрэленаю дзіччу.

– А дзе ж, голубе, след гэтай дзічы? – запытаў дзед Талаш. Нупрэева дагадка адпадала. – Не, хлопча, справа тут горай: гэта кроў таго, хто пакінуў тут свае сляды. Давай пойдзем па слядах.

Хоць, ідучы па слядах, яны і аддаляліся ад мястэчка, але праява гэта іх моцна ўсхвалявала. Дзед Талаш адчуваў нейкую няясную трывогу ў сваім сэрцы.

Ішлі яны так з паўгадзіны. Сляды паказвалі, што чалавек мяняў тэмп свайго руху: раўнамернасць іх парушалася. Відаць, чалавек выбіваўся з сіл, запыняў бег, ішоў прыцішанаю хадою, каб адпачыць і перадыхнуць. Нарэшце сляды збочылі пад тоўстую густую елку, дзе амаль што не было снегу.

Дзед Талаш і Нупрэй сталі аглядаць месца, дзе адпачываў чалавек. Паталочышча паказвала, што чалавек адграбаў снег, каб прылегчы на болей цёплым месцы. Каля выступаўшага яловага кораня была ямінка – чалавек, лежачы, апіраўся на локаць. У тым жа месцы, дзе былі яго ногі, таксама засталася крывавая пляма. З гэтага дзед Талаш і Нупрэй вывелі заключэнне, што кроў у чалавека ішла з нагі. Прычым сляды былі зусім свежыя.

Агледзеўшы месца, зноў пайшлі па слядах. Правая нага чалавека ступала цвёрда, след жа левай нагі быў няпоўны – чалавек моцна кульгаў. Відаць, чалавеку было трудна ісці, і сляды зараз жа збочылі зноў у бок густога маладога ельніку. Туды, прадзіраючыся скрозь засохлую знізу навісь яловых лапак, пайшлі дзед Талаш і Нупрэй.

– Стой! хтось ляжыць! – ціха і ўстрывожана сказаў дзед Талаш і спыніўся.

Нерухлівая постаць ляжаўшага чалавека навяла на іх страх. Чалавек ляжаў скурчыўшыся, утуліўшы галаву з глыбока насунутаю шапкаю ў старэнькі кажушок. Твару яго не было відаць.

I раптам затросся дзед Талаш. Вочы яго шырока раскрыліся, на твары адбіўся жах. Ён рэзка падаўся наперад.

– Панас! – вырваўся немы крык з грудзей старога, і ён кінуўся да нерухлівай постаці свайго сына. Панас не паварушыўся.

– Сынок, сынок мой! – ламаў рукі дзед Талаш, прыкленчыўшы перад сынам. – Не дачакаўся, сынку, ты свайго часу, – жаласліва гаварыў дзед Талаш, зусім страціўшы сваю старую галаву.

Нупрэй памацаў рукою Панаса.

– Ён жывы яшчэ. Ён толькі абамлеў.

Нупрэй захадзіўся, кінуўся раскладаць агонь, а дзед, здаецца, нічога не чуў і не цяміў. Ён толькі катурхаў сына, будзіў, зваў яго, але Панас не паказваў ніякіх адзнак жыцця. Заламаў дзед на галаве рукі і з бязмерным горам пазіраў на Панаса. Нупрэй жыва наклаў агню, наламаў бярэма яловых лапак, налажыў іх каля агню, заслаў воўчаю скураю.

– Перанясем яго сюды.

– Ратуй, ратуй яго, Нупрэй!

Панаса палажылі на воўчую скуру. Нупрэй скінуў свой кажух, накрыў Панаса і борздзенька кінуўся разуваць яго акрываўленую нагу. Левая нага збоку, вышэй калена, была прастрэлена, але косць, як відаць, была цэлая. Ён змогся, страціў многа крыві і абамлеў ад голаду, холаду і страху. Нупрэй расшпіліў яму каўнер, расціраў яго цела рукамі, адаграваў яго. Панас чуць-чуць паварушыўся і слаба застагнаў.

– Жыць будзе! – весела азваўся Нупрэй. Радасць ахапіла дзеда Талаша.

– А штоб жа ты сказіўся! – радасна адгукнуўся дзед Талаш, громка прачысціў свой нос і выцер вочы.



XVII[правіць]

Сагрэўся Панас каля агню на воўчай скуры пад Нупрэевым кажухом і прыйшоў да памяці. Першае, што адбілася на яго твары, былі страх і здзіўленне. Але пачуцці гэтыя змяніліся радасцю, калі пабачыў ён старога бацьку і вясёлы Нупрэеў твар.

– Ну вось і ажыў хлопец! – весела парушыў цішыню Нупрэй.

– Баліць нага?

– Глупства, – азваўся Панас, – вось зараз падымуся і пайду.

Ён папрабаваў усміхнуцца і паварушыў хвораю нагою. Але на яго твары адбіўся боль. Нага яго распухла, і ісці ён не мог.

– Ах, сынку, сынку! – гаварыў узрушаны Талаш, – і паваяваць ты нам не даў за цябе. А мы ўжо рыхтаваліся. Ну, ды дзякуй Богу, што ўсё так абярнулася, і ты жывы, хоць трохі і пакульгаеш.

– Нічога: покі жаніцца – загаіцца, – жартаваў Нупрэй.

Панасаву нагу прамылі, агледзелі рану, завязалі як маглі і чым маглі. Нупрэй прывёў у парадак заскарузлыя ад крыві Панасавы нагавіцы, вычысціў іх у снезе і прасушыў каля агню. Словам, Нупрэй праявіў усе дакторскія і санітарскія здольнасці. Рабіў ён з усведамленнем важнасці свае работы: ад гэтага і самому яму было прыемна. Дзед Талаш сілкаваў Панаса хлебам і салам, спецыяльна спечаным тут жа на ражончыку над агнём. Пасілкаваўшыся, Панас пачуўся шмат ямчэй. Але ісці яму яшчэ было трудна і няможна: ад хады зноў крывавілася б рана.

Нупрэй і дзед Талаш прынялі гэта пад увагу.

– Мы яго панясем, – сказаў Нупрэй.

– Хіба што на пераменку.

– Насілкі зробім.

Нупрэй быў салдатам і ведаў, як носяць раненых.

Ён узяў у дзеда сякерку, высек дзве сухія лёгкія жардзіны, падгладзіў іх. Да жардзін прывязаў воўчую скуру. Выйшлі добрыя насілкі, зручныя для таго, каб несці ў іх Панаса.

Дзеда Талаша і Нупрэя здзівіў Панасаў расказ аб яго вызваленні з астрога. Панасу памог выбрацца з няволі польскі салдат, што стаяў там на варце. Хто ён такі, гэты добры чалавек, Панас не ведае. Салдат разгаварыўся з Панасам, распытаў, хто ён такі, за што яго забралі. Відаць было па ўсім, што ён спачуваў Панасу. I вось, калі ён стаяў на варце ўжо трэці раз і Панас папрасіў яго вывесці на двор, салдат шапнуў яму:

– Пачакай трошкі: я выпушчу цябе потым. – А сам аглядаецца. Праз колькі хвілін ён выпусціў Панаса.

– Ідзі, хлопча, і назад не варочайся. Ды глядзі, каб не злавілі, а калі зловяць, то кажы, што ты сам збег. Я потым падыму трывогу, а ты за гэты час пастарайся знікнуць так, каб цябе не знайшлі.

Салдат хваляваўся, а па твары яго было відаць, што ён не жартуе. Было гэта раненька, надосвіці. Праз гадзіну, калі Панас выбраўся, туляючыся, з мястэчка і падыходзіў к лесу, яго аклікнуў польскі дазорца. Ведаючы, што будзе значыць для яго спыненне, Панас задаў такога драпака, што снег курэў пад яго нагамі. Салдат выстраліў некалькі разоў, покі Панас дабег да лесу. Боль у назе Панас пачуў потым, калі ён далёка ўжо быў у лесе.

Панасава апавяданне зрабіла добрае ўражанне на дзеда Талаша і Нупрэя і змусіла зірнуць на польскага салдата іншымі вачыма. Выходзіла, што не ўсе палякі такія жорсткія людзі, як гэта злажылася ў дзедавай галаве, што сярод іх ёсць і добрыя. Але ж адной дабраты яшчэ малавата, каб дакладна вытлумачыць паводзіны польскага салдата ў дачыненні да Панаса.

– Розныя людзі ёсць і між польскіх салдат, – устанавіў Нупрэй факт.

– Так, – згадзіўся дзед Талаш, – сярод іх ёсць напэўна і такія, што не спачуваюць панам і ваююць супраць свае волі. Пан ёсць пан, а наш брат просты чалавек, гарапашнік – ён сваю мае думку і свой інтарэс, паляк ён ці немец.

Успомніўся дзеду Талашу і Нявідны. Тое, што тады не ўсё было ясна дзеду з гутаркі Нявіднага, цяпер пачынала даходзіць да свядомасці і розуму.

Дзед Талаш і Нупрэй мелі ўсе падставы адмовіцца на сённяшні дзень ад разведкі мястэчка. Яны змушаны былі задаволіцца тымі весткамі аб паляках, што перадала ім маладзіца, Балукова жонка, і варочацца назад на Глухі востраў. Другога выйсця не было: не пакідаць жа хлопца ў лесе або ў чужых людзей, дзе яго лёгка маглі б выявіць. Вызваленне Панаса з няволі і выпадковае шчаслівае спатканне з ім вырашылі тую задачу, што паставіў сабе дзед Талаш. Калі здарэнне ў Віркуцці парушала маршрут, то вызваленне Панаса парушала ўвесь план паходу. Цяпер усё будзе залежаць ад Букрэя. Калі дзед перадумаў усе гэтыя думкі, то ён прыйшоў да заключэння, што і ў яго, і ў Букрэя рукі развязаны і што ў іх болей прастору, бо яны цяпер не звязаны пэўным месцам і пэўным планам.

Мерна і плыўка пагойдваюцца саматужныя насілкі, зладжаныя Нупрэем. Дзве пары крэпкіх рук нясуць Панаса ляснымі нетрамі, цёмнымі сцежкамі. Панасу добра і выгодна калыхацца ў жолабе воўчай скуры. Ён прыжмурвае вочы, дрэмле і марыць. Для яго гэта незвычайнае становішча, і той факт, што яго нясуць двое мужчын, нясуць як раненага на вайне, стварае асаблівы настрой і асаблівае адчуванне. Нага яго ные тупым болем, але ён не наракае на гэта, бо гэты боль апраўдвае Панаса ў яго ўласных вачах і дае права яму на тое, каб яго неслі ў насілках. Ён думае аб тым, куды яго нясуць і што ён там убачыць. У яго вачах рысуюцца фігуры грозных ваяк, чырвонаармейцаў і партызан, рысуюцца ў такім выглядзе, у такіх спалучэннях, якія ніколі не супадаюць з тым, што дае нам рэчаіснасць. Ён думае і аб сваёй хаце, аб старой матцы, аб Максіму, аб сваіх сябрах. Якіх толькі цікавых гісторый не раскажа ён ім, калі сустрэнецца з імі.

Скрозь галіны лесу свеціцца шэрае, агорнутае воблакамі неба. Сон і яў зліваюцца ў адным тлумным шматгранным малюнку маладога жыцця з яго радасцямі і трывогамі і мнагалучнымі праявамі.

Абуджаецца ён ужо на Глухім востраве. Збоку каля яго шугае агонь. Чыясь руплівая рука ўкрыла яго цёплым футрам. Навокала агню стаяць і сядзяць людзі ў вайсковай адзежы. Сярод іх чарнеюць постаці сялян, узброеных ваеннымі стрэльбамі. На кароткім тоўстым абрубку сядзіць грамозны шырокі чалавек з светлымі грознымі жорсткімі вусамі, з буйным рэзкім тварам. Спакойныя шэрыя вочы яго пазіраюць у запісную кніжку, павольна паўзуць па радках запісанага тэксту. Каля яго стаяць двое партызан са стрэльбамі і чалавек без стрэльбы з сякераю за поясам. Шырокі чалавек адрываецца ад кніжкі, падымае спакойныя вочы на чалавека з сякераю за поясам, штось распытвае.

Чалавек адказвае, гаворыць доўга. Шырокі чалавек уважна слухае, потым штось запісвае ў сваю кніжку.

– Ну, як ты пачуваеш сябе? – да Панаса падыходзіць Нупрэй, пазірае на яго з лагоднаю ўсмешкаю, паказваючы цэлы рад белых роўных зубоў.

– Добра, – гаворыць Панас і варушыць раненаю нагою, – я памаленьку ўжо і сам пайшоў бы.

– Ну, вот бачыш.

Нупрэева ўсмешка яшчэ шырэй рассоўвае чорныя вусы.

– Гэта табе воўчая скура здароўя дала, – смяецца ён.

Іх абкружаюць чырвонаармейцы і партызаны. Цікава паглядзець на хлопца, што быў заарыштаваны палякамі. Панаса закідваюць пытаннямі. Ён не ўпраўляецца адказваць на іх. Ды пытанні і заўвагі часам такія, што на іх не канечне і адказы даваць.

Уся гэта абстаноўка для Панаса нязвычна, і ён адчувае сябе крыху не па сабе сярод тлумнага зборышча дарослых людзей. Ён шукае вачыма бацьку, але дзеда Талаша тут не відаць. Нарэшце да Панаса падыходзіць шырокі чалавек з жорсткімі вусамі. Ён скончыў гутарку з чалавекам з сякераю і палажыў у кішэню запісную кніжку.

– Ну, маладзец, як пажываеш? – пытае Панаса.

– Нічога, добра.

Панас стараецца быць чалавекам смелым.

– Малайчына, – хваліць яго Букрэй, – ты павінен цяпер быць хвацкім салдатам... Хочаш ваяваць?

– Хачу, – храбра заяўляе Панас.

– Казак-хлопец!

Букрэй разгаварыўся з Панасам, распытваў яго, як паводзілася ў палякаў, што ён чуў там і бачыў. Панасу лёгка было адказаць на запытанні грознага на выгляд дзядзькі з жорсткімі вусамі: гэты дзядзька ўмеў стаць на роўную нагу з Панасам, умеў сказаць трапны жарт і развесяліць хлопца.

– Ну, адпачывай, дружа, ды папраўляйся: моцныя людзі доўга не хварэюць, – сказаў ён, пагутарыўшы з Панасам.

Панаса накармілі і далі яму спакой. За ім даглядаў Нупрэй, за якім пачынала замацоўвацца слава доктара і санітара.

Дзеда Талаша і сапраўды не было тут.

Дзед Талаш трымае ў памяці свае словы. Сёння вечарам сходзіць тэрмін – ён павінен быць каля Доўгага Броду, як было дамоўлена з Мартынам Рылем. Цяпер дзед Талаш – вольны казак. Ён пазбыў свой цяжкі клопат, і яго бацькава гора абярнулася ў радасць: ён знайшоў свайго сына і даручыў яго надзейным людзям.

З ведама Букрэя ладзіцца дзед Талаш у свой паход к Доўгаму Броду. Людзі яму непатрэбны сёння, і ён мяркуе пайсці туды адзін, каб не турбаваць людзей. Але з ім самі выклікаюцца Купрыянчык і Аскерыч, яго верныя ваякі. Тлумачаць гэта тым, што аднаму чалавеку не выпадае цягацца ўночы. Апроч таго, ім хочацца пабачыць Мартына Рыля і яго карабін, хоць пра гэта яны не гавораць.

Ужо ноч густа спусціла свае шаты на лясы і балоты зацятага ў сваёй знямеласці Палесся, калі дзед Талаш і яго спадарожнікі прыйшлі к Доўгаму Броду. У дзеда Талаша была раней думка захапіць з сабою воўчую скуру: дужа было б цікава падаць умоўлены знак іменна ў воўчай скуры. Дзед Талаш любіў эфектныя сцэны. Але на воўчай скуры ляжаў у насілках Панас, і дзед не хацеў трывожыць сына дзеля эфектнасці моманту, тым болей што Мартын Рыль мог і не быць.

– Ну, стойце ж, мае сокалы, тут, а я адыдуся ды клікну маіх ваўкоў, – сказаў дзед Талаш і пайшоў далей.

Адышоўся дзед крокаў на пяцьдзесят, спыніўся, ссунуў з ілба шапку, паставіў кулак на кулак, зрабіўшы з іх трубу, кашлянуў, прыгнуўся і завыў у кулакі, завыў наўперад ціха, тоўста, а потым выццё яго мацнела і павышалася ў сваім тоне, а разам з гэтым паволі разгінаўся дзед Талаш, падымаў кулакі і галаву ўсё вышэй і вышэй і, нарэшце, усю гэту музыку скончыў страшным жудасным завываннем.

Трудна было паверыць, што гэта быў дзед Талаш, а не воўк.

– Ну і аматар, – дзівіўся Купрыянчык.

– Тфу, проста вусцішна! – азваўся Аскерыч. Трошачкі счакаўшы, выццё, яшчэ болей жудаснае, паўтарылася зноў, а хвіліны праз дзве завыў дзед і ў трэці раз, ды так ужо завыў, што Купрыянчык з Аскерычам толькі ахнулі.

Як толькі скончыў дзед Талаш свой трэці воўчы вой, раптам непадалёку збоку грымнуў дружны магутны залп, перапалохаўшы сваёю неспадзяванасцю дзеда Талаша і яго ваяк: Мартын Рыль таксама любіў эфектныя сцэны. А праз хвіліну з мроку выплыла яго высокая постаць, а за ім цэлая чарада абаружаных людзей.



XVIII[правіць]

Партызаны-разведчыкі сабралі дужа шмат важных вестак аб размяшчэнні часцей польскага войска, аб яго канцэнтрацыі. Усе гэтыя весткі Букрэй акуратна запісваў. На падставе іх можна лёгка разгадаць, на якія пункты накіроўвае польскі штаб свой галоўны ваенны ўдар.

Букрэеўская разведка таксама ўстанавіла, які настрой пануе сярод сялян акупаваных палякамі вёсак. Яркі малюнак гаспадарання польскай ваеншчыны падаў Мартын Рыль і яго дружына – шэсць чалавек, якія ахвотна паўсталі на абарону інтарэсаў беднаты. Ён расказаў аб наездзе палякаў на Вепры, дзе ён сам быў сведкаю, як на яго вачах забілі Кандрата Буса, за якога ён папомсціўся, забіўшы аднаго польскага салдата і раніўшы другога. Ён расказаў аб спаленых будынках сялянскай беднаты, аб здзеках, што чынілі польскія капралы над старымі людзьмі, над жанчынамі і дзецьмі, чые бацькі выступалі супраць паноў. Беднаце няма куды дзецца. Яна змушана бегчы ў лес. Што ёй астаецца рабіць? Скарыцца перад панскаю ўладаю і налажыць зноў ярмо на свой карк? Не, лепей са зброяй у руках ваяваць за сваё права быць вольнымі, біцца за інтарэсы гарапашнікаў. Лепей загінуць у змаганні за сваю волю, за права будаваць сваё жыццё па-свойму, чым прызнаць панскую ўладу і панскую волю.

– Добра гаворыш, голубе! Праўду гаворыш! – падтрымаў свайго паплечніка дзед Талаш, – не будзем пакарацца панам. Не туды ідуць нашы дарогі, не ў тыя лясы глядзяць нашы вочы. Давайце, сябры, крэпка трымацца адзін за аднаго. Няхай кожны з нас збярэ каля сябе дружыну адважных людзей. Нечакана, раптоўна будзем біць гвалтаўнікоў. Порахам, кулямі будзем частаваць няпрошаных гасцей.

Пасля дзеда Талаша выступаў чалавек з сякераю за поясам, немалады, сутулаваты, з даўно не брытым тварам. Цёмна-сінія вочы яго глыбока запалі ў лоб. На тонкіх сціснутых губах прабягала часамі горкая ўсмешка. Чалавек гэты зазнаў у жыцці многа крыўды і гора. Гэта Цімох Будзік з вёскі Карначы. Яшчэ пры цару яго засудзілі на два гады арыштанцкіх рот за падпал панскай стадолы. А з панам у яго выходзілі нелады на грунце сервітутных спраў. За розныя дробныя праступкі ў парушэнні маёмасных адносін яго судзілі і штрафавалі. Цімох не мог знайсці нічога лепшага, як падпаліць панскую стадолу. Адбываючы арыштанцкія роты, ён каяўся, чаму падпаліў стадолу, а не панскі дом або клуню. Цяпер усе яго грахі прыпомніліся яму, і яго зноў сталі цягаць і калаціць. Цімох і цяпер прытрымліваецца старых спосабаў помсты і змагання, ён жыве думкамі аб падпале панскіх маёнткаў, і ён носіць у сваёй галаве шырокія планы падпалаў. Сустрэўшыся ў лесе з партызанамі дзеда Талаша, ён заявіў аб сваім жаданні далучыцца да партызанскага руху і шырока разгарнуць работу па часці падпалаў.

– Казалі – бальшавікі робяць непадобныя справы, забіраюць набытак, дабро, – так пачаў Цімох Будзік. – Мы ведаем, як бралі і як бяруць бальшавікі. Яны бралі панскае дабро, дабро заможнікаў. Ды ці гэта іхнімі рукамі прыдбана яно? Мы здабывалі яго сваімі гарбамі. I бальшавікі аддавалі яго таму, хто век працаваў ды не меў нічога. А цяпер што робіцца? Вярнуліся паны з сваёю чэляддзю, пачалі заводзіць свае парадкі, ды яшчэ горш за царскія. Войтаў, солтысаў пазаводзілі. А там, дзе раней быў адзін ураднік, цяпер дзесяць жандараў паставілі на нашу галаву. Навалілася на мужыцкія гарапашніцкія плечы ненаедная саранча, выбіваюць духі, апошні скарб вытрасаюць. Вы паглядзіце, грамада, што робіцца па вёсках. Узброеныя польскія шайкі наязджаюць з кулямётамі, выбіваюць мужыцкі скарб і ўсякую жыўнасць. Мы тут гаворым, а па дарогах з вёсак снег пад палазамі рыпіць, стогне і плача сялянскім плачам. Сваё ж дабро самі сяляне вязуць, паганяюць коні, а саміх іх падганяе панскі бізун. Хіба ж можна далей цярпець? Няма ў іх літасці да нашага брата. Дык няхай жа, браткі, і ў нас не будзе літасці да іх. Біць, знішчаць, паліць іх трэба пякучым агнём пажараў!

Будзік дужа маляўніча распісваў учынкі палякаў у часе іх наездаў на вёскі, што вельмі часта практыкаваліся імі для пабораў, выбівання гвалтам рознай даніны з сялян. Ён яшчэ болей разагрэў дух помсты і змагання супраць палякаў і польскай улады. Вось чаму і чырвонаармейцы, і партызаны дружна прынялі Букрэеў загад зрабіць напад на палякаў, што, як сведчылі сабраныя весткі, завітаюць у вёску Ганусы для чарговага збору сялянскага скарбу.

Букрэй, начальнікі аддзяленняў, дзед Талаш, Мартын Рыль, Купрыянчык і Будзік устроілі цэлую нараду, каб падрабязна абмеркаваць план нападу. Прыняўшы пад увагу невялікую колькасць людзей і факт знаходжання на тэрыторыі, занятай палякамі, на нарадзе пастанавілі не ўвязвацца ў адкрыты бой, а зрабіць напад нечакана ў дарозе, калі палякі ўжо будуць варочацца з награбленым дабром.

– Таварышы! рыхтавацца ў паход, – перадавалі адзін аднаму чырвонаармейцы і партызаны.

Раненька, надосвіці, выслалі разведку ў вёску Ганусы. Да Ганусаў ад Глухога вострава было кіламетраў пяць на ўсход – у бок пазіцыі Чырвонай Арміі. Дзед Талаш меў падставу не браць удзелу ў гэтым паходзе: пад яго апекаю быў Панас. Але ён даручыў Панаса Нупрэю і Кандрату Кругламу з Высокай Рудні. Панас адчуваў сябе добра і казаў, што ён ужо можа хадзіць, і яму дужа хацелася астацца пры войску.

– Адпачынь, брат: няхай загоіцца нага, а паваяваць ты яшчэ паспееш, – сказаў Букрэй.

Нупрэй і Круглы з Панасам накіраваліся на Высокую Рудню. У Гударовым лагу яны павінны былі чакаць букрэеўцаў і дзеда Талаша. Дзед Талаш палічыў сваім абавязкам не пакідаць Букрэя і партызан, і ён цвёрда пастанавіў падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы інтарэсам агульным.

Паход на вёску Ганусы ставіў пытанне аб назначэнні асобнага начальніка для партызан: іх было ўжо каля двух дзесяткаў. Фактычна дзед Талаш лічыўся іх правадыром, толькі юрыдычна не было гэта аформлена. У сувязі з гэтым стаяла і другое пытанне: як назваць начальніка партызан?

– Ну , хлопцы, вам трэба абраць атамана! – зварачаючыся так да партызан, Букрэй прадрашаў пытанне аб назве начальніка.

– Атамана, атамана абраць! – падхапілі партызаны.

– З свайго боку, таварышы, я параіў бы вам абраць нашага бацьку, дзеда Талаша, ён чалавек змыслы, хітры, асцярожны, але рашучы і смелы і чалавек паважаны. Я прыглядаўся да яго і кажу: начальнік ён будзе кругом на сто дваццаць.

– Абярыце каго маладзейшага і болей спрактыкаванага ў ваеннай справе, – заявіў дзед Талаш.

– Дзед Талаш!

– Дзеда Талаша! – дружна, як адзін падалі голас партызаны.

– Няхай дзед Талаш будзе атаман наш! – сказаў хтось нават у рыфму.

Дзед Талаш расчуліўся. Зняў шапку. Жаўтавата-белая лысіна яго бліснула, як сонца. Куртаты, шыракаваты на канцы і трохі задзёрысты нос яго падняўся ўгору і апусціўся ўніз.

– Дзякую вам, голубы мае. Яшчэ раз скажу: абярыце каго-небудзь болей вартага, чым я.

– Талаш, Талаш атаман! – яшчэ грамчэй крыкнулі партызаны.

Дзед яшчэ раз зняў шапку. Другі раз пакланіўся.

– Я буду, таварышы, старацца за вас, за кожную кроплю вашай крыві буду дрыжаць. Будзем стаяць адзін за аднаго. Справа ж наша – біць гвалтаўнікоў. Ніякай літасці да паноў. Але ж паслушэнства павінна стаць нашым законам. Я буду слухаць ваш голас, а вы павінны слухаць мяне, бо іначай не будзе ладу.

– Праўда, – пацвердзілі партызаны.

– Дысцыпліна – першая справа, – заўважыў Букрэй.

– А сваім памочнікам дазвольце абраць мне Мартына Рыля, – звярнуўся дзед да партызан.

–Дазваляем.

Вось як дзед Талаш стаўся партызанскім атаманам.

Раніцаю, як толькі-толькі пачынала займацца на свет, усё войска рушыла ў паход. Сувязь паміж разведчыкамі і галоўнаю калонаю падтрымлівалі партызаны. Першае данясенне разведкі прыйшло гадзіны праз дзве. Разведка данесла: у вёску Ганусы прыехала дваццаць чатыры коннікі і дзве фурманкі з кулямётамі. У букрэеўцаў кулямётаў не было. Чырвонаармейцы былі пры вінтоўках і з ручнымі гранатамі.

Ціха, бясшумна прасоўваўся Букрэй і партызаны, трымаючы кірунак на дарогу ў Ганусы. Настрой быў узняты, асабліва сярод партызан, якім упершыню прыходзілася стыкнуцца з польскім войскам са зброяй у руках.

Пільнасць чырвонаармейцаў і партызан стала яшчэ большаю, калі падышлі яны да краю лесу, дзе пачыналася ўжо ганусанскае поле, і сама вёска вырысоўвалася шэрымі плямамі сваіх уросшых у зямлю будынкаў на белым снежным фоне. За вёскаю выступаў хмыз журботнымі постацямі аголеных кустоў, а за хмызам сінела сцяна высокага лесу.

Букрэй аддаў загад расставіць ланцуг дазораў для нагляду за вёскаю. Палякі, як данеслі разведчыкі, таксама паставілі варту на ўсход ад вёскі: адтуль спадзяваліся яны небяспекі – у тым баку былі пазіцыі Чырвонай Арміі. Яны ніяк не чакалі, што гэта небяспека іх можа налучыць з тылу, з заходняй часткі вёскі, дзе і спыніліся чырвонаармейцы і партызаны.

Букрэй, дзед Талаш і Мартын Рыль уважна агледзелі мясцовасць і выбралі пазіцыю. Пазіцыя знаходзілася на ўскрайку лесу, там, дзе дарога сціснута з двух бакоў цёмнаю кучмаю хвой і ялін. На балоце паабапал дарогі раслі кусты лазы і алешніку. Каб яшчэ больш сцясніць пазіцыю і не даць палякам разгарнуцца для бою, Букрэй загадаў заваліць дарогу за грэбляю, каб конніца не магла праскочыць. Чырвонаармейцы і партызаны так замаскаваліся, што іх нельга было згледзець з дарогі, як ні ўглядайся па баках.

Падрыхтавалі пазіцыю, размеркавалі на ёй байцоў, заняўшы два бакі дарогі і пераняўшы яе трохі далей, у лесе, і сталі падкаравульваць палякаў. Марудна і напружана праходзілі хвіліны чакання. Букрэй і атаман дзед Талаш абходзілі пазіцыю, правяралі начальнікаў звенняў і кожнага байца, зварачаючы ўвагу на вытрыманасць, спакой і строгае выкананне каманды. Без каманды не падаваць ніякіх адзнак жыцця.

Дзед Талаш хваляваўся глыбокім нутраным хваляваннем. Была трывога за лёс гэтай стычкі, дзе ён першы раз будзе браць удзел як баец і як начальнік. Але ён нічым не выказваў свайго пачутку. Яго мыслі цалкам уваходзілі ў гэтую першую стычку з палякамі арганізавана, па-ваеннаму.

Яму паказалася – частка пазіцыі, што бліжэй да вёскі, слаба насычана байцамі, што палякі там могуць прарвацца і праскочыць: баявая задача заключалася ў тым, каб ніводзін польскі салдат не быў выпушчан. Гэты ўчастак пазіцыі падмацавалі – Букрэй мусіў згадзіцца з дзедавымі довадамі.

Гадзіны ў дзве па поўдні цэлы абоз сялянскіх фурманак, наладованых жыўнасцю, прадуктамі і фуражом, выехаў з вёскі. Абоз расцягнуўся больш як на вярсту. Уперадзе ехала шэсць конных легіянераў. За імі паўзлі дзве фурманкі з кулямётамі, а на іх сядзелі па тры, па чатыры салдаты. Група коннікаў, гарланячы песню, ехала ў сярэдзіне, а рэшта знаходзілася ў хвасце абозу. Чатыры коннікі замыкалі абоз.

Дзіўны і нязвычны малюнак станавіў сабою гэты абоз. Маўкліва і панура сядзелі палешукі ў санях, нехаця паганяючы коні. Некаторыя моўчкі мяліся каля фурманак, азіраючыся на лес і на ненавісных легіянераў, гарцаваўшых на конях і палайваючых падводчыкаў. То там, то сям з саней падавала свой праразлівы голас свіння, бляяла авечка. Усе гэтыя тлумныя, рознагалосыя гукі зліваліся з адрывістаю песняю салдат і з іх сярдзітымі вокрыкамі па адрасу палешукоў-падводчыкаў.

Галава абозу ўжо мінала грэблю, паабапал якой залеглі партызаны і чырвонаармейцы. Здавалася, абоз пройдзе спакойна і нічога не здарыцца. Партызаны сударажна сціскалі стрэльбы ў руках, гатовыя паслаць кулю ў польскага салдата. Але яны чакалі каманды. I раптам, здрыгануўшы паветра, уперадзе пачуўся гук, нібы ляснуў пярун. Гэта гранатчыкі кінулі гранаты ў пярэднюю групу коннікаў. У той жа момант грымнуў залп у хвасце абозу. Паніка, мітусня, суматоха паднялася ў абозе. Коні папудзіліся, крута рванулі хто куды, кінуліся ў хмыз, імчучы за сабою перакінутыя набок або палазамі дагары сані. Залп у цэнтры абозу падняў яшчэ большы перапалох і хаос. Тут была самая большая група коннікаў, тая самая, што спявала песню. Людзі, ездакі і салдаты, жывёла, выкінутая з саней, качаліся на снезе. Адзін коннік, астаўшыся на кані пры хвасце абозу, кінуўся ў лес. Наперарэз яму, як з-пад зямлі, выскачылі партызаны пад камандаю Мартына Рыля і штыхамі перагарадзілі дарогу. Конь захроп, падняўся на задніх капытах. Спрытны наезнік, як уліпшы да сядла, выхапіў з гарачкі шаблю і замахнуўся на Рыля. Мартын карабінам адвёў удар шаблі. Будзік, аказаўшыся тут, як кот, падскочыў ззаду, схапіў конніка за бокі і сцягнуў яго з сядла.

Уся баталія цягнулася некалькі мінут. Большая палавіна польскіх салдат была перабіта, частка была ўзята ў палон, а трох цяжка параненых адправілі назад у Ганусы. Яны раскажуць палякам аб гэтай падзеі, і віна ўсім цяжарам не ляжа на вёску Ганусы.



XIX[правіць]

У той жа дзень даведалася Аўгіня аб падзеях у Вепрах. Яшчэ некалькімі днямі раней дачулася яна аб тым, што палякі забралі Мартына Рыля. Сэрца яе зашчымела, ды каму было сказаць пра гэта? Сталася неяк так, што яна ўхілялася гутарак аб Мартыну Рылю, хоць з сваімі думкамі яна гутарыла аб ім, калі часцей і глыбей, а калі проста так, злёгку, з налётам лагодных адчуванняў аб тым, што было калісь. Выкінуць з памяці Мартына або думаць аб ім зусім спакойна, як аб чалавеку, што адышоў ад нас у прошласць, Аўгіня не магла да гэтага часу. Дужа моцна заселі ў сэрцы карані яе першага кахання, каб ад іх не адыходзілі сяды-тады парасткі ціхага жалю, як водгулле смутку аб утраце, якой ужо не вернеш. Часамі толькі з Васілём заходзіла гутарка пра Мартына Рыля. I гутаркі бывалі розныя; часамі ім надаваўся характар лёгкага жарту, а часамі ў яе ўносіўся элемент папрокаў і зайздрасці з боку Васіля. Падставаю для гэтага зазвычай бываў выпадак спаткання Аўгіні з Мартынам і неасцярожна кінуты Аўгіняй погляд яе чараўнічых вачэй на Мартына. Але ўсё гэта мела інтымны характар сямейнага жыцця. Апроч усяго, Аўгіня ўмела накіраваць справу так, што верх заставаўся за ёю. Можа быць у гэтым дапамагалі ёй яе заваблівыя вочы і ўменне глянуць імі так, каб рассеяць усякія падазрэнні наконт яе адданасці і шчырасці. А можа і сапраўды была яна такою ў момант праяўлення яе гэтых эмоцый.

У той прыблізна час, калі Васіль Бусыга варочаўся ад павятовага «камісаржа», дзе ён убачыў арыштаванага Мартына Рыля, і разважаў над пытаннем, сказаць аб гэтым Аўгіні ці не сказаць, Аўгіня разважала над пытаннем – схадзіць ёй у Вепры ці не. Ёй хацелася даведацца болей падрабязна, за што арыштавалі Мартына і што яму пагражае.

Яна знайшла прычыну схадзіць у Вепры: ёй трэба было занесці да свае маткі воўны, бо самой Аўгіні ўправіцца з пражаю трудна. У хаце застаўся дзед Купрыян – Васілёў бацька, і дзеці.

Адна акалічнасць балюча адгукнулася ў Аўгініным сэрцы: у Вепрах хадзілі ўпартыя чуткі, што арышт Мартына Рыля стаіць у простай залежнасці ад даносу Васіля Бусыгі. Няўжо ж Васіль дайшоў да таго, што ўжыў такі спосаб помсты? Аўгіня адчула тут і сваю віну. Яшчэ з першай ночы закралася ў Васіля чорная падазронасць супраць дзявоцтва маладой, увесь яго гнеў і затоеная нянавісць скіраваліся на Мартына Рыля. I гэта нянавісць жывілася ў ім двухсэнсоўнымі жартамі і намёкамі з боку таго ці другога прыяцеля. А пастаянным напамінкам пра гэта служыла Алеся, першае дзіця, нібы меўшая падабенства да Мартына Рыля. Васіль ненавідзеў Алесю, хоць адкрыта і не выказваў гэтага. Затое Аўгіня кампенсавала ёй бацькаву халоднасць гарачымі матчынымі ласкамі. У тых разах, калі паміж Васілём і Аўгіняю вынікалі нелады, Аўгіня, на злосць Васілю, сумыслу дэманстравала сваю прывязанасць да Алесі. Звычайна ж пры іншых выпадках яна старалася гэта рабіць употайку ад Васіля. Хацелася Аўгіні зайсці да Евы, Мартынавай жонкі. Калісь дзяўчатамі яны сябравалі. Але дружба іх раскідалася, і не тады, калі Мартын быў нежанаты, а пасля. Хоць на гэтым грунце адкрытых канфліктаў між імі і не бывала, але іх раздзяліла мяжа адчужэння.

Ева трымала ў сэрцы затоеную крыўду супраць Аўгіні. Аўгіня чула сваю віну і перад Еваю. Так і не адважылася зайсці да яе. I як было зайсці? Што сказаць? Паспачуваць ёй, што Васіль падкусіў, ды яшчэ як падкусіў Мартына? I якое мае яна, Аўгіня, права непакоіцца за Мартына? Сама ж яна выбрала Васіля, пагналася на яго багацце. Ну дык і цешся сваім Васілём і сваім багаццем!

Невясёлая вярнулася Аўгіня з Вепраў, і не было з кім ёй пагаварыць, развеяць непрыемны настрой, што цяжкім туманам віўся каля сэрца. I не выходзіла з галавы думка: няўжо Васіль дапусціўся да таго, што данёс польскай паліцыі на Мартына? Васіль яшчэ не вярнуўся ад пана Крулеўскага. Чаго ён пайшоў туды? Аўгіня не ўваходзіла ў Васілёвы справы, і Васіль не дужа ахвотна раскрываў ёй свае карты. Ён не залазіць у яе дробныя жаночыя справы і лічыць лішнім раіцца з ёю ў сваіх планах і гаспадарскіх меркаваннях. У гэтым сэнсе былі ў яго межы, за якія бабе наогул пераступаць не след. Ставіў жа ён Аўгіню перад тым ці іншым канкрэтным выпадкам як перад фактам, які не падлягае ніякаму абмеркаванню, ніякай дыскусіі. Аўгіня не зносіла калатні ў хаце. Яна не любіла надзьмутых і сярдзітых, бо сама была па натуры вясёлая і жывая, а таму часта ўступала, абы было ціха і спакойна ў хаце. Цяпер стан рэчаў павярнуўся так, што з усёю відавочнасцю сведчыў аб ненармальнасці такіх стасункаў і такіх поглядаў на хатнюю згоду, і ў ёй абуджаўся дух пратэсту.

Дзед Купрыян тупаў на двары, прыбіраў клуню, рабіў парадак у хлявах. Старасці ўласціва гэта дбанне аб парадку, аб драбязлівай эканомнасці, ад гэтага старыя людзі бываюць часта бурклівымі. Алеся – ёй было ўжо каля дзевяці гадкоў – сядзела за праснічкаю, завязаўшы чарнявую галоўку даволі замурзанаю хусткаю. Яна прывучалася прасці і смыкала грубыя ніткі кудзелі горшага гатунку, няёмка пакручваючы верацяно і насліньваючы тонкія пальчыкі. Два меншыя хлопчыкі забаўляліся сваімі дзіцячымі гульнямі.

Аўгіня ўвайшла ў хату.

– Прадзеш, мая дачушка? – лагодна, з матчынаю любасцю звярнулася яна да Алесі.

Аўгіня адчула асаблівую ласку да свае дачкі. Алеся ўсміхнулася матцы – яна ўжо ў хаце не дарма есць бацькаў хлеб – і спасцярожлівымі дзіцячымі вачыма, яснымі і чыстымі, як крыніца на цёмным дне, паглядзела ў матчыны вочы. Ад яе погляду не схавалася затоенае засмучэнне маткі. Але яна нічога не сказала ёй.

Першы раз за гады замужаства акінула Аўгіня крытычным вокам хату свайго мужа. Хата была прасторная і пабудаваная з адборнага матэрыялу. Значную частку хаты займала шырокая прысадзістая печ з ямкамі, пячуркамі, выступамі, карнізікамі і цэлымі катушкамі па баках, дзе хаваліся розныя рэчы хатняга ўжытку. Ад самай печы да процілеглай сцяны раскінуўся шырокі палок, такі шырокі, што на ім можна класціся спаць упоперак. У галавах, як горы, высіліся ёмкія падушкі, зложаныя на дзень суконныя коўдры ў клетку, посцілкі і прасцірадлы хатняга вырабу. Каля печы вышэй палка выступалі даволі шырокія палаці, дзе асталяваўся дзед Купрыян. Над пярэднім краем палка пад столлю быў прымацаван акуратны ашэстак, увешаны рознаю адзежаю: новымі кажухамі, чорнымі купленымі, жоўтымі з сваіх аўчын, халатамі, світкамі. Звісаючы з ашэстка, адзежа прыкрывала палок і адгароджвала яго ад хаты. Побач з палком каля сцяны стаяў з гарбатым пакатым вечкам пакоўны куфар, акованы лістовым жалезам. У куфры хаваліся яшчэ дзявочыя Аўгініны ўборы і дабро, набытае за часы замужаства: палотны, абрусы, настольнікі, ручнікі, хусткі, паясы, кофты і спадніцы.

Гэты куфар асабліва любіла Алеся. Бывала астануцца яны з маткаю ў хаце, адчыняць куфар і пачнуць пераглядаць цікавыя рэчы: пярсцёнкі, што хаваліся ў прыскрынку, дарагія хусткі ў яркія бліскучыя, як агонь, кветкі з ліпкімі доўгімі брыжамі, рознакаляровыя стужкі. Для Алесі збірала маці і хавала гэта дабро, калі яна вырасце вялікаю.

Аўгініна маці не надбала сваёй дачцэ столькі дабра, але сёе-тое прынесла яна ў дом свайго мужа.

У хаце і ў клеці, у клуні і хлявах дабра было многа, і дабро гэта расло і множылася. Але яно сёння не толькі не радавала Аўгіню, а дакарала і не цешыла.

Тым часам работа ў хаце не чакала. Па прывычцы Аўгіня ўзялася за яе. Трэба было прыгатаваць корму свінням нанач, хлеб расчыніць на заўтра, прынесці вады, дроў накласці ў печ і згатаваць вячэру. Аўгіня пераапранулася ў сваю штодзённую рабочую вопратку.

– Кідай, дачушка, прасніцу. Прынясі дзежку з клеці, няхай прыгрэецца ў хаце, – сказала яна.

Алеся патрошку памагала матцы. Аўгіня хацела аддаць яе ў школу, але Васіль не падтрымаў: Алеся і гэту зіму засталася дома. Цяпер Аўгіня цвёрда пастанавіла вучыць Алесю на другую зіму. Аўгіня была порсткая ў рабоце і адна спраўлялася ў хаце. Сама яна была непісьменная. Падзеі апошніх часоў пахіснулі яе погляд на трываласць пэўнага ладу жыцдя. Ці даўно Васіль і сама яна дрыжалі за сваю гаспадарку, за свой набытак? Быў цар, яго скінулі. Была адна рэвалюцыя і новае начальства, усё гэта зноў змянілася. Былі бальшавікі. Пачалася новая вайна. Прыйшлі палякі. Але вайна з імі не скончылася, а што будзе далей, невядома. Сённяшні Аўгінін настрой быў такі, што яна нічога не мела супраць таго, каб бальшавікі вярнуліся. Усё ж свае людзі, а не палякі, што адразу пачалі з арыштаў.

Ужо надвячоркам вярнуўся Васіль Бусыга. Важнасці ў ім было цяпер яшчэ болей, як раніцаю. Пераступіў парог, абабіў снег з закарчанеўшых ад холаду ботаў, акінуў вачыма хату, ці ўсё ў ёй на месцы і ў парадку. Тады зняў шапку, зірнуў на абразы, як бы аддаючы святым падзяку за шчаслівы дзень, і потым, важна надзьмуўшы шчокі, – а гэта азначала, што ён трохі ўтаміўся, – стаў распранацца.

Васіль думаў, з чаго разгаварыцца. Выступаць адразу з паведамлення важнай навіны звычайна не практыкуецца. Так робяць дзеці. Людзі дарослыя падаюць сваю навіну з захаваннем пэўнай паступовасці, вылучаюць зручны момант. Хіба ўжо калі навіна экстраная, важная такая, што можа збіць з ног, то тады дарослыя людзі паступаюць па-дзяцінаму.

Кінуўшы скосу погляд на Аўгіню, Васіль крыху сумеўся: Аўгіня ўхілялася глядзець у вочы Васілю. Відаць было, яна чымся засмучана і нездаволена. Гэтай акалічнасці Васіль не ўлічыў, і праграма гутаркі, зложаная ў дарозе, такім чынам парушалася.

– Ну, што ў цябе чуваць? – запытаўся Васіль не па праграме.

– Нічога, – даволі суха азвалася Аўгіня.

– Лепей нічога, чым благога, – дзелавіта заўважыў Васіль. Ён яшчэ болей пераканаўся, што Аўгіня чымся нездаволена, і прычыну гэтага нездавалення ён перш за ўсё адчуў у сабе. У чым жа канкрэтна яго віна? Ён выясніць яе ў далейшай гутарцы. Тым не меней акалічнасць гэта яго трохі расхаладзіла, і праграма яго зусім касавалася, але ён успомніў некаторыя моманты яе і сказаў так, як думаў раней сказаць:

– Ну, Аўгіня, можаш павіншаваць мяне: я – войт.

– А хто гэта войт і хто паставіў цябе за войта? – варожасць пачулася ў голасе Аўгіні.

Такая манера запытання па меншай меры сведчыла аб непавазе да асобы войта і, па-другое, мела ў сабе як бы характар допыту. Не спадабалася гэта Васілю.

– Якая муха ўкусіла цябе сёння?

– Трэба з людзьмі ладзіць, а не з панамі. – Аўгіня на штось намякала. Васіль ускіпеў.

– З якімі гэта людзьмі? Што ты вучыш мяне? Алеся са страхам зірнула на матку. Дужа баялася яна Васіля, асабліва калі ўваходзіў ён у злосць. Адчула набліжэнне буры і Аўгіня. Сварыцца яна не любіла, але з свае пазіцыі адступаць не хацела. Яна толькі мякчэй сказала:

– Паны твае ў паветры целяпаюцца. Яны так жа хутка могуць пакаціцца назад, як і прыкаціліся. А з людзьмі табе жыць трэба. Паслухаў бы, што людзі гавораць.

– Людзі? Талаш і Рыль? Тфу, твае людзі! Гэтых людзей гуртам ганяюць, як тавар, ды ў астрогі садзяць. Волі захацелі? Якой волі? Свавольства! Блазенства! Грабежніцтва! Але пазатыкаюць ім ненаедныя пасткі, гультаям, галадранцам, як старому разбойніку Талашу.

– А ты будзеш на паноў старацца ды людзей тапіць? – не сцярпела Аўгіня.

Злосна паглядзеў на яе Васіль.

– Не на паноў, а на цябе, курыная твая галава. На сябе буду старацца, на дзяцей, на сумленных гаспадароў... Людзей! Разбойнікаў, а не людзей.

Не па праграме выйшла гутарка, і войтаўская годнасць не дужа гладка і зусім без трыумфу ўвайшла ў сваю ўласную хату.



XX[правіць]

Не было па глухіх закутках Палесся ні газет, ні тэлеграфаў, ні тэлефонаў – гэтых здабыткаў людскога розуму, гэтых перадатчыкаў вестак аб падзеях на свеце. Але весткі хадзілі па глухіх палескіх вёсках. Ад чалавека да чалавека, ад сяла да сяла вандравалі яны тысячамі дарог і сцежак і расказвалі аб падзеях, што тварыліся на Палессі, дзе асталяваліся палякі і заводзілі свой парадак. I ўспрымаліся гэтыя весці парознаму. Адных яны радавалі і абнадзейвалі, другіх засмучалі і трывожылі, у залежнасці ад таго, хто іх успрымаў і якія былі весці. Па-рознаму ўспрымалі іх Васіль Бусыга і Аўгіня.

Адна з такіх успрынятых па-рознаму вестак была весць аб тым, што грамада арыштаваных сялян раззброіла польскі канвой і разбеглася па лясах. Аўгіня ўжо ведала аб арышце Мартына Рыля. Дачуўшыся аб раззбраенні польскага канвоя, яна павесялела: у яе сэрцы радзілася надзея, што сярод уцёкшых з-пад арышту сялян быў і Мартын Рыль. Васіль Бусыга пахмурнеў: у яго сэрцы закралася трывога, ці не было там Мартына Рыля, ці не на волі цяпер Мартын? Непакоіла яго і тая акалічнасць, што дзед Талаш хаваецца па лясах. Панаса забралі як заложніка, каб дзед Талаш прыйшоў і замяніў сына. Але дзед Талаш не спяшаецца. Або ён не ведае аб арышце Панаса, або штось тоіць на думках. Васілю, як войту, як чалавеку, што бароніць сваё ўласнае права і сваю волю, трэба аб гэтым падумаць і трэба нешта прыдумаць. Не пашкодзіць можа параіцца з сваімі аднадумнікамі. У гэтым кірунку шаволяцца Васілёвы думкі.

Аўгіня, хаваючыся ад Васіля, зайшла да бабкі Насты пасля таго, як забралі Панаса. Гэта быў якраз той дзень, калі дзед Талаш начаваў тут з Мартынам Рылем, а надосвіці падаліся ў лес. Бабка Наста сядзела на дубовай калодачцы каля печы, унурыўшыся ў свае нескладаныя, апавітыя журбою думкі. I сапраўды – крыўдна было бабцы Насце: жылі век у беднасці ды хоць спакойна, не ведалі такога ліха, а цяпер яшчэ большая беднасць і разбітае жыццё. Забралі Панаса, хочуць забраць і старога, і як яно што абернецца, невядома. У хаце апроч бабкі Насты нікога не было. Максім і Алена, яго жонка,– яна толькі сёння вярнулася ад бацькоў,– былі на двары, пілавалі дровы. Яны нядаўна пажаніліся і дзяцей у іх яшчэ не было.

Чаго прыйшла сюды Аўгіня?

Яна прыйшла ў няяснай надзеі прачуць што-небудзь з таго, што займала яе мыслі. Ёй хацелася ведаць, чым жывуць, што думаюць гэтыя людзі, да якіх так варожа становіцца Васіль і людзі яго круга. Не мела пэўнасці Аўгіня ў тым, што выпадкам зложаны стан рэчаў у выніку бурлівага ходу падзей замацуецца. Яна была ў прамежку паміж заможнікамі і беднатою. Матывы асабістага парадку хілілі яе ў процілеглы Васілю бок, асабліва цяпер, калі Васілёва гаспадарка і яго войтаўства, так неасцярожна прынятае, могуць пайсці прахам.

Бабка Наста дужа здзівілася, калі Аўгіня ўвайшла ў хату.

– Дзень добры вам, бабка! – ветла і весела прывіталася Аўгіня. У голасе яе было так многа шчырасці, што бабка Наста крыху заспакоілася.

– Сядай, Аўгінька!

Бабка Наста заварушылася і нават хацела ўступіць Аўгіні сваю калодку.

– Нічога, бабка, я на хвіліну забегла да вас. Прысяду тут.

Аўгіня прысела на палок супраць бабкі Насты.

– Прыйшла я да вас, бабка, – Аўгіня адразу прыступіла да справы, каб паказаць, што яна сапраўды забегла на хвілінку, – ці не ўзялі б вы спрасці мне трохі кудзелі? Самой управіцца трудна.

Кудзеля тут была толькі зачэпкаю.

Бабка Наста ўздыхнула.

– Чаму ж, можна і папрасці. Работы ў хаце няма такой. Ды і Алена вярнулася ад бацькоў, і ёй няма чаго рабіць. Вечары доўгія, і дзень сцягваецца, калі работы няма. Сядзіш вось ды думаеш. Думаеш, думаеш, галава як кацёл зробіцца, і не ведаеш, куды падзецца, за што рукі зацяць. А тут яшчэ і газа выйшла, запаліць няма чаго, і дзе дастаць яе, ліха яе ведае.

Бабка Наста гаварыла доўга і многа. Адно слова чаплялася за другое, адна думка выклікала другую, і хоць моцнай сувязі паміж імі і не было, але гутарка лілася безупынным зацяжным восеньскім дожджыкам. Аўгіня ўважна слухала, ківала галавою ў знак згоды і глядзела на бабку ласкавымі, выразлівымі вачыма. I ёй таксама хацелася гаварыць. А гутарка між жанок – вір слоў, бясконцы паток іх.

– У мяне газы трохі ёсць у запасе. Я вам зашлю праз Алесю. А ўжо аб заплаце мы сойдземся. Ці кудзеляю заплаціла б вам, ці скорамам.

– Ды ўжо ж памяркуемся, Аўгінька.

– А што чуваць у вас? – асцярожна, украдліва запытала Аўгіня.

– Ох, любая ты мая! – цяжка ўздыхнула бабка Наста, – такое ж ужо гора! Ды гэтакае ліха навалілася на нас!

Распачала бабка цэлую доўгую тыраду пра бяду наогул, а потым пачала доўгую гісторыю аб ліху, што налучыла іхнюю хату. Расказала і пра стажок, і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колькі страху нацярпеліся! А бедны Панас! Горкі плач перарываў бабчын расказ. Расказала, як арыштавалі Панаса і для чаго арыштавалі яго. Бабка так разгаварылася, што нічога не прапусціла ў гісторыі гэтых ліхіх падзей. Расказала яна і пра тое, што прыходзіў стары Талаш гэтаю ноччу з Мартынам Рылем.

– З Мартынам? – вырвалася ў Аўгіні.

– Ах, міленькія ж мае! – пляснула рукамі бабка Наста,– а нашто ж я расказала пра гэта? Мая ж ты мілая Аўгінька! не кажы ж ты нікому пра гэта.Не кажы, што яны прыходзілі!

– Не бойцеся, бабка, мяне, дзецьмі прысягну, што нікому не скажу.

– Не кажы, мая любая! Ты ж – войтава жонка. А войт дабра нам не мысліць.

За бабчыну адкрытасць і шчырасць Аўгіня ад радаснай весці не магла стрымацца, каб не адказаць тым жа.

– Ой, бабулька Наста: гэта яго войтаўства мне ўпоперак горла стаіць. Пасварыліся з-за яго. Хто цябе, кажу, за войта ставіць? Нашто табе, кажу, з панамі знацца? Табе з людзьмі, кажу, трэба жыць і ладзіць з імі трэба. Не залюбіў. З якімі, кажа, людзьмі? З Талашом? З Мартынам?.. Вы яго асцерагайцеся, бабка: дурны ён і злы чалавек. Дык вось жа я вас папярэджваю. У Вепрах гавораць, што гэта ён Мартына ўдаў... Але ж і вы, бабка, нікому-нікому не кажыце, што гэта я вам казала.

Аўгіня, як і бабка Наста, спалохалася, што залішне сказала. У выніку, як і ў алгебры, мінус на мінус дае плюс: гэта лішніца, сказаная з аднаго і з другога боку, прымушала іх маўчаць і ў той жа час клала пачатак для ўзаемнага давер’я.

Васіль зайшоў да свайго прыяцеля Кандрата Біркі. Бірка добры гаспадар, хоць скупы і зажымісты. Рыжая, як агонь, барада і такія ж валасы, маленькія хітрыя вочкі сведчылі аб жорсткасці і драпежнасці яго натуры. Сюды падышоў яшчэ і Сымон Бруй, станавіты на выгляд мужык, разважлівы і спакойны. Яны – блізкія прыяцелі між сабою і самыя багатыя людзі на вёсцы. Кандрат і Сымон болей актыўна і жыва адгукнуліся на Васілёва паведамленне аб тым, што ён – войт. Гэта ў значнай ступені падняло Васілёў дух. Яму патрэбна была перш за ўсё нейкая маральная апора і спачуванне, чаго не знайшоў ён у Аўгіні. А калі Кандрат і Сымон азнаёміліся і з войтавымі абавязкамі, то актыўнасць іхняя і здаваленне з поваду прызначэння Васіля ў войты праявілася яшчэ з большаю сілаю.

Станавіты і разважлівы Бруй урачыста заявіў новаспечанаму войту:

– З цябе, брат, належыць фундацыя, – на што Васіль Бусыга выказаў поўную сваю згоду.

Ён нават падміргнуў сваім прыяцелям і таемна прызнаўся, што ў яго ёсць польскі спірытус пад прыгожаю назваю «злоты клос», і запрасіў іх на вечар да сябе.

А пасля ўжо гэтага пачалася гутарка, адпаведная войтавай годнасці.

– Дык значыцца – войт?

У гэтыя простыя словы Кандрат Бірка ўкладаў многа зместу.

– Войт, – важна пацвердзіў Бусыга.

– Раз войт, дык трэба і за парадкам дасачыць, – далучыўся да гутаркі Бруй,– а то ўжо на нашы голавы падымалася даўбежка – свярбелі рукі ў «таварышаў».

Вось тут раптам усердаваўся Кандрат.

– Як ты дасочыш, калі, паміж намі кажучы, польскія салдаты – бабы: ну як гэта можна дапусціць, каб гэтыя самыя «таварышы» з голымі рукамі абяззброілі канвой? Смех адзін. А вось цяпер ты іх злаві, папрабуй. Пазашываюцца ў лес, і ўдзень ты іх са свечкаю не знойдзеш. А яны табе сядзець там будуць?

– I не сядзяць, ужо не сядзяць і не будуць сядзець. А вось прыйдзе вясна, тады, брат, разгону ім болей будзе. Разлайдачыліся. Давай ім усё: і зямлю, і гаспадарку. А яна табе, гаспадарка, сама прыйшла ў рукі? – Разважлівы Бруй сказаў цэлую ўсім вядомую прамову на тэму, чаму адны жывуць і хлеб маюць, а другія толькі на чужое дабро раты разяўляюць.

Выслухаўшы прыяцеляў, слова ўзяў сам войт. Ён заспакоіў іх. Страшнага няма нічога ў тым, што канвой абяззброілі. Такія выпадкі бывалі і бываюць, і свет ад іх не пераварочваўся. Але і нам што-колечы рабіць трэба, а не чакаць, покі цябе дзяліць прыйдуць.

– Што ж, нам ці што ў партызаны ісці? – запытаў Кандрат.

Разважлівы Бруй на ляту падхапіў думку:

– А ты кажаш праўду. Не пашкодзіла б нам сваіх партызанаў мець.

– А ты, Сымоне, праўду кажаш: трэба было б знайсці чалавека ды падаслаць да іх нібы іх хаўрусніка, – ухапіўся войт за гэту думку.

Прыяцелі знайшлі спосаб. Усім спадабалася такая камбінацыя, і яны сталі падшукваць адпаведнага чалавека. Называлі кандыдатаў. А ў кандыдатах ніколі нястачы не бывае на свеце. Знайшоўся падхадзяшчы чалавек і ў нашых прыяцеляў. Разважлівы Бруй назваў такога кандыдата, а прыяцелі дружна падтрымалі яго. Гэтым кандыдатам аказаўся Саўка Мільгун. Хто ж такі Саўка, і ў чым яго кандыдацкія вартасці?

Перш за ўсё Саўка Мільгун размашысты чалавек, шырокая натура і гультай. Гаспадаркаю ён не займаўся, гуляў, выпіваў, трохі краў і прыставаў да розных цёмных людзей. Яго можна было наняць на якую хочаш справу. Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супраць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Прасцей сказаць, прыяцелі прызначалі Саўку ролю правакатара і даносчыка.

Як толькі прыяцелі разышліся, па сяле прайшла чутка аб вепраўскіх падзеях. Гэта чутка дужа моцна ўсхвалявала сяло. Але і гэту весць людзі ўспрынялі па-рознаму. Васіль Бусыга адчуў здаваленне. Тая акалічнасць, што палякі спалілі Мартынаву хату, гаварыла за тое, што яны шукаюць Мартына і ўсю кампанію, што была з ім, і помсцяцца за раззбраенне канвоя. У той жа час на яго павявала непакоем: хто ж такі той невядомы, хто застрэліў польскага салдата і раніў другога? I яго не злавілі. Можа гэта Талаш? А можа Мартын?

Калі дачулася аб гэтым Аўгіня, то яна моцна затрывожылася. Нашто спалілі Мартынаву хату? Куды ж падзенецца яго сям’я? За што забілі Кандрата Буса, таго Кандрата, з якім яна калісь дружыла, які любіў яе? Ёй прыпомнілася, як ішла яна з Мартынам з Прыпяці, як сустрэўся ёй Кандрат Бус і яны пайшлі з ім поруч. Мартын угневаўся і не прыйшоў да яе. Цяпер усё гэта ўсплыло ў яе памяці, і яна асудзіла свой легкадумны ўчынак. Весць аб смерці Кандрата і аб падпале яго хаты зрабіла цяжкае ўражанне на Аўгіню. Яе цешыла толькі думка аб тым, што нехта невядомы папомсціўся за Кандрата, і яго не злавілі. Хто ён? Можа Мартын з дзедам Талашом? I гэта падобна было да праўды: яны сёння былі тут.

Першы прыйшоў да войта Кандрат Бірка. У хаце была адна Аўгіня і меншыя дзеці. Аўгіня стаяла каля печы, папраўляла вілкамі дровы. Кандрат паздароўкаўся і запыніўся каля Аўгіні. Ён ніколі не прапускаў здарэння, каб не зачапіць яе.

Ой, холадна, Аўгінька! Ці няможна пагрэцца каля цябе? – сказаў ён і пасунуў сваю рыжую мардасіну бліжэй да Аўгінінага твару і абняў яе адною рукою.

Аўгіня рэзка павярнулася, хоць і сказала, што любіць рыжых, і вызвалілася ад яго рукі. Яна зараз жа стрымала сваю рэзкасць і лагодна зазірнула яму ў вочы, зазірнула так, як умела зазіраць яна.

– Бач, які ваяка: на бабу напаў. Ты б у лес пайшоў ды паваяваў.

Маленькія Кандратавы вочкі замасліліся.

– I зусім не нападаю: дакрануцца да цябе лічу за шчасце... Эх! – змяніў ён рэзка голас.– Ну, каб ты не была войтава жонка!.. войта мне шкада. А ваяваць я не пайду: мы за сябе ваяку паставім.

I расказаў Аўгіні пра камбінацыю з Саўкам. Такой прыгожай жанчыне ну хоць добраю навіною дагадзіць. Расказаўшы, самазадаволена захіхікаў.



XXI[правіць]

Не толькі ў Віркуцці, але і шмат па якіх маёнтках акупаванага Палесся ладзілі паны пышныя банкеты польскаму афіцэрству. Польскае шляхецтва перажывала мядовы месяц адраджэння свае дзяржаўнасці, зварот да жыцця, здзяйсненне гадаваных вякамі надзей. I тыя паны, што вярнуліся ў свае маёнткі, адчувалі сябе на сёмым небе і лічылі, што цяпер яны сапраўдныя, настаяшчыя, паўнапраўныя іх уладары. Уся палітычная абстаноўка складалася на іх карысць. Польшча мела сваю армію, узброеную на сродкі Антанты, якая адводзіла Польшчы значную ролю ў вайне з Саветамі. Становішча ж Саветаў было дужа цяжкае.

Ім прыходзілася напружваць сілы супраць насядаўшай з усіх бакоў контррэвалюцыі ва ўмовах эканамічнай разрухі, нястачы, голаду і цяжкай спадчыннасці, пакінутай царызмам. Усё гэта палягчала задачу польскай ваеншчыне і жывіла надзеі польскай буржуазіі на перамогу ў вайне з Саветамі.

Следам за польскай арміяй ціснулася цэлая хваля буйной і дробнай шляхты, выгнанай рэвалюцыяй з іх котлішч, прадстаўнікі рэлігійнага культу і цэлая псарня іншых дармаедаў і паразітаў. I для ўсёй гэтай грамады ўзаконеных марадзёраў трэба было знайсці месца і размеркаваць ролі. На гэты раз «ужондзіць» банкет узяўся павятовы «камісарж» пан Крулеўскі. Банкету надавалася спецыяльнае значэнне. Ладзіўся ён не толькі для таго, каб пагуляць і павесяліцца польскай шляхце разам з афіцэрствам: банкету прызначалася і іншая роля.

Маёнтак пана Длугошыца адзін з пышнейшых у павеце. Гэта – котлішча старога польскага роду. На працягу вякоў пераходзіла яно ад бацькі да старшага сына, пераходзіла як умацаваная, вякамі непарушная спадчыннасць. I толькі пры апошнім уладару, пры пану Лявону Длугошыцу, захісталася гэта спадчыннасць ад подыхаў вялікай рэвалюцыі. Пан Длугошыц змушан быў пакінуць свой маёнтак і падацца глыбей на захад. Цяпер пан Длугошыц вярнуўся ў сваё радавое гняздо, вярнуўся як чалавек, які тапіўся і якога адратавалі ад смерці.

Даволі было аднаго толькі абеглага погляду на палац, на дваровыя будынкі, на ўвесь маёнтак у цэлым, каб адразу ўбачыць, што гэта – старасвецкая рэзідэнцыя багатай, радавітай польскай фаміліі. Таўшчэразныя таполі і разложыстыя ліпы пышным вянком абкружылі панскую сядзібу. На ўзвышку, атулены густым садам з шырокімі прагаламі, дзе разлегліся прасторныя, роўныя дарожкі, стаяў мураваны белы палац, высока ўзняўшы над садам сваю чатырохкантовую вежу, аздобленую рознымі скульптурнымі ўкрасамі. Горда і пыхліва выступаў ён з цэлага лесу купчастых дрэў і стромкіх таполяў сваёю вежаю, масіўнымі белымі сценамі і чырвоным чарапічным дахам. У самым палацы, у яго шматлікіх пакоях, прасторных залах, дзе можна размясціць сотні народу, сабраны дабро і раскоша, скрозь якія прабіваліся людскія слёзы, гора і пакута. Шмат чаго з гэтага дабра страцілася за часы рэвалюцыі, і пан Длугошыц, вярнуўшыся з выгнання, паставіў на ногі цэлы штат прыслужнікаў, каб знайсці і сабраць расцягненае дабро ў скарбніцу фамільнага палаца. З гэтых палацаў разыходзіліся ніці нянавісці і злобы да паўстаўшых «хлопаў», у гэтых палацах завязваліся вузлы змагання супраць новых асноў жыцця, заложаных Кастрычніцкай рэвалюцыяй. У гэтым жа палацы рыхтаваўся цяпер пышны банкет у гонар польскай дзяржаўнасці.

Зазіхацелі, загарэліся яркімі агнямі вокны палаца пана Длугошыца, узіраючыся ў цёмныя закуткі двара і ў панурыя лясы і балоты стоенага ў сваёй трывожнай маўклівасці Палесся. Вечарам, калі на лясы і балоты густа насунулася цемра, пачалі з’язджацца госці. Як звычайна вядзецца ў такіх разах, першымі з’яўляліся меней значныя асобы, уласнікі дробных фальваркаў, арандатары маёнткаў з сваімі жонкамі і дочкамі, у каго яны былі. Усё, што было лепшага для выезду на такую ўрачыстасць, надзявала шляхта на сябе і на сваіх коней. Слугі збіваліся з ног, прымаючы гасцей і прыбіраючы іх вазкі.

Пан Длугошыц, кожны раз сустракаючы новага госця, выказваў усе адзнакі гаспадарскай радасці і шляхетнасці: кланяўся, ветліва паціскаў руку, кідаў тую ці іншую фразу адпаведна выпадку ці асобе госця. Да ўсіх ён быў уважлівы і ветлы – так вымагала шляхетнасць і польская дэмакратычнасць, на прынцыпах якой будавалася адраджоная польская дзяржаўнасць.

Склад гасцей быў даволі стракаты і разнастайны. Тут былі абшарнікі розных катэгорый, арандатары і проста дробная шляхта, а таксама і прадстаўнікі інтэлігенцкіх прафесій, дактары і адвакаты. Вельмі заметную частку гасцей складалі вайскоўцы, дзе былі прадстаўлены ўсе іхнія катэгорыі, пачынаючы ад ніжэйшых афіцэрскіх чыноў і канчаючы генераламі. Быў тут і палкоўнік пан Дэмбіцкі. Сярод ваеннай і цывільнай публікі мільгалі таксама і постаці ксяндзоў у доўгіх сутанах. З прычыны важнасці і ўрачыстасці палітычнага моманту «свентыя ойцы» дазволілі сабе некаторую вольнасць, з'явіўшыся на банкет. Таксама адступалі яны і ад правіл ксяндзоўскага статута ў дачыненні да жанчын, выказваючы сябе болей кавалерамі, чым служкамі пана Бога. Праўда, паненкі і маладыя дамы ахвотней гарнуліся да вайсковых. Яно і не дзіва: ужо адна вопратка іх і асабліва становішча, як ваяк, здабыўшых і здабываючых польскую вольнасць і незалежнасць, вельмі выгодна вылучала іх у вачах маладых шляхцянак. Затое ж трохі пабляклыя пад уплывам часу дамы кружыліся каля ксяндзоў, як мухі перад дажджом каля гаршкоў, з якіх нядаўна вылілі зацірку і не паспелі яшчэ вымыць і вышараваць рагожаю.

За нядоўгі час сам сабою зрабіўся адбор гасцей, іх натуральны падзел на групы. У кожнай групе былі свае спецыфічныя інтарэсы і тэмы гутарак, хоць усе яны вяліся пад лозунгам маладой польскай дзяржаўнасці і яе гістарычнай місіі. Адно толькі моладзь – паненкі, панічы і маладое шыкарнае афіцэрства – з'яўлялася ў значнай ступені аўтаномнай у гэтым сэнсе, аддаўшыся цалкам парывам радасці нястрымных хваль свае моладасці. Несціхана грымеў ваенны аркестр. Бурныя польскія танцы змяняліся адны другімі. Паненкі і маладыя дамы стараліся перашчагаляць адна другую прыгожаствам, далікацтвам рухаў, чароўнасцю сваіх дзявочых усмешак і вабнасцю погляду сваіх вачэй. Кавалеры вылузваліся са скуры, каб звярнуць на сябе агульную ўвагу і закасаваць усіх іншых. Якіх толькі талентаў не было выяўлена тут. Якіх толькі штук не выраблялі яны. Як хораша выкідвалі ногі, як лоўка тупалі, падскаквалі, а як хвацка кружылі сваіх дам. Як спрытна насілі іх на паветры і раптам прысядалі перад імі на адно калена, каб гэтак жа раптоўна падняцца і да канца выпаўняць сваю місію.

Каля палкоўніка пана Дэмбіцкага згуртавалася цэлая грамада гасцей. Тут сядзіць і пан Длугошыц, чалавек сярэдняга веку. Усё яго аблічча паказвае на арыстакратычнасць яго роду. Ён салідны і павольны, ва ўсім захоўвае меру і пачуццё свае годнасці. Ксёндз Ксаверы Пацяйкоўскі і Ян Галандзеўскі таксама людзі паважныя, дыпламаты, хітрыя палітыкі і людзі пранырлівыя, заўзятыя патрыёты. Болей думаюць і дбаюць аб справах людскіх, чым аб інтарэсах боскіх. Тут жа сядзіць і павятовы камісарж пан Крулеўскі, адвакат пан Ладунскі і некалькі дробных панкоў, яшчэ не паспеўшых дайсці да сваіх маёнткаў – маёнткі гэтыя яшчэ не заваёваны. Наўперад гутарка датыкалася чыста ваенных тэм. У цэнтры ўвагі палкоўнік пан Дэмбіцкі. Яго слухаюць з напружанаю ўвагаю і з вялікім нацыянальным самазадаваленнем. Палкоўнік пан Дэмбіцкі расказвае пра розныя аперацыі ў вайне з бальшавікамі, у якіх яму, як кіраўніку і начальніку штаба дывізіі, прыходзілася браць непасрэдны ўдзел. Былі крытычныя моманты, і толькі ўмяшанне пана Дэмбіцкага, яго надзвычай смелыя і, можна сказаць, геніяльныя манеўры вырывалі кожны раз перамогу з рук бальшавікоў. Расказваючы, пан Дэмбіцкі рысуе на стале пальцам, паказвае пазіцыі чырвоных, іх прасоўванне наперад і тое месца, адкуль ён пасылае свае рэзервы і б’е бальшавікоў.

– А як пан палкоўнік глядзіць на далейшы ход ваенных падзей? – пытае пан Длугошыц, важна падпёршы рукою гладка выбрытую бараду. На яго твары, як і на твары іншых слухачоў, блукае радасная ўхмылка.

– Попэндзім, пся крэв, аж до Смоленска, – пыхліва сцвярджае пан палкоўнік і даводзіць гэта дзесяткамі розных меркаванняў. Перш за ўсё Польшча – яшчэ не кранутая маладосць, у ёй яшчэ дрэмлюць вялікія мажлівасці. Цяпер жа яна – жывы парыў, энтузіязм. Палякі – самы ваяўнічы, самы здольны да вайны народ. Ян Сабескі, Стэфан Баторый, Касцюшка, маршал Пілсудскі – хіба мала гавораць гэтыя імёны? Сіла Польшчы – яе дэмакратызм, якога не ведае ніводзін народ.

Сам пан Дэмбіцкі і яго слухачы паднялі пры гэтым вочы на суб'екта, што сядзеў у іх кампаніі, але не зусім падыходзіў да яе. Ён слухаў гутарку паноў і ў той жа час трымаў на рэчы свой погляд, хоць і не выказваў яго. I сваім абліччам, і ўсёю сваёю постаццю, і манерамі трымацца, і нават складам сваіх мыслей чалавек гэты вылучаўся з панскай грамады. Сярэдняга росту, шырокі і прысадзісты, ён усім сваім выглядам сведчыў аб дэмакратычнасці свайго паходжання. Невялікія ўдумлівыя шэрыя вочы яго пазіралі кудысь унутр. Яго мыслі, хоць марудна і павольна, вялі нейкую сваю работу. Але не ўсё з таго, што ён думаў, выкладаў ён перад сваімі слухачамі. Чалавек гэты вёў нейкую прыхаваную палітыку. На выгляд яму было гадоў трыццаць. Яго прозвішча – Галініч.

Выразны позірк, кінуты панамі на Галініча, прымушаў яго так ці іначай азвацца на словы пана палкоўніка аб вялікім польскім дэмакратызме.

– Мы, беларусіны, дужа ўлічваем, панове, дэмакратычнасць польскага народа, – азваўся Галініч, – і не толькі ўлічваем, але і высока цэнім яго. Вось чаму мы і звязваем лёс беларускага народа з лёсам вялікай польскай нацыі, бо і ў мінулым іх лёсы былі аднакія. Не на азіяцкую бальшавіцкую Маскву, а на дэмакратычную еўрапейскую Варшаву арыентуемся мы. І Польшча, і Беларусь насілі на сабе ланцугі расійскай няволі, няволі царскай. А бальшавіцкая няволя не будзе для нас саладзейшая за няволю царскую. Мы верым, што толькі дэмакратычная Польшча забяспечыць беларусам вольнасць і дасць ім усе мажлівасці для развіцця іх уласнай культуры і іх аўтаноміі.

– Натуральна жэч! – пацвердзіў ксёндз Галандзеўскі.

Панам Длугошыцу, Дэмбіцкаму і іншым панам не дужа спадабалася, што Галініч ставіць на адну роўніцу польскі народ з беларускім, Такое суседства двух народаў за сталом жыцця ім было проста не пад гонар, але, як хітрыя палітыкі, нічога аб гэтым не сказалі, а толькі кіўнулі галовамі. Галініч жа, каб аддзякаваць ксяндза Галандзеўскага, дадаў:

– Нават той факт, што першыя беларускія часопісы «Наша доля» і «Наша ніва» падтрымліваліся польскаю грамадскасцю і паважаным каталіцкім духавенствам у першую чаргу, тады, як ніводзін прадстаўнік праваслаўнай царквы іх не выпісваў, выразна гаворыць за тое, ад каго мелі мы спачуванне ў сваім імкненні да адраджэння беларускага народа і яго культуры.

Ксяндзы і польскае грамадства скромна апусцілі вочы. У заключэнне Галініч даў абяцанне падтрымліваць палякаў у змаганні з бальшавікамі вострай зброяй слова, паколькі беларусы іншай зброі не маюць: фармаванне спецыяльнага беларускага войска знаходзілася яшчэ ў стадыі свайго зачатку.

Паны выказалі сваё здаваленне дэмакрату Галінічу, а ксёндз Пацяйкоўскі сказаў:

– А так, пане! Абавязак кожнага культурнага чалавека – змагацца з варварствам, з гвалтам, з анархіяй і бязбожніцтвам.

– Білі маскаля і бэндземы біць, – катэгарычна заключыў пан Дэмбіцкі сваю гутарку на ваенную тэму.

Але ў паноў ёсць усё ж некаторая доля непакою. Яна гучыць у запытанні пана Крулеўскага.

– Але, пся крэв, хлопы не заспакоёнэ. Цо то бэндзе?

Пан Дэмбіцкі злёгку нахмурыўся.

– А то, пане, глупство! – зняважліва кідае ён. Непрыемна было наогул у такі ўрачысты момант гаварыць пра «хлопаў», тым болей непрыемна, што «хлопы» хаваліся па лясах. Гэтая акалічнасць міжволі нагадвае панам іх уласнае тулянне ў часе мяцяжу, калі яны самі шыбавалі «до лясу».

– То не ест глупство, пане пулковніку! – асцярожна запярэчыў пану Дэмбіцкаму адвакат Ладунскі. – Я баюся, што недаацэнка сілы «хлопскага» руху можа прычыніць нямала непрыемных неспадзяванак. Сялянскія паўстанні – гэта адгаліненне таго ж бальшавізма, таго ж самага цёмнага пачатку, што ёсць унутры чалавека і асабліва ў натуры нізавых мас. Пад сцягам бальшавізма і пад непасрэдным кіраўніцтвам балынавікоў вядуцца паўстанні хлопаў, і ў гэтым іх небяспека. У чым сіла бальшавізма? У яго лозунгах і закліках да разбурэння. Бальшавікі дасканала ведаюць натуру галатвы і апелююць да яе цёмных пачаткаў.

– А! – азваўся адзін з абшарнікаў, – пан Ладунскі напалохан бальшавікамі, і ён лічыць іх за вялікую сілу. Вялікая была калісь і сіла татарскіх орд, аднак яны ў Еўропу далей Расіі не пасунуліся – іх змінтрэжылі палякі і чэхі. І цяпер перад Польшчаю стаіць задача – не пусціць азіятаў у Еўропу.

– Панове! – выступіў ксёндз Пацяйкоўскі, – мае рацыю пан Ладунскі, калі ён засцерагае ад бальшавізма, і мае рацыю пан Залеўскі – прозвішча абшарніка, выступіўшага супраць Ладунскага, – калі ён спасылкаю на гістарычную з’яву заспакойвае. Але наш абавязак, абавязак сумленных грамадзян, сыноў нашай маткі Польшчы, прыйсці на дапамогу жолнежам нашай непераможнай арміі, якая з ласкі Маткі Боскай гоніць барбараў і атэістаў.

І ксёндз Пацяйкоўскі прадставіў поўны праект, як павінны змагацца «сумленныя грамадзяне», верныя дзеці маткі Польшчы з бальшавізмам і з сялянскімі паўстаннямі. У гэтай справе павінен прыняць удзел «косцел свенты», бо і сам пан Бог патрабуе паўстаць супраць бальшавікоў і атэістаў. Патрэбна прапаганда антыбальшавіцкіх ідэй праз друк, як правільна адзначыў пан Галініч. Але гэтага мала: трэба арганізаваць паўстанне набожных сялян у тыле Чырвонай арміі, а таксама паставіць на ногі сваіх людзей – свае вочы і вушы. У заключэнне трэба напісаць адозву да культурнай Еўропы, каб усё культурнае чалавецтва паўстала супраць анархіі, крыві і стыхіі разбурэння, што нясе свету бальшавізм.

Праект ксяндза Пацяйкоўскага і самога аўтара праекта віталі горача.

А музыка грымела. Весялілася шляхецкая моладзь. А калі нагуляліся і нагаварыліся, госці селі за стол. Шумны, пышны быў банкет у палацы пана Длугошыца пад аховаю батальёна польскіх салдат. Агалашаліся патрыятычныя тосты. Крычалі «віват» польскай дзяржаве, маршалу Пілсудскаму, польскаму войску ў асобах генералаў і пана Дэмбіцкага, гаспадарам, духоўным асобам, найпрыгажэйшым польскім жанчынам і вялікаму, як нідзе ў свеце, польскаму дэмакратызму.



XXII[правіць]

Дагаварыцца аб справе з Саўкам Мільгуном узяўся разважлівы Бруй. Ён выбраў зручную часіну і вечарком, на змярканні, накіраваўся ў Саўкаў двор. Бруй увайшоў у хату і спыніўся каля парога: у хаце нікога не было. Завярнуўся і хацеў ужо ісці назад, аж з печы пачуўся голас:

– Хто там?

Гэта ты там, Саўка? – запытаў і Бруй.

– Я! – спакойна азваўся Саўка і не дужа спяшаўся падымацца – проста не хацелася варушыцца: хата халодная, а печ была цёплая.

– Здароў, Саўка! Што ты парабляеш там?

– А вось ляжу і думаю сабе.

– Ну што ж? і гэта работа, калі няма чаго лепшага... Аб чым жа ты думаеш?

Бруй зайшоў з другога боку печы, бліжай да Саўкі. Саўка памкнуўся быў, каб устаць, але перадумаў і рашыў адказаць госцю лежачы.

– Думаю, чым заняцца. Рабіць жа нешта трэба, а рабіць, дык вось не прыдумаю што.

Пры гэтым Саўка падумаў: «Цікава, чаго ты прыйшоў?»

– Галава ты, галава! Работы сабе не знойдзеш. Ды ты не любіш работы!

– Ну, як то не люблю. Глядзя, якая работа.

– Смешна гаварыць, каб чалавек работы сабе не знайшоў.

«Ці не прыйшоў ты клікаць мяне на якую-небудзь сваю работу? – у мыслях сказаў Саўка.– Не, брат, дудкі, да цябе працаваць не пайду».

– Чалавек шукае работы па сабе,– уголас сказаў Саўка.

– Гультай ты, Саўка, вось я табе што скажу. У такі час, каб ты не знайшоў сабе чым заняцца!

– Ну, дык скажы – чым.

Саўка зрабіў рашучае намаганне і сеў. Ён счуў – Бруй мае сказаць нешта такое, што варта паслухаць седзячы.

– Ты вось што мне скажы, – адразу пачулася, што Бруй пераходзіць да справы, – да якой партыі належыш ты?

– Як партыі? – пачухаў патыліцу Саўка.

– А так, за каго ты стаіш?

– Я? ні за кога. Сам за сябе стаю.

– Вось гэта і нядобра. Калі ты ні за каго не стаіш, то і за сябе не стаіш... Ты паглядзі, як ты жывеш: холадна, цёмна, пуста...

– Ну, гэта не заўсёды так бывае,– запярэчыў Саўка,– калі пуста, а калі і густа.

– Слухай, Саўка: ёсць адна справа – вазьміся за яе. Шкадаваць не будзеш... Якраз будзе густа.

Саўка пачуў, што рыбка пачынае торгаць.

– Кажы – што?

– А вось што: зрабіся ты партызанам. Саўка памаўчаў, а потым адрэзаў:

– Не хочу.

– Ты не ведаеш, у чым тут соль.

– Соль добра, калі ёсць што саліць,– заўважыў Саўка. «Закручваеш, брат, ты нейкую штучку. Чую, сальцам пахне»,– сам сабе думае Саўка, але не спяшаецца выказваць рух свае душы.

Разважлівы Бруй пакрыўдзіўся.

– Калі ты не хочаш нават пацікавіцца, у чым тут справа, дык нам і гаварыць няма аб чым.

I ён змоўк. Не падаваў голасу і Саўка. Ён разважаў так: пойдзе за дзверы, тады вярну яго. Але Бруй за дзверы не пайшоў.

– Чаму ў цябе няма агню? – запытаў ён.

– Дзеці ў суседа гуляюць. Жонка да маткі пайшла, а я, покі не надумаў, што рабіць, не маю патрэбы ў агні.

– Цяжка ж ты думаеш.

– Усякія думкі бываюць.

– Дык ты партызанам быць не хочаш?

– Не, не хочу.

Як відаць, яму надакучыла гэта гульня ў хітрыкі, і ён дадаў:

– Кажы проста і не хітруй, пане Бруй.

– Дык вось слухай. Ты – чалавек, на якога крыўды мы не маем. Чым ты займаўся там, мы не ведаем. Дзяліць нас ты не збіраўся. Але былі таварышы, што на наша дабро, на наш набытак ужо разяўлялі раты і працягвалі рукі. Цяпер яны па лясах туляюцца ды ў шайкі сходзяцца. А з гэтага дабра не будзе. Парадак жа павінен быць, і вуха трымаць трэба востра. Вось бы ты і ўзяўся за імі пасачыць. А для гэтага табе і трэба партызанам прыкінуцца. Табе яны павераць, а ваяваць табе не канечне. Ты толькі праведвай, дзе яны хаваюцца і што яны думаюць рабіць, і папярэджвай нас праз войта Васіля Бусыгу. Вось і ўся твая работа. А плата будзе табе някепская: хлеб будзе, да хлеба будзе, капейка будзе і ні ў чым нястачы не будзе.

Саўка акінуў поглядам сваіх мыслей увесь складаны комплекс той ролі, на якую падбіваў яго Бруй, з усімі яе выгодамі і хібнымі бакамі. Ён адразу пачуў цвёрды і прасторны грунт дзеяння. У хаце было цёмна, і Бруй не мог сачыць за выразам Саўкавага твару. Ён цярпліва чакаў, покі Саўка думаў, і меркаваў, ці спрытна пад'ехаў ён да Саўкі.

«Ці не пагарачыўся я?» – разважаў разважлівы Бруй і з некатораю трывогай чакаў Саўкавага слова. Саўка ж адразу ацаніў стратэгічную важнасць свае пазіцыі і ўзважыў сваю ролю і спосабы яе выпаўнення.

– А што вы дасцё мне за гэта? – нарэшце запытаў ён.

У разважлівага Бруя як бы камень з плеч скаціўся.

– Аб плаце мы дамовімся лёгка, і крыўды мець ты не будзеш.

Усякі такі торг і сканчэнне торгу звычайна адзначаецца барышом. Бруй заклікаў Саўку да рыжабародага Біркі, як гэта было ў іх зараней абмеркавана. Туды ж павінен быў падысці і Васіль Бусыга.

Сышліся ў Біркі.

Пілі самагон, елі скваркі. Тут жа гуртам акрэслілі круг Саўкавых абавязкаў, а таксама дамовіліся і аб плаце, прычым у яе аснову быў паложан прынцып прэміі – болей старання, плата звыш нормы, і чым большы вынік, тым большая прэмія.

Падазроным, спасцярожлівым вокам акінула Аўгіня Васіля, калі ён выйшаў з хаты; па яго прыслалі ад Біркі. З таго дня, калі Аўгіня так няветла прыняла Васілёва паведамленне аб тым, што ён – войт, яны амаль што не гаварылі. Праўда, Аўгіня гатова была пайсці на згоду. У яе былі на гэта свае меркаванні, яна першая рабіла захады ў гэтым кірунку, але Васіль закуражыўся і астаўся глух. Гаварыў з ёю скупа, і то толькі ў афіцыяльных выпадках, калі справа датыкалася гаспадарскіх інтарэсаў. Зацялася тады і Аўгіня: цяпер яна мела на гэта права як абражаная і пакрыўджаная жанчына. У мыслях яна была нават і рада гэтаму, але ад прыроды яна была трохі артыстка і спрытна праводзіла ролю зняважанай жонкі.

«Куды ж гэта пайшоў ён? чаго?» – карцела пытанне ў Аўгінінай галаве. Ёй адразу цюкнула, што тут мае месца змова. Яна ўспомніла словы рыжабародага Кандрата Біркі аб партызанах. Усё гэта яе зацікавіла і занепакоіла. Ёй раптам стала страшна, страшна таго прамежнага стану, у які папала яна. Яна ўспомніла бабку Насту, гутарку з ёю. Перад ёю таксама ўсплылі апошнія падзеі ў Вепрах. Жыццё намотвала вакол яе ліпкія ніці, у якіх можна лёгка заблутацца, як муха ў павуціне. Адысціся ўбок ад усяго гэтага яна ўжо не магла. Ёй трэба ведаць, што робіцца вакол яе, і не хадзіць сляпою. Ёй трэба, нарэшце, на нешта наважыцца і пайсці па нейкай пэўнай дарозе.

Аўгіня апранула кажушок, што вельмі ўтульна аблягаў яе, накінула на галаву цёплую хустку і выйшла на двор. Спынілася каля весніц. Ужо цёмная ноч густа заткала цемраддзю вуліцу, хаты і двары. Тускла і нясмела свяціліся вокны. Па вуліцы зрэдку праходзілі адзіночныя чалавечыя постаці. Аўгіня хвілінку пастаяла, а потым рашуча накіравалася ў бок хаты Кандрата Біркі. Хацелася праверыць сваю дагадку.

Біркава хата стаяла непадалёку па другі бок вуліцы. Разглядаючыся, Аўгіня асцярожна ўвайшла ў двор, ціхенька расчыніўшы веснічкі, і стаілася за вуглом, каб не папасціся каму на вочы. Расслухаўшыся, яна высунула галаву ў палоску святла, што ішло ад акна. Яна хвалявалася, як чалавек, што змушан падглядаць спотайку, рызыкуючы быць злоўленым. Па хаце ківаліся цені, няясна даносіўся прыглушаны гоман. Разгледзець, што робіцца ў хаце, было трудна. Аўгіня прыгнулася, зайшла з другога боку і зноў зазірнула ў акно. Скрозь чысты, не затканы марозам кусочак шкла яна разгледзела мужчын, сядзеўшых за сталом і выпіваўшых. Дзве постаці найболей звярнулі на сябе Аўгініну ўвагу: Васіль і доўгі, хударлявы, чарнамазы Саўка Мільгун. У Аўгіні ніякіх сумненняў цяпер не заставалася: Саўку нанялі, купілі за грошы і ставілі на цёмную, здрадніцкую справу. Ад Саўкі можна спадзявацца ўсяго. Пачуцці страху і агіды калыхнуліся ў Аўгініным сэрцы. Аставацца тут болей не было чаго. Так жа ціхенька выйшла на вуліцу і пайшла ў сваю хату. Тут толькі ўляглося яе хваляванне, і сэрца стала біцца спакайней.

Дзед Купрыян ужо драмаў на сваіх палатках ці можа проста думаў пра ўсе гэтыя падзеі апошніх дзён. Не спачуваў дзед Купрыян усёй гэтай валтузні і калатэчы і не разумеў нічога з таго, што пачало тварыцца на свеце. У яго было цвёрдае перакананне ў тым, што ліха пайшло ад таго, што скінулі цара. Быў цар, быў і парадак, добры ці благі, але парадак, і хто хацеў працаваць, той меў сабе працу і меў кавалак хлеба. Дабра на свеце не чакаў цяпер дзед Купрыян. Але хто паслухае яго, калі малады народ пайшоў не ў меру разумны?

Меншыя Аўгініны дзеці – два хлопчыкі – спалі бестурботным сном шчаслівага дзяцінства. Не спалі толькі Аўгіня і Алеся. Яны сядзелі каля камінка, пралі і ціхенька вялі гутарку; Алеся дзіцячым інстынктам угадвала бацькаву няласку да сябе, і пад уплывам гэтага яе псіхіка была сціснута і прыгнечана беспрычынным страхам і боязню. А ў апошнія дні гэты страх і неспакой яе дзіцячага сэрца сталі яшчэ болей вострымі, асабліва калі бацькава панурасць накіравалася і на матку. Яна трацілася ў дагадках, чаму гэта так, але не магла вытлумачыць сабе прычын бацькавых паводзін. Тое, што гаварылі ў хаце навокал яе старэйшыя, параджала ў яе сэрцы няясныя і страшныя мыслі аб людской жорсткасці і несправядлівасці. Адкуль узяліся палякі? Чаго ім трэба? Чаго ўрываюцца яны ў вёскі і сілаю бяруць усё, што яны хочуць? Усё яе спачуванне было цалкам на баку тых, хто не хацеў скарыцца перад палякам і біўся з ім насмерць, баронячы свае інтарэсы. Дзеда Талаша яна лічыла выдатнейшым чалавекам і ўсім сэрцам спачувала Панасу, якога забралі палякі. Але вось бацька не любіць іх, ненавідзіць. За што? Чаму?



XXIII[правіць]

Невысокі хударлявы чалавек размеранаю роўнаю хадою ідзе лесам. Лес, ахінуўшы свае плечы белаю накідкаю, урачыста захоўвае цішыню і спакой. Такі лагодны спакой бывае толькі ў мінуты мудрага разважання аб таемных, заваблівых глыбінях жыцця або тады, калі заціхае ўсякая трывога, усякі клопат і нічога ў свеце не турбуе ні мыслі, ні сэрца, а ты адчуваеш поўнае сугалоссе з тым, што над табой і вакол цябе.

I гэты невысокі хударлявы чалавек, адзеты болей на гарадскі лад, прычым і абутак і адзенне яго дастасаваны да пешага перасоўвання, здаецца, паддаўся чарам гэтага ляснога спакою і цішыні. Сяды-тады ён углядаецца ў гэты лес, у гэта часамі дужа цікавае спалучэнне дрэваў у розныя вычварныя групы і згуртаванні. I нельга не запыніць увагі вось на гэтай групе. Невысокі хударлявы чалавек уважна ўглядаецца ў яе сваімі шэрымі халоднымі вачыма. Стаіць разложысты дуб. Магутныя сукі яго і шырокі верх крыху нахіліліся ў той бок, дзе свеціць сонца. Праз гэтыя сукі прасоўвае сваю круглую галаву стромкая асіна. З другога боку высокая танклявая елка праціскае скрозь дубовыя галіны свае зялёныя калючыя лапы. Там, дзе галіны стыкаюцца адна з другою, кара на іх сцерлася. Цяпер яны застылі нерухома, але, калі вецер, спяшаючыся ў сваю дарогу, праходзіць над лесам, яны пачынаюць церціся адна аб другую і глуха скрыпець.

Невысокі хударлявы чалавек спасцярожлівым вокам ловіць усе гэтыя драбніцы. Ён яшчэ раз акідае поглядам дзіўную групу, і ў мыслях паўстае пытанне: што гэта – змаганне за жыццё ці то – згода і дружба? Невысокі хударлявы чалавек наогул не верыць ні гэтай цішыні, ні гэтаму лясному спакою: гэта цішыня і гэты спакой – толькі зманлівая відомасць цішыні і спакою. На шырокіх прасторах зямлі бурліць вір змагання, жорсткага, бязлітаснага, але не бязладнага і хаатычнага, а змагання, падпарадкаванага акрэсленаму закону. У буры гэтага змагання невысокі хударлявы чалавек поўным нутром адчувае нараджэнне новай эпохі і замацаванне яе на зямлі. Вось чаму ён так упэўнена ходзіць у гэтым віры. Кажуць, хто сее вецер, той пажынае буру. Невысокі хударлявы чалавек – сейбіт буры: праз буру прыйдзе новы лад і народзіцца новы чалавек.

Гэты сейбіт – таварыш Нявідны, той самы Нявідны, чыё прозвішча, ды і сам ён так здзівілі дзеда Талаша. У Нявіднага за пазухай даволі ёмкі пакет. У пакеце зложаны адозвы да сялянства акупаванага Палесся, інструкцыі для падпольных бальшавіцкіх арганізацый, гэтых патаемных крыніц для жыўлення ідэй класавага змагання і апоры Саветаў на месцах. У гэтым жа пакеце ёсць шмат матэрыялаў, напісаных рукою класавага ворага і накіраваных супраць бальшавікоў. Тут жа ляжыць і адозва акупацыйнай польскай улады да абшарнікаў, каб яны варочаліся і займалі свае «законныя» маёнткі і сядзібы, а сяляне каб вярнулі ім розны набытак, забраны імі ў часе рэвалюцыі і ўлады Саветаў. Нявідны акуратна збірае ўсе гэтыя матэрыялы: на гэтых матэрыялах ён вядзе агітацыю супраць акупантаў і раскрывае іх сапраўднае нутро. Рызыкуючы сваёй галавою, пераходзіць ён з месца на месца, арганізуе новыя ячэйкі, падтрымлівае, дапамагае ўжо арганізаваным. Цяпер ён ідзе ў вёску Паставы. Гэта другі яго паход сюды. Быў ён там з месяц назад, калі вёска Паставы была яшчэ ў руках чырвоных. Былі ў яго там сувязі і знаёмствы. Нявіднага цікавіць, што сталася з ячэйкай, якую залажыў ён у Паставах і аб якой не мае цяпер ніякіх вестак. Яму трэба дазнацца, як жыве, чым жыве і ці жыве яна наогул.

Самая прыкрая рэч, калі чалавек знаходзіцца ў стане поўнага няведання. Што ведае Нявідны аб вёсцы Паставы? Нічога. Ведае толькі, што яна знаходзіцца пад палякамі, што ў Паставах, як і ў кожнай занятай палякамі вёсцы, ёсць іх шпіёны і агенты, што час ад часу паяўляюцца там польскія раз’езды і наезды. Вось чаму Нявідны ідзе асцярожна. Ён ведае, як зорка сочаць жандары, паліцыя і польская контрразведка за такімі небяспечнымі людзьмі, як ён. Ведае, што чакае яго, калі ён пападзецца ў іх рукі. Шкада не толькі волі і жыцця, а шкада і правалу той работы, якую даручыла яму партыя.

Перш чым увайсці ў вёску, ён стаіўся ў лазовых кустах каля замёрзлай рэчкі і стаў прыглядацца і слухаць. У вёсцы было ціха і бязлюдна. Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Але момант гэты не налучаўся.

I раптам дзесь збоку на рэчцы пачуліся дзяціныя галасы. За купамі аголеных кустоў мітусіліся хлапчукі школьнага ўзросту. Было іх пяцёра. Яны працерлі нагамі вузенькія доўгія сцежкі на лёдзе і коўзаліся, хто на дзервяных чурбачках, прыладзіўшы іх да лапця, а хто проста з разгону на сваіх нагах, абутых у самыя прымітыўныя лапці. Адзетыя яны былі ў старыя латаныя суконныя халацікі, падпяразаныя даматканымі каляровымі паясамі. На нагах смешна варушыліся радняныя нагавіцы. З-пад расхлістаных халацікаў віднеліся голыя грудзіны. Шапкі на іх былі самыя разнастайныя, непамерна вялікія, зімовыя ці проста летнія. Але хлопцам было весела. Яны громка перакідаліся словамі, часамі лаяліся і звонка рагаталі. Нявідны адчуў нейкую радасць, калі да яго слыху данёсся гэты шчэбет дзіцячых галасоў, а іх постаці паказаліся перад яго вачыма. Каб не спалохаць іх, ён асцярожна выйшаў з кустоў і памаленьку падаўся ў іх бок, бесклапотна высвістваючы нейкі матыўчык вясёлай песні. Хлапчукі раптам навастрыліся і змоўклі.

– Гуляйце, хлопчыкі, гуляйце! Не бойцеся!

– Мы не баімося! – храбра адказаў адзін з іх. Нявідны падышоў бліжэй. Хлопцы ўсё ж не зусім верылі яму і пазіралі спасцярожліва, прыпыніўшы свае забаўкі.

– А чаму вы, хлопцы, у школу не ходзіце, а коўзаецеся?

– Настаўніка няма! – дружна адказалі хлопцы. Нявідны відавочна затрывожыўся.

– А дзе ж ваш настаўнік?

– Палякі забралі.

– Арыштавалі?

– Эге ж! – пачуліся іх галасы.

Нявідны сумеўся. Весць гэта яго моцна ўразіла.

– А калі яго арыштавалі?

– Учора.

Настала кароткае маўчанне. Тая акалічнасць, што гэты незнаёмы чалавек цікавіцца настаўнікам, хіліла дзяцей да Нявіднага.

– А скажыце,– парушыў ён маўчанне,– Нічыпар Барэйка дома ці не?

Галасы хлопцаў падзяліліся. Адны казалі дома, другія – не. Яны зусім асвойталіся з Нявідным і лічылі яго за чалавека, з якім можна гутарыць смела. Яны адказвалі наўперад разам, але ў болей трудных выпадках, дзе адказ на запытанне павінен быць асцярожным і дыпламатычным, адказваў старшы з іх, Мікітка Гулік. Ён зараз жа распарадзіўся паслаць у вёску Міхалку Крупіка справіцца, ці дома Нічыпар. Каб скончыць спрэчку, умяшаўся і Нявідны.

– Калі ён дома, то скажы, няхай падыдзе сюды: яго, скажы, хоча пабачыць Нявідны.

Ахвотны Міхалка хацеў ужо бегчы, але Нявідны затрымаў яго.

– Пачакай трошкі!.. А палякі ёсць у вёсцы? –запытаў ён хлопцаў.

– Цяпер няма,– адказаў Міхалка,– але яны стаяць тут блізка.

– Дык ты, браток, перадай Нічыпару ціхенька, каб ніхто не чуў.

Міхалка пабег, а Нявідны стаў гутарыць з хлопцамі.

– Ну, як – добра вам жыць пры паляках?

Хлопцы ўтупілі вочы. Відаць, яны ўсё ж не адважваліся казаць тое, што думалі; боязна памыліцца. Нарэшце Мікітка сказаў з адценнем журбы ў голасе:

– Не, нядобра!

– Чаму?

Ды вось забралі нашага настаўніка. Хлеб, жыўнасць адбіраюць. А калі хто трошкі пачне спірацца, таго б’юць.

– А як вы думаеце, за што забралі вашага настаўніка? – пацікавіўся Нявідны, хоць добра ведаў прычыну арышту. Дзецям спадабалася, што гэты дарослы чужы чалавек лічыцца з іх думкамі.

– Кажуць, за тое, што бальшавіком быў, – нясмела азваўся Мікітка.

– А як маглі даведацца палякі, што ён – бальшавік?

Крук Марцін удаў яго, – рашуча заявіў Мікітка.

– А хто такі Марцін Крук?

– Чалавек адзін тут. У яго бальшавікі забралі каня, дык ён са злосці і топіць усіх, хто бальшавік, – тлумачыў Мікітка.

– А скуль ты ведаеш, што яго ўдаў Крук?

– Усе так гавораць.

Гутарка спынілася: бег Міхалка. Усім было цікава ведаць, з чым вернецца ён. А Міхалка яшчэ здалёку паведаміў, што Нічыпар дома і зараз ідзе сюды сам. I сапраўды, хвілін праз колькі прыйшоў і Нічыпар, пануры і заклапочаны. Рыжаватыя бровы яго зрасліся на носе, а сам нос яго, хоць і задзёрысты, выглядаў даволі маркотна і нявесела.

На выгляд Нічыпару можна было даць гадоў дваццаць з невялікім хвосцікам. Відаць, нейкая думка яго моцна непакоіла. Твар яго трохі пасвятлеў, калі падышоў ён да Нявіднага.

Нявідны паглядзеў у вочы Нічыпару.

– Што, брат, нявесел?

– Не вяселіцца штось, – вінаватаю ўсмешкаю ўсміхнуўся Нічыпар.

Хлапчукі стаялі тут жа: ім хацелася чуць, аб чым будуць гутарыць мужчыны. Мікітка, як старшы, пагнаў іх коўзацца і сам адышоўся: прыроджаны такт падказваў яму, што не хлапецкая справа слухаць гутарку дарослых, ды яшчэ пры такіх абставінах.

Нявідны і Нічыпар таксама рушылі з месца. Ідучы гутарылі.

– Сакратар арыштован?

– Арыштован, таварыш Нявідны! – панура адказаў Нічыпар.

– Якую ж работу рабілі вы тут?

– Збіралі сходы. Агітавалі супраць белапалякаў, выступалі за Саветы.

– I якія вынікі?

– Ды ўжо згуртавалі чалавек дванаццаць хлопцаў. А вось цяпер работа прыціхла: паліцыя пачала дужа насядаць. Шпіянаж на ногі паставілі. А тут і настаўніка забралі!.. Настрой зніжаны.

–А баявую дружыну маеце вы?

Нічыпар крыху замяўся.

– Парассыпаліся хлопцы.

– Ні чорта вы не зрабілі. I грош цана такой вашай рабоце.

Ціхі і лагодны з віду Нявідны загаварыў цвёрда і жорстка:

– Як жа гэта вы не паставілі людзей, здольных узяць у рукі зброю? На вас насядае паліцыя... Дзеці адкрыта гавораць пра даносчыка Марціна Крука. А што вы з ім зрабілі?

– А што зрабіць з ім? – запытаў Нічыпар. Нявідны паглядзеў на яго халоднымі вачыма.

– У расход яго вывесці! – цвёрда прамовіў ён. – Ці вы спадзеяцеся, што паліцыя запросіць вас на работу і скажа: калі ласка, агітуйце супраць нас!.. Ні к чорту ваша работа! Бабы вы! Старыя дзяды самі сваім розумам даходзяць да думкі, што трэба ўзброенае змаганне супраць акупантаў. Самі збіраюць людзей, зброю самі дастаюць і самі становяцца на чале партызан. А вы спалохаліся паліцыі, арыштаў і стаіліся, як мышы пад мятлою... Склікаць сёння ж сход.

Але Нічыпара непакоіла адна думка, і не сказаць пра яе Нявіднаму не выпадала.

– Горш за ўсё вось што, таварыш Нявідны: на вобыску ў часе арышту нашага сакратара забралі дакумент – спісак членаў замосцінскай падпольнай арганізацыі.

Яшчэ халадней глянуў Нявідны на Нічыпара.

– Самі работы не робіце ды яшчэ другіх падводзіце. Далі знаць аб гэтым у Замосце?

Нічыпар маўчаў вінавата і панура.

– Паведаміць! Ва што б там ні стала паведаміць Замосце.

– Замосце на вялікім падазрэнні ў паліцыі, і прабрацца туды трудна.

Нявідны змераў Нічыпара з ног да галавы халодным поглядам.

– Няма ў вас арганізацыі, няма ў вас работы і... людзей у вас няма. Ёсць людзі, але вы не здолелі паставіць іх на работу.

Нявідны змоўк. Што было гаварыць Нічыпару?

– Вось што, – памаўчаўшы, сказаў Нявідны, – сход склікаць на паслязаўтра. Калі я не вярнуся, праводзьце сход самі. Задача сходу – разгарнуць работу, жывую, бальшавіцкую. Арганізаваць партызанскі актыў, іначай вы не людзі змагання, не бальшавікі, а мёртвы баласт. Не чакаць, покі паліцыя дазволіць вам насіць зброю, – самі вазьміце яе ў паліцыі.

I перадаў Нічыпару жмут адозваў.

– Расклеіць гэтыя адозвы, дзе толькі можна. – Нявідны пайшоў; Нічыпар маўчаў, пазіраў яму ўслед.

– Таварыш Нявідны, і я іду з табою.

Нявідны азірнуўся.

–Аставайся тут і рабі тое, што я табе казаў.

Нявідны знік у кустах. Нічыпар яшчэ пастаяў некалькі хвілін. Яму стала прыкра і сорамна.

Нічыпар задумаўся, і ў другім кірунку пайшлі яго мыслі.



XXIV[правіць]

Калі Саўка Мільгун сам не дадумаўся, якою справаю заняцца яму, дык за яго людзі падумалі, і добра падумалі. Цяпер Саўка злез з печы, ажывіўся, парухавеў,– словам, другім стаў чалавекам, і думак у яго поўная галава. Думкі яго ідуць па дзвюх асноўных лініях: першая – як практычна звязацца з партызанамі і другая – як застрахавацца ад іх на ўсякі выпадак. Іначай сказаць, што трэба зрабіць, каб і сена было цэлае і каб козы былі сытыя? Як вядома, такую мудрасць шмат хто праводзіць у жыцці. I Саўка бярэцца за работу. Не брацца нельга: барыш выпілі, задатак узяў. Крупы, мукі, сала таксама перапала. А наперадзе гэта перападанне абяцае стаць яшчэ болей шчодрым. Не трэба толькі спаць у шапку і не быць дурнем.

Сабраўся Саўка ў дарогу, напусціў на сябе ваяўнічы выгляд і мнагазначна прайшоўся перад вокнамі войтавай хаты і яго прыяцеляў: няхай ведаюць, што ён выконвае свае абавязкі. I войт убачыў яго з двара і таксама мнагазначна кіўнуў яму галавою.

Саўка ідзе ў Вепры – з Вепраў пачне ён сваю работу. Сустракаючы сяго-таго з сваіх знаёмых, ён асцярожна заводзіць гутарку аб гэтай бядзе, што на людзей насунулася, аб тым, як цяжка жыць пад польскай акупацыяй.

–Куды, Саўка, ідзеш? – запытаюць яго.

Саўка нахмурыць бровы і грозна адказвае:

– Чалавеку цяпер адна дарога – у лес!

I скажа такім тонам, што ўсім становіцца ясна, чаго трэба чалавеку ў лес ісці.

– О-хо-хо! – уздыхне толькі Саўкаў слухач.

I нічога дзіўнага няма: зусім слушна гаворыць Саўка, і яго словы разумеюць як заклік да паўстання. Людзі спачуваюць яму, а некаторыя нават папярэджваюць, каб ён асцерагаўся, бо можна лёгка папасціся. Саўка і сапраўды думае, што трэба асцерагацца.

Строга акрэсленага плана ў Саўкі няма. Ён накідаў толькі самыя агульныя абрысы яго, а рэшта – Саўка проста пакладаецца на шчаслівы выпадак. Вось чаму яго дзейнасць болей падпарадкуецца натхненню, чым папярэдняй прадуманасці, і калі Саўка выходзіў ужо з сяла, трымаючы кірунак на Вепры, і ў поле яго зроку трапіла хата дзеда Талаша, то ён рашыў не мінаць яе: ану ж, натрапіць на след старога паўстанца. Па істоце Саўка нічога не мае супраць дзеда Талаша і тых людзей, за якімі ўзяўся ён сачыць, ён глядзіць на іх як на сродкі да жыцця. Ён гатоў нават і спачуваць ім, але што ты зробіш, калі так збегліся акалічнасці?

Максім тупаў на двары. Тая бяда, што навалілася на дзедаву хату і яго сям’ю, здавалася, абмінула Максіма і не налажыла на яго свайго адбітка. Прынамсі, на Максімавым твары не заўважалася нічога такога, што сведчыла б аб згрызотах і трывогах душы. Але і не вечна ж заставацца твару адным і тым жа, а ў Максіма, быць можа, былі прычыны праясніць свой твар.

Максім трохі здзівіўся, убачыўшы на двары Саўку: такі рэдкі быў ён тут госць. Але Саўка як ні ў чым не бывала падышоў да Максіма, прывітаўся.

– Асірацеў ты, брат Максім,– пачаў гутарку Саўка.

– Выходзіць, што асірацеў.

Максім быў захоплен знянацку і не знайшоў болей трапнага адказу.

Саўка ж трымаўся ўзятага тону. Ён дакорліва патрос галавой.

– Вось, брат, часы насталі! Ні ў чым пэўнасці няма, і сам сабе не можаш быць гаспадаром. Я проста не ўрымшчуся. Месца сабе не знаходжу.

– А табе што?

Максім падумаў, што Саўку палякі пакрыўдзілі.

– Ну, як-та што? Ты ж думаеш, баліць толькі таму, каго за жабры ўзялі? Баліць і таму, хто змушан глядзець на ўсё гэта. Ведаеш жа, што робіцца. Не мне гаварыць табе пра гэта.

– Ну дык што? – і Максім недаверліва паглядзеў на Саўку.

– А тое, што сядзець не трэба ціха.

– А чаго ж ты сядзіш? – папікнуў Саўку Максім.

– Вось жа і не ўседзелася мне. Людзі ідуць у лес, і я іду туды.

Максім падазрона ўжо глянуў Саўку ў вочы.

– Ты, брат Максім, не ведаеш Саўкі, але ты скора пачуеш пра яго, – развейваў Саўка Максімава падазрэнне.

– Ты гаворыш так, што цябе і зразумець трудна, – заўважыў Максім. У яго голасе ўсё ж адчувалася недавер'е да Саўкі. Гэта адчуў і Саўка.

– Ты хочаш сказаць – трудна паверыць? – запытаў Саўка і, не чакаючы адказу, дадаў:

– Скажу проста – іду, брат, партызаніць, з добрымі людзьмі скампанавацца хачу. Ды толькі ты – маўчок, ні гу-гу.

Максім пазіраў на Саўку шырока раскрытымі вачыма, а Саўка гаварыў далей:

– Табе я скажу, а другому не скажу, бо твой бацька герой. Чым я лепшы за твайго бацьку? Чаму ён павінен партызанам быць, а я дома сядзець?

Максім затрывожыўся.

– Бацьку не даюць дома сядзець: яго ловяць, і ён мусіць хавацца, бо ў астрозе сядзець нікому ахвоты няма.

– Як за добрую справу, то і ў астрозе не шкада пасядзець. Але ты скажы – мне ты можаш сказаць праўду, – куды мне падацца, каб пабачыць твайго бацьку? А калі не яго, то Мартына Рыля ці каго-небудзь з іх?

– А скуль я магу ведаць? Бацькі даўно дома не было. Як вырваўся ад палякаў тады, дык і не паказваецца. Дзе ён, што з ім – не ведаю.

– Можа яно і лепей, што не ведаеш, – разважліва зазначыў Саўка, – хіба людзям цяпер можна верыць?.. Ну, але хто хоча свайго дабіцца, той даб'ецца. Дык бывай, Максім, здаровы!

– Бывай!

Саўка крэпка паціснуў Максіму руку. Максім доўга стаяў, пазіраў, як Саўка выходзіў з сяла і павярнуў на дарогу ў Вепры, пазіраў, покі зусім не знік з вачэй, і думаў над гэтым дзіўным візітам такога няпэўнага чалавека, як Саўка Мільгун. У выніку разважанняў над гэтаю гутаркаю з Саўкам Максім сказаў сам сабе: шалахтун... А ўрэшце ад яго ўсяго можна спадзявацца.

I ўсё ж Максім не мог заспакоіцца на гэтай думцы. Саўкавы словы і яго намер пайсці ў партызаны ніяк не мясціліся ў Максімавай галаве – ці не было тут якога падступства? Ці не падаслалі яго, каб выведаць пра дзеда Талаша? Максім жа, шчыра кажучы, нічога не ведаў пра бацьку і пра Панаса. З таго часу, як начавалі яны з Мартынам Рылем, бацька дома не паказваўся.

Новая акалічнасць разбіла Максімавы думкі і сумненні, выкліканыя Саўкам, і засланіла яго самога на некаторы час. Прыйшла Алена. Яна была на сяле. Не заходзячы ў хату, Алена падышла да Максіма.

–Ведаеш, Максім, што за праява была ў Ганусах?

Па тону Аленінага запытання Максім адчуў, што праява была дужа цікавая.

– Не, не ведаю, не чуў, – адказаў Максім і з некатораю трывогаю зірнуў Алене ў вочы.

– У сяле гавораць, што пад Ганусамі паўстанцы-сяляне ўшчэнт пабілі палякаў, паадбіралі награбленае дабро і жыўнасць, а саміх іх знішчылі да аднаго.

– Вось гэта добра, калі то праўда! – азваўся Максім, і ў вачах яго бліснула радасць і здавальненне.

– Праўда, Максім, і самі людзі з Ганусаў расказвалі пра гэта. I ведаеш, яшчэ што расказваюць? Што паўстанцамі камандаваў стары, ужо сівы чалавек, што там былі і нашы салдаты. А гэты стары чалавек, па расказах, вельмі падобен да нашага бацькі.

– Ну што ты кажаш?! – здзівіўся Максім.

– Праўда, праўда, Максім!

– Не, гэта, мусібыць, брахня.

– Не брахня, а людзі гавораць, – стаяла на сваім Алена, – і не адна я так думаю, а і шмат хто думае так.

– Ну калі ён управіўся народу назбіраць і трапіць аж у Ганусы?

Алена не здолела растлумачыць, як гэта магло здарыцца, але яна была цвёрда пераканана ў тым, што ў ганусаўскіх падзеях браў удзел і дзед Талаш. Яе ўпэўненасць была такая моцная, што перадалася, нарэшце, і Максіму. У сувязі з гэтым ён успомніў Саўку Мільгуна. Саўкавы словы, яго паводзіны і намер прадставіліся цяпер у іншым асвятленні: проста Саўка дачуўся аб геройстве партызан, і ўчынкі іх натхнілі яго на ваяўнічы лад. Нічога дзіўнага няма ў тым, што пры такіх абставінах Саўку і сапраўды захацелася зрабіцца партызанам. Але чаму Саўка нічога не сказаў пра падзеі ў Ганусах? А ён, відаць, проста сумыслу не гаварыў пра іх, каб не зніжаць свайго ваяўнічага намеру. Гэтыя меркаванні здаваліся Максіму зусім натуральнымі і яшчэ болей умацоўвалі ў ім тую ўпэўненасць, што перадавалася яму ад жонкі. Сваімі думкамі ён падзяліўся з Аленаю, расказаўшы ёй пра сваё спатканне і гутарку з Саўкам. Алена цалкам далучылася да Максімавых поглядаў на Саўкава партызанства. Такім чынам, усе няяснасці і сумненні, прынесеныя Саўкам, цяпер развеяліся.

Навіны ж аб ганусаўскіх падзеях перадаваліся з хаты ў хату і глыбока захаплялі ўсіх і хвалявалі. Яны сталіся асноўнаю тэмаю для гутарак, разважанняў і розных спалучэнняў падзей у іх цэлым жывым вянку, сплеценым людскою пакутаю і кроўю. Раззбраенне польскага канвою, арышт Панаса, знікненне дзеда Талаша, жорсткая расправа палякаў у Вепрах – усё гэта адышло цяпер на другі план, засланілася ганусаўскімі падзеямі. Людская гутарка аздабляла сапраўдныя падзеі, прыплятаючы сюды розныя эпізоды, драбніцы і такія акалічнасці, якіх у сапраўднасці не было, але якія маглі быць. Ганусаўскія падзеі набывалі значэнне гераічнай быліны, дзе партызаны выступалі як волаты, а іх атаман рысаваўся як народны герой, як рука караючай справядлівасці і помсты за людскія крыўды і пакуты. Гэтыя ж падзеі падымалі дух працоўнага сялянства і клікалі яго да актыўнага змагання супраць акупанцкай навалы.

Толькі бабка Наста па-свойму прыняла гэту весць аб падзеях у Ганусах. Яе асабліва занепакоіла тая акалічнасць, што ў гэтых падзеях мог браць удзел і дзед Талаш. Быў ён там ці не быў, напэўна ніхто не ведаў. Але ж людзі называлі яго імя. Ведаючы ж характар свайго старога, бабка Наста зусім была гатова паверыць, што ён там быў, і гэта акалічнасць яе зусім не цешыла. Што ж будзе з Панасам? ПІто станецца з іх хатаю? Неспакойна было на сэрцы ў бабкі Насты.

Вечарам, калі зусім ужо змерклася, бабка Наста сядзела адна ў хаце, запаліўшы газовачку, і прала кудзелю, што прынесла ёй Аўгіня. Невясёлыя думкі, такія ж аднастайныя і доўгія, як і тыя ніці, што смыкала яна і накручвала на верацяно, віліся над яе старою галавою. Бабка Наста адчувае сябе зусім адзінокаю. Максім і Алена – крыўдзіцца на іх бабка Наста не магла – больш паміж сабою перагаворваюцца. Яны маладыя. Усё жыццё яшчэ перад імі. Моладасць жа не так кратаюць згрызоты, як старасць. Яны ўдваіх. Бабка ж Наста зусім, зусім адна. Яна думае пра Панаса, і слёзы, як восеньскія дажджавыя кроплі на халодным шкле, паволі коцяцца па яе маршчыністым твары.

Дзверы бабчынай хаты ціха скрыпнулі.

Бабка Наста зірнула – парог пераступіла постаць маладзіцы. Яна была так захутана, што нельга было разгледзець яе твар. I толькі калі яна сказала:

– Добры вечар, – бабка па голасу пазнала Аўгіню.

– А, гэта ты, Аўгінька!.. А я кудзелі яшчэ не дапрала.

– Ліха з ёю, з кудзеляю!

Аўгіня падышла зусім блізенька да бабкі Насты. Голас яе перарываўся. Сама яна хвалявалася.

– Бяда, бабка Наста! – здушаным голасам сказала Аўгіня. – Я прыйшла вас папярэдзіць.

Яна расказала пра Саўку Мільгуна і пра яго ролю, якую адводзілі яму войт і два яго прыяцелі.

– Што ж цяпер рабіць? – сашчаміла рукі бабка Наста.

– Трэба даць знаць, папярэдзіць трэба вашага старога і тых, хто з ім. Не палохайцеся, бабка!

Аўгіня прадумала ўсе спосабы і расказала аб іх бабцы Насце. Трэба даць знаць у Вепры жонцы Мартына Рыля. Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Гэту справу можна даручыць Алене або Максіму. Нарэшце, бабка Наста сама можа гэта зрабіць. Баяцца няма чаго. Саўка вялікай бяды не наробіць, калі будуць ведаць, што ён за партызан.

– Толькі ж, бабка, божа барані, не кажыце, што гэта я перадавала вам!

Аўгіня так жа ціха выйшла з хаты дзеда Талаша, як і прыйшла.



XXV[правіць]

Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Як многа гэтых дарог і як разнастайны яны ў сваім руху і ў сіле свайго імкнення!

Ёсць нейкія заваблівыя чары, паэзія і хараство ў гэтых дарогах-ручаях, што пракладаюць пуціны вясне і адноўленаму жыццю на зямлі, у іх мітуслівым бегу і залівістым бульканні, у вясёлым гомане і ў грозным шуме. Маленькія, кволыя, ледзь заметныя ўпачатку, струменяцца яны, як слёзы, па твары зямлі тоненькімі пакручастымі рысачкамі, набываючы сілу з кожным часам, з кожным крокам руху наперад. I колькі перашкод, колькі нечаканасцей у іх падарожжы! Кожная грудка лёду, кожны парог – гарбінка, выступ зямлі, узгорачак становяць ім замінкі і труднасці ў іх імклівым руху. Але яны бягуць несціхана, бягуць безупынна, дзе шпарчэй, дзе павольна, абыходзячы перашкоды ці проста зносячы іх з свае дарогі, бягуць, покі не сальюцца ў бурлівыя патокі, покі не ачысцяць зямлі ад снягоў, каб магутным разводдзем пралажыць шырокі шлях для яе новага жыцця.

Тысячамі дарог і ў розных кірунках ідуць і людзі, шукаючы сабе прастору, волі і ўсяго таго, што называюць яны сваёю радасцю і шчасцем.

Шчасліва вярнуўся дзед Талаш у Высокую Рудню з часткай сваіх партызан і чырвонаармейцамі на чале з Букрэем.

Гэты паход навочна паказаў паўстаўшым сялянам, што іх сіла – дружны калектыў, арганізаванасць і строгая дысцыпліна. Удача, спадарожыўшая паходу, яшчэ вышэй узняла ваяцкі дух партызан, разгарнуўшы перад імі шырокія далі змагання за сваю волю, за сваё права жыць незалежна ад паноў. А ўсё гэта, разам узятае, гаварыла за пашырэнне, за далейшае развіццё той справы, пачатак якой клаў букрэеўскі паход сумесна з партызанамі. Немалое значэнне мела тут і аўтарытэтнае слова самога Букрэя.

Перад тым як разысціся, закончыўшы паход, Букрэй сабраў у лесе на прывале агульны сход удзельнікаў усяго паходу. Ён горача прывітаў партызан і асабліва дзеда Талаша з першым баявым хрышчэннем і звярнуўся да іх з заклікам не кідаць так удала пачатай справы змагання з гвалтаўнікамі-акупантамі.

– Таварышы, – казаў ён, – цяпер вы самі бачыце, што ваша сіла – згуртаванасць, строгі парадак, дысцыпліна і дружная работа плячо ў плячо з Чырвонай Арміяй. Наш паход – гэта маленькая драбніца ў радзе ваенных падзей, якія прыйдзецца перажыць нам у недалёкім часе.

Тым не меней і гэта драбніца адгукнецца нямалым рэхам сярод нашых ворагаў. Вось чаму я і хачу папярэдзіць вас, што вораг навострыць вушы і стане яшчэ болей жорсткім, каб выкараніць дух паўстання і непакоры. А ваш, таварышы, абавязак – шырыць, развіваць паўстанне, збіраць народ, гуртаваць яго ў баявыя групы, у цэлае войска і шчыльна трымацца Чырвонай Арміі. Яна дасць вам ваенную вывучку, дасць кіраўнікоў. Камандзіры ж знойдуцца і паміж вас, таварышы. Прыклад таму наш слаўны атаман і бацька – Талаш.

Але, таварышы, і не ўсякага прымайце ў свае рады: пад відам вашага прыхільніка будуць прыставаць да вас і вашы ворагі, і правакатары. Дык будзьце асцярожны і не спускайце гэтага з-пад увагі.

Некалькі слоў сказаў і дзед Талаш. Ён падзякаваў Букрэя і чырвонаармейцаў за дапамогу і добрую параду. Сумесна былі тут вызначаны і некаторыя прынцыпы арганізацыйнага парадку партызанскага руху. Былі назначаны начальнікі партызанскіх груп і выбрана месца збору, якое павінна было заставацца ў строгім сакрэце, а таксама выпрацаваны і формы сувязі, і назначан быў час, калі начальнікі партызанскіх груп павінны былі з’явіцца для інфармацыі і далейшых планаў партызанскай дзейнасці.

Дзед Талаш цяпер проста шчаслівы чалавек, калі толькі ёсць на свеце шчаслівыя людзі. Усе яго жаданні збыліся: ён папомсціўся палякам за сваю асабістую крыўду і за крыўды, прычыненыя палякамі другім. Але гэта між іншым. Ён мае сапраўдную ваенную стрэльбу, і, апроч таго, уся адабраная ад палякаў зброя, што папала ў рукі партызан і чырвонаармейцаў, паступіла ў яго распараджэнне – так пастанавілі на ваенным сходзе. Ён знайшоў свайго зняволенага сына, і сын яго з ім на волі. Пад руплівым доглядам Нупрэя Панас можа не толькі хадзіць, але і бегаць. Нарэшце дзед Талаш – партызанскі камандзір. Праўда, войска яго яшчэ павялічыцца, і значна павялічыцца – на гэты конт сякія-такія меры ўжо прыняты. Чырвоныя камандзіры прынялі яго ў сваю сям'ю, іменна як камандзіра і свайго чалавека. Хіба гэта не гонар дзеду Талашу? Але дзедава галава знае меру і не пераходзіць той граніцы, ад якой галава пачынае кружыцца. Ён цвяроза глядзіць на рэчы. У гэтай галаве жывуць цяпер пераважна чыста ваенныя і камандзірскія мыслі. Ён думае аб далейшым ходзе падзей: не за гарамі вясна, а вясною пачнуцца такія справы, што трэба быць гатовым да ўсяго. У дзедавай галаве ёсць месца і для думак аб доме – аб бабцы Настусі, аб Максіме і аб гаспадарцы. Бабка Наста з жалю заходзіцца па Панасу ды і аб ім трывожыцца. I не ведае яна, што Панас вырваўся з няволі і што ён разам з бацькам. Гэтыя мыслі і накіроўваюць дзеда Талаша ў бок свайго дому. Пасля некалькіх мяккіх і лагодных дзён пагоды дыхнуў з поўначы вецер, пазганяў нізкія воблакі і заціх. Неба раз'яснілася, афарбавалася ў зеленаваты халодны колер, і на Палессе зноў насунуліся пякучыя маразы.

Патаемнымі сцежкамі і дарогамі, а дзе і без дарог, прабіраецца, ідзе дзед Талаш у сваю вёску. Не ведае дзед, што ён – вядомая асоба не толькі сярод партызан і вайсковых людзей, але і сярод яго заклятых ворагаў, што за ім з асабліваю ўвагаю і пільнасцю сочыць польская контрразведка і паліцыя. Пасля захвату польскіх афіцэраў і салдат у Віркуцці і ганусаўскіх падзей палякі прынялі рад строгіх захадаў, накіраваных на вылоўліванне такіх небяспечных людзей, як дзед Талаш, Мартын Рыль і іх паплечнікі. Дзед Талаш і Мартын Рыль былі запісаны ў асобны спісак з пералічэннем прымет, па якіх можна пазнаць іх.

Хоць і не ведаў аб гэтых строгасцях дзед Талаш, але, адчуваючы свае грахі перад акупантамі, ён таксама трымаў вуха востра. Так, ён не адважыўся ўзяць з сабою «настаяшчую» стрэльбу, хоць разлучацца з ёю яму было цяжка: пападзешся са стрэльбаю, тады прапаў вечным правам. Гэта засцярога і дасканалае веданне свайго Палесся дапамагалі дзеду шчасліва дайсці дамоў. Пад поўнач ужо ўваходзіць дзед у сваю хату.

Бабка Наста не можа цалкам аддацца сваёй радасці, пабачыўшы дзеда і даведаўшыся аб Панасе: абставіны былі такія, што кожны час, кожная мінута пагражала і дзеду, і Панасу, і ўсім ім страшным ліхам, і цяпер бабка трасецца ад глухой і цёмнай трывогі. Што можа сказаць яна дзеду Талашу, калі ён так далёка зайшоў у сваіх учынках?

Адно можна сказаць: не паказвацца болей тут, не дражніць ліха, покі жыццё не зменіцца ў лепшы бок,– ад свайго дому ён сабе адрэзаў усякія дарогі.

Дзед Талаш моўчкі і з глыбокаю ўвагаю слухае навіны, што расказвае яму бабка і Максім. I што асабліва зацікавіла дзеда Талаша, дык гэта паведамленне аб Саўку і яго фальшывым партызанстве і аб той ролі, якую адыгралі ў гэтым Васіль Бусыга і яго прыяцелі. Дзед Талаш маўчыць. Уся яго злосць пераходзіць на войта і яго прыяцеляў.

– Бач іх, якія спрытныя! – нарэшце падае голас дзед Талаш. – Ну, добра.

У гэтым «Ну, добра» чуваць пагроза. Дзед Талаш яшчэ і сам не ведае, якою мераю адмерае ён войту, але гэтага ён так не папусціць.

Пасля доўгага разважання над усім тым, што даведаўся дзед Талаш, ён сказаў рашуча і цвёрда:

– Дык вось што, мае мілыя, паслухайце ж вы мяне.

Адразу пачулася, што дзед скажа нешта вельмі важнае.

– Вам усім трэба сысці з дому, – катэгарычным тонам заявіў дзед Талаш, – так, трэба сысці.

Дзедава заява была такая нечаканая, што ніхто не знайшоў, што сказаць на яе. А дзед тым жа тонам казаў далей:

Рашыць гаспадарку – яна ў нас не дужа вялікая. Хату забіць, бо калі будзеце тут сядзець, яе ўсё роўна спаляць палякі, а вы набярэцеся лішняй бяды і страху.

– А куды ж мы дзенемся? Што ты гаворыш, стары, – жахліва запытала бабка Наста.

– Ты, маці, – спакойна, але цвёрда адказаў дзед Талаш, – перабірайся ў Макушы да Тэклі. Алена пажыве ў сваіх бацькоў, а табе, Максіме, няма чаго пільнавацца бабы. Калі Саўка пайшоў у партызаны, то і табе трэба туды падацца, ды толькі не па Саўкавай дарозе ісці. Пакуль вы будзеце ліпець тут, чакаючы кожны дзень бяды, то і мяне і Панаса будзе цягнуць хата, і позна ці рана паловяць нас, літасці нам не будзе.

Трудную задачу задаў дзед Талаш, і выйшла яна зусім нечакана і для самога дзеда, і для яго сям’і.

Ламалі над ёю галовы і нарэшце мусілі згадзіцца, што іншага і лепшага выхаду з іх становішча няма. Пакінутая хата можа астацца цэлаю... Сапраўды, някепска гаворыць стары.

Выходзячы з дому яшчэ досвіту, ён весела сказаў:

– А што да Саўкі, дык я вельмі здаволен гэтай навіной: мы з ім трохі пагутарым. Знайдзіце ж яго і скажыце яму: няхай ідзе ў Карначы і запытае Цімоха Будзіка. Гэта наш верны чалавек. Цімох і пакажа яму дарогу да нас.

Ужо кіламетраў пяць прайшоў дзед Талаш, калі пачало ўзыходзіць сонца. У лесе было ўрачыста ціха. Адзін толькі мароз гучна палусківаў у галінах старадрэвін ды звонка скрыпеў сухі снег пад дзедавымі нагамі. Самыя небяспечныя мясціны, як здавалася дзеду, засталіся ззаду, і ён ішоў павольна і спакойна, аддаўшыся цалкам сваім думам. Думаў ён пра Саўку Мільгуна, пра Васіля Бусыгу. Затым думаў дзед і пра сваю хату, што праз колькі дзён застанецца адна без гаспадароў. Што будуць гаварыць людзі, як успрымуць яны весці аб тым, што Талаш і яго сям'я сышлі з дому? Дзеду здавалася, што гэта весць усхвалюе людзей, і ён яшчэ болей упэўніўся ў правільнасці свайго ўчынку. Ды і спакайней будзе і яму з Панасам і ўсім ім. З такімі думкамі падыходзіў дзед Талаш да Сухога поля, дзе ён, чакаючы ІІанаса, сустрэўся з Мартынам Рылем. Вось і той стары каржакаваты дуб. Стаіць ён з тым жа комам снегу, заціснутым між развілін, такі ж, як і быў, крэпкі і звязісты, толькі мароз, аздобіўшы яго інеем, зрабіў яго яшчэ болей паважным і сталым.

Загледзеўся дзед Талаш на гэты дуб і даў зевака: і не агледзеўся ён, як перад ім, быццам з снегу выскачыўшы, вынырнулі тры легіянеры.

Наставіўшы на дзеда стрэльбы, грозна крыкнулі:

– Стой!

Затросся дзед Талаш. Ком гарачыні пакаціўся дзесь усярэдзіне каля сэрца. «Прапаў ты, брат Талаш!» – сам сабе сказаў дзед і спыніўся. Але ў той жа момант моцна ўзяў сябе ў рукі.

– Тфу, тфу, тфу, – тры разы плюнуў дзед Талаш і сказаў пры гэтым: – Як жа вы злякалі мяне, гіцлі!

Дзед пастараўся прыняць самую пацешную постаць перапалоханага чалавека. Такая перапалоханасць і дзедава збянтэжанасць развесяліла легіянераў і пальсціла ім.

– Хто ты і куды ідзеш? – спытаў старшы легіянер.

– Тутэйшы, пане! Іду на балота – бучы паставіў: можа ўюн ці не ўлез?

– Ідзі з намі! – загадаў той жа салдат.

– Куды і чаго? – вялікае недаўменне адбілася на дзедавым твары.

– Ідзь, ідзь, галган стары! – салдат злёгку штурхануў дзеда.

Паскроб дзед патыліцу.

–Ды мне ж і часу няма.

Дзеда штурхнулі яшчэ энергічней.

– А бадай жа вы па свеце не хадзілі! – сказаў дзед і пайшоў з салдатамі.

«Канец»,– думае сам сабе дзед Талаш. I вялікі прадсмертны сум ахапіў яго душу.

Наабапал іх дарогі стаіць лес, пасівелы ад інею, як і дзед Талаш ад старасці. Дзед прыглядаецца да лесу. Няўжо гэта апошні раз бачыць ён гэты лес? I так жа не хочацца ўміраць. Ён успамінае сваю хату. Ці добра зрабіў, сказаўшы сваім дамашнім сысці з дому? Апошні яго ўчынак устае перад ім у іншым святле. Жаль і вялікую адзіноту і поўную адарванасць ад свету, ад людзей адчувае дзед Талаш. Але гэты мінутны ўпадак духу і слабасць яго праходзяць. Маланкай мільгаюць яго мыслі. З незвычайнай быстрынёй і з неймавернаю чоткасцю праходзяць перад ім перажытыя з'явы, падзеі і цяперашняе яго становішча. Успомніў і сваіх таварышаў па зброі: Мартына Рыля, з якім ён так моцна зжыўся і палюбіў, як роднага сына, за часы агульнага туляння па лясах і агульных паходаў, Нупрэя, Купрыянчыка, Цімоха Будзіка і ўсю грамаду сваіх ваяк. Што ж будзе цяпер з імі? Што станецца з тою агульнаю справаю, якую выношвалі ўсе яны ў сваім сэрцы, за якую так многа цярпелі і пакутавалі? Жыць, што б там ні стала! Вось заключны акорд усяго складанага комплекса жыцця, што праходзіць перад яго вачыма.

З паразліваю яснасцю вынікае перад ім Мартын Рыль, яго апавяданне пра сваё вызваленне з-пад польскага канвою. Ён пераводзіць вочы на свой канвой. Легіянеры курчацца ад марозу, наставілі каўняры шынялёў. Двое ідуць наперадзе. За імі дзед Талаш, а трэці, старшы, ідзе ззаду і трохі наўзбоч. Дзед Талаш мерае вокам іх фігуры, ацэньвае іх фізічную сілу. Яны здаюцца яму, як сам ён казаў, «шчуплымі». I раптам нешта знутры штурханула дзеда Талаша. У момант вока ён хватае карабін з рук старшага легіянера, таго, што ішоў наўзбоч ззаду, і б'е яго з такою сілай прыкладам па галаве, што ложа карабіна ломіцца. Трэск зламанага карабіна і хруст чэрапа зліваюцца ў адзін гук. Як сцяты маланкаю, легіянер тут жа падае. Толькі адзін крык, немы і невыразны, вырваўся з яго грудзей.

– Сюды! Ка мне, хлопцы! – дзіка крычыць дзед Талаш і кідаецца з металёваю часцю карабіна, што засталася ў яго руках, на другіх салдат. Яны ж ад нечаканасці і страху пакідалі свае карабіны і кінуліся наўцёк у лес.

Падабраў дзед іх карабіны і, як дзікі звер, сам кінуўся бегчы.

Калі ён крыху апамятаўся і заспакоіўся, то першае, што ён адчуў і што потым доўга не забывалася, гэта быў хруст разбітага ім чэрапа невядомага яму чалавека. Хруст гэты некалькі дзён стаяў у яго вушах.



XXVI[правіць]

Васіль Бусыга і яго прыяцелі з напружанасцю чакалі першых данясенняў ад свайго «партызана» Саўкі Мільгуна. Але праходзілі дні, а Саўка не паказваўся і не падаваў аб сабе ніякіх вестак. Гэтая акалічнасць пачынала непакоіць войта і наводзіць яго на розныя мыслі. Хоць і не ў такой ступені, але непакой гэты адчувалі і войтавы прыяцелі. Часамі, сустрэўшыся, яны так ці іначай завядуць гутарку пра Саўку.

– Нешта ж не чуваць нашага Саўкі, – гаворыць войт і ўважліва пазірае ў вочы Брую. Бруй бачыць, што войту не церпіцца.

– Не чуваць,– пацвярджае разважлівы Бруй.

– Не чуваць падлы,– паўтарае Бірка.

– Што б гэта значыла? – войту хочацца ўсё ж дайсці прычыны.

– Справа, бачыш ты, далікатная, – становіцца на шлях разважання разважлівы Бруй.– Вы пастаўце сябе на яго месца – хутка і не зробіш тут. Гэта не тое, што ўзяў цэп і пайшоў малаціць.

– Ды і цэп узяўшы, адразу малаціць не будзеш,– устаўляе слова і Бірка.

– Саўка, на мой розум, і добра робіць, што не спяшаецца,– гаворыць далей Бруй: – тут, браткі, трэба спрытна падысці. Лепш памарудзіць, але зрабіць гладка і акуратна. Цяжэй за ўсё зрабіць першыя крокі... Трохі пачакаем.

Войт паддаецца Бруевым разважанням і на некаторы час заспакойваецца, але ўсё ж цень трывогі дзесь туліцца ў яго сэрцы, і варта было яму застацца аднаму, каб закалыханая Бруем трывога абуджалася ў ім ізноў.

Хоць войт і меў прыяцеляў у асобах Бруя і Біркі і начальніцкае падтрыманне з боку пана Крулеўскага, тым не меней ён часамі адчуваў сваю адзіноту і адарванасць ад грамады. Адчуванне адзіноты паглыблялася ў ім яшчэ тою акалічнасцю, што з таго часу, як стаўся ён войтам, паміж ім і Аўгіняй лёг цэлы рад непаразуменняў. Вясна ж і тыя настроі, што насіліся ў самым паветры, усе гутаркі, звязаныя з няяснымі і грознымі падзеямі, што мае прынесці з сабою вясна, і тая напятая засцярожлівасць, што панавала ўсюды, куды ні паткнецца войт,– усё гэта выводзіла яго з раўнавагі, прыгнятала яго. Пад уплывам гэтых настрояў Васіль ужо хацеў перагледзець свае адносіны да Аўгіні за апошні час і пайсці на згоду. Ён толькі вылучаў зручную мінуту, каб зрабіць гэта палітычна, не паступаючыся годнасцю войта, гонарам мужа і мужчыны наогул. Але здарылася адна праява, што яшчэ глыбей выкапала расколіну паміж імі і паставіла Аўгіню па другі бок ад Васіля.

Раз пад вечар ішоў Васіль па вуліцы. З таго часу, як дзед Талаш збег з дому і заставаўся на волі ды не сядзеў злажыўшы рукі, дзедава хата набывала нейкую ўладу над войтам, і ён ніколі не мог спакойна праходзіць міма яе. Дзедава хата як бы пасміхалася з войта і з яго марных старанняў злавіць небяспечнага паўстанца. Усе ж тыя гутаркі і чуткі, што наверчваліся каля асобы дзеда Талаша, сеялі непакой у войтавым сэрцы. Апроч усяго іншага, Васілю было проста непрыемна, што ён, войт, нягледзячы на ўсе захады, каб злавіць старога Талаша, аставаўся, як кажуць, з носам. Праўда, цяпер была надзея на Саўку Мільгуна, але Саўка да гэтага часу не падае аб сабе ніякага голасу.

Васіль прыпыніўся ў прыхаваным закутку, пазіраў на Талашову хату і разважаў. Тут прыйшла яму ў галаву думка, – ці не лепей было б проста паставіць патайную варту, нават з польскіх салдат? Хіба пагаварыць аб гэтым з панам Крулеўскім? Не, трэба счакаць яшчэ: ану ж з'явіцца Саўка з добраю навіною. I бачыць Васіль – з двара Талашовай хаты выходзіць жаночая постаць. Жанчына спасцярожліва азірнулася па баках і борздзенька накіравалася ў бок сяла, але не пайшла вуліцаю, а павярнула загуменнем у задворкі. На дварэ ўжо змерклася, і пазнаць жанчыну было трудна. Васіль зацікавіўся і нават злёгку захваляваўся і выйшаў з свае засады, не спускаючы жанчыны з вока. Туляючыся каля будынкаў, ён пайшоў назіркам туды, куды пайшла і жанчына. На сярэдзіне сяла ён згубіў яе. Як ганчак, збіўшыся з зайцавага следу, Васіль прашнураваў туды і сюды, а потым выбег на вуліцу: тая ж жаночая постаць мільгнула на вуліцы і шмыгнула ў вароты войтавага двара. I толькі цяпер ён пазнаў, што гэта Аўгіня, яго жонка! Здзіўлены і яшчэ болей усхваляваны войт спыніўся, як аслупянелы: чаго хадзіла яна туды? Які мае там яна інтарэс? Цэлы жмут думак і пачуццяў калыхнуўся ў Васілёвым сэрцы. Страшная думка раптам працяла яму галаву: ці не хадзіла яна на пабачэнне з Мартынам Рылем? Аж горача зрабілася войту. Як жа дазнацца яму праўды? Чаго яна хадзіла туды? Чаго? I да каго хадзіла? Да яго заклятага ворага.

Войт зусім разгубіўся. Шалёная злосць прашыбла яго ўсяго. Ён парывіста рушыў у свой двор, каб не даць апамятавацца здрадлівай жонцы і захапіць яе знянацку. Злы, раз’юшаны, са сцятымі зубамі і з ссунутымі брывамі, пераступіў ён парог свае хаты. Аўгініны вочы – зоркія вочы: яна заўважыла Васіля, калі ён ішоў за ёй назіркам, і адразу пачула, што папалася і што з-за гэтага будзе вялікая перапалка, а можа яшчэ і горшае што. Выкручвацца тут не выпадала. Апраўдвацца,– але ў чым? Яна ж проста хадзіла да бабкі Насты. Хіба яна не мае права хадзіць, куда яна хоча? Што ёй да таго, што ён закляты вораг старога Талаша? Але ўсё ж нейкі голас з нутра ёй пярэчыў – раз ён твой муж, то з мужам ты павінна быць заадно. Ды голас гэты быў дужа слабы, і слухаць яго яна не хацела. I Аўгіня спакойна, як чалавек, упэўнены ў немінучасці ліха, гадала, з якога боку і з якой сілай наваліцца на яе гэта ліха.

– Ты дзе была? – націскаючы на «дзе», запытаў Васіль, а зеленкаватыя, поўныя падазронасці вочы яго пазіралі на Аўгіню. Аўгіня старалася не глядзець на Васіля і, толькі пачуўшы грозны тон у яго голасе, зірнула на яго халоднымі, чужымі і безуважнымі вачыма.

– А што табе да таго, дзе я была? I чаго ты глядзіш такім зверам?.. Не баюся я цябе! – апошнія словы яна сказала ўзняўшы голас.

– Кажы, дзе была, гадзюка ты, шлюха! – загрымеў на ўсю хату Васіль, сашчаміўшы зубы, і ўсутыч падступіўся да Аўгіні.

Голас яго адбіўся ў кожным закутку хаты і вострым болем адгукнуўся ў сэрцы дзяцей. Як асіна, закалацілася Алеся. З немым крыкам, белая як палатно, кінулася яна да маткі, абняла яе моцна рукамі, каб загарадзіць яе сваім кволым дзіцячым целам ад бацькавай ярасці. Пятрок і Грышка знямелі ад страху, стаіліся каля печы і пазіралі на бацькоў перапалоханымі вочкамі. Нават дзед Купрыян прысеў на палатках і падняў на Васіля свае мутныя старэчыя вочы.

– Чаго іх там чэрці дрэнчаць? – ціха сказаў ён хутчэй да самога сябе, чым да Васіля і Аўгіні. Хацеў яшчэ параіць Васілю ўзяць лейцы ды лепей лейцамі сербануць разы са два, калі яна вінавата, але не сказаў і толькі патрос галавою.

– Горшай гадзюкі, як ты, няма. Чаго ашчэрыўся, як звер? Дзяцей насмерць перапалохаў. Чым яны вінаваты? – спакойна, але цвёрда азвалася Аўгіня. Яна ўся траслася, але раўнавагі не губляла.

– Прызнавайся, чаго ты хадзіла да старога разбойніка?

Замест адказу Аўгіня схапіла клубок нітак, шпурнула ім у чорную Васілёву бараду.

– Вось па што хадзіла. З’еш яго!

Клубок ніцяў, кінуты Аўгіняй у войтаву асобу, адыграў ролю халоднага душа. Збіты з тропу, Васіль недаўменна пераводзіў вочы то на клубок, то на Аўгіню. У гэтай стычцы з Аўгіняй ён чакаў дазнацца чагось большага і страшнейшага за гэты клуб ніцяў. Запал яго асеў, гарачка спала. Цяпер кіраўніцтва далейшаю сваркаю ўзяў у ім войт.

– А чаму гэта ты носіш туды кудзелю?

– А ты што ж – забароніш мне? – дзёрзка запытала Аўгіня.

– I забараню! – тупнуў нагою войт.

– Мамка, маўчы! Не сварыся з татам! – залямантавала Алеся, націскаючы на матку сваім кволым целам, каб адвесці яе далей ад грознага і страшнага войта.

– Я не твая падданая і не нявольніца, каб слухаць твае забароны!

Войт шырока расплюшчыў вочы.

– Дзе ж гэта набралася ты такой вольнасці? –злы смех пачуўся ў войтавым запытанні.– Можа і ты ў лес збіраешся?

– Ды ўжо ж лепей у лес ісці, як быць войтам, як ты.– Новая хваля злосці прашыбла войта. Але ён цяпер ужо не схібіць – у яго ёсць цвёрдая лінія, і ён ведае, як павесці справу, і ведае, чым кончыць сваю гэту стычку з Аўгіняю.

– Гэта ты ў Талашоў набралася такога розуму? Ці можа навучыў цябе Мартын?

Назваўшы Мартына, Васіль зразу адчуў усю нянавісць да яго і да Аўгіні. Таксама і Аўгіня не магла спакойна пачуць гэта імя.

– Хто б сабе ні вучыў, абы навучыў. А вось цябе дык ніхто не навучыць. I людзі глядзяць на цябе, як на воўка... Ты сам сабе яму капаеш...

– Ты мне капаеш яму! – перапыніў Аўгіню Васіль.– Як ты смееш хадзіць да гэтых Талашоў і кампанаваць з імі? Хіба гэта людзі? Разбойнікі, галадранцы, злачынцы. Ці табе хлеб мой гаспадарскі надакучыў? Ці табе няма ў што адзецца, што водзіш з імі дружбу? Хто ж ты пасля гэтага?

– Што ты папікаеш мяне сваім хлебам? – заваблівыя Аўгініны вочы сталі злымі і халоднымі. – Хіба ж я не працавала? Не зарабіла сабе на хлеб, на адзежу?

Яна заплакала і, змяніўшы голас, сказала:

– Дык няхай жа ён агнём пойдзе твой хлеб і твая адзежа! Лепш бы я батрачкаю засталася!

– А! абжэрлася! Батрацтва захацела? – Васілёвы губы пачварна скрывіліся, чорная барада заківалася. – Дык забірай свайго байструка і – марш з мае хаты! Вон, каб тут і смуроду твайго не было! Не трэба мне здрадніцы і ворага ў хаце! Вон!

Схапіў за плячук Аўгіню і з сілаю штурхнуў яе ў дзверы. Алеся, прыліпшы да маткі, хіснулася разам з ёю і стукнулася галавою аб касяк. Яна схапілася рукою за галаву, але не плакала і не крычала, а толькі калацілася ўся, як у ліхаманцы. Пятрок і Грышка кінуліся з плачам да маткі і таксама пачапляліся ручкамі за яе адзежу.

Такая горкая крыўда і такая абраза!

Нічога падобнага не зрабіў так з Аўгіняй ніхто на свеце. Яна сама перапалохалася не менш за Алесю. Жахліва зірнула на раз’юшанага войта, потым прытуліла Алесю.

– Дачушка мая! Галоўку табе пабіў гэты звер?

– Мамка! Нашто ты сварылася з татам? – з дакорам запытала матку ціхенька Алеся.

А Васіль у парыве дзікага буйства рынуўся да ашэстка, стаў зрываць Аўгініну і Алесіну адзежу і кідаць яе пад ногі.

– Забірайце свае транты і не мазольце мне вачэй! Годзе!

Потым паваліў на бок куфар, ускочыў на яго з ботамі і пачаў таптаць і біць яго абцасамі.

Аўгіня моўчкі надзела кароткі кажушок, накінула на галаву цёплую хустку, адзела Алесю.

–Пойдзем, дачушка, нам няма тут месца.

Пятрок і Грышка паднялі лямант.

– Не ідзі, маці!

– I мы з табою!

– Марш на печ! – тупнуў на іх бацька. Хлопчыкі пакорна выпусцілі з рук матчын кажушок і з апушчанымі галовамі пашыбавалі ў падсуседзі да дзеда Купрыяна і там пачалі голасна плакаць.

– Не плачце, дзеткі! – сказала да іх маці. – Я вярнуся і вас вазьму.

– А скулу табе! – крычаў Васіль. – Хопіць з цябе твайго байструка!

– Ну, гэта мы яшчэ пабачым, – і пагроза чулася ў Аўгініным голасе.

Васіль расчыніў дзверы. Аўгіня, не чакаючы новага штурхяля, узяла за руку Алесю і ступіла за парог у цемру зімняга вечара.

Назаўтра па вёсцы Прымакі – так звалася вёска, дзе жыў дзед Талаш, – толькі і гутаркі было, што пра Аўгіню ды пра яе сварку з войтам Васілём Бусыгам. А пад вечар таго ж дня другая навіна не меней здзівіла Прымакі: Талашова хата і ўсе яго будынкі засталіся пустымі, пакінутымі гаспадарамі.

XXVII[правіць]

У Саўкі Мільгуна выпрацаваўся свой погляд на рэчы: лепей спазніцца, чым не ў часе схапіцца. Вось чаму, развітаўшыся з Максімам, павольна, не спяшаючыся, пасоўваўся ён у бок Вепраў. Ды і чаго наогул спяшацца? Усё роўна, спяшайся не спяшайся, а свайго не мінеш. У Вепрах Саўка запыніўся на некаторы час: былі ўсе падставы для таго, каб пабыць там даўжэй. Па-першае, там было многа народу, моцна пакрыўджанага палякамі: у Вепрах палякі забілі Кандрата Буса, спалілі Мартынаву хату. Наогул Вепры абадралі яны, як ліпку. Па-другое, у Вепрах былі і Саўкавы прыяцелі, даўнейшыя хаўруснікі па часці канакрадства. Праўда, справы гэта ўжо не такія пачэсныя, каб на іх тут доўга спыняцца і раззвоніваць, але ўспомніць пра іх у добрай кампаніі пры чарцы самагону ўсё ж можна было, асабліва калі прыняць пад увагу, што рабіліся яны яшчэ за царом. А ў Саўкі якраз і аванс быў, выданы яму войтам і яго прыяцелямі. Такім чынам, у Вепрах прабыў Саўка дзён тры ці чатыры. I трэба сказаць, дарма часу ён і тут не зводзіў: і тут ён пашыраў, праўда, пад вялікім сакрэтам, тыя ж погляды, аб якіх расказваў Максіму, гаварыў аб сваім замаху стаць партызанам. У гэтай справе ён ужо набіў, як кажуць, руку. Ён так захапіўся партызанствам, што і сам пачынаў верыць у яго. Але за гэты час адбыліся некаторыя падзеі, у выніку чаго сюды, у Вепры, прыйшла Талашова нявестка і таксама па сакрэту расказала Мартынавай жонцы пра тую ролю, якую адвялі Саўку войт і яго прыяцелі. Вепраўцы, дачуўшыся аб гэтым, былі дужа абураны, і невядома што сталася б тут з Саўкам, калі б не прыйшоў сюды Талашоў Максім і не перадаў загад свайго бацькі накіраваць Саўку ў Карначы да Цімоха Будзіка. Гэтым вырашэннем справы ўсе засталіся здаволены: сам Максім, бо ён выпаўніў бацькаў загад знайсці Саўку, каб накіраваць яго да Будзіка; вепраўцы – ім не трэба было думаць, што зрабіць з Саўкам. Здаволены быў і Саўка: ён знайшоў тое, чаго шукаў.

З Вепраў падаўся Саўка ў Карначы.

Цімох Будзік доўга і ўважна паўзіраўся ў Саўку Мільгуна. Саўку было нават трохі няёмка пад такім пранізлівым позіркам Цімохавых вачэй. Але ён храбра вытрымаў гэты выпрабоўваючы позірк і ў сваю чаргу, не маргнуўшы вокам, пазіраў на Цімоха.

– Дык гэта ты і ёсць той самы Саўка Мільгун? – запытаўся нарэшце Будізік.

«Пры чым тут «той самы»? і чаму «той самы?» – сам сабе падумаў Мільгун. У гэтым «той самы» яму пачулася нешта такое, што шоргнула па ім, як кажухом па печы.

– Як гэта «той самы»... Хіба ёсць яшчэ і не той самы Саўка Мільгун і ты ведаеш такога? – пацікавіўся Саўка.

– Можа ёсць, можа і ведаю,– мнагазначна ўсміхнуўся Цімох, і смех не зусім ішоў да яго суровага твару.

– Здаецца, як бы я цябе дзесь бачыў, – Цімох зноў паглядзеў на Саўку.

– Можа і я цябе дзесь бачыў, – і Саўка таксама паўглядаўся ў Цімохаў твар, падкрэсліўшы слова «дзесь».

– А дзе было гэта «дзесь»? – запытаўся Цімох. Саўка хітра зірнуў на Будзіка.

– Калі не памыляюся, дык у Мазыры елі царскія сыры.

Саўка намякаў на Мазырскі астрог. Ён прасядзеў там цэлы год як асуджаны за палітычную справу, за распаўсюджванне пракламацый. Гэта акалічнасць, паказваючы Саўку з новага боку, вымагае тлумачэння. Справа тут вось у чым: Саўка ведаў, што асуджаныя за «палітыку» карыстаюцца павагаю з боку шырокіх колаў грамады. На гэтым ён і пабудаваў сваю тактыку. I ў апошнія часы, калі ён ішоў на лоўлю, гэта значыць красці коні, то браў з сабою і пракламацыі. Яго злавілі як канакрада, але ў яго аказаліся пракламацыі. I судзілі Саўку не як канакрада, а як «дэмакрата-сацыяліста».

Цяпер Саўка з энтузіязмам хваліцца, што і ён змагаўся з царскім «прыжымам». Цімох Будзік, як ужо вядома, адбыў два гады арыштанцкіх рот за падпал панскай стадолы, сядзеў як крымінальнік.

– Гм! так, так! Помню, – рэзюмаваў успаміны пра былое Цімох.– А цяпер, значыцца, ваяваць з панам?

– Ваяваць, брат, да канца ваяваць! – сказаў Саўка і рашуча кіўнуў галавою.

– Ну, то і добра. Завяду я цябе да нашых, пазнаёмлю з нашым атаманам.

Дзед Талаш, так удала вырваўшыся са свайго палону, заняўся Саўкам Мільгуном: што з ім рабіць? Як быць з ім? У дзеда Талаша было многа розных праектаў, але паколькі гэта справа мела грамадскі характар, то дзед Талаш палічыў болей правільным перадаць гэту справу на вырашэнне партызанскай грамады, у якой ужо складаліся свае парадкі і законы. Якраз гэтымі днямі партызанская грамада значна павялічылася. Партызанскі рух з набліжэннем вясны рос і шырыўся. Сюды прыйшоў Марка Балук з-пад Цернішч. Прыйшоў ён адзін, але ў яго была свая грамада адважных людзей. Яму трэба было звязацца з партызанамі дзеда Талаша і выпрацаваць план сумеснага дзеяння.

Аўтарытэт Маркі Балука высока стаяў у вачах тутэйшых партызан. Прывёў яго Мартын Рыль, і сустрэлі яго з радасцю. Дзед Талаш моцна і доўга трос яго руку, пазіраў яму ў вочы.

– Дай жа, саколе, паглядзець на цябе. Чуў я, чуў пра Марку Балука. Шукаў цябе, сынку, эге ж! Жонку тваю выпадкам спаткаў. Аб табе гутарылі.

Прыход Маркі Балука, набліжэнне вясны і пашырэнне партызанскага руху высоўвала цэлы рад новых пытанняў, аб якіх трэба было пагаварыць. Нараду правялі ў лесе. На нарадзе былі: Марка Балук, Мартын Рыль, Цімох Будзік, Нупрэй, дзед Талаш і некалькі радавых партызан. Гаварылі аб формах сувязі сярод партызан, абмеркавалі ўмоўныя знакі, каб пазнаваць сваіх, аб вярбоўцы людзей у партызаны, аб размежаванні раёнаў баявога дзеяння. Калі ўсе гэтыя пытанні былі абмеркаваны, выступіў дзед Талаш, каб расказаць пра Саўку Мільгуна.

– А цяпер, хлопцы-малойцы, раскажу вам адну рэч, – пачаў дзед Талаш.– Памятаеце вы, што гаварыў нам таварыш Букрэй? Ён гаварыў, што да нас будуць прыставаць і нашы ворагі... Як ён іх называў, забыўся.

– Правакатары, – падказалі дзеду.

– Во, во, гэтыя аматары. Вось жа ён і не памыліўся. Я маю пэўныя весткі аб тым, што Васіль Бусыга з нашай вёскі і яго прыяцелі-багацеі нанялі злодзея Саўку Мільгуна, каб ён, прыкінуўшыся нашым чалавекам, прыйшоў да нас як партызан-ваяка. Праз гэтага злодзея яны хочуць выведаць усе нашы сакрэты, а нас прадаць панам. Чуеце, што робіцца? Да чаго дадумаліся, падлюгі! I Саўка да нас прыйдзе. Я нават сказаў, каб яму перадалі, як да нас зайсці. Я сказаў, каб ён прыйшоў да Цімоха Будзіка. А ты, Цімох, і прывядзеш яго да нас, нічога не кажучы яму пра тое, што мы аб ім ведаем. Дык што мы з ім зробім? Давайце памяркуем разам.

Зашумелі суровыя галасы абурэняя. На Саўку Мільгуна пасыпаўся цэлы град крэпкіх слоў і жорсткіх праклёнаў. Нарэшце ўсё гэта вылілася амаль аднагалосна ў суровы прысуд:

– Застрэліць гада!

– Павесіць здрадніка!

– Ды ўжо ж не пашкадуем яго, – сказаў стары Талаш, – але ж за спіною Саўкі стаяць яшчэ большыя нашы ворагі: сам войт Бусыга, Бірка і Бруй. Што ж яны за божыя ўнукі? Так ім і падараваць?

– I ім туды дарога! – пачуліся грозныя галасы. Мартын Рыль стаяў пануры. Думаў аб тым, у якім асяроддзі жыве Аўгіня. Няўжо яна не ведае аб гэтай змове свайго мужа і яго прыяцеляў? Не выказаўся таксама і Марка Балук.

– А ты як мяркуеш, сынку? – запытаў у яго дзед Талаш.

Балук усміхнуўся.

– А я, бацька, вось як мяркую. Калі да нас прыйдзе Саўка і раскапае тое, што яму трэба, дык яго трэба пусціць.

– Як жа пускаць такога гада? – запытаў Цімох Будзік.

– А вот вы слухайце.

I Марку слухалі з напружанай увагай.

– Саўка пойдзе і раскажа таму, хто паслаў яго. А яны пойдуць і заявяць пра гэта ў паліцыю. I Саўка прывядзе сюды паліцыю ці салдат. Вось тут і трэба падкаравуліць іх і сустрэць так, каб ніхто з іх не вярнуўся з лесу.

– А ты праўду кажаш, сынку. Эге ж! Залатая ў цябе галава. Не горшая, як у Букрэя.

Усім спадабалася Балукова выдумка, і гуртом прыступілі да распрацоўкі ўсяго плана.

Дзён праз колькі пасля гэтага прывёў Цімох сюды Саўку. Дарогаю расказаў яму, што партызанскі атаман стары Талаш з меншым сынам Панасам і з Мартынам Рылем хаваюцца ў лесе, начуюць у салашы.

А салаш гэты зрабілі спецыяльна для таго, каб ашукаць Саўку, спадзеючыся, што Саўка раскажа аб гэтым войту, а войт ужо зробіць усё, каб прыйшлі сюды палякі, і Саўка напэўна прывядзе іх.

Дзед Талаш сядзеў у салашы на дубовай калодцы, з важнаю і гордаю мінаю партызанскага атамана, пыхкаў люлькаю, выпускаючы струменьчыкі сіняга дыму. Перад ім курыўся невялічкі агеньчык. У салашы ляжала салома і жорсткае сена. Некалькі дзяружак, скамечаных і кінутых як папала, сведчылі аб тым, што тут начуюць людзі.

– Вось, бацька, прывёў я ваяку! Партызанам хоча быць, – адрэкамендаваў Цімох Саўку Мільгуна.

– Добра, сынку, добра!.. Ну, здароў, Саўка!

Дзед Талаш падаў Саўку руку.

– Што ж павяло цябе на гэту справу?

– Не магу змірыцца – такія крыўды чыняцца людзям.

– А якую маеш крыўду?

– Мяне яны, сказаць, не пакрыўдзілі. Але не магу спакойна глядзець, як другіх крыўдзяць. Вы ж ведаеце. А пра вас так многа гавораць, што мне проста захацелася з вамі быць, біцца з панамі насмерць. На ліха яны здаліся?

– Ну, добра. Мы цябе прымаем, але памятай –слухаць павінен. У нас па-ваеннаму, строга! Дамо табе даручэнне, ты мусіш яго выпаўніць.

– Усё буду рабіць, што загадаеце! – горача заявіў Саўка.

Дзед паглядзеў на яго. Саўка і вокам не змаргнуў.

– Дужа добра! Дык вось на першых часах ты павінен да палякаў прыглядацца, разведваць, дзе іх войска, куды яго гоняць. Ды глядзі, сынку, язык трымай за зубамі. Што ведаеш пра нас, нікому ні гугу.

– Вядомая рэч, ці я не ведаю? – падхапіў Саўка.

– Ну, вось і ўсё покі што. Старайся, сынку!

Саўка, як злодзей, украдкай агледзеў салаш і лес.

– I вы, бацька, адзін жывяце тут? – пацікавіўся Саўка.

– Усяляк бывае: і адзін і хто-небудзь у падсуседзі прыйдзе. Прыходзь жа сюды не пазней трох дзён, раскажаш нам, што здабудзеш за гэты час. Апознішся, то можа мяне не застанеш тут.

На гэтым і скончыў дзед Талаш сваю аўдыенцыю.

У лесе на скрыжаванні дарог развітаўся Саўка з Цімохам. Унурыўшыся, ішоў ён праз лес. Першы раз у жыцці яго заскрэбла штосьці моцна-моцна. Яго пачынаў агортваць страх, і ён часамі жахаўся той ролі, якую навязалі яму войт і яго прыяцелі. У ім пачыналі варушыцца рэшткі сумлення. У яго вачах увесь час стаяў дзед Талаш. Яму чуўся нават яго голас. Куды ж ён, Саўка, ідзе? З чым ідзе? Што скажа? Скажа, дзе знаходзіцца дзед Талаш з сынам і з Мартынам Рылем. Ён проста прадасць іх, як прадаваў калісь крадзеных коней. Але адна справа жывёла, а гэта жывыя людзі, людзі, загнаныя ў трушчобы, як дзікія звяры, людзі, якія хочуць жыць і якія ніколі не бачылі дабра.

Былі моманты, калі Саўка важыўся вярнуцца назад, каб расказаць Цімоху ўсю праўду. Але Саўка не так далёка яшчэ зайшоў у сваім злачынстве. Апошні і рашучы момант яго злачынства адбудзецца тады, калі ён раскажа войту пра дзеда Талаша. Гэта акалічнасць крыху заспакойвала Саўку, і ён думаў аб тым, як рабіць яму далей. Ні да чаго пэўнага не прыйшоў Саўка ў сваіх думках. Там відней будзе,– пакінуў Саўка за сабою свабоду дзеяння і сунуўся далей.

Была ўжо глыбокая ноч, калі ён прыйшоў у Прымакі, але па хатах сям-там яшчэ свяціліся агні. У Васілёвай хаце агню не было. Саўка запыніўся, трохі пастаяў. Хацеў быў пастукаць у акно, а потым махнуў рукой і пайшоў далей. Тым не меней яму карцела пабачыць войта і яго прыяцеляў. Трэба было неяк выблутацца з таго прыкрага становішча, у якім апынуўся Саўка, і бляск у вокнах Біркавай хаты яго пацягнуў, як агонь цягне начнога матыля. Апроч усяго іншага, Саўка быў галодны. I ён зайшоў да Біркі.

Гаспадар адчыніў яму дзверы. Саўка пераступіў парог і спыніўся. Стол быў пакрыты настольнікам. На стале стаяла пляшка самагону, выпітая да палавіны, і закуска: скваркі і кіслая капуста. Войт сядзеў за сталом пануры і чорны, як ноч. Угледзеўшы Саўку, ён трохі ажывіўся. Разважлівы Бруй з шумам вылез зза стала.

– Ну вот, я вам і Саўку прывёў, – урачыста абвясціў Бірка.

– Ну, сядай жа з намі!

Саўка павесіў на крук шапку. Кажушка ён не зняў, а толькі расшпіліў: у хаце было цёпла. Ды і распранацца яму было не з рукі: распранацца можна было толькі ў кампаніі роўных паміж сабою людзей. А ці Саўка можа раўняцца з імі, гаспадарамі-багацеямі? Што такое Саўка? Злодзей, канакрад, чалавек, якога можна купляць і стаўляць на цёмныя справы. I калі яго пусцілі ў хату і пасадзілі з сабою за стол, дык толькі таму, што ў ім мелі патрэбу. Усё гэта прамільгнула абразлівым ценем у Саўкавай галаве.

Прыступаць адразу да справы, распытваць, з чым прыйшоў Саўка, ніхто першым не адважваўся. Перакідаліся малазначнымі словамі і сказамі, нічога агульнага не меўшымі з Саўкавай місіяй.

– Выпі ж, Саўка, ды закусі, ты пэўна ж галодны з дарогі.

Бруй наліў яму шклянку самагону. Саўка неспакойнымі прагавітымі вачыма акінуў стол і закуску на ім. Не адрываючыся ад шклянкі, выжлуктаў самагон і энергічна паставіў яе на стол. Самагонная поскудзь борзда разлілася па яго жылах, стукнула ў галаву. Як воўк, глытаў ён скваркі і напіхваў рот цэлымі кучамі кіслай капусты. Капуста скрыпела і трашчала на яго зубах, а сківіцы варушыліся, як жорны.

Прыяцелі пазіралі на яго і па ім бачылі, што прыйшоў ён не з пустымі рукамі. Саўка чакаў, калі ж запытаюць яго аб справе, і адчуваў, што аб ёй пара пачаць гутарку. Але ў яго не было на гэты конт раней надуманага плана: гэтага не было ў Саўкавым звычаі.

Ён проста рабіў, выяўляў сваю дзейнаець па натхненню, пад уплывам мінуты.

– А мы цябе, Саўка, чакалі, думалі аб табе, непакоіліся за цябе, – першым па-дзелавому загаварыў войт. – Ну, як жа ты схадзіў? што бачыў, чуў? Раскажы.

Саўка абцёр губы, нагнуўся пад стол, прывёў у парадак нос.

– Чакалі мяне? думалі пра мяне? непакоіліся за мяне? Эх, Саўка! Ты чуеш, у якой ты пашане, які гонар табе... Нічога. Хадзіў нагамі, пазіраў вачамі, слухаў вушамі,– з горкай іроніяй загаварыў Саўка. Войт і яго прыяцелі клюнулі насамі і прыгнулі галовы. Невялічкая няёмкая паўза, некаторае замяшанне.

– Гэта ўсё правільна. Але ж мы самі ведаем, што хадзіў ты не галавою, – таксама пад жарт у тон Саўку азваўся Бруй.

– А нашто Саўку галава? – тым жа тонам запытаў Саўка. – Нашто яна яму? За Саўку мудрэйшыя галовы падумаюць. А Саўкава справа – нагамі папіхацца.

– Ты, Саўка, чымся згрызены. Не ў гуморы ты. Выпі яшчэ.

Гаспадар наліў яму самагону. Саўка адвёў рукою Біркаву руку са шклянкаю.

– Не хочу! – катэгарычна заявіў ён. Яго паводзіны выклікалі агульнае недаўменне.

– Што ты, Саўка, бунтуеш? – строга звярнуўся да яго войт. – Кажы да ладу, калі з табою людзі гавораць.

– Людзі? якія людзі? Хто людзі – вы? Сволачы вы, а не людзі. Я – гультай і злодзей, канакрад, прапашчы чалавек... Я зусім не чалавек. Але вы, вы пяты мае яе варты. Я краў і гандляваў коньмі, а вы гандлюеце людзьмі і сваім сумленнем. Вы – плюгаўства, нікчэмнасць. На вас плюнуць і растаптаць!

– Саўка, распусціў ты язык. Ой, глядзі! – прыстрашыў яго войт.

З Саўкам нешта здарылася. Яго паводзіны пачыналі сур'ёзна непакоіць войта і яго прыяцеляў. Яны яшчэ не трацілі надзеі дазнацца прычын гэтых дзіўных Саўкавых паводзін.

Але Саўка зацяўся, як камень. Ён толькі лаяўся, абражаў падвыпіўшую кампанію і зневажаў яе, як толькі ўмеў.

Нарэшце войт страціў цярпенне.

– Годзі задавацца, Саўка. Даволі камедыянцтва! Я знайду спосаб прымусіць цябе гаварыць тое, што трэба.

– Ты прымусіш мяне гаварыць пра тое, што вам трэба? Гаварыць пра старога Талаша, пра Мартына Рыля, дзе і як знайсці іх? Дудкі, ідзіце самі ды пашукайце іх. А я вам больш не слуга!

Саўка стаў на ногі і падпёр кулакамі бакі, паваліўшы на стол шклянку і бутэльку з недапітым самагонам. Кашлатая Саўкава галава з цэлаю шапкаю чорных валасоў зняважліва ківалася. Войту зусім не спадабалася такая гордая пастава Саўкі Мільгуна. Сярдзіта паглядалі на яго і войтавы прыяцелі.

Войт крута павярнуўся да Саўкі ўсім корпусам.

– Што ты казырышся тут? – крыкнуў на Саўку. – Сядзь!

I ў той жа момант схапіў яго за плечы і з сілаю ціскануў, каб пасадзіць Саўку на лаву. Саўка ўскінуў угору пругкімі локцямі і адным локцем крэпка стукнуў войта па носе.

– Прэч, панскі папіхач!

Войт не знёс гэтай абразы. Размахнуўся і трэснуў Саўку ў зубы. Падняўся шум, крык. Яны счапіліся і з усёй сілы пачалі штурхаць і лупіць адзін аднаго. Бірка і Бруй кінуліся памагаць войту. Саўка схапіў са стала нож з вострым канцом і пырнуў войта пад бок. Войт пахіснуўся, пабляднеў і асеў, схапіўшыся за бок, а Саўка з усёй сілы штурхануў стол. Стол з громам бразнуўся на падлогу. Саўка, як тыгр, пераскочыў цераз яго, схапіў з крука шапку і кінуўся ў дзверы, а за ім Бірка і Бруй.

– Лаві, лаві яго! Караул! – крычалі яны і гналіся за Саўкам, і гэты крык, як лямант роспачы, дрыгацеў у зацятай цемрадзі палескай ночы, будзячы і трывожачы заснуўшых сабак.



XXVIII[правіць]

Саўка напэўна ўцёк бы, калі б за ім не пагналіся разам з гаспадарамі сабакі. Яго нагналі і аглушылі калом, звалілі з ног, білі і мялі, а потым чуць жывога прывалаклі ў хату, дзе ў гэты час войту прамывалі і завязвалі рану. Рана аказалася неглыбокая і не дужа страшная, хоць нож і задзеў яму край печані, і войт знайшоў у сабе сілы, каб аддаць распараджэнне даставіць Саўку куды трэба і перадаць там, што Саўка меў зносіны з паўстанцамі. Хай учыняць яму належны допыт: Саўка ведае, дзе хаваюцца паўстанцы.

Для польскай контрразведкі Саўка Мільгун прадстаўляў дужа цікавую і дужа патрэбную знаходку. Вось чаму, калі там даведаліся, хто такі Саўка, куды і для чаго ён хадзіў і для якой ролі быў прызначан, кіраўнікі контрразведкі зрабілі экстраную нараду і пастанавілі зараз жа ўчыніць Саўку допыт, ужыўшы ўсе спосабы на тое, каб дабіцца ад яго патрэбнага паказання. Саўку надзелі наручнікі, абкружылі яго моцным канвоем і прывялі ў пакой допытаў.

Калі Саўка акінуў вокам гэты пакой з яго дзіўным абсталяваннем і з яго прыладамі, аб прызначэнні якіх ён з садрыганнем сэрца мог толькі дагадвацца, то дух яго апаў, і яму стала жудасна, хоць Саўка на сваім шляху прайшоў не адну камеру допытаў. Пакой гэты быў досыць прасторны. Пасярэдзіне пакоя стаяў грамозны дзябёлы стол. За сталом сядзелі тры асобы. Адзін з іх, рыжы таўстаморды мужчына, асабліва кідаўся ў вочы сваім жорсткім абліччам і тупою халоднасцю. Другі быў кароценькі і шустры, з крываватым носам і гладка падбрыты. На яго губах бегаў салодзенькі смяшок, сам ён увесь варушыўся, ківаўся, гатовы, здаецца, пралезці ў самую маленькую шчылінку. Трэці, доўгі, худы і пануры, з зямлістым колерам твару, сядзеў над нейкаю паперкаю, углыбіўшыся ў чытанне, і рабіў сяды-тады ў ёй паметкі. Збоку ў сцяне віднеліся яшчэ адны дзверы, вузкія і нізкія, наганяўшыя страх і наводзіўшыя на невясёлыя думкі.

Некалькі хвілін на Саўку не зварачалі ўвагі. Трое сядзеўшых за сталом зрэдку перакідаліся паміж сабою глухімі сказамі ды ківалі галовамі ў знак згоды. Уся гэта абстаноўка і патаемнае перагаворванне прыгнятала Саўку і наводзіла на яго жудасць. Ён стаяў нерухліва, пазіраў у адзін пункт, каб паказаць сябе чалавекам лаяльным, ды чакаў са страхам, з якога боку і з якою сілаю паднімуць над ім абух. Яго мыслі, выбітыя з свае каляіны гэтаю неспадзяванаю праяваю, перабягалі з аднаго на другое, каб вырашыць цэлы рад неспакойных запытанняў.

Нарэшце рыжы, відаць, старшы з іх, падняў галаву і ўставіўся ў Саўку пранізлівымі лупатымі вачыма. Пазіраў з хвіліну, як бы зачароўваў яго.

– Ходзь тутэй! – ціха, але голасам уладнага загаду пазваў ён Саўку.

Саўка, змяты і збіты, у сіняках і з наручнікамі, ступіў крокі два да стала і спыніўся.

Шустры паўзіраўся ў Саўку мышынымі вочкамі. Салодзенькі смяшок яшчэ болей скрывіў яму нос.

– Дзе цябе так пабілі? – спагадліва запытаў Саўку.

Ад хвалявання і ад усяго перажытага за апошні час у Саўкі перасохла ў роце, і голас яго быў хрыплы.

– Выпівалі і пабіліся, – адрывіста адказаў Саўка і падумаў сам сабе, што не варта гаварыць многа, каб не заблытацца горай, а толькі адказваць на запытанне. Так гаварылі і людзі, прайшоўшыя практыку допытаў.

– Выпівалі і пабіліся! – паўтарыў шустры і вельмі хітра і мнагазначна пасміхнуўся, а гэты смех як бы казаў: «Расказвай, расказвай! А мы ведаем нешта іншае і шмат горшае».

Пасля допыт павёў рыжы. Ставіў адно пытанне за другім.

– Як завуць?

– Колькі гадоў?

– Чым займаўся?

– Ці судзіўся?

– За што судзіўся?

Усе гэтыя, як і іншыя, пытанні такога ж парадку для Саўкі былі ўжо не новыя, і ён адказваў на іх не адзін раз. Але і на гэтыя нескладаныя пытанні ён адказваў сумыслу трохі блытана, каб паказаць сваю дурноту: Саўка ведаў, што болей трудныя пытанні яго чакаюць наперадзе. I такія пытанні яму зараз жа і паставіў рыжы.

– Ты прызнаеш польскі «ужонд»? Саўка падумаў і сказаў:

– Прызнаю.

У такіх умовах Саўку трудна было не прызнаць польскага «ужонду».

– Ты ведаеш, – гаварыў далей рыжы, – што войт ёсць «польска асоба ужондова». Што ж змусіла цябе зрабіць замах на забойства войта?

– Замах на забойства? – здзівіўся Саўка. – Ніякага замаху на забойства я не меў, і ў думках у мяне гэтага не было.

– Але нож у бок ты ўсадзіў яму?

Саўка здзівіўся яшчэ болей. На яго твары адбіўся жах – ці можа гэта быць, каб ён усадзіў нож у бок войту?

– Дык хто ж усадзіў яму нож?

– Я не помню гэтага.

– Але ты помніш, што «выпівалі і пабіліся»? – з салодзенькім смяшком напомніў Саўку яго словы шустры.

– Што выпівалі і пабіліся, я гэта помню, але як пабіліся, ці кідаўся я на войта з нажом, не помню.

– А з-за чаго ў вас выйшла бойка?

Пытанне гэта для Саўкі было небяспечнае. Каб даць на яго адказ, трэба было шмат чаго расказаць. Саўка ж не ведаў, у якой ступені паінфармаваны яго следчыя. Лепш асцярожней, а потым відней будзе.

– У выпіўках заўсёды бываюць і сваркі і бойкі. Я быў п’яны і нічога не помню, – як за якар збавення, ухапіўся Саўка за п’янства.

Шустры не спускаў з Саўкі вачэй, і цяпер, калі Саўка спаслаўся на запамятанне, ён так хітра ўсміхнуўся, і такая выразная была гэта ўсмешка, што Саўку нялоўка стала: ён бачыў, што яму не даюць веры.

– Ну, то я табе прыпомню, – сказаў рыжы. I расказаў аб гутарцы Саўкі з войтам і яго прыяцелямі. Саўка зразумеў, што следчым ужо вядома тая роля, на якую нанялі яго войт і яго прыяцелі. Ён кінуўся на хітрасць: самому расказаць пра ўсё гэта, не гаварыць толькі пра спатканне з Цімохам Будзікам і з дзедам Талашом, каб на ўсякі выпадак застрахавацца і ад іх. Ён так і зрабіў, пачаўшы сваё апавяданне з таго, што ён раскажа праўду і прызнаецца.

Слухалі Саўку ўважна. Калі Саўка скончыў, яго нават пахвалілі, што ён узяўся за добрую справу, за справу выкрыцця злачынцаў і ворагаў польскага «ужонду», які нясе народу «волю» і збавенне ад бальшавікоў. Але яны чакалі ад Саўкі пачуць пра самае важнае для іх, і такім прызнаннем не задаволіліся. Але Саўка скончыў.

З хвіліну памаўчалі. Рыжы, моўчкі пазіраючы на Саўку, пабарабаніў пальцамі па стале. У шустрага быў такі выгляд, як бы ён толькі-толькі навастрыўся слухаць пра самае цікавае, а Саўка так недарэчы спыніў на гэтым месцы сваё апавяданне. Нават доўгі натапырыў вушы. Шустры, не дачакаўшыся ад Саўкі фіналу апавядання, падагуліў тое, што ўстанавіла следства.

Лічым неабвержна ўстаноўленым, што замах на забойства асобы «ужондовай» з твайго боку быў... Нех пан так і запішэ, – павярнуў ён крывы нос да доўгага і панурага чалавека з зямлістым колерам твару.

– Так, замах на забойства – устаноўлены факт, – зноў паўтарыў шустры, зварочваючыся да Саўкі, – гэтага аднаго даволі, каб па закону ваеннага часу павесіць цябе. Так, павесіць. Далей. З твайго паказання выходзіць ясна і лагічна, што ты меў дачыненне з паўстанцамі супраць польскага «ужонду», і ты гэта ўтаіў. А з гэтага выходзіць, што ты спачуваеш злачынцам і пакрываеш іх, іначай сказаць – ты сам такі ж злачынец і другі раз заслугоўваеш таго, каб цябе падняць на шыбеніцу. Так, так. Але збавенне для цябе яшчэ не страчана, калі ты раскажаш нам, дзе «ест» злачынцы, з якімі ты бачыўся і меў гутарку, і дапаможаш «злапаць» іх.

Саўка папаў у акрутнае становішча. Але ён быў упэўнены, што яго бяруць «на зыхер», як называецца на мове арыштантаў. Ён зацяўся і ўпарта адмаўляў, што бачыўся з паўстанцамі і гаварыў з імі. Доўга біліся з ім у гэтым пункце паны следчыя. Націскалі на яго то ўгаворамі, то абяцаннямі, то пагрозамі, ушчувалі рознымі спосабамі. А Саўка цвярдзіў сваё:

– Не ведаю. Не бачыў.

Тады рыжы крута змяніў тактыку допыту. Ён раптам ускочыў на ногі, калодка-твар яго пачырванеў. Як шлягаю, грукнуў кулаком па стале і крыкнуў:

– Лжэш, галгане! Але мы запытаем цябе іначай.

Сарваўся з-за стала і злосна накіраваўся да вузкіх і нізкіх дзвярэй. Стукнуў два разы гучна ў дзверы і крыкнуў:

– Адольф!

У той жа момант дзверы расчыніліся. Прыгнуўшы галаву, граміла волатаўскага складу пераступіў парог і апынуўся ў пакоі допытаў.

– Слухам пана! – прагрымеў яго голас.

Рыжы кіўнуў яму на Саўку.

– Запытаць у яго праўды!

Саўка і не агледзеўся, як яго схапілі жалезныя рукі і павалаклі да той страшнай прылады, якая яшчэ спачатку звярнула на сябе яго ўвагу. На момант ён страціў прытомнасць. Апамятаваўся толькі тады, калі шыя яго была крэпка ўшчымлена дзервянымі ліштвамі. Ён пачуў, што нейкая сіла адрывае яго ад зямлі. Нясцерпны боль туманам заслаў яму вочы. Жылы і косці яго расцягваліся і гатовы былі лопнуць у кожны момант. Ён закрычаў немым і дзікім крыкам і абамлеў. Калі ён ачнуўся, то ўбачыў, што ляжыць на падлозе, а каля яго стаяць страшны Адольф, рыжы і шустры.

Саўка тупа паглядзеў рыжаму ў вочы.

– Скажаш праўду? дзе паўстанцы?

– Не ведаю, – адказаў Саўка.

Ён думаў, што цяпер яму павераць, але рыжы зноў назваў страшнае імя:

– Адольф!

Саўка адчуў, што сілы болей не хопіць, не вытрымае, і ён здаўся.



. . . . .


Тры фурманкі на добрых конях, запрэжаных у шырокія прасторныя сані, шпарка шыбуюць ляснымі дарогамі і гацямі паміж балот. У санях сядзяць незнаёмыя людзі, відаць, здалёк. На трох фурманках іх трынаццаць чалавек. I народ усё крэпкі, малады, здаровы, як на падбор.

Па віду яны фальваркоўцы, сярэдняй рукі абываталі. I трымаюць сябе шляхетна, паважна. Куды яны едуць? Ці не ў госці ў які-небудзь хутар?

Цікава толькі, што едуць адны мужчыны. Але ноч закрывае іх сваёю цемраю ад погляду цікаўных. Хіба толькі рэдкі падарожны, запазніўшыся ў дарозе, правядзе іх дапытлівымі вачыма, сышоўшы набок, ды сам сябе запытае: «Што гэта за людзі?» I ніяк не дагадаецца, што гэтыя людзі – пераапранутыя агенты польскай контрразведкі, што на пярэдняй фурманцы сядзіць Саўка Мільгун і паказвае дарогу ў той лес, дзе знайшоў сабе схоў і прыпынак выгааны з дому Талаш, як не дагадваецца і Саўка, што там у лесе яго ўжо чакаюць разам з «гасцямі». Не дужа добра пачувае сябе Саўка, і не таму, што яго моцна набілі войтавы прыяцелі і аддалі ў рукі гэтых катаў, не таму, што яго катавалі, расцягвалі яму жылы і косці, а таму, што волю яго, упартасць, зацятасць зламалі і прымусілі рабіць так, як ім было трэба. Саўка хацеў паквітацца з войтам і яго прыяцелямі, парваць з імі кантракт і адступіцца ад той бруднай ролі, на якую падбілі яго. Неяк жа кідаўся б, жыў бы на свеце і без іх ласкі. Але сталася не гэтак. Гадка, паршыва павярнулася справа, і страшна Саўку таго лесу, салаша таго, дзе ён гутарыў з дзедам. I сам дзед Талаш у вачах стаіць, а ў вушах гучаць яго словы: «Трымай язык за зубамі». I Саўка хацеў трымаць за зубамі язык – не таму, што так казаў дзед Талаш, не – ён проста сам жахнуўся агіднасці той справы, за якую ўзяўся так легкадумна. А можа там нікога не будзе? Вось было б добра, каб там быў пусты салаш! I рыжы нічога не зробіць з ім, калі салаш знойдуць пусты: не прывязаць жа было Саўку дзеда Талаша. А сляды яго нойдуць. Саўка не думае, што будзе далей, калі вернуцца з лесу. Не думае нават і аб тым, што ён – нявольнік, што з яго рук не зняты наручнікі: іх знімуць тады, калі Саўка пакажа салаш, дзе прытуліліся небяспечныя канаводы паўстанцаў,– так яму абяцалі. Ды Саўка і не верыць ім.

Але цяпер за кожным яго рухам пільна сочаць дзве пары вачэй. Дзве рукі трымаюць напагатове рэвальверы. Варта Саўку толькі паварушыцца чутачку мацней, як гэта трэба, або падаць голас людзям, што ён – нявольнік, каб яго тут жа застрэлілі, як сабаку. А можа ўсё ж папрабаваць у лесе даць драла? Ноч, лес, глухмень. Авось вырвецца, уцячэ?.. Пагана адчувае сябе Саўка, а ўсё таму, што не дадумвае сваіх думак, робіць на авось, пакладаючыся на шчаслівы выпадак. Страшна Саўку таго лесу. Не, не лесу; страшней за ўсё суд людскі. А лес гэты ўжо блізка. Зараз дарога скончыцца – трэба ісці пехатой.

Пярэдняя фурманка спыняецца. Дзве другія пад'язджаюць усутыч і таксама спыняюцца. Тры кіламетры адлегласці да таго месца, дзе стаіць салаш, схоў і прыпынак старога атамана, яго сына і памочніка яго, Мартына Рыля. Рэй вядзе рыжы.

– Да зброі! – ціха камандуе ён.

Шпікі і агенты скідаюць маскарад, бяруць карабіны, рэвальверы, закладаюць патроны і вылазяць з саней. Зрушваюцца з месца, ідуць расцягнутым ланцугом адзін за адным вузкаю лясною дарожкаю. Паперадзе Саўка і два яго канваіры. Яго не спускаюць з вока, не выпускаюць з рук. Ідуць як мага ціха, ступаюць асцярожна, каб не рабіць шуму. А лес, апавіты цемраю, чутка ловіць кожны неасцярожны гук, кожны шолах. Лес маўчыць глуха, зацята, знямела. Здаецца – пуста ў ім, бязлюдна і мёртва. Але гэта толькі відомасць цішыні і амярцвення. У гэтай глухой зацятасці начной цемры лесу шнуруюць, як цені, невідомыя людзі, прабіваючы яе вачыма. Яны ўжо ведаюць – вораг у лесе, смяртэльны іх вораг, ад якога няма ім літасці. Яны падлічваюць яго сілу, шэптам перадаюць па густому кругу людзей аб здабытых пра ворага вестках і звужаюць сваё кола.

А вораг набліжаецца. Саўкавы вочы трывожна і неспакойна ўглядаюцца ў цемру лесу, у той бок, дзе стаіць салаш. Крадуцца ўжо з гадзіну. Салаш павінен быць блізка. I раптам – блісь у лесе агеньчык. Агеньчык мігае, як воўчае вока, у начной цемры, пад навіссю лесу. Эх, стары, стары! Сам дапамагаеш ворагу, палягчаеш задачу яму. Саўка дрыжыць, як у ліхаманцы, рукі яго трасуцца.

– Тут! – шэпча канвойнікам і паказвае на маленькую баязлівую чырвоную плямку. Запыняюцца.

Саўка і два яго канвойнікі застаюцца ззаду. Саўкава місія, паганая, здрадніцкая місія, скончана. А дзесяць чалавек пад камандаю рыжага ідуць далей, разыходзяцца кругам, здалёку абхватваюць гэтым кругам салаш і лагодны мірны агеньчык каля яго. Марудна, да болю напружана праходзяць хвіліны, доўгія, тамлівыя. У меры таго як звужваецца каля салаша кола, насоўваюцца канвойнікі, падштурхваюць Саўку – ногі не хочуць служыць яму, дранцвеюць. Салаш ужо блізка, аточан шчыльна, безнадзейна для тых, хто знайшоў сабе ў ім схоў і адпачынак.

Праходзіць момант, адзін і другі, праходзяць хвіліны нясцерпнай цішыні. Бліснуў белы бляск, шпікі ліхтарыкамі асвяцілі салаш. У салашы пуста: засталося толькі жорсткае сена і пара старых дзяружак. Рыжы і яго каманда сходзяцца ў кучу, мітусяцца каля агеньчыка, даносяцца іх галасы. Яны расчараваны, абескуражаны: пракляты паўстанец знік, як злы дух! А ён тут быў, быў нядаўна!

Рыжы мяркуе, абдумвае план бліжэйшага дзеяння. Ён гатоў ужо аддаць новы загад, і раптам, як порах, успыхнуў агонь з боку ад салаша, і полымя зараз жа ўзнялося да палавіны лесу, абвіло яго сукі і галіны. I другі агонь, такі ж раптоўны і імклівы, асвяціў лес з другога боку.

Салаш і лес вакол салаша асвяціўся, як летнім паўднёвым сонцам. Гэта Цімох Будзік, спец па часці падпалаў, устроіў такую ілюмінацыю.

– Складай аружжа! – як гром, пачуўся чыйся страшны голас.

– Складай аружжа! – як рэха падхапіў паток людскіх галасоў. З усіх бакоў, з берагоў цемры, адсунутай і згушчанай агнямі, рынулі партызаны, трымаючы вінтоўкі, як для штыхавога бою, і абкружылі густою сцяною рыжага і яго каманду. Моўчкі і пакорна пакідалі яны сваю зброю.

– А мы вас даўно тут чакаем! – сказаў стары атаман, і нядобрая ўсмешка рассунула яго губы і асвяціла суровы твар.

З натоўпу партызан праціснуўся Панас. Ён здрыгануўся, зірнуўшы на рыжага.

– А гэта той самы, што мяне заарыштаваў!

Саўка ўпаў у снег. Перапалоханыя канвойнікі таксама пападалі. Ззаду падбеглі партызаны, наставіўшы на іх цэлыя пукі вострых штыхоў. Абяззброілі і ўсіх трох лавялі да салаша.

Тут жа адбыўся і кароткі суд. Судзілі агулам.

Некалькі залпаў з’явіліся адказам на прыгавор суда.

А Саўку судзілі асобна, судзілі ўважна і доўга. У лесе было вядома, што Саўка ўсадзіў нож у бок войта, што Саўку аддалі ў рукі польскай улады. У Саўкі на руках былі наручнікі, на твары сінякі, а на шыі сляды катавання. Але не было згоды ў поглядах суддзяў. Адны стаялі за тое, каб Саўку дараваць, другія – за Саўкаву смерць. Нарэшце пастанавілі: аддаць на вырашэнне справу дзеду Талашу і Мартыну Рылю, паколькі Саўкава злачынства ў першую чаргу было накіравана супраць іх.

Дзед Талаш паглядзеў на Саўку, паглядзеў доўга, дакорліва, а потым сказаў:

– Ідзі, ідзі прэч, каб цябе не бачылі мае вочы!.. Жыві! – Запытаў Мартына: – Ты згодзен?

Мартын моўчкі кіўнуў галавою.



XXIX[правіць]

Неспадзяваны мароз, раптоўна наваліўшыся на Палессе пасля некалькіх ціхіх і мяккіх дзён на сходзе зімы, пратрымаўся нядоўга. Надвор'е змянілася адразу. Паветра стала цёплым і лагодным, а над далечамі балот і палёў звісла сінеча-смуга – адзнака цяпла і адлігі. Асеў глыбокі снег па лясах і балотах. Жычліва калыхнуў паўднёвы вецер настыўшыя галіны, атрос засеўшыя на іх белыя снежныя покрывы, з песняю на веснавы лад прайшоўся над акачанелымі хмызнякамі і весцю аб вясне шаргануўся па саламяных стрэхах сялянскіх хат. Весялей зірнулі на свет вызваленыя ад холаду дрэвы, радасна адгукнуліся густым шумам на павевы цёплага ветру. Заплакала зіма пад капяжамі мільёнамі слёз. Размяклы, працяты вадою снег гурбінамі папоўз з саламяных стрэх, трывожным шэптам парушаючы цішыню, а на вуліцах і дарогах пачалі выступаць жаўтавата-мутныя лужыны, і рушылі ў свае дарогі першыя веснавыя ручайкі-перавальчыкі. Гімнамі вясне зазвінелі звонкія песні жаваранкаў... У тысячах з'яў заўважалася набліжэнне вясны, вясны ранняй і дружнай.

Вясна – малады, бурлівы вір жыцця, імклівы, неспакойны рух у неакрэсленыя прасторы, шырокія, як сама воля, няясныя, як засмужаныя іх далечы; рух, якому падпарадкуюцца людзі і жывая прырода. Вясны ж на Палессі чакалі са страхам і трывогаю... «Што прынясе вясна?», «Што вясна пакажа?», «Што будзе вясною?» – у прадчуванні важных падзей пыталіся людзі і ўпотайку рыхтаваліся да іх.

Рухавей павялі сваю работу ваенныя штабы, дзе ўмацоўваючы пазіцыі, дзе перагрупоўваючы жывую сілу, падвозілі гарматы і бронемашыны, намацвалі найболей слабыя і балючыя цэнтры свайго праціўніка, камбінавалі, строілі планы, каб увесці яго ў аблуду і пры першым жа зручным выпадку стукнуць па ім там, дзе ён меней за ўсё спадзяецца. У той час, калі польскія генштабы ўшчыльнялі людзьмі і ваеннаю тэхнікаю свае пазіцыі, штабу Чырвонай Арміі ў сувязі з вайною на паўднёвым фронце, дзе насядаў Урангель, прыходзілася знімаць адгэтуль цэлыя вайсковыя часці і перакідаць іх на поўдзень. Але падрыхтоўка да вайны вялася і па іншых лініях. I на гэтых лініях асаблівую чыннасць праяўляў польскі бок: вялася ідэалагічная падрыхтоўка. У першых радах актыўных работнікаў па часці ідэалагічнай падрыхтоўкі да вайны з Саветамі ішлі ксяндзы. Гарадышчанскі касцёл носіць імя святога Казімера. Святы Казімер карыстаецца вялікаю пашанаю сярод каталікоў, і святкаванне яго прыпадае напрадвесні. «На Казімера зіма ўмера», – кажа каталіцкая прыказка. З самай раніцы каля касцёла незвычайны рух і ажыўленне. Плошча, бліжэйшыя двары і задворкі застаўлены коньмі і павозкамі. З блізкіх і далёкіх месц, фальваркаў, маёнткаў, хутароў і засценкаў з’ехаліся паны, панкі і простая шляхта. Хіба ж гэта не цуд Маткі Боскай, што «свенты косцел», анямеўшы на доўгі час, загаманіў сёння голасна на ўсю акругу сваімі тужліва-жалобнымі званамі? Сёння ў касцёле першае набажэнства. I правіць яго ксёндз Пацяйкоўскі. Прыехаў сюды загадзя, прыехаў з цэлым штатам прыслужнікаў. Ён прыехаў, каб належным чынам падрыхтаваць касцёл да набажэнства. Яму адвялі, адбудавалі і адпаведным парадкам абставілі цэлы дом, прасторны і раскошны. Але ксёндз Пацяйкоўскі ёсць манах і служка пана Бога. Ён суровы, просты і строгі ў сваім жыцці. Сурова і проста яго абстаноўка. Ніякага следу раскошы. Адно толькі кіпарысавае распяцце ды некалькі абразоў Матак Боскіх і святога Казімера аздабляюць сцены яго кабінета. Але ў сталовай туліцца ёмкі і стыльны буфет з цэлаю фалангаю пляшак дарагіх і рэдкіх він і розных трункаў. Ксёндз Пацяйкоўскі не толькі служка пана Бога, але і спрытны і таленавіты артыст каталіцкай цэрквы. Ён вялікі мастак на тое, каб стварыць адпаведны настрой у свае паствы, каб потым выігрываць на яе струнах патрэбныя яму мелодыі. Уся ігра яго зводзіцца на тое, каб калектыўную волю парафіян падпарадкаваць інтарэсам касцёла, гэтага агітпропа старога эксплуататарскага свету. Некалькі вечароў прысвяціў ксёндз Пацяйкоўскі, каб улажыць казанне на першае набажэнства. I цяпер сядзіць ён над ім, праглядае тэзісы, тэму і змест казання, робіць папраўкі, дадаткі, шліфуе, адточвае кожны сказ, кожнае слова. I калі ўдаецца яму які-небудзь надзвычай трапны сказ, зварот, ён паўтарае яго ўголас, і тады адступае ад манаскага статута і выпівае шкалік французскага трунка.

Тым часам падышоў і дзень набажэнства. Пануры, апушчаны і заняпалы ў часе свайго знямення, касцёл сурова глядзіць сваімі цяжкімі вежамі і пачарнелымі мурамі. Нават тысячы свечак, запаленых пад абразамі гарлівасцю набожных парафіян, не могуць разагнаць яго панурасці і суровасці.

«Dominus, vobiscum», – разнастайнымі, з адценнем жудасці, трэлямі пераліваецца голас ксяндза Пацяйкоўскага. Мяккім музычным громам адклікаюцца арганы. Кленчаць набожныя каталікі, разгортваюць кантычкі. Пачынаюцца агульныя спевы касцёльных модлаў. Няскладныя спачатку галасы выроўніваюцца, выпраўляюцца і, нарэшце, зліваюцца ў жудасным аднастайным шуме далёкай навальніцы, таемнай і страшнай у сваім невыразным многагалосым гомане. На кафедру выходзіць ксёндз Пацяйкоўскі. Праграму набажэнства, паложаную статутам касцёльнага рытуалу, ён перасыпае казаннямі. А казанні гаворыць з натхненнем і перакананасцю. Уся ж абстаноўка – гром арганаў, адзенне ксяндза і прыслужнікаў, іх урачыстыя выхады, масіўныя шэрыя сцены мураў, пакутныя і балесныя твары святых на абразах і ўся палітычная сітуацыя моманту – усё гэта спрыяе стварэнню патрэбнага ксяндзу настрою. Ён падымае рукі, закочвае вочы пад скляпенне касцёльных мураў, дзе павінен сядзець пан Бог, і пачынае гаварыць. Гаворыць аб моцы, гневе, справядлівасці і бясконцай літасці «вшэхмогонцэго» пана Бога. Боскі гнеў і дабрата даводзіцца прыкладам аб тым, што было і што сталася з касцёлам «свентэго Казімера». Як калісь народ ізраільскі быў у Вавілонскім паланенні, дзе змоўклі струны яго арфы, так быў у няволі і палоне «свенты косцел» і польскі народ, прагнявіўшы пана «Бога-ойца». Цяпер жа пан Бог змілаваўся над святым сваім домам, бо толькі касцёл ёсць праўдзівы і сапраўдны дом божы, і над народам сваім і вывеў яго з няволі. Дык трэба цвёрда памятаць аб гэтым і ні на адзін момант не адступаць ад святой веры каталіцкай, – яна адна ісціная, не паддавацца граху і не загразаць у яго цёмнай спакуслівай багне. Святы касцёл, утрачаны праз грэх, цяпер вернут з ласкі боскай, але касцёл апушчан, і святы Казімер балесна пазірае з свайго раю на занядбаны дом свой. Трэба шчодрыя ахвяры для аднаўлення касцёла.

Казанне сваё ксёндз Пацяйкоўскі канчае заклікам даваць ахвяры, а разам з гэтым аддаць і «подзеньковане» пану Богу за яго літасць да верных каталікоў, да ўсяго польскага народа, якому пан Бог таксама даруе і крулеўства.

Казанне змяняецца зноў набажэнствам, громам арганаў і агульнымі спевамі, а касцёльныя служкі ў спецыяльным адзенні ходзяць па касцёлу з срэбранымі талеркамі, прычым адзін з іх стукае святою булавою, каб напомніць парафіянам аб іх абавязках перад панам Богам і святым Казімерам. Праз некаторы час кафедру зноў займае ксёндз Пацяйкоўскі. Цяпер ён гаворыць казанне на тэму аб рэлігіі. Другое казанне працяг першага. Рэлігія, як гаворыць ксёндз Пацяйкоўскі, ёсць «святлосць», адсутнасць жа рэлігіі, бязбожніцтва, гэта – «цемносць».

Яго папярэднія казанні толькі ўступ, падрыхтоўка да трэцяга, самага асноўнага і патэтычнага, дзе ён запыняецца і з усёю сілаю свайго красамоўства накідаецца на бальшавікоў, носьбітаў атэізму, разбурыцеляў святой веры і здабыткаў людской культуры. Бальшавізм, як сцвярджае прамоўца, ёсць спараджэнне «цемносці» і вядзе свой пачатак ад злога духа, люцыпара, д’ябла, выгнанага панам Богам з раю. Бальшавізм – навала цемры, зла, і кожны хрысціянін, а тым болей католік, павінен паўстаць супраць бальшавікоў: змаганне з імі ёсць самая ўгодная Богу справа, а хто згіне ў гэтым змаганні, таму вечнае збавенне.

Пасля набажэнства радавітая шляхта, паны-абшарнікі і ваенная арыстакратыя заходзяць да ксяндза Пацяйкоўскага на «шклянку гарбаты». Ксяндза-пробашча віншуюць: яго прамова – шэдэўр красамоўства. Яму паціскаюць руку і пан Длугошыц і палкоўнік пан Дэмбіцкі. Палкоўнік Дэмбіцкі запэўнівае прамоўцу, што польская зброя такая ж вострая і дасканалая, як востра і дасканала прамова ойца-пробашча, а злучаныя разам яны непераможны. Ксёндз Пацяйкоўскі ўвесь цвіце і свеціцца здаваленнем. Але ён, як і сотні другіх служак пана Бога, у касцёле вядзе толькі тэарэтычную падгатоўчую работу. Ён паказвае гасцям газеты, часопісы, дзе змешчаны яго артыкулы, накіраваныя за вайну супраць бальшавікоў, паказвае адозвы, дзеліцца праробленай работаю па часці практычных мер, накіраваных супраць Саветаў: наладжванне шпіянажу, арганізацыя банд і свае агентуры на савецкай тэрыторыі. Стала і грунтоўна рыхтуецца панская Польшча да веснавой ваеннай кампаніі супраць Чырвонай Арміі і чакае толькі пагоды, калі прасохнуць дарогі, каб рушыць сваё войска ў паход.

Вясна, пачаўшыся раптоўна, несупынна збірала сілу і ў некалькі дзён змяніла палескі краявід. Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні, дзе маркотна выступалі адны толькі парыжэлыя купіны з сухою леташняю травою, голыя купы лазовых кустоў, да палавіны залітыя вадою, ды высокія шпяні алешын, ужо выбыўшых з строю жывога жыцця, захаваўшы толькі журботна ўзнятыя ўгару гнілыя цыбуры. Адны толькі цёмныя пушчы захоўвалі сваю звычайную суровасць, нават няветлую панурасць, тоячы ў сваіх нетрах звярыныя логавы, непраходныя дрыгвяністыя балоты, рэчкі, азярцы, пясчаныя груды-астравы, вузкія, не ўсім вядомыя, праходы, дарогі з бясконцымі бродамі і цэлыя шырачэзныя рэчкі снегавой вады, што рухліваю, хоць маруднаю, лавінаю пералівалася з балота ў балота па цёмных нізінах, накіроўваючыся ў Прыпяць. Але як вясёлы і прыветны цяпер ускраіны гэтых пушчаў, дзе кожная пядзя зямлі, прыгрэтая веснавым сонцам, жыве радасным абуджаным жыццём, выпускаючы першыя парасткі маладога зеляніва. Заварушыліся мурашкі, разнастайныя жучкі, кузуркі, такія малюсенькія, што трэба ўважна прыглядацца, каб заўважыць іх радасны мітуслівы рух на кожным абагрэтым сонцам шматочку зямлі, на сухіх былінках, на кары даўно згніўшага дрэва. А паветра звініць птушыным гоманам, крыкамі, шлюбнымі злётамі і клопатамі аб сваім доме, аб прыпынішчы, дзе б можна было асталявацца і зажыць сямейным жыццём. Аднаўляецца зямля, ажывае прырода, і радасны шолах жыцця ходзіць па галінах кустоў і старога лесу.

Гуляе паводка, адбіваючы ў сабе чыстае неба і бліскучае сонца. Як астраўкі, сям-там параскіданы людскія паселішчы. I ціха ў іх, не відаць чалавека. Прытаілася палеская вёска. Але гэта толькі адна зманлівая відомасць цішыні і спакою. Носіць вадзяная пустыня на ўлоннях сваіх быстрыя вастраносыя чаўны і лёгкія чайкі-душагубкі. А ў гэтых чаўнах, а ў гэтых чайках шнуруюць ад вёскі да вёскі суровыя, замкнёныя ў сабе сыны Палесся, патрывожаныя, выбітыя з каляін жыцця ўварваннем ненавісных акупантаў. Спасцярожліва ўзіраюцца яны ў далечы залітых вадою балот і шыбуюць між кустоў, туляцца каля высокіх сухіх чаратоў. На гэтых прасторах вады, пад цёмнаю навіссю панурых лясоў тояцца грозныя замыслы паўстаўшага сялянства. Патаемная змова туліцца пад стрэхамі заняпалых хат. Чутка ловіць гукі спасцярожлівае вуха, і зорка ўглядаецца ў далечы вострае вока...

Надыходзіць вясна. Што нясе яна з сабою?



XXX[правіць]

Трывожна здрыганулася Палессе.

Балота балоту, лес лесу перакідалі грознае водгулле невыразнага гуду. Баязліва калыхнулася ў ціхім паветры маладое, яшчэ зусім кволае лісце на гнуткіх галінках адноўленага дрэва. Ажыўшыя купчастыя бярозкі, ашлякоўваючы высокі бор жывым вянком свежай, пахучай зелені, стаялі ў нейкім разважлівым зняменні і, здаецца, прыслухоўваліся да гэтага нязвычнага далёкага грукату, ад якога калыхалася ціхае, прагрэтае сонцам паветра і ўздрыгвала зямля, перадаючы гэта ўздрыгванне дрэвам і маладому лісцю на іх. Такое ж дапытлівае недаўменне выяўляў усім сваім выглядам і сам стары бор, высока ўзнёсшы свае пышныя верхавіны і грэючы іх на веснавым сонцы ў хвалях чыстага паветра. А калі па лесе праходзілі лагодныя павевы ветру, то галінкі і лісце на іх лёгенька пакалыхваліся і шэптам пыталі ветру: «Што? што? што?» Нават сталыя буслы прыпынялі свой шпацыр па ўскрайках балот і трывожна прыслухоўваліся да дзіўнага гулу. А гэты гул расцякаўся па нетрах балот і лясоў, трывожыў звяроў і птушак. Старыя вепры натапырвалі вушы, слухалі, не разумелі нічога, але, палахліва рохкнуўшы, на ўсякі выпадак падаваліся глыбей у дзікія пушчы і вялі за сабой сваё маладзейшае пакаленне.

Гром і цяжкае бухканне, нібы вохканне зямлі ад нейкага болю, наводзілі страх і трывогу. Людзі, як слухачы і разам з тым удзельнікі і акторы вялікай сацыяльнай драмы, дзе вырашаліся лёсы мільёнаў, выходзілі на двор, станавіліся ў зацішнае месца, лавілі вухам далёкія, глухія пярэклічкі гармат, з боязню ківалі галовамі і гаварылі:

– Пачалося.

А іх растрывожаныя думкі рысавалі ім жудасныя малюнкі вайны.

Сялянская руплівасць і дбанне аб заўтрашнім дні загадзя ставілі на чаргу дня цэлы рад турботных пытанняў. I людзі ў цішы сваіх цёмных і лясных закуткаў думалі, як захаваць мізэрны запас хлеба ад прагавітай пасці вайны, як усцерагчы сваю худобу, каня і іншы набытак ад панскай ненаеднасці, як, нарэшце, злаўчыцца самому, каб не папасці пад крывавае кола вайны.

– Рушылі палякі! – перадавалі з двара ў двор, з вёскі ў вёску страшныя весткі аб вайне.

Людзі хапаліся за работу, каб выкарыстаць, покі не позна, кожны дзень, кожную часіну, каб аддаць зямлі на захаванне і на прырост хоць малую колькасць збожжа і бульбы, а рэшту схаваць, каб не адабралі няпрошаныя госці. Спяшаліся сеяць, спяшаліся хаваць, спяшаліся прыпыніць худобу па малавядомых выспах, па недаступных астравах.

Хоць усе ведалі і спадзяваліся, што з вясною вайна пачнецца з новай сілаю, але, калі прыйшла вясна і прынесла весці аб вайне, то гэтыя весці тым не меней глыбока трывожылі і хвалявалі народ. Што ж будзе? Чым кончыцца гэта вайна?

А вайна толькі пачыналася, толькі разгортвалася.

I першымі пачалі яе белапалякі. А момант для гэтага быў зручны. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з гэтага фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Падцягнулі белапалякі войска, падвезлі гарматы, бронемашыны, зброю. Болей дзесятка дывізій сабралі правей Палесся і рушылі іх на Кіеў, па старой, пратоптанай інтэрвентамі дарозе. Шпарка пасоўвалася наперад белапольскае войска, на шырокім фронце павялі наступ. Зашуршэлі, як лісце ў познюю восень, польскія лістоўкі і газеты. Буйнымі літарамі апавяшчалі яны аб перамогах польскай зброі, аб захопе сёл, гарадоў і цэлых раёнаў. Гарліва маліліся ксяндзы па касцёлах, чыталі паведамленні з франтоў аб перамогах і заклікалі народ на ахвяры, на геройскія ўчынкі, на вайну за святую веру каталіцкую супраць бязбожнікаў-бальшавікоў.

Граніц не было панскай радасці і панскаму гонару. Высока ўзносіла іх патрыятычная хваля, і шмат хто з іх ужо лічыў, што бальшавікам прыйшоў канец, што польскае крулеўства закрасуе ад мора да мора, і не марудзілі яны варочацца ў свае панскія котлішчы, адкуль павыганяла іх Кастрычніцкая рэвалюцыя.

Радасць, патрыятычнае захапленне веснавым разводдзем залівалі панскую Польшчу, а з-за гэтага віру патрыятычнага энтузіязму не бачылі паны ці не хацелі бачыць таго, што не ўсё было спакойна ў глыбокіх і блізкіх тылах ваеннага фронту. На фоне падзей шырокага маштабу, дзе ставіліся на карту лёсы мільёнаў, дзе вырашалася пытанне, быць ці не быць новай, маладой сістэме жыцця, за якую біліся бальшавікі, адбываліся падзеі малых ахватаў, дзе выступалі паасобныя людзі ці групы людзей, як адгаліненне падзей вялікага размаху, з тою толькі розніцаю, што тут яны не такія згушчаныя, не такія яркія і мала каму вядомыя.

Тыдні два праваляўся ў пасцелі Васіль Бусыга пасля стычкі з Саўкам Мільгуном. Дзён пяць паляжаў у больніцы. Васіль Бусыга папаў адным бокам свайго жыцця ў струмень няўдач. З самага пачатку свайго войтаўства не ладзілася ў яго доме. Гэтыя нелады выліліся, нарэшце, у бурны канфлікт з Аўгіняй, і канфлікт скончыўся тым, што ён выгнаў яе з дому. Мартын Рыль, у арышце якога не апошнюю ролю адыграў войт, уцёк з-пад канвою. Дзеда Талаша, нягледзячы на ўсё старанне і на розныя махінацыі, як, напрыклад, арышт Панаса, ніяк не ўдаецца злавіць. Саўка Мільгун, якога ён разам з сваімі прыяцелямі прыставіў у якасці свайго вока наглядаць за паўстанцамі, нечакана змяніў свае паводзіны і скончыў скандалам і яшчэ пырнуў яго, войта, нажом у бок. Цёмнаю плямаю злёг цяпер Саўка на войта, цёмнаю ў тым сэнсе, што войт не ведаў, куды знік Саўка. Войту вядома, што Саўка павёў польскую контрразведку ў лес, каб палавіць небяспечных паўстанцаў, што польская контрразведка з лесу не вярнулася: яе расстралялі там усю да аднаго чалавека. Іх непрыбраныя трупы пазнаходзілі ў лесе, але Саўкі сярод іх не было. Усё гэта наводзіла на думку, што палякам у лесе падстроілі пастку. Але як гэта сталася? Якую ролю адыграў у гэтым Саўка?

Вось пытанні, якія мучылі і непакоілі войта, засланялі ўсе іншыя.

Васіль Бусыга ходзіць пануры. Ён пачарнеў і асунуўся. У хаце яго пуста і ціха: ён ды бацька яго, стары Купрыян. Як відаць па старым, ён не спачувае Васілю ў яго крутой расправе з Аўгіняй і Алесяй. Дзед Купрыян трымаецца свайго: трэба было трохі пасвянцаць жонку лейцамі, калі яна зрабіла правіннасць, і кончыць на тым. Але хто паслухае старога? Паразумнеў надта малады народ, не слухаюць старэйшых. Ад гэтага і пайшла катавасія на свеце. Яму шкада Васіля, але яго, старога, хто пашкадуе? Хто прыслухаецца да яго слова?.. Эх, старасць, старасць! Каму ты патрэбна? Дзед Купрыян думае, думае пра нелады ў хаце. Заходзіла сюды Аўгіня тады, калі Васіль у больніцы быў.

– Ну, вось і добра, што ты прыйшла, – так сустрэў яе стары Купрыян.

Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Ёй трэба вярнуцца і пагадзіцца з Васілём, тым болей што з ім здарылася такое ліха.

– Ён не зваў мяне, і я не пайду,– адказала Аўгіня, і вострая крыўда чуваць яшчэ ў яе голасе. I яна дадае цвёрда і рашуча:

– Калі б і прасіў, і маліў мяне вярнуцца, я ўсё роўна жыць з ім не буду.

Дзед трасе галавою.

– Не трэба так зацінацца, Аўгіня! Ну, мала што бывае паміж мужыком і жонкаю.

– Ён папікае мяне хлебам, адзежаю, як бы я не працавала. Дык не хочу ні хлеба яго, ні адзежы, ні яго багацця. Даволі з мяне і таго, што пагналася на яго багацце, няхай яно затане.

– Дык чаго ж ты прыйшла? – недаўмявае дзед Купрыян.

– Прыйшла забраць тое, што прынесла з сабою з дому, ды хлеба дзецям узяць. Карміць жа іх трэба.

Дзед Купрыян маўчыць. Ён ведае, што дзецям есці трэба. Але таксама ён ведае, што калі Аўгіня возьме хлеб і ён дазволіць ёй гэта, то ён зробіцца як бы яе хаўруснікам і змоўнікам супраць Васіля. Дзед пратэстуе, напірае на тое, што трэба забраць дзяцей і вярнуцца сюды. Яго ўнукі, як толькі бацьку павезлі ў больніцу, паўцякалі да маткі. Але Аўгіню ніяк не ўгаворыш. Уперлася кабета на сваім і ні з месца. Дзед бездапаможна трасе галавой, разводзіць рукамі. Ну што ёй парадзіць? А дзяцей, праўда, трэба карміць... Няхай робяць, як хочуць.

Аўгіня забірае свой куфар, мяшок круп ды два мяшкі мукі і кладзе на сані. Дзед Купрыян ці то ўжо з жалю, ці то з іншых матываў кажа:

– То вазьмі ўжо і скораму.

Пра ўсё гэта потым далажыў ён Васілю.

Што падумаў Васіль, невядома, але не азваўся ніводным словам.

Адным словам, войт папаў у струмень прыкрасцей і няўдач. I горш за ўсё гэты Саўка, дзед Талаш і Мартын Рыль. Яны зачынілі яму свет, і покі не дойдзе ён тут ладу, не будзе яму спакою.

I не аднаго войта непакоіў Саўка. Думалі пра яго і войтавы прыяцелі. Не думаць аб ім нельга: занадта блізка датыкаўся Саўка і да іх. Вось табе і Саўка, іх «партызан». Так закруціў справу, што лепей было б і не звязвацца з ім. Не жарты: дванаццаць палякаў улажылі ў лесе замест таго, каб забраць саміх партызан. Відаць жа, іх сіла там немалая. А што, калі Саўка раскрыў іх сакрэты? Знакам невыразнасці і страху заставаўся для іх Саўка Мільгун.

Войтава хата прасторная. Цяпер яна робіць нават уражанне пустаты, нягледзячы на тое, што дабра ў ёй нямала. Бракуе жывых людзей. Не відно гаспадыні, а без жанчыны хатняя пустата набывае характар нейкай журботы. Не відаць жвавых, рухлівых дзіцячых постацей, не чутно іх шчэбету. Ціха ў войтавай хаце, і гэта цішыня аддае маўклівасцю магілы. А можа гэта толькі так здаецца з непрывычкі. Дзед Купрыян ляжыць на палатках каля печы. Гэта яго старэчы прыпынак. Стыне старая кроў, ёй трэба цяпло. Дзед Купрыян і войтава хата, хата яго сына, – дзве ўжо слаба звязаныя паміж сабою катэгорыі: дзедаў круг звужваецца, і хата астаецца як бы ў старане ад яго. Іх узаемныя інтарэсы канчаюцца. Сам войт шнуруе па хаце, думае. Выгляд у яго пануры. Тое ж уражанне раз’яднання робіць і войт, толькі гэта раз'яднанне іншага парадку. Войтава дарога і накіраванасць пераважнай большасці сялянства, у тым ліку і Аўгіні, ляжаць у розных роўніцах. Гэтага не ведае войт, але гэта ён адчувае, адчувае сваю ізаляванасць і сваю асуджанасць. Ад таго ён можа і пануры такі.

Ён трохі развясельваецца, калі дзверы ў хату расчыніліся, а парог пераступілі Бірка і Бруй.

– Ну, як здароў, Васіль?

Бірка, а потым і Бруй ціснуць войту руку.

Гэта «Ну, як здароў, Васіль?» гучыць сёння не так, як гучыць яно звычайна: цяпер яно выклікае цэлы комплекс з’яў апошняга часу і ў першую чаргу той вечар, калі вярнуўся з «паходу» Саўка.

Спачатку гутарка не клеілася, і толькі пасля таго, як Бруй паставіў на стол пляшку, бяседа ажывілася.

–I ўсё ж, скажыце вы, дзе падзеўся Саўка?

Бірку не меней за войта і Бруя цікавіць гэта пытанне. Бруй маўчыць: яны з Біркам ужо думалі аб гэтым. Цікава, як глядзіць на гэта Васіль.

– Ліха яго ведае, – ускідае плячамі войт.

– А ці не думаеце вы, што ён прымазаўся да паўстанцаў? – пытае ўсё той жа Бірка.

– Ад Саўкі можна ўсяго спадзявацца, – заўважае разважлівы Бруй, – дзе яму болей дадуць, туды ён і пойдзе.

– Шкада толькі, што аб гэтым не падумалі раней, – тонам дакору адзываецца войт і дадае: – тут, ведаеце, вось што цікава: чаму ён не хацеў казаць, што быў у іх, бачыўся з імі і ведае, дзе яны? А прызнаўся толькі тады, калі яму добра хвост ушчамілі і запыталіся па-сапраўднаму.

– Дык гэта зразумела чаму, – сказаў Бруй, – раз ён пайшоў ужо з імі заадно, дык і не хацеў выказваць іх. А можа і збаяўся іх.

Апошняе меркаванне, што Саўка спалохаўся паўстанцаў, змусіла войта задумацца.

– Гэта магло быць, – згадзіўся ён, – але справа паказвае іншае. Як жа магло здарыцца, што дванаццаць чалавек, трынаццаты Саўка, паехалі туды і ніхто назад не вярнуўся? Значыцца, знянацку іх там не захапілі; значыцца, яны спадзяваліся, што прыедуць іх браць, і падрыхтаваліся добра, і было іх там нямала... вось гэта вы як растлумачыце?

Бруй і Бірка маўчаць.

– Ліха яго ведае, як яно было там, – разводзіць рукамі Бруй.

– У тым-та і ўся бяда, што справа гэта цёмная. Дапусцім, – разважае далей войт, – Саўка выдаў нашы сакрэты. ІІІто тады заставалася ім рабіць? Калі ў іх сілы не было, яны проста перайшлі б у другое месца, а раз сіла ў іх была, то яны тады сказалі б Саўку: «Ідзі раскажы ім, гэта значыць нам, дзе мы. Яны перакажуць куды трэба, і нас прыйдуць лавіць, а ты, Саўка, сам вядзі іх сюды». Вось што яны сказалі б яму. I Саўку не было б тады сэнсу маўчаць. А Саўка нябось нічога не казаў.

Відаць, войт шмат памазоліў мазгі, думаючы пра ўсю гэту страшную і няясную гісторыю. А гэта няяснасць душыла яго, прыгнятала, як прыгнятала яна Бірку і Бруя.

– Ты думаеш, што Саўка не выдаў ім нашу змову? – пытае войта Бірка.

– Трудна сказаць тут што-небудзь пэўнае. Але сама справа паказвае, што ён не гаварыў пра гэта.

Войтаў адказ заспакойвае Бірку, яму робіцца трохі лягчэй.

Але слова бярэ разважлівы Бруй.

– Ты, Васіль, у гэтай справе разабраўся лепей за нас, і сказаць што супраць нельга. Саўка, напэўна, не казаў, што яго падаслалі мы. Але ж з Саўкам нешта здарылася, яго штось моцна ўзрушыла. Памятаеце, які ён быў тады? Ён не падобен быў да Саўкі, і такім ён ніколі не быў.

Бруй перавёў дух і сказаў, панізіўшы і сцішыўшы голас:

– Для мяне цяпер ясна адно: не Саўка, а хтось іншы перадаў Талашу і пра Саўку, і пра нас.

Гэтыя словы зрабілі ўражанне перуна, стрэліўшага ў комін войтавай хаты. Бірка задрыжаў, а войт пацямнеў яшчэ болей. Войт успомніў Аўгіню: успомніў той адвячорак, калі яна выходзіла з Талашовай хаты. Відаць, нездарма назваў Бруй яго імя. А перад Біркавымі вачыма таксама прамільгнуў вобраз Аўгіні і з паразліваю яснасцю прыпомніўся той час, калі ён увайшоў у гэту самую хату, застаўшы Аўгіню пры печы, і сказаў ёй: «Холадна, Аўгінька. Ці няможна пагрэцца каля цябе?» I яшчэ другія свае словы прыпомніў цяпер Бірка: «Ваяваць я не пайду, мы за сябе ваяку паставім».

Войт панура маўчыць. Не адважваецца падставіць знойдзеную велічыню ў формулу Бруя і яго прыяцель Бірка.



XXXI[правіць]

Ранні і раптоўны наступ польскай арміі, наступ на шырокім фронце, захапіў і Палессе. На яго акупаваных землях правялі палякі мабілізацыю. Тысячы маўклівых і суровых сыноў Палесся супраць сваёй волі і жадання мусілі пад аховаю польскай ваеншчыны ісці ў глыбокія тылы для фарміравання новых часцей, на папаўненне войск на фронце. Польскае ваеннае камандаванне, праводячы мабілізацыю, мела на ўвазе і партызанскі рух, і мабілізацыяй думала яно зменшыць яго памеры. Але мера гэта прыводзіла якраз да адваротных вынікаў. Перш за ўсё, значная частка падлягаўшых мабілізацыі замест таго, каб ісці на мабілізацыйныя пункты, зразу ж падалася ў лясы, а рэшта, забраная гвалтам, тоячы нянавісць да акупантаў, бегла з казармаў, бегла з сваіх часцей, бегла адкуль толькі можна было бегчы пры кожным зручным выпадку. Іх лавілі, жорстка распраўляліся з імі, але і жорсткія кары не спынялі дэзертырскага патоку сілаю забраных у войска людзей. Вясна, цеплыня і багацце лясоў спрыялі таму, што лясныя нетры сталіся надзейнымі прыпынкамі і сховамі для тых, хто вырваўся з польскай ваеншчыны, не жадаючы ваяваць за варожыя ім інтарэсы панскай Польшчы. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Гэтыя ж лясы сталіся і школаю іх класавай свядомасці. Следам за імі прыходзілі сюды і цэлыя кадры падпольшчыкаў і праводзілі сярод іх шырокую работу, вялі прапаганду за Саветы, тлумачылі праграму бальшавікоў, іх задачы і мэты, давалі ім арганізацыйныя формы, раскрывалі сэнс белапольскай вайны і ўсіх тых, хто стаяў за спіною панскай Польшчы і фактычна кіраваў ёю. Гэтыя лясы жывілі і множылі партызанскія групы і цэлыя згуртаванні іх, густа раскінуўшы іх сетку па далёкіх і блізкіх тылах польскага фронту.

На пясчаным узгорку ўскрай лесу, дзе раскінуліся, як авечкі на пашы, маладыя разложыстыя хвойкі, ціха, утульна і добра. З аднаго боку рассцілаецца даволі шырокае поле, абкружанае лесам і стуленае па краях хвойнікам. Па другі бок узгорка стаіць мешаны лес, густы і пануры. I гэтае поле і гэты лес у сваю чаргу абкружаны непраходнымі балотамі. З усіх бакоў гэты ўзгорак дасканалая пазіцыя: ты сам стаіш на ім, і ніхто цябе не бачыць, але сам ты ўбачыш адгэтуль і поле, і дарогу на ім, і ўсе падыходы, і, апроч усяго, ты можаш пагрэцца тут на веснавым сонцы як не трэба лепей. А калі ты любіш паразважаць на розныя высокія тэмы або проста скупануцца ў хвалях прыемных мар, то і гэтаму твайму занятку ніхто не перашкодзіць тут.

Вось чаму дзед Талаш і абраў сабе гэта месца для свайго часовага прытулку. Але цяпер дзед Талаш тут не адзін: з ім неразлучны яго друг і таварыш Мартын Рыль. I не для таго толькі, каб проста правесці час, прыйшоў сюды дзед Талаш з Мартынам Рылем: сюды павінны сысціся і іншыя іх таварышы: Цімох Будзік, Мікіта Самок і Кузьма Ладыга з Вепраў. Можа нават прыйдзецца правесці тут шырокі сход – ёсць дужа важныя пытанні, аб якіх трэба пагаварыць. Трэба ж, нарэшце, пачаць і болей сур’ёзную работу. Сюды ж, на гэты ўзгорак, прыходзяць свае людзі з рознымі навінамі і весткамі.

Словам, узгорак гэты – часовы штаб дзеда Талаша.

I з надворнага боку дзед Талаш нагадвае цяпер ваеннага чалавека. На галаве ў яго красуецца чырвонаармейская шапка. Замест латанага зашмуленага і выцертага кажушка носіць ён мундзір ваеннага пакрою. Праўда, ад мундзіра застаўся толькі пакрой і матэрыя, усе ж адзнакі яго прыналежнасці да катэгорыі мундзіраў польскіх вайскоўцаў – каўнер, гузікі з белымі арламі – дзед Талаш павыпорваў і замяніў іх сваімі саматужнымі, паляшуцкімі. I на нагах у яго не лапці, а элеганцкія боты і майткі з добрага сукна, ды з лампасамі, як у казака або ў генерала. Хіба не заслужыў дзед Талаш, партызанскі атаман, насіць такую форму? Яна дужа да твару і вельмі выгодна вылучае яго з партызанскай грамады, і самім партызанам яна надзвычай імпануе.

Мартын Рыль, апёршыся на локаць, ляжыць на баку на прагрэтым дзірване. Мыслі яго блукаюць дзесь далёка ад гэтага ўзгорка.

– I калі ж мы, згінь яго доля, за работу возьмемся? Самы час сяўбы, – уголас разважае Мартын.

– Будзем жывы, і каля зямлі паходзім, голубе, эге ж! А цяпер няхай жанкі ды хто дома застаўся спраўляюцца з работаю. Наша ж, голубе, работа цяпер толькі і пачынаецца.

– Цяпер куды болей разгону, – ажыўляецца Мартын. – Вясною і сам чорт нам не брат. Знай толькі лес ды добрую часіну з лесу паказацца... А глядзі ты – паляк, падла, папёр.

– Пачакай трохі, голубе: на ражон ён напорацца, – аўтарытэтна і мнагазначна адзываецца дзед Талаш. Трудна нават дагадацца, на што ківае тут дзед Талаш. Можа падумаць, што ён мае на ўвазе шырокія партызанскія аперацыі. Яно так і ёсць, але не на адно толькі гэта спадзяецца дзед Талаш. Ён да апошняга часу не траціў сувязі з Чырвонай Арміяй. А там ён дачуўся ад камандзіраў, што ў наступе палякаў нічога страшнага і неспадзяванага для Чырвонай Арміі няма, што Чырвоная Армія на некаторы час падасца на ўсход: шмат чырвонага войска знята в гэтага фронту і перакінута на поўдзень, каб хутка і дашчэнту дабіць Урангеля, а потым прыйдзе чарга і да белапалякаў. Між іншым, як дазнаўся дзед Талаш, і тая рота, дзе быў узводным Букрэй, паехала на Урангеля.

– А там хтось выйшаў з лесу, – падымае галаву Мартын і паказвае на лес па той бок поля і на дарогу, што ідзе полем.

Дзед Талаш і Мартын Рыль углядаюцца ў чалавечую постаць. Чалавек запыніўся, стаіць, разглядаецца.

– Відаць, не наш, – заўважае Мартын.

– Будзем жа ведаць: на дарозе наша варта стаіць, – спакойна адказвае дзед Талаш.

Невядомы чалавек адлучаецца ад лесу, ідзе дарогаю, пераходзіць поле.

Дзед Талаш і Мартын маўчаць, не спускаюць з вока незнаёмага чалавека. Ён праходзіць палавіну дарогі праз поле, набліжаецца да лесу. Ідзе размеранаю, роўнаю хадою. Ён ужо блізка ад лесу. Яшчэ некалькі хвілін і ён – у лесе.

– Нібы дзесь бачыў я гэтага чалавека: такая ж самая фігура і такая ж хада,– прыпамінае дзед Талаш і не можа ўспомніць, дзе бачыў ён такога чалавека.

– Можа Саўка, – пасміхаецца Мартын.

– Саўка? Не, гэта не Саўка... А ведаеш, Саўка не такі ўжо прапашчы чалавек. Вось жа не сказаў Васілю пра нас, хоць злодзей і канакрад. З нажом кінуўся, бок прапароў. Шкада толькі, што насмерць не закалоў гада. А мы ж яшчэ з ім не паквіталіся.

– А скажы, дзядзька Талаш, скуль вы даведаліся пра гэтую змову Саўкі з Васілём і яго хаўруснікамі?

Дзед Талаш колькі хвілін глядзіць на Мартына, маўчыць.

– Мяне дужа прасілі не казаць пра гэтага чалавека, хто выдаў іх змову. Але табе я скажу: сказала гэта Аўгіня, Васілёва жонка.

Мартын злёгку страсянуўся, але пастараўся схаваць ад дзеда Талаша сваё хваляванне.

– Цікава! – спакойна, нават безуважна азваўся Мартын. Ды і што яму Аўгіня?

– Але гаварыць пра гэта ты нікому не будзеш? – пытае дзед Талаш і хітравата глядзіць у вочы Мартыну.

Мартын не ўправіўся адказаць: з боку лесу пачулася глухое тухканне ног па мяккай зямлі. Дзед Талаш і Мартын павярнулі галовы ў той бок. З-за купчастай хвойкі зараз жа высунуліся дзве постаці: вартавы партызан з карабінам і незнаёмы чалавек, той самы, што ішоў дарогаю цераз поле.

Зірнуў дзед Талаш на незнаёмага. На дзедавым твары адразу засвяцілася ўсмешка. Як дзяцюк, борздзенька падняўся на ногі і кінуўся насустрач.

– Таварыш Нявідны, здаровенькі булы! – на палескі лад прывітаў яго дзед Талаш. На момант Нявідны сумеўся: у новым адзенні дзед Талаш так змяніўся, што адразу трудна было пазнаць яго. Потым твар Нявіднага адразу прасвятлеў.

– Дзед Талаш! – і па-прыяцельску паціснуў дзеду руку. – Як добра, што я сустрэўся з вамі, стары дружа... А я іду ды думаю: куды ж гэта вядзе мяне таварыш?

I паказвае на вартавога партызана.

– Ну, я ж вас не ведаю, а праверыць трэба, што вы за чалавек,– дзелавіта заўважае партызан.

– Правільна, таварыш, правільна!

А дзед Талаш здаволена пасміхаецца: яго ваякі ведаюць службу. У іх жа парадак і строга, як у арміі.

– Які ж добры вецер і скуль нясе вас, таварыш Нявідны?

– А я абход раблю свайго раёна. Работы шмат. I трэба ж на гэту работу людзей падабраць і паставіць.

– Што ж добрага чулі, бачылі?

– Ды шмат чаго бачыў... Справа наша жыве, расце... У вас жа што чуваць?

Расказаў дзед Талаш пра падзеі апошняга часу, пра букрэеўскі паход, пра стычку з палякамі пад Ганусамі, пра свае прыгоды, пра захват польскай контрразведкі.

Нявідны слухаў з захапленнем.

– Дык вы дарма не сядзелі. Малайцы! Пра вас далёка гавораць.

– Варушымся патрошку, – адказвае дзед Талаш, – а сёння ў нас і нарада будзе. Хочам трохі з лесу выйсці. I вельмі добра, што вас мы знайшлі. Вы скажыце нам колькі слоў пра вайну з панамі.

– Дужа рад буду пагутарыць з вамі.

– Дык давай, Мартыне, – гэта мой верны таварыш, адзін з тых, што раззбройвалі польскі канвой, – цяпер толькі адрэкамендаваў дзед Талаш Нявіднаму Мартына Рыля, – давай, дружа, народ склікаць!

Мартын моўчкі падняўся.

Цяпер толькі заўважыў Нявідны, што ў Мартына ёсць не толькі карабін, а і труба пры боку на зялёным шнурку, ёмкая крывая труба, дзервяная, самадзельная, шчыльна абверчаная бяростаю.

Падышоў Мартын трохі бліжэй да лесу, паднёс да губ трубу, выставіў крыху наперад левую нагу і затрубіў так, як трубяць у лесе пастухі. Громкі і даволі несамавіты зблізку дзервяны гук паплыў па лесе і змоўк. Хвілінку счакаўшы, дзесь у глыбіні лесу адгукнулася другая труба. Дзед Талаш слухаў і ківаў галавою, паказваючы ў той бок, адкуль пачулася труба. Яшчэ далей і яшчэ болей ціха азвалася трэцяя. Дзед Талаш, відочна, быў здаволены, слухаючы водгулле труб.

– Каму што да таго, што ў лесе «пастухі» трубяць? – заўважыў ён.

Не прайшло і чвэрці гадзіны, як з лесу пачалі выходзіць цэлыя групы людзей з карабінамі, з вінтоўкамі, з абрэзамі, з бярданкамі, з аўстрыйскімі і нямецкімі стрэльбамі. На чале груп стаялі страктыкаваныя ў ваенных справах людзі. Яны стараліся прыдаць сваім падначаленым выпраўку і ваенны выгляд. Адзеты і абуты былі ваякі як папала. На галовах пападаліся старыя салдацкія шапкі, бачыўшыя на сваім вяку Галіцыю, Карпаты, Польшчу і Нямеччыну. Сям-там пракідаліся былыя гімнасцёркі і казённыя раменныя папругі. Абуты былі хто ў боты, хто ў шчыблеты з абмоткамі часоў керэншчыны, а хто ў традыцыйныя палескія лапці, але сам народ быў сур'ёзны, цягавіты, гартаваны бурамі вайны і рэвалюцыі і гатовы біцца не на жарты, народ, з якім не так-та лёгка змагацца ў гэтых балотах і палескіх трушчобах.

А групы ваяк прыбывалі, натоўп узброеных людзей рос і рое. Нарэшце, калі збор кончыўся, выступіў дзед Талаш.

– Таварышы, партызанскае войска! Давайце пагамонім аб справе. Пара нам за дзела ўзяцца. Не па сваёй волі, сокалы мае, туляемся мы па лясах. Паднялася на нас панская навала. Пазганялі нас паны сваім войскам з нашай кроўнай зямлі, папалілі нашы хаты, разбурылі нашы гарапашніцкія двары, разграбілі наш набытак. А за што? За тое, што не захацелі быць панскімі батракамі, што асмеліліся скінуць ярмо, у якое ўпрэглі гарапашніцкі бедны народ паны і капіталісты; за тое, таварышы, што стаялі мы і стаімо за бальшавікоў, за савецкую ўладу, якая скінула ўладу багатых і перадала яе ў рукі рабочых і беднага сялянства. Рушылі паны ў наступ сваё белае войска, каб адабраць ад нас зямлю, каб парабіць нас сваімі падданымі ды зноў прымусіць працаваць на сябе. Ці ж згодзімся ізноў стаць панскімі нявольнікамі?

– Далоў паноў! – грымнулі партызаны.

– Дык не будзем жа мы туляцца па лясах ды сядзець злажыўшы рукі. У нас ужо ёсць сіла, і сёе-тое можам рабіць. А што нам рабіць? Мы звяжам тут рукі панам, прымусім іх трымаць тут войска, будзем нападаць на іх абозы, разбураць дарогі, паліць іх маёнткі, без літасці біць таго, хто будзе стаяць за паноў. Паможам нашай Чырвонай Арміі, покі збярэ яна сілу, і разам з ёю пагонім паноў і іхнюю паліцыю, ксяндзоў і ўсякую поскудзь.

Пасля дзеда Талаша слова ўзяў Нявідны.

– Дазвольце, таварышы, ад імя партыі бальшавікоў прывітаць вас, актыўных барацьбітоў, выступіўшых арганізавана і са зброяй супраць нахабнай навалы наймітаў капіталістычнай Еўропы.

Таварышы! Наша партыя, загартаваная ў агні Кастрычніцкага паўстання, разбіла і скінула ўладу капіталу ў Расіі і ўзяла дзяржаўнае стырно ў свае рукі для таго, каб разняволіць закабаленыя масы рабочых і сялян ад гнёту капіталу, ад панскага ярма, каб аддаць у рукі працоўных фабрыкі, заводы, зямлю, каб зрабіць іх гаспадарамі гэтых фабрык, заводаў, зямлі, каб яны самі сталі вольнымі будаўнікамі свайго дабрабыту, свайго жыцця на новых, сацыялістычных асновах. Выгнаныя фабрыканты, купцы, прамыслоўцы, памешчыкі, царскія генералы і іншы зброд дармаедаў знайшлі сабе спачуванне сярод замежных капіталістаў. З іх дапамогаю сабралі яны полчышчы белагвардзейцаў, узброіўшы іх браневікамі і танкамі, і пад камандаю царскіх генералаў і афіцэраў рушылі іх супраць улады Саветаў, каб у крыві рабочых і працоўнай сялянскай беднаты заліць агонь рэвалюцыі і вярнуць сабе ўладу, уладу бізуна і нагайкі. Якая гэта ўлада, вы ведаеце самі цяпер. Дзянікін з поўдня, Калчак з Далёкага Усходу, Юдзеніч з захаду, ангельцы з поўначы здушылі цесным колам нашу краіну, каб замарыць яе голадам, каб прыбраць нас, галодных, абяскроўленых, у свае рукі і знішчыць савецкую ўладу. Але, таварышы, наша маладая рэвалюцыйная рабоча-сялянская Чырвоная Армія, пад кіраўніцтвам бальшавіцкай партыі, напаўгалодная, слаба ўзброеная, разбіла ўшчэнт царскіх генералаў і адміралаў, выгнала вон чужацкае войска замежных каліталістаў, а цяпер дабівае Урангеля. Але нашы бязлітасныя класавыя ворагі, замежныя капіталісты на чале з Англіяй, не супакойваюцца. Яны ўтварылі так званую «Вялікую Польшчу» і выкарысталі панскую прагавітасць захапляць чужыя землі для таго, каб накіраваць яе супраць савецкай улады. I вось, таварышы, вайна гэта пачалася. Што нясе нам гэта вайна, вы ведаеце. Вы самі, таварышы, узяліся за зброю – вы сталі на правільную дарогу: другога шляху нам няма. Таварышы, мы ваюем не для таго, каб забіраць чужыя землі, мы змушаны ваяваць, абараняць сваю айчыну, сваю ўладу, свае інтарэсы: наша ўлада – гэта мы, гэта нашы інтарэсы. Савецкая ўлада – гэта сімвал вызвалення ўсяго прыгнечанага чалавецтва ад няволі капіталізму. Мы ваюем не з Польшчаю наогул, мы ваюем з панскаю белаю Польшчаю, з Польшчаю капіталістычнага прыгнечання. У нашых радах, у радах бальшавіцкай партыі, ёсць многа, тысячы выдатных рэвалюцыянераў-бальшавікоў палякаў, якія разам з намі б'юцца з панскаю Польшчаю. У радах польскага войска ёсць шмат рабочых і сялян, часткаю абдураных сваім урадам і ксяндзамі, часткаю змушаных гвалтам стаць у рады арміі. I трэба, таварышы, не толькі пускаць у ход зброю знішчэння ў вайне з панамі, а трэба таксама і развязваць вочы несвядомым польскім салдатам, абуджаць іх класавую свядомасць: з ворагаў яны стануць нашымі саюзнікамі і плячо ў плячо з намі пойдуць супраць сваіх прыгнятальнікаў. Таварышы, мы пераможам, будучыня наша! Цяпер жа, таварышы, прыступайце да арганізацыі рэвалюцыйных камітэтаў – гэтай паходнай баявой савецкай улады: недалёка той час, калі савецкая ўлада стане тут цвёрдымі нагамі. Няхай трыумфуюць нашы ворагі з прычыны сваіх перамог – трыумф іх нядоўгі. Дык за справу, таварышы, за адзіна справядлівую нашу рабоча-сялянскую справу, справу нашага вызвалення, за бязлітасную класавую вайну з панамі!

Няхай жывуць чырвоныя партызаны!

Няхай жыве Чырвоная Армія і яе арганізатар – Камуністычная партыя!

Мітынг скончыўся клятваю біцца да канца з панамі, біцца за вызваленне працоўных.


XXXII[правіць]

Самыя цяжкія і самыя страшныя хвіліны, якіх яшчэ ніколі не перажываў Саўка Мільгун, былі для яго тыя хвіліны, калі выносіў яму свой прысуд дзед Талаш. Калі б дзед Талаш сказаў: «Смерць Саўку!» – то гэта не так уразіла б, як уразілі яго простыя, звычайныя словы суровага, але па істоце добрага, бясхітраснага чалавека: «Ідзі! Ідзі прэч, каб цябе не бачылі мае вочы!» і яго апошняе слова: «Жыві!».

Саўка так цяжка змучыўся за час свайго допыту ў засценні польскай контрразведкі і асабліва за той час, калі яго змусілі паказаць дарогу ў лес, каб знайсці страшны салаш, дзе прыпыніўся паўстанцкі атаман з сваім сынам і з сваім таварышам, што ён зусім атупеў і ўжо слаба ўспрымаў усе далейшыя падзеі: неспадзяваны выбух агнёў, страшныя постаці ўзброеных людзей, вынырнуўшых з цемры, і іх мітусенне ў бляску агнёў, суд, залпы расстрэлаў і ўсё іншае. Але гэты момант, калі дзед Талаш зірнуў яму, Саўку, у вочы сваімі цёмнымі вострымі вачыма, і яго словы, даваўшыя Саўку волю і жыццё, – моцна, без краю глыбока патрэслі Саўку. «Ідзі! Ідзі прэч!» I яшчэ, што ўрэзалася ў Саўкаву памяць, – Мартын Рыль, маўклівы і трохі пануры, той самы Мартын, якога важыўся прадаць Саўка войту і яго прыяцелям, падышоў да яго, Саўкі, і сваімі рукамі, як жалезнымі абцугамі, зламаў наручнікі і вызваліў Саўкавы рукі.

Перад Саўкам расчынілася цёмная багна, і абняла яго страшная пустэля. Ён – жывы і вольны, перад ім той самы вялікі і шырокі прастор, якога ён не заўважаў раней, як бы не бачыў яго і толькі цяпер адчуў яго бяскрайнасць, але таксама адчуў ён, што ў гэтай бяскрайнасці яму няма месца... «Ідзі, ідзі прэч!» Пустэля і адзінота агарнулі Саўку сваёю цемраю.

Не падымаючы вачэй, з апушчанай галавой рушыў Саўка з лесу. Суровыя партызаны моўчкі правялі яго вачыма. I толькі ў самога Саўкі вырваліся словы, вырваліся самі, без усякай надуманасці:

– Даруйце мне, вінаваты перад вамі!

Ён быў дужа стомлены, атупелы, безуважны, прыбіты. У яго не было акрэсленай мэты. Ён проста ішоў куды вочы глядзяць, бо яму не было тут месца.

«Ідзі, ідзі прэч!» – стаялі ў вушах гэтыя словы і гналі яго.

Маўклівая, глухая ноч абнімала стары лес. Змоўклі людскія галасы. Патухлі агні, і Саўка апынуўся ў поўным адзіноцтве. Доўга блукаў ён без дарогі па лесе. Сухія галіны чапляліся за вопратку, білі па твары. Ногі западалі і вязлі ў снезе, ён натыкаўся на пні, правальваўся ў яміны. Нарэшце выбіўся на дарогу. Ішоў, покі не пачуў, што далей ісці не можа. Спыніўся, азірнуўся па баках. Ноч, глухмень, цёмнае неба над галавою, лес і балоты навокал. «Ідзі, ідзі спрэч!»

I ён пасунуўся далей, ледзь перастаўляючы ногі і разглядаючыся па баках. Непадалёку ад дарогі на балоце між хмызу цьмяна вырысоўваецца з мроку цёмны сілуэт стога. Саўка звярнуў з дарогі, пайшоў пад стог і спыніўся. Тут можна і адпачыць. Выскуб у стозе нару і зашыўся ў настыўшае на холадзе сена. Саўка адчуў усім сваім стомленым целам і ныўшымі ад болю касцьмі ўсю слодыч адпачынку. Яму цяпер болей нічога не трэба, толькі б ляжаць, ляжаць бясконца і не варушыцца. I Саўка заснуў крэпкім і цяжкім сном без меры стомленага і змучанага чалавека.

Спаў ён доўга, спаў моцна, як забіты, і калі прачнуўся і глянуў на свет, то было зусім светла, і дзень, відаць, пачаўся даўно. На адзін момант Саўка дужа здзівіўся, што ён ляжыць у сене, але гэты часовы прарыў і пустата ў яго памяці борзда і востра запоўніліся ўспамінамі і ўсе нядаўнія падзеі ўсталі перад ім у сваёй страшнай сапраўднасці. Колькі хвілін паляжаў Саўка ў сваёй нары, каб трохі ачухацца і прыйсці да поўнай прытомнасці. Сон падмацаваў яго, жахі перажытай ночы і ўсяго таго, што здарылася з ім нядаўна, у святле дня адсунуліся трохі далей, страцілі сваю вастрыню і ўжо не налягалі на яго такім балючым цяжарам, як учора.

Саўка ляжаў і думаў. У такім цяжкім беспрасветным стане ён не быў ніколі. Куды ж яму падацца і што рабіць? Дзе ён цяпер прыткнецца?.. Успомнілася камера допыту, следчыя і страшны Адольф. Шустры і доўгі і гэты самы кат Адольф у лес не паехалі. Яны засталіся, і гора будзе Саўку, калі пападзецца ён ім у рукі. Яго запытаюць, чаму расстралялі польскіх агентаў, а яго пакінулі?

Ад гэтых думак Саўку прабіраў холад.

I чаму не вярнуўся ён тады, як ішоў з лесу, пабачыўшыся з дзедам Талашом, і не расказаў Цімоху Будзіку ўсё, не прызнаўся яму, што ён за партызан? Гэтага Саўка не можа цяпер дараваць сабе. Цімох Будзік, стары знаёмы яго, запыніў на сабе Саўкавы думкі. За Цімоха Будзіка ўхапіўся ён цяпер, як хапаецца за купіну сярод дрыгвы чалавек, страціўшы пад нагамі грунт, каб зачапіцца за яе рукамі і не апусціцца з галавою ў цёмнае прадонне багны. Саўка, лежачы ў сваёй нары, угледзеў цяпер маленькую прагалінку, і яна пацягнула яго да сябе, як нейкая яшчэ не зусім ясна акрэсленая надзея.

Некалькі дзён туляўся Саўка ў Карначах і яго ваколіцах, каб сустрэць Цімоха Будзіка. Цярпліва каравуліў ён тую дарогу, якою не так даўно вёў яго Цімох да дзеда Талаша. Пры зручным здарэнні распытваў сяго-таго з карначоўцаў пра Цімоха, але Цімох не паказваўся. Саўка ўсё ж не траціў надзеі знайсці Цімоха. Нарэшце ранічкаю, калі не зусім яшчэ развіднелася, Саўка асмеліўся зайсці ў Цімохаў двор.

Сустрэў ён Цімоха на двары каля клуні.

За гэтыя дні згрызот Саўка пахудзеў і асунуўся.

Хударлявы і без таго, цяпер ён меў выгляд чалавека, знятата з крыжа.

– Здароў, Цімох! – з вінаватаю ўсмешкаю, саромеючыся глядзець Цімоху ў вочы, прывітаў яго Саўка.

Цімох зірнуў на Саўку і здрыгануўся, як бы перад ім стаяў не Саўка, а яго цень з таго свету. Момант стаяў ён моўчкі і нерухліва, потым падазрона азірнуўся па баках.

«Скуль ты ўзяўся і якая халера прынесла цябе сюды і чаго?» – у думках запытаў Цімох Саўку, а ўголас: – Чаго табе трэба? – суровасць чулася ў Цімохавым голасе.

– Не злуйся, Цімох, я зараз пайду. Хачу толькі пагаварыць з табою. Я шукаю цябе ўсе гэтыя дні.

Цімох зірнуў на Саўку спасцярожліва, адчуўшы няясны непакой.

– А што табе трэба ад мяне? – усё тым жа халодным тонам запытаў Цімох.

– Я не такі вінаваты, як вы думаеце.

– Ну дык што ж з гэтага? Цябе ж пусцілі.

– Я хачу, каб вы ведалі праўду.

Цімоху не ўсё было ясна ў гэтай справе, і таму ён запытаў болей лагодна:

– Якую праўду?

– Я, Цімох, не буду апраўдвацца: я ўзяўся за гадкую, паскудную справу. Мяне нанялі войт і яго сябры, каб я стаў фальшывым партызанам і даносіў ім на вас. Талашоў Максім накіраваў мяне к табе: я распытваў Максіма, як вас знайсці. Наўперад ён не гаварыў мне пра вас нічога. А потым...

– А потым сам стары Талаш сказаў Максіму, каб ён паказаў табе дарогу да мяне, – перабіў Саўку Цімох.

– Сам Талаш? – здзівіўся Саўка.

– I я табе скажу праўду: перш чым ты прыйшоў да нас у лес на разведку, мы ведалі ўсе твае сакрэты і тваю змову з войтам.

Саўка здзівіўся яшчэ болей, а Цімох яшчэ і туману пусціў у вочы.

– Дзівак ты, – сказаў ён,– ды мы ж ведаем, як чые думкі шаволяцца ў галовах, асабліва здрадніцкія думкі. I мы ведалі, што ты прывядзеш сваіх паноў да нас.

Цімох засмяяўся д’ябальскім смехам.

Саўка зусім растраціўся і ў здзіўленні глядзеў на Цімоха. Цяпер сцяміў Саўка, чаму так дружна і гладка сустрэлі там у лесе «паноў», як называе іх Цімох.

– Калі вы ўсё ведаеце, – пачаў збіты з тропу Саўка, – то вы павінны ведаць і пра тое, што я адступіўся ад войта і ад свае службы ім.

– Аднак з панамі ты прыйшоў, – заўважыў бязлітасны Цімох.

Саўка апусціў галаву: што скажаш супраць праўды?

– Але ты, Цімох, не ведаеш, чаго каштавала гэта мне. Я сам па сваёй волі ні слова не гаварыў пра вас, нікога з вас не называў. Ні войту, ні там на допыце. Але мяне мучылі, мяне катавалі. Мне расцягвалі жылы і косці. I пасля гэтага я не прызнаваўся. Але калі ізноў паставілі мяне на кабылку, я не вытрываў, змогі не было вытрываць.

Але і гэтыя словы не кранулі суровага Цімоха.

– Значыцца, ты няцвёрды чалавек, – сказаў ён.

I супраць гэтага доваду нічога не мог запярэчыць Саўка.

– Тады, калі я варочаўся з лесу, як вадзіў ты мяне ў салаш, я хацеў вярнуцца да цябе і прызнацца, што мяне падаслаў войт і яго сябры.

– Але ж ты не вярнуўся.

– У мяне не хапіла смеласці прызнацца: самому мне агідна стала мая справа, мой учынак. I я не думаў, што ўсё гэта павернецца ў такі бок. Біўся з імі. Войту бок нажом прапароў. Уцёк быў ад іх, вырваўся. Каб мяне тады не злавілі і не аддалі ў рукі катаў, я прыйшоў бы да вас. Напэўна прыйшоў бы.

– Тады б іншая была справа, – суха азваўся Цімох.

Саўка спадзяваўся, што яго прызнанне і каянне хоць злёгку кране Цімоха, што Цімох паспагадае яму, зразумее яго і падтрымае яго ў цяжкую часіну. Але Цімох паставіўся суха і нават варожа ў дачыненні да Саўкі і не азваўся ні словам спагады. Тая бяздонніца, што пралегла між Саўкам і імі, заставалася такою ж цёмнаю і непарушнаю.

Гутарка змоўкла.

Аб чым жа яшчэ гаварыць?

Саўка пастаяў трохі, а потым сказаў:

– Ну, я пайду.

– Ну што ж...– азваўся Цімох, абы-толькі азвацца.

Саўка замяўся.

– Можа б ты даў мне хоць кавалачак хлеба ў дарогу? – нясмела папрасіў ён Цімоха.

– Што ж, можна... Пойдзем!

Падышлі да Цімохавай хаты. Саўка прыпыніўся на двары каля хаты. Цімох вынес ёмкі кавалак хлеба. Саўка ўзяў хлеб, падзякаваў.

– Ну, бывай жа здаровы.

–Бывай.

Саўка ступіў крок, спыніўся.

– Болей ад мяне ніякага ліха вам не будзе, не будзе, Цімох. Мне сорамна цяпер пазіраць вам у вочы, але я выкуплю сваю віну перад вамі, выкуплю чым толькі змагу. Скажы гэта старому Талашу і Мартыну Рылю.

Саўка расчуліўся. Вочы яго набеглі слязьмі.

Яшчэ хацеў штось сказаць, але голас яго абарваўся. Ён цяжка ўздыхнуў.

– Чалавекам стаць хачу, – сказаў ён.

– Ну-ну, – мякчэй азваўся Цімох.

У гэтым «ну-ну» Саўка пачуў нотку спогадзі, і яму стала лягчэй. Хударлявая і высокая постаць яго заківалася і знікла ў глыбі двара за будынкамі і дрэвамі. Цімох пастаяў трохі і правёў яго вачыма.

«Можа і сапраўды чалавекам стане», – падумаў ён.

Даволі доўгі час пра Саўку не чуваць было нічога. Ні ў Вепрах, ні ў Прымаках яго не бачылі. Аб ім хадзілі супярэчлівыя чуткі. Адны гаварылі, што Саўкі няма жывога, што яго забілі партызаны. Другія даводзілі, што Саўку забралі палякі і задушылі ў астрозе. Трэція трымаліся таго погляду, што Саўку і сам чорт не возьме, што такія людзі, як Саўка, не прападаюць. Іх погляды грунтаваліся на тым, што

Саўка не першы раз прападае цэлымі месяцамі. I яны не памыліліся.

Як толькі растаў снег і сышла паводка, а зямля трохі прасохла, Саўка вярнуўся потайкам у сваю хату і нават прынёс сякія-такія гасцінцы жонцы і дзецям. Ён строга-настрога даў наказ дзецям і жонцы нічога не гаварыць аб ім, як бы яго і на свеце няма. Дома сабраў ён весці пра войта і пра яго прыяцеляў. Цэлымі днямі Саўка дзесь прападаў і нікому не паказваўся на вочы. У Саўкі была важная камбінацыя, над якой ён і ламаў цяпер сваю галаву. Саўка не забываў сказаных на развітанні Цімоху слоў, што ён хоча стаць чалавекам.

Наўперад Саўка высачыў месца, дзе пераважна збіраліся партызаны. Гэта складала частку яго задуманага плана. Калі ён дайшоў гэтага, то зараз жа прыступіў да ажыццяўлення ўсёй камбінацыі ў цэлым. Для гэтага яму прыйшлося папрацаваць большую палавіну ночы.

Без шуму, як цень, увайшоў Саўка ў двор Кандрата Біркі. Наставіў адно вуха, потым другое, паслухаў – ціха, вёска спіць глыбокім сном. Біркаў сабака, загадзя ўлагоджаны Саўкам, прыязна памахваў яму хвастом, а з хлява даносілася пырханне заводскага жарабца, красы, гордасці і гаспадарскай уцехі. Але вароты ў хляве былі дзябёлыя і крэпкія, замкнёныя моцным унутраным замком. Саўка зайшоў з другога боку хлява. У яго ўжо быў на прымеце камень пад падрубаю. Саўка прылёг, адгарнуў ад каменя зямлі і памаленьку выкаціў яго з-пад падрубы, а дзірку пракапаў, расшырыў і нырнуў у яе. Праз хвіліну ён быў у хляве і гладзіў жарабца. А потым падышоў да варот і ціхенька адсунуў засоў. Без шуму і скрыпу расчыніў вароты і вывеў жарабца на двор, дваром – у загуменне, адтуль – у лес. Але Саўкава работа была яшчэ не ўся. У войта і ў Бруя было па пары ладных валоў, адкормленых і з вялікімі рагамі. I трудна было сказаць, чые валы лепшыя, войтавы ці Бруевы, тым болей трудна, што і самі іхнія гаспадары не сходзіліся поглядам у іхняй ацэнцы.

З валамі справа была шмат лягчэйшая. Саўка пачаў па парадку. Выгнаў наўперад Бруевых валоў. Потым задворкамі зайшоў у двор Васіля Бусыгі. Яго якраз і дома не было. Яшчэ з вечара паехаў ён да пана Крулеўскага па войтаўскіх справах. А дзед Купрыян ляжаў на палатках і падводзіў падрахункі пражытаму жыццю. Войтавы валы былі болей упартыя і не хацелі сярод ночы выходзіць з хлява. Але ім паказаў дарогу і паддаў ахвоты бычок-пярэзімак. Утрох яны пайшлі весялей, а калі Саўка далучыў да іх і Бруевых рагалёў, то ўсе яны зусім дружна рушылі ў паход разам з Саўкам.

Яшчэ да ўсходу сонца дзве пары валоў, бычок-пярэзімак і заводскі жарабец былі на месцы. Саўка пусціў іх па добрую пашу, жарабца павязаў, а сам пайшоў хадзіць па лесе. Яго зараз жа затрымаў вартавы партызан і адвёў у партызанскі штаб. А Саўку гэтага якраз і трэба было.

Здзівіліся дзед Талаш, Будзік і Рыль, убачыўшы Саўку.

– З чым жа ты прыйшоў цяпер? – запытаў яго дзед Талаш.

– Не гневайцеся, дзядзька, і вы, браткі: я прывёў вам жарабца вашага і майго цяпер ворага Кандрата Біркі, прыгнаў пару войтавых валоў і з імі бычка-пярэзімка ды пару валоў Сымона Бруя. Я хачу чалавекам стаць, і не думайце пра мяне, што я вораг ваш.

Дзед Талаш, Мартын Рыль і Цімох Будзік пераглянуліся. У іх вачах заіскрыліся ўсмешкі.

– Саўка застаўся Саўкам, – смяяліся яны потым. А Саўка, выходзячы з лесу ад іх, вышэй трымаў галаву, адчуваючы, што ён зрабіў вялікі крок наперад для таго, каб «стаць чалавекам».



XXXIII[правіць]

Раз адвячоркам ішла Аўгіня з лесу. Яна несла за плячамі даволі ёмкі мех першай маладой травы. У Аўгінінай маткі, дзе жыла яна цяпер з дзецьмі, была цялушачка. Для яе і несла Аўгіня траву. Ішла яна побач дарогі так, каб не кідацца людзям у вочы і асабліва польскім салдатам, якіх нядаўна прыгналі ў Вепры і якіх яна баялася: ад іх можна ўсяго спадзявацца. Ішла Аўгіня, а разам з ёю ішлі і яе думкі.

З таго часу, як пакінула яна дом свайго мужа, яна з ім і не бачылася. Хоць у маткі жылося ёй нялёгка, але варочацца да Васіля яна не думала. Ды і як ёй, так ганебна, з такой зняславаю выгнанай, было варочацца, кланяцца яму, раняць перад ім свой жаночы гонар? Калі б так была яна патрэбна яму, то ці не знайшоў бы ён да яе дарогі? Аўгіня спадзявалася, што Васіль прыйдзе, калі не па яе, дык да хлапчукоў. З аднаго боку, яна не хацела ні ісці да Васіля, ні аддаваць яму меншых дзяцей. З другога ж боку, яна адчувала прыкрасць, што Васіль не паказваецца і не просіць яе вярнуцца. Разумеецца, яна і не вярнулася б, яна нагаварыла б кучу непрыемных для яго слоў, абразіла б і зняславіла б яго яшчэ горай, як абразіў і зняславіў ён яе тады. Потайкам, калі Васіля не было дома, яна забягала яшчэ раз да дзеда Купрыяна, каб разжыцца чым-небудзь з харчоў. Хіба не павінен быў Васіль плаціць ёй на ўтрыманне дзяцей? Але Васіль строга-настрога прыказаў старому бацьку не даваць ёй нічога. Дзед Купрыян бачыў, што пагадзіць іх трудна, і ўжо не рабіў з свайго боку ніякіх захадаў памірыць іх. Хто цяпер паслухае старога? Дзед трос сам сабе галавою і не ўмешваўся ў іх справы, але потайкам і ён перасылаў сяды-тады сёе-тое для ўнучкаў.

Васіль жа чакаў, што Аўгіня, прыціснутая нястачаю, засмуткуе па куску хлеба і сама прыйдзе да яго, паклоніцца яму і будзе ўніжацца перад ім. З таго моманту, як у яго сэрца запала падазронасць на Аўгіню, што гэта яна папярэдзіла старую Талашыху, выдала ёй патаемную змову яго з Саўкам Мільгуном, ён зацяўся на яе і чакаў толькі, каб яна вярнулася, – не для таго, каб жыць разам, а для таго, каб пагаварыць з ёю як следуе, а потым прагнаць яе раз назаўсёды. Войт ужо прыглядаўся, каб узяць сабе другую жонку. Ён яшчэ не стары. Хай толькі акажацца,– за яго пойдзе любая. Яго становішча як войта і прыхільніка польскай акупацыі ўмацоўвалася: белапалякі націскалі, а фронт чырвонага войска падаваўся назад. Палякі занялі ўжо к гэтаму часу Мазыр і Рэчыцу. Правае крыло іх войска шпарка пасоўвалася на Ўкраіне і пагражала ўжо Кіеву. Партызанскі рух, здавалася, заціхаў. Сюды падагналі палякі войска. Яго заклятыя ворагі, Талаш і Мартын Рыль, напэўна пайшлі разам з чырвонымі і сюды наўрад ці вернуцца, а калі і вернуцца, то Васілю цяпер яны не так і страшны.

Вось якія думкі хадзілі ў войтавай галаве.

Чырвоны кружок сонца ўрэзаўся ўжо ў верхавіны лесу і смутнаю ўсмешкаю развітання рассыпаў агністыя косы ў глыбіні неба, пакідаючы там ружовыя дарожкі, па паверхні зямлі, дзе яшчэ не злёг і не насунуўся цень ад лесу, па стрэхах будынкаў, па верхавінах кучаравых дрэваў і па знямелых у вячэрняй цішыні вепраўскіх ветраках.

Ад балота патыхала прохаладдзю і сырасцю, і дзесь далёка-далёка вохкала зямля, і боязна ўздрыгвалі балоты ад глухіх гарматных выстралаў. Гэта бухканне гармат напамінала Аўгіні аб вайне, і яна адчувала няясны смутак і страх перад невядомаю будучыняю. Адступленне Чырвонай Арміі адбівалася на ёй як водгалас нейкіх утрачаных надзей, як напамінак аб тым, што і яе асабістае становішча ў сувязі з гэтым пагаршаецца. Але звароту назад ёй не было, і адкрытымі вачыма ёй трэба глядзець у твар гэтай будучыні.

Аўгіня прыпынілася. Скрозь галіны дрэў ужо прасвечвалася вепраўскае поле, і самі Вепры выступалі даволі ясна з лёгкага вячэрняга суцення. Яна ўжо хацела рушыць далей, але асцярожнае, глухое шорханне галін і лёгкі хруст гнілога ламачча пад чыімісь нагамі ў гушчары хмызу змусілі яе азірнуцца ў той бок. Яна павярнула туды галаву і задрыжала: з ляснога змроку выступіў цёмны высокі сілуэт чалавечай постаці. Постаць гэта таксама запынілася. Аўгіня хацела ўжо кінуцца ўцякаць, каб выскачыць на поле, яно тут зусім блізка, і там, здавалася ёй, не так страшна, бо бліжэй да вёскі.

– Аўгіня! – пазваў яе прыязны, нізкі, ціхі голас, і штось блізкае, даўно знаёмае пачулася ёй у гэтым голасе. Яна апусціла на зямлю мяшок і дапытлівымі, яшчэ ўсё ж захаваўшымі сваю прывабнасць вачыма зірнула на высокага чалавека і пазнала яго.

– Мартын! – вырвалася ў яе.

– Я, я! – ціха азваўся ён і падышоў усутыч. Аўгіня боязна азірнулася навокал. Каго баялася яна ў гэты момант, яна не ведала і сама. Можа гэта была несвядомая боязнь, навеяная Васілём, а можа гэта проста была звычайная засцярожлівасць маладой жанчыны. Мартын таксама азірнуўся, але страх яго быў іншага парадку. Ён доўга трымаў Аўгініну жорсткую ад работы і цвёрдую руку і пазіраў ёй у вочы.

– Здарова, Аўгінька! Як жа даўно не бачыў я цябе, а думаў аб табе шмат усе гэтыя дні.

– Не варта я таго, каб думаць аба мне, – адказала Аўгіня. Яна проста хацела выпрабаваць і праверыць перад самой сабою, ці варта яна таго, каб аб ёй думаў Мартын.

– А я от думаў і... буду думаць.

Аўгіня ўтупіла вочы. Ёй прыемна, што Мартын думае пра яе і будзе думаць.

– А што думаў ты пра мяне, добрае ці благое?

– Ды гэта і расказаць трудна. Шмат чаго думаў. Думаў, як бы пабачыцца з табою, пагутарыць... паглядзець на цябе... і даўнейшае так от на думкі ўсплыве.

Гэта «даўнейшае» Мартын гаворыць з асаблівым націскам і яшчэ бліжэй горнецца да Аўгіні. Ёй трохі няёмка і сорамна, і яна чутачку падаецца ад яго. А Мартын гаворыць далей, як бы нічога не зважаючы.

– Не, не, ды і ўспомніцца, як мы з табою на чаўнах гналіся. Даўно ўжо гэта было, а вось не забываецца. I ведаеш – ты і тая качка, што схапіў сом, злучаюцца неяк у маёй галаве, робяцца адною толькі Аўгіняю, а сом абарочваецца ў Васіля.

– I гэты сом,– горка пасміхнулася Аўгіня, – узяў цяпер і выкінуў з свайго прожара гэту качку.

– Лепей было б, каб ён падавіўся ёю адразу. Але тут, калі гаварыць праўду, не так быў вінаваты сом, як сама качка.

Аўгіня апусціла галаву. Гутарка іх абарвалася.

– А стралец, што падбіў качку, не быў вінаваты? – ціха пытае Аўгіня і кажа: – Але гаварыць аб гэтым цяпер па часе. Пэўна ж, я сама вінавата: на багацце пагалілася. А гэта багацце мне вылезла бокам і атруціла мне жыццё. Радасць не ў дастатку, і шчасце не ў багацці. Я была чужая для яго, а ён быў чужы для мяне. Аб адным я шкадую, мне трэба было самой кінуць яго, а не чакаць, пакуль ён мяне выжане.

– А чаму ж ты не зрабіла гэта?

– З-за дзяцей, Мартын. Чым жа дзеці вінаваты?

– Значыць, калі б ён не выгнаў цябе, дык ты дагэтуль жыла б там?

– Не ведаю... напэўна б кінула, бо я думала аб гэтым і толькі чакала зручнай часіны: жыццё для мяне было там не такое салодкае, як ты думаеш. I ты ведаеш чаму... павінен ведаць.

– Не, я гэтага не ведаю,– суха адказаў Мартын. Аўгіня маўчала. На яе твары адбівалася крыўда і засмучэнне. Мартыну стала шкада яе.

– А чаму табе нясоладка жылося? Ты ж знайшла тое, чаго шукала. I што я павінен ведаць?

Аўгіня з дакорам паглядзела Мартыну ў вочы. Няўжо ён нічога не разумее?

– Я адна, Мартын, адна вінавата, і я адна павінна несці кару.

– Чым жа ты вінавата?

– Тым, што пайшла за яго замуж, любячы не яго самога, а яго дабро.

Аўгіня прымоўкла і ціха дадала:

– I пайшла не дзяўчынаю. Ты ж гэта павінен ведаць.

Цяпер і Мартын сарамяжліва апусціў вочы. А потым абурыўся на Васіля.

– Сволач ён! Панскі падліза! Даносчык! Шпіён! Гэта ён удаў мяне польскай паліцыі. Праз яго цягалі мяне па астрогах, спалілі маю хату. I не адну маю, і не аднаго мяне цягалі. Ах ты, сабачая морда! Смярдзюх! Пачакай жа ты, панскі выжал! Я яшчэ не такую свінню падлажу табе!

Выліўшы сваю злосць на Васіля, Мартын крыху заспакоіўся.

– Раскажы, як ён выгнаў цябе.

Яны сядзелі на мяшку травы. У лесе ўжо сцямнела. На вясеннім чыстым небе скрозь проразі верхавін мігалі далёкія халодныя зоры.

– Ты не гневайся на мяне, Аўгінька! – ласкава сказаў Мартын і палажыў руку на яе плячо. – Я можа жорстка гавару з табою, і не так хацеў я гаварыць. Я многа думаў пра цябе. Ты не выходзіш з маёй галавы. I пэўна ж ніхто так не любіў цябе, як я. Я і цяпер люблю цябе, – сказаў ён зусім ціха і прытуліў яе.

– Не трэба гэтага, Мартын, – устрывожана сказала Аўгіня. I ўсім целам адхіснулася ад яго, каб вызваліцца з яго рук.

– Чаму? – запытаў Мартын. – Я ж люблю цябе.

– А што скажа Ева?

Напамінак аб Еве расхаладзіў Мартына. Ён разняў рукі і нават чутачку падаўся ў бок ад Аўгіні. Ева была добрая, ціхая жанчына, і ён шкадаваў яе.

– Давай лепей так пагутарым. Я ж даўно не бачыла цябе і думала аб табе, быць можа болей, як ты аба мне. Я таксама люблю цябе, але не так, як ты думаеш.

– Ну, як?

– А проста люблю, як брата. Я ж адна, Мартын, зусім адна. Матка мая, хоць і не гаворыць мне, хацела б, каб я вярнулася да Васіля. А я не хачу і не вярнуся ўжо да яго ніколі. Буду жыць адна з дзецьмі. I каго я люблю яшчэ – Алесю. Яна ж твая дачка, Мартын. Васіль зненавідзеў яе, як чужое дзіця. Яна адчувала гэта і дрыжала перад ім. У яе два бацькі, а яна не ведае бацькавай ласкі. А якая яна ціхая і добрая! Калі ён выганяў нас – забірай, кажа, свайго байструка і марш з мае хаты – і схапіў мяне за руку, каб выпхнуць за дзверы, яна стала паміж ім і мной, каб абараніць мяне ад яго злосці. Ён так штурхануў мяне і яе разам са мной, што мы паляцелі ў дзверы, і яна моцна стукнулася галоўкай аб касяк, але не заплакала, а толькі ручкаю схапілася за галоўку, сказаўшы мне ціхенька: «Нашто ты, мама, сварылася з ім?»

– З чаго ж у вас пачалося? За што ён цябе выгнаў?

– Ну, як табе сказаць? Ладу ў нас не было ніколі. Ен часта папікаў мяне табою, але я цярпела або абарачала ўсё ў жарты і яго старалася ўлагодзіць, абы ціха было ў хаце.

Пачалося ж усё з прыходам сюды палякаў. Ён хадзіў да гэтага самага пана Крулеўскага. Там яго паставілі за войта. Ён прыходзіць і хваліцца мне. А я ў той жа дзень хадзіла сюды, у Вепры, і дачулася, што гэта ён выдаў цябе польскай паліцыі. Зненавідзела я за гэта яго і кажу яму: «Адступіся ты ад свайго войтаўства. Трэба з людзьмі жыць і ладзіць, а не з панамі, бо твае паны, – кажу, – у паветры целяпаюцца». – «З якімі, – кажа, – людзьмі? З Талашом? з Мартынам Рылем?» – убачыў ён, што я не ў адну дудку з ім іграю. Ну, і пайшло. Далей – болей. Хадзіла я потайкам да бабкі Талашыхі. Мне ж хацелася ад яе і пра цябе пачуць. Яна прагаварылася, што ты начаваў з дзедам Талашом у іх, а потым схамянулася, спалохалася, што расказала мне, войтавай жонцы, пра дзеда і пра цябе. Я заспакоіла яе. Потым кудзелю прыносіла ёй прасці. Цяжка мне стала, Мартын, жыць з чалавекам, які пачаў займацца непадобнымі справамі, тапіць людзей, наводзіць паліцыю. Навошта гэта? Да чаго? З-за таго, каб сабе толькі жыць, а другім не даваць ходу? Ды няхай яно прахам пойдзе, такое жыццё! Нават дзіця, малая Алеся, не спачувае гэтаму. Пытала мяне пра палякаў, хто яны, чаго хочуць. Раз ён падпільнаваў мяне, як выходзіла я з Талашовай хаты. Вось ён убягае ў хату, як толькі вярнулася я, і давай дапытвацца, чаго я туды хадзіла.

Аўгіня падрабязна расказала, як выйшла і чым кончылася сварка.

– А ці ведала ты, – запытаў Мартын, – пра яго змову з Саўкам Мільгуном?

– Ведала. Выпадкам даведалася. Яны хаваліся ад мяне, таіліся. Але я падгледзела, як яны частавалі Саўку, а потым Кандрат Бірка прагаварыўся.

«Я, – кажа, – ваяваць сам не пайду, а за нас пойдзе ваяваць Саўка», і расказаў мне ўсё. А я папярэдзіла бабку Насту.

– А ты, Аўгіня, вялікую паслугу зрабіла нам.

– А скажы, Мартын, што будзе з гэтаю вайною? Няўжо так і застануцца тут палякі? I няўжо ж вы будзеце ўвесь час туляцца па лясах? Не будзе ж тады жыцця ні вам, ні мне.

– Пачакай трохі, Аўгінька, пацярпі: пакоцяцца палякі адгэтуль, толькі стрыбалкі бурчаць будуць ды пяты іх блішчаць.

– А куды ты ідзеш, Мартын?

– Хачу дамоў забегчы, паглядзець, як яны жывуць.

– Не хадзі, Мартын: у вёсцы салдаты польскія.

– А чорт іх бяры! Ты правядзеш мяне. Я вазьму твой мяшок, і мы сабе пойдзем памаленьку, як хадзілі калісь з Прыпяці.

– Я баюся за цябе, Мартын!

– А ты не бойся, Аўгінька. Мы пойдзем памаленьку, разглядаючыся.

Мартын узяў мяшок, прыкрыў ім свой неразлучны карабін, і ў шэраватым вячэрнім змроку рушылі ў Вепры.

На развітанні Мартын сказаў Аўгіні:

– Ты ж глядзі Алесі. Пабагацею, дапамагу і ёй і табе.

– Ну, бывай жа здаровы, Мартын! Ды асцерагайся, каб не злавілі.

Яна хацела ўжо ісці, але Мартын затрымаў яе руку.

– Аўгінька, можа я болей і не пабачу цябе. Развітаемся шчырэй!

Прыблізіў яе твар да свайго твару, цалаваў яе. Аўгіня ішла і думала, ці можа яна смела глядзець цяпер у вочы Мартынавай Еве.



XXXIV[правіць]

Некаторы час на партызанскім фронце было зацішша. Аб партызанскіх выступленнях не было ніякіх чутак. Самі палякі і іх прыхільнікі: фальваркоўцы, розныя арандатары і заможнае сялянства радаваліся і цешыліся, што партызаншчына ў сувязі з пераможным белапольскім наступам скончылася, што польская ўлада зліквідавала яе. Але раз уночы, у другой палавіне красавіка, у разгар белапольскага наступу і трыумфавання паноў, раптам начное цёмнае неба афарбавалася чырвоным грозным бляскам. Крывавая чырвань агністымі снапамі раскідалася па небе. Крывава-агністыя снапы і нерухомыя бледна-ружовыя слупы свідравалі начную цемру, зацятую ў сваёй занямелай цішыні, разрывалі і злавесна асвятлялі яе грозным сваім бляскам.

Было штось страшнае ў гэтых пералівах чырвані і ў яе фантастычным палыханні ў глыбінях агорнутага мрокам неба. Ноч разам пасвятлела, мрок рассунуўся, стала светла, як надосвіці перад усходам сонца. З парадзелай цемры выступалі няясныя абрысы лясоў, раскінутых на далёкім небасхіле, будынкі з панурымі спушчанымі к долу стрэхамі і высокія постаці адзінокіх дрэваў каля будынкаў. Устрывожаныя гэтым незвычайным з'явішчам, сабакі заліваліся неспакойным брэхам і жудасна вылі, як бы прадчуваючы нейкую бяду і няшчасце.

Людзі прачыналіся, пазіралі ў вокны і, уражаныя чырванавата-ружовым колерам, разлітым па дварах і па стрэхах будынкаў, выбягалі на двор і ў страху глядзелі на гэта грознае палыханне пажару і недаўменна пыталі саміх сябе: што гэта гарыць? Ды стараліся адгадаць, дзе гуляе страшны бляск пажару, хто гарыць і з якой прычыны, і трывожнае пачуццё непакою і страху западала ў іх сэрца. А там, дзе людзі жылі ў блізкім суседстве з пажарам, дзе выразна чуўся шум агнявога патоку і ясна віднеўся ўзлёт к небу языкоў полымя і цэлай мяцеліцы іскраў у хвастах чорнага і сівага дыму, там было яшчэ страшней і жудасней. I людзі там не гадалі, дзе гарыць і што, а проста казалі: гарыць маёнтак такога-та пана.

Ціха спачывае ў глыбокім сне маёнтак пана Длугошыца, той самы маёнтак, дзе зімою было так шумна і весела, дзе грымела ваенная музыка і весялілася шляхта разам з шыкарным афіцэрствам. Старасвецкі панскі палац, старое гняздо радавітай польскай фаміліі, утуліўшы ў полаг цемры сваю вежу, панура вырысоўваецца на фоне цёмнага неба. Стайні, стадолы, свірны і клуні зліваюцца з мрокам і яшчэ, здаецца, ніжэй туляцца да зямлі.

Ціха ў маёнтку пана Длугошыца, але ў гэтай цішыні, у цёмных закутках двара туляюцца невядомыя прышлыя людзі са стрэльбамі і гранатамі. Ціха, без шуму, шчыльна трымаючыся будынкаў, робяць яны патаемную работу. Там і сям успыхваюць маленькія агеньчыкі. Чуецца ўмоўлены свіст. Свіст паўтараецца ў розных канцах двара. Невядомыя прышлыя людзі выходзяць з двара і полем накіроўваюцца ў лес. У маёнтку ў розных мясцінах выбухаюць агні, падымаюцца ўгору, шугаюць з большаю і большаю сілаю, асвятляюць двор, сад і крывавым водбліскам кладуцца на мураваныя сцены высокага палаца. Невялікая група цёмных сілуэтаў шпарка падаецца ў лес. Хаваўшы іх полаг цемры расступаецца ўсё болей і болей, і хутка ўсё поле, залітае бляскам пажару, вынырае з мроку і паказвае групу людзей – чалавек сем. Яны ўжо каля самага лесу, а калі ўвайшлі ў лес, прыпыніліся і паглядзелі на маёнтак пана Длугошыца. Бушуе агонь, кідае цэлыя патокі полымя высока ў паветра.

– Ну, хлопцы, работа зроблена на заказ! – гаворыць адзін і смяецца. На яго выскаленых зубах, на твары і ў вачах адбіваюцца водбліскі пажару, робяць яго страшным і бязлітасным.

– Пойдзем! – адзываецца другі.

– Ідзіце, хлопцы, не чакайце мяне, – гаворыць першы,– а я пастаю тут трохі, пацешуся.

Шэсць чалавек ныраюць у лес і зараз жа знікаюць з вачэй, а ён, спец па часці падпалаў, Цімох Будзік, астаецца адзін, туліцца на ўскрайку лесу і глядзіць, як бушуе агонь. Але гэта пазіцыя яго не задавольвае. Ён аглядаецца, выбірае лепшы пункт для назірання пажару. Яго вочы запыняюцца на пышнай фігуры магутнага дуба. Ідзе к дубу, закідае ямчэй за плечы стрэльбу і лезе на дуб. Залез да палавіны волата дуба. Становіцца на тоўсты развілісты сук, спіною ўпіраецца ў шурпаты ствол дуба. Вось гэта пазіцыя!

Як высокае залатое жыта пад ветрам, хістаецца полымя, то сцелючыся над долам агнявымі пасмамі, то яркімі стужкамі ўзвіваючыся ўгору, выкідаючы агромністыя слупы бліскучага знізу і цёмнага ўверсе дыму. Цімох не зводзіць вачэй з гэтага дзікага шалу агню, пажыраўшага будынкі і знішчаўшага здабыткі людской працы. Буйства пажару знаходзіла жывое водгулле ў Цімохавай душы, пазнаваўшай цяпер вышэйшы экстаз радасці з поваду разбурэння гэтага змяінага гнязда яго адвечных класавых ворагаў. У меру таго як шугала полымя, абвіваючы і ліжучы сваімі пякучымі языкамі суседнія дрэвы і будынкі, вырываючы са стрэх і выкідваючы высока ў неба агромныя жмуты струхлелай саломы і мільёны іскраў, расло і Цімохава захапленне. З яго твару, афарбаванага баграю агнёў, не сходзіць усмешка, зларадная, помслівая ўсмешка чалавека, стаўшага вышэй гэтых людскіх законаў. Але па яго твары прабягае часамі і заклапочанасць і зніжае паўнату яго трыумфу. Цімох трывожна пераводзіць вочы на панскі горды палац. Заліты бляскам пажару, ён робіць уражанне, нібы ён у агні, але вецер адхіляе полымя ў другі бок, і палац застаецца някранутым агнём, стаіць, высока ўзнёсшы сваю вежу, і пазірае грозна і зняважліва на гэты шалёны вір агню. Няўжо Цімох схібіў, даў маху ў падпале гэтага ненавіснага панскага ідала? Цімох углядаецца, пазірае пільней, на момант як бы замірае. З яго твару сходзіць турботная заклапочанасць, проблескі дзікай радасці праменяцца ў яго цёмных бліскучых вачах: з высокай вежы палаца, як з гіганцкага коміна, паплыў борзда ўгору белаваты дым, штораз гусцейшы і болей цёмны. Успыхнулі агеньчыкі ў вокнах палаца. Агні залатымі расцёкамі пабеглі, паплылі, як жвавыя бліскучыя струменьчыкі, угору. Бухнула ў вокны густое і напорыстае полымя. Не, Цімох не схібіў! Цімох зрабіў сваю справу, аб якой так многа думаў у розныя моманты свайго бядацкага жыцця. Цімох гатоў быў танцаваць, крычаць ад радасці, каб цалкам аддацца ахваціўшаму яго вар'яцкаму экстазу. Сярод шуму і гуду пажару, трэску і грукату падаўшых перагарэлых бэлек і сцен чуліся распачлівыя, надрыўныя крыкі людзей. Усё гэта злівалася ў грозную і жудасную сімфонію разбурэння. Цімох, як нейкі чарадзей, стаяў на дубе і поўным кубкам чэрпаў асалоду свайго трыумфу.

I раптам яго чуткае вуха ўлавіла тупат конскіх капытоў. Зірнуў Цімох у той бок – дарогаю і полем ад палаўшага ў агні маёнтка пана Длугошыца імчаліся на конях польскія уланы. Даскакаўшы да лесу, яны веерам рассыпаліся па яго ўскрайку па адзін і па другі бок дарогі. Група коннікаў, чалавек дванаццаць, ехала асобна, шчыльна збітаю кучкаю. Гэта былі пераважна афіцэры. Група накіравалася ў той бок, дзе сядзеў на дубе Цімох Будзік.

«Напэўна будуць ачэпліваць лес, каб злавіць падпальшчыкаў, – сам сабе падумаў Цімох: – А што, калі б паслаць ім з дуба гасцінца?» – Не разважаючы многа, дастаў Цімох з-за пояса гранату, заняў зручную позу, каб кінуць яе, улучыўшы адпаведную хвіліну. Трымаючыся адною рукою за сук, размахнуўся Цімох, высока ўскінуў гранату насустрач пад'язджаўшым коннікам і ў заміранні сэрца чакае, схаваўшыся за шырокія плечы волата дуба. «Раз... два... тры»,– лічыць Цімох і раптам здрыгаецца: грымнуў выбух. Здрыгануўся волат дуб. Са звонам і спевам паляцелі асколкі гранаты. Рвануліся спуджаныя коні, наскочылі адны на другіх. Адзін пахіснуўся і недалужна грымнуўся на зямлю разам з коннікам. Як ашалелыя, памчаліся коні, адны без коннікаў, другія валочачы іх па полі галовамі ўніз. Цяпер толькі апамятаўся Цімох і адчуў усю безразважнасць свайго ўчынку. А можа гэта яму дапамагло. У часе сумятні і перапалоху ён шугнуў наніз, кінуўся ў лес і пабег у гушчар, чапляючыся стрэльбаю за сукі і галіны.

Васіль Бусыга і яго прыяцелі, не паспеўшы належным чынам нагаравацца з прычыны налучыўшай іх бяды, а налучыла яна іх толькі мінулаю ноччу, і прыняць адпаведныя захады, каб знайсці невядома кім выведзеную з хлявоў скаціну, таксама пазіралі на бляскі пажараў і панура хілілі галовы.

У гэтых блясках чыталі яны засцярогу сабе і свой уласны прысуд. Гэта была грозная і страшная ноч, навёўшая паніку на паноў і ўстрывожыўшая польскія ваенныя штабы. Яна паказала, што партызанскі рух пусціў глыбокія карэнні ў народзе акупаваных зямель, што ён вядзецца ўпарта, шырока, арганізавана і жорстка. Шмат якія вайсковыя часці польскага войска, прызначаныя на падмацаванне фронту, былі затрыманы. З партызанствам прыходзілася лічыцца, і лічыцца сур’ёзна.

Вайна ж, у якой бралі ўдзел рэгулярныя арміі двух бакоў, не спынялася. Палякі развівалі свой поспех на Кіеўскім кірунку, захватваючы сваім цэнтрам і частку Палесся на лініі Рэчыца – Мазыр. Слабая насычанасць нашага фронту жывою сілаю, нястача належнага ўзбраення давалі магчымасць белапалякам шпарка прасоўвацца наперад, адціскаючы малалікія часці Чырвонай Арміі. Каб аслабіць польскі ўдар у кірунку на Кіеў, часці Чырвонай Арміі, займаўшыя раён Палесся, перайшлі ў контрнаступ супраць цэнтра польскага фронту. У склад гэтай арміі ўваходзіў і батальён таварыша Шалёхіна. Дзед Талаш з сваімі партызанамі падтрымліваў сувязь з гэтым батальёнам. Але з наступам белапалякаў і з адходам Чырвонай Арміі сувязь абарвалася. Дзед Талаш з сваімі партызанамі апынуўся ўжо ў глыбокім тыле польскага фронту і вёў свае баявыя аперацыі самастойна або па ўказанню прадстаўнікоў падпольных камуністычных арганізацый. Цяпер яго войска ўжо налічвала каля дзвюх соцень байцоў, узброеных ваеннымі стрэльбамі і меўшых некалькі кулямётаў. Правей у гэтым жа раёне праяўляла сваю баявую чыннасць і група партызан Маркі Балука, налічваўшая ў сваіх радах добрую сотню байцоў.

Палеская, або Мазырская, група Чырвонай Арміі, як значылася яна афіцыяльна, абрала ўчастак контрудару на лініі Крыўцы – Высокае, куды падцягнула войска і гарматы. У дваццатых чыслах красавіка, раніцаю на світанні, гулка загрукацелі чырвоныя батарэі, сканцэнтраваўшы агонь на польскіх пазіцыях. Некалькі гадзін грымелі нашы гарматы, і водгулле іх грому далёка расплывалася па нетрах лясоў і балот Палесся. Дакочвалася і па той бок Прыпяці да акупаванай часткі Палесся, разносячы весці аб наступе Чырвонай Арміі. Пасля кароткай, але напружанай артылерыйскай падгатоўкі імклівым патокам рынуліся ў атаку пяхотныя часці чырвоных байцоў. Загараўся ўпарты сустрэчны бой. Палякі намагаліся з усіх сіл, каб адбіць атаку і ўтрымаць свае пазіцыі. Баявыя ланцугі іх, як хвалі, ішлі адны за другімі, але скошваліся гарматным і кулямётным агнём. Сілы іх надарваліся, упартасць іх была зламана. Яны захісталіся, падаліся і пакаціліся назад, пакідаючы зброю, забітых, раненых і здаючыся ў палон. Ім не давалі апамятавацца і гналі іх к Прыпяці. Задача першай стадыі контрманеўра ўдарнай групы Чырвонай Арміі заключалася ў тым, каб кароткім ударам адкінуць палякаў за Прыпяць, на іх плячах перайсці яе, забяспечыўшы пераправу і тэрыторыю на заходнім беразе Прыпяці для разгортвання сваіх сіл у мэтах далейшага наступу. Разгромленыя і змятыя часці польскага войска ўжо не думалі, каб запыніць напор насядаўшых палкоў Чырвонай Арміі – яны думалі толькі аб тым, каб вырвацца з сціскаўшых іх кляшчэй і шчасліва адступіць за Прыпяць.

Весць аб наступе Чырвонай Арміі даляцела і да партызан. У той жа час іх начальнікі экстрана абмеркавалі важнае пытанне аб дапамозе Чырвонай Арміі і аб поўным разгроме адступаўшых белапалякаў. Дзед Талаш з сваім войскам спешным маршам рушыў на Прыпяць, каб заняць пераправу і пашкодзіць палякам замацавацца на яе правым беразе. Балуку было даручана вартаваць камунікацыі польскага тылу і ўсімі мерамі затрымліваць польскія рэзервы з тылу, каб не даць ім своечасова прыбыць на выручку сваіх. Пад вечар дзед Талаш на чале паўтары сотні партызан ужо быў у раёне Высокай Рудні, дзе меркавалася пераправа палякаў праз Прыпяць, і заняў флангавую пазіцыю на высокім правым беразе Прыпяці. Гэта пазіцыя загароджвала палякам шлях адступлення па адзіна зручнай у гэтым раёне дарозе на Ставок – Карначы. Авангард іх ужо выйшаў на правы бераг, кіламетра ў паўтара ад таго месца, дзе занялі пазіцыю партызаны. Перапраўляліся яны і па пантонах і цераз мост. З таго берага грымелі нашы гарматы. Снарады падалі ў Прыпяць па адзін і па другі бок пераправы, уздымаючы высокія махрыстыя фантаны, заляталі на гэты бераг і наводзілі паніку сярод адступаўшых. Палякі густою калонаю перліся па мастах і пантонах, ціснуліся, зрываліся і кідаліся ў глыбокія воды Прыпяці. Пераправіўшы некалькі гармат, яны спешна вывозілі іх на пазіцыю, на той высокі бераг, дзе залеглі партызаны. Падпусціўшы іх на блізкую адлегласць, дзед Талаш падаў каманду, прычым ад хвалявання ён забыўся, як падаецца ваенная каманда, а крыкнуў проста:

– Лупі іх, хлопцы!

Грымнуў траскучы дружны залп, зататакаў кулямёт, адзін і другі. Не чакалі палякі з гэтага боку ворага і не ведалі, хто ён. Кінуліся назад, пакінуўшы гарматы, беглі, падалі і не падымаліся. Кінуліся партызаны да гарматы, захапілі яе разам з двуколкамі і з усёю запрэжкаю. Знайшліся старыя салдаты-артылерысты. Гармату павярнулі жаралом у бок палякаў і пачалі біць у іх з блізкай дыстанцыі простаю наводкаю. Палякі пакідалі зброю, гарматы і бязладным натоўпам, не слухаючы сваіх камандзіраў, беглі ў лес, хто куды. Як ваенная арганізованая сіла гэта часць польскага войска перастала існаваць. Неспадзяваны контрудар Чырвонай Арміі, нанесены з такою сілаю, грукатам грому разнёсся па польскім тыле і ўстрывожыў польскі ваенны штаб. Але вышэйшае польскае камандаванне, трэба аддаць яму справядлівасць, не згубіла галавы. Тэрмінова і рашуча арганізавала ліквідацыю прарыву свайго фронту, кінуўшы ўсё, што можна было кінуць з тылавых рэзерваў і з часцей, прызначаных на іншыя ўчасткі фронту. Ужо на другі дзень часці Чырвонай Арміі сустрэлі жорсткае і ўпартае супраціўленне палякаў. Польскія падмацаванні ішлі з усіх бакоў, беручы ў клешчы ў сваю чаргу нашы наступаўшыя часці. Гарачы, напружаны бой кіпеў у лясах, перасечаных балотамі, у ваколіцах і на вуліцах вёсак. Часці Чырвонай Арміі, у некалькі разоў уступаўшыя ў сіле праціўніку, змушаны былі запыніцца і падацца назад. Прычым сувязь між асобнымі вайсковымі злучэннямі страцілася. Некаторыя часці, батальёны, роты біліся самастойна, без агульнага аперацыйнага кіраўніцтва. I асабліва ў цяжкае становішча папаў батальён Шалёхіна, узяты палякамі ў вілы між Прыпяццю і прымыкаўшым да яе возерам з дрыгвяністымі берагамі. Змучаны безупыннымі баямі і паходамі на працягу некалькіх дзён, не маючы ні правіянту, ні патронаў, батальён стойка біўся да апошняга патрона, адбіваючы атакі ворага штыхамі.

Была глыбокая ноч. Скрозь галіны дрэваў скупа прабіваўся тужлівы бляск месяца. Стомленыя байцы, акапаўшыся на выспе, з трывогаю чакалі недалёкай раніцы заўтрашняга дня. Большая частка іх спала, скурчыўшыся каля камлёў, палажыўшы галаву на карані. Пад разложыстым дубам прытуліўся камандны склад батальёна: Шалёхін, тры ротныя камандзіры і начальнік кулямётнай каманды. Змучаныя, стомленыя і атупелыя, яны панура маўчаць, зрэдку перакідаюцца кароткімі фразамі.

– Справа – швах! – гаворыць начальнік кулямётнай каманды.

– Ты б сказаў што-небудзь новае, – панура заўважае адзін з ротных камандзіраў.

– Мая думка – спрабаваць прабіцца, – кажа другі.

– Калі б для гэтага зброяй служыў кулак, то можа і прабіліся б,– адзываецца камандзір другой роты.

– Куды прабівацца? – пытае кулямётчык.

– Дык што ж па-твойму? Здавацца ў палон? – сярдзіта асаджвае яго Шалёхін.

Ён дзелавіта чухае патыліцу і крэпка лаецца, ні да кога не адрасуючы сваіх крэпкіх слоў.

Камандзір першай роты недарэчы і не да месца ціха спявае старую песню, колісь модную ў царскіх казармах:

Бывалі дні вясёлыя,

Гуляў я, маладзец.

– I дагуляўся, – іранічна заўважае кулямётчык.

Шалёхін думае і прыдумаць нічога не можа. Ён нервова кусае губы. У такім паганым мяшку не быў ён ніколі. Яму прыкра, прыкра перад усім батальёнам, перад радавымі байцамі, даручыўшымі яму свой ваяцкі гонар і славу.

– Хоць бы закурыць, чэрці б яго пабралі,– чуецца чыйсь голас, а потым і адказ на яго:

–Дажыліся палякі, што ні хлеба, ні табакі.

Маўклівая цішыня змяняе іх гутарку. Стомлены Шалёхін не спіць. Не спяць камандзіры. Упадніцкія мыслі западаюць у сэрца, але ніхто аб іх не гаворыць: не да твару яны байцу. Астаецца дзесь у глыбінях свядомасці і месца для надзеі: ану ж, выхад знойдзецца.

Шалёхін раптам падымае галаву: пачулася яму ці гэта проста галюцынацыя слыху? Ён кладзе руку на наган, прыслухоўваецца. Чыесь асцярожныя крокі, нібы хтось крадзецца. Падымае галаву і камандзір першай роты, высокі, сухі, з глыбока запаўшымі вачыма. Яны ўзіраюцца ў цемру ночы, яшчэ болей густую пад навіссю галін. Прысадзістая цёмная постаць чалавека выплывае з цемры.

– Таварыш Шалёхін! – ціха аклікае цёмная постаць.

Камбат прыпадымаецца.

– Хто мяне кліча?

– Я, Талаш! – адказвае цёмная прысадзістая постаць.

Шалёхін парывіста ўстае, кідаецца да дзеда Талаша.

– Бацька, гэта вы!

I крэпка трасе старому руку.

– Не журыцеся, таварышы: я выратую вас!

– Ды ты будзеш наш бальшавіцкі ангел! – чуецца чыйся радасна-жартлівы голас.

– Склікайце ж начальнікаў, збірайце байцоў і ў паход!

– У які паход?

– Ццсс! – сунімае дзед Талаш громкі голас кулямётчыка, – за мною, на Прыпяць: мой флот і мае матросы чакаюць вас, таварышы, – урачыста-жартліва гаворыць стары атаман.

Мінута – батальён на нагах. Бясшумна цянююць на Прыпяць. Без канца доўгая фаланга чаўноў і лодак упіраецца ў бераг вострымі насамі. Пагрузілі на лодкі ўсе кулямёты. Паселі байцы. Суровыя і маўклівыя перавозчыкі са стрэльбамі і гранатамі адчальваюць ціха, без шуму, плывуць некаторы час уздоўж берага між высокіх маладых чаротаў, а потым вернуць упоперак Прыпяці і шчасліва прыстаюць на яе другі бераг.



XXXV[правіць]

Аднавілася, ажыла зямля.

Многагалосы, разнастайны паток жыцця залівае кожны шматок яе, поўніць лясы, поле, балоты і несціханым звонам калыша чуллівае празрыстае паветра. Адзеліся дрэвы ў новую зялёную вопратку, і такую паважную, поўную свайго мудрага сэнсу гутарку вядзе дрэва з дрэвам, лісток з лістком, а пад дрэвамі – былінка з былінкаю, а ў гэтых дрэвах, лістах і былінках пераклікаюцца птушкі, кузуркі, і іх галасы зліваюцца ў адну сімфонію дзівоснай музыкі жыцця.

Невысокі хударлявы чалавек прыслухоўваецца да многагалосага звону, спеву, музыкі, што ідуць разам з ім дарогаю ўскрай лесу, ідуць усюды, дзе ні ступае нага яго. Уся гэта сімфонія, калі ўслухацца ў яе глыбей і бліжэй прыгледзецца да ўсёй гэтай сугучнасці жыцця, ёсць водгулле прыхованага, а часамі і непрыкрытага зацятага змагання за жыццё. Невысокі хударлявы чалавек, сейбіт буры і змагання, упэўнен у гэтым, бо перад яго вачыма раскрыта праўда жыцця і яго завуаляваныя спружыны. Вось чаму ён так упэўнена і смела ходзіць патаемнымі дарогамі па зямлі акупаванага Палесся і поўнаю жменяю сее насенне буры і нянавісці да класавых ворагаў, глыбока ўзорваючы глебу свядомасці прыгнечаных, загнаных у закуткі жыцця. У яго глыбокая вера ў праўду гэтай сяўбы. Ён бачыць багатыя ўсходы свайго севу, і ад таго яму так весела і настрой яго ўзняты.

Жыццё яго поўна небяспекі. Кожны дзень, кожная гадзіна тояць у сабе прыхаванае падступства і здраду. I шмат было ў таварыша Нявіднага напружаных момантаў, такіх, калі воля і само жыццё яго віселі на танюсенькай павуцінцы. Ён расказаў бы шмат цікавых здарэнняў з практыкі свайго патаемнага вандроўніцтва і нелегальнага жыцця ў драпежнай пастцы жорсткіх акупантаў. На яго расстаўляюць сеці дасціпныя аматары польскай паліцыі, хітрыя і прабеглыя шпіёны заходнееўрапейскага складу. Але яму дапамагае арганічнае зрастанне з масамі загнанай у закуткі жыцця беднаты. Яна яго любіць, верыць яму, як свайму чалавеку. Яна ж і бароніць яго, папярэджвае, хавае, вырывае з рук добраахвотных сышчыкаў накшталт Бусыгі, бачыўшых пагібель сваю ў прапагандзе і падпольнай рабоце Нявіднага. Нявідны ведае, што чакае яго, калі зловіць яго панская агентура. Але ён ведае і верыць у праўду новага ладу жыцця, таго ладу, за ідэалы якога змагаецца партыя камуністаў. I гэта дае яму паўнату жыцця, сэнс і апраўданне таго, што ён робіць, ходзячы здрадліваю, вузенькаю тропкаю па краю цёмнага прадоння, рызыкуючы зваліцца туды ў кожную часіну. Усё гэта змушае яго трымаць вуха і вока, на варце, хадзіць з аглядкаю. Цікава ж, нарэшце, пабачыць, як пойдзе ў рост далей той засеў змагання і класавай нянавісці, дзе нямала ёсць зернят, кінутых яго рукою. Цікава наогул жыць і біцца за новы лад жыцця і ведаць, як і калі скончыцца гэта змаганне і як будзе будавацца гэта новае, светам не бачанае. Ён прыпамінае партызанскі мітынг на бязлюдным полі каля лесу, дзе ён выпадкам сустрэўся з дзедам Талашом. У яго вачах устаюць каларытныя фігуры старога партызанскага атамана і яго памочніка Мартына Рыля з карабінам і дзервяною трубою. Усё гэта такія з'явы, якія шмат аб чым гавораць і перш за ўсё аб тым, якія глыбокія карэнні пусціла ў працоўных масах партыя камуністаў. Усё гэта цешыць і радуе таварыша Нявіднага і жывіць яго непахісную веру ў перамогу. Ён думае аб пажарах панскіх маёнткаў як аб водгуллі партызанскай вайны. Гэтыя пажары ў канчатковым падрахунку будуць спрыяць пашырэнню і паглыбленню партызанскага руху. Яго ўпэўненасці ў перамозе новага ладу жыцця не парушае факт адыходу Чырвонай Арміі пад напорам польскіх легіёнаў, узброеных на кошт Антанты: гісторыя грамадзянскай вайны, гісторыя шмат якіх інтэрвенцый супраць Краіны Саветаў даводзіць яму, што перамога будзе на баку бальшавікоў і на гэты раз. Ідзе Нявідны, а разам з ім, побач яго і над ім шуміць многагалосы паток жыцця, гарманічны, сугучны з першага погляду, супярэчлівы і прасякнуты духам змагання, калі прыгледзецца да яго ўважней і глыбей. Нявідны сам сабе пасміхаецца, ён ведае, хто з'яўляецца прапаведнікам гэтай гарманічнасці жыцця не толькі ў прыродзе, але і ў людскім грамадстве, каму і для чаго патрэбна яна. Нявідны не прызнае такой пропаведзі – ён сейбіт буры і класавай нянавісці ў імя новага чалавека і новага сацыяльнага ладу, бо толькі праз буру змагання будзе звергнуты стары свет і прыйдзе новая эпоха. Думкі заводзяць Нявіднага далёка за межы сённяшняга дня і закалыхваюць яго спасцярожлівую пільнасць. Ён забывае, што ходзіць над краем бяздоння, што ворагі ўсюды сочаць за ім. Ён цьмяна, як у сне, бачыць на момант чалавечую постаць, але яна зараз жа знікае з поля яго зроку і з яго свядомасці.

Дарога сціскаецца лесам і спускаецца ў лагчыну, потым ізноў падымаецца на горку. Нявідны ідзе далей. Перад ім раскрываецца круглая паляна, а на паляне відаць сядзіба – хутар ці сярэдняй рукі фальварак. Нявідны хоча звярнуць з дарогі ўбок, каб не быць заметным з боку сядзібы. Аж зірк – на спатканне яму высоўваюцца нейк адразу трое мужчын. Па вопратцы тутэйшыя сяляне. Нявідны крыху сумеўся: у іх абліччы і поглядзе, кінутым на яго занадта ўважна, яму паказалася штось не зусім ладнае. Але зварочваць у лес цяпер ужо было па часе. Нявідны ідзе насустрач ім, стараючыся нічым не выказваць свайго непакою.

– Панічок, ці няма ў вас агню? – украдліва-пачціва пытае яго адзін з пабітым воспаю тварам.

I для большай натуральнасці такога запытання паказвае скручаную з газетнай паперы цыгарку. Усе трое спыняюцца, прычым двое другіх становяцца па баках Нявіднага.

«Шпікі», – маланкаю мільгае ў галаве Нявіднага.

Агонь павінен быць, – бестурботна-спакойна адказвае ён і абмацвае кішэні, затрымаўшы правую руку на рукаятцы браўнінга. Стаяўшыя па баках пераглянуліся, вачыма далі знаць адзін аднаму.

– Беж его!

I раптам кінуліся на Нявіднага. У момант вока Нявідны выхапіў браўнінг і выстраліў, не цэлячыся, у таго, што быў злева. Сышчык упаў на зямлю. Але гэта была толькі яго хітрасць: куля праляцела міма, прабіўшы яму адзежу і чуць крануўшы скуру на баку. Другі ў той жа момант схапіў Нявіднага за рукі ніжэй локцяў і крэпка сціснуў яго. Аспаваты кінуўся наўцёкі. Упаўшы сышчык маланкай падняўся на ногі і схапіў руку Нявіднага з браўнінгам і так сціснуў яе, што пальцы разагнуліся, рэвальвер выпаў на зямлю. Між імі пачалася страшная барацьба.

Нявідны вырываўся з усіх сіл, каб вызваліць рукі. Але сышчык трымаў яго моцна і стараўся паваліць.

– А, пшэклёнты бальшавік! Ніц не паможэ! – хрыпеў ён. Другі, што падняўся з зямлі, рвануў Нявіднага за ногі, і ён упаў. Цяпер падбег і аспаваты. З лесу выбегла яшчэ двое ў форме вайскоўцаў. Нявіднага тапталі нагамі і білі, але з такім разлікам, каб пакінуць жывым. Збіты і акрываўлены, Нявідны ляжаў нерухліва. Яго перасталі біць, ператрэслі кішэні і тады надзелі яму наручнікі. З сядзібы пад'ехала фурманка. Нявіднага кінулі ў павозку і павезлі пад канвоем трох польскіх агентаў.

Толькі ў дарозе, спусціўшы некаторы час, Нявідны ачнуўся і прыйшоў да памяці, але ён не паказваў гэтага сядзеўшым каля яго агентам. Відаць, яны мала клапаціліся за жыццё свае ахвяры: яны былі спецыялісты па часці біцця да пэўнай мяжы, з тым, каб захаваць сваю ахвяру для допыту ў засценні польскіх астрогаў. З трыумфам ехалі яны і пільна вартавалі сваю ахвяру. Нявідны, перамагаючы боль збітага цела, прыпамінаў, што з дакументаў папала ў рукі яго катаў. Такіх дакументаў, якія маглі б пацягнуць за сабою арышты другіх асоб, Нявідны не меў звычаю насіць пры сабе. Пры ім было некалькі брашур ваеннага агітпропа, накіраваных супраць белапольскай акупацыі, адозвы да працоўнай беднаты з заклікам адкрыта ўступаць у бой з класавым ворагам шляхам партызанскай вайны і арганізацыі рэвалюцыйных камітэтаў. Самі па сабе дакументы гэтыя нічога не давалі панскай агентуры ў сэнсе выкрыцця іншых асоб, апроч Нявіднага. Гэта яго заспакоіла. Яго мучыла смага, але ён цярпеў. Агенты прабавалі гаварыць з ім, але ён, хаваючы свае агіды да іх, маўчаў і не пазіраў на іх.

Аб арышце небяспечнага «злачынца» былі зараз жа апавешчаны вышэйшыя органы адпаведных польскіх аддзелаў. Адтуль распарадзіліся даставіць Нявіднага глыбей у тыл, у болей надзейны астрог. Некалькі дзён перасылалі Нявіднага з астрога ў астрог пад моцным канвоем, дзе пехатой, дзе фурманкамі і, нарэшце, чыгункаю.

Астрог, збудаваны яшчэ пры цару, быў цёмны і пануры. Нявіднага ўвялі ў кантору астрога, здалі па дакументах, дзе быў адзначан характар «злачынства»: падпольная работа, накіраваная на зрыў польскага «ужонда», арганізацыя «разбою» і распальванне класавай нянавісці да пануючага класа. Яго абыскалі, і ўжо турэмная стража пад моцным канвоем павяла яго ў адзіночную камеру, што змяшчалася ў ніжнім этажы рагавой турэмнай вежы. Сотні арыштаваных за ўдзел у рэвалюцыйным руху напаўнялі астрог. Іх бледныя, змучаныя твары паказваліся ў закутых у жалеза вокнах з усіх паверхаў астрога.

– Адкуль, таварыш?

– За што? – чуліся мужчынскія і жаночыя галасы.

– З Палесся!

– То нявольна! – крыкнуў Нявіднаму чорны астрожны цэрбер і штурхануў яго ў плечы, а варта, пастаўленая на двары астрога, стрэльбамі пагражала зняволеным і з спецыфічна астрожнаю лаянкаю адганяла іх ад акон.

З іржавым скрогатам расчыніліся грузкія жалезныя вароты, як пасць астрога. Цёмным калідорам падзямелля, дзе смутна блішчалі агеньчыкі ліхтароў, а побач змяшчаліся карцэры і розныя клятушкі-камеры, павялі Нявіднага ў рагавую вежу. Прайшлі калідор, павярнулі ў цесную шчыліну, у вузкі праход між тоўстых мураваных сцен, прайшлі яшчэ адны дзверы, і Нявідны апынуўся ў круглай маленькай камеры. У камеры было пуста, холадна і сыра. На цэментавай падлозе стаяў дзервяны тапчан-койка, а высока ўгары была зроблена невялічкая ніша, забітая жалезнымі кратамі. Праз яе скупа прабівалася святло ў камеру. Турэмшчыкі выйшлі. Загрымеў ключ у замку, дзверы цяжка зачыніліся, і Нявідны астаўся адзін, адгароджаны ад свету, людзей і волі. Ён прысеў на голы тапчан, азірнуўся... тупік. Далей ходу няма!.. Канец!..

Нявідны не цешыў сябе ніякімі ілюзіямі. Смяртэльная маркота ахапіла яго. Адзін, ні жывой душы. Жудасная цішыня, а ў гэтай цішыні плылі нейкія далёкія, глухія гукі і губляліся тут... Там, у Гомельшчыне, засталася старая маці. Ніколі ў жыцці не адчуў ён такой вострай жаласці да яе, як у гэты момант. Яна так дрыжала над ім, так старалася ўсцерагчы яго. Два сыны яе загінулі на імперыялістычнай вайне. Дзве дачкі павыходзілі замуж і паўміралі. Чарга за ім, а маці застаецца адна ў свеце, перажыўшы дзяцей і мужа-чорнарабочага. Не бачыла яна радасці ў жыцці, і не ведае яна, што ён, апошні сын яе, яе радасць і апошняя сувязь яе з жыццём, адзін сядзіць у гэтай дамавіне... Лічаныя дні, а можа гадзіны аддзяляюць яго ад цёмнага, жудаснага ў сваёй пустаце і маўклівасці нябыту.

Ён апёр галаву на рукі. Паток вострага болю і пакуты падхапіў яго і закружыў у мутных сваіх хвалях... Прэч, прэч слабасць і маладушнасць! Ён рашуча зрываецца з тапчана. Твар яго робіцца суровым і зацятым. Цвёрдымі крокамі ходзіць ён па камеры. Раз, два, тры. Раз, два, тры. Камера цесная – тры крокі і – паварот. Хада і рух сунялі яго нервы, ён трохі заспакоіўся. Ён думае аб тым, што робіцца там, на Палессі, думае, у якой ступені выбыццё яго з строю работы адаб’ецца на самой рабоце. Работа не спыніцца. Яго месца зоймуць дзесяткі, сотні, тысячы новых барацьбітоў, роджаных у буры вайны і рэвалюцыі, тысячы новых сейбітаў буры і змагання.

Доўга хадзіў ён і думаў. Стомлены хадою, думкамі і ўсім перажытым за апошні час, ён прылёг на голы тапчан і заснуў, заснуў цяжкім сном чалавека, змучанага маральна і фізічна.

Скрогат ключа ў замку разбудзіў Нявіднага. Адразу ж успрыняў ён гэту ўсю жахлівую рэчаіснасць. У камеру ўвайшлі трое турэмшчыкаў.

– Ану, падымайся! – груба штурхануў яго адзін.

Яго павялі на допыт.

Нявідны з цікавасцю паглядзеў на следчых. Праціўныя, ненавісныя. Гэта – прагавітыя п’яўкі. Яны будуць высмоктваць сокі мазгоў яго, нерваў. Было іх тут двое. Адзін нарыхтаваўся запісваць. Другі будзе дапытваць. Нявідны паглядзеў на пісара і падумаў: «Многа ты не напішаш». Ён адразу паставіўся варожа да свайго допыту і ўзяў курс на тое, каб меней гаварыць і нічога не расказваць аб тым, што іх будзе найбольш цікавіць.

– Хто ты і як тваё прозвішча? – было першае запытанне.

– Рэвалюцыянер. Прозвішча ў мяне няма.

– Нявідны, гэта – твой псеўданім? – запытаў следчы.

– Так я называю сябе сам.

– А прозвішча ты сказаць не хочаш?

– Лічу, што гэта непатрэбна.

– Аб тым, што патрэбна і што непатрэбна, судзіць не табе.

– Я думаў, што ў «дэмакратычнай» панскай Польшчы права судзіць дано ўсім, – іранічна заўважыў Нявідны.

– Што можна ваяводзе, то не тобе, смродзе, – так жа спакойна адказаў следчы.

– Дасканалая «дэмакратычная» прыказка, – засмяяўся Нявідны.

Следчы пачынаў злавацца.

– Мы аб табе маем вялікі дакументальны матэрыял, – пачаў ён. – Тваё злачынства нам дасканала вядома, і запірацца тут не мае сэнсу. Нам вядома, што ты на тэрыторыі Польшчы, на тэрыторыі, заваёванай польскай арміяй, вёў падрыўную злачынную анарха-бальшавіцкую работу, накіраваную на звяржэнне польскай улады, на арганізацыю хлопскіх банд для ўзброенага выступлення, на падпал маёнткаў і на тэрор у дачыненні да іх законных уладароў і адміністрацыі польскай дзяржаўнасці. Прычым гэту злачынную дзейнасць вёў у паласе, аб’яўленай на ваенным палажэнні. Цяжар кары за ўсе гэтыя злачынствы можа быць зменшаны, калі ты скажаш, хто твае хаўруснікі.

– Вы хочаце гэта ведаць? – падкрэсліваючы слова «гэта», запытаў Нявідны.

– Так, гэта.

– Хаўруснікаў маіх многа. Калі б я назваў тых, каго я ведаю асабіста, то гэта была б якая-небудзь адна мільённая частка іх. Мае хаўруснікі – паўстаўшы супраць сацыяльнай несправядлівасці, спрадвечнага гнёту і эксплуатацыі народ, многамільённая маса працоўнага сялянства і рабочых. Мае хаўруснікі – мільёны прыгнечаных Польшчы!..

– У нас тут не бальшавіцкі мітынг, – спыніў Нявіднага следчы. – Занадта многа тваіх хаўруснікаў. Нас цікавяць якраз тыя, якіх ты ведаеш асабіста, удзельнікі тваёй злачыннай дзейнасці.

Скажу проста і катэгарычна: я іх не выдам і не назаву.

Следчы бліснуў вачыма.

У нас апроч слоўнай мовы ёсць мова іншых спосабаў.

– Я чуў і ведаю вашу мову «іншых спосабаў».

Тады следчы сказаў:

– А ты ўсё ж падумай. Даём табе дзесяць мінут на разважанне.

Нявіднага вывелі ў калідор.

Праз дзесяць мінут яго зноў прывялі на допыт. На запытанне следчага аб выніках разважання суровы, спакойны і зацяты невысокі хударлявы чалавек, сейбіт буры і змагання, сказаў:

– Прыступайце да вашай мовы «іншых спосабаў», болей нічога вам не скажу.

I Нявідны стрымаў сваё слова. Ён маўчаў, калі яго білі, паваліўшы на брудную падлогу каземата, таўклі і мясілі цяжкімі жандарскімі ботамі; маўчаў, калі ўшчэмлівалі яго рукі між дошак, спецыяльна прыстасаваных, рвалі яго цела, расцягвалі жылы і косці.

Ён абярнуўся ў нежывога, страціўшага чуласць і прытомнасць чалавека. Яго адлівалі вадою, зноў мучылі, а ён толькі скрыгатаў сціснутымі зубамі, але не сказаў ніводнага членападзельнага слова.

Яго каты, здаравенныя, адкормленыя людзі, утраціўшыя чалавечы воблік, адчувалі сябе пабітымі сабакамі.

Надосвіці трэцяга дня зняволеныя ахвяры старога царскага астрога чулі шум у рагавой камеры.

Дзесяткі бледных людскіх ценяў прыніклі да акутых жалезам акон астрога, пазіралі на цёмную групу чалавечых сілуэтаў, выводзіўшых за вароты астрога невысокага хударлявага чалавека на апошні этап яго галгофы.

Невысокі хударлявы чалавек заўважыў бледныя цені ў вокнах астрога. Ён знайшоў у сабе сілы громка сказаць ім:

– Прашчайце, таварышы! Няхай жывуць Саветы!



XXXVI[правіць]

Калі часці Чырвонай Арміі перайшлі былі Прыпяць і падыходзілі ўжо да вёсак Прымакі – Вепры, Васіль Бусыга і яго прыяцелі перажывалі трывожныя дні. Няўстойлівасць фронту, усё большы і шырэйшы маштаб партызанскіх аперацый, іх стыхійны рост – усё гэта змушала войта і яго аднадумнікаў турботна чухаць патыліцы ды падумаць, што нясе ім хаўрусаванне з панамі. А што, калі паны прагараць? У меру хістання самога фронту хістаўся і іх настрой. Упадніцкія думкі іх праходзілі, калі верх бралі палякі, асабліва настрой іх падняўся тады, калі часці Чырвонай Арміі змушаны былі зноў адысці за Прыпяць і калі прайшла весць, што палякі ўзялі Кіеў. Яшчэ болей павесялелі Бруй і Бірка, калі войт прынёс паведамленне, што супраць партызан дзеда Талаша палякі высылаюць войска, што на чале яго становіцца сам павятовы «камісарж» пан Крулеўскі. Пан Крулеўскі – афіцэр. Ён добра ведае мясцовасць, а яго маёнтак таксама свяціў небу ў тую страшную ноч. З гэтага выходзіць, што пан Крулеўскі пастараецца.

Весць аб карным батальёне пана Крулеўскага не мінула вушэй дзеда Талаша і яго ваяк. Партызаны мелі дасканалую інфармацыю аб усім, што чынілася іхнімі ворагамі. Кожны польскі наезд, кожная экзекуцыя, выбіванне харчоў і падаткаў, паяўленне дзе-небудзь у вёсцы польскай паліцыі, польскіх салдат – усё гэта станавілася вядомым партызанам, і яны рэагавалі на ўсё гэта раптоўным паяўленнем там, дзе іх не чакалі.

У глухім лесе, адгароджаным непрыступнымі балотамі, мелі нараду партызанскія атаманы і іх выдатнейшыя памочнікі. Гаварыў дзед Талаш партызанскаму войску:

– Таварышы грамада! Насоўваецца ліха на нас. Пасылаюць польскія генералы на нас войска; цэлы батальён, а за камандзіра паставілі пана Крулеўскага. Сказалі яму – што хочаш, а войска іхняе знішч усё да аднаго чалавека. А іхняга атамана, старога Талаша, і хто іншыя камандзіры, прывядзі жывымі. Вось, таварышы грамада, з чым ідзе на нас пан Крулеўскі. У яго бацькі я пасвіў гавяду, а сынок хоча, каб я на старасць папасвіў панскія вошы ў астрозе, а потым паздзекавацца з мяне і іншых нашых камандзіраў і ўжо тады пазабіваць нас.

– А скулу ім у бок! – вырваўся з партызанскай грамады голас, поўны злосці і абурэння.

– То як жа будзе, таварышы грамада? – дзед Талаш хоча ведаць настрой свайго войска.

– Іх саміх перабіць, як шалёных сабак!

– А пана Крулеўскага на асіне павесіць! – загула партызанская грамада.

– Дык будзем ваяваць з імі?

– Ваяваць, біцца да апошняга чалавека.

– Добра, добра, хлопчыкі! Дзякую вам, таварышы грамада! Дык будзем ваяваць. У нас ужо ёсць свае думкі, як ваяваць. Але тут я вам не скажу пра іх. I хвоя можа мець вушы.

– Мы верым табе, бацька, і нашым камандзірам.

Дзед Талаш зняў шапку і бліснуў лысаю галавою.

– Дык старайцеся ж, сокалы! Зорка глядзіце, чутка слухайце і рабіце ўсё тое, што скажуць вам камандзіры.

– Будзем глядзець, будзем слухаць і рабіць усё так, як нам скажуць,– дружна адгукнуліся партызаны.

Сакрэтна і патаемна рушыў у паход пан Крулеўскі на чале свайго батальёна пры чатырох лёгкіх гарматах з кулямётамі. Ехаў ён горда, пышліва, як праслаўлены ваяка. Нібы танцаваў пад ім гняды стаенны конь, як лебедзь, выгнуўшы пругкую шыю. Пану Крулеўскаму здавалася, што на яго цяпер пазірае ўвесь свет, і пышлівасці яго не было канца.

Не даходзячы Вепраў, батальён спыніўся. Батальён налічваў соцень шэсць салдат. Пан Крулеўскі сабраў паноў афіцэраў і падрабязна вылажыў ім свой стратэгічны план, размеркаваў пазіцыю, даў кожнаму аддзелу сваю баявую задачу, назначыў пункт, да якога павінен рухацца батальён, расчлянёны на тры часткі, даў падробныя інструкцыі кожнаму начальніку, паклапаціўся аб сувязі між паасобнымі аддзеламі, словам, нічога не ўпусціў з-пад увагі. Аддаючы гэтыя загады, пан Крулеўскі пачынаў сам пераконвацца, што ён не толькі дасканалы камандзір батальёна, а мог бы камандаваць і дывізіяй, і, быць можа, нават яшчэ лепей, як батальёнам: ваяцкай творчасці яго было б там болей разгону.

Батальён непасрэдна пераходзіў на палажэнне разгорнутых баявых часцей, гатовых пачынаць бой, хоць праціўнік яшчэ не быў знойдзены. Задача, пастаўленая батальёну панам Крулеўскім, была такая: ахапіць «жалезнымі лапамі» надпрыпяцкую пушчу, дзе хаваліся партызаны, і ніводнаму з іх не дазволіць выйсці з яе. Батальён потайкам уночы абышоў Прымакі і Вепры і схаваўся ў лесе, выставіўшы варту і рассыпаўшы дазоры, і ў баявым парадку запыніўся на начлег у лесе.

Саўка Мільгун, тоячыся дома, дачуўся аб карным батальёне. Страх папасціся ў панскія рукі змусіў яго падацца ў лес. У тую ж ноч ён сабраўся, палажыў у берасцяную кайстру хлеба і ў поўнач рушыў у дарогу. Ужо каля лесу яго аклікнуў вартавы і загадаў спыніцца. «Няма дурняў спыняцца!» – сам сабе сказаў Саўка і так драпануў у лес, што толькі вецер засвістаў каля вушэй. Салдат выстраліў. Саўка падскочыў ад страху, але тут жа сказаў сам сабе: «Трасцу ты пацэліш». На ўсходзе сонца ён быў ужо далёка ад Прымакоў і сядзеў у жарале старога дуба. Гэта схованка яму дужа спадабалася. Яму толькі прыйшла ў галаву страшная думка: а што, калі палякі падсмаляць гэта жарало? У Саўкі не было акрэсленага плана. Планы і камбінацыі давалі яму тыя ці іншыя праявы. Так вось і цяпер: ён не пайшоў бы ў лес і не зашыўся б у гэта жарало, калі б не карны батальён. Седзячы ў жарале дуба, ён агледзеў дзірачку. Праз яе ледзь-ледзь прабіраўся пучочак святла вясенняй раніцы. У гэтым месцы быў калісь сук. Цяпер ён згніў. Саўка пракалупаў нажом шырэй шчылінку і зрабіў з яе вочка, праз якое можна было згледзець сёе-тое з таго, што рабілася ў лесе.

Першы дзень баявых дзеянняў батальёна пана Крулеўскага не даў ніякіх вынікаў. Разведка, высланая ў лес, не вярнулася. Ці яна заблудзіла ў лесе, ці папала ў партызанскую засаду, ці проста дэзерціравала – асталося невядомым. Пан Крулеўскі аддаў батальёну загад прасунуцца глыбей у лес і заняць новыя пазіцыі. Сам ён са сваім штабам і сваім аддзелам, якім кіраваў непасрэдна, заняў цэнтр пазіцыі. Адной групе войска загадаў рассыпацца ў баявы ланцуг, ахваціўшы адно крыло надпрыпяцкай пушчы, і прайсці яе, трымаючы кірунак на цэнтр пазіцыі. Пан Крулеўскі меркаваў, што баявы ланцуг, прайшоўшы пушчу, зрушыць і напужае партызан, і яны будуць уцякаць у другое крыло, дарогу, якую ён пераняў сваім войскам. Вось тут, думаў ён, і будзе ім лазня. Такі манеўр болей дадаваўся для палявання на зайцоў, па часці якога пан Крулеўскі быў спец, чым для вайны з партызанамі. Не даў жаданага спаткання з партызанамі і другі дзень знамянітай аперацыі пана Крулеўскага, але ў гэты дзень здарылася адна даволі цікавая акалічнасць, абяцаўшая багатае жніво на ніве вайны: разведка затрымала ў лесе дужа фацэтнага чалавека-жабрака, ці то прыдуркаватага валацугу. Сядзеў ён каля дарогі, пад дзеравам, увесь тросся ад страху. Адзеты ў лахманы, абвешаны торбамі, з даўгою арэхаваю палкаю, ён па абліччу нагадваў нейкага ляснога гнома, і асабліва дзіўная была ў яго сівая бародка, збітая ў касмыкі.

– Ты хто такі? – запыталі яго салдаты.

– Ніхто. Чалавек.

– Адкуль ідзеш?

– З Петрыкава.

– Куды ідзеш?

– Нікуды.

– А чаго ты трасешся?

– Напалохалі мяне.

– Хто напалохаў?

– Не ведаю: можа людзі, а можа чэрці.

Яго павялі да пана Крулеўскага.

– Сконт ты ест? – запытаў пан Крулеўскі.

– Га? – не зразумеў пытання дзед.

– Адкуль ты?

– З лесу, адкуль жа я? – спакойна адказаў дзед і плюнуў некалькі разоў. Ён апусціў уніз галаву і, відаць, нешта сам сабе думаў.

– А ты ж казаў, што ідзеш з Петрыкава?

– Ну але, з Петрыкава, – матнуў галавою дзед.

– А цяпер ты кажаш, што ідзеш з лесу.

– Ну і з лесу.

– А хто напалохаў цябе?

– Напалохалі, ой, напалохалі! – ажывіўся дзед і плюнуў разы са два.

– Хто напалохаў?

– Ну хто ж? Яны – чэрці... з дрыгвы павылазілі. А дрыгва там вялікая! Людзі не ходзяць па ёй, бо калі ступіш на яе, дык ужо наверх не выберашся. Не, не выберашся.

– Раскажы нам падрабязна пра іх. Мы ніколі не бачылі чарцей.

– Кінь, панок, пытацца пра іх: сніцца паганыя потым будуць.

Але дзеда ўгаварылі расказаць пра чарцей.

– Іду я, мае мілыя паночкі, – пачаў стары, – аж зірк – выходзіць адзін, ды такі ж страшны, чорны! А на грудзях у яго накрыж цэлыя маністы ладункаў навешаны. З выгляду нібыта і чалавек, але скуль жа там чалавеку быць? Такая немарач, нетра, глухмень. Неба з-за лесу не відаць, а збоку – балота, ды такое дрыгвяністае, што толькі там і жыць ім. Страх мяне агарнуў. Стаю, пазіраю. А яны як шугнуць з балота ды як зарагочуць, убачыўшы мяне,– скура на мне шорхнула. Кінуўся я ўцякаць, хавацца. А яны за мною. «Стой!» – крычаць. Дагналі мяне, абкружылі. А мне і вочы туман заслаў. «Хто ты такі? Куды ідзеш? Хто падаслаў цябе сюды?» I ўсё напіраюць, чаго я ў іхняе пекла трапіў? Пусцілі мяне... «Ідзі,– кажуць,– ды глядзі, нікому не кажы, што бачыў тут: раскажаш – у багну ўкінем». I толькі як пусцілі мяне, успомніў тады, што я – хрышчоны чалавек. Стаў я хрысціцца ды пацеры шаптаць, бадай іх немач пабрала...

– Лжэш, галгане! – крыкнуў пан Крулеўскі і схапіў старога за бараду. Збітая ў касмыкі дзедава барада засталася ў панскай руцэ.

– Што ж ты скажаш цяпер? – запытаў яго пан Крулеўскі, сунуўшы ў нос безбародаму дзеду касмыкі яловага моху.

Пераадзеты партызан маўчаў.

– Ты прыйшоў шпіёніць? Прызнавайся, лайдак.

– Панок, прызнаюся, – бухнуў у ногі пану Крулеўскаму выкрыты партызан, – мяне паслалі на разведку. Вось я сабе і думаю, дай пайду, але назад не вярнуся, уцяку дамоў і кіну ўсё гэта. Ці ж мы, простыя мужыкі, можам ваяваць з такім войскам, як польскае? А калі дачуліся, што супраць нас ідзе сам палкоўнік пан Крулеўскі, дык на нас напаў страх, і пачало наша войска разбягацца. А рэшта пазашываліся ў такія трушчобы, што хутчэй з голаду паздыхаюць, чым іх знойдуць там.

– А, пся маць! Цяпер толькі розуму дайшлі,– не сунімаўся пан Крулеўскі, але ён значна памякчэў, калі пачуў такую атэстацыю польскаму войску, калі яго назвалі палкоўнікам,– ён быў у чыне капітана.

– А для чаго ж ты ў жабрака пераапрануўся?

– Паночак, думаў, што жабрака не запыняць: жабракоў шмат ходзіць цяпер.

– Не веру, пся крэў!

– Панок! Праўду кажу! Няхай не пабачу я ні свету, ні дзяцей, калі лгу. Абрыдла мне ўсё гэта.

– А ты пакажаш мне тое месца, дзе хаваюцца вашы разбойнікі?

– Баюся, панок: усё роўна заб'юць мяне, калі даведаюцца. Я лепей раскажу, як зайсці туды.

– Не, ты мусіш паказаць сам гняздо сваё,– не адступаўся пан Крулеўскі, – не пойдзеш, тут жа загадаю расстраляць цябе.

Выкрытага партызана ўзялі пад строгую варту. Як ні адбрыкваўся ён, але змушаны быў паказваць месца прыпынку партызан.

У сувязі з гэтым пан Крулеўскі злажыў новы план. Дзвюм ротам аддаў загад заняць усе праходы, а сам з галоўнымі сіламі рушыў к дрыгвяністаму балоту, дзе туліліся партызаны. Пасоўваліся даволі марудна. Узяты пад стражу партызан сумленна паказваў дарогу. Не давяраючы яму, пан Крулеўскі пасылаў на разведку месца і дарог.

Прайшоўшы вёрст пяць, разведка данесла, што ў лесе знойдзена свежае вогнішча і вытаптана месца вакол яго. Каля вогнішча былі знойдзены і рэшткі партызанскай папаскі: скарынкі хлеба, лупіны ад бульбы. Пан Крулеўскі сам агледзеў яго. Праваднік пацвердзіў, што гэта партызанскае вогнішча, і нават паведаміў, што непадалёку ёсць яшчэ некалькі вогнішчаў. Усе яго паведамленні пацвярджаліся. Рух войска яшчэ болей замарудзіўся, і праваднік сказаў, што месца партызанскага схову ўжо недалёка.

А лес глушэў болей і болей. Часцей пападаліся забалочаныя нізіны, заваленыя вываратамі і гнілымі калодамі. Сам пан Крулеўскі, афіцэры і салдаты заметна хваляваліся. У такім напружаным стане прайшлі яшчэ з паўгадзіны. Нарэшце праваднік падаў знак спыніцца.

– Там! – ціха сказаў ён і паказаў рукою на прагаліну ў лесе.

Пан Крулеўскі запыніў галаву калоны і падаў знак падцягнуць войска. Афіцэры сабраліся вакол свайго начальніка і чакалі распараджэнняў. Пан Крулеўскі пачаў аддаваць загады ротным камандзірам. I раптам густы траскучы залп з тылу, а потым і з правага фланга перарваў дачу гэтых загадаў. Некалькі дзесяткаў салдат упала. Град куль са змяіным піскам завыў над галовамі афіцэраў, вырваўшы з іх групы трох чалавек адразу, і стукнуўся ў галіны і камлі дрэваў. Салдаты рынуліся, хто ўрассыпную, хто збіваючыся ў кучы, а хто без каманды кладучыся на зямлю ці хаваючыся за дрэва. Узводы і роты перамяшаліся. Тры салдаты, вартаваўшыя правадніка, кінуліся таксама наўцёкі.

У гэтай мітусні пераадзеты ў жабрака партызан Марка Балук шчасліва далучыўся да сваіх байцоў.

Пан Крулеўскі кідаўся сюды і туды, угнуўшы галаву, штось крычаў, але ніхто яго не слухаў.

Адзін толькі паручык Жыгалкоўскі не згубіў галавы. Ён кінуўся да свайго ўзвода, падаючы каманду лажыцца і рассыпацца ў баявы ланцуг. Але ў гэты ж момант меткая партызанская куля яго самога палажыла на дол, і ўзвод яго быў захоплен агульным патокам сумятні і панікі. Пад несупынным агнём, у мітусні і бязладдзі займалі палякі пазіцыі, але іх выбівалі невядомыя ворагі, не давалі ім часу замацавацца. Толькі ў адным месцы запынілася група салдат з двума афіцэрамі, паставілі кулямёты і адкрылі бурны агонь, секучы кулямі камлі старога лесу, стрымліваючы партызанскі напор.

– Забраць кулямёты! За мною! – крыкнуў Мартын Рыль. Сам уперадзе, а за ім чалавек трыццаць партызан рынуліся на кулямёты. Крокаў дваццаць аддзялялі Мартына Рыля ад жаданай мэты. Польскі афіцэр, сам страляўшы з кулямёта, страляў да апошняй мінуты. Тры кулі ўрэзаліся ў шырокія Мартынавы грудзі. У гарачцы атакі абмінулі яго партызаны, пакідаючы за сабой сцятых кулямётам таварышаў. Дабеглі, штыхамі і прыкладамі перабілі кулямётную каманду і зацятага афіцэра-кулямётчыка.

З другога боку партызанская лавіна кінулася на фланг палякаў. Не вытрымалі палякі, кінуліся бегчы, але дарогу ім перагарадзіла дрыгвяністае балота. Некалькі салдат з гарачкі і страху скочылі ў балота і праваліліся ў багну з галовамі. А партызаны гусцей і цясней зажымалі свой грозны круг. Пакідалі салдаты стрэльбы, пападымалі рукі. Бледны і перапалоханы, стаяў пан Крулеўскі адзін збоку, не палажыўшы зброі і не падняўшы рук угору.

– Ану, сынкі, выходзьце на пляц! – сказаў польскім салдатам дзед Талаш. Стаяў ён і пазіраў, як горды арол палескіх пушчаў. На грудзях яго блішчалі стужкі патронаў, апяразваючы крутыя дзедавы грудзі двума шырокімі паясамі. У адной руцэ трымаў ён «настаяшчую» ваенную стрэльбу, апёршы яе прыкладам на імшысты дол. Побач з ім таксама з патроннаю стужкаю цераз плячо стаяў яго меншы сын Панас і ўсе партызанскія камандзіры. Не было толькі сярод іх Мартына Рыля.

– А ты, пан, што ж не складаеш зброі? Ці ваяваць яшчэ хочаш? – запытаў дзед Талаш пана Крулеўскага. Той моўчкі зняў шаблю і рэвальвер і аддаў іх партызанам.

– Ну, чый жа ты цяпер падданы? – прыгадаў яму дзед Талаш тое ж пытанне, што сам ад яго чуў колісь. Пан Крулеўскі маўчаў.

– Вядзіце іх туды, – вялікім пальцам левай рукі паказаў у лес стары атаман. – I яго вядзіце! – кіўнуў ён на пана Крулеўскага.

Пана Крулеўскага вялі асобна ад салдат. З афіцэраў адзін толькі ён і застаўся: усе яны палі ў часе бою.

На маленькай гарбінцы зямлі, шырока раскінуўшы нерухомыя рукі, ляжаў грамозны чалавек. Смерць налучыла яго тады, калі з невялікай западзінкі выбягаў ён на гэты гарбок зямлі. На левай руцэ яго, ніжэй локця, ляжаў неразлучны яго спадарожнік, загранічны карабін. Бледны твар забітага героя-партызана, абернуты к небу, слепа глядзеўшаму на зямлю скрозь густыя макушы старога лесу, быў урачыста спакойны. Суровыя складкі на лбе разгладзіліся, і строгі былі яго самкнёныя губы і выгнутыя чорнымі дужкамі вусы на іх.

Нежывою групаю трохі далей ляжалі забітыя партызаны.

Дзед Талаш акінуў іх смутнымі старымі вачыма. Ён спыніўся над трупам свайго вернага таварыша і панура звесіў над ім пасівелую галаву. Ні на кога не гледзячы, гаварыў дзед Талаш словы развітання над трупам свайго друга і забітых таварышаў.

– Не падымецеся болей, мае саколікі, на голас ваяцкай трубы! Мартыне, мой голубе! вырваўся ты з панскай няволі, і гэты карабін, што лёг на тваю нежывую руку, здабыў ты, баронячы сваю волю. Расплюшч жа, мой голубе, вочы ды зірні: вунь ён, вораг наш, стаіць, апусціўшы вочы. Не ўдалося яму забраць нас жывымі... Спачывайце ж, сокалы мае родныя, і не турбуйцеся: не загіне наша справа, – мы будзем вартаваць яе пільна, і дзяцей вашых мы не пакінем.

Дзед Талаш змоўк і нізка апусціў галаву.

– Капайце, таварышы грамада, магілу: пахаваем іх!

Падняў дзед Талаш вочы, зірнуў на польскіх салдат.

– А вы, сынкі, што ж? Паны ці панскія слугі, што прыйшлі занявольваць нас, гарапашніцкую галечу?

З натоўпу палонных выступіў салдат.

– Бацька-камандзір! Вярні мне волю і стрэльбу: з вамі плячо ў плячо я буду ваяваць.

I яшчэ выступіў адзін з палонных. Падышоў да Панаса.

– Ці пазнаеш ты, хлопчэ, мяне? – запытаўся і ўважна паглядзеў Панасу ў вочы. Панас паглядзеў на яго і радасна ўсміхнуўся.

– Бацька! Вось ён, той самы салдат, што выпусціў мяне з астрога!

Зірнуў дзед Талаш на пана Крулеўскага.

– Бачыш, пан: твае салдаты на наш бок пераходзяць, і ўсе яны пяройдуць, калі дазнаюцца праўду.

I яшчэ адзін чалавек стаяў адзінока ў лесе, наглядаючы гэту сцэну. Ён хацеў падысці сюды і сказаць сваё слова, але не адважыўся. Чалавек гэты быў Саўка Мільгун.


Вастраносы човен шыбуе ўпоперак Прыпяці. Два чалавекі сядзяць у чоўне. Адзін малады, курносы, з узбітым чубам, не спяшаючыся, рытмічна, узмах за ўзмахам гоніць човен. Другі важна сядзіць на пярэдняй частцы чоўна. Пад пахаю ў яго партфель. Шмат гадоў запісалі часы ў маршчынах яго твару, у глыбокіх складках на высокім ілбе. Удумліва пазіраюць кудысь углыб, відаць у мінулае, яго цёмныя, яшчэ жывыя і вострыя вочы. Гэта – дзед Талаш, старшыня сельсавета. Човен гоніць яго сакратар, Самок з Вепраў. Адпачывае дзедава «настаяшчая» стрэльба, ужо астыўшая ад гарачыні зацятых боек па дзікіх трушчобах Палесся. Цяпер у дзеда Талаша другі клопат, іншыя мыслі, але гэта шырокая Прыпяць будзіць дзедавы ўспаміны аб нядаўнім мінулым.

– А помніш, Самок, як лоўка вырвалі мы батальён таварыша Шалёхіна з польскіх лап і пераправілі на той бок?

Самок весела падымае шэрыя вочы, і ў вокнах іх іскрыцца смех.

– Паднеслі ім, называецца, дулю пад нос... Ну, дзівіліся ж яны, куды зніклі чырвонаармейцы!

Дзед Талаш толькі ў вус пасміхаецца.

– Ну, а як ты мяркуеш, голубе: ці пойдзе наша гуртовая гаспадарка?

– А чаму не пойдзе? Зямля ёсць, коні ёсць, рабочых рук хапае... Пойдзе! – і ўпэўненасць чуваць у сакратаровым голасе.

– Эге ж! I я думаю, што пойдзе.

Па справе «гуртовай» гаспадаркі едуць яны ў валвыканкам, каб аформіць яе. Гуртам надумаліся залажыць яе. Яна практычна развязвае цэлы клубок турботных пытанняў аб дапамозе сем'ям забітых партызан: Мартына Рыля, Кандрата Буса і іншых. У гэту гаспадарку адводзяцца землі Кандрата Біркі і Сымона Бруя. Іх судзілі пралетарскім судом і засудзілі на высылку. Войта Васіля Бусыгу ў «расход» вывелі, як зацятага контррэвалюцыянера. Аўгіня не захацела аставацца на Васілёвай гаспадарцы, аддала «грамадзе» ўсю маёмасць і падала заяву, каб і яе прынялі ў «гуртовую» гаспадарку. Абмеркавалі заяву, узялі пад увагу Аўгініную заслугу перад партызанамі і пастанавілі – прыняць.

Шуміць і гамоніць Савецкае Палессе, і новыя акорды чуваць у гэтым шуме і ў гэтым гомане. Прынікае вецер гарачым тварам да шырокіх, анямелых у сваім адвечным застоі балот і шэпча зялёнай жорсткай траве на купінах аб тым, што ідзе сюды новы, савецкі чалавек, каб парушыць іх зняменне, каб абярнуць іх у багатыя лугі і нівы. Гуляе вецер над купчастымі макушамі палескіх пушчаў, калыша галіны над свежымі курганамі-магіламі, параскіданымі на высокіх пясчаных выспах, і толькі ён адзін, гэты вольны баян, апявае славу пахаваных у курганах-магілах ды складае людзям песні аб сейбітах буры і змагання.

Над дрыгвяністым балотам узнімаецца выспа, на выспе – курган. Высокі і шырокі слуп, старанна ачэсаны партызанскаю сякераю, вартуе гэту магілу-курган. На дубовым слупе выразаны рукою няхітрага разьбяра два словы: «Мартын Рыль». На магіле ляжыць просты вянок з жывых кветак Палесся. Сюды зрэдку, у вольныя дні, прыходзяць дзве жанчыны: маці і дачка. Адкрыла маці дачцэ сваю тайну, праўду аб тым, хто яе бацька. У засмучэнні падымае Алеся сваю чарнявую галоўку на высокі дубовы слуп. Гэта яна прыносіць на магілу вянок жывых кветак. Моўчкі ідуць яны ад магілы, адна ў засмучэнні аб тым, што было, другая ў радасным усведамленні, што сапраўдны бацька яе – герой-партызан.

Праходзяць гады. Дзеду Талашу цяпер восемдзесят гадоў з хвосцікам. Трудна ўжо яму займацца грамадскаю работаю, але без работы ён застацца не хоча. Ён – вартаўнік на Прыпяці. Яго работа – даглядаць і запальваць ліхтары нанач. Дзед Талаш любіць успамінаць сваё партызанства. Як вынік тых успамінаў і з'явілася аповесць «Дрыгва». Канчаючы яе, я хачу сказаць людзям пра адно моцнае дзедава жаданне, якім ён жыве цяпер: дзед Талаш дужа хоча пабачыць таварышоў: Сталіна, Варашылава і Будзённага. І яшчэ адзін штрышок да абрысоўкі постаці старога партызанскага атамана.

Калі дзеду Талашу напомніць аб ворагах савецкай улады і аб вайне супраць яе, тады ён выпрастае прыгнутую гадамі спіну, зірне па-арлінаму.

– Го! Я сеў бы на каня і паказаў бы яшчэ, чаго варт стары Талаш!


Мінск, 9/ХІ 1933 г.