Домбі і сын/41
← Раздзел ХL. Сямейныя адносіны | Раздзел ХLI. Новыя галасы ў хвалях Раман Аўтар: Чарльз Дыкенс 1848 (пераклад 1938) |
Раздзел ХLІІ, у якім расказваецца аб давяральнай размове і аб няшчасным выпадку → |
РАЗДЗЕЛ XLI
Новыя галасы ў хвалях.
Усё ідзе так, як з даўніх часоў ішло. Хвалі ахрыплі, паўтараючы сваю таямнічую гаворку; пясок навалены на беразе; марскія птушкі ўзлятаюць і лунаюць; вятры і воблакі ляцяць па нявызнаных сваіх шляхах; белыя рукі вабяць у месячным святле, заклікаючы ў нябачаную, далёкую краіну.
З пяшчотнай, меланхалічнай радасцю Фларэнс зноў бачыць старыя месцы, дзе калісьці блукала такая сумная і, аднак, шчаслівая, і думае пра яго ў ціхім кутку, дзе абое яны многа-многа разоў гутарылі, а хвалі плёскаліся ля яго пасцелі. І цяпер, калі яна сядзіць тут у задуменні, ёй чуваць у невыразным, ціхім нараканні мора паўтарэнне яго кароценькай аповесці, яго ўласных слоў, і здаецца, што ўсё яе жыццё, і надзеі, і смутак з таго часу — у закінутым доме і доме, які ператварыўся ў надзвычай прыгожы палац, — адлюстраваны ў гэтай цудоўнай песні.
А ціхамірны містэр Тутс, які сноўдаўся паводдаль, журботна паглядаючы на абажаемую ім істоту, містэр Тутс, які прышоў сюды за Фларэнс, але па сваёй далікатнасці не адважваўся трывожыць яе ў такую хвіліну, таксама чуе рэквіем[1] маленькаму Домбі ў шуме хваль, што ўздымаюцца і падаюць і вечна складаюць мадрыгал[2] у гонар Фларэнс, Так, і ён смутна разумее — бедны містэр Тутс! — што яны шэпчуць пра тыя часы, калі ён па ўласнаму пераконанню, быў больш разумным і зусім не тупагаловым, і слёзы паказваюцца ў яго на вачах, калі ён думае, што зрабіўся цяпер няўцямлівым і дурным і прыгодным толькі для таго, каб з яго смяяліся; і слабее яго радасць, выкліканая заспакойваючым шэптам хваль, якія нагадваюць яму аб збаўленні ад адказнасці перад Пеўнем, бо гэты баявы экземпляр куратніка адсутнічае, трэніруючыся (за кошт Тутса) перад вялікай бойкай з Ларкі Бой.
Але містэр Тутс набіраецца храбрасці, калі хвалі нашэптваюць яму прыемную думку, і памаленьку, не раз спыняючыся ў нерашучасці, набліжаецца да Фларэнс. Заікаючыся і чырванеючы, містэр Тутс прытвараецца здзіўленым і гаворыць (ад самага Лондана ён неадступна ішоў следам за яе карэтай, цешачыся нават тым, што задыхаўся ад пылу, што падымаўся з-пад кол) аб сваім надзвычайным здзіўленні.
— І вы ўзялі з сабою Дыагена, міс Домбі! — кажа містэр Тутс, працяты наскрозь дакраненнем маленькай ручкі, так ласкава і даверліва працягнутай яму.
Вядома, Дыаген тут і, вядома, у містэра Тутса ёсць падставы яго заўважыць, бо Дыаген імкнецца да ног містэра Тутса. Але Дыагена спыняе спакойная гаспадыня.
— Куш, Ды, куш! Няўжо вы забыліся, Ды, каму мы абавязаны нашым сяброўствам? Саромцеся!
— Дыаген дыхае родным паветрам, праўда, міс Домбі? — кажа містэр Тутс.
Фларэнс з удзячнай усмешкай згаджаецца.
— Міс Домбі, — кажа містэр Тутс, — прашу прабачэння, але калі вы не супраць зайсці да Блімбераў, я… я іду туды.
Фларэнс, не кажучы ні слова, бярэ пад руку містэра Тутса, і яны накіроўваюцца ў дарогу, Дыаген бяжыць наперадзе. У містэра Тутса дрыжаць калені, і хоць ён надзвычай добра апрануты, яму здаецца, што касцюм дрэнна ляжыць на ім, ён бачыць зморшчыкі на шэдэўры Берджэса і К° і шкадуе, што не надзеў самай параднай пары ботаў.
Знадворку дом доктара Блімбера захоўвае ўсё той самы педантычны і вучоны выгляд, а наверсе акно, на якое яна, бывала, пазірала, шукаючы бледны тварык, і, убачыўшы яе, бледны тварык у акне асвятляўся ўсмешкай, а худзенькая ручка пасылала паветраны пацалунак, калі яна праходзіла міма. Дзверы адчыняе той самы падслепаваты малады чалавек, чыя дурная ўсмешка, звернутая да містэра Тутса, з'яўляецца выказваннем слабахарактарнасці. Іх уводзяць у кабінет доктара, дзе сляпы Гамер і Мінерва даюць ім аўдыенцыю, як у мінулыя часы, пад акампанемент паважнага цікання вялікага гадзінніка ў вестыбюлі і дзе глобусы стаяць на ранейшым месцы, нібы і свет нерухомы і нішто ў ім не гіне з прычыны ўсеагульнага закона, па якім — пакуль свет круціцца — усё рассыпаецца ў прах.
А вось і доктар Блімбер і яго вучоныя ногі; вось і місіс Блімбер у сваім нябесна-блакітным чапцы; вось і Карнелія са сваімі рыжаватымі кудрамі і бліскучымі акулярамі, якая па-ранейшаму капаецца, як магільшчык, у грабніцах моў. Вось стол, на якім ён сядзеў, пакінуты, адзінокі, «навічок» у школе; і сюды далятае здалёку варкатанне ўсё тых-жа хлопчыкаў, якія жывуць усё тым-жа жыццём у тым-жа пакоі на падставе ўсё тых-жа прынцыпаў.
— Тутс! — кажа доктар Блімбер. — Вельмі рад вас бачыць, Тутс.
Містэр Тутс хіхікае ў адказ.
— І ў такім добрым таварыстве, Тутс! — кажа доктар Блімбер.
Містэр Тутс з барвовай фізіяноміяй растлумачвае, што выпадкова сустрэў міс Домбі, і, з прычыны таго што міс Домбі, як і ён сам, пажадала наведаць старыя месцы, яны прышлі разам.
— Вядома, вам будзе прыемна, міс Домбі, — кажа доктар Блімбер, — пабачыць нашых маладых сяброў. Гэта ўсе вашы былыя аднакашнікі, Тутс. Здаецца, з таго часу не паступала новых вучняў, дарагая мая, — гаворыць доктар Блімбер Карнеліі, — з таго часу, як містэр Тутс нас пакінуў?
— Апрача Байтэрстона, — супярэчыць Карнелія.
— Правільна, — кажа доктар. — Для містэра Тутса Байтэрстон — новая асоба.
Бадай, новая і для Фларэнс, бо ў класе Байтэрстон — ужо не майстар Байтэрстон з пансіёна місіс Піпчын — франціць у каўнерыку і гальштуку і носіць гадзіннік. Але Байтэрстон, народжаны пад нейкай нешчаслівай бенгальскай планетай, увесь запэцканы чарнілам, а яго лексікон так распух ад пастаяннага звяртання да яго за даведкамі, што не хоча зачыняцца і пазяхае, як быццам і на самай справе стаміўся ад бясконцых прыставанняў. Пазяхае таксама і яго гаспадар Байтэрстон, які вырошчваецца пад узмоцненым ціскам доктара Блімбера; але ў пазяханні Байтэрстона адчуваецца злосць і пагроза, і чулі, як ён выказваў жаданне, каб «стары Блімбер» папаўся яму ў рукі ў Індыі. Там ён і апамятацца не паспее, як яго зацягнуць у глыбіню краіны Байтэрстонавы кулі і перададуць з рук на рукі тугам[3]; ужо ў гэтым ён можа не сумнявацца.
Брыгс па-ранейшаму круціць жорны навукі, а таксама і Тозер, і Джансон, і ўсе астатнія; старэйшыя вучні заняты пераважна тым, што з найвялікшай стараннасцю забываюцца ўсё, што ведалі, калі былі маладзей. Усе яны такія пачцівыя і бледныя, як і ў ранейшыя часы, і сярод іх містэр Фідэр, бакалаўр мастацтваў, з касцістымі рукамі і шчаціністай галавой працуе па-ранейшаму: у сучасны момант пушчан у ход яго Герадот[4], а астатнія валікі ляжаць на паліцы за яго спіной.
Велізарнае ўражанне стварае на гэтых паважных маладых джэнтльменаў візіт вырваўшагася на волю Тутса, на якога паглядаюць з пачцівасцю, як на таго, хто перайшоў Рубікон[5] і даў зарок ніколі не варочацца і чый фасон касцюма і чые каштоўныя ўпрыгожанні прымушаюць перашэптвацца спадцішка.
Вялікае хваляванне выклікана таксама прысутнасцю Фларэнс, у якую маладыя джэнтльмены адразу-ж зноў закахаліся. Чорная рэўнасць успыхвае да містэра Тутса, і Брыгс прытрымліваецца тае думкі, што Тутс, нарэшце, не такі ўжо дарослы. Але гэты ганебны паклёп хутка абвяргаецца містэрам Тутсам, які гучна гаворыць містэру Фідэру, бакалаўру мастацтваў: «Як маецеся, Фідэр?» і запрашае яго паабедаць сёння разам у Бедфорда.
Паціскаюць рукі, раскланьваюцца, і кожны малады джэнтльмен гарыць жаданнем пазбавіць Тутса міласцей міс Домбі, а пасля таго, як містэр Тутс, хіхікаючы, кінуў позірк на свой стары пюпітр, Фларэнс і ён адыходзяць з місіс Блімбер і Карнеліяй, і чуваць, як за іх спіной доктар Блімбер, выходзячы апошнім і зачыняючы дзверы, гаворыць: «Джэнтльмены, зараз мы адновім нашы заняткі». Бо толькі гэта і бадай ці яшчэ што чуе доктар у шаптанні хваль і ўсё жыццё не чуў нічога іншага.
Пасля Фларэнс паціхеньку ідзе і разам з місіс Блімбер і Карнеліяй падымаецца наверх у старую спальню; містэр Тутс, разумеючы, што ў ім, ды і ні ў кім іншым, там не маюць патрэбы, размаўляе з доктарам у дзвярах кабінета, або, правільней, слухае, што гаворыць яму доктар, і здзіўляецца, чаму ён лічыў некалі гэты кабінет свяцілішчам, а самаго доктара з яго акруглымі нагамі, вывернутымі, як у царкоўнага фартэпіяна, чалавекам, які наводзіць пачцівы жах. Фларэнс неўзабаве прыходзіць і развітваецца; містэр Тутс развітваецца, а Дыаген, які ўвесь гэты час бязлітасна дакучаў падслепаватаму маладому чалавеку, кідаецца да дзвярэй і з дзёрзкім вясёлым брэхам ляціць уніз па адхону; тым часам Мілія і другая служанка доктара выглядаюць з акна верхняга паверха, насміхаючыся «з гэтага Тутса» і гаворачы пра міс Домбі. «Ну, дапраўды-ж, хіба яна не падобна да свайго брата, толькі яшчэ прыгажэйшая?»
Містэр Тутс, заўважыўшы слёзы на твары Фларэнс, якая спусцілася ўніз, страшэнна ўстрывожаны і збянтэжаны і спачатку баіцца, ці не дапусціў ён промаху, прапанаваўшы наведаць Блімбераў. Але ён хутка супакойваецца, калі яна сцвярджае, што ёй было надэвычай прыемна зноў тут пабываць, і гаворыць пра гэта вельмі весела, пакуль яны ідуць па беразе. Чутны голасы мора і яе пяшчотны голас, і калі Фларэнс і містэр Тутс набліжаюцца да дома містэра Домбі, і містэр Тутс павінен расстацца з ёй, ён заняволен да такой ступені, што ў яго не астаецца і свабоднай волі. Калі яна на развітанне працягвае яму руку, ён ніяк не можа яе выпусціць.
— Міс Домбі, прашу прабачэння, — меланхалічным шэптам гаворыць містэр Тутс, — але калі-б вы мне дазволілі…
Усмешлівыя і нявінныя вочы Фларэнс прымушаюць яго адразу-ж запнуцца.
— Калі-б вы мне дазволілі… калі-б вы не палічылі гэта за дзёрзкасць, міс Домбі, калі-б я мог… зразумела, без ўсякага заахвочвання, калі-б я мог, ведаеце, спадзявацца, — гаворыць містэр Тутс.
Фларэнс пазірае на яго дапытліва.
— Міс Домбі, — гаворыць містэр Тутс, які адчувае, што цяпер ужо нельга адступаць, — дапраўды-ж, я абажаю вас да такой ступені, што проста не ведаю, што мне з сабою рабіць, Я вельмі няшчасны чалавек. Калі-б мы не стаялі цяпер на рагу пляца, я паў-бы на калені і прасіў-бы вас, без усякага заахвочвання з вашага боку, даць мне толькі надзею, што я магу… магу лічыць магчымым, што вы…
— О, калі ласка, не патрэбна! — крычыць Фларэнс, устрывожаная і ўсхваляваная. — О, прашу вас, не патрэбна, містэр Тутс! Калі ласка, кіньце! Не кажыце больш нічога. Будзьце добрым, зрабіце мне такую ласку, не кажыце!
Містэр Тутс вельмі засаромлены і стаіць з разяўленым ротам.
— Вы былі такім добрым да мяне, — кажа Фларэнс, — я вам так удзячна, у мяне столькі падстаў быць прыхільнай да вас, як да лепшага сябра, і, дапраўды-ж, я да вас так і прыхільна, — тут нявінны твар паварочваецца да яго з самай ласкавай і шчырай усмешкай, — і я ўпэўнена, што вы хочаце толькі сказаць мне «да пабачэння».
— Зразумела, міс Домбі, — кажа містэр Тутс, — гэта я і хачу сказаць. Гэта не мае ніякага значэння.
— Да пабачэння! — ускліквае Фларэнс.
— Да пабачэння, міс Домбі, — мармоча містэр Тутс. — Спадзяюся, вы нічога дрэннага не падумаеце. Гэта… гэта не мае ніякага значэння, дзякую вам. Гэта не мае абсалютна ніякага значэння.
Няшчасны містэр Тутс у поўнай роспачы вяртаецца ў сваю гасцініцу, замыкаецца ў спальні, кідаецца на ложак і вельмі доўга ляжыць: падобна да таго, што гэта ўсё-такі мае велізарнае значэнне. Але містэр Фідэр, бакалаўр мастацтваў, з'яўляецца на абед — на шчасце для містэра Тутса, бо ў праціўным выпадку невядома, калі-б ён устаў. Містэр Тутс нехаця ўстае, каб сустрэць яго і аказаць яму гасцінны прыём.
І добратворны ўплыў гэтай соцыяльнай добрадзейнасці — гасціннасці (не кажучы ўжо пра віно і надзвычайны пачастунак) — адкрывае сэрца містэра Тутса і робіць яго гаваркім. Ён не гаворыць містэру Фідэру, бакалаўру мастацтваў, аб тым, што здарылася на рагу пляца, але, калі містэр Фідэр пытаецца ў яго «калі-ж гэта адбудзецца», містэр Тутс адказвае, што «ёсць прадметы, аб якіх…», і тым самым адразу-ж ставіць на месца Фідэра. Далей містэр Тутс выказвае здзіўленне: якое права меў Блімбер звяртаць увагу на яго з'яўленне ў прысутнасці міс Домбі! Калі-б ён, Тутс, захацеў палічыць гэта дзёрзкасцю, ён вывеў-бы яго на чыстую ваду, не гледзячы на тое, што ён — доктар, але, думае ён, гэта тлумачыцца толькі невуцтвам Блімбера. Містэр Фідэр кажа, што ніколькі ў гэтым не сумняваецца.
Між іншым, містэру Фідэру, як закадычнаму сябру, дазваляецца закранаць нейкі прадмет. Містэр Тутс патрабуе толькі, каб пра яго гаварылі таямніча і з пачуццём. Пасля некалькіх шклянак віна ён прапаноўвае выпіць за здароўе міс Домбі, дадаўшы: «Фідэр, вы нічога не разумееце аб тым, з якімі пачуццямі я прапаноўваю гэты тост». Містэр Фідэр адказвае: «О, не, разумею, дарагі мой Тутс, і яны робяць вам гонар, старына». Містэр Фідэр поўніцца дружалюбнасцю, паціскае руку і кажа, што калі Тутсу патрэбен будзе калі-небудзь, брат, — Тутс ведае, дзе знайсці яго. Містэр Фідэр гаворыць таксама, што ён парэкамендаваў-бы містэру Тутсу — калі ён хоча выслухаць яго параду — навучыцца граць на гітары або хоць-бы на флейце, бо жанчыны, калі вы да іх заляцаецеся, любяць музыку, і ён сам у гэтым пераканаўся.
Гэта вымушае містэра Фідэра, бакалаўра мастацтваў, прызнацца, што ён мае на прымеце Карнелію Блімбер. Ён гаворыць містэру Тутсу, што нічога не мае супраць акуляраў, і калі доктар мае намер зрабіць пахвальны ўчынак і пакіне весці справу, ну што-ж, у такім выпадку яны будуць забяспечаны. На яго думку чалавек, які заробіць добрую суму грошай, абавязан кінуць справу і Карнелія была-б такой памочніцай, якой кожны можа ганарыцца. У адказ на гэта містэр Тутс пачынае выхваляць міс Домбі і намякаць, што іншы раз ён не супраць пусціць сабе кулю ў лоб. Містэр Фідэр упарта называе гэты крок лёгкадумнасцю і, хочучы прымірыць яго з жыццём, паказвае яму партрэт Карнеліі ў акулярах і з усімі іншымі яе атрыбутамі.
Так праводзіць вечар гэта скромная пара, а калі вечар саступае месца ночы, містэр Тутс праводзіць дадому містэра Фідэра і развітваецца з ім ля дзвярэй доктара Блімбера. Але містэр Фідэр толькі падымаецца на ганак, а пасля адыходу містэра Тутса зноў спускаецца ўніз, бадзяецца ў адзіноце па беразе і разважае пра свае віды на будучае.
Містэр Тутс у сваю чаргу бадзяецца вакол футляра, у якім захоўваецца яго жамчужына, і ў надзвычай дрэнным настроі, выклікаючы некаторыя падазрэнні ў палісменаў, паглядае на акно, у якім бачыць святло, і ніколькі не сумняваецца, што гэта акно ў пакоі Фларэнс. Але ён памыляецца, бо гэта спальня місіс Ск'ютон. Уродлівая і змучаная, яна ляжыць, не знаходзячы спакою, на сваёй пасцелі, а каля яе, наводзячы жах сваёй абыякавай прыгажосцю, бо жах адлюстроўваецца ў цямнеючых вачах пакутніцы, сядзіць Эдзіт. Што гавораць ім хвалі ў цішыні ночы?
— Эдзіт, чыя гэта каменная рука паднялася, каб ударыць мяне? Няўжо вы яе не бачыце?
— Там нічога няма, мама, гэта вам толькі здалося.
— Толькі здалося! Усё мне здаецца. Глядзіце! Ды няўжо вы яе не бачыце?
— Дапраўды, мама, там нічога няма. Ды хіба я так сядзела-б спакойна, калі-б там штосьці было?
— Так спакойна? — Яна кідае на яе спалоханы позірк. — Цяпер гэта знікла… а чаму вы так спакойны? Ужо гэта мне не здаецца, Эдзіт. Я ўся халадзею, бачачы, як вы сядзіце каля мяне.
— Мне вельмі шкада, мама.
— Шкада! Вам заўсёды кагосьці шкада. Але толькі не мяне!
Пры гэтым яна пачынае плакаць і, нервова торгаючы галавой па падушцы, мармыча аб пагардлівых да яе адносінах і аб тым, якой яна была маткай і якой маткай была гэта добрая старая, якую яны сустрэлі, і якія няўдзячныя дочкі ў такіх матак. У разгар гэтай бязладнай гаворкі яна раптам змаўкае, глядзіць на дачку, усклікае, што ў яе ў галаве муціцца, і хавае твар у падушку.
Эдзіт спагадліва нахіляецца і заве яе. Хворая старая абвівае рукою яе шыю і з жахам мармыча.
— Эдзіт! Мы хутка паедзем дадому, хутка вернемся. Вы ўпэўнены, што я вярнуся дадому?
— Так, мама, упэўнена.
Кожную ноч гарыць святло ў акне, і жанчына ляжыць на ложку, і Эдзіт сядзіць каля яе, і неспакойныя хвалі цалюткую ноч заклікаюць да іх абодвух. Кожную ноч хвалі паўтараюць да хрыпаты ўсё тыя-ж таямнічыя гутаркі; пясок навалены на беразе; марскія птушкі ўзлятаюць і лунаюць; вятры і воблакі ляцяць па нявызнаных сваіх шляхах; белыя рукі вабяць у месячным святле, заклікаючы ў нябачаную, далёкую краіну.
І хворая старая па-ранейшаму пазірае ў куток, дзе каменная рука — як яна кажа, гэта рука статуі з надмагільнага помніка — паднята, каб яе ўдарыць.
Нарэшце, рука апускаецца, і маўклівая старая ляжыць на ложку, і яна скурчана і зморшчана, і палова яе мёртвая.
Эдзіт заўсёды каля яе і не дапускае да яе Фларэнс, а Фларэнс, уночы ў сваёй пасцелі калоціцца, думаючы аб такой смерці і часта прачынаецца і прыслухоўваецца, думаючы, што ўжо настаў час смерці. Ніхто не даглядае місіс Ск'ютон, апрача Эдзіт. Добра, што мала хто яе бачыць; і дачка не спіць адна ля ложка.
Рукі, якія капашыліся на коўдры, слаба сціскаюцца і цягнуцца да дачкі; і голас, не падобны да яе голасу, не падобны да ніводнага голасу, які гаворыць мовай смяротных, кажа: «Я-ж вас выкарміла!»
Эдзіт без слёз апускаецца на калені, каб наблізіцца да галавы, якая была ў падушках і гаворыць:
— Мама, вы мяне чуеце?
Шырока раскрыўшы вочы, тая стараецца кіўнуць у адказ.
— Ці можаце вы прыпомніць тую ноч перад маім вяселлем?
Галава астаецца нерухомай, але па твару відаць, што яна памятае.
— Я сказала тады, што прабачаю вам ваш удзел у гэтым, і прасіла бога дараваць мне. Я сказала вам, што з мінулым мы з вамі скончылі. Цяпер я паўтараю гэта зноў. Пацалуйце мяне, мама.
Эдзіт дакранаецца да бледных губ, і з хвіліну нішто не парушае цішыню. Праз хвіліну яе маці са сваім дзявоцкім смехам — шкілет Клеапатры — прыпадымаецца на пасцелі.
Захініце ружовыя фіранкі. Яшчэ штосьці, апрача ветру і воблакаў, ляціць па нявызнаных шляхах. Захініце добра ружовыя фіранкі!
У прызначаны дзень стрыечны брат Фінікс і містэр Домбі сустракаюцца і едуць у Брайтон і, увасабляючы сабою ўсіх іншых, што аплаквалі памёршую лэдзі, праводзяць яе астанкі да месца супакаення. Пры выкананні абраду стрыечны брат Фінікс засумаваў, адзначаючы, што ў падобных выпадках чалавек, уласна кажучы, мімаволі задумваецца аб тым, што сілы яму здраджваюць, і слёзы выступаюць у яго з вачэй, калі ўсё ўжо скончана. Але ён хутка збіраецца з духам; і гэтак робяць усе іншыя сваякі і сябры місіс Ск'ютон, прычым маёр бесперастання сцвярджае ў клубе, што місіс Ск'ютон ніколі добра не захутвалася. Такім чынам маці Эдзіт ляжыць, забытая сваімі добрымі сябрамі, якія не чуюць хваль, што паўтараюць да ахрыпласці ўсё тыя самыя словы, і не бачаць пяску, што навалены на беразе, і белых рук, што вабяць у месячным святле і заклікаюць у нябачаную, далёкую краіну. Але ўсё ідзе так, як з даўніх часоў ішло на ўзбярэжжы невядомага мора, і да ног Эдзіт, якая стаіць тут у адзіноце і прыслухоўваецца да хваль, прыбіваюцца мокрыя водарослі, каб усыпаць ёй жыццёвы шлях.
- ↑ Рэквіем — каталіцкая царкоўная служба з музыкай па памёршым.
- ↑ Мадрыгал (грэч.) — у старажытную эпоху — песня пастуха; у новы час — песня, якая ўсхваляе каго-небудзь.
- ↑ Тугі — члены індыйскай секты, якім прыносілі чалавечыя афяры для ўміласцівення багіні Бовані.
- ↑ Герадот — першы грэчаскі гісторык (V ст. да н. э.).
- ↑ Рубікон — рака, якая служыла ў эпоху Юлія Цэзара граніцай паміж Рымам (Італіяй) і Галіяй (Францыяй). Юлій Цэзар, не падначаліўшыся рымскаму сенату, вышэйшаму дзяржаўнаму органу, перайшоў Рубікон (49 г. да н. э.) для заваявання Рыма; „перайсці Рубікон“ — зрабіць рашучы крок.