Домбі і сын/43
← Раздзел ХLІІ, у якім расказваецца аб давяральнай размове і аб няшчасным выпадку | Раздзел ХLІІІ. Бяссонная ноч Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел ХLІV. Разлука → |
РАЗДЗЕЛ XLIII
Бяссонная ноч.
Фларэнс, якая даўно ўжо абудзілася ад сваіх мар, з сумам сачыла за адчужанасцю паміж яе бацькам і Эдзіт, бачыла, што прорва паміж імі ўсё шырыцца, і ведала, што горыч накапляецца з кожным днём.
Яна бачыла, што з Эдзіт бацька халодны і сухі таксама, як і з ёю, суровы, няўмольны, непахісны. Ці не зрабіла такое абыходжанне няшчаснай і яе родную маці, са слязмі на вачах пыталася яна ў самой сабе, і тая зачэзла і памерла? Пасля яна думала аб тым, якая ганарлівая і велічная Эдзіт з усімі, толькі не з ёю, з якой пагардай ставіцца яна да яго, як цураецца яго і што сказала яна ў той вечар, калі вярнулася дадому; і раптам Фларэнс пачынала здавацца амаль не злачынным, што яна любіць тую, якая варожа настроена да яе бацькі, і што ў адзіноцтве свайго пакоя бацька, ведаючы аб гэтым, павінен лічыць яе пачварнай дачкой, якая зрабіла новы грэх, павялічыўшы старую віну. Першае ласкавае слова Эдзіт, першы ласкавы позірк праганяў гэтыя думкі, і яны рабіліся праяўленнем чорнай няўдзячнасці; хто, калі не яна, ажывіла сумнае сэрца Фларэнс, такое адзінокае і такое змучанае, і была лепшым яго ўцяшальнікам?
Адно вялікае няшчасце, больш страшнае, чым усе астатнія, прамінула Фларэнс. У яе ніколі не з'яўляліся падазрэнні, што Эдзіт сваёй пяшчотнасцю да яе павялічвала адлегласць, якая аддзяляла яе ад бацькі, або давала новы повад для непрыязні. Калі-б Фларэнс дапусціла такую магчымасць, якое-б гэта было для яе гора, якую афяру пастаралася-б яна прынесці, бедная, любячая дзяўчынка!
Ніколі ніводным словам не абменьваліся аб гэтым цяпер Фларэнс і Эдзіт. Эдзіт сказала аднойчы, што ў гэтым іх павінна раздзяляць прорва і маўчанне, падобнае да самой смерці, і Фларэнс адчувала, што яна ў правах.
Такія былі справы, калі яе бацьку прывезлі дадому ў муках і бездапаможнасці, і ён панура адасобіўся ў сваіх пакоях, дзе яго даглядалі слугі і дзе яго не наведала Эдзіт, і ў яго не было ніводнага сябра або прыяцеля, апрача містэра Каркера, які пайшоў ад яго каля поўначы.
— Што і казаць, прыемнае грамадства, міс Флой, — сказала Ніпер. — О, гэта сапраўдны скарб! Калі яму калі-небудзь патрэбна будзе рэкамендацыя, не раю па яе прыходзіць да мяне — вось усё, што я магу яму сказаць.
— Любая С'юзен, — перапыніла Фларэнс, — кіньце!
— О, лёгка сказаць «кіньце», міс Флой, — запярэчыла Ніпер, вельмі раззлаваная, — але, прашу прабачэння, у нас адбываюцца такія рэчы, што ўся кроў у жылах ператвараецца ў калючыя шпількі і іголкі. Не падумайце дрэннага, міс Флой, я нічога не маю супраць вашай мачыхі, якая заўсёды абыходзілася са мною, як належыць лэдзі, аднак, павінна сказаць, яна досыць фанабэрыстая, хоць я і не маю права пярэчыць супроць гэтага, але калі справа даходзіць да ўсялякіх місіс Піпчын, і іх прызначаюць камандаваць намі, і яны пільнуюць ля дзвярэй вашага татулі, як кракадзілы (добра яшчэ, што яны яек не нясуць!), нам гэта ўжо вельмі крыўдна!
— У таты добрая думка наконт місіс Піпчын, С'юзен, — запярэчыла Фларэнс, — і ён, ведаеце, мае права выбіраць сабе эканомку. Калі ласка, кіньце!
— Ну, што-ж, міс Флой, — адазвалася Ніпер, — калі вы скажаце «кіньце», спадзяюся, я заўсёды канчаю, але місіс Піпчын дзейнічае на мяне, як зялёны агрэст, міс, ніколькі не лепш.
С'юзен была надзвычай узрушана і ў сваёй гаворцы ставілася з надзвычайнай пагардай да знакаў прыпынку ў той вечар, калі містэра Домбі прывезлі дадому, бо, калі Фларэнс паслала яе ўніз запытацца пра яго здароўе, яна вымушана была перадаць сваё даручэнне свайму смяротнаму ворагу, місіс Піпчын, а тая ўзяла на сябе смеласць, не даводзячы аб ім да ведама містэра Домбі, даць адказ, які міс Ніпер назвала крыўдным. У гэтым адказе С'юзен Ніпер убачыла дзёрзкасць з боку гэтай узорнай афяры Перуанскіх капальняў і пагардлівыя адносіны да сваёй маладой гаспадыні, якіх нельга было дараваць; гэтым часткова тлумачылася яе ўзрушэнне. Але яшчэ з дня вяселля яе падазрэнні і недаверлівасць узмацняліся, бо, як і многія іншыя асобы з падобным характарам, што шчыра і моцна прывязваюцца да чалавека, які займае, падобна Фларэнс, зусім іншае становішча, С'юзен была вельмі рэўнівая, і, зразумела, яе рэўнасць павярнулася супроць Эдзіт, якая раздзяліла з ёю ўладу і стала паміж імі.
— С'юзен, — сказала Фларэнс, якая задуменна сядзела ля стала, — цяпер вельмі позна. Сёння мне больш нічога не будзе патрэбна.
— Ах, міс Флой! — усклікнула Ніпер. — Дапраўды-ж, я часта ўспамінаю пра тыя часы, калі сядзела з вамі да больш позняй гадзіны і засынала ад стомленасці, а ў вас ні ў адным воку сну не было, усёроўна, як у акулярах, але цяпер сядзіць з вамі ваша мачыха, міс Флой, дапраўды, я на гэта не наракаю. Я ні слова супраць гэтага не скажу.
— Я не забудуся, хто быў старым маім другам у тыя часы, калі нікога ў мяне не было, С'юзен, — ласкава адазвалася Фларэнс, — ніколі не забудуся.
І, падняўшы вочы, яна абняла за шыю сваю скромную сяброўку, прыцягнула яе да сябе і пацалавала, пажадаўшы ёй добрай ночы; гэта так расчуліла міс Ніпер, што яна пачала ўсхліпваць.
— Дарагая мая міс Флой, — сказала С'юзен, — дазвольце мне яшчэ раз спусціцца ўніз і даведацца, як адчувае сябе ваш татуля; я ведаю, што вы страшэнна непакоіцеся, дазвольце-ж мне яшчэ раз спусціцца ўніз і самой пастукаць да яго ў дзверы.
— Не патрэбна, — сказала Фларэнс, — кладзіцеся спаць. Раніцой мы даведаемся. Я сама даведаюся аб гэтым раніцой. Напэўна, мама была ўнізе, — Фларэнс пачырванела, бо на гэта яна не спадзявалася, — а магчыма, яна цяпер там. Спакойнай ночы!
С'юзен была расчулена і змоўчала аб тым, ці лічыць яна магчымым, што місіс Домбі даглядае свайго мужа; затым, не сказаўшы ні слова, яна вышла. Астаўшыся адна, Фларэнс закрыла твар рукамі і дала волю слязам, якія пырснулі ў яе з вачэй. Страшная думка, якая прымусіла яе ўздрыгануцца і сціснуць рукі, хоць яна не першы раз прамільганула ў яе галаве, — думка, што ён можа памерці, так і не ўбачыўшы яе, не назваўшы па імю, устрасянула ўсю яе істоту. У спалоху яна падумала, з трапятаннем падумала аб тым, каб зноў спусціцца ўніз і падкрасціся да яго дзвярэй.
Вышаўшы з пакоя, яна прыслухалася. У доме было ціха, і ўсе агні патушаны. Шмат, шмат часу, падумала яна, прайшло з той пары, як яна, бывала, рабіла начное паломніцтва да яго дзвярэй! Шмат, шмат часу, старалася думаць яна, прайшло з той пары, як яна ўвайшла апоўначы да яго ў пакой і ён вывеў яе назад да лесвіцы!
Усё з тым-жа дзіцячым сэрцам, з тымі-ж дзіцячымі ласкавымі і нясмелымі вачыма і з валасамі, распушчанымі, як у колішнія часы, Фларэнс, чужая свайму бацьку ў росквіце юнацтва, як і ў часы дзяцінства, крадучыся спусцілася ўніз, прыслухоўваючыся на хаду, і наблізілася да яго пакоя. Ніхто не варушыўся ў доме. Дзверы былі прыадчынены, каб даць доступ паветру, і была такая цішыня, што Фларэнс магла чуць трэск дроў у каміне і ціканне гадзінніка, які стаяў на каміннай паліцы.
Яна заглянула ў пакой. Эканомка, закруціўшыся ў коўдру, моцна спала ў крэсле ля каміна. Дзверы ў суседні пакой былі не шчыльна зачынены, і перад імі стаяла шырма; але там гарэў агонь, і водбліск падаў на спінку яго ложка. Прыслухоўваючыся да яго дыхання, яна зразумела, што ён спіць. Гэта надало ёй смеласці, яна абышла шырму і заглянула ў спальню.
Адзін позірк, кінуты на твар заснуўшага, так яе ўзрушыў, як быццам яна не чакала яго ўбачыць. Фларэнс стаяла, прыкутая да месца, і — каб прачнуўся ён цяпер — не магла-б зварухнуцца.
Яго лоб быў рассечаны, змочаныя вадой валасы ляжалі, вільготныя і зблытаныя, на падушцы. Адна рука, якая ляжала на коўдры, была забінтавана, і ён быў вельмі бледны.
Калі-б не здаралася ёй бачыць яго твар, надзея яе згасала, а нясмелыя вочы апускаліся пад яго суровым, роўнадушным і нядобрым позіркам. Цяпер-жа, пазіраючы на яго, яна ўбачыла ўпершыню, што яго твар не пакрыты тым воблакам, якое засмуціла ёй дзяцінства. Ціхая, бестурботная ноч спусцілася ўзамен гэтага воблака. Убачыўшы гэты твар можна было падумаць, што ён заснуў, благаслаўляючы яе.
Яна падкралася да ложка і, затаіўшы дыханне, нахілілася, ціхенька пацалавала яго ў шчаку, на хвілінку апусціла галаву на яго падушку і, не адважваючыся дакрануцца да яго, абняла рукою гэту падушку, на якой ён ляжаў.
Прачніся, асуджаны чалавек, пакуль яна тут! Час ляціць. Гадзіна набліжаецца гнеўнай хадою. Крокі яе чуваць у доме. Прачніся!
Паглядзеўшы на яго праз слёзы і баязліва прабраўшыся да дзвярэй, яна вышла з яго спальні, перайшла праз другі пакой і знікла.
Ён можа спаць цяпер. Ён можа спаць, пакуль яму спіцца. Але, прачнуўшыся, няхай пашукае ён гэту кволую фігурку і ўбачыць яе каля сябе, калі надыйдзе рашучы час!
Горка і цяжка было на сэрцы Фларэнс, якая крадучыся падымалася па лесвіцы. Ціхі дом зрабіўся яшчэ больш сумным з таго часу, як яна пабывала ўнізе.
Яна не хацела, амаль не магла вярнуцца да сябе ў спальню.
У той вечар яе мама не заходзіла да яе ў пакой, і часткова з гэтай прычыны яна засядзелася да позняга часу. Пад уплывам сваёй трывогі, а таксама палкага жадання пагаварыць з кімнебудзь і скінуць гэты гнеў смутку і цішыні, Фларэнс пайшла ў яе спальню.
Дзверы не былі замкнёны з сярэдзіны і мякка паддаліся нерашучаму дакрананню яе рукі. Яна здзівілася, убачыўшы яркае святло, а заглянуўшы ў пакой, здзівілася яшчэ больш, убачыўшы, што яе мама, паўапранутая сядзіць ля патухшага каміна, у якім рассыпаюцца, ператвараючыся на попел, дагарэлыя вуглі. Яе вочы былі скіраваны ў далеч, і ў бляску гэтых вачэй, у яе твары, у яе фігуры, у тым, як яна сціскала рукамі ручкі крэсла, нібы збіраючыся ўсхапіцца, выяўлялася такое пакутлівае душэўнае хваляванне, што Фларэнс апанаваў жах.
— Мама! — крыкнула яна. — Што здарылася?
Эдзіт уздрыганулася і паглядзела на яе з такім невымоўным страхам, што Фларэнс спалохалася яшчэ больш.
— Мама! — ўсклікнула Фларэнс, кідаючыся да яе. — Любая мама! Што здарылася?
— Мне нездаровіцца, — сказала Эдзіт, дрыжачы і ўсё яшчэ пазіраючы на яе са страхам. — Мне сніліся благія сны.
— Але вы яшчэ не ляглі спаць, мама?
— Так, — сказала яна. — Сны ў сапраўднасці.
Рысы яе твара паступова разгладзіліся; яна дазволіла Фларэнс падыйсці бліжэй і, абняўшы яе, пяшчотна сказала ёй:
— Але што тут робіць мая птушачка? Што тут робіць мая птушачка?
— Я непакоілася, мама, бо не бачыла вас сёння вечарам і не ведала, як здароўе таты, і я… — Фларэнс запнулася і змоўкла.
— Цяпер позна? — запыталася Эдзіт, прыгладжваючы кудры, якія змяшаліся з яе ўласнымі цёмнымі валасамі і рассыпаліся па твары.
— Вельмі позна. Хутка світанне.
— Хутка світанне! — са здзіўленнем паўтарыла тая.
— Любая мама, што ў вас з рукой? — запыталася Фларэнс.
Эдзіт шпарка выхапіла руку і зноў паглядзела на Фларэнс з дзіўным спалохам (у ім было нейкае неразумнае жаданне схавацца ад яе). Але зараз-жа яна сказала: «Нічога, нічога. Выцяла». Пасля дадала: «Мая Фларэнс!» Пасля стала цяжка дыхаць і расплакалася.
— Мама! — усклікнула Фларэнс. — О, мама, што мне рабіць, што павінна я зрабіць, каб мы былі больш шчаслівымі? Ці можна што-небудзь зрабіць?
— Нічога, — адказала тая.
— Ці ўпэўнены вы ў гэтым? Няўжо гэта немагчыма? Калі я, не гледзячы на нашу ўмову, скажу, аб чым я цяпер думаю, вы не будзеце мяне лаяць? — запыталася Фларэнс.
— Гэта бескарысна, — адказала тая, — бескарысна! Я вам сказала, дарагая, што мне сніліся благія сны. Нішто не можа змяніць або перашкодзіць іх звароту.
— Я не разумею, — сказала Фларэнс, пазіраючы на яе ўсхваляваны твар, які як быццам засмуціўся ад яе позірку.
— Мне сніўся сон аб ганарлівасці, —ціхім голасам сказала Эдзіт, — якая бяссільная для дабра і ўсемагутная для зла; аб ганарлівасці, якая распальвалася і падбухторвалася на працягу многіх ганебных год і шукала прытулку толькі ў самой сабе; аб ганарлівасці, якая дала таму, хто ёю надзелены, усведамленне найглыбейшай знявагі і ні разу не дапамагла гэтаму чалавеку паўстаць супроць знявагі, унікнуць яе або сказаць: «Не быць гэтаму!» Мне сніўся сон аб ганарлівасці, якая — калі-б правільна яе накіроўвалі — магла прынесці зусім іншыя плады, але, скажоная і перакручаная, як і ўсе якасці, што адрозніваюць гэтага чалавека, толькі ненавідзела сябе, раз'юшвала і вяла да пагібелі.
Яе рука мацней сціснула дрыжачую руку, якую яна трымала ў сваёй, а калі яна паглядзела ўніз, на ўстрывожаны і неразумеючы твар, яе твар прасвятлеў. «О, Фларэнс, — сказала яна, — мне здаецца, гэту ноч я была блізка да шаленства!», і, пакорліва апусціўшы сваю гордую галаву на грудзі, яна зноў заплакала.
— Не пакідайце мяне! Будзьце ля мяне! Уся надзея мая на вас! — Гэтыя словы яна паўтарала дзесяткі разоў.
Неўзабаве яна зрабілася спакайнейшай і была поўная спагады да Фларэнс, якая не спала і плакала ў такі позні час. Ужо днела, і Эдзіт абняла яе, паклала на свой ложак і, не кладучыся сама, села каля яе і сказала, каб тая пастаралася заснуць.
— Вы, дарагая мая, стаміліся, нешчаслівыя і вам патрэбна адпачыць.
— Вядома, я нешчаслівая сёння, любая мая, — сказала Фларэнс, — але вы таксама стаміліся і таксама нешчаслівыя.
— Не, калі вы будзеце спаць так блізка, каля мяне, дарагая.
Яны пацалаваліся, і Фларэнс, змардаваная, паступова пачала драмаць, але, калі яе вочы заплюшчыліся і ўжо не бачылі твара, які нахіліўся над ёю, так сумна было думаць пра твар там, унізе, што, шукаючы ўцехі, яе рука пацягнулася да Эдзіт; аднак, нават у гэтым руху была нерашучасць, баязнь здрадзіць яму. Так, у ва сне, яна старалася іх пагадзіць і паказаць ім, што любіць іх абодвух, але не магла гэтага зрабіць, і смутак, які мучыў яе ўяўна, не пакідаў і ў сне.
Эдзіт, якая сядзела каля яе, пазірала на цёмныя мокрыя расніцы, пазірала з пяшчотай і спагадай, бо яна ведала праўду. Але сон не мог закрыць яе вочы. Калі развіднела, яна па-ранейшаму сядзела, настарожаная і няспаўшая, трымаючы ў сваёй руцэ руку заснуўшай, і час ад часу шаптала, пазіраючы на супакоены твар: «Будзьце ля мяне. Фларэнс. Уся надзея мая на вас!»