Драматычныя паэмы (Клімковіч, 1947)/Кацярына Жарнасек
← Георгій Скарына | Кацярына Жарнасек Драматычная паэма Аўтар: Міхась Клімковіч 1947 год |
На Віленскім шляху → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кацярына Жарнасек. |
КАЦЯРЫНА ЖАРНАСЕК
Акт I
[правіць]
ЧАС ДЗЕІ
Дзея адбываецца ў сярэдзіне ХVІ стагоддзя. Гэта быў час, калі пры каралю Сігізмундзе-Аўгусце II, апошнім з роду Ягела, узмацніўся прыток на Беларусь польскага панства, абшарнікаў і чыноўнікаў, які закончыўся Люблінскай уніяй, аддаўшай Беларусь на канчатковае разграбленне польскім магнатам і шляхце. У гэты-ж час адбыўся перамер сялянскіх зямель памешчыкамі, як для таго, каб больш поўна абкласці іх падаткамі, так і для таго, каб лепшыя землі адрэзаць ад сялян і арганізаваць уласныя запашкі памешчыка. Гэты памер суправаджаўся масавым запрыгоненнем сялян, пазбаўленнем іх і той куртатай асабістай незалежнасці, якой многія з іх дагэтуль карысталіся. Зямля, на якой жыў селянін, была ўжо дагэтуль захоплена беларускай, літоўскай і польскай шляхтай, ці раздадзена гэтай шляхце каралём. Аднак асабістую незалежнасць згубіла толькі «чэлядзь», «халопы» (галоўным чынам з палонных), або «закупы», г. зн. стаўшыя прыгойнымі за пазыку. «Пахожыя» людзі мелі права пераходу ад пана да пана пасля выплаты адыходнага. Часта селянін не меў гэтага «адыходнага» і тады адыходнае плаціў за яго пан, да якога селянін перабіраўся (залічваючы гэта ў кабальную пазыку за «звоз»), але часцей за ўсё селянін проста ўцякаў на новае месца. Шляхта, якая набыла ў той час выключную ўладу ў Польшчы (Польшча стала шляхецкай рэспублікай з выбарным каралём на чале), не толькі атрымоўвала ад караля закон за законам, які дазваляў ёй адшукваць збеглых сялян і варочаць іх назад, але ў сярэдзіне ХVІ стагоддзя дабілася канчатковага і амаль пагалоўнага запрыгонення сялян. На гэта сяляне адказвалі або тым, што ўцякалі на Украіну к запарожцам, або падымалі паўстанні супроць «навін», якія ўводзілі абшарнікі. Выключную нянавісць народа ў гэты час здабылі польскія памешчыкі і ксяндзы, якія накінуліся на край, як заваявальнікі і драпежнікі. Становішча сялян рабілася ўсё больш нязносным. Мясцовая беларуская і літоўская шляхта і магнаты, якім польскія парадкі прыходзіліся ўсё больш і больш да спадобы, таксама ўзмацнілі націск на сялян, аднак у мэтах захавання ў сваіх руках большых кускоў зямлі, большых магчымасцей эксплаатаваць беларускага селяніна, мясцовыя магнаты і шляхта былі не супроць таго, каб пайграць на пытаннях рэлігіі, адзінства праваслаўнага народа і г. д. Палякі-ж, сустрэўшыся з першымі спробамі цароў тагачаснай Русі (Васілія III, а потым Івана IV Грознага) адабраць назад ад Літвы Беларусь, ад Лівоніі — бераг Балтыйскага мора, усімі мерамі імкнуліся апалячыць, ці хоць прынамсі акаталічыць Беларусь і Украіну. Народ гарнуўся да адзінаверчай Масквы і ненавідзеў Польшчу, аднак супроць адзінаверных паноў унутры краіны выступаў таксама, як і супроць паноў-католікаў, бо вялікай розніцы паміж імі ў жыцці не бачыў. Аб адным такім паўстанні і прычынах яго расказвае гэтая п’еса. Сюжэт п’есы, прозвішча князя ўзяты з гістарычных дакументаў; ужыты таксама тагачасныя тэрміны, без якіх было цяжка абыйсціся: «дзяржаўца» (службовец, атрымаўшы ад караля ў «дзяржанне» замак або воласць), «дзецкі», пасада якога нагадвае пасаду судовага выканаўцы, «асочны» вартаўнік, «почты» — гайдукі, суправаджаўшыя пана пры выездах для «пачоту», «дым» — сялянскі двор, адзінка пры абкладанні падаткам, «дымоўшчына» — абавязак сялян выходзіць 8 дзён у год на панскую работу па аднаму ад дыму, «бірыч» — ада з назваў для зборшчыка падаткаў, «закупы», «звоз», «пахожыя людзі», «навіна», значэнне якіх растлумачана вышэй, і некаторыя іншыя.
ДЗЕЙЧЫЯ АСОБЫ.
Кацярына Жарнасек — маладая дзяўчына; з сям’і вызваленага з прыгону.
Рыгор Каваль — вольны, працуючы па найму ў князя, каваль.
Князь Іван Капуста — дзяржаўца каралеўскага замка на р. Бярозе.
Ядвіся — яго жонка, з паноў Заенчкоўскіх.
Пан Юзеф Заенчкоўскі — бацька Ядвісі, цесць Капусты, шляхціц з кароннай Польшчы.
Марына — старая мамка князя.
Ясь — гайдук пані Ядвісі.
Адам — старшы гайдук, бацька Яся.
Ксёндз Антоній.
Пан Бобаецкі — суддзя, паляк.
Поп Гаўрыла.
Прузына — маці Кацярыны.
Агата — маці Рыгора.
Дзед Ахрэм — лірнік, які прыехаў з казакамі.
Казакі — сярод іх:
Атаман — Мікола Жарнасек,
Пад’атаман — Івашка,
Стары казак — Юхым,
Першы і другі казакі.
Сяляне і сялянкі — сярод іх:
Дзед Ксаверый,
Пажылы селянін,
Хлапец Антон,
Першы, другі і трэці селянін,
Вясёлая дзяўчына,
Стары селянін,
Старая.
Дворныя слугі і гайдукі, сярод іх:
Уладзік — гайдук пана Заенчкоўскага.
Войт.
Пан Дуля — прапіўшыйся шляхціц.
Пісар суддзі Бобаецкага.
Дзецкі.
Украінскі і беларускі хор.
АКТ І
З’ЯВА І
Прыляцелі гусі з далёкага краю,
Селі яны, палі на ціхім Дунаю.
Пачакайце, гусі, я вас запытаю,
Ці з таго вы краю, дзе мілога маю?
А ці ён запіўся, а ці загуляўся,
Ці з другой у краю у чужым пабраўся?
З’ЯВА II
Рыгор (ідзе з-за капліцы і, жартаўліва перадражніваючы яе, спявае).
Ой, ляцелі гусі ды з-пад Белай Русі,
Селі яны, палі на ціхім Дунаю.
Пачакайце, гусі, я вас запытаю,
Чаму мяне люба за п’яніцу мае?
Чаму бэсціць песняй перад цэлым светам,
Здраднікам, прапойцам, лайдаком адпетым?
Ой, і ў праўду трэба, бачу, зазлавацца,
Хоць на смех у сваты да другой падацца.
Кацярына.
Ты занадта прыткі — зараз ды у сваты.
А чаго-ж, мой любы, бродзіш каля хаты,
Ловіш вухам чуйным ціхі спеў дзявочы?
Сам ты знаеш — з песні не выкінеш слова,
Дык не будзь на подслух гэтакім ахвочым,
Каб не чуць, Рыгорка, пра сябе благога.
Рыгор.
Каб хацеў не слухаць, каб заклала вушы, —
Сэрцайка пачуе — і на спеў твой рушыць.
Кацярына.
Значыць — любіш?
Рыгор.
Моцна!
Кацярына.
А як моцна?
Рыгор (падаецца да яе, хапае і цалуе).
Гэтак!
Кацярына (нібы адбіваючыся).
Ціха, касалапы. На ваччу ў суседак…
Лепш ідзі па справе.
Рыгор.
Я ішоў на поле
Да касцоў, бо песню склаў аб нашай долі,
За работай ў кузні песню схлаў я тую,
І ў народ, як птушку ў звонкі бор, пушчу я.
Хай ляціць, не блудзіць, і дзе толькі будзе,
Хай у кожным сэрцы смагу волі будзіць.
Кацярына (тулячыся да яго).
Не загінь, Рыгорка, па сваёй адвазе —
Гіцляў ёсць ці мала у дзяржаўцы-князя,
Падаткне каторы — і прапаў без веку.
Рыгор.
Эх, ваўкоў баяцца — не бываць у лесе,
Страх нам вораг: гне ён крукам чалавека,
Не дае падняцца. Біць па страху песняй,
Добрай песняй, Каця! Ну бывай. Да зоркі
Пасумуем розна.
Кацярына.
З’ЯВА ІІІ
Кацярына (адна, правяла вачыма Рыгора, сцерла рукой задум з твара, запела).
Пайду я ў садочак,
Там жоўты пясочак,
А на тым пясочку
Ўбачу два слядочкі.
А й адзін слядочак
Каня варанога,
А другі слядочак —
То майго мілога.
Пайду я ў садочак,
Вышчыкну лісточак,
Адшчыкну лісточак,
Прыкрыю слядочак,
Каб па тым слядочку
Людзі не хадзілі,
Каб мне маладзенькай
А во і сапраўды ля вады
Сляды яго — майго Рыгора.
Ён на руках сваіх сюды
У човен нёс мяне учора,
Казаў — «ты лёгкая, як пух»,
А след глыбокі… Мілы, дужы,
Харошы мой, калі мы ўдвух,
Здаецца, цэлы свет мы здужым.
Бяда з табою — поўбяды,
І гора горкае — не горка.
Каханы, любы мой Рыгорка,
Твае сляды…
Каб па тым слядочку
Людзі не хадзілі,
Каб нам, маладзенькім,
Шчасця не разбілі. (Далей гавора.)
А могуць… могуць, злыя людзі
Не маюць бога ў грудзях.
Дзяржаўца-князь тут часта блудзіць,
Яго успомніць — проста жах!
Што ты, сэрца маё баязлівае,
Ўсё трымціш, як лісток на вярбе?
Што прарочыш сабе, нешчаслівае,
Злую долю ў нямой варажбе?
Князю-ж мы і Рыгор не падданыя,
І над намі-ж не волен прыгон —
Не баюся ні чорта, ні пана я!
Чорт і пан…
Вось і ён!
Чур мяне, вось і ён!
З'ЯВА ІV
Капуста.
Добры вечар, Кацярынка,
Прыгажуні прывітанне!
Кацярына.
Добры вечар, ясны пане!
Капуста.
Што-ж ты змоўкла, журавінка?
Песні мне твае па густу,
Мне па густу, прыгажуня, —
Так кажу я, князь Капуста,
Ваш дзяржаўца, так кажу я.
Кацярына.
Дзякуй, літасцівы пане,
Князь, на добрым слове дзякуй,
Нашы песні не ў пашане,
Хто да іх не мае смаку.
Бо пяе іх і нядоля,
І туга, і роспач злая;
Гора з чорнаю няволяй
Песні жалем абвівае.
Не пяецца птушцы ў клетцы…
Капуста.
Чуў я гэта часта-густа,
Часта-густа, прыгажуня!
Калі трэба — запяецца.
Так кажу я, князь Капуста,
Пан дзяржаўца, так кажу я.
Кацярына.
Каб на волі, — ў паднябессе
Паляцелі-б нашы песні.
Капуста.
Што з той волі? Каб да волі
Срэбра-золата даволі.
Ды заморскія каралі!
Каб дзявочы стан прыгожы
Аксаміты увабралі!
Каб былі, як словы пані,
Слугі выканаць гатовы
Тваё кожнае жаданне…
Кацярына.
Дзякуй, князь, за прапановы.
Хай княгіня маладая,
Што ўзрасла ў дабры, ў пяшчотах,
Панства з князем спажывае
На здароўечка, ў ахвоту.
Мне, сялянцы, лепш не знаці
Панскай пані лёсу-долі.
Хай сабе у курнай хаце
І ў бядоце, ды на волі.
Капуста.
Слухай, дзеўчына-нябога,
Чуў я сказ адзін старынны:
Жыў бяздзетны князь. У бога
Аднаго маліў ён — сына.
Даў аброк: хто сына родзіць
Ад яго — халопка, пані, —
Век у золаце праходзіць,
Сын-жа родным сынам стане…
Кацярына.
Чула байку я: дзяўчына
Там была у маладзіцы,
Нарадзіла яму сына
І загінула ў цямніцы…
Капуста.
Сын за тое ўзяў багацце…
Кацярына.
І пракляцце сваёй маці.
Капуста.
Лепш гукні ты мне старую,
З ёй я справу абмяркую…
Ў галаве дзяўчаці пуста;
Жыве сэрцам прыгажуня.
Так кажу я, князь Капуста,
Пан дзяржаўца, так кажу я.
Кацярына (адыходзячы).
Сэрца закована сцюжай каляднаю,
Чула яно, што няшчасце наваліцца,
Стой-жа, бяздольная, стой, беспарадная,
Выйдзі на бераг Бярозе пажаліцца…
Можа яна узбунтуецца хвалямі,
Вецер падхопіць прычыты хаўтурныя,
Неба заплача слязамі-каралямі,
Градам халодным, над хаткамі курнымі.
Толькі да панскага сэрца гадзючага
Не прасачыцца слязінка пякучая.
З’ЯВА V
Капуста.
Ну зараз слёзы да адчаю
І просьба з грозьбай, як заўжды, —
Ці мне не ведаць іх звычаю,
Іх паратунку ад бяды!
Нічога… вычхаецца гора,
Абсохнуць слёзы ў добры час,
То бачу я не ў першы раз.
Дзе не памогуць угаворы,
Там купіць золата і час.
З’ЯВА VІ
Прузына.
Паклон да зямелькі, да матухны пану!
Даруе хай пан, што у хату не клічу —
І цесна, і брудна звычаем мужычым,
Нікога не ждалі, таму не прыбрана.
Капуста.
Нічога, старая. Як дужа, нябога?
Прузына.
А дзякаваць пану і богу! Праз сілу,
Праз сілу цягаю старэчыя ногі,
Пакуль на пакой дацягнуся ў магілу.
Капуста.
Як плаціш у скарб каралеўскі падаткі, —
Бабровы, мядовы, грашовы? З поўдыма
Цягло як спаўняеш? Ці ёсць недаплаткі,
Ці разам з людзьмі?
Прузына.
Мой паночак, куды нам!
Дзе бабе старой за людзямі угнацца:
І пчолка адмерла, і звера не сочым,
І вол захварэў ды у час у рабочы.
Іх міласць кароль хай прабачыць жабрачцы,
Пасеяла жыта без гною поўбочкі,
Вясной ярыны паўтары паўтарачкі,
Дзе-ж грош той узяць мне, ласкавы паночку?
Поўдыма-ж пустуе: нябожчыка мужа
Пляменнікі ўніз адышлі чумакамі,
Ці-ж з бабскаю сілай зямельку падужаць?
Судзіце, ласкавы, як знаеце самі!
Капуста.
Дачка-прыгажуня магла-б жа, нябога,
І грош і закрасу прыдбаці у хату.
І грош і закрасу… Ці-ж мала у бога
Душ добрых, кажу я, паважных, багатых?
Прузына.
Дачка Кацярынка адна мне надзея,
Як вочка у лобе — і свеціць і грэе.
Капуста.
Дзяўчына у хаце — і клопат, і слёзы,
Ўсёроўна-ж у людзі як пойдзе — пакіне…
А быць-бы магла, я кажу, гаспадыняй,
Каб больш паслухмянства і розум цвярозы.
Прузына.
Наконт паслухмянства дачка, як авечка,
Ды дзе-ж нам узбіцца на тую гасподу?
У прымы бяру аднаго чалавечка,
А ён, як і мы, з бедалацкага роду.
Капуста.
Што-ж слугі мае мне, дзяржаўцу, ні слова?
Ці ўласныя ім надаелі галовы?
Дзе-ж поп быў і войт мой, два рылы паганых?
Я іх пажаню з ланцугом, невянчаных!
Прузына.
Дарэмна, паночку, на іх зазлавалі:
Надоечы войт твой і бірыч прыходзіў,
З царквы той указ каралеўскі дасталі,
З папом прачыталі, — было пры народзе,
А там яго міласць — кароль наш і княжа —
З прыгону навекі нас вызваліць кажа.
Бо выбавіў муж мой у часе паходу
З няволі і казні яго ваяводу.
Капуста.
Указ каралеўскі нязрушны, нябога,
Ды прыказка здаўна — «да бога высока,
Да князя далёка». — Ад князя і бога
Пастаўлены мы, іх нядрэмнае вока,
І слова маё — каралеўскае слова:
Адкласці вяселле дачкі Кацярыны
На лета.
Прузына.
Паночак…
Капуста.
Ніякай размовы!
Патрэбны дзяўчаты ў святліцу княгіні.
За год дзве капы даю грошы, убранне,
Каб добра служыла і пану і пані.
Прузына (не зразумеўшы).
Княгіні служыць, светлы княжа, мы рады,
За службу ніколі не будзе ў нас звады.
Ды толькі хай пан наш ласкавы даруе,
І возьме мяне да княгіні, старую.
Старая не менш маладзейшых дакажа,
І меншую плату паложыш мне, княжа.
Капуста (рагоча).
Бабулька, ачхніся, ты з’ехала з глузду —
Яна захацела ў абдымы Капусты?
А ў яму не хочаш, калода гнілая?
Яшчэ дзве капы папрасіла старая.
Прузына.
Ў абдымы? А вой мне, дурніца-дурная!
Забыцца, што замак — то пекла распусты.
Што пан-недавярак да чорнага люду!
Паночку, пакуль я жывой яшчэ буду,
Не будзе у замку нага маёй Каці,
І пана кляну я праклёнам, як маці.
Капуста (устаў).
Ну, годзе, карга, не хацела па ласцы,
Сілком прыняволім!
Прузына.
Бог дасць, не удасца.
Капуста.
Даваў табе ў рукі я тлустую лусту,
Паплачаш пазней, што узяць не змагла ты,
А быць Кацярыне у замку Капусты
І заўтра чакай майго войта… у сваты.
Ой, у полі жыто |
З’ЯВА VII
Капуста (кліча).
Адам!
Адам (выходзячы з-за капліцы).
Ясны пане!
Капуста.
Хто едзе Бярозай?
Адам (узіраецца).
Спазніліся, мабыць, вярховыя госці.
Капуста.
І многа?
Адам.
Тры чоўны.
Капуста.
Гукні к перавозу
І разам паедзеш да замка. У госці
Прасі іх. Тым часам прашчупаць дарогай,
Адкуль і куды і багацця ці многа,
Ці ўзброена варта? А ўзяць іх ці мытам,
Ці быць ім у пушчы ў калодах разбітым,
Ты сам вырашаеш рукою набітай.
Спытае княгіня — скажы, што прыеду
З суддзём і падсудкам у замак к абеду.
Ды войта з папом ты паклічаш на ганак:
Я іх навучу, як блюсці дабро пана.
Дзе коні?
Адам.
Стаяць, ясны пан, за капліцай
І почты два хлопы: Мікола і Грыцак.
З'ЯВА VIII
Прузына (адна, у роздуме).
З суддзём і падсудкам… Я кінуся ў ногі…
Няўжо нідзе праўды не знойдзе убогі?
З'ЯВА ІХ
Гайдук Адам (адзін, правёў пана, падышоў і сеў на беразе ракі. Задумаўся, запеў упоўголаса).
Прыехаў ён к сіняму мору, —
Праз сіняе мора няма пераезду,
Няма пераезду, няма пераходу.
Махнуў ён праваю ручкай,
Зраніў ён залаты персцень.
«Рыбалоўшчыкі мае мілыя,
Закіньце шаўковы невад,
Злавіце мой залаты персцень
Закінулі яны шаўковы невад,
Злавілі яны тры рыбіны,
Тры рыбіны, тры акуні.
А першы акунь на сто рублёў,
Другі акунь на тысячу,
А трэцяму акуню і цаны няма».
— А вось і мае акуні прыплылі.
(Гукае.)
Гэй, госці ў чаўнах! Прывітанне й пашана!
Загад вам ад яснага нашага пана,
Дзяржаўцы, чыёй вы зямлі даплылі:
Наведаць яго, расказаць пра дарогу —
І, мыт заплаціўшы, плыць з госпадам богам.
З'ЯВА Х
Атаман (малады, рухавы хлопец з тварам абветраным ўсімі чатырма вятрамі).
Ізноў навіна! Колькі езджу Бярозай,
Апроч каралю — яго міласці — мыта
Не бралі ні просьбай з мяне, ні пагрозай.
Адам.
Нібыта было, але зараз забыта.
Іх міласць кароль яго мосці Капусце
Аддаў пазалетась і замак і людзі
За добрыя грошы, дык грошыкі-ж вудзіць
Павінен з купцоў князь, свае-ж не упусціць!
Стары казак Юхым.
Начуем ата́ман, — сяло недалёка,
А раніцай едзем да пана у госці.
Навошта-ж турбацыю княжацкай мосці
Рабіць перад сном?
Адам.
Як жадаеце, госці.
Ды толькі… сказаць ў добры час і няўрокам…
Начлег гэты вылезці можа вам бокам.
Народ тут ліхі, а ноч — маці ліхога.
Баюся, каб вы не гукалі падмогі,
У князя Капусты цалуючы ногі,
Бо вас не так шмат, зброі бачу нямнога.
Стары казак Юхым.
Бог ласкаў! Не знішчыла ў моры навала,
Хаця нас да неба вадой падкідала,
Парогі глыталі і не праглынулі,
Дык тут, каля дому, нам гулюшкі-гулі!
Дзед Ахрэм.
У хаце сваёй качарга, кажуць, маці.
Адам.
Дык то-ж, мой дзядуля, сапраўды у хаце,
Дзе кожны набытак пад моцным запорам,
І сам абгароджан не небам і борам.
А тут кожны куст сваю цягне галінку,
Чапляе, нягоднік, ці торбу, ці скрынку,
Дзе тыя дукаты прыціхлі ў трывозе.
Атаман.
А даўна разбой стаў у вас на Бярозе?
Адам.
А даўна-не-даўна, з таго часу, браце,
Як смак разабраў чалавек у дукаце.
А ведаеш смак які маюць дукаты?
Дзед Ахрэм.
Салёны, гайдук, і крыху гаркаваты,
Бо потам і кроўю набраклі па хатах,
Пакуль прыблукалі у замкі багатых.
Панюхай дукаты…
Адам.
Яны без смуроду,
А хто іх трымаў — ім якая прыгода,
Хай поп, хай закуп ці хай сам ваявода.
(Пяе).
У забойцы і ў ахвяры,
У карчомцы і ў алтары,
Адналькова звоняць грошыкі,
Чыстыя, харошыя!
Злодзей кляштар абакраў,
Чвэрць пакражы ў кляштар даў, —
Моляць бога цэлы год
І манахі і народ.
А ўсё тыя грошыкі,
Звонкія, харошыя!
Дзеўка смагла — грош блюла,
Рана хлопцу аддала,
За пасаг той пілі-елі
На суседчыным вяселлі.
А ўсё тыя грошыкі,
Звонкія, харошыя!
Быў разбойнік, быў нягода,
Падавіў ён шмат народу,
Зараз выбіўся у людзі
І людзей сумленных судзіць.
А ўсё тыя грошыкі,
Звонкія, харошыя!
Дзед Ахрэм.
Слухай, пане атамане,
Каб не скочыў проста з моста.
Прыстае ён, як кароста,
Нездарма — у ліха цягне,
Гайдука асцеражыся —
Ты глядзі, як, панскі высеў,
Песню грошыкам спявае,
А крывёю зрок наліты.
Відаць з панам вычварае
Нешта горшае, чым мыты,
Атаман.
Праўду кажаш — раіш, дзедку,
Сам паеду на разведку.
Дзед Ахрэм.
Служка пана, як без пана,
Свайго пана твар пакажа.
Атаман.
Хлопцы! стаць да ранку станам,
Я-ж паеду ў замак княжы,
Разлічуся з мытам можа,
А пад’ездзе чоўнаў болей,
Заўтра ўранку, з ласкі божай.
Паплывем далей паволі.
Ты, Івашка, сам стаў варту,
Ды пільнуйся як патрэбна!
Праплылі мы пуць упарта, —
Што-ж канчаць яго ганебна?
Няўжо наша сіла
Сплыла за вадою
І нас адружыла
З ліхою бядою?
Няхай-жа наш вораг
Ды не дачакае,
Калі нас гадзіна
Ліхая спаткае!
Госці.
Благога не думай,
Плыві, атамане,
А вораг паткнецца,
Па рылу дастане!
Пад’атаман Івашка.
Ну, хлопцы, атабарыць стан наш засекай,
Дастаць гакаўніцы, дубіны й сякеры,
Гайдук напужаць нас хацеў небяспекай,
Ды чорт яму вера, ды чорт яму вера!
З’ЯВА ХІ
Рыгор.
Выйдзем мы, доля, ў чыстае поле,
Цяжкая доля мая!
Касцы.
Цяжкая доля мая!
Рыгор.
Будзем шукаць сваю вольную волю,
Пяжкая доля мая!
Касцы.
Цяжкая доля мая!
Рыгор.
Рогам турыным, трубой берасцянай,
Цяжкая доля мая!
Касцы.
Цяжкая доля мая!
Рыгор.
Клікнем мы кліч між народам загнаным,
Цяжкая доля мая!
Касцы.
Цяжкая доля мая!
Рыгор.
Рукі ў каго мазалямі багаты,
Цяжкая доля мая!
Касцы.
Цяжкая доля мая!
Рыгор.
Гора ў каго не выводзіцца з хаты,
Цяжкая доля мая!
Касцы.
Цяжкая доля мая!
Рыгор.
Клікнем шукаць сваю вольную волю,
Цяжкая доля імая!
Касцы.
Цяжкая доля мая!
Рыгор.
Ці замяло яе снегам у полі,
Цяжкая доля мая!
Касцы.
Цяжкая доля мая!
Рыгор.
Ці у барах у густых заблудзілася,
Цяжкая доля мая!
Касцы.
Цяжкая доля мая!
Рыгор.
Ці у вірах у мутных утапілася,
Цяжкая доля мая!
Касцы.
Цяжкая доля мая!
Рыгор.
Ці ў ланцугі ды панамі закутая,
Цяжкая доля мая!
Касцы.
Цяжкая доля мая!
Рыгор.
Разам з народам і воля пакутуе,
Цяжкая доля мая!
Касцы.
Цяжкая доля мая!
Дзед Ксаверый (убок).
А добрая песня: за сэрца хватае,
Бо чыстая праўда, бо праўда святая:
«Ці ў ланцугі ды панамі закутая
Разам з народам і воля пакутуе,
Цяжкая доля мая!»
Рыгор.
Мне дзед казаў, калісь, яшчэ малому,
На прызбе седзячы, што ў нейкай старане
Жылі, відаць, яшчэ ў пачатку свету,
У народзе тры сястры,
Іх звалі: Воля, Праўда, Праца.
Радзіла іх зямля-матуля:
Ад сонца — першую, ад месяца — другую,
А трэцюю — ад зорак ясных.
І службу верную народу
Служылі тры сястры:
Ад ворагаў ліхіх заставай на мяжы
Яго аберагала Воля — сястра старэйшая.
Сярэдняя сястра суды судзіла, і паноў
З падпанкамі, як тое пустазелле,
Штогод палола і агнём паліла,
А бедных да сябе гукала і туліла.
І йшлі ў той край з другіх краёў народы
І ўсім давала месца і работу
Сястрыца трэцяя, якую звалі Працай.
Пажылы селянін.
А можа гэтага і не было ніколі?
Рыгор.
Мо’ й не было, — тады палічым байкай,
Ды толькі дзед казаў,
Што наляцеў на край з заходу сонца злы крылаты змей.
У бойцы на мяжы запаланіў ён Волю,
Абманам Праўду ўзяў. Занёс іх на край свету:
Там, на гары высокай, між прадонняў,
Стаяў яго магутны замак.
Дзед Ксаверый.
Ну, а Праца?
Рыгор.
Ушылася ў народ, —
Не мог знайсці пракляты чарадзей.
Ўзяў дань вялікую, і, каб яму штогод
Давалі дань, паставіў ён паноў
Збіраць даніну і сабе і ім.
А месца вокал замка
Ён кіпцюром укруг абвёў,
Закляўшы на сон вечны.
І з тых часоў бліз замка не ступала
Нага людская, звер кругом абходзіў
Закляты круг, і птушка аблятала.
І толькі крот адзін сваю нару мог рыць
Пад круг закляцця, бо зямля святая
Закляццяў чарадзея не прымала.
Ды навальніца вольная з грымамі
Праходзіла над замкам паднябессем,
Муры крышыла бліскавіц мячамі,
Віхрамі трэсла, — не магла адолець
І вызваліць сясцёр.
Пажылы селянін.
А хто-б то мог зрабіць?
Рыгор.
Казаў дзед — трэцяя сястрыца, Праца,
Дачка зямлі, бо ёй адной не страшны
Смяротныя закляцці чарадзея.
Але, калі і дзе, і як — не ведаю, браты,
Бо дзед памёр, не даказаўшы казкі.
Пажылы селянін.
Магло так быць, ці гэта толькі сон?
Рыгор.
Дзяды і прадзеды стварылі
Праз Волю гэты светлы сон
І нам — унукам — падарылі.
Хай тлее ён
у кожным сэрцы
І грэе
слабенькім цяпельцам.
А мо’ з’еднаюцца калі, —
Агонь вялікі зашугае
І спаліць панства на зямлі.
Шкада, што мы не дачакаем.
(Запявае).
Загарэлася каліначка,
Перад зоркаю стоячы.
А тушыў яе буйны вецер, не ўтушыў,
Залатыя іскаркі разнасіў.
— Я-ж цябе, каліначка, не ўтушу,
Большы іскаркі разнашу,
А ўтушыць цябе чорная хмара,
Што насупраць зоркі стане,
Цёмная ночка ды нявідная,
Лютая зімка ды халодная.
— Хмару чорную разняслі віхры,
Ночку цёмную прагнала зара,
Зіму лютую растапіла вясна,
А стаяць мне, каліне, пад сонечкам,
А стаяць мне, чырвонай, у золаце.
З’ЯВА ХІІ
Дзед Ахрэм.
А добра спелі, казакі,
Прыбаў вам бог здароўя й веку.
Касцы.
Здароў і вам.
Дзед Ахрэм.
Ну, што-ж, сынкі,
У круг прымайце чалавека,
Дарожнага. Стары, сівы,
Аднак не хіліць галавы
А ні ў журбе, ані ў пакоры,
І чарку ўзяць яшчэ не хворы,
Калі-б паднеслі дзецюкі,
І граць магу.
Пажылы селянін.
Ты хто-ж такі?
Рыгор.
І хто ў чаўнах?
Дзед Ахрэм.
Хто я, сынкі,
То чулі вы, а гэта — людзі
І не благія, ставяць стан,
Бо ноччу мала хто заблудзіць.
Не ў гнеў будзь сказана, ваш пан
Нам вестку даў, што тут няціха,
І можа стрэнуць караван
Не толькі добрае, а й ліха.
Сяляне.
Пан папярэдзіў? За гарой
Апрогся воўк, — няйначай, братцы!
А ці-ж не пан увёў разбой,
Што міма замка ні вадой,
Ні пешкі ноччу не прабрацца.
З ліхой гадзіны той, калі
Прыехаў наш дзяржаўца новы,
Закон людскі, закон хрыстовы
Ён сцёр, як пыл.
Дзед Ксаверый.
Жылі — гнілі
І да яго, а зараз — гінем:
Што дзень, то чыніць навіну.
Не адкараскаеш адну,
А ўжо рабіць другую вінен.
Пажылы селянін.
Заціснуў пан — не прадыхнуць.
І сталі ўсе мы, як закупы.
Шмат зачынілася халупаў,
А зловяць — ў стайні засякуць.
Рыгор.
Зямлю абмерыў на валокі,
Падаткам выклаў кожны крок.
Сяляне.
.
Ну словам, ссе з жывых нас сокі,
Як ваўкалак той аднавокі, —
Такія справы наш дзядок!
Дзед Ахрэм.
Паслалі-б ліст да караля,
Ці хадакоў.
Дзед Ксаверый.
Ды пасылалі.
Дзед Ахрэм.
І што-ж?
Дзед Ксаверый.
Бяссудная зямля!
І галавой паслы наклалі.
У Кракаў ехаў пан тады
Да Заенчкоўскіх панны ў сваты,
І поезд ехаў з ім багаты.
Сын мамкі князя — малады
Гайдук Васіль (няхай зямля
Лягчэй пушынкі табе стане!)
Даставіць ў рукі караля
Ўзяў чалабітнае пасланне.
Мы склалі грошы восем коп —
І на паклон і на дарогу.
Як пан дачуўся і загроб
Пасланне наша — ведаць богу!
Ды толькі наш Васіль сканаў
У цяжкіх муках ў падзямеллі,
Калі у замку на вяселлі
Натоўп раз’юшаны скакаў.
Пажылы селянін.
Дзядуля, ты-ж па свеце ходзіш!
Ці ўсюды гэтак цяжка жыць?
Ці трэба жыць, як набяжыць,
Ці лепей смерць няхай прыходзіць?
Дзед Ахрэм.
Бываў, сынкі, я за Літвой, —
У бок Масквы, і за Дзвіной. —
У Маскве лягчэй, — там Юр’еў дзень
Яшчэ даўнейшы лад вядзе
І, як аброць, трымае ён
Баяр, што ласы на прыгон.
Цяжэй за ўсё, дзе польскі пан;
Пустой пыхлівасцю напхан,
Ён, што не бачыць, то й грабе,
Душу карожыць і скубе.
Ты перад ім не чалавек —
Хай будзе проклят з веку ў век.
На свеце ёсць адзін куток,
Дзе пан баіцца носа ткнуць
І людзі вольна дзе жывуць.
Усе.
Дзе-ж край шчаслівы той, дзядок?
Пажылы селянін.
Рыгор!.. Ты чуеш: ёсць краіна,
Дзед байку баіў аб якой.
Дзед Ахрэм.
Яна, браты, за Украінай,
Ў прасторах волі стэпавой,
Ды й то, ў апошні час і там
Панкі расці пачалі з пня, —
Не знаць-бы светлага ім дня!
На карак селі казакам
І хоць ізноў у свет бяжы,
Шукай для волі рубяжы.
Рыгор.
Куды-ж народ ўвесь уцячэ?
Сам ад сябе, ці што? Цячэ
Рака, а з рэчкай і ўюны.
Куды вада, туды й яны,
Куды народ, туды й паны.
Дзед Ксаверый.
Куды кажух, туды й блыха,
З-за блох не кінеш кажуха.
Рыгор.
Блох добра пражыць над агнём…
Дзед Ахрэм.
Мо’ й ваша праўда, малайцы,
Што лепей так…
(Гукае гасцей.)
Гэй, гэй, купцы!
Кідай платы, кідай калы,
Кладзі агонь, бяры катлы!
Вары вячэру грамадзе:
Яна нас выручыць ў бядзе!
— Здароў булы, панове казакы!
— Прымай ў суседзі нас, шаноўная грамада!
Касцы.
Здароў і вам, браточкі і бацькі,
Суседству добраму заўсёды будзем рады!
Рыгор.
Куды-ж плывеце вы?
Пад’атаман Івашка.
Шукаем між людзей
Куточка ціхага ад ліха і нягоды,
Дзе кожны сам сабе і пан і дабрадзей.
Рыгор.
У мора хмарнага прасветлае пагоды?
Няўжо не страцілі бязглуздых тых надзей?
Івашка.
Не страцілі мы іх, бо мы іх і не мелі, —
І вас, і нас, браты, паны адны заелі.
Прышлі яны, паны, з Кракова ды з Варшавы,
Няма на іх, паноў, ні зводу, ні управы!
Пасыпалі на нас, як з порванага меха,
І вые па барах і стэпах плач наш рэхам,
Бо нудзіцца душа ў шляхецкай у няволі.
І сталі бегчы мы насустрач вольнай волі,
Пабеглі ў стэп, куды свяцілі вочы,
Аселі на Дняпры, на выспах, дзе хто хоча.
Ваюем ў два бакі, з татарамі і ляхам,
І сталі казакі ў Кракове вечным страхам.
Адно відно, так доўга быць не можа,
І што-небудзь адно другое пераможа.
Дзед Ахрэм.
Ратунак тут адзін:
У мяху залапіць дзірку,
Паноў назад у мех.
Пажылы селянін.
А з мехам проста ў вір-бы.
Івашка.
Ну ў вір, не ў вір, а, пахадзіўшы з кіем,
Адбіць ахвоту знаць шлях — просты і кружны —
На Тураў і Смаленск, на Хорціцу і Кіеў.
Адным такой не вынесці вайны.
Татар узяць — дык нехрысці, яны
Заўжды паплечнікі да першай перамогі…
Вось і паехалі блукаць, шукаць падмогі
Рыгор.
Ну як? Найшлі?
Івашка.
Чакай! Прайшлі якраз памеры,
Народны гнеў панкі да вару давялі.
Народ не хоча быць ні крэпкімі зямлі,
Ні крэпкімі панам, ні новай панскай веры,
Паноў не хоча знаць, пісцоў гатоў пабіць,
Ксяндзоў гатоў тапіць, як тых шчанят ў балоце.
Рыгор.
Што-ж нехапае?
Івашка.
Што? Скажыце вы, браты?
Вось што мы не знайшлі і едзем у сумоце
Паўз замкі моцныя, пад’ёмныя масты,
Пад плач і стогн і крык закутай беднаты.
«Бадай пану ў двары страшна,
Як нам ў полі сонца за́шла». —
З’ЯВА ХІІІ
Жнеі (калі яны падыходзяць, чуваць апошнія словы, песні).
— Бадай пана пахавалі,
Каб сабакі разарвалі,
Пахавалі пры даліне,
Каб па пану ваўкі вылі,
Бадай пана громы ўбілі,
Як мы ручкі патамілі.
Войт (які ішоў з жнеямі).
Эй, прыкусіце, дзеўкі, языкі,
Пачуе пан, тады не наракайце,
Аддасць загад — і ўсыплюць гайдукі!
Вясёлая дзяўчына.
А ну, дзяўчаты, войта велічайце!
Жнеі (пяюць).
Чорт пану войтам
Ляда драў, ляда драў!
Войт наш у пана
Гіцлем стаў, гіцлем стаў!
Брашы, брашы, войце,
Пад акном, пад акном,
Можа пан пачастуе
Бізуном, бізуном!
Войт.
Ну й язычкі, адсохлі-б вам яны.
Каб заўтра раніцай дажалі мне кліны!
Вясёлая дзяўчына.
Не любіць праўды чорт,
Іш, падтуліў як хвост
І агрызнуўся як, бы серада
Ды на вялікі пост!
Жнеі (пяюць).
Ай, пане мой, кароль, кароль,
Пусці мяне дамоў парой!
Як я ў пана жыта жала,
Ў мяне дома бяда стала:
Звалілася свякроў з тыну
Ды ў зялёную крапіву.
Не жаль-жа мне свякровачкі,
А жаль-жа мне крапівачкі:
Свякроўка паляжыць — ды й ўстане,
Крапіўка паляжыць — завяне.
Адна з жней.
Эй, нешта песня йдзе няўдала:
Няма сягоння Кацярыны,
Відаць, к вяселлю прыбірала
Сваю хаціну бедачына.
Вясёлая дзяўчына (другой).
Бяжы, Алеська, і гукні,
Хай кіне ўсё і к нам прыходзе;
Апошнія дзявоцтва дні
Павінна быць у карагодзе.
І хлопцы тут. Дзяўчаткі, ну —
Спяем ім песеньку адну:
Сваім звычаем
павелічаем!
Жнеі (пяюць).
Хлопцы нашы нерухавыя,
Непрыгожыя, няжвавыя!
Пайшлі ў вяззе,
Там увязлі,
Пайшлі ў ліпкі,
Там уліплі,
А пайшлі ў сяло,
Дык там іх памялом!
Беглі хлопцы, завіхаліся
І назад не азіраліся!
Касцы (пяюць).
Нашы дзеўкі-сваявольніцы,
Да работкі ды няздольніцы,
Дзе мёд чуюць,
Там заднююць,
Дзе гарэлку,
Там нядзельку,
А дзе п’юць салодкі мёд, —
Там і круглы год!
Жанішкоў-жа дзе пачуюць,
Там і днююць і начуюць…
Жнеі (пяюць).
На гары святлела,
святлела,
Казлова барада гарэла,
гарэла!
Ідзіце, хлопчыкі, тушыце,
тушыце,
Рэшатам ваду насіце,
насіце,
Як у рэшаце вады нет,
вады нет,
Так у хлопцаў праўды нет,
праўды нет!
Як у рэшаце вады ні ложкі,
ні ложкі,
Так у хлопцаў праўды ні крошкі,
ні крошкі!
Хлопцы (пяюць).
Ай, авясец, мамачка, авясец!
Ды калі-ж бог сватоў прынясець?..
— Увосень, дзіцятка, увосень,
Міма нас, міма нас, к суседзям,
Кожны нас, кожны раз… аб’едзе.
Жнеі (пяюць).
Ой, Пятрок, Петручок,
Што ты нам прывалок?
Дзеўкам росту,
Хлопцам каросту,
Як абсела языкі,
Заскакалі дзецюкі!
Языкі чэшуць,
На дзевак брэшуць,
Дзеўкі смяюцца,
Хлопцы скрабуцца.
Хлопцы.
Ой, хопіць, дзяўчаткі,
здаемся без бойкі,
Бярыце ў палон і чыніце, што воля!
Казакі.
Як хутка-ж пабеглі вы з ратнага поля,
А мы вас паслухаць збіраліся толькі.
Адзін з хлапцоў — Антось.
Згаворышся з імі? Нарвешся на сорам!
Адзін-на-адзін — яшчэ гэтак і так,
А гуртам — заб’юць, залапочуць, заморуць…
Вясёлая дзяўчына.
Адзін-на-адзін выхваляецца рак
Вала пераціснуць кляшнёй — ды хто бачыў?
Антось (кідаецца да яе).
Ой, прыдзецца сціснуць цябе, не іначай!
Вясёлая дзяўчына.
А нюхаў чым пахне
вось гэты кулак?
З’ЯВА ХІV
Кацярына.
Не цягні мяне, сястрычка,
Не заві мяне, Алеська!
Выпіў злы груган крынічку
Маёй радасці і песні.
Час настаў — яе слязамі
Я напоўню аж да краю.
Над сухімі верасамі
Жалем-горам заспяваю.
Не ўмаліла бога маці
Сваёй доньцы долю даці,
Абыходзіць мяне хмарай
Лёс без шчасця і без дараў.
Дзед Ксаверый.
Ой, жаночы лёс слязлівы!
На жыцці у небаракі
Здасца час адзін шчаслівы,
Ды і той прымусяць плакаць.
Пажылы селянін.
А чаго? Спытай хто хоча,
Не сілком-жа іх валочуць!
Горка рэдзька, ды ядуць,
Дрэнна замужам, ды йдуць.
Антось.
Каб ішлі, а то бягуць,
Дзе трушком, а дзе й груньком.
Вясёлая дзяўчына.
Будзь, Антоська, дзецюком,
І скажы ты нам, дзяўчатам,
Колькі год ты ходзіш ў сваты
І ўсё ліжаш таўкачы?
Хто-б казаў, а ты —
маўчы!
Антось.
Каб пасватаў, ты-б пайшла,
Хоць-бы нават за вала,
Абы дома не была.
Вясёлая дзяўчына.
А такіх валоў, як ты,
Хай воўк цягне у кусты
Да вяселля, халастых.
Антось.
Ой, заплакала-б!
Вясёлая дзяўчына.
Ад злосці,
Калі-б воўк пакінуў косці,
А каб з’еў ўсё без астатку,
Заскакала-б у прысядку!
Антось.
Ну й дзяўчына, ну й язык —
За ім розум не паспее.
Вясёлая дзяўчына.
Калі ён ў цябе чуць тлее,
Можа й праўда свет вялік!
Што з табою, Кацярынка?
Што з табою, журавінка?
Можа маці захварэла?
Мо’ прыбрацца не паспела?
Мо’ людскія нагаворы?
Мо’ хлапецкія дакоры?
Што слязою вочкі росіш?
Раскажы нам, просім, просім!
Ўсе чым можам, дапаможам,
Дапаможам ўсе, чым можам!
Кацярына.
Быў дзяржаўца. Даў загад —
Год служыць яго княгіне.
Хто-ж пайшоў у замак, — згіне,
Хоць і вернецца назад.
Не пайду я, мой Рыгорка,
Хай зарэжуць, не пайду,
Лепш я смерць ў віры знайду,
Мая радасць, мая зорка!
Там — з душой звярынай людзі —
Век у гвалце, век у блудзе;
Там растоптана у брудзе
І душа і цела будзе.
(Плача.)
Рыгор.
Быць не можа, так не будзе,
Не дапусціць бог і людзі.
Дзед Ксаверый (як-бы сам з сабою).
Кабылка бабылкі загразне ў балоце…
Заесць воўк авечку сіроцкую ў статку…
З вайны сын удоўкі не вернецца ў хатку…
Бядняцкую ніўку ўсю градам змалоціць…
Чаму так няроўна ты, божа наш, дзеліш?
І белае чэрніш, а чорнае беліш?
Дзед Ахрэм.
Сто разоў пры мне на дрэвах
Абрывала восень лісце,
А вясна іх зеляніла, —
Ў ліхалецці кожным выйсце
Ёсць на свеце, браце мілы…
(Да Рыгора і Кацярыны)
Не гаруй, не плач, казача,
Утрымай слязу, дзяўчына,
Хай за вас ваш вораг плача,
Што катуе люд бязвінны!
Поп тут ёсць?
Пажылы селянін.
Ў руках у пана.
Дзед Ахрэм.
Пачакаем атамана,
Раз поп ёсць — вянцы ў капліцы.
Трэба згода? Ну й згадзіцца.
Трохі страху, трохі грошы —
Будзе кожны поп харошы.
Пажылы селянін.
Пан заесць пасля, дзядуля.
Дзед Ахрэм.
Ну, яму паднесці дулю
Можна будзе дый на блюдзе,
А тым часам можа чулі
Вы такую байку, людзі?
«Жыў ды быў каваль на свеце,
Працаваў заўжды ў ахвоту —
Даў бог сілу, даў здароўе,
Што-ж яшчэ ад долі трэба?
Ну і жыў, не ведаў ліха.
Толькі раз яго паклікаў
Ў двор далёкі на работу
Пан суседні. І праз пушчу
Позна ўвечары з работы
Йшлі каваль і брат дахаты
І зблудзілі ў цемры ноччу.
А ў той пушчы жыў-быў Ліха —
Страшны волат аднавокі.
Пас ён козы ў гэтай пушчы,
Паляваў на звера часам,
Але больш за ўсё любіў ён
Чалавечыну, пракляты.
Цёплым лецечкам дзяўчаты
Йшлі ў маліну, ці ў арэхі,
Пільнаваў іх смехі Ліха.
А як хто убок адбіўся,
Пападаў яму у кіпці
І на векі-вечна гінуў.
Кавалёў прывабіў Ліха
К сабе ў хату і пытае:
— «Што за людзі, чалавекі,
Чым займаліся на свеце?»
— «Кавалі мы».
— «Ці змаглі-б вы
Мне скаваць другое вока,
Бо адным не дабачаю?»
— «А за працу чым заплоціць
Кавалям, васпан лясовы?»
На іх вызверыўся Ліха:
— «Вам якой патрэбна платы?
Вы скажыце лепей дзякуй,
Што я вас не з’еў адразу,
На вуголлях не падсмажыў.
Дзень жыцця вам за работу
Будзе платай. Ці-ж то мала?»
Што ты зробіш з аднавокім?
Браты мусілі згадзіцца.
— «Толькі, — Ліху каваль кажа, —
Трэба прэнт сажэнь удоўжкі,
Каб нагрэць яго у горне,
Прапячы у лобе дзірку
Для другога вока пану.
Ды яшчэ з сырыцы-шкуры
Звіць вяроўку і да дуба
Прывязаць самога Ліха,
Каб ад болю не сарваўся
Ў часе працы, не пашкодзіў
Сам сабе».
Згадзіўся Ліха,
Звіў вяроўку, стаў да дуба.
Прывязалі браты Ліха,
Напяклі той прэнт у горне
І ў здаровае у вока
Ліху сунулі тым прэнтам.
Як зароў ад болю Ліха,
Аж з асін у пушчы лісце
Паабсыпалася долу,
Аж у дуба голле, вецце
Захісталася убокі.
І парвалася вяроўка
З сырамяціны ласінай.
Вырваў Ліха дрэва з корнем
І пачаў гасіць па лесе.
Нарабіў ён буралому,
Што не зробіць і навала.
Толькі хатку ашчаджаўся
Не чапіць каб, бо сышлося
Стада коз яго у хату,
Як заўсёды ў часе буры.
А між коз і каваль з братам.
На парог усеўся Ліха,
Цэлу ноч правыў бязвокі.
Рана ранкам коз на пашу
Трэба гнаць яму, сляпому.
Ён стаў кожную абмачваць,
І пускаць на пашу з хаты.
А кажух ляжаў на лаве…
Брат старэйшы увабраўся
Ў яго, вывернуўшы воўнай,
І пайшоў да Ліха ракам.
А малодшы шкурыць козы,
Каб яны ля ног таўкліся
І абмацваць не давалі.
Каваля абмацаў Ліха,
Палічыў казлом-важатым:
«Раздабрэў ты, воўча доля,
Ці не час цябе зарэзаць?
Шкада толькі — ты важаты,
Без цябе заблудзіць стада».
І шпурнуў яго вон з хаты,
Але той рамень ад пугі
За сабой пацяг, каб брату
Перадаць кажух праз дзверы,
Як адчыніць Ліха зноў іх.
Удалося. Апрануўся
Брат, апошнім тыц пад ногі.
«Во каго я з’ем сягоння»,
Кажа Ліха, і на плечы
Узваліў яго (нагамі
Перамацаў усю хату:
Кавалёў шукаў. — Дарэмна!)
І панёс да рэчкі рэзаць
Кавалёва брата, кроўю
Не паіць зямлі каб блізка:
Адрачыся могуць козы…
А каваль за дубам стаўшы,
Выцяг ліха ды па твару
Сырамятнай пугай мокрай.
Ўз’енчыў Ліха, кінуў брата,
Ды аб дуб з разгону лобам,
Аж залысіў дуб з разгону,
А каваль — за дуб суседні.
Так завабіў каваль Ліха,
Ўжо на горкі яблык збітым
І знясіленым дашчэнту,
На гару. Гара-ж да рэчкі
Абрывалася бяздоннем.
І тады з усёю сілай
Па сляпому таму воку
Выцяў Ліха. Ашалелы
Людаед знячэўку скочыў
І зляцеў уніз у багну,
Аж прадонне застагнала!
Так праз розум і смякалку
Чалавек падужыў Ліха.
(Да Рыгора.)
Зразумеў старога казку?
Рыгор.
Мне без казкі, дзедка, ясна,
Аднаму змагацца з Ліхам,
Можа й можна, ды заўчасна, —
Не такое зараз ліха.
Дзед Ахрэм.
Ну тады паслухай казку
Ты другую. Толькі ціха.
«Быў адзін зямец на свеце,
Меў ён летнік каля пушчы,
А у ім калод са дваста.
Ну і жыў, хваліўшы бога,
На пашану і на зайздрасць
Добрым людзям, але толькі, —
Ці то хто яго сурочыў,
Ці наслаў вірутнік чары, —
Зачасціў к яму у госці
Баравы князь карнавухі.
Быў мядзведзь усім мядзведзям:
І вялік, і дуж, зладзюга.
Што ні ноч — калод з дзесятак
Знішчыць, спляжыць і не знайся!
Сам зямец быў дуж на сілу:
Двухгадовага мядзведзя
Раз хапіў рукой за карак —
Яўкнуў той шчанём бяссільным,
На карачкі сеў ад страху.
Але з князем пушчы ў бойку
Не палез асілак дужы.
Быў мядзведзь усім мядзведзям:
І вялік, і дуж без меры!
Гінуць пчолы, гіне праца
Найшчырэйшая на свеце.
Але пчолкі маюць розум
За людзей часамі болей!
Па вуллёх пагаманілі,
Даў вулей суседу вестку,
Той другому, і рашылі —
Адбівацца ад мядзведзя.
Але што казюрка-пчолка
Супроць волата-мядзведзя?
Што зрабіць звярузе зможа?
А змагла! Клубком абселі
На зары мядзведзя пчолы,
Заляпілі вочы, вушы,
Секлі джаламі без ліку,
Самі гіблі, ім на змену
Новых тысячы ляцелі,
Аж пакуль ў шалёных скоках
Не сканаў лясоў ўладыка.
А мядзведзь быў ўсім мядзведзям:
І вялік, і дуж без меры».
Рыгор.
Ўсё то прыказка, дзядуля,
Казка будзе, як на яве
Нам стварыць пчаліны вулей
І паноў у вір адправіць.
Дзед Ахрэм.
А як пчолы?
Рыгор.
Ў іх ад бога
Да вуллёў нахіл і джала.
Дзед Ахрэм.
У нас розум, пане-браце,
А ў руках што, сілы мала?
Рыгор (падняў рукі).
Не, ў руках хапае сілы —
Ўсю зямельку абаралі,
Неба ўспёрлі, як на вілы, —
Вежы й цэрквы збудавалі…
Івашка.
Значыць, што-ж, валяй да купы,
Месца ў чоўне знойдзем, браце.
Дзед Ахрэм.
Ці шкада чужой халупы
І батрацкага багацця?
Рыгор.
На багацце бог прабачыў,
Як ты мысліш, любка Каця,
Ці у замак, ці казачыць?
Кацярына.
Запытай старую маці.
З’ЯВА ХV
Прузына.
Пан суддзю чакае ў замак
Заўтра рана. Ў ногі рыну
Я суддзі — з мальбой апошняй —
Не чапаць маю дзяўчыну.
Не паможа, — воля божжа:
Паляціце птушкі ў вырай,
Не шкадуйце — мы, старыя,
Дапаўзем к пасцелі божай.
Рыгор.
Што? Суддзя у замку будзе
Заўтра ўранку? Дзед Ксаверый,
Занясем яму паперы,
Што тры дні назад мы склалі
Ад народу пасля сходу.
Дзед Ксаверый.
Яно можна… Не, Рыгорка,
Выйсці з панскага падворка,
Ды яшчэ калі не звалі,
Не так лёгка — гэта ведай.
Ліст больш гожа несці дзеду:
Больш павагі, меней шкоды,
Меней часу й невыгоды.
Касцы.
Дзед Ксаверый праўду кажа:
Раз пракляты князь наважыў
Адабраць тваю дзяўчыну,
То самога затрымае.
— Ліха спіць, нашто чапаеш?
— Зробім новыя выборы…
— Трох дзядоў замест Рыгора
Мы пашлем.
Рыгор.
Які ты скоры!
Дзед Ксаверый.
Каб занесці квіт да пана
І за гэта быць прагнаным,
Ці-ж вялікая заслуга?
Не, ты лоўчых збі у кола,
Каб не вырваўся ваўчуга,
Калі станем мы наўкола.
А паперу занясем мы,
Можа што і дапаможа,
Можа ў добры час пасеем
Скаргі нашай словы — збожжа.
(Да Прузыны).
Не гаруй і ты, Прузына,
Як твайму мы чалавеку,
Зробім ўсё для Кацярыны,
Хто-ж не помніць Жарнасека?
Пажылы селянін.
К каралю тады дабіўся,
На пяць год скасціў падаткі.
Кацярына.
Толькі сам ты не нажыўся,
Добры татка, бедны татка!
Дзед Ахрэм.
Жарнасек?!
І атамана
Хлопцы клічуць Жарнасекам.
Івашка.
З гэтых ён краёў аднекуль,
І падлеткам збег ад пана.
Кацярына.
Можа дзядзькавіч, Мікола?
Казак.
Так, Мікола…
Кацярына.
Апанасаў?
Казак.
Опанасавіч, тым часам.
Прузына.
Вось не думала ніколі,
Што пляменнічка спаткаю.
Дзе-ж Міколка?
Івашка.
Ён у замку.
Дзед Ахрэм.
Ну й вяселле-ж мы згуляем!
Разагнем мы тую клямку,
Што загнуў ваш князь народу.
Чуй, казакі?
Казакі.
Чуем, дзеду!
Дзед Ахрэм.
Я-ж у замак дай пад’еду,
Дзе аб’ездам, дзе абходам,
Разузнаць, што з атаманам.
Вы-ж, панове казакове,
Пакажыце добрым людзям,
Як вяселле гуляць будзем!
Хто і дзе, скажыце, бачыў,
Каб казак у смутку вянуў?
Грай, казача, грай казача,
Нават дзед і той паскача!
«Ты дуб, я бяроза,
Ты п’ян, я цвяроза,
Ты п’еш, а я плачу,
Маладосць сваю трачу!
Лепш не пі, не лютуй,
Болей дома начуй,
Бо жыве цераз тын
У суседа добры сын!»
Ідэ дошч, ідэ дошч,
Аж со стрыхы капотыць,
Разсэрдывся, мій мілэнький,
Аж ногамы тупотыць,
Разсэрдывся, розгнівався
Мій мылый на мэнэ,
А як гляну, сэрцэ вянэ
І в нього і в мэнэ.
Ой, млый меле,
Ой, млын меле,
Калясо сакоча,
Ідзі, дзеўка, за Антона,
Каторая хоча.
Ой, млын меле,
Ой, млын меле,
Калясо віхае,
Не йдзі, дзеўка, за Антона —
Свякруха ліхая.
Пабратався сокіл
З сызокрылым орлом:
«Ой братэ-ж мій, братэ,
Сызокрылый орле!
Покыдаю тобі
Всі моі пожыткы,
Всі моі пожыткы
Й малэнькіі дзіткы.»
Літа сокіл літо,
Літа сокіл друге,
На трэцее літо
Сокіл прылетае,
Сокіл прылетае.
Тай орла пытае:
«А дэ-ж ты, дзів, братэ,
Всі моі пожыткы,
Всі моі пожыткы
Й малэнькіі дзіткі?»
«Прыіхалы, братэ,
Паны й панэнята,
Та й забралы воны
Дзіты соколята».
«Бодай тіі паны
Та й нэ панувалы,
Ой, шчо моіх дзіток
В чужы край заслалы».
Касцы і жнеі.
Сеяў, сеяў сын пшаніцу,
Ды некаму жаці,
Ой, пытае сын у маці
Каторую браці?
Казакі.
Ой, чы тую багатую,
Волы та коровы?
Ой, чы тую сыротыну,
Шо чорныя бровы?
Касцы і жнеі.
Ды ці тую, матуленька,
Што хораша ўбрана,
А ці тую, матуленька,
Што ў сэрца ўпала?
Казакі.
Багатая — губатая,
Та вся вона горда.
Ой, як выйдэ на вулыцю —
Як у свыні морда.
Касцы і жнеі.
Багатая — пыхатая,
Пад капою стала,
Мая-ж там сіротачка
Дзесяць коп нажала.
Казакі.
А та-ж моя сыротына
Та всэ вона пышна,
Ой, як выйдэ на вулыцю,
Як у саду вышня.
Касцы і жнеі.
Багатая — пыхатая
Ідзе з карчмы — плача,
Мая-ж тая сірацінка
Ідзе з поля — скача.
Казакі.
Багатая — губатая
Та всэ вона дмецься,
А бедная сыротынка
К сэрцю прыгорнэтся.
Акт II
[правіць]
АКТ ІІ
З’ЯВА І
Уладзік.
Бабуля Марына сыйсці не павінна.
На варце ў княгіні яна ці Рагіна.
(Цішэй.)
Мужык у княгіні не молад, бяздзецен,
А ёсць маладзейшы на пэўнай прымеце,
А князь у дарозе…
Дзед Ахрэм.
Дык грэх на парозе?
Ды мне не да іх — блох ім сотню ў пярыны.
А скажа пра ход нам падземны Марына?
Уладзік.
Яна зненавідзела князя за сына,
Якога без часу глынула зямля;
Жыла два гады у сям’і каваля,
Рыгора і Кацю, як родных, любіла.
Я думаю — скажа. А вось і яна.
З'ЯВА ІІ
Марына.
Каго разнасіла нядобрая сіла
Ў начную пару?
Уладзік.
Гэта я.
Марына.
Ты, Ўладзік? З табой хто такі?
Чаму сваю варту без часу пакінуў?
Глядзі, засякуць і цябе гайдукі,
Як сына майго, незабыўнага сына.
Уладзік.
Са мною і вязень. Ён брат Кацярыны.
Каханай Рыгора, казак — атаман.
Атаман.
Пачуў я, бабулька, пра цяжкае гора,
Што сее народу працоўнаму пан,
І моцна хацеў-бы, паколькі ёсць сілы,
Аддзячыцца пану.
Марына.
Ты-ж вязень.
Атаман.
На волі сябры,
На волі рушніцы, багры, тапары.
Дзед Ахрэм.
На волі народ.
Марына.
Ён гніе ў пакоры.
Дзед Ахрэм.
Да часу, сястра.
Марына.
Ну, а час той няскора.
Уладзік.
Ты чула, бабуля, дзяўчыну Рыгора
Пан ў замак бярэ на пакуты і сорам!
Дзед Ахрэм.
І возьме, калі нам сястра не паможа.
Панкі, пашкадуй добрай смерці ім, божа!
Марына.
За наша жыццё адной смерці ім мала,
Не, зробіцца так, каб у вочы панам
Яна і удзень і ўначы заглядала-б,
Каб цень ад яе ім шляхі пакрываў.
Дзед Ахрэм.
Пачутае, божа, пабачыць дай нам.
Марына.
За нашых дзяцей, за забітых бязвінна.
Сваімі дзяцьмі адказаць яны вінны.
Уладзік.
Бяздзетны наш князь.
Марына.
Ну, дык што-ж, пачакаем…
На свеце няма найцяжэйшае помсты,
Як знішчыць нашчаднасць, як знішчыць патомства!
Будзь проклят на век пан, як Ірад і Каін!
Атаман.
Тады памажы нам, бабуля, дабрацца
З Бярозы у замак. Бо кажуць ў народзе,
Што дзесьці ў зямлі тайны ход ад палаца
На бераг Бярозы ці ў пушчу выходзе.
Марына.
Ёсць ход падзямельны з заходняе вежы
На бераг і ў пушчу. Ключы за іконай
У панскім пакоі…
Падуў вецер свежы
Ў акно… ўжо світае… ідзіце адгэтуль…
Каб пан не дазнаўся; зжыве ён са свету
І вас і мяне… Ды абходзьце Адама.
Таксама
Вартуе
Таго, хто ў княгіні што ночкі начуе,
Сыночку пярыны княгініны сцеле.
Баюся, засне на смяротнай пасцелі
І мне перашкодзіць адпомсціць за сына
Сынком яго светласці князя Івана…
Ды не, дажыве і старая Марына
Часіны шчаслівай, гадзіны чаканай!
З’ЯВА ІІІ
Сыночак мой мілы, галуб сізакрылы,
Ці чуеш ты маці сваю?
Ізноў я адна над тваёю магілай
Душою і думкай стаю.
Я чую, як пальцы твае па скляпеннях
У муках смяротных скрабуць,
Як вусны твае у крывавай у пене
Апошняе — «мама» — завуць…
Даруй, мая краска, што я перажыла
Мучэнне і смертку тваю,
Што я аб скляпенне тады не разбіла
Сівую сваю галаву.
Што я не загрызла, што я не заела
Тваіх ліхадзеяў… Ды, знай,
Я помсту песеяла, — помста паспела,
Крывавы гатоў ураджай.
Сабралася маці у госці к дзіцяці
Ў сырую зямельку прыйсці.
І хай бог карае, як сам, святы, знае
Мяне на апошняй пуці,
Але не пасмее і бог загадаці
«Марына, ты пану даруй» —
Ён чуў, як у муках ты зваў сваю маці,
Як плакаў: «матуля, ратуй!»
З’ЯВА ІV
Уладзік.
Вось ключ з падзямельнага хода й паходня.
Атаман.
Дыбай, дзед Ахрэм, і Рыгору скажы,
Хай з хлопцамі разам пад поўнач сягодня
Сюды ў падзямелле паўзуць, як вужы.
Мы-ж з Ўладзікам тут падрыхтуем сустрэчу.
Уладзік.
Такія запалім вясельныя свечы,
Што нават на шлюб свой Капуста не меў.
Дзед Ахрэм.
Не меў на вяселле — хаўтуры адзначым…
Ну, дай бог у справе і спор і удачу.
З’ЯВА V
Ядзя.
Ноч прайшла, як сон, як мара,
Зорка неба тчэ у краскі,
Ах, навошта промень сонца
Рушыць, нішчыць маю казку?
Знаеш? — мне здаецца, ў пушчы
Я ў палоне ў злога цмока,
Ён над рэчкай, па-над кручай,
Замак чорны, адзінокі
Збудаваў для паланянкі,
Для красуні-каралевы;
Закідаў шляхі-дарогі
Бураломам, дзікім дрэвам;
Варту моцную паставіў
Сцерагчы лугі і воды,
І няма ў тым дзікім краю
Ні праезду, ні праходу.
Толькі пушча не сціхае,
Сумным шопатам гамоне,
Ды пад шум той у палоне
Вызвалення ўсё чакае
Каралева маладая!
Мне здаецца, ночка ляжа,
Ўсё пасне ў краю пастылым,
І раптоўна ў замак княжы
Ён прыходзіць, мой любімы,
Мой кароль! Прайшоў ён пушчу,
Праз звяр’ё і праз дазоры
Ценем лёгкім ён пракраўся
Ў простым пажацкім уборы.
Ён прышоў — стаў замак светлым,
Як дзяўчыны юнай мары,
Знік на час цяжар палону
І старога цмока чары.
Ядзя.
Ноч прайшла, як сон кахання,
Сэрца поўна знікшай ласкі.
Ах, навошта промень рання
Рушыць сон дзівоснай казкі?
Заўтра, толькі ночка ляжа
І засне мой муж пастылы,
Ты прыходзь, ў святліцы княжай
Я чакаю, паж мой мілы!
Ясь.
Можа думка-чарадзейка
Каралём над каралямі
Ставіць сына мужыкова,
Засыпаць яго дарамі, —
Адхілю дары любыя,
Хай любая слава гіне,
Я вазьму адно — Ядвісю,
Маё шчасце і княгіню!
Я вазьму яе на рукі,
Пагляджу у бездань вочак,
Панясу за сіне-мора,
Дзе шчаслівым ёсць куточак;
На шаўковую на траўку
Пасаджу ў саду вішнёвым.
Паду-стану на калені
І такія моўлю словы:
— Свет мой любы, мая Ядзя,
Хочаш ведаць, як люблю я?
Загадай ісці на муку,
З радай-радасцю пайду я.
Ядзя.
І ў смяротных муках, Ясю,
На агні, ў пякельным дыме
Ты не скажаш анікому
І ніколі любай імя?
Ясь.
І ў смяротных муках, Ядзя,
На агні, ў атрутным дыме,
Не скажу я анікому,
І ніколі твайго імя!
Ядзя.
І калі-б табе здалося,
Што княгіня вінна ў здрадзе,
Ты не выкажаш, мой Ясю,
Не пагубіш сваю Ядзю?
І калі-б я нават бачыў,
Улічыў цябе у здрадзе,
Я не выдам і на дыбе
Маё шчасце, маю Ядзю!
Ядзя.
Дзякуй, Ясю, дзякуй, дужы!
Мне Марына, мамка мужа,
Што павінна князю сына
Нашаптаць (ты чуеш, Ясю?),
Расказала, як звялася
Князя першая дружына,
Як замучыў здзекам дзікім
За бясплоднасць князь княгіню.
— Бог мой любы, бог вялікі
Зловіць нас — душой загінем!..
Муж падобен да мядзведзя
З гэтай пушчы векавечнай.
Што-ж, мой паж, і знай і ведай,
Што каханне небяспечна,
Што жыццё такога шчасця
Не дае цаною таннай.
Ясь.
Заплаціць гатоў душой я
За дваіх, мая ты панна!
Ядзя.
Заплаціць гатоў? Пабачым!
Будзе час — я патрабую
Гэтай платы, каб на волю
Вырваць душачку жывую.
Ясь.
А за волю ўзнагародай?
Ядзя.
Што-ж за волю даць не мала?
Я-б апошнюю сарочку
Аддала-б, не шкадавала.
А цяпер — у бок тры крокі,
Сцерці радасць з губ распусных!
Сцерці смех у рабскім зроку!
І па вочках, і па вуснах
Зчаць адно усе павінны —
Ты гайдук, а я княгіня.
Czy-ż to wszystkie kwitną sady,
Co się rozpuszczały?
Wszystkie-ż serca biorą šluby,
Co się pokochały?
Płynie czółno malowane,
Pos̀ród morza tonie,
Brzegilm idze ukochana,
Załamuje dłonie.
З’ЯВА VI
Марына.
Ногі пухнуць, сэрца стыне,
Смерць кастлявым пальцам вабіць…
… Мо’ пакіну што на памяць
Непрыбраным у княгіні?
Дзеўкі знойдуць, перашкодзяць,
Князю скажуць… Бог мой мілы,
Дацягнуць душу да помсты
Дай мне сілы, дай мне сілы.
Пояс шыты, вышываны,
Падаруначак ад пані,
Хай ляжыць і ён схаваны,
Сведка новы і чаканы…
Ногі ломіць ад утомы,
Знебылася я, старая.
Падрамлю, хай бог відушчы
Нас ад злога ашчаджае!
(Заснула.)
З’ЯВА VII
Адам.
Вайдзіла шваграм быў Ягелы,
Халоп быў братам каралю.
Прыдбаў дваранства і зямлю…
Пад ім маёнткаў тузін цэлы,
І добрародныя баяры
Лічылі гонарам сваім
Знаёмства з ім,
І гнеў яго для іх быў карай…
А скончыў чым?
Сухой асінай…
Павешан жончынай раднёй,
Завіс між небам і зямлёй,
Як заляцеўшы не па чыну
З халопскім рылам у княжны род.
То-ж што? Благога лёсу здзекі?
Ці злым дзеяннем злыя лекі?
Ці страх на просты наш народ?
Дурны… па горла у віры,
Вяду бязглуздую развагу.
Не, позна! Славяць хай адвагу —
Ці званары,
ці гусляры!
Чаму не быць Вайдзілам Ясю?
Бо нават там, дзе адступае
Не толькі розум, але й бог,
Каханне ўсё перамагае!
Марына (праз сон).
Сынку мой, сыночак,
Звялы мой лісточак,
Што ты стаў далёка?
Што ўздыхнуў глыбока?
Ты мне шэпчаш: «маці,
Цяжанька ляжаці,
Цяжка чуць, як ходзіць
Мой забойца-злодзей,
Цяжка чуць, як б’ецца
Кроў у воўчым сэрцы,
І ляжаць, таміцца,
Смагнучы напіцца».
Адам.
У сне і то, дурная галава,
Свайго сыночка з думак не спускае…
А ну, прачніся, чуеш ты, сава?
Жывым жывога одуму хапае!
Марына (праз сон).
Я не памру, пакуль не напаю
Варожай кроўю вусны майго сына…
Адам.
Вось хлопну раз, і помсту ўсю тваю
З табой зараз прыхлопне дамавіна!
Марына (прачнулася).
Чаго ты хочаш, кат? Крыві? Яе няма
У гэтым сэрцы, высахшым ад гора.
Адам.
Не я, а ты
Пра кроў тут марыла сама,
Ды, ведзьма, да яе дарвешся ты не скора,
А мо’ й ніколі. Пану давядуць
Аб тым тваім намеры, —
І чарвякі магільныя з’ядуць
Цябе хутчэй, чым падзямелля дзверы
Расчыняцца, каб выпусціць цябе на волю.
Марына.
Ты давядзеш?
Адам.
Не меў яшчэ клапот!
Па мне хай выдахне увесь баярскі род,
Абы мяне пакінулі ў спакоі.
Я-ж не давёў, як клікнуў князь назад
Цябе, былую мамку, хоць і ведаў,
Што князь пакаецца і пракляне стократ
Пару, з якой ідзеш за князем следам
І торыш пуць пагібелі і бедам.
Дарэмна хвалішся. Бярэ напэўна жах,
Што князь… (з націскам) як не п’яны і як не спіць, вядома…
Шчаўком заб’е цябе,
і здохнеш без крыжа,
Як ведзьма дзе-небудзь пад дзерцю буралома.
Марына.
Як не п’яны і не сонны? ха-ха-ха…
Гарэлка, сон і смерць — бы родныя браты,
Бы дзеці аднаго смяротнага граха…
Адам.
Чацвертая да іх — напэўна будзеш ты!
Марына.
О, не! патрэбна весялосць
І прыгажосць, каб стаць у пару ім;
Каб сон і смерць парвалі маладосць
І прагнасць да жыцця, якое йдзе на ўздым,
Якое хмельны хмель у золата заліў;
Каб не вячэрнюю, а раннюю зару
Рабінавая ноч вужакай абвіла,
Каб чалавек, як воўк сівы, завыў,
Задраўшы голаў угару,
Адкуль адчай, пустэча, мгла…
Адам.
Даволі выць, карга! Сам Ірад каб васкрос
І ведаў, што Хрыстос
Радзіцца мусіць яшчэ раз ад дзевы,
Не змог-бы ён, дар зайздрасці і гневу,
Ляжаць змяёй у яслях і чакаць,
Пакуль дзіця народзіць божжа маць,
А ты чакаеш сына у княгіні
З нажом навостраным…
Кінь выбрыкі благія!
Марына.
Не мог? Ну, а чаму, скажы мне, кат, скажы —
Над яслямі халопаў і сялян
Стаіць наш пан
І распінае іх, братоў хрыстовых, на крыжы?
Чаму мой сын на свеце не пажыў
Ў цяпле і радасці сваёй вясны,
Як птушка вольная ці нават звер лясны?
Адам.
Спытай у пана. Я ні брат, ні сват
Іх светласці.
Марына.
Паўзеш назад, як гад!
Кат кату — сват, кат кату — брат:
Ў крыві адной душу і рукі ксцілі.
Адам.
Ён — пан, я — раб, багацце не дзялілі.
Марына.
Са страху ці з любві сабацкай вы лілі
Людскую кроў на матухне-зямлі, —
Яна, святая, бога слёзна моліць
Адпомсціць кроў людзей!
Адам.
Даволі!
Жарт жартам, справа справай…
За умысел звярыны і крывавы
Ты сёння к вечару, Марына,
Пабачышся з душой загінуўшага сына.
Дарэчы, як яго у ланцугі кавалі,
Нож гэты гайдукі у Ваські адабралі…
Я навастрыў яго, хацеў табе аддаць, —
Каб паклялася мне княгіні не чапаць!
Марына (узяла нож, але адмоўна ківае галавой).
За сына — сына, кат, не болей ў не меней!
Адам.
Тады папарышся да смерці ў падзямеллі.
(Крычыць.)
Гайдук!
З’ЯВА VIII
Гайдук (уваходзіць).
Я, пан старшой!
Адам.
Забраць яе!
Гайдук.
Забрана.
Адам.
Завесці у падвал — чакаць прысуду пана…
З’ЯВА IX
Пан Заенчкоўскі.
Ніжэй, ніжэй уклон, галгане!
Мувь «з добрым ранкем, ясны пане!»
Гайдук.
Ды з добрым раннем, ясны пане!
Нам, што мы подданыя людзі,
З паклону галава балець не будзе,
Хоць з самага найнізшага.
Пан Заенчкоўскі.
О, Езу!
Не выпячэш з яго ні бойкай, ні жалезам
Прыроды хамскай, як з тае быдлі!
Маўчы і кланяйся да самае зямлі,
Калі з табой, быдлём, сам пан гавора!
Гайдук (буркнуў).
Не разбярэш, — над намі пан каторы, —
Ці пан, ці князь!
Пан Заенчкоўскі.
Ты мне пагавары!
На стайню захацеў? Ці морда даўно біта?
Гайдук (буркнуў).
Дальбог, не ведаю, завошта пан сярдзіты.
Пакланяцца? Вось пану раз, і два, і тры!
Мне толькі бабу дай уніз адвесці,
А там магу накланяцца раз дзвесце.
Пан Заенчкоўскі.
Ой, о-ёй, зарэжа недавярак
І без нажа, бязглуздым словам!
(Да Уладзіка.) Бі ў карак,
Гані з вачэй, каб я не чуў брыды!..
Чакай!.. Яе вядзеш завошта і куды?
Адам (падыходзячы).
Пшэпрашам, ясны пан, дай пану бог здароўя!
Як пану той галган, яна мне пустаслоўем
Гадзіны дзве вантробы ад’ядала,
І я сказаў — завесці да падвала.
Пан Заенчкоўскі (страшэнна абураны).
О, Езус! параўнаў сябе з вяльможным панам,
Нікчэмны хлоп! За гэта у кайданы
Самога закаваць! Чакай, прыедзе зяць!
Паскачаш, мерзкі хлоп!
(Да гайдука.) Старую развязаць!
Не звязана? — Пусціць!
(Да Марыны.) Цалуй руку у пана.
Марына (цалуючы руку).
Удзячна пану я.
Пан Заенчкоўскі.
На векі векаў. Аман.
З’ЯВА Х
Ксёндз.
Я не сказаў, пан Юзэф: «пахвалёны»,
А пан: «на векі векаў. Аман»…
Пан Заенчкоўскі (хуценька адвярнуўся да яго).
Прабачайце —
Не бачыў вас. (Да гайдука і Марыны.)
Ну, галганы, знікайце!
З’ЯВА ХІ
Пан Заенчкоўскі.
Я ледзьве ўстаў і рвуся, як шалёны,
Ўчарашні хмель сціскае галаву,
А тут хам’ё, што слова — то як вілы!
Як пойдзе так ўвесь дзень — то я парву
І валасы свае, не толькі жылы.
Ксёндз.
А вы вальней, пан Юзэф, спакайней.
Хрыстос цярпеў і не такія мукі!
Бог даў язык, але бог даў і рукі,
Каб злосць сваю адводзіць на людзей.
Пан Заенчкоўскі.
У вас, айцец Антоній, ўсё цярпі!
А тут у зяця хам раз’еўся, разбазырыў,
Што шаг ступі, то цераз лоб лупі,
А не ўлупіў — глядзіш, ён яму табе вырыў!
(Лагодным голасам да ксяндза.)
А як, айцец Антон, меў ласку пачываць?
Ксёндз.
А з ласкі бога і паноў гасподы —
Спаў, як даўно не меў выпадку спаць:
Ў дарозе дзе-ж шукаць спакою і выгоды?
А тут, як у раю!
Пан Заенчкоўскі.
Так, Польшча пану — рай,
Які-б той пан ні быў, адкуль-бы ні прыходзіў,
Другой такой краіны не шукай,
Не знойдзеш, ваша мосць! На захадзе, на ўсходзе,
Па ўсёй зямлі — ад краю ў край
Усюды слых ідзе аб нашым аб народзе:
«У Польшчы пану рай, у Польшчы пану рай!»
Ксёндз.
Тады я спаў у двайным раю.
Пан Заенчкоўскі (спагадліва расплыўся ўсмешкай).
Ну рай на рай не шкодзе!
(Падміргвае.) З анёлкам, пан айцец?
Ксёндз (смеючыся).
Ў езусавых гадах,
Але на п’янага не такі велькі жах!
(Раптам вочы ўгару, рукі склаў, моліцца.)
Прабач мне, госпадзе, грэх немашчы маёй,
Грэх слабасці і прагнасці цялеснай,
Не ўспомні іх у часе судных дней
І літаснай рукой сатры іх з кніг нябесных.
Пан Заенчкоўскі.
Айцец Антон, кінь бога турбаваць:
Не можа ён у кандуіт ўсясветны
Ўпісаць, што пан меў, скажам, ласку спаць
З сваёй рабой — то-б было не шляхетна,
А пан бог шляхціц, шляхце спагадае:
Не ўсякі грэх у кнігу пападае.
Ксёндз.
Вы слушна кажаце, пан Юзэф, далібог!
Знаць Польшчу для сябе абраў сам госпад бог.
Пан Заенчкоўскі.
А што пан думае?
Дзе ёсць яшчэ народ,
Якому дзеўчына ў пятнаццаць год,
Абняўшы мужа слабымі рукамі,
За мужам абняла, заўважце, абцугамі
Літву і Беларусь[1]. Ого!
Няма вялікшых цудаў ў бога самаго.
Ксёндз.
Шляхі гасподнія няведамы й багаты,
У зброю ўсё сваю ён змог ператварыць:
І рыцарскі палаш, і звонкія дукаты,
І слова боскае, й дзявоцкія дары.
Хай будзе хвалена імя яго навекі,
Хай зброя боская заступіцца за нас!
І зноў ідзе выпрабаванняў час:
Кароль наш Сігізмунд, каб помсціцца за здзекі
Над братняю лівонскаю зямлёй,
Што чыніць цар Іван,
Ідзе на Русь вайной!
А то лівонцаў цар пабіў… нямчугі драла далі,
Адкрылі Польшчы тыл і на калені сталі
Перад царом. Ну што-ж… спрабуем самі.
Пан Заенчкоўскі (напыжыўся, як певень).
Віват! Ура! Я сам пайду ў рушэнне,
Адвагу Заенчкоўскіх знайце, маскалі!
О, там, дзё я, там слова «паражэнне»
І слова «страх» — як прывіды сплылі!
Ксёндз.
Сардэчна рад, пан Юзэф, і віншую
Вас — воіна касцёла й караля!
Нам трэба не адна маскоўская зямля,
Мы веру рымскую, адзіную святую
На барбарскі усход са зброяй панясём
І, хай цяпер яшчэ касцёл не люб ім,
Але ад мук пякельных мы спасём
Патомства тых, каго ў баях загубім.
Пан Заенчкоўскі.
Загубім? Так… Загіне-ж нехта й сам?
Ксёндз.
Не без таго, пан Юзэф, шмат загіне.
Пан Заенчкоўскі.
Жаніць-бы нам каго — як не з царом, дык з сынам, —
І, як Літву, Маскву прыбраць к рукам,
І менш крыві і клопату, і страху,
А пышны ўезд ў Маскву —
святы вялікі бог!
Хто-б з намі ў гэтым пацягацца змог!
Не, Польшча дала маху!
Не мог бяздзетным быць апошні Ягелон!
І выбар жон і просьбы прыснадзеве
Маглі-б дапамагчы, як мысліць пан Антон,
Ці першай, ці другой, ці трэцяй каралеве?
Ксёндз.
Малітвы маладых прыдворных і пажэй
Былі-б карысней тут і многа прыгажэй.
Пан Заенчкоўскі.
О, патэр мой, вы рымлянін і цынік!
Ксёндз.
Язык мой — вораг мой, ён цягне у грахі.
(Вочы к небу).
Даруй мне, пане мой, учынак мой благі
І не пазбаў мяне мілосці і святыні!
(Да Заенчкоўскага.).
Гады са тры апостальскім трудом
Займаўся я, смірэнны і убогі,
Авечак сотні тры прывёў я ў божы дом,
А зараз я прашу у пана дапамогі.
Пан Заенчкоўскі (хуценька).
Каб выгнаць іх адтуль? Ахвотна адхрышчу
Я мужыкоў — работа мне па густу.
Хрысціць я не прывык, — лупцую і хвашчу.
Ксёндз.
Ды не, я вам кажу пра зяця, князь-Капусту.
Яго-б адкалупіць апостальскім нажом
Ад схізмы грэцкае — былі-б касцёлу свечы,
А схізматычнай той царкве яшчэ адзін ражон!
Пан Заенчкоўскі.
Ах, пан Антон, як то-б было дарэчы!
Я, грэшны чалавек, часамі думаў так:
Навошта мужыку законы рымскай веры,
Тым больш, дзе хам — літвін, а пан яго паляк?
Касцёл раўняе іх, у пэўнай меры,
Ці можа думку шкодную аб роўнасці стварыць?
Вы разумееце? Нялоўка-ж ў самай справе
Ударыць мужыка (а як яго не біць?!),
Калі і ён, як ты „Te Deum laudamus“[2] правіць,
Рэч іншая — паны. Ад Віслы да Дняпра
Адной дзяржаваю з’еднаны
І веры караля — айца й гаспадара —
Павінны быць прыхільны і адданы.
Ксёндз.
Пан не ўлічыў, што трэба ад Масквы
Адрозніць і народ, а не адны баяры.
Украйну й Беларусь пад прозвішчам Літвы,
Вадзілі ў бой шляхецкія штандары.
Аднак, жбан воду носіць да пары:
Парвецца тонкая шляхецкая пачопка,
За веру ўчэпяцца маскоўскія цары,
І панаванню нашаму у гэтым краі — кропка!
Халоп тутэйшы цягне да Масквы:
Крыві і веры з ёй адной, мой пане,
А злучацца яны — пільнуйся галавы!
Шляхецтва польскага у краі гола стане!
Пан Заенчкоўскі.
А край багаты, золата — не край!
Садзіся і грабі на поўную лапату —
Дабро, і зверыну і звонкія дукаты,
Ды толькі волі хамам не давай.
Ксёндз.
Панове рада, разам з каралём
Пра гэта моцна думаюць, варожаць,
Апошні Ягелон, а з ім крулеўскі дом,
Ў руцэ, як кажуць, божай.
Адложыцца Літва, і прагная Масква
Да рускіх валасцей руку пацягне зразу.
Глядзіш — праз год, найболей цераз два,
Не будзе нам сюды ні ходу, ані лазу.
Пан Заенчкоўскі.
Злучае нас шляхоцкі прывілей,
І шляхты шмат прыехала з кароны.
Ксёндз.
З’еднаннем вер зрабілі-б мы мацней
І наш саюз і нашу абарону.
Пан кардынал нас выклікаў к сабе,
Свяцейшага айца нам булу[3] прачыталі,
І на сябе й на вас, паны, у барацьбе
Мы шмат чаго няўхільнага узялі:
Пранесці польскі дух да самае мяжы,
Пашырыць, як мага, свет веры каталіцкай,
Каб добрародныя літоўскія мужы
Ўсе выракліся вер — паганскай і мужыцкай,
Каб у літоўскі дуб, як крэмень ў старыну,
Мы шляхту польскую для вернасці ўвагналі.
Пан Заенчкоўскі.
Такім дубком, калісьці, у вайну
Літвіны чарапы варожыя ламалі.
Дубкі глядзеў я ў Яся — сваяка
У замку — ў княжастве каронным — Мазавецкім.
Ксёндз.
Дык вось, каб адхіліць удар таго дубка
Ад нашых гнёзд і вольнасцей шляхецкіх,
Павінны мы баяр і шляхту навакол
Да веры рымскае схіляць як толькі змога,
А, там Масква… І з ласкі пана бога
Ўсясветным стане зноў свяцейшы наш касцёл!
Пан Заенчкоўскі.
За князя возьмемся мы сёння-ж грамадой.
Ксёндз.
Княгіню Ядзю ў зговар мы далучым,
Не возьмем ў лоб, асадаю замучым.
Пан Заенчкоўскі.
Ergo bibamus![4] Патэр мілы мой!
Ксёндз.
Ergo bibamus!
Пан Заенчкоўскі.
Владзік, вудкі!
Гурка, вянгліны, сыру — хутка!
З’ЯВА ХІІ
Пан Заенчкоўскі.
Во — залаты слуга! Жаданне папярэдзіць!
Так вывучыў мяне. Яго я хлапчуком
Аднойчы выйграў у князя у Радзедзі,
Якому праіграў маёнтак свой і дом.
Уладзік (стаў на калені).
Даруйце, пан вяльможны, б’ю чалом!
Пан Заенчкоўскі (аж разлёгся ў крэсле).
Ну, што-ж, прасі, пакуль настрой вясёлы,
Уладзік.
На шлюб прашу я панскага дазволу.
Пан Заенчкоўскі.
А з кім?
Уладзік.
З Рагінай.
Пан Заенчкоўскі.
Пакаёўкай Ядзі?
Уладзік.
Так.
Пан Заенчкоўскі.
Жаніцьба хлопа — то прыбытак пану,
Адно — спазніўся з просьбай, небарак,
Я праіграў цябе заўчора князь-Івану,
Ў яго й прасі дазволу.
(Да ксяндза.)
А шкада —
Я меў-бы стаўкі дзве: Рагіна й яе дзеці,
Павінна-ж іх яна хоць калі-небудзь меці,
(Да Уладзіка.)
Што стаў, халоп? Табе што за бяда?
Прайграў не ты, а я! А гэтакі выпадак
Адбіць ігру я страціў праз цябе!..
Вось і хвалі халопа за адданасць,
Адданы ён, пакуль ты едзеш на гарбе,
А чуць ступіў убок…
Уладзік (падняўся з кален).
Што-ж, дзякуй… дзякуй пану.
Пан Заенчкоўскі.
Пайшоў, хам, прэч!
Ці стой, пакліч княгіню.
Уладзік.
Яна на рэчцы з Ясем — гайдуком.
Пан Заенчкоўскі (ксяндзу).
Вось, пан айцец, як словамі благімі,
Што сказаны бязглуздым языком,
Як можна пасварыць княгіню з мужыком,
Княгіню з князь-Іванам.
Хваліў я гайдука, здаецца, надта рана.
(Да Уладзіка.)
Ну як не зразумець аслінай галаве
Сваім гаршком пустапарожнім,
Што так сказаць аб роўных толькі можна —
«Княгіня з Ясем»!
Уладзік (хмура).
Княгіня з Ясем і служанкі дзве.
Пан Заенчкоўскі.
Пайшоў, дурны, яловы, пень, з вачэй!
Скажы княгіні, каб ішла хутчэй!
З’ЯВА ХІІІ
Пан Заенчкоўскі (ніяк не можа супакоіцца).
«Княгіня з Ясем»… Ёлупень брыдкі.
Ксёндз.
Прашу прабачыць, пане мой, пытанне, —
Вы ў гэтым бачыце намёк які,
Што так ўзгарэліся вялікім хваляваннем?
Пан Заенчкоўскі (аж зароў ад абразы).
На-а-а-мёк? Хацеў-бы бачыць я, мой пане,
Хто-б мог намёк такі зрабіць,
І хай ён будзе тройчы у сутане,
Я буду морду біць, я буду морду біць!
Ксёндз.
Яшчэ раз прабачайце, пане Юзэф,
Мой сын духоўны, — гнеў благі суддзя,
Тым больш, што мы ў апостальскім саюзе,
Перапрасіць гатоў абразу я.
Пан Заенчкоўскі (адумаўся).
Прабачце, мой айцец, малю я вас сардэчна.
Гарачы, як паляк!
Ксёндз.
І, як паляк, бяспечны.
Гайдук той не стары?
Пан Заенчкоўскі.
Яшчэ не мае вуса.
Ксёндз.
Сабой прыгож?
Пан Заенчкоўскі.
Як д’ябал ў час спакусы.
Ксёндз.
Ну, вось і на! А-ей, а-ей, мужчыны!..
Да маладзенькай пекнай, як анёл, жанчыны
Прыставіць гайдука!
Пан Заенчкоўскі.
Ды я-ж яго зарыю,
У зямлю, мой ойча, аж па шыю,
Калі пасмее ён
Ксёндз.
Ну хто тут не пасмее?
Будзь вы ці я, мой пане дабрадзею.
У пані Ядзі погляд, бож-жа-ж мой!
Як блісне з-пад брывей — любое сэрца скосіць, —
Хай абрасло яно і рыбінай луской, —
Раз блісне, два — і хлопец піць папросіць.
Пан Заенчкоўскі.
О, Езус-Марыя! Пан ойча, я ў адчаю!
У князь-Івана нешта, мусіць, нелады;
Як вышла Ядзя замуж, — тры гады,
А ўнука я дарэмна ўсё чакаю,
Магчыма, што…
Ксёндз.
Магчыма, ўсё магчыма…
Пан Заенчкоўскі.
Ах, я асёл… вось лыпаю вачыма
Замест таго, каб галаву адцяць
Крыўдзіцелю. Пракляты зяць,
Ці-ж мне старому помсціць за абразы
Твае?.. Дарэчы, ці сказаць нам князю?
Па-мойму — не.
Ксёндз.
А што яму сказаць?
Пан Заенчкоўскі.
Як што? А, паміж іншым, што?
Нанесла вось не ў добры час заразу —
Сказаў ён сказ, а што было ў тым сказе?
Ксёндз.
Адны здагадкі, ды к таму-ж пустыя.
Пан Заенчкоўскі.
Ад сэрца адлягло…
Аднак-жа і круты я:
Гатоў быў дратаваць дачку і гайдука
За слова лайдака, за слова лайдака!
Ксёндз.
Адно, пан Юзэф, стала тут прычынай:
Унука трэба вам, а пані Ядзі — сына.
Малюся я…
Пан Заенчкоўскі.
Каб ад пажоў далей?
Бо іх малітвы вашых прыгажэй!
З’ЯВА XIV
Na koteczka bormotanie
Na dzieciątko zejdź drzemanie.
Ty, koteczku, pobormotaj…
Moje dziecko nie szamotaj…
Татка, татка, з добрым раннем!
Ах, прабачце мяне, пане…
Святы ойча, з добрым раннем!
Растлумачыла Марына,
Што я маю, тату, сына!
Свайго першага нашу я,
І ціхонька калышу я.
Ty, koteczku, nie bormotaj,
Moje dziecko nie szamotaj!
Ty, koteczku, śpi przy płocie,
А dzieciątko śpi we złocie!
Пан Заенчкоўскі (некалькі разгубіўся).
Вось і маеш, вось і маеш…
А сама што адчуваеш?
Ядзя.
Адчуваю, тата, сына.
Пан Заенчкоўскі.
Ў добры час, мая Ядвіня!
Ксёндз.
У добры час, мая княгіня!
Як прыб’ецца князь к парогу —
Аддамо хвалу мы богу.
Пан Заенчкоўскі.
Тры імшы зараз адслужым.
Ксёндз.
Аб адным мы толькі тужым,
Што князь-бацька ў схізме грэцкай.
Пан Заенчкоўскі.
Заенчкоўскіх род шляхецкі
Гербам красіць, верай пляміць!
Вось была-б, Ядвіська, памяць
Аб тым дню, каб ён, вясёлы,
Князь-Івана да касцёла
Далучыў.
Ксёндз.
І стаў парогам
Ўходу сына ў царства бога.
То было-б над цудам цуда —
Пракацілася-б усюды, —
Што яшчэ да нараджэння
Бацьку сын прынёс збавенне.
Пан Заенчкоўскі.
Бацьку стаў хрышчоным бацькам,
Сам не будучы хрышчоным.
Вось загадка ўсім вучоным —
Паспрабуйце адгадайце!
Ядзя.
Татка мілы, татка любы,
Няма справы мне да Йвана.
Гвалтам я яму аддана,
Не люблю я маёй згубы.
Хай ратуецца ці гіне,
Хай жывы аддасца тленню,
Не скрану я і мізінец
На карысць яго збавення.
Вы жадалі, каб пайшла я
За Івана. З вашай волі
Я не вышла, хоць ніколі
Не любіла, не магла я
Палюбіць яго. А грошы
Вы любілі.
Пан Заенчкоўскі (засмучона).
Дзякуй, дочка!
Стаў і бацька нехарошы.
Ядзя.
Ах, пакіньце! Я сыночка
Нараджу сабе малога,
І не трэба мне нікога!
„Moje dziecko śpi we złocie.
З’ЯВА ХV
Ксёндз (з дакорам).
Збалавалі вы дачушку,
Ўзгадавалі непаслушку.
Пан Заенчкоўскі.
Хто дзяцей сваіх балуе,
Той пятлю сабе рыхтуе.
Ксёндз.
Ды яно к таму выходзе:
Мондры поляк, ды па шкодзе.
(Выходзяць.)
З’ЯВА ХVІ
Атаман.
Правёў ты Ахрэма?
Уладзік.
Ў канец падзямелля.
Атаман.
Стары не заблудзіць?
Уладзік.
Ды не, атамане.
Атаман (кідае яму шнур).
Тады гэты шнур
Да гарматнага зелля,
Што ў бочцы ў падсценні
Ляжыць закапаным,
(Абодва зніклі.)
З’ЯВА ХVII
Ясь.
«Ляцеў воран цераз мора
Ды стаў галасіці,
Ой, як цяжка убогаму
Багату любіці!
З’ездзіў каня вараненькага,
Ездзючы з паклонамі,
Стаптаў боцікі казловыя,
Ходзячы з упросамі.
Змяў я шапачку бабровую,
Перад ёй здымаючы,
Змачыў хустачку шаўковую,
Слёзкі выціраючы.»
…«Мой сын — сын князя! помні ты, гайдук!»
Сказала мне з пагардаю пышліва…
Здаецца мне — паветрам паміж рук
Яна знікае, як прывід, як дзіва.
А ці-ж паветра льга рукамі утрымаць?
Не нацалуешся ўдагонку за дзяўчынай.
Адно яе прымушу я сказаць —
Ці хто, ці што з’явілася прычынай.
З’ЯВА ХVIIІ
Адам.
Стой, Ясь! Ты чуў пра навіну?
Цяжарна пані.
Ясь.
Ну…
Адам.
Што ну?
Як быццам ты ў гэтым не пры чым!
Ясь.
Ды радавацца нам не бачу я прычын.
Адам.
Дзіця яе навек з табою звяжа.
Ясь.
Ці ланцугі у падзямеллі княжым.
Адам.
На ланцугі хай знойдзецца другі,
Мне надаеў мой стан адданага слугі.
Паслухай, Ясь, сачы ты за Марынай
Сягоння дзень і ноч, каб, не спусціўшы з воч,
Ты пас яе хвіліну за хвілінай.
Ясь.
Чаму?
Адам.
Таму… Ідзе яна — схініся проч!
(Ясь знікае).
З’ЯВА ХІХ
Марына.
Яшчэ апошні дзень, і прыме ў свой спакой
Душу маю зямля, калі адмовіць неба.
Хай радуецца князь…
Адам.
Марына, стой!
Марына.
Якая ў ката да мяне патрэба?
Адам.
А ці не рана, ведзьма, ты
Святкуеш перамогу?
Княгінін сын —
яно вядома богу,
Табе і мне,
Княгіне й Ясю —
Не знішчыць твой аброк
Аб лютай помсце князю…
Зарэжаш ты дзіця, яго спаткае бог,
Бязвінную афяру,
А за яго
Ён Васіля твайго
Скарае лютай карай!
Марына.
Кат, не брашы! Свайго паберажы
Ты сына: ходзіць на брыжы,
Надыйдзе час — і брыжык абарвецца,
А кат стары бяздзетным астанецца.
Адам.
Змяя!
Марына.
І змей!
Адам.
Дажджэшся ты расплаты.
З’ЯВА ХХ
Ясь (хутка ўваходзіць).
Пад’ехаў пан, выходзь на ганак, тата!
З’ЯВА ХХІ
Князь Капуста.
Вось, пан суддзя, пан пісар, ваш пакой.
Памыцца, Ясь!
Суддзя.
Крынічнаю вадой.
Ясь.
Ў хвіліну, пан суддзя.
Князь Капуста (да Адама).
Абед гатоў?
Адам.
Гатоў напэўна: кухар наш старанны.
Суддзя.
Не, князь Капуста, есці надта рана.
Я дзецкага паслаў учора — мужыкоў,
Што скардзіліся мне, у двор прывесці.
Раней іх справы разбяром,
А потым будзем піць, і есці,
І адчуваць сябе гасцём!
Князь Капуста.
Як воліць, пан суддзя.
Гатоў заўжды к паслугам:
Што скажаце — спаўняць, такі загад даў слугам
І буду вельмі рад, калі звычай старынны
Я выканаць змагу, прыняўшы вас гасцінна.
З’ЯВА ХХІІ
Адам.
Князь, што гасцям затрыманым сказаць?
Капуста.
Да д’ябла ўсіх паслаць!
Адам.
Узяўшы мыт, ці проста так без мыта?
Капуста.
Не, мыт узяць!
Адам.
Мне войт казаў… нібыта…
Капуста.
Нібыта што?
Адам.
Ды госці нашы — юды:
Ачмучваюць сялян… пра пана перасуды…
Пра волю, пра мяцеж…
Капуста.
Дзе атаман?
Адам.
Я затрымаў.
Капуста.
І не пускаць нікуды!
Ў жалезы закаваць!
А там пабачым.
Адам.
Ды яшчэ Марына…
Капуста.
Э, справа хатняя, абсудзім без суддзі.
За доглядам гасцей сам пільна даглядзі.
З’ЯВА ХХІІІ
Twoja kosa rozczesana, (Вышаў.) |
З’ЯВА ХХІV
Дзецкі (увальваецца, аціраючы пот).
Прывёў я мужыкоў, ды ў замак толькі трое
Згадзіліся ісці, а іншых нават боем
У замак-бы не ўвёў, —
Такі вялікі жах на іх пан-князь навёў.
З’ЯВА ХХV
Суддзя (да Капусты).
Кажу я, пан Капуста, скаргаў шмат
На вас і на людзей на дворных у народзе,
Без скаргі дня, здаецца, не праходзіць.
І госць, і дваранін, і хлопчык-торбахват
У голас выюць, ўспомніўшы «Бярозу».
Навошта-ж ціснуць так, каб стогн кругом ды слёзы?
Капуста.
Што слёзы, пан суддзя? — Салёная вада,
Яны — не пот, бо льюцца-ж без труда,
Ну, а купляць за іх бывае, што й купляюць
Жанчын, папоў і тых, што розуму не маюць.
Суддзя.
Ну, так-то так, а дзе-ж гаспадара
Траціна, князь? касцёлу дзесяціна?
І дворні чынш? і з кожнага двара
Падатак скарбавы і ўсё як ёсць па чыну?
Капуста (свіснуў).
Цю-цю, мой пан! а збеглых у шышы
На сто дымоў душ сотню запішы.
Хай ловіць іх урад, бо забеглі-ж не пры мне,
А ловіць ён іх? Не! Ён ловіць блох ва сне!
Чым вінен я? Я даў гаспадару
Дванаццаць тысяч коп — усё золатам, мой пане,
І даў я іх у цяжкую пару,
Калі рубель другі рубель праз год дастане.
Я дам яшчэ, як пойдуць на вайну.
Ды што з таго, калі каго я трохі ціскану?
Убытак вам, дзяржаве, каралю?
Не, пане мой, я спрэчак не люблю:
У замку — я кароль, ў сяле — я гаспадар!
Няма ў мяне гуляшчых і пахожых:
За працай ўсе, як пчолы з вулляў божых,
А я стаю над імі, як пчаляр.
Што добрага з таго, што бегаў селянін
Ад пана к пану па начах, як злодзей?
Палеткаў не гнаіў, расціў адзін палын,
Кароў не гадаваў, валы і клячы зводзіў.
Суддзя.
Усё гэта так, мой любы князь Капуста,
Ды скаргі сыплюцца, як град той, часта-густа.
Капуста.
Хай скардзяцца, суддзя! Калі на добры лад
Стаў весці я ў маёнтках гаспадарку,
Пры мне хто цягавіт, той будзе і багат,
Хто працавіт, той будзе мець і скварку,
А калі хочаш, то да скваркі чарку.
А хто гультай — не гневайся, не пан.
Аддай маё — сам пухні на мякіне,
Прадай армяк, прадай, як ёсць, жупан
І прывучыся грошы мець у скрыні.
Эй, дзецкі, ну, заводзь.
Хто з скаргамі прышоў на пана князь Капусту.
Заходзь, дзядок, а ну, заходзь! —
З’ЯВА ХХVІ
Стары селянін.
Добры дзень, дай бог, паночку,
Каб твае свяцілі вочкі,
Каб ты праўду-матку ўбачыў
Ў лахманах маіх жабрачых.
Ад свайго былога пана
Збег я ноччу, як звычайна,
Да іх міласці без звозу —
(Быў згавор у нас, мой пане!)
З возам, толькі на світанні
Мы пад’ехалі к Бярозе —
Гайдукі тут нас спаткалі
І да ніткі абабралі.
Суддзя.
Ну, да ніткі?
Стары селянін.
Ўсё, да ніткі, —
Свецім ўсе мы голай лыткай.
Два валы было ў старога:
Першы чорны, крутарогі,
А другі лабаты, белы,
Быццам выбелены мелам…
Ўзялі тых валоў, сабакі,
«Гэта, кажуць, у падзяку
Ад цябе Капусце пану,
Што ты стаў яго падданым».
Я прасіўся: ўсё вазьміце,
А валоў маіх вярніце:
Без валоў які-ж араты?
Не наробішся лапатай?..
Суддзя.
Не вярнулі?
Стары селянін.
Не, аддалі.
Суддзя.
Ну, кажы, што было далей?
Стары селянін.
Напісалі штосьці ў кнігу,
Ўзялі грошы за фатыгу.
І чытае з іх каторы:
«Князь валоў уласных дорыць
Пару сівых».
Як я глянуў
На валоў, і сэрцам звянуў:
Мой Жучок абмазан мелам —
Стаў не чорным і не белым,
Мой Лабач упэцкак у сажу —
Дорыць князь мне іх, ці мажа
Маім маслам мае губы…
Заступіся, пане любы!
Суддзя.
Дык валы-ж табе аддалі.
Стары селянін.
Ды за іх распіску ўзялі:
Быццам я валы сівыя
Ўзяў у князя.
Суддзя.
Дождж памые,
Калі сам на перавозе
Не памыў ты іх ў Бярозе,
Стары селянін.
Як «не мыў» — памыў, паночку!
На вялікадня сарочку
Гаспадыня так не мые…
Плачу я, старая вые,
Гайдукі-ж смяюцца, кажуць:
«Усе-ж валы твае сівыя,
Хоць і змыў ты мел і сажу».
Суддзя.
Гайдукі пажартавалі.
Капуста.
Крыжык твой даўно парвалі.
Стары селянін.
Ох, не веру я, не веру,
Дайце мне назад паперу
З маім крыжам.
(Да суддзі).
Ясны пане,
Людзі сведчаць — князь абмане.
Суддзя.
Што ты клепіш, дзед, на пана?
Што ты жарты строіш, п’яны?
Запішы, пан пісар, гэтак:
«У прысутнасці трох сведак,
Князя п’яны смерд абразіў,
Адпісаць валоў на князя».
Стары селянін (з дакорам).
Дзе-ж ты праўду дзеў, паночку?
У каго пазычыў вочкі?
Што глузуешся над богам?
Суддзя.
Дзецкі! вывесці старога!
З’ЯВА ХХVII
Старая.
Быў год галодны. Мой Якуб
Ў той год прадаўся ў замак дворны.
Аслаб Якуб. Памёр закуп[5]
На працы панскай каля горна.
Па ім закупам стала я:
Дачку малую ратавала.
І год пятнаццаць я штодня
На панскім полі працавала.
Жыццё — бяды не правярнуць:
Бывала разгавецца нечым,
А шчочкі Машы — аж цвітуць,
А голас Машы — аж шчабеча…
Дзе Маша, князь?
Ў свае муры
Ты, як крумкач, занёс дзяўчыну
І без крыжа і дамавіны
Пяском засыпаў у віры.
Суддзя.
Што? Утапіў? Сам князь? Хто бачыў?
Старая.
Відаць, і бог таго не бачыў:
Не змог-бы богам быць іначай,
Каб бачыў бог і не памог.
Суддзя.
А-а-а, самазгубства!.. Што-ж, бядача,
Ў жыцці і смерці волен бог.
Паплач, лягчэй на сэрцы з плачу.
Ну, дзецкі, спагадай нязрачай —
Перавядзі цераз парог.
З’ЯВА ХХVIIІ
Дзед Ксаверый.
Б’ем чалом усім сялом,
Ад народу цэлым сходам
На дзяржаўцу — чыніць шкоды,
Не знясеш, хоць будзь валом.
1-ы селянін.
Ды яшчэ якім — жалезным!
Кожны ляда ў пушчы драў,
Ляды пан у нас адрэзаў, —
Пот крывавы адабраў.
2-гі селянін.
Князь зямлю нам перамерыў,
Ну і вышлі мы з памеру
На лугах і на раллі
На палову як былі,
Панскі ж вор узрос без меры.
1-ы селянін.
Межавыя нашы знакі
Князь у пушчу залысіў,
Пацяробы і дзялянкі
Ці стравіў ці пакасіў.
Дрэва бортнага палову
Як злізаў хто языком,
За мужыцкае здароўе
Князь частуецца мядком.
Дзед Ксаверый.
Зараз ў пушчу не ткні носа:
Ні вавёркі, ні ваўка
Не заб’еш без іх дапроса,
Бо глядзіць асочны коса
Чуць не з кожнага ляска.
2-гі селянін.
Не паваліш сам на ўзлессі,
Калі хочаш, пару пнёў.
Дзед Ксаверый.
А за працай хоць ты трэсні,
Нехапае ў бога днёў,
Задыміла дымаўшчына
Чуць не кожны божы дзень.
1-ы селянін.
Лют наш князь на дармаўшчыну
І не ласкаў да людзей.
З той пары, як жыта паша
Гарапашнік-селянін,
Ад дзядоў і продкаў нашых
Не было такіх навін.
Дзед Ксаверый.
Не было ды й мо’ не будзе,
Хоць лажыся й памірай.
Сяляне.
Што мы? Людзі ці не людзі?
Старыну нам, князь, аддай!
Хопіць гвалту, хопіць здзеку,
Хопіць поту і крыві!
Людзі, князь, мы, чалавекі,
Не губі, нас не даві!
Капуста.
Сытых воч няма на свеце,
Сэрца сытага таксама.
На маёй зямлі жывеце
І мяне-ж ясцё вы, хамы!
Але мала! Дай вам замак,
Дай вам ляды, дай вам пушчу,
Вы-б і губ не аблізалі, —
Ўсё-б маглі зубамі струшчыць…
Хопіць, хамы, лапці плесці!
Не хацелі жыць вы ціха,
Вось я вам наважу ліха,
Колькі кожнаму панесці!
Дзед Ксаверый.
Князь, тапельцу дождж не страшны,
Як і голаму — рабунак.
Пан суддзя, на скаргі нашы
Хочам чуць мы паратунак.
Суддзя.
Што-ж скажу я вам, сяляне?
Паратунак — у пакоры,
Паратунак — ў добрай працы.
Пісар.
Узаемныя дакоры
Не памогуць справе, братцы.
Суддзя.
Ты сыноў, старэнькі, маеш
І, напэўна, звадку-свару
Па-бацькоўску ушчуняеш?
Пісар.
Сварка ў хаце — горш пажару.
Суддзя.
Як-жа пану не злавацца?
Ён, бач, ладзіць гаспадарку,
Як для вас найлепей, братцы.
Дзед Ксаверый.
Ладзіць ён у нас на карку
Ды для нас ярмо, васпане,
Тут сляпога не абманеш.
Кажа Тэкля, што у пекле,
Абцярпеўшыся, нічога,
Можна жыць, а тут горш пекла,
Насланнё ад духа злога!
Мы-б слупы даўно пасеклі,
Зрылі-б ўсе капцы да бога,
Зацясалі-б знакі ў пушчы
Па старых дзядоўскіх знаках,
Сеў-бы пан наш заграбушчы,
Князь Капуста, дробным макам,
Каб не зналі, што сабраўся
Пан суддзя да нас у госці,
А дазналіся — й падаўся
Наш народ да вашай мосці,
Да суддзі, за праўдай шчырай,
Каралеўскай праўдай, пане.
Суддзя.
Запішы, пан пісар, вырак:
«Дня і года… нам сяляне
Вёсак князя… скаргу далі…
На дзяржаўцу… чыніць шкоды,
Узвёў навіны й невыгоды…
І пры гэтым паказалі
На сябе, што скопам, сходам
Меркавалі бунтавацца,
Межы нішчыць самапраўна,
Скасаваць памер дзяржаўны.
А таму… каб нам дазнацца,
Хто зачыншчык гэтай смуты,
Ўзяць пад варту і закутых
Пераслаць да ваяводы».
Што зачухалі бароды?
Дзецкі! выкліч сюды варту!
Што, дзядок, ты думаў жарты?
Дзед Ксаверый.
Не, панок, я ведаў зразу:
Бог прынёс да нас заразу,
А пакуль заразы жывы,
То датуль і цягнуць жылы.
І са скаргаў, і з малебнаў
Нам наедак нетрывалы.
Яны мусіць так патрэбны,
Як майму валу цымбалы.
Суддзя.
Дык мо’ ўзялі-б чалабіцце
Вы назад? А пан даруе
Вам абразу, папрашу я.
Сяляне.
Не, любіце, не любіце,
Пойдзем мы да ваяводы:
Цалавалі крыж народу —
Не прадаць братоў і матак
Ні за страх, ні за дукаты.
Дзед Ксаверый.
Шкода вось, сцягнула трасца
Папа рыжага так рана
Сюды ў замак князя-пана,
Не маглі дастаць прычасця.
Можа-б пан суддзя, быў ласкаў,
Падаслаць папа ў вязенне,
Даць грахоў нам адпушчэнне,
Мо’ бяду-б бог адкараскаў.
Суддзя.
Ну, як знаеце. Я-ж раю
Справу з панам скончыць мірам.
Дзень-другі яшчэ счакаю,
Вы-ж падумайце, старыя,
А ці варт сядзець у казні
І карміць з-за спрэчак блохі?
Пасадзі іх, дзецкі, ў лазню,
Разумней мо’ стануць трохі.
З’ЯВА ХХІХ
Суддзя.
Што вы скажаце на гэта,
Князь Капуста? Перад светам
Скоры спех — заўжды на смех.
Князь Капуста.
Не спяшаліся баяры…
Бацька, к прыкладу, нябожчык
Меў і сёлы і абшары,
Але з той вялікай плошчы
Грош к яму не йшоў, а плакаў.
Ну, а двор, знаёмствы, Кракаў —
Гэта, пане, прапалошча
І скарбёнкі, і свіронкі
І самога, і малжонкі,
Як ніякі ў свеце дожджык.
Суддзя.
А дзе-ж выйсце?
Князь Капуста.
Або — або!
Ці залезці ў глуш, як жаба
Ў твань балота, мірна квакаць,
Есці, спаць, сварыцца, плакаць;
Ці паставіць двор, як трэба,
Не зважаючы на слёзы,
На праклёны і пагрозы.
Каб радзіла грошы глеба,
Каб яны плылі ў таварах
У мой замак аж з-за межаў.
А тады — і герб на вежах.
І віно ў заморскіх чарах!
Суддзя.
Залатыя пана словы,
Толькі трэба ўсё-ж паціху,
Бо народ настроен ліха.
Дзе-ні-дзе парадак новы
Так спаткалі, князь Капуста,
Што у замках стала пуста.
Князь Капуста.
Што-ж, бывае, дабрадзею,
Хам, як быдла, ашалее.
Толькі гэта ўсё-ж не знача,
Быццам трэба іх быдлячай
Патураць, мой пан, натуры.
Трэба біць, пакуль са скуры
(Хай сабе з душою разам)
Дух крамольнае заразы,
Прагнасць панства над панамі
Не павыветрыцца ў хаме.
Пад уласным будзеш дахам
Мець спакой без перашкоды,
Калі панскія выгоды
Абгародзіш хамскім страхам.
Суддзя.
Толькі трэба па закону.
Капуста.
Не такі мужык варона.
Сам ён ведае, што возіць
Кожны чорт на свой млын воду,
Ды і сам зарве у шкоду,
Калі зручны міг знаходзіць.
Не закон — калі без сілы,
Той закон, што сілу мае,
І рука адсохне тая,
Што здабычу выпускае.
Вось вам прыклад. Нам у ногі
Слёзна плюхнула старая
Каля ганку. Від — убогі,
А яна дзяўчыну мае,
Не дзяўчынка, а малінка!
Прыгажэйшая з прыгожых,
Станам гонка, як сасонка,
Косы — хмары ў небе божым,
Вочкі — бліскаўкі, а бровы —
Маладзік двайны, бабровы.
Суддзя.
А з прыгонных, ці з пахожых?
Капуста.
Бацька быў калісь ў прыгоне,
Зараз зволены указам,
Дзе-ж — ці ў сіле, ці ў законе —
Мне яе шукаць сягоння?
Суддзя.
У абодвух, пане, разам.
Выдаць замуж — добрай воляй,
Ці праз матчыну прынуку —
За таго, хто хлеба-солі
Дастае у вас дакукай.
Капуста.
Спосаб гіблы і ужыты.
Суддзя.
Ўсякі спосаб знаць не худа:
Як не возьмецца на жыта,
Залатой навудзіць вудай.
Капуста.
Спосаб гэты к чорту ў ступу.
Суддзя.
Ну, як воліце. Хто-ж будзе
Той жаніх? Мо’ ён ў закупы
Ех officio заблудзіць.
Капуста.
Хто жаніх?
Адам! Ці чуў ты,
Хто дачку Прузыны сватаў?
Адам.
Наш каваль, ўдавы Агаты
Сын.
Капуста.
О, сцервы, шалапуты!
Мне ні слова! Кліч Марыну!
Два гады жыла ў Агаты
Пасля казні яе сына.
Яна ведае іх хату,
Хто адкуль, і што.
Адам.
Марына
Дзень апошні трызніць стала,
Сам я чуў з памёршым сынам
Тры гадзіны размаўляла.
Ёй здаецца…
Капуста.
Хай здаецца —
Ёсць загад і выкананне,
Ў замках здавен так вядзецца.
Адам.
Навіна ёсць, ясны пане:
Панясла княгіня сына!
Капуста.
Па-няс-ла? Чыйго, якога?
Адам.
Зацяжарыла княгіня.
Капуста.
Хто сказаў?
Адам.
Марына ўранку
Ёй гадала.
Капуста.
Кліч Марыну!
Адам.
Мо’ княгіню, ясны пане?
Капуста.
Кліч Марыну, хам!
(Да суддзі.) Пакіну
Вас, прабачце, на хвіліну.
— Дваццаць год маліў я бога,
Абдарыў старцоў убогіх,
І капліцы, і касцёлы,
Цэрквы, кірху, нават школы,
Каб паслаў мне бог наследдзе,
Каб не здаць ў чужыя рукі
Плён жыцця майго і мукі!
Пан суддзя, ну як уседзець,
Навіну пачуўшы гэту?!
Не! Сабраць усіх суседзяў,
Раззваніць па цэлым свеце!
Хто прыедзе, ці прыходзе,
Утапіць у хмельным мёдзе!
Ой, задам работы цесцю:
Ён мастак і піць і есці
Збор — дружынаю і з густам.
(Тры двары прапіў ў Пазнані.)
Хай балюе ўсякі, званы
І нязваны у Капусты, —
Князь-Капуста не шкадуе
Мёду-піва на пачосткі,
Толькі бог няхай гадуе
Роду дрэўняга адросткі!
З’ЯВА ХХХ
Суддзя.
Як ўзгарэўся, як узвіўся,
Бы бязвусы малайчына,
Што поўгода як жаніўся,
На’т забыўся пра дзяўчыну.
Патурбуйся, пане пісар:
Войт з папом стаяць на ганку.
Клікні іх — чакаюць зранку —
Войт сказаў, а пан забыўся.
Пісар.
Пан суддзя, гасцёва вока
Бачыць многа і глыбока.
З’ЯВА ХХХІ
Суддзя.
Ты Марына?
Марына.
Я — Марына.
Суддзя.
Князь-Івана…
Марына.
Гадавала.
Суддзя.
Ты сказаць суду павінна
Шчыру праўду. Пражывала
Ты ў Агаты?
Марына.
Пражывала.
Суддзя.
Хто быў муж твае Агаты?
Марына.
Пана Дулі быў падданы.
Суддзя.
Хто пан Дуля?
Адам.
Небагаты
Шляхціц. — Выпатрашан панам
Князь-Капустай. Над адною
Над сваёй цяпер душою
Тут ён пан; жыве у грыдні —
Князь давёў яго да злыдні.
Суддзя.
Так, а муж тае Агаты?
Марына.
Ён сканаў. Яна-ж брухатай
Павярнула к бацьку ў хату
І радзіла сына вольным,
Толькі й радасці бяздольным.
Суддзя.
Так, так, так. Паклічце Дулю.
З’ЯВА ХХХІІ
Ксёндз (да пана).
Вы, калега, пэўна чулі
Пра Платона…
Поп.
Што з-за рэчкі?
Ксёндз.
Не, філосаф старагрэцкі,
Хоць ён веры быў паганай,
Ён казаў…
Поп (унікаючы размовы, да суддзі).
Дзень добры, пану!
Ксёндз.
Пан суддзя? Пан Бобаецкі?
Божы служка — ксёндз Антоній.
Суддзя.
Я начуты, святы ойча,
Аб жыцці аб вашым; тройчы
Біскуп вас хваліў з амбона
За апостальскую працу.
Ксёндз.
Чым нам, грэшным, выхваляцца!
Суддзя.
Не скажыце…
Ксёндз (знаёмячы з папом суддзю).
Мой калега —
Падбярэзскі поп Цялега.
Суддзя.
Вельмі рад, і рад быў знаць я,
Што жывеце вы, як брацця, —
Мірна дзеліце прыход.
Поп.
Ім даходы, мне — народ.
Дзякуй пану князь-Капусце.
І пакуль ён не дапусціць
Цэркаў божую да крыўды —
Мы сядзім, як тыя гніды.
Ксёндз.
Фі, калега, як то можна
Параўнаць прыхожан божых
З нейкай гнідай, — вам-жа ў стыд.
Поп.
Каб не стыд, то быў-бы сыт,
Быў такі-б, як ксёнджа, тлусты.
Суддзя.
Кіньце, поп, да сваркі змусты —
Тут вы ў замку князь-Капусты,
А не ў цэркві з мужыкамі.
У прыходзе ёсць Агата?
Поп.
Ды у нас Агат багата:
У кожнай хаце па Агаце.
Войт (услужліва).
Пан суддзя гаворыць з вамі
Аб Рыгоравай аб маці,
Мне здаецца…
Суддзя.
Хай здаецца!
Яе сын дзяўчыну сватаў
І вяселле блізка жджэцца.
Поп.
Ну, то ведаю Агату.
Суддзя.
Кажуць людзі (так і будзе!),
Што Рыгор той у Агаткі
Нарадзіўся ў двары Дулі.
Вы, напэўна, гэта чулі?
Поп.
Чуць не чуў. Людскія-ж гадкі
Можа й ёсць.
Суддзя.
І быць павінны.
Дый на споведзі жанчына
Вам сказаць магла пра гэта.
Войт (услужліва).
Я даводзіў гэта пану —
Войт іх светласці адданы.
Суддзя.
Як прыгонная кабета
Сына вольным нарадзіла?
Сын прыгоннай сам прыгонны.
Разумееце? Сягоння
Так запіша суд каронны.
Пісар (папу).
Калі сведкі так пасведчаць.
Поп.
Г-г-м-м!..
З’ЯВА ХХХІІІ
Дуля.
Я — Дуля!
Маю гонар быць пазваным
Яго светласцю і панам.
Толькі звычай мой, каб глотку
Мне прамылі моцнай водкай, —
Без таго і чуць не чую
І нямею начыстую.
Суддзя.
Даць кілішак.
Дуля.
Дзякуй, чую!
Суддзя.
Вы маёнтак, кажуць, мелі?
Дуля.
Ды трымаць яго не ўмелі.
Суддзя.
А гадкоў назад з дваццатку
Прывяла раба дзіцятка
Пану Дулю, — ды й якое?
Дуля.
Так было, але-ж на гора
Яно зараз і памёрла.
Суддзя.
Прамачыце пану горла.
Не памерла, а жывое.
Поп аксціў яго Рыгорам,
Матку зваць яго Агаткай.
Дуля.
Не, панок, мне не ўздагадкі.
Суддзя.
Даць кілішак.
Дуля (выпівае).
Чуць, чуць помню.
Суддзя.
Даць другі.
Дуля (выпівае).
Ясяее ў глуздзе.
Суддзя.
Даць апошні.
Дуля (выпівае).
Усё прыпомніў.
Суддзя.
Вы прадалі князь-Капусце…
Дуля.
Усё, мой пане, да кашулі.
Суддзя.
Значыць права на Агатку,
На Рыгора і нашчадкі?
Суддзя.
Ну, вы вольны, пане Дуля.
Дуля.
А кілішак на дарогу?
Суддзя.
Даць кілішак.
Дуля (прымае кілішак).
«Рadam do nóg».
З’ЯВА ХХХІV
Капуста.
Пане цесцю, рэй вам весці.
Насклікайце на дажынкі,
Ці з якой другой прычыны,
Заўтра-сёння вечарынкі —
Ўсіх, хто знойдзецца на месцы
З шляхты нашай навакольнай!
Хай сын будзе хлебасольным
Да народжання.
Суддзя.
Княгіня,
Вам ад сэрца віншаванне.
Князь клапоціцца аб сыне,
А каб бог пачуў жаданні
Ўсіх мужчын, хто пані знае,
Ён-бы даў дачку напэўна;
Хай красой, як маці, ззяе —
Каралеве — каралеўну!
Ядзя.
Дзякуй, пане мой!
Ксёндз.
Малебны…
Поп.
У царкве.
Ксёндз.
І ў касцеле.
Поп.
Мы адслужым.
Ксёндз.
Гімн хвалебны…
Ядзя (ксяндзу).
Дзякуй, пане мой вялебны.
Ксёндз.
Мы-б адно ўсё хацелі,
Каб пан Ян пабыў ў касцеле…
(Да папа.)
Пан Цялега, вам дахаты
Не пара?
Поп (убок).
О, чорт брухаты!
(К князю.)
Сёння, проста па абедзе,
Хай у цэркаў пан пад’едзе.
Мы адслужым літургію
За прыплод і за княгіню
І не горай, як другія.
З’ЯВА ХХХV
Пан Заенчкоўскі.
Эй, Адам, прынесці хмелю!
Можа-б мы, панове, селі?
Ксёндз.
Бог ўсясільны творыць цуды,
Дождж ў пустыню пасылае,
Ад бясплоддзя вызваляе,
Вымагаючы ад люду
Ймя святое яго славіць
І праўдзіва мольбы правіць.
Капуста.
Ойча мой, ізноў пра веру, —
Ды не маю я намеру
Род бацькоў сваіх няславіць.
Ксёндз.
Наш кароль і князь літоўскі
Вымагае аб’еднання
Душ і зброі.
Капуста.
Не вызнання!
Ксёндз.
Ён вядзе на стан маскоўскі
За штандарам каталіцкім
Свае войскі.
Капуста.
Ён баіцца,
Што схізматык будзе біцца
Не на поўную сякеру?
Не, мой ойча, тут не вера —
Вырашаюць прывілеі,
Дзе каму найлепей, дружа.
Цар Іван баяр падужаў —
Стаў трапаць іх на кудзелю,
Толькі пыл кругом курыцца.
Смерці-ж кожны пабаіцца —
І бягуць ў край каталіцкі.
Так ці не?
Ксёндз.
Хай так.
Капуста.
У нас-жа
Шляхта — верхні слой ў народзе;
Дуля мой хай «вэто» скажа —
Сойм ратунку не знаходзе,
Для паноў яно не блага.
І хаця дакучыць звяга
І разбэшчанасць часамі,
Усё-ж ў Маскве, судзіце самі,
Нам не лепш, а горш жылося-б,
І калі-б тут уляглося
Аб вызнанні вер пытанне,
Вось было-б і аб’еднанне.
Мы ў царкве, а вы ў касцеле.
Пан суддзя, вы-б як глядзелі?
Суддзя.
Усё-ж, пан Ян, ксёндз праўду кажа.
Ўзяць Маскву…
Капуста.
Не сіла наша.
За спіной Масквы раздолле —
Горы, стэпы і прыволле,
Абаперці ёсць дзе спіну,
Ёсць дзе выламаць дубіну,
Размахнуцца у прасторы —
І прабіць на захад к мору
Троп, што зробіць позна-рана
Цар Іван, ці сын Івана.
Што яму супроць паставім?
Сойм пышлівы у Варшаве?
Не, Масква нас можа спляжыць,
Калі будзе «вэто» княжыць,
Калі мы ў сябе парадкі
Не наладзім. Кінем звадкі.
П’ю за сына! Піце, госці!
Віват пані, яе мосці!
Усе.
Віват пані, яе мосці!
Капуста (заўважыў Марыну і да яе).
Эй, старая, — даць ёй чару —
Велічай старым звычаем.
Марына.
Дзякуй, ўладар наш і бацька шчаслівы!
Чарку падняць мне?
А што ў ёй наліта?
Кроў тых дзяцей, што ў падвалах лілі вы,
Ці матчыны слёзы па іх, па забітых?
Узняла я чарку над сынняй магілай.
Ды толькі наліць яе думала маці
Кроўю, што з сэрца твайго, князь, шчаняці,
Пан уладар наш, і бацька шчаслівы!
Вось мая чарка (вымае нож), даю табе, пане,
Хай прыгадзіцца ў ліхую гадзіну.
Сын гайдука, што народзіцца ў пані,
Мне не заменіць твайго, княжа, сына.
Ты сам перарэжаш нажом яму жылы,
Як родзіцца сын твой у Яся з княгіняй.
А зараз прымі віншаванне Марыны,
Княжа, ўладар наш і бацька шчаслівы.
Ядзя.
Яна звар’яцела! Не верце, не верце!
Марына (неяк паднялася, вырасла).
Клянуся я з сына адпомшчанай смерцю,
Клянуся спакоем жаданым магілы,
Клянуся я пеклам, што ў сэрцы насіла, —
Для панства хавала, — я праўду сказала.
Суддзя.
А доказы дзе?
Марына.
У яе пад пярынай:
З вяровак драбіны
І пояс расшыты,
сягоння забыты.
Суддзя.
Прынесці!
Хто знае?
Марына.
Ніхто, апроч бацькі Адама.
Князь Капуста.
Прывесці, звязаўшы, і выблюдка й хама.
З’ЯВА ХХХVІ
Гайдук.
Адам, княжа, збег, захапіў пару коней.
Суддзя.
Паслаць безадкладна ў пагоню.
Капуста (гаворыць цяжка, углядаючыся ў княгіню).
Ну, што-ж, станьце поруч…
А пекная пара…
Смяяліся, кпілі з старога пачвары!..
Дзе-ж пал пацалункаў?
Што вусны збялелі?
Дзе-ж вашы абдымкі?
Што рукі знямелі?
І як да спадобы маё віншаванне,
Акняжаны хам і чароўная пані?
Ну, дзякуй, пан Юзэф і ксёнжа Антоній,
Я цуда над цудам пабачыў сягоння.
Ксёндз.
Пан Езус бывае бяду насылае
І крэпкую веру, мой сын, спакушае.
Суддзя.
Не трэба ў адчай, добры княжа, прыходзіць,
А кару павінен панесці хам-злодзей.
Капуста.
О, кара! Чаму ты, мой божа вялікі,
Прыдумаўшы мукі без меры, без ліку
Для сэрца майго, ды не даў яму волі
Над целам яе і яго… О, ніколі
Яны-б не памерлі, а ў муках пякельных
Малілі-б аб смерці і ночна і дзённа.
Ксёндз.
Мой сын, памаліся, ад сэрца адляжа.
Суддзя.
Вырок, калі ў гневе, няправільны, княжа!
А мы-ж не спыталі ні хама, ні пані.
Капуста.
Ды ясна, мой пане, і так, без пытання.
Ядзя.
Ўсё гэта няпраўда — трызненне вар’яткі,
Ратуй мяне, ойча, ратуй мяне, татка!
Я — польская панна і хам… Немагчыма!..
Заўсёды з пагардай праходзіла міма…
Ёй помста патрэбна і помсціцца мною
Пан ксёндз, я засведчу прысягай любою.
Ксёндз.
Ці мала на свеце, мой пан, закаханых
Было гайдукоў ў сваіх паняў, без згоды
Апошніх…
Суддзя.
Такія паданні
Стварылі нядарам вякі і народы.
Капуста.
Што-ж скажаш, ты, хаме?
Ясь.
Я думкаю чыстай
Княгіню кахаў і не знала княгіня.
Капуста.
Вы землю грызеце, вы падайце лістам, —
Не веру!
Ясь.
Дык верце, што вінен адзін я.
Адно я прашу — князь прыдумае кару:
Хай рэжа, хай паліць, няхай паласуе,
Я буду маліцца пры кожным удары
За пана і ката. І толькі прашу я:
Яе не чапайце.
Капуста.
Ну, не, галубочак,
Ты многага хочаш.
Я вас без сарочак
На з’езд маёй шляхты пастаўлю сягоння.
Пан Заенчкоўскі (да суддзі).
О, пан Бобаецкі, суддзя вы ў кароне,
Прымушан прасіць аб яе абароне.
Вар’ят гэты можа жыўцом яе есці,
Ды гонар шляхецкі пры людзях бясчэсціць
Я не дазваляю!
Капуста.
Маўчы ты, ганебны
Ганебнай дачкі жыццедавец пастылы!
Павесіць яе над парогам патрэбна
Пакою твайго, каб хадзіў ты пад стылым
Пад трупам, пакуль не сатлее, і вочы
Падняць баючыся.
Узяць іх за краты,
Раздзець, закаваць і ключы мне прынесці.
Аддам вам з надсыпкай, аддам вам стократы!
Ўсе проч ад мяне — дайце дух перавесці.
З’ЯВА ХХХVII
Суддзя.
Я вас суцяшаць не хачу, мой каханы,
Ды словам людскім не уцешыцца ў горы,
А божае слова — з парадай пакоры —
Не знойдзе прытулку ў душы ўзбунтаванай.
Я вам раскажу аб адным мне знаёмым.
Ён быў малады і ў дастатку, дай божа,
І ўзяў закаханы дзяўчынку прыгожу
Ды з добрага роду — з магнатаў кароны.
А з крымскага броду у часе паходу
Прывёз яму дзядзька палоннага маўра.
А тут затрубілі, забілі ў літаўры,
І сам ён пад Псковам пражыў звыш поўгода,
Вярнуўся дахаты — і божа! — цяжарнай
Цудоўную панну знайшоў нечакана.
На маўра уголас сказалі тут пану
Суседзі і слугі, — сказалі не марна,
Бо хлопец упаў і на сэрца і ў вочы
Жанчыне, пакінутай воінам-мужам,
Хоць чорны, як цыган, ды рослы і дужы,
Хто-ж можа патрапіць натуры жаночай?
У маўра пан выбіў прызнанне у блудзе.
Жанчыну-ж забі, яна ўсё адмаўляла.
І вырашыў пан: пачакаць, каб раджала…
Дзіця яе сведкай найлепшаю будзе.
І вось дзень радзін настае, як дзень судны.
Адточаны меч пан паклаў каля ложка:
Калі на мурына падобны хоць трошкі
Дзіцёнак той будзе, — засне непрабудна
Дзіця й парадзіха. Глядзела жанчына
На меч і маліла, як ласкі, у бога
Памерці ад родаў: здаецца-ж нямнога?
І раптам радзіла цудоўнага сына,
Ад пана пабраўшага нават і крошкі:
Бялюсенькі-бел, з васількамі-вачыма…
І пан пакланіўся у ногі жанчыне,
Што, зразу ссівеўшай, ляжала на ложку.
Капуста.
К чаму гэта байка?
Суддзя.
К таму, проша пана,
Што наша жыццё не ідзе як па шнуру
Ад дня нараджэння к жалобе хаўтураў,
Яно, як рака, ўсё у лукі пагбана.
І хто яго знае — вялік свет, а можа
Ў княгіні з тым хамам, ад бога праклятым
І годным аддаць на павешанне катам,
Нічога, што можна назваць непрыгожым,
Яшчэ не было…
Капуста.
Вы мне соліце рану,
Я зараз завыю, як воўк сівы ў лесе.
Тут мала зарэзаць, тут мала павесіць…
Суддзя.
Мой пан, а ці мала у пана падданых,
Што маюць віну перад панам? Іх мукі
Суцешыць маглі-б вас… Вось тая дзяўчына,
Што пан мне казаў — «журавіна», «маліна»,
Яна, праз свой шлюб, пану лучыць у рукі,
Яе жанішок, калі ўзяць па закону,
З нацяжкай, вядома, халоп пана Дулі.
Капуста.
Абрыдлі мне, пане, Ганулі, Гапулі —
Няма майму сэрцу ад помсты адхлону,
Мне-б зараз ўварвацца ў натоўп гэтых хамаў,
І рэзаць і біць…
Суддзя.
О, хай бог вас бароніць:
Зрабіць гэта — значыць да смерці на ўлонне
Палезці жывому, — памысліце самі.
А з гэтай… Гапуляй маглі-б вы праверыць,
Ці можна княгіні і хаму паверыць?
З’ЯВА ХХХVIII
Войт.
Княжа любы, літасцівы,
Не вялі казніць, памілуй!
Госці нас з папом злавілі,
Мяне білі, ой, як білі,
А папа ў капліцу ўзялі,
Рагаталі, ўспаміналі
Вас, мой княжа…
Папа-ж, мусіць,
Каваля вянчаць прымусяць.
Суддзя.
Не турбуйцеся вы, княжа!
Вузел з пісарам развяжам
Самі мы, і сёння к ночы
Пан абніме стан дзявочы,
Калі вам яна па густу.
І ўсё будзе шыта-крыта —
Ёсць на свеце, князь-Капуста,
Суддзі Ржэчы Паспалітай.
З’ЯВА ХХХІХ
Уладзік.
Збег Адам і ключ ад вежы
Кінуў ў роспачы пад ногі,
Я наткнуўся…
Атаман.
Не зракліся
Запарожца, значыць, богі.
А я думаў, — на асіне
Без пары казак загіне,
І над вокам над казачым
Без пары крумчак закрача.
Уладзік.
Хай пакрача гэтым разам
Над княгіняй ды над Ясем.
Мы-ж і гэтую аздобу
Кінем князю на хваробу.
Атаман.
Дзякуй, Ўладзік. Падзямеллем
Я пасуну да Бярозы.
Ты-ж бліжэй трымайся к зеллю,
Што пад вежай. Ні пагрозы,
Ні загады не павінны
Адцягнуць цябе ад вежы…
Шнур падпаліш, мы ўварвемся,
І паноў, як стой, дарэжам.
Заслона.
Акт III
[правіць]
АКТ ІІІ
З’ЯВА І
Кацярына (спявае).
Ў небе сінім журавелькі,
Летучы ў пуць дальні,
Роняць, роняць на зямельку
Крык свой развітальны:
Кур, кур, кур!
Перад вамі ў светлых далях
Сонцам шлях заліты,
Ды чаму-ж заўсёды жалем
Крык ваш апавіты?
Кур, кур, кур!
Ці занылі над хацінкай
Сэрцайкі журбою,
Ці пазвалі сірацінку
Ў вырай за сабою?
Кур, кур, кур!
О, з якой-бы песняй шчырай,
Каб я крылцы мела,
Паміж вас у светлы вырай
Птушкай паляцела-б!
Кур, кур, кур!
З’ЯВА ІІ
Рыгор (з’яўляецца нечакана і, падрабляючыся, знарок пяе).
І стаяў-бы твой Рыгорка,
Пазіраў на хмару
І слязінку горка-горка
Расціраў па твару…
Кр-ру, кр-ру, кр-ру!
Рыгор.
Не, без смеху, добра журкам:
Бяруць лётам мілі.
Не дадумаліся людзі —
Крылляў не зрабілі.
Можа некалі і зробяць,
Бо спрадвеку-ж мараць.
А нядрэнна-б на хмурынцы,
Вось на той у пары
Сесці поплеч, звесіць ножкі, —
Мякка, бы ў пярыне, —
І паплыць нябесным тропам
Проста на Ўкраіну.
Кацярына.
Паплывем, Рыгор?
Рыгор.
А як-жа?
Ці-ж паддацца пану?
Не так страшны чорт — дарога,
Як намалявана.
На труслівага-ж сабакі
З кожнай падваротні,
Хоць ідзе, здаецца, ціха
Па сялу гаротнік.
Ну, а смелы пад мярлогай
Пройдзе непачуты.
З богам, Каця, у дарогу
Ад няволі лютай!
Кацярына.
У дарогу? Як-жа маці?
Яна-ж гадавала
І з дачкі любімай, Каці,
Вочак не спускала.
Як табе дачка аддзячыць
За твой хлеб сягоння?
Кій у рукі і жабрачыць
Пойдзеш падваконнем…
Рыгор.
Што-ж ты зробіш? Мая маці
Не у лепшым стане.
Два гады перачакаці
Сілы ім дастане,
А пасля — казацкай чайкай
Ўспенім мы Бярозу,
Паплыве дымок ад замкаў
На сухія лозы.
І калі згараць палацы,
На сваю зямліцу
Выйдзеш ты для вольнай працы
Вольнай маладзіцай.
Кацярына.
Веру я табе, мой лада,
Больш, як богу, веру —
Паляцець з табою рада
Ў свет зязюлькай шэрай.
З’ЯВА ІІІ
Прузына.
«Дарэмная трата і просьбы і часу», —
Сказаў ты, Рыгорка, і праўду сказаў,
Падбіліся ногі, сама знебылася,
А ён хоць-бы слова старой адказаў.
Ды чула праз суд іх, — выходзілі людзі:
Шамяка, раўнуючы з імі, — святы.
Судзі ты іх, божа, як нас яны судзяць,
Рабі-ж, мой Рыгорка, як ведаеш ты.
Няма нам ратунку ад крыўды і змана,
Бо ліст караля — толькі скрутак папер,
І вольны й прыгонны — нявольнікі пану,
А пан — ашалеўшы ад прагнасці звер.
Рыгор.
Ну што-ж, пераксці нас, матуля, на дружбу,
Каб радасць і гора — усё папалам.
Прузына.
Ды ўжо-ж, саслужу вам апошнюю службу,
Узяла што ад маткі, дачцы перадам.
З’ЯВА ІV
Малады казак.
Пракляты поп, успёрся з певунамі
І шмыг у двор.
Стары казак Юхым.
Хутчэй урок адбыць,
Бо дні укосныя, упусціш за панамі,
А потым тыднямі на полі будзе гніць,
Малады казак.
Пракляты поп! Хоць сам адзенься ў рызы…
Стары казак Юхым.
А хто-б тут разабраў?..
Малады казак.
Ды ў кнігах я сляпы.
Стары казак Юхым.
Тут веру трэба мець, а вера, брат, не ў кнізе.
Малады казак.
Ну так-то так, але-ж на што папы?
Стары казак Юхым.
Бадай што й так: на тое поп свяціўся,
Каб па царкве, як той пацук, круціўся.
З’ЯВА V
Дзявочы хор:
Ай, месяц сына жэніць,
Зорка замуж дачку даець.
Ай, месяц у радасці,
Зорачка ў жаласці.
Ай, Агата сына жэніць,
Ай, Прузына дачку аддаець.
Ай, свякроўка ў радасці,
Ай, мамачка ў жаласці.
Дзед Ахрэм (у якасці свата).
Дай бог у добры час пачаць,
У злы памаўчаць.
Благаславіце, людзі,
Блізкія суседзі,
Гэтаму дзіцяці
На шлюб стаці.
Народ хорам.
Бог благаславіць!
Дзявочы хор.
Знаць ды пазнаць на вяселейку
Дзевачку-сіротачку:
Двор вялікі — збор невялікі,
Не ўся яе радзіначка.
Сашлю-лашлю сівую зязюлю
На Ўкраіначку
Па сваю радзімачку,
А салавейку шчабятлівага —
Па роднага татачку.
Зязюлька ляціць, радзіна ідзе,
А салавейка адказвае:
«Не будзе татачка на вяселлечку —
Сырая зямля дзверы залягла,
Аконцы засланіла,
На вяселлейка не пусціла.
Смаляныя дошкі
Сціснулі ножкі,
Не можа устаць
К свайму дзіцяці,
Шчасця-долю даці».
Дзед Ахрэм.
Стань, маці,
На божай пастаці,
Дай благаславенне
Свайму дзіцяці.
Прузына (благаслаўляючы абразамі).
Хрышчуся, малюся богу,
Благаслаўляю дзіцятка ў дарогу,
На шлюб стаці,
Вянцы прыняці.
Вянец узяўшы,
Век векаваці,
Дзяцей гадаваці —
Сыноў-пахароў,
Дачок-жнеечак.
Век векаваці,
Дабра нажываці
У добрым здароўі,
У вясёлым жыцці,
Людзям на пацеху,
Сабе на пажытак,
Госпаду богу на хвалу.
Дзявочы хор.
А поп, поп, дабрадзею,
Не звані рана ў нядзелю,
А звані позна ў суботу,
Загадай дзеўкам работу,
Каб была вулачка мецена,
Каб была Кацечка праведзена.
Мецена вулачка з канца ў канец,
Ведзена Кацечка пад вянец.
З’ЯВА VІ
1-шы казак.
Тпру, кабыла! Стой, поп!
Поп.
Дзеці мае, дзеці,
Не чыніце благаты:
Ў адказ пападзеце.
1-шы казак.
А хто-б людцам дапамог?
Поп.
Таму бог паможа.
1-шы казак.
Ну, тады нам каваля
Звянчай словам божым.
Поп.
Трэба ў пана запытаць.
1-шы казак.
Ён-жа не прыгонны.
Поп.
Загадаў пан.
1-шы казак.
Загадаць
Мог ён беззаконна.
2-гі казак.
Эт, ды што тут гаварыць,
Знай, папова бруха
Чорт з сямі аўчын пашыў, —
Яно к слову глуха.
Вось што, попік, бацька наш,
Павянчай Рыгора,
Ці чытай той «айчанаш»,
Што на смерць гавораць.
Стары казак Юхым.
Хочаш, бацька залаты?
Хоць ён, праўда, не святы,
А грахі замоліць,
З ім і ў цэркву, і ў сваты,
І не хібіш, браце, ты
Анідзе, ніколі.
1-шы казак.
Тут даецца ца выбор:
Ці няхай лікуе,
Ці на сметнік ў божы двор
Цягні алілую.
Поп.
Зазлуецца пан, людцы,
Птушка-ж я малая.
Вы-б паехалі ў Стаўцы
Да айца Ісая,
Там і дзяк ёсць, а ў мяне
Як на зло дзяк хворы.
1-шы казак.
Ну, гарэлкі як глыне,
Запяе ён, запяе
Хоць адзін — ды хорам.
Дзяк (вылузаўся з натоўпу).
А я тут і ўжо глынуў…
Поп, ну й хмельна-ж піва!
Я і кніжкі прыцягнуў,
Запісаў, хоць крыва,
Ды выразна, быццам боб
Пасадзіў ў радочкі.
Казакі.
Ну, здавайся, бацька-поп,
Поп.
Здаўся, галубочкі.
З’ЯВА VII
1-шы казак.
Што-ж глядзець на сівы мох
Старэнькай капліцы?
Запявай, ці што, Цімох,
Падыграй-тка, Грыцю.
Казацкі хор.
Тэрэн в полю, тэрэн в полю
Піду поколышу,
На кого-ж я, товарышу,
Цю дзівчыну лышу.
— Ой, на мэнэ, товарышу,
На мэнэ, на мэнэ.
Буду-ж іі шануваты
Шчэ й лучшэ від тэбэ.
— Доглянь, доглянь, товарышу,
Доглянь моей дзівкы,
Як до дому повэрнуся,
Нап’емся горылкы!
Казак з війска повэртае,
Вступае дохаты, —
Малэ дыця, нэвелычке
Вчицься рачкуваты,
— Бодай тэбэ, товарышу,
Лыхая годына!
Дэ це взялась у дзівчыны
Малэнька дытына?
— З коня впаду, з коня впадў,
Впаду — нэ заб’юся.
Як погляну на дзівчыну,
Слезамы заллюся!
Вясковыя хлопцы.
Ну і добра, казакі,
Сваю песню спелі,
А у нас што, — языкі
Цяляты ад’елі?
Хор хлапцоў і дзяўчат:
Па апенькі хадзіла… Цыцце!
І спаднічку згубіла… Цыцце!
Ой, цыцце, ой, маўчыце,
Бацьку, маці не кажыце. Цыцце!
Хлопец з бору ішоў… Цыцце!
І спаднічку знайшоў… Цыцце!
Ой, цыцце, ой, маўчыце,
Бацьку-маці не кажыце,
Цыцце!
Як было адбылося… Цыцце!
На вяселле сплялося… Цыцце!
Ах, стучыце, гручыце
Бацьку з маткай кажыце,
усёроўна!
З’ЯВА VIII
Пісар.
Гэй, хрысціяне! старынным звычаем
Усіх, хто прышоў-бы да нас на вяселле,
Мы з дарагою душой прывячаем
Ежай, і ласкай, і песняй, і хмелем.
Што-ж, прывячайце й вы нас, грамада!
Сяляне (досыць неахвотна).
Ды рады панам мы, рэч ведама, рады…
Пісар.
Я ласкі і песні тут бачу багата,
А ежай, як толькі застолле нахлыне,
Абломіць, напэўне, сталы гаспадыня,
Вось хмельным не так, мусіць, хата багата?
Сяляне.
Памёр гаспадар, а ўжо гэта патрава
Не бабская справа, мужчынская справа.
Пісар.
Ды бог не без ласкі, ён бедных прытуліць.
Законнейшы пан аб’явіўся ў Агаты,
І шле ён гарэлкі гляк, бачыш, пузаты
І піва поўбочкі.
Віват пану Дулю!
Дзед Ахрэм.
Няхай сабе дулю, няхай сабе й пану,
Ды ўсё-ж не чакала Агата ў прыданых
Такіх сваякоў.
Пажылы селянін.
Ды не дай бог нікому!
Дзед Ахрэм.
Эй, клікні Агату! Тут нешта не гэтак.
2-гі селянін.
О, свет, брат, настаў: не вылазіш ты з дому,
А там тваіх пану усваталі дзетак.
Пісар.
Прыслаў пан гарэлкі.
Дзед Ахрэм.
Ды ў горле, васпане,
Любая гарэлка тут колікам стане.
З’ЯВА ІХ
Агата.
Кажаш, дуля? Што за дуля?
Не найшла другога носу,
Каб на ёй пасела скулле…
Пан? Усёроўна дам я чосу,
Хто тут Дуля?
Дуля.
Я — пан Дуля.
Маю гонар быць пасланым
Яго светласцю і панам
Абвясціць табе, Гапуля,
Што варочаю я ўладу
Над табой і над Рыгорам.
Агата.
Ой, я стану к пану задам,
Ці не ўкусіць пан за сорам.
Дуля.
Што?! Каму гэта, пан пісар?
Вам ці мне?
Пісар.
Вядома, пану,
Дзе ўжо нам!
Агата.
Каб пан не рысаў!
На вазках і на балясах
Многа ездзіць вас па свеце,
Да мужыцкай працы ласых,
І брухатым пузам свеціць.
Дзе ты гэткі адшукаўся?
Нада мной бярэ ён ўладу!..
Пацалуй пан пана ззаду,
Каб суроку не баяўся.
Дуля.
Гэта вам, ці мне, пан пісар?
Пісар.
Вам, пан Дуля.
Дуля.
Ах ты, хлопка!
Што ў цябе астатні высах
І пустой стала каробка?
Як асмелілася пану
Гаварыць такія словы?
Агата.
А ці пану, ці Сцяпану,
Для мяне ўсе аднальковы.
Не чапае хай пан жыта,
Дык не будзе морда біта.
Калі Міна, — едзьце міма.
Дзед Ахрэм.
Праўду кажа вам жанчына,
Што дарэмна скамарошыць?
Не чакаць-жа, пан харошы,
Каб жанчына пры народзе
Пана з’ездзіла па мордзе.
Дуля.
Як-то, хам? Я — пан вяльможны.
Дзед Ахрэм.
І ты вашэць, і я вашэць,
А хто хлеба нам напашэць?
Дуля.
Як то можна, як то можна!
Я прашу суддзю паклікаць,
Я суду пастаўлю сведак.
Дзед Ахрэм (пры дружнай падтрымцы народа).
Кінь дарэмна, пане, бзыкаць,
Як бычок непералетак,
Бо скапыціш сабе ногі,
Лепей едзь сваёй дарогай.
Сяляне.
А глячок мы апарожнім,
І бачоначак таксама.
Дуля.
Як то можна, як то можна,
Хамы, хамы, хамы, хамы!
Сяляне (перадражніваючы).
Гам, гам, гам!
З’ЯВА Х
Дзявочы хор.
Быстрая рэчачка хваляй б’ець,
Мамачка Кацю з вянца жджэць,
І ў вароціках сустракае
І ў яе праўданкі пытае:
Ці звонка званы звінелі,
Ці ярка свечкі гарэлі,
Ці громка папы спявалі,
Як вас, маладых, вянчалі?
Дзед Ахрэм (сват).
Сем лет пацеў,
На вяселле хацеў,
Год на печы валяўся,
Пакуль вяселля даждаўся.
Пакуль на слуп узлез,
Увесь пуп аблез.
Бабы лён трапалі,
Кастрыцай у рот папалі,
Памаўчу,
Пакуль не прамачу.
Дзявочы хор.
А ў нашага свата
Кругом хаты мята,
А ў хаце багата.
А ў нашага свата
Кругом хаты рожа,
А ў хаце прыгожа.
Ой, сватка, наш сватка,
Прасі нас у хатку,
Дай нам піць і есці,
На лавачку сесці.
Дзед Ахрэм.
Людзі, суседзі,
Блізкія, далёкія,
Каго кабылка прывезла,
Каго маці на руках прынесла,
А хто сам прышоў,
Усіх прашу на княгін двор,
Усіх прашу за вясельны стол.
З’ЯВА ХІ
Суддзя.
А ну, пан пісар, навядзі парадак.
Пісар.
Эй, шапкі зняць далоў!
Івашка (іранічна).
А як хто з каўтуном?
Пісар (не зразумеўшы іроніі).
Тады хай стане ззаду —
Ці йдзе дамоў.
Івашка.
Ану-тка, хлопцы, станьце ззаду.
Кацярына (Рыгору).
Рыгорка, чаго гэта суд на вяселлі?
Каго ён засудзіць?
Рыгор.
А чорт яго знае, крапіўнае зелле!
Ды ты не пужайся. Тут — людзі.
Пан Дуля (да папа).
А ці няма, айцец, вінца ў тваёй капліцы?
Поп.
Не, мой панок, адзія бруснічны сок,
Ды сёлета няўрода й на брусніцы,
Чым буду прычашчаць — не ведаю, панок.
Дуля (расчаравана).
Шкада… ні капелькі віна?
Поп.
Ёсць крышачку, ды толькі для закрасы,
Ці князя прычасціць — поўпляшачка адна.
Дуля (просячы).
Мне палавіначку… ну, чвэртачку, ну, столькі,
Рот спаласнуць… паселі, чорт іх, болькі…
Суддзя.
Пан Дуля, не марнуйце часу,
Што вас прымусіла паклікаць суд каронны?
Дуля.
Правоў шляхецкіх, пане, абарона.
Раба мая Агатка — з дзіцянём
Калісьці уцякла…
(Да войта).
А ці няма кілішка?
Пасохла ў роце ўсё. Ну проста языком
Не павярнуць — і крышка.
Суддзя.
То будзе потым. А цяпер…
Не захаваў ніякіх пан папер —
Ці сведкі ёсць пацвердзіць пана словы?
Рыгор.
Чакайце, пан суддзя!
Я бачу, вы гатовы
Ярмо на нас уздзець і нас не запытаць,
Ды я не з тых, што можна забрытаць
І везці у пятлю пад п’яныя размовы
Вось гэтага панка.
(Да мацеры).
У чым тут справа, мама?
Агата.
Даруе хай Янук-нябожчык пляму
На памяці яго. Так я жыла ў дварэ
За Януком — падданым пана Дулі.
Янук быў хвор. Мы ведалі — памрэ…
І ім пакрылі мой дзявоцкі грэх,
Бо я табой, Рыгорка мой, хадзіла
Да шлюбу з Януком. І я цябе радзіла
Ў сваіх бацькоў, калі памёр Янук.
Суддзя.
Хто ведае аб тым?
Агата.
Апроч папа, ніхто.
Ні слёз маіх начных, ні патаемных мук
Не выдала-б я людзям ні за што
І зараз, каб не суд. Хай скажа поп Гаўрыла.
Я за аброк тады
Аж тры гады
Падлогу ў цэркві мыла.
Суддзя.
Ну, гэта не закон!
Рыгор.
Бо пісан ён
На нашай скуры?
Не, пан суддзя, дарэмна! Не абдурыш
Нас, мужыкоў, для панскае карысці.
Суддзя.
Як трэба, то й скарышся.
Закон на вецер не кідае словы,
Перад судом ўсе людзі аднальковы.
Рыгор.
Наўрад ці так. Чаму-ж тады дасюль
Я жыў, не знаючы ніякіх Дуль,
І Дуля нас не знаў, а зараз у законе
Пан, прачытаў, што не пан Дуля мне,
А я яму павінен быць ў прыгоне,
І ён мяне прап’е, як быдла, так ці не?
Суддзя.
Твой бацька быў нявольнік пана Дулі.
Рыгор.
Ён бацькам мне не быў. А да таго-ж мінулі
Тры даўнасці, калі мая матуля
Па смерці Янука пайшла назад
К сваім бацькам.
Суддзя.
А сведкі ёсць на гэта?
Агата.
Магу пасведчыць цэлым светам!
І нават войт — навошта гад,
А тут і ён не стане лгаць у вочы.
Войт.
Вось, пан суддзя, які язык жаночы.
За «будзь здароў» — аблае і абразіць,
Хоць ты вазьмі і кінь паслугі князю.
Прасіў-бы пакараць брахліўку за знявагу,
А што да справы, то гатоў прысягу
Я даць, што гэты пан прыходзіў
Ка мне і мне даўным-даўно даводзіў
Аб іх падданстве, толькі наказаў,
Каб ім у вушы я не ўводзіў,
Бо той вірутнік збег-бы к казакам.
Кацярына.
Рыгорка мой, што кажа гэты злодзей,
Ён топіць нас. Ратуйце, людзі!
Рыгор.
Стой!
Стой, Кацярына! Поп Гаўрыла,
Яна, калісь, на споведзі адкрыла
Табе…
Поп.
Не помню, мілы мой.
Рыгор.
А што падлогу ў цэркві мыла?
Поп.
О, гэта помню, быў аброк.
Рыгор.
За што?
Поп.
Не помню, галубок…
Сяляне.
Эй, поп Гаўрыла, поп Гаўрыла,
А ці ты ксёндз, а ці-ж ты пан,
Каб так тапіць уласных прыхажан
І лезці пану ў зад без мыла?
Яны к табе прышлі за дапамогай.
Поп.
«Несць власці ашчэ не ад бога,
І власці сушчыя ад бога суць».
Рыгор.
Ну, а калі яны кроў нашу ссуць,
Калі яны на горла праўдзе сталі?
Калі яны Хрыста ўніз галавой распялі
І ты ім дапамог — на мшы пачуе бог
Цябе, прадаўшага са страху ці з выгоды
Нас.
Суддзя.
Тут я не бачу шкоды,
Пан Дуля чалавек сумленнае душы.
(К Дулі).
Віншую пана я, пан мае тры душы
Падданых зноў — хоць можа нечакана.
Шануйце вы яго, як пана,
А ён вас, як дзяцей айцец.
Пан пісар прыпішы
Ў падданства пану Кацярыну,
Як жонку каваля прыгоннага.
І справе ўсёй — канец.
Дуля.
А вечарам у замак, для пачыну…
Рыгор.
Пастой, суддзя, не можа быць, не веру!
Ў падданства Кацю той брыдзе?
Вар’яцтва, жарт! Няма нідзе
Такіх законаў.
Суддзя.
Прачытай паперу,
«Літоўскі статут» — ці прымі на веру.
(Чытае).
«Хто замуж за прыгоннага ідзе,
Сама становіцца прыгоннай».
Поп.
Пра гэта ёсць ў евангельскіх законах:
«Муж і жана да будуць ў плоць едзіну».
Рыгор (папу).
Тады мяне і Кацярыну
Ты безадкладна развядзеш!
Поп.
Сілком прымусілі, каб я вянчаў,
Развенчываць цяпер — няма зусім падстаў.
Рыгор.
Паслухай, поп! Халоп
Не мае права з вольнай ажаніцца.
Развенчывай, ці твой папоўскі лоб
Руччом крывавым забруіцца!
Кацярына (да Рыгора).
Чуў ты сэрцам, журавелька,
Ды маю нядолю,
Клікаў, клікаў мяне ў вырай
Крыкам, поўным болю.
Не ўзнялася я, і хмары
Абляглі навокал —
І з табой нас паланілі,
Мой бяздольны сокал!
Каб мне рукі закавалі,
Ланцугі-б я рвала,
Каб укінулі ў падвалы —
Я-б муры ламала.
Чым і як мяне звязалі?
Я не бачу путаў.
Дзе шукаць мне абароны
Ад ліхой пакуты?
Памажыце, добры людзі,
Супроць воўчай зграі.
Век за вас маліцца буду,
Ўсё аддам, што маю.
Дык што-ж маўчыце вы, суседзі?
Пажылы селянін.
Панок, патрэбна перагледзець
Увесь закон і адшукаць ратунак.
Дзед Ахрэм.
Не можна-ж так, жывым абманам
У дзень і пры людзях чыніць такі рабунак.
Ды гэткім гвалтам нечуваным!
Селянін.
А пану што? яму баліць ці што?
2-гі селянін.
Хутчэй ты літасць вымаліш у звера.
3-ці селянін.
Мы для яго не людзі, а нішто.
Першы селянін.
Што адказаў суддзя на скаргу аб памеру?
Дзе нашы хадакі?
Селянін.
Сядзяць у замку ў казні.
Я бачыў сам — вялі к дваровай лазні!
Першы селянін.
На скаргу шчырую нам учыніў наругу?
Галасы.
Ды што чакаць, лупі калом падлюгу!
Усёроўна паміраць.
Суддзя.
У законе сказана: «Хто руку ўзняў на пана,
Адсеч яму руку, а хто удар нанёс,
Той мае горлам быць скараны».
Поп.
Любіць і ворагаў загадваў бог Хрыстос.
Рыгор.
Любіць змяю, калі яна ўпускае жала
Табе у сэрца? Дзякуй! Не хачу!
Я лепей галаву гадзюцы адкручу!
З панамі гаварыць патрэбна мала,
Пішы загад, каб выпусціць старых…
Івашка.
І вырві тут пры нас свой вырак аб Рыгору!
Дзед Ахрэм.
А дзе-ж той войт? Што пёс ліхі заціх?
Сяляне.
Няма? Уцёк, то будзе ў замку скора.
Стары казак Юхым (падыходзіць да суддзі і Дулі з вяроўкай).
Што-ж, атаман, вязаць ці што тых юдаў?
(К сялянам).
Тут блізка вір?
Сяляне.
Ды глыбі хопіць ўсюды.
Івашка.
Вязаць? Навошта? Падымаць на пана
Руку, пан кажа, будзеш катаваны.
А пану самаму так надаела жыць,
Судзіць людзей, сірот і ўдоў тапіць,
Крывёй людской штодзённа мыцца…
Не, пан рашыў, без нашых дапамог
Ісці у вір — тапіцца.
Дзед Ахрэм.
Дапамажы яму у добрай справе, бог!
Івашка.
Ці не, пан Дуля першым, ён-жа — уладар
Цяпер трох душ, адну сваю душу няшкодна
Яму занесці ў дар
Вірутнікам падводным.
За панам — поп — ці згодны, парфіяне?
(К Дулі). Ну што-ж, ідзі, вяльможны пане!
Дуля (заікаецца са страху, але са скрытай надзеяй).
Ж-ж-жартуе, атаман?
Івашка.
Якія ў чорта жарты?
Няўжо вы меншага, звяругі, варты?
Дуля.
Пан атаман, аб літасці прашу!
Не буду сунуць нос ў чужое аніколі.
Князь загадаў дзяўчыну заняволіць,
Суддзя параіў як, а я сваю душу
Нясі у вір, за ласку, за якую?
Няхай нясе суддзя, калі пан не жартуе.
Атаман.
Ён мае рацыю. Як мысліць пан суддзя?
Суддзя.
Я мыслю, пан халоп,
Што скора ты завіснеш на асіне.
Атаман (спакойна).
Магчыма. Толькі пан раней, чым хлоп, загіне.
Рыгор.
Што-ж, адпявай сябе і іх —
«Са духі праведнымі» — поп.
З’ЯВА ХІІ
Князь Капуста.
А, кодла хамскае! вяселле учынілі?
Глузуюць, што княгіню адружылі?
Не, тры гады ў ваколіцы маёй
Не будзе чуць ніхто ні радасці, ні смеху.
Эй, абарваць вясельныя пацехі!
Жалобу князь ўскладае на людзей,
А каб яна была сапраўднай, непакорных
Я надзяляю пятніцаю чорнай.
Чуй, гайдукі! схапіце маладую,
Яна вяселле ў замку дасвяткуе.
Ка мне, суддзя!
Голас Дулі.
Панок, і я ў натоўпе —
Ратуйце нас, бо хамы нас утопяць.
Князь Капуста.
Што? Бунт?
Тым лепш, — па праву
Павесім мы з віноўнымі і правых.
Узяць зачыншчыка!
На дубе тут павесіць!
Ты вылучы, суддзя, віноўных смердаў дзесяць,
Павесім к вечару. Эй, хамы, на калені!
Ці з страху аднаго вы ўсе патрупянелі?
Кацярына.
Ратуй, Міколка, брат!
Прузына.
Ратуй, пляменнічак, ад пана!
Атаман.
Я на вяселле плыў, сястрыца,
Папаў на бойку нечакана.
Капуста.
З дарогі прэч, чужыя чужаніцы.
Дзед Ахрэм.
Растраціў бог дарэмна матэрыял,
Калі ўкладаў табе душу у рыла:
Адной тваёй душы, панок,
На трох-бы змей хапіла.
Капуста.
Эй, гайдукі, хватай пістолі!
Рыгор.
Не, князь Капуста, з нас даволі!
Рыгор.
Абрыўкамі сваіх кайданаў
Мы размазджэрым голаў пану!
Стары казак Юхым (спыняючы Дулю).
Куды? Дастаць шаблюку, пане,
Давай паб’ёмся. Мо’ дастанеш
Ў баю шаблюку першы раз?
Дуля.
А першы раз, дальбог, мой пане.
Стары казак Юхым.
Што-ж вераб’ёў пужаць ў баштане
Насіў, як цацку, на паказ?
Дуля.
Дальбог, мой пане, на паказ.
Казак (узіраючыся ў Дулю).
Спаўзлі штаны ад страху з бруха!
Другі казак.
І засмярдзеўся, як псяюха!
Стары казак Юхым.
Бяжы ў кусты, хутчэй, паганец!
З’ЯВА ХІІІ
Марына.
Стары паляк запёрся ў замку,
Гарматы чысціць. Войт прыбег
Адсюль напэўна, панскі шпег.
І пан паслаў яго да ранку
Падняць ўсю шляхту навакол.
Атаман.
Во, пасадзіць каго-б на кол!
На замак, хлопцы!
Рыгор.
Не дай бог
Пад Заенчкоўскіх дацца ўладу,
Гарэй Капусты будуць гады —
Рабаўнікі з начных дарог!
Каб Заенчкоўскі нас не здолеў
За зяця з’есці, — ўзяць багры,
Даўбешкі, косы, тапары, —
Пойдзем шукаць мы нашу волю!
Дзед Ахрэм.
Паны хітрэй, чым мысліш ты:
Яны на дробныя шматы
Яе рукамі разарвалі
І ў кожным замку захавалі
Кавалак волі беднаты.
А сэрца ў вашым замку людзі:
Хай з вас пачатак панскай смерці!
Галасы.
Хай будзе так, няхай так будзе!
Антон.
Глядзі, з валамі нехта блудзе…
Ды й голыя! Паспелі здзерці
З іх вопратку ці што ў дарозе?
Марына.
Яны прывязаны на возе,
Княгіня з Ясем — гайдуком.
Жанчына, выйдзі на сустрэчу
Накінь ёй што-небудзь на плечы.
А ты — яму. Іх дагала
Раздзеў князёк. Эх, чалавекі,
На смерць яе пусціць магла
І не магу пусціць на здзекі.
З’ЯВА ХІV
Ясь.
Мужайся, Ядзя! Тут народ…
Я умалю цябе распутаць.
Княгіня Ядзя.
Маўчы, гайдук! Чым заплачу
Табе за ганьбу і пакуты?
Ясь.
Браты мае, няўжо між вас
Ніхто не возьме ў сэрца літасць
Нас развязаць? Пракляты князь…
Дзед Ахрэм.
Які ляжыць між нас, забітым.
Княгіня Ядзя.
Забіт Іван? А кім забіт?
Дзед Ахрэм.
Народным гневам — божжай карай.
Ясь.
Ядвіся, вольны свет адкрыт
Да самых смелых тваіх мараў.
Браты мае! Распутаць рукі,
Уздыхнуць на поўны ўздых грудзей,
Пабачыць сонца і людзей,
Яе пазбавіць смертнай мукі, —
Якога-ж шчасця трэба болей?!
Княгіня Ядзя.
Княгіня — я. Гайдук, даволі!
Удзячна, добры мой народ,
Табе княгіня, хоць варожы
Учынак, папушчэннем божым,
Зрабіў ты. Князь Іван быў крут,
Часамі быў без меры лют
Не толькі к вам, але й ка мне,
Жанчыне слабай. Ўспамяне
Хай бог яму у судны дзень,
Як выручылі вы ў бядзе
Сваю княгіню…
Казак (раптам).
Юхым ідзе!
Пайшоў за Дуляй,
А ксяндза вядзе.
З’ЯВА ХV
Стары казак Юхым.
Віншуйце, людцы, з добрай лоўляй,
О, жарабец святой гадоўлі!
А ну, бяжы, гарцуй падскокам!
Гляджу я, прэцца праз кусты
Услед княгіні ён — святы —
І сочыць гэткім ласым вокам
За ёй за голай.
Грамада.
Ха-ха-ха!
Во не баіцца хто граха!
А не аслеп, ксёндз, ненарокам?
Ксёндз.
Як пастыр, я ішоў, пакуты
Благаслаўляючы.
Стары казак Юхым.
Ды ну!
Ксёндз.
Хацеў я зняць з іх ганьбы путы.
Стары казак Юхым.
Ой, брэшаш, ойчанька! Чаму ты
Вачамі еў яе адну?
Жанчына.
А во, убачылі вы цуда!
Ў сваёй малельні што, паскуда,
Ён робіць ў замку? Хто пабудзе
З дзяўчат — ніколі не забудзе!
Княгіня Ядзя.
Паслухайце княгіню людзі!
Вось поп, і ксёндз, і пан суддзя,
Пры іх народу абяцаю
І крыж святы цалую я:
Забойства князя забываю,
Народу вольнасць я вярну
І праўлю замкам новым ладам:
Пытацца буду добрай рады
У вас, старэйшых.
Атаман.
Ну і ну!
Хацеў-бы бачыць я, што выйдзе
З тых абяцанак? Так, праз тыдзень.
Каго-б павесілі на браме,
Каго-б жыўцом зарылі ў яме,
Каму-б ўсю скуру аблупілі,
Каго-б ў Бярозе утапілі.
І кожны-б даў сабе зарок,
Каб да жыцця звярнуцца мог,
Не слухаць плачаў удаваных,
Не слухаць слодычаў абманных,
А вешаць панства, як сабак,
Ды не абыякіх, шалёных.
Ці так кажу я, братцы?
Грамада.
Так!
Атаман.
Ды стан жаночы абаронай
Табе, княгіня. (Паказвае на астатніх.)
Вас, няйначай,
У вір усіх?
Грамада.
Крывёй сабачай
За нашу кроў хай плоцяць люду!
Атаман.
Ну, пан суддзя, і ксёндз, і Дуля,
Прысуд народны добра чулі?
Як схільны вы к таму прысуду?
Дуля (на каленах).
Пан атаман, я больш не буду.
Суддзя (пахмура).
Я выкуп дам.
Ксёндз.
Я дам збавенне,
Грахоў надэшлых адпушчэнне.
Атаман.
А як, скажы, суддзя, ў законе
Такі пасул не забаронен?
Угаварылі, так і быць,
Не будзем, хлопцы, іх тапіць,
А возьмем к замку. Папярэдзім
Панка старога, што мы едзем
З капэлай польскай.
Дуля (спалохана).
Як-жа так?
А як пан Юзэф ды з гарматы
Па нас зажарыць?
Атаман (жартуючы).
Пан паляк,
Каб трох палякаў смерці ўсватаў?
Не можа быць!
Дуля (сур’ёзна).
З гарачкі можа.
Атаман.
Ну, можа надвае варожа.
Ксёндз (падказвае).
Паедзе з намі пані Ядзя…
Атаман.
А чарнакніжнік добра радзіць.
Узяць княгіню трэба з намі,
Мо’ і спатрэбіцца часамі.
(Да Яся.) А ты, гайдук? І дзень і ноч
Служыць далей іх мосці будзеш,
Ці хамскі нораў свой забудзеш,
І нам паможаш, чым ахвоч?
Княгіня Ядзя.
Ясь, едзь са мной!
Казак.
У чоўне цесна, пані!
Ясь.
Я берагам пайду.
Стары казак Юхым.
Уто, атопак панскі!
Прыліп к спадніцы басурманскай,
І не адцягнеш да сканання,
Хоць бізуном, хоць абцугамі.
Атаман.
Вы, гайдукі?
Гайдукі.
Мы пойдзем з вамі.
Атаман.
Дабро! Дык слухацца загаду!
Разбіць людзей на два атрады:
Адзін са мной, а хлопцаў дзесяць
Рыгор вядзе. Уздоўж узлесся,
Пад самы замак. Дзед пакажа
Падземны ход і як наляжам
На замак мы, — ударыць з тылу!
Кацярына.
І я з табой, Рыгорка мілы!
Плячо ў плячо пайду на бой!
І жыць і гінуць — дык з табой.
Сяляне.
І мы, Рыгорка, грамадой
Ўсе за табой, як паязджане
Твайго вяселля, як святы!
Стары казак Юхым.
А ну, трымайся, ўражы пане,
Ці, сіл не трацячы, заранне
Давай у Кракаў лататы!
2-гі казак.
Хай уцякае лепей ляша,
Бо ўсё на ім ад працы нашай.
Дзед Ахрэм.
Так, лях пракляты не уседзіць!
Рыгор.
Чакайце! Чуй, хто мае вушы!
Ідзем на ворага, суседзі.
Тут воля вольная любому:
Хто к ланцугам прынаравіўся,
І хто у ласку к пану ўбіўся,
Застацца можа сабе дома,
Сядзець, як заяц, паміж лому.
Каго пан біў, ды не балюча,
Хто слёзы ліў, ды не пякуча,
Хто па дзяцях не выў галодных,
Хто не хаваў ад вочаў шкодных
Сваёй дзяўчыны, — хай не йдзе.
Ці ёсць такі?
Грамада.
У грамадзе
У нашай — не!
Рыгор.
Тады за імной!
З’ЯВА ХVІ
Ты чуеш, князь? Як божы гром,
Гудзіць народ паўстаннем гнеўным
І б’е знішчальным перуном
Яснавяльможных і вялебных!
Ты думаў, князь, няма рукі,
Якая-б мур магла раскідаць
І ганарлівыя палкі
Перадушыць, як гнёзды гнідаў?
Памылка, князь! Хто мур складаў,
Той можа гэты мур разбурыць,
Хто зброю панскую каваў,
Раскідаць можа грознай бурай
Са зброяй разам вас, панкі!
(Да сялян.)
Ідзіце-ж ў бой, мае сынкі!
Паліце панскія палацы!
Іх чорт стварыў з крыві і працы
І у зямелькі на плячах
Паставіў іх — сваю пячаць. —
Яны яе, святую, давяць!
Хацела я сабе на памяць
Ў магілу ўзяць зямлю з крывёй
Майго крыўдзіцеля, зямлёй
Пасыпаць сыннюю магілу,
Каб ведаў сын, што за яго
Народ адпомсціў…
Ды не трэба:
Крыві паноў не прыме глеба,
І гідка браць у рукі гной!..
Спі, сынку мой, і чуйна чуй,
Як тупаціць ў баю грамада,
Як трушчаць косці пана-гада,
Як глушаць крык яго «ратуй!»
Пачуй і маці ў грамадзе,
Яе апошні цяжкі поступ,
Як за жыццё на смерць ідзе
І, сэрца выняўшы з грудзей,
Нясе, як сцяг праўдзівай помсты
За лёс прыгнечаных людзей!
Рогам турыным, трубой берасцянай
Клікнем мы кліч між народам загнаным,
Цяжкая доля мая!
Рукі ў каго мазалямі багаты,
Гора ў каго не выводзіцца з хаты,
Цяжкая доля мая!
Клікнем шукаць сваю вольную волю,
Цяжкая доля мая!
Заслона
Мінск 1937 г.