Друк Скарыны і друк сучасны
Друк Скарыны і друк сучасны Артыкул Аўтар: Рамуальд Зямкевіч 1917 Крыніца: Вольная Беларусь - 1917 - №15 |
Перагледаючы кніжкі, друкаваные Скарынай і параўнаючы іх з іншымі сучаснымі з імі выданьнямі, — мы мусім прыйсьці да перакананьня, што друкарскае штукарства Скарына падняў да такой вышыні, да такога дасканалага хараства, якога ні да яго, ані нават у час яго выдавецкай працы ці было нігдзе.
Гэткую заслугу нашага Скарыны прызналі ужо усе вучоные, якіе толькі глядзелі з пункту хараства ці навукі на яго выданьня.
Кніжкі Скарыны усе вялічынёю у 4-ку (чацьвёртая часьць аркуша паперы), набор літэр на страніцы 20 або 22 строчкі [вершы]; вялічыня у міллімэтрах: уздоўж 140, у шырыню 109. Чаму Скарына выбраў гэткі фармат кніжак — німа ведама. Мусі быць хацеў, каб кніжкі яго былі малые, а дзеля таго і танные, значыцца, даступные і бяднейшым людзям. Папера кніжак добрая, трывалая, мае водзячые знакі: бычачая галава, крыж і кружок с крыжам.
Сам шрыфт літары выданняў Скарыны ні падобны да шрыфту таго часу. Відаць, шрыфт быў прыдуман ды нарысован самым Скарынай ды павэдлуг яго рысунку вырэзаліся асобныя літэры. У кніжках вялікія літэры усе прыгожыя, пры іх нарысаваны кветкі, лісьці, зьверы, як, напрыклад, каза пры літэры К, людзі, а нават і гэрб Скарыны пры літэры Ч. Застаўкі ды канчаткі амаль усе маюць гэрб Скарыны, так сама і гравюры. На гравюрах вопраткі людзей сучасныя, багатыя. Такія вопраткі насілі знатныя людзі як у Чэхіі, Нямеччыні так і на Беларусі. Аб усіх гэтых рысунках можна напэўна сказаць, што рысованы яны самым Скарынай, дзеля чаго і адзначаны яго гэрбам. Гэрб Скарыны: сонца ды поўмаладзік разам злучэныя. Які кароль, калі і дзеля якой заслугі даў Скарыні гэты гэрб — вестак ні маем.
Дарэмна мы шукалі гэтага гэрбу у гэрбоўных польскіх кніжках: яго там німа. Растлумачыць гэта лёгка: польскі гэрбоўнікі ні маюць ані сотай часткі гэрбаў беларуска-літоўскіх. Палякі чужымі гэрбамі і не цікавіліся, свае заўсёды ставілі высока, а на беларускае і літоўскіе гэрбы глядзелі, як на гэрбы дзікіе. У нас пашыраны пагляд, што калі Уладыслаў Ягелла злучыў Літву-Беларусь з Польшай, дык нашые паны-магнаты ды баяры дасталі польскае гэрбы, усе прывілеі ды і простых людзей у падданства. Што датычэ гэрбаў — гэта ні зусім праўда, дзеля таго, што і у беларусаў і у літвіноў былі свае радавыя знакі, ужываные на ваенных штандарах [сьцяг] хаця, разумеецца, ні усе іх мелі дый ужывалі. Вось гэтыя радавыя знакі і ужывалі даўней, як гэрбы.
Калі параўнаць польскія гэрбы з беларускімі ці літоўскімі, ясна відаць, што мы атрымалі ад братоў палякоў, а што маем свайго. Німа чаго і казаць, што нашых гэрбаў шмат.
Праўда, навука мала зусім таркалася гэрбоў, гісторыя, як цэлага нашага краю дык і аддзельных беларускіх родаў, знаходзіцца яшчэ у пялёнках, ало усёткі кожны хто цікавіцца мінулым Беларусі, шмат цікавага знаходзе.
Пры Бібліі Скарыны ёсьць і яго партрэт. На партрэці Скарына сядзіць перад столікам і піша. З левага боку пры ім цэлые фоліанты кніг, з бакоў, каля галавы, зьмешчаны гэрбы пратэктароў мэцэнатоў Скарыны. На зямлі, с правага боку Скарыны, стаіць пляцёны кошык. Гэткія кошыкі і дагэтуль спатыкаем у селян-беларусаў у ваколіцах Полацку.
Калі параўнаць друк Скарыны з друкам сучасным беларускім, дык сумна робіцца на сэрцы. Кніжкі Скарыны так прыгожа выданы, что нашых ані параўнаць з імі. Але ня ў тым справа. Кніжкі Скарыны да нас дайшлі, а ці дойдуць нашыя цяперэшнія, беларускія друкі да нашых праўнукаў праз 400 гадоў? Напэўна не! Папера Скарынінскіх кніжак, як мы ужо казалі, моцная, трывалая; нашая ж папера фабрыкаваная кепска, с саломы, з дзерэва, яна ужо праз нейкіх 100 гадоў разсыпецца, як пясок, і сьледу нашае працы для нашых патомкаў ні астанецца!
Якая на гэта рада?
А вось якая. Трэба старацца; каб кожны друк, кожная кніжка была адбіта на лепшай, моцнай ды трывалай паперы хоць у 25 экзэмплярах. Такіе кніжкі павінны быць разасланы па сьвеці у вялікіе бібліотэкі, дзе яны будуць старанна захаваны і для патомкаў астануцца.
Апроч гэтага, мы мусім стварыць і сваю нацыанальную беларускую бібліотэку, дзе павінны быць сабраны усе беларускае кніжкі. Залажэньнем гэтага нацыанальнага фундамэнту павінна заняцца Беларускае Навуковае Таварыства імяні Ф. Скарыны.
Калі мы маем быць праўдзівым народам ды ісьці уперад с культурай і цывілізацыяй, мы мусім залажыць навуковае таварыства, а пры ім нацыанальную бібліятэку і музэй.
Да гэтай працы і клічам мы усіх свядомых лепшых сыноў Беларусі.