Доктар Франціш Скарына і яго культурная праца
Доктар Франціш Скарына і яго культурная праца Артыкул Аўтар: Адам Станкевіч 1936 год Крыніца: [1] |
Рэфэрат, прачытаны ў Беларускім Інстытуце Гаспадаркі і Культуры у Вільні І. ІІІ. 1936 г. з нагоды 450 лецьця нараджэньня Францішка Скарыны (1486 — 1936) |
I. Агульныя ўвагі.
[правіць]Гаварыць аб Скарыне і яго культурнай працы, — гэта знача пазнаёміцца з жыцьцём вялікага беларускага культурнага дзеяча з XVІ ст. і з яго перакладамі Бібліі на тагочасную беларускую мову. Прадтым аднак, як аб гэтым гаварыць, мушу зрабіць наступныя агульнага характару ўвагі.
Вучоныя пачалі цікавіцца Скарынай тады, калі сталі ім вядомыя яго перакладаў і яго друкарскіх захадаў кнігі. Зацікаўленьне гэта пачалося ад 1776 году, калі бібліотэкар Расейскай Акадэміі Навук у Пецярбурзе Бакмэйстэр у Бібліотэцы тэй жа акадэміі знайшоў скарынаўскіх друкаў. Аб гэтых друках напісаў ён свае ўвагі ў двух кніжках аднаго зьместу: “Tssai sur la Bibliotheque de l'Fcadamie des Sciences a St/ Petersbourg.1776” і “Опыт о библиотеке Императорской Академіи Наук СПБ.1770”.
Узноў жа неўзабаве былі знайдзены ў бібліотэцы царскага расейскага Мін. Загр. Спраў іншыя чатыры скарынаўскія кніжкі. Аб гэтых напісаў свае ўвагі Штраттер у зборніку: “Опыт трудов вольного Россійскаго собранія.” М. 1783.
Больш грунтоўныя ўрэшце досьледы над Скарынай пачаліся тады, калі чэскі вучоны славіст Доброзскі ў 1792 г. адведаў Пецярбург і бліжэй пазнаўся з скарынаўскімі кніжкамі. Пісаў ён аб іх у выд.: “Slovanka” (Рrag 1814,I i 1815 II) і у кнізе: “Geschichte der Bohmischen Sprache und altern Literatur” (Рrag. 1818) і ў іншых.
І яшчэ розныя іншыя аўтары пісалі аб Скарыне, але ніхто з іх не пасьвяціў сваей увагі працы Скарыны, як цэласьці. Першы дакнаў гэтага П. В. Владимиров у ведамай грунтоўнай кнізе: “Доктор Францнск Скорына, его переводы, печатные изданія і язык.” СПБ 1885 г. Кніга гэта сталася выходным пунктам для ўсіх тых дасьледчыкаў, якія пазьней працавалі над справай Скарыны. Ёсьць гэным пунктам для вучоных Скарынаведаў аж да сяньня. I да сяньня ня то што лепшай, але роўнай Владимирова працы не напісаў аб Скарыне ніхто, хоць пісалі даволі многія.
Пасьля Владімірова найбольш заслужвае на ўвагу І. Шляпкін, які знайшоў у Падуі ў унівэрсытэцкім зрхіве дакуманты, апублікаваныя ў “Чтеніе в Обществе Нестора Летописца” 1894. VIII, аб тым, што Скарына здабыў доктарат мэдыцыны ў Падуі, а такжа заслужвае на ўвагу А. Міловідов, які гэтак сама важныя дакуманты знайшоў ў Коенігсбэрскім архіве, датычачыя жыцьця Скарыны ў 30 ыя гады XVI ст., апублікаваныя ў “Ізвестія Отделенія Русскаго Языка і Словесності” 1917. т. XXII, кн. 2, Петроград 1918.
Апрача гэтых аўтараў, пісалі аб Скарыне пасьля Владімірова і розныя іншыя: расейскія, беларускія, польскія і ўкраінскія, аднак усе яны — поўтараю калі йдзець аб сутносьць справы, аб фактычным матар'яле, больш ад Владімірова не сказалі балай нічога.
Гэтым хачу сказаць, што ўсе тыя вучоныя, якія працавалі над Скарынай пасьля працы Владімірова, апрача ўспомненых Шляпкіна і Міловідова, ня далі нам новых аб Скарыне фактаў, новых дакумантаў, новых вестак. I слушна кажа Ул. Пічэта: „Падлічваючы ўсю літаратуру яб Скарыне на працягу 150 г. ад дня выхаду першае працы аб Скарыне Бакмэйстэра, можна сказаць, што літаратура аб Скарыне мае адну орыгінальную працу прафэсара Владімірова. Большасьць аўтараў, якія пасьля Владімірова, шырока карысталіся яго фактычным матар'ялам, ішлі за яго вывадамі ( Ул. Пічэта, 400 лецьце беларускага друку. Менск 1926, бач. 327.). Але з гэтага зусім не вынікае што яны агулам аб Скарыне ня далі нам нічога новага. Не. Яны далі нам такжа нямала, яны ведамыя ўжо аб Скарыне факты, ведамы ўжо матар'ял і весткі прадставілі нам у ясьнейшым сьвятле. Яны ведамы аб Скарыне матар'ял лепш апрацавалі, паглыбілі, выясьнілі і парабілі з яго часта сусім новыя высновы.
Аб Скарыне — паўтараю — пісалі вучоныя расейскія, польскія, украінскія. Усе яны з малымі выняткамі, Скарыну пераважна прысвойвалі сабе. Бліжэйшая аднак распрацоўка фактычнага аб ім матар'ялу, паданага Владіміровым нават і праз некаторых чужых навейшых аўтараў, нязьбіта паказвае на тое, што Скарына беларус нацыянальнасьцяй, што мова яго перакладаў беларуская і агулам, што гэта вялікі беларускі культурнік XVI ст.
Але вось гэткае асьвятленьне Скарыны на падставе ўжо ведамых аб ім фактаў ёсьць дзелам прадусім беларускіх вучоных. Дасьледваньне сярод беларусаў Скарыны асабліва ажывілася, пачынаючы ад 1925 году, з нагоды 400 лецьця беларускіх скарынаўскіх друкаў. Беларускія вучоныя праз дзесяць апошніх гадоў нямала кінулі на асобу Скарыны сьвятла іменна з пункту гледжаньня беларускага нацыянальнага і беларускага культурнага,
Вось імёны гэтых беларускіх вучоных: Ул. Пічэта, М. Піотуховіч, Янчук, Язэп Воўк Леваловіч, М. Шчакаціхін, Ігнатоўскі, Гарэцкі і інш.
У 1925 годзе з нагоды ўспомненага 400 лецьця беларускага друку, напісаў і я брашуру: “Доктар Фр. Скарына— першы друкар беларускі”; працу сваю апіраў я на Владімірове, але, у меру сваіх скромных сіл, асьвятленьне ей так жа даў беларускае.
Вось жа цяпер, забіраючы аб Скарыне голас з нагоды 450 лецьця яго параджэньня, я, праўда, ізноў паўтару тое, што тады пісаў. Зраблю аднак гэта яшчэ больш крытычна і вазьму пад увагу ўсё тое, — насколькі гэта мне ведама,— што новае аб Скарыне за апошнія дзесяць гадоў у навуцы паявілася. А гэткімі ж працамі заслугоўваюць на ўвагу прадусім вышэй прыточаны зборнік менскіх прафэсараў: “400 лецьце беларускага друку”, Менск 1926, бач. 360; рэцэнзія на маю брашуру Н. Ловманскага ў “Ateneum Wilenskie” 1925 г. кн 9, “Cztery Wieki drukarstva w Wilnie” — L. Аbramowicz, Wilno,1925, “Kwartainik Historyczny” (ХL), 1926 г. — Ул. Талочка: “Да справы веравызнаньня Фр. Скарыны” (“Калосьсе” 1935, кн. 3).
II. Час, у якім жыў Фр. Скарына.
[правіць]Час, у акім жыў Фр. Скарына, у гісторыі Беларусі адзначаецца як час разьвіцьця беларускага народу, як залатая пара ў жыцьці ягоным.
Падставы, ці лепш сказаць зародкі такога разьвіцьця ў Скарынаўскі час — народ наш вынес з сваей мінуўшчыны. Народ наш за час сваей поўнай самабытнасьці да XIII ст. і за час свайго так жа цалком вольнага, але супольнага з Літоўцамі жыцьця ў XIII і ў XIV ст. сфармаваўся ўжо ў выразную нацыю, а так жа набраў палітычнага і культурнага гарту.
Гэткае асьвятленьне часу Скарыны, гэта знача XV і XVI ст. Ловмяньскі ў сваей рэцэнзіі маей брашуры называе памылковым. „Autor — кажа ён — usiłuje nawet naszkicować epohę, w której żył Skoryna, co mu się nieszczególnie udaje. O stanie kulturalnym Rusi litewskiej w owym czasie ma on błędne wyobrażenie: mówi o rozkwicie (str. 19) tam, gdzie panował zupełny zastój i zanik objawów życia duchowego ( Аteneum 1926. 9, бач. 162).
Здаецца аднак мне, што хутчэй мыляецца Ловмяньскі. Увесь XVI век у беларускай навуцы завецца залатой парой беларускай літаратуры не беспадстаўна. Завядзеньне ў Вял. Кн. Літ. многіх друкарняў, выданьне аж трох Статутаў у беларускай мове, гэных сапраўды вялікіх падстаў праўнага жыцьця нашай мінуўшчыны, тлумачэньне Скарынай на беларускую мову кніг сьв. Пісаньня, іх друкаваньне ў Празе і ў Вільні, а пасьля перадрукоўваньне ў іншых мясцох і пашыраньне ў народзе — ўсё гэта хіба ж ёсьць доказам не застою духовага, аб якім кажа Ловмяньскі, а наадварот — доказам, як на той час, даволі вялікай ступені культуры нашага Краю агулам і культуры беларускага народу.
Пэўне ж, тагочасная наша культура не магла раўняцца з культурай Зах. Эўропы, аднак яна існавала і памысна расла, карыстаючы з культураў антычных і з культуры тагочаснай Эуропы: сярэднявечнай і гуманізму, разьвіваючыся на самастойных беларускіх карэньнях.
Іншай аднак ад Ловмяньскага думкі аб гэтым усім праф. Ул.Пічэта, які між іншым так піша: „На юбілей Скарыны адгукнуўся ў Вільні і Ад. Станкевіч. Невялічкая памерам праца яго ёсьць вельмі ўдалая спроба навукова популярнае характэрыстыкі дзейнасьці першага беларускага друкара. Апошняя разглядаецца ў адпаведнай культурна гістарычнай абстаноўцы (400 лецьце. бач. 319.).
Іншых так жа ад Ловмяньскага паглядаў і праф. М. Піотуховіч, які аб гэтым так кажа: “Старадаўна беларускае пісьменства ў сваім разьвіцьці ўтварае рэзкую крывую лінію”.
У XIV і XV сталецьцях бачым зараджэньне беларускага пісьменства; першыя ўсходы яго; у XVI ст. гэтае пісьменства дасягае ў сваім разьвіцьці кульмінацыйнага пункту і, урэшце ў XVII і XVIII стаг. назіраецца паступовы спад літаратурнае хвалі.
На самым высокім грэбні гэтае паступово ўзрастаўшае і спадаўшае літаратурнае хвалі ў XVI ст. уздымаецца магутная постаць Фр. Скарыны, які мае найвялікшае значэньне культурна-нацыянальны і літаратурны дзеяч старажытнае Беларусі (400 лецьце.. бач. 157.).
III. Жыцьцё і асоба Фр. Скарыны.
[правіць]Паводле досьледаў Владімірова Скарына радзіўся больш менш каля 1490 г.
Гэтага прыблізнага часу нараджэньня Скарыны трымаліся ўсе вучоныя. Тымчасам у 1925 г. беларускі вучоны М. Шчакаціхін, дасьледжваючы гэту справу, выявіў гіпотэзу, што Скарына радзіўся ў 1486 г. ( Шчакціхін — Калі радзіуся Фр. Скарына (“Полымя” 1925, №5, бач. 148 152).). Шчакаціхін такім чынам ужо не аб прыблізнай даце нараджэньня Скарыны гавора, але робіць спробу дату гэту усталіць дакладна. Свой пагляд Шчакаціхін апірае на падставе гэрбу Скарыны, якім было прамяністае сонца чалавечага вобліку, спалучанае з месяцам, так жа маючае выгляд твару чалавека. Беларускі дасьледчык уважае, што значэньне гэтага гэрбу Скарыны трэба тлумачыць згодна з тагочаснай астролёгічнай ведай, з тагочасным разуменьнем розных сфэрычных зьяваў. Шчакаціхін лічыць, што Скарына радзіўся ў той год, калі было зацьменьне сонца, якое было відаць у Полацку і выабражэньне якога сталася ягоным гэрбам. Такое зацьменьне было там 6. III. 1486 г. Такім чынам гэты дзень і трэба лічыць днём нараджэньня Скарыны.
Нажаль бліжэй пазнацца з доказамі і выясьненьнямі гіпотэзы Шчакаціхіна ня можам, бо не ўдалося мне раздабыць таго нумару менскага “Полымя” з 1925 году, у якім аб гэтым гаворыцца. Падаю гэтыя весткі на падставе Ул. Пічэты (Ул. Пічэта, 400 лецьце беларускага друку, бач. 317—318. Менск 1926 г.), які аб гіпотэзе гэтай, а ў зьвязку з ёй і аб часе нараджэньня Скарыны так піша: ... “Гіпотэза Шчакаціхіна вельмі цікавая і заслугоўвае пэўнае ўвагі. Калі яна нават, бязумоўна, і вельмі спрэчная, — дык усё ж бяспрэчна правільнае прыпушчэньне, што Скарына нарадзіўся некалькі раней, чымся гэта вызначыў Уладзіміраў. Калі прыняць датай 1486 год. дык Скарыне ў момант паступленьня ў Кракаўскі Ўнівэрсытэт было 18 год”.
Але ёсьць урэшце весткі — нажаль не правераныя, — што апошнім часам і сам Шчакаціхін пачынае траціць веру ў сваю гіпотэзу аб часе нараджэньня Скарыны.
I так час нараджэньня Скарыны і далей астаецца толькі прыблізным, хоць магчыма бліжзй ён да прэўды паводле Шчакаціхіна, як паводле Владімірова.
Затое пэўнай ёсьць яго народнасьць і месца паходжзньня. Па народнасьці Скарына—Беларус, родам з Полацку: “Із славнаго града Полоцка”, часта кажа ён аб сабе ў сваіх выданьнях. “Аз... нарожэныі в руском языку”, так жа аб сабе выражаецца Скарына ў уступным слове да кнігі Даніеля. У іньшых падобных уступных словах завець ён гэтую “рускую” мову сваей прыроднай: “прірожэныі язык”. А ў прадслоўі да сваёй першай друкаванай кнігі (Псалтыр 1517 году) Скарына аб'ясьняе сваю дзейнасьць на карысьць Беларускага народу: “своей братіі Русі” дзеля беларускага пісьменства, “наболей с тое прычыны, іжэ мя мілостівый Бог с того языка на свет пусьціл”.
А калі возьмем пад увагу пэўнасьць філёлёгіі і гісторыі што і гэная мова “руская” і гэна “братія Русі”, аб якіх кажа Скарына, гэта ёсьць тая ж сяньняшняя ў сваей аснове беларуская мова і той жа сёньняшні Беларускі народ, дык ня можа быць у нас сумляваньня аб тым, што сапраўды Скарына вядзе сваю гутарку аб беларускай мове, аб Беларускім народзе і што ён сам Беларус “прірожэный”.
Якой быў веры Фр. Скарына, — праваслаўнай, ці каталіцкай — напэўна такжа няведама.
Яго першае імя Юры (Георгі), знанае пераважна (хоць ня выключна) сярод праваслаўных, далей той факт, што, як кажа Владіміров у сваей монографіі аб Скарыне, у канцы XV стаг. у Полацку ня было яшчэ ніводнага каталіцкага касьцёла, а ўсе Палачане былі Беларусы праваслаўныя, а так жа ўрэшце ўся літаратурная дзеяльнасьць Скарыны і прыгатаваньне да яе — прамаўляюць за праваслаўную веру Скарыны.
3 другога ж боку, яго другое (пазьнейшае) імя: Францішак, імя пераважна каталіцкае, яго пастаянная лучнасьць з Вільняй і ўзгадаваньне ў каталіцкім Кракаве і каталіцкай заграніцай, а так жа той факт, што ў XV і XVI стаг. на Беларусі былі староньнікі уніі Каталіцкага Касьцёла з Праваслаўнай Царквой, якую (унію) пашыраў у нас вядомы маскоўскі ўцякач мітрапаліт Ізыдор, — прамаўляюць у некаторай меры і за веру каталіцкую Фр. Скарыны.
Былі і такія ўрэшце дасьледчыкі, якія ўважалі Скарыну за протэстанта, а гэта на тэй падставе, што ў ягоны час у Заходняй Эўропе а так жа і Беларусі шырылася, як ведама, рознага роду протэстанцтва: гусытызм, лютэранізм, кальвінізм, соцыянізм. Доказам, між іншым, яго протэстанцтва было і тое, што ён іменна тлумачыў Біблію на жывую мову Беларускага народу, што сапраўды ў тым часе рабілі протэстанты для розных народаў.
Владіміров выказаўся за тое, што Скарына быў праваслаўны. За ім і большасьць вучоных трымалася гэтых паглядаў. Пагляд гэты аднак быў нанова заквэстыянаваны ў 1925 г., калі навуковы рух аб Скарыне значна ажывіўся з нагоды 400 лецьця беларускага скарынаўскага друку. На гэты раз у справе веры Скарыны выразны і рашучы забраў голас успомнены Г. Ловмяньскі, крытык маей аб Скарыне брашуры. Вучоны гэты рашуча выказаўся за каталіцтвам Скарыны (“Ateneum”... бач. 163—164,). Галоўныя яго доказы гэткія: культ сьв.Юрага, пашыраны прадусім на Усходзе, ня быў чужым на Захадзе і ў Польшчы. Скарына, імем Юры (вобак з імем Францішак) названы толькі раз у прывілеі караля Зыгмунта I, выданым яму 25. XI. 1532. Скарына, называны колькі разоў па імі і прозьвішчу ў актах унівэрсытэцкіх у Кракаве і ў Падуі, у мэтрыцы Кароннай і Літоўскай, а прадусім у сваіх уласных выдавецтвах, нігдзе Юрым не завецца, а толькі Францішак. Справу гэту Ловмяньскі рашае наступным домыслам: “О rozwiązanie zarjadki nie trudno. Zestawiając wzmiankę z innym przywilejem króla Zygmunta I, o cztery dni wcześniejszym, spostrzegamy, że przy wymienieniu po raz pierwszy nazwiska Skoryny dodaje on tytuł: „egregtum et famatum Franciscum Skorina de Poloczko medicinae doctorem”, w przywileju natomiast z dnia 25. XI. razi brak słówek grzecznościowych, mówi on wprost: “Georgii Franciscii Skorina de Poloczko artium et medicinae doctoristt. Z porównania łatwo się domyśleć—канчае свае вывады Ловмяньскі — iż w ostatnim dokumencie pisarz przekręci! słówko “egregii” na Georgii”...
Вышла, праўда, даволі зручна і дасьціпна, але каб навукова праконваюча, то не скажу.
Далей той жа Ловмяньскі, а ў 1933 годзе і кс. др. К. Кантак (Ks. ór. K. Kantak — Bernardyni PoIscy, паводле : Ул. Талочка—Да справы веравызнаньня Фр. Скарыны (“Калосьсе” 1935, кн. 3).) Скарыну залічаюць у каталікі на тэй падставе, што каталіцтва лацінскае было ў Полацку ўжо ў канцы XV стаг. Кантак аб гэтым кажа катэгорычна, нажаль не падаючы ніякіх довадаў: “Między nawróconymi znalazła się także rodzina Skorynów, jak o tem świadczy imię znakomitego wydawcy” .
Найнавейшы доказ за каталіцкасьць Скарыны знаходзім у рэцэнзіі М. Войцехоўскай на кніжку Л. Абрамовіча “Cztery wieki drukarstwa w Wilnie” (“Kwartalnik Histcryczn”, XL, 1926.)
Доказам гэтым мае быць факт, што Скарына, пасьля таго, як кінуў друкарскую справу, быў сакрататаром і лекарам Віленскага каталіцкага біскупа. Весткі гэтыя М. Войцехоўская знайшла ў пазнанскім меставым архіве.
Кс. Ул. Талочка зьвярнуўся ў гэтай справе да ведамага дасьледчыка гісторыі нашага краю кс. праф. др. Я. Фіялка ў Кракаве. Адказ быў наступны: ...„Мam zaszczyt donieść, iż wywód prof. H. Łowmiańskiego w Ateneum Wilcńskiem z 1925 r. jest aż nadto przekonywujący. Stwierdzono też w r. 1926 (Kwartalnik Historyczny XL), iż pan dr. Franciszek Skoryna jest sekreterzem i lekarzem biskupa wileńskiego v/ r. 1532n.
Пэўне ж, факт, што Скарына быў у каталіцкага біскупа сакратаром і лекарам прамаўляе за ягоным каталіцтвам, але ня так узноў рашуча і безапэляцыйна, як гэта робяць польскія гісторыкі. Мог Скарына быць праваслаўным і разам мець працу напр. у канцэлярыі біскупа і лячыць яго. Быў гэта час, палавіна XVI ст., калі вобак з рэлігійным фанатызмам у нашым краі спатыкаліся лібэральныя і толеранцыйныя адносіны.
Ведамым ёсьць далей, што ў аднэй з праваслаўных кансысторыяў на заходне беларускіх землях сяньня працуе як урадовец каталік (з паходжаньня беларус, з перакананьня паляк). Калі б зайшла патрэба ў будучыне, гісторык гэтага каталіка на падставе ягонай працы ў праваслаўнай кансысторыі мог бы ўважаць за праваслаўнага, але, як бачым, цалком мыляўся б.
Аб гэтым маглі б вырашыць: мэтрыка і аўтэнтычныя словы ці чыны самога Скарыны, або яго сучасьнікаў. Пакуль гэтага няма — справа веры Скарыны астаецца далей нявырашаная.
Вырашэньне гэтай справы, пэўне ж, мела б важкае значэньне: яно дало б навуцы новае аб Скарыне сьвятло. Але гэта, па мойму, справа другарадная. Гэтым польскім вучоным, якія так цікавяццца верай Скарыны і якія даволі з лёгкай рукі залічаюць яго ў каталікі, робяць гэта у пераважнай меры з матываў не навуковых, а палітычных.. Яны трымаюцца старога прынцыпу: калі хто каталік, дык той і паляк. Паляком (і каталіком) Скарыну даўней лічыў Ліндэ, Лелевэль, Вішнеўскі, Крэшэўскі ( 400 лецьце... бач. 287.), палякам яго ліча сяньня Ловмяньскі, Кантак і Фіялак, які кажа: “nasz dr. Franciszek Skoryna”..
Для нас жа беларусаў вера Скарыны прынцыповага значэньня ня мае. Ці ён быў праваслаўным, ці каталіком, ці протэстантам, ці нават уніятам, што, на мой пагляд, найменш праўдападобна, ён не перастае быць агульна беларускім вялікім культурнікам, які найважнейшую на той час крыніцу прасьветы, Біблію, пераклаў на тагочасную жывую літаратурную беларускую мову.
Аб бацькох Фр. Скарыны і аб яго жыцьцёвых варунках бадай што няведама нічога. 3 актаў XVI ст. ведама, што сям'я Скарынаў мела ў Полацку нярухомую маемасьць і была ў зносінах з Вільняй, Чэхіяй і з Нямеччынай.
Зносіны гэтыя мелі вялікае значэньне ў жыцьці Скарыны. Праз іх сям'я Скарыны мела пастаянны стык з культурай Заходняй Эўропы, а прадусім з культурным цэнтрам краёвым, Вільняй. 3 Вільні ў той час, як ужо ведаем, многія Беларусы і Літоўцы езьдзілі на навуку заграніцу агулам, а найбольш у польскі Кракаў.
Дык вось жа і Фр. Скарына, атрымаўшы пачатковую навуку дома, маючы якіх гадоў 16 — 18, апынуўся там жа.
У рукапісных актах Кракаўскага унівэрсытэту 1504 г. гаворыцца “Franciscus Luce de ploczko, sovit 2 gr.”, што пабеларуску знача: Францішак сын Лукаша з Полацка заплаціў 2 грошы. Гэтыя два грошы заплаціў ён, як уступную плату за унівэрсытэт.
Пасьля двух гадоў навукі ў Кракаве ў 1506 г. Фр. Скарына дастаў там першую вучоную ступень бакалара філёзофіі. Аб гэтым здарэньні ў жыцьці Фр. Скарыны ўспамінаецца ў тых жа актах унівэрсытэту, у якіх гаворыцца, што ў 1506 г. між іншымі атрымаў успомненую ступень “Franciscus de Poloczko, Lithuanus”.
У 1505 г. Фр. Скарына пакінуў Кракаў і праз шэсьць гадоў негдзе вучыўся заграніцай багаслоўя і мэдыцыны. Але гдзе —няведама. Тут недзе Скарына здабыў новую вучоную ступень доктара “eximiarum atrium” ( Гэта знача сямі свабодных навук.). Апрача навукі, Скарына прыглядаўся да культурнага жыцьця Эўропы і пазнаваўся бліжэй з друкарскай штукай.
Да слаўнай у той час вучэльні залічаўся ўнівэрсытэт у Італіі, у месьце Падуі. Найбольш ён славіўся мэдыцынай. Вось жа наш Скарына ў 1512 годзе і прыбыў сюды, дзе і здабыў — першы на Усходзе Эўропы — доктарат мэдыцыны. Пасьля гэтага Скарына зваў сябе: “в лекарскіх науках доктор” або “в науках вызволеных і лекарскіх доктор”.
Пасьля гэтага ўзноў заціраецца сьлед Скарыны. Малады доктар пашоў, пэўна, пехатой дамой, да Полацка, і тут пачаў шукаць грашовых спосабаў; каб распачаць друкаванне так патрэбных Беларускаму народу кніжак. Пабываў ён так жа і ў Вільні, сталіцы Беларуска літоўскай дзяржавы, і пазнаёміўся з многімі віленскімі мяшчанамі і братчыкамі, на кошт каторых пасьля і друкаваў свае кніжкі. І Вось, Скарына задумаў вялікую думку перакласьці ўсю Біблію на тагочасную беларускую літаратурную мову і надрукаваць яе.
Дабыў сабе Скарына патрэбныя рукапісы і каля 1516 году паехаў у Чэхію, да Прагі. Кракаў абмінуў Скарына, успамінаючы, відаць, сумны канец Фіёля.
У 1517 г. Скарына ўжо знаходзіцца ў Празе, дзе працуе над перакладам біблейскіх кніг і над іх надрукаваньнем. Знайшліся асобы, што памагалі Скарыне, чым маглі. Прадусім былі яму памоцны, як грашмі, так, магчыма, і рукапісамі і маральнай парадай, віленскія мяшчане: Богдан Онькаў, Якуб Бебіч і інш.
Скарына залажыў у Празе ўласную друкарню і ў найлепшых нямецкіх майстроў заказаў зрабіць чаранкі (літары) і патрэбныя друкарскія прылады.
Кнігі выпускае Скарына ў сьвет адна за аднэй. Першым паявіўся найбольш: патрэбны ў практыцы Псалтыр 6 га жніўня 1517 г., за ім усе іншыя. Ад 1517 дг 1519 гг.— значыць за два гады — Скарына ў Празе выпусьціў 22 кніжкі.
Аднак, праца Скарыны ў Празе — па выданьні ўспомненых кніжак — у 1519 г. спынілася. Відаць, не сядзелася яму там, цягнула яго на бацькаўшчыну. “Люді, — кажа Скарына, — ігдіе зроділіся і ускормлены суць, по бозе к тому месту велікую ласку імаюць”. Закласьці друкарства на роднай зямлі, відаць, было галоўнай мэтай Скарыны.
Дык пакідае наш друкар Прагу, забірае з сабой кніжкі, чаранкі, друкарскія прылады і перабіраецца ў Вільню і тут у доме бурмістра Якуба Бабіча закладзе друкарню, у якой друкуе ў 1525 г. “Апостола” і “Малую Подорожную Кніжыцу”.
I вось, на гэгых дзьвох кніжках нажаль і спынілася ў Вільні друкарска выдавецкая і літаратурная дзеяльнасьць Скарыны. Што за прычыны? Напэўна няведама, але мусіла іх быць многа і рознага роду.
Між іншым ня спрыялі працы Скарыны яго асабістыя варункі. Ён абяднеў у Вільні цалком. Брат Скарыны, Іван, з якім Францішак меў супольную маемасьць, заблутаў свае справы, а гэтым самым і матар'яльнае палажэньне свайго брата. Пачаліся судовыя працэсы, якія мала таго, што адрывалі Скарыну ад культурнай працы, але давялі да таго, што маемасьць яго была сканфіскавана. Судовая цяжба цягнулася ад 1529 да 1532 г.
3 успомненай рэцэнзіі М. Войцехоўскай у “Kwartalniku Historycznym” даведваемся яшчэ, што брат Францішка Скарыны, Іван, гандляваў у Пазнані скурамі. У 1529 г., калі Іван памёр, Францішак прыбыў у Пазнань. Пасьля брата асталося шмат скураў і даўгоў. Франітіш узяў з іх сабе 2500 за доўг (11 коп літоўскіх грошаў), якія яму быў вінен Іван.
У сакавіку 1532 г. Фр. Скарына апынуўся ў пазнанскім вастрозе за даўгі брата Івана, які быў вінават двум жыдом 412 зл. польскіх. Каралеўскі загад арышту Скарыны падпісаны 15. 11. 1532 г.
Аб гэтым здарэньні даведаўся Раман Скарына, які быў у той час у Гданску. Ён у красавіку прыбыў у Пазнань і стараўся аб звальненьні Францішка. Звальненьне наступае ў палавіне чэрвеня.
30 я гады XVI ст. самы цёмны пэрыяд у жыцьці Фр. Скарыны. Крыху яго асьвятляюць дакумэнты Коенігсбэрскага архіву, апублікаваныя Мілазідавым (Известія Отд. Р. Яз. и Слов. Р. Ак. Н. 1917, кн. 2, 221—226.). Гэтыя дакумэнты, пісаныя ў лацінскай мове, ад прускага караля Альбрэхта.
Першы дакумэнт з 16. V. 1530. У ім Альбрэхт паведамляе віленскага ваяводу Гяштольда, што Скарына перасяліўся ў Коенігсбэрг, але што розныя прыватныя справы, жонка і дзеці, пакінутыя ў Вільні, прымушаюць яго зноў вярнуцца сюды. 3 гэтай прычыны кароль просіць ваяводу дапамагчы Скарыне ў яго справах. Другі дакумэнт, з тэй жа датай, ёсьць прапускны ліст, або пашпарт для бесперашкоднага пераезду Скарыны. Трэці дакумэнт з датай 18. V. 1530 г. — гэта ліст Альбрэхта да Віленскага Сэнату. Кароль, адпускаючы Скарыну назад у Вільню з прычын сямейных, просіць Сэнат быць справядлівым у адносінах да яго і зьвярнуць яму сканфіскаваную ў яго маёмасьць.
Чацьвёрты докумэнт з 26. V. 1530 г. гэта ўжо абвінавачваньне каралём Скарыны. У гэтым дакумэнце кароль зварачваецца да Ваяводы Гаштольда са скаргай на Скарыну, што ён забраў аднаго жыда, які быў у Альбрэхта доктарам і адначасна друкаром, і што гэтым Скарына зрабіў яму, каралю, вялікую шкоду.
Можна дагадвацца, што Скарына забраў з сабой гэнага жыда друкара, каб прадоўжваць сваю выдавецкую працу і пасьля 1525 г., гэта знача пасьля выданьня ў Вільні “Апостала” (М. Піотуховіч Фр. Скарына (400 лецьце... 169—170'.). А вось апошнія найнавейшыя весткі аб Скарыне, якія здабыў праф. Флоровский у Празе. У Вільні Скарына прабываў ад 1530 да 1534 г. У 1534 г. Вільню пакінуў і прыбыў у Прагу. Быў тут надворным лекарам караля (Фэрдынанд І Габсбурскі — 1527 —1564). У Празе аставаўся аж да сьмерці. Памёр там жа ў 1551 г.
Астаецца аднак нявыясьненым, як Скарына, прабываючы паводле праф. Флороўскага ў Вільні ад 1530 да 1534 г., у 1532 г., паводле вестак М. Войцехоўскай, апынуўся ў пазнанскім вастрозе.
Але гэтая няяснасьць, на мой пагляд, хутчзй характару праўнага, як фактычнага. Паехаў Скарына ў 1532 г. у Пазнань у справах даўгоў брата і там быў прыарыштаваны.
I так бачым, што за апошнія дзесяць гадоў навука здабыла аб Скарыне некаторыя новыя і дужа цэнныя весткі. Аднак шмат што і далей з жыцця Вялікага гэтага Беларуса астаеццца няведамым.
Але ідэі яго нам добра ведамы. Пасьля доўгіх ліхалецьцяў Беларускага народу, пасьля доўгай яго сьпячкі, ідэі Скарыны ўваскрэсьлі да жыцьця нанова і жывуць сяньня сярод нас.
Астаткі друкарні Фр. Скарыны ў 1575 г. перайшлі да Мамонічаў у тэй жа Вільні, каторыя далей друкавалі беларускія кніжкі. і сяньняшняе друкаваньне беларускіх кніжак — далейшы этап магутнай ідэі Скарыны, ідэі служэньня Беларускаму народу.
IV. Ідэовасьць працы Фр. Скарыны.
[правіць]Фр. Скарына як беларускі патрыёт і чалавек усестаронна асьвечаны, гараваў горам свайго народу і цешыўся яго радасьцяй і шчасьцем. Ён заўсёды ясна бачыў усе недастаткі культурнага жыцця Беларускага народу, а бачыў іх яшчэ ясьней, калі раўнаваў сучаснае яму жыцьцё Беларусі з жыцьцём заходняй Эўропы.
Ідэовы аднак бок культурнай працы нашага вялікага Скарыны, з прычын палітычных той жа Ловмяньскі асьвятляе тэндэнцыйна і старонна. “Przypisywanie Skorynie patriotyzmu ruskiego — кажа ён — czy zamiłowania do ruskiego języka, opiera się na nieporozumieniu. Przecież Psałterz, który Skoryna przeznaczał do nauki czytania i dobrego “mówienia” został wydany w c słow. języku, również Malaja podorożnaja kniżica, której tytuł wskazuje, że miała służyć podróżnym, jako modlitewnik. Nie ruski wobec tego ale c słow. język popularyzował Skoryna! Dlaczego jednak tak często wspominał on o ruskim języku, dlaczego mówił, że jed nym z powodów wydania Віblіі po rusku było to, że się “w ruskim języku urodził”? Złożyły się na to dwie przyczyny.
Drukarnia Skoryny, jak przeważnie iiego rodzaju zakłady, jeżeli była w intencjach przedsiębiorców placówką kulturalną, to na dru gim albo na trzecim planie. Przedewszystkiem zaś była ona przed siębiorstwem dochodowem. Skoryna poza działalnością wydawniczą niczem się nie zaznaczył na polu życia umysłowego, nie mamy powodów do uważania go za świadomego szermierza oświaty na ziemiach ruskich, wstępy i zamknięcia do wydawnictw nie zawier ani śladu myśii oryginalnej, są naracją a częściej plogjatem z pism średniowiecznych autorpw chrześcijańskich. Mie z pobudek cywilizacyjnych założył , on drukarnię, lecz dla zdobycia majątku, chociaż miał zupełne prawo pochlebiać sobie, że się trudzi dla “dobra pospoiitego”. Również nie dla idealnych, iecz dla materjalnych względów finansowa! nakład praski mieszczanin wileński Bohdan Onkowicz. Trzeba też przyznać, że przedsiębiorstwo byio zakrojone na szeroka skalę, skoro po tranzlokacji do Wilna założono tam nawet papiernię. Warunkiem powodzenia wydawnictwa było uprzystępnienie go dla ludzi pospolitych, jak się sam wyraża Skoryna. Usiłował on dopiąć celu., wprowadzając ruskie zwroty, tłumacząc wyrazy ciemne i niezrozumiale, poprzedzając księgi wstępami, mającemi zainteresować i zachęcić do lektury czytelnika, hiie dość na tem, zdobywa się on na sui generis reklamę i nazywa swe wydawnictwa “ruskiemi”, chociaż tylko nieprzyjaznym warunkom zawdzięczać należy, że były one ruskiemi faktycznie nie z imienia. Tę “ruskość” przeznaczoną dla społeczeństwa, nie znającego języka csłow., podkreśla dobitniej, niż wypada, sądząc, że zdobędzie tą drogą czytelników, zachęconych popularnością wykładu Mieliśmy już dosyć dowodów, że sam on dbał bardzo mało o ruski charakter swych wydawnictw. Z drugiej strony, będąc katol.kiem, uważał za stosowne wskazać na powody wydania Pisma św. „w ruskim języku , co mogło grozić przykretni konsekwencjami, jeśli nie w Pradze, to po powrocie do kraju, z którym stosunków nie zerwał. Tłumaczy więc. że jest rusinem, że język ruski jest jego rodowitym, że chęć zaznajomienia swej braci—Rusi z Pismem św. skłania go do podjęcia wydawnictwa w jej języku” (Ateneum... 175—176.).
Вось на якіх падставах Ловмяньскі адмаўляе нашаму Скарыне ідэовасьці. Адмаўляе ён яе на падставе чыстых суб'ектыўных вымыслаў, якія яўна стаяць у супярэчнасьці з фактамі вялікай культуровай працы Скарыны, у супярэчнасьці з славамі самога Скарыны і ўрэшце ў супярэчнасьці з самім сабою. Тое ўсё, што Ловмяньскі вышэй сказаў проціў ідэовасьці і патрыотызму Скарыны, фактычна больш прамаўляе за, як проціу. Гэнае ягонае “проціў” ярка тэндэнцыйнае і беспадстаўнае. Калі б Скарына зрабіў тое, што ён зрабіу, для польскай культуры, дык быў бы дужа ідэовы і патрыот, а затым, што ён гэта рабіў для беларускай культуры, дык ён гандлёвы дзялец і толькі.
Разважаючы так, як Ловмяньскі аб Скарыне, можна было б ня ўбачыць ідэовай, высока патрыстычнэй старыны ані ў слаўных літоўскіх нашэльнікаў кніг (“knygnesai”), што друкавалі літоўскія кніжкі ў Літве Прускай і разносілі іх па ўсей Літве іншай, ані так жа ў ва ўсіх тых нашых сучасных і мінулых выдавецтвах, якія нясьлі і нясуць асьвету, беларускую нацыянальную сьведамасьць і беларускі патрыотызм. Сказаць, што гэта ўсё было роблена даўней і робіцца цяпер для матар'яльнэга зыску, было б яўнай недарэчнасьцяй.
V. Мова Скарынаўскіх друкаў.
[правіць]У якой меры можна лічыць мову Скарыны беларускай, шмат дае сьвятла Яззп Воўк Левановіч (Воўк Левановіч Мова выданняў Фр. Скарыны (400 лецце...)). Вось ягоныя думкі. „Школьная асьвета ў Скарынаўскую эпоху насіла чыста царкоўны характар: ў школах Беларусі і Украіны вучылі мовы не беларускай і не ўкраінскай, але царкоўна славянскай. Для гэтай мэты ўжывалі пераважна Псалтыр і іншыя біблейныя і агулам набожныя кніжкі.У выніку гэтага царкоўна славянская вымова і словы як у гутарцы людзей, так і ў пісьме мяшаліся з жывой народнай мовай. Але і жывая мова ў людзей граматы, у людзей адукаваных так жа рожнілася ад мовы народу, ад мовы масаў, як гэта бывае і цяпер. Жывая мова людзей адукаваных мусіла быць перасыпына славамі царкоўна славянскімі, якія ў народзе былі мала ведамы, або і сусім няведамы. У гэткай жывой беларускай ці ўкраінскай мове, у мове людзей граматы, і пісаліся розныя грамадзкія акты і граматы.
Сусім не такая мова кніг тае ж самае эпохі, але царкоўна рэлігійнага зьместу. Гэтыя кнігі напісаны або сусім у чыста царкоўна славянскай мове, або ў царк. слав. мове з большай ці меньшай дыялектычнай ахварбоўкай беларускай ці ўкраінскай у залежнасьці ад месца напісаньня.
Такая самая мова і ў выданьнях Фр. Скарыны; як паказвае аналіз гэта ў большасьці царкоўна славянаская мова з моцнымі элементамі жывой беларускай мовы і з сьлядамі літаратурнага ўплыву чэшскай і польскай мовы (Воўк Левановіч Мова выданняў Фр. Скарыны (400 лецце...)бач. 263.).
Далей чытаем у Воўк Леваковіча: „Маючы на ўвазе даць праваслаўнай беларускай царкве і народу мала вядомыя ім кнігі сьв. пісаньня ў богаслужбовай мове, Скарына блізка цалкам пакінуў нязьменнымі тэксты Апостала 1525 г. і Псалтыру 1517 г.. бо меў іх пад рукою ў царкоўна славянскай мове, а адрыўкі з старазаконных кніг з царк. слав. парэмейніка (выпісы, Ад. Ст.) толькі паправіў з чэскім тэкстам Бібліі 1506 г., г. знач., пераклаў з чэскай мовы толькі тое, чаго ня меў пад рукамі ў царк. слав. мове... (Воўк Левановіч Мова выданняў Фр. Скарыны (400 лецце...) бач. 267.).
“Выложил” — кажа Скарына. Нам здаецца, што ён хутчэй, па сутнасьці справы, меў мэтай не пераклад цалкам, а толькі пераклад няясных і незразумелых слоў і выразаў царк. славянскіх і грэцкіх...
“Повелел есми Псалтырю тиснути рускими словами а словенским языком”. Сэнс гэтых слоў мы можам, у вагульным, пашырыць і на ўсе выданьні Скарыны...
“Гэтак мы можам быць пракананымі, што Скарына, выдаючы свае кнігі „людзям посполитым к доброму научению”, клапаціўся толькі аб тым, каб, не зьмяняючы царкоўна славянскай асновы тае мовы, якая была пашырана ў рэлігійным ужытку праваслаўных беларусаў, даць рэдакцыю багаслужэбных і рэлігійных кніг, зразумелую для сваіх чытачоў” (Воўк Левановіч Мова выданняў Фр. Скарыны (400 лецце...), бач. 268..).
З гэтага якраз і вынікае той беларускі патрыотызм і тая ідэовасьць Скарыны, аб якой гаварылі мы ў папярэднім разьдзеле, а якой пярэча Ловмяньскі.
Урэшце, кончыўшы свой агляд мовы Скарыны, Воўк Левановіч так кажа: „Такім чынам, пазнаёміўшыся з асаблівасьцямі фонэтыкі і морфолёгіі Скарынавай мовы (што я для нястачы месца прапускаю, Ад. Ст.), мы бачым, што царкоўна славянская аснова яе пад напорам жывога моўнага мышленьня — можа самога Скарыны, як рэдактара, а можа й друкароў — прарываецца і паказвае нам такія гукі і формы, якія мы чуем у беларускай мове ў нашы дні...
“Жывая беларуская мова эпохі Скарыны ў большасьці сваіх характэрных рыс — фонэтычных, морфолегіі і слоўніка — была такою, якою мы яе ведаем цяпер” (Воўк Левановіч Мова выданняў Фр. Скарыны (400 лецце...) боч. 282, 283.)).
VI. Значэньне працы Фр. Скарыны.
[правіць]Значэньне Фр. Скарыны для беларускага няроду вялізарнае. Скарына — прадвесьнік беларускага сучаснага адраджэньня. Праўда, па ўздойме падышоў заняпад і толькі аж у XIX ст. узноў аджыла беларуская нацыянальная думка. Але тут былі прычыны палітычнага вонкавага характару.
„Здаецца, што цяпер ужо ня прыходзіцца даводзіць таго вядомага факту, што галоўная роля ў адмоўным уплыве на асьвету і мову Беларусі належыць тым гістарычным падзеям, што зьявіліся вынікам унутраных палітычных і нацыянальна-рэлігійных узаемаадносін на соцыяльна экономічным грунце ў Літоўска Беларускай дзяржаве; гэныя падзеі прывялі да таго, што Літоўска Беларуская дзяржава страціла спачатку сваю сувэрэннасьць, а пасьля і культурна-нацыянальную самастойнасьць, падпарадкаваўшыся й палітычна й культурна Польшчы. Ня будзь гэтых палітычных падзей, не падлягае ніякаму сумненню, што афіцыяльная і кніжная беларуская мова дачакалася б сваіх рэформаў, якія завяршылі б справу, пачатую Скарынай, — справу збліжэньня кніжнай мовы з жывою беларускай моваю. Толькі палітычныя падзеі былі прычынай таго трагічнага здарэньня, што беларуская літаратурная мова, замест таго, каб рэфармавацца на здаровых асновах minimum 200 год таму назад, стала на гэты шлях толькі ў нашыя дні (Яз. Воук Левановіч Мова выданняў Фр. Скарыны (400 лецце...) бач. 282, 283, )
Сапраўды меў Скарына пачуцьцё нацыянальнае. “У сярэдніх вякох панавала адзіная космополітычная культура; гуманістыя выяўляюць вялікую цікавасьць да нацыянальных адзнак. Ужо Дантэ, які стаіць на рубяжы сярэднявечча і рэнэсансу, у сваім трактаце “de volgari eloquio” даводзіць, што жывая італьянская мова вышэй за мёртвую лацінскую. Па яго сьлядох ідуць Пэтрарка, Боккачыо і іншыя; не пакідаючы мовы лацінскай, яны шырока карыстаюцца жывой народнай гутаркай. Падобна ім Францішак Скарына ў сваім перакладзе сынтэзуе элемэнты мёртвае царкоўна славянскае мовы і жывое беларускае гутаркі. У нашага дзеяча мы знаходзім выразы нацыянальнае сьвядомасьці” ( М. Піотуховіч — Фр. Скарына (400 лецьце, 178—179).).
I так, Скарына — гэта прадвесьнік беларускага сучаснага адраджэньня, гэта лучнік беларускай мінуўшчыны з сучасным беларускім нацыянальным жыцьцём.
Словам, Фр. Скарына, як вялікі культурнік, даў Беларускаму народу ўсё, што мог, а мог дужа многа, бо паклаў асновы зрубы пад народны беларускі дом, будаваньне якога сяньня Беларускі народ, паводле ўзораў свайго вялікага сына, і вядзець далей.