Другая Ўстаўная грамата

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Другая Устаўная грамата)
Jump to navigation Jump to search
Першая Ўстаўная грамата Другая Ўстаўная грамата
Аўтар: Рада БНР
Трэцяя Ўстаўная грамата


Другая Ўстаўная Грамата

да народаў Беларусі

У часе сусьветнай вайны‚ што бурыць адны моцныя дзржавы і аслабляе другія‚ абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля трох з паловаю вякоў няволі ізноў на ўвесь сьвет кажа беларускі народ аб тым‚ што ён жыве і будзе жыць. Вялікі народны Збор — Усебеларускі Зьезд 15—17 сьнежня 1917 року‚ дбаючы аб долі Беларусі зацьвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад. Выпаўняючы волю Зьезду і баронячы дзяржаўныя правы народу‚ Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду гэтак пастанаўляе аб дзяржаўным устроі і аб правох і вольнасьцях яе грамадзян і народаў:

  1. Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай.
  2. Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі‚ скліканы на асновах агульнага‚ роўнага‚ простага‚ патаёмнага і прапарцыянальнага выбарчага права‚ не зважаючы на род‚ народнасьць і рэлігію.
  3. Да часу‚ пакуль зьбярэцца Устаноўчы Сойм Беларусі‚ заканадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Усебеларускага Зьезду дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў Беларусі.
  4. Спаўняючая і адміністрацыйная ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сакратарыяту Беларусі‚ які назначаецца Радаю Зьезду і перад ёю трымае адказ.
  5. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчаецца вольнасьць слова‚ друку‚ сходаў‚ забастовак‚ хаўрусаў; безумоўная вольнасьць сумленьня‚ незачэпнасьць асобы і памешканьня.
  6. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі.
  7. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі права ўласнае ўласнасьці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца бяз выкупу тым‚ што самі на ёй працуюць. Лясы‚ вазёры і нутро зямлі абвяшчаюцца ўласнасьцю Беларускай Народнай Рэспублікі.
  8. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўстанаўляецца найбольшы 8-гадзінны рабочы дзень.

Абвяшчаючы ўсе гэтыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларускай Народнай Рэспублікі‚ мы‚ Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду‚ абавязуемся пільнаваць законнага парадку жыцьця ў Рэспубліцы‚ сьцерагчы інтарэсаў усіх грамадзян і народаў Рэспублікі і захаваць правы і вольнасьці працоўнага люду. А таксама даложым усіх сілаў‚ каб склікаць у найбліжэйшым часе Ўстаноўчы Сойм Беларусі.

Усіх верных сыноў Беларускай Зямлі клічам памагчы нам ў цяжкой і адказнай нашай працы.

Спаўняючы Камітэт Рады 1-га Ўсебеларускага Зьезду

Выдана ў Менску-Беларускім 9 сакавіка 1918 року.