Перайсці да зместу

Доктар Францыск Скарына

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Доктар Францыск Скарына (6 жніўня 1517 г.— 6 жніўня 1917 г.)
Артыкул
Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі
1917
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Люди где зродилися и ускормлены суць па
бозе, к тому месту вяликую ласку имают.
Скарына

У канцы пятнаццатага веку (прыкладам каля 1490 г.) у Полацку, «слаўным градзе Полацку», у заможных купцоў полацкіх Скарын, у шчаслівую дзеля Беларусі часіну, нарадзіўся сын, што, даросшы, праславіўся далека пазамежжу Русі-Літвы.

Гісторыя не захавала аб ім напэўных вестак, калі нарадзіўся, калі памёр, як зваліся яго бацькі, як здолеў дастаць вялікай асветы, і — што найглаўней і найцікавей — гісторыя не захавала, а вучоныя людзі дагэтуль не дайшлі, якой вераю верыў ён — праваслаўнай ці каталіцкай?

Уважаючы на тое, што ў тыя часы каталіцтва на Беларусі было зусім мала пашырана, асабліва ж сярод людзей сярэдняга, тарговага стану, а таксама і на тое, што святыя кнігі ён выкладаў дзеля лепшага разумення народа паспалітага Русі-Літвы, а народ гэты быў праваслаўны, і што выкладаў кнігі моваю таго ж народа без аніякага кірунку да чаго польска-каталіцкага, то выходзе прызнаць, што і сам ён быў праваслаўны.

Уважаючы ж на яго ўласныя словы аб сабе: Скарынін сын Францыска (імя каталіцкае), троба прызнаць яго за каталіка.

Праўда, на акту ўжо шаснаццатага веку завецца ён яшчэ і Георгій Скарына, але наогул-то гісторыя гаворыць аб ім як аб Францішку.

Пытанне аб двайных імёнах у нашым вялікім княстве да уніі ніхто не растлумачыў, а тым часам знаемо, што вядомы князь Астрожскі Константы ў прадмове да Астрожскай Бібліі пішацца «ў крэшчэнню Васілій», і яшчэ знаемо, што князь Богуш быў па актах «во святом крешчению Евфімій».

Дык во, тым цікавей і глаўней, што ў гісторыі нашай, якая поўна вострага, часам дужа шкоднага краю, змагання вер — праваслаўнай, каталіцкай, уніяцкай, арыянскай, лютэрскай, кальвінскай — у гэтай гісторыі ёсціка вялікі чалавек, вялікі магутны дух і так вышэйшы за рознае раз'юшанае чалавечае важджэнне аб драбязе, — што запісаў у гісторыю не аб тым, як дзеля тытулаў і прывілеяў перадаўся ў пануючую веру; не аб тым, як, баронячы самабытнасць роднага краю, усё жыццё вадзіўся з «ворагамі», сваімі ж братамі, што зводзілі на нет Бацькаўшчыну; але запісаў у гісторыю аб тым, як светлы і чысты, вышэйшы ад спрэчак аб правай веры і звадак, усё жыццё, аднак, працаваў на карысць роднага люду, тварыў яго культуру, здабываў яму шчасце і славу.

Пачаткаў граматы Францыск навучыўся, мусі быць, пад бацькавай страхою ў Полацку як сын багатыроў, але як ён патрапіў у Кракаўскі універсітэт (можа, давучыўся ў Вільні?), то нет ведама.

З Вільняю ў Скарын было шмат зносін на розных справах.

Родны дзядзька Францыска Іван Скарыніч, гандлюючы ў Рызе, назычыў там у віленскага мешчаніна, нейкага Caкалоўскага, 22 капы грошы (гэта нямала) і памёр, не аддаўшы доўгу.

Наследаваў гэтаму дзядзьку разам з другімі і Францыск і, відаць, меў праз тое многа непрыемнасці.

Потым ведама, што сын таго Івана, Раман, «служыў у немцох», лічыўся мешчанінам Вільні, хоць меў зямлю ці дом і ў Полацку.

Мабыць, з-за такіх спраў патрапіў у Вільшо і хлапец Францыск.

Сваімі выдатнымі здольнасцямі, добрым гадаванпем, выхаваннем і людскасцю звярнуў на сябе ўвагу віленскіх магнатаў, а яны і паслалі яго ў Кракаў да універсітэта, каб мець потым у родным месце і княстве вучонага мужа.

Пачаў там вучыцца Скарына хіба з 1504— [150] 5 года, маючы, гэта значэ, не менш 14—15 гадоў ад роду.

A вучылі там хлапцоў такіх навук: граматыкі, логікі, рыторыкі, фізікі з арыфметыкай і геаметрыяй, музыкі, звездачоту, куды ўходзіла астраномія, навука выкладаць календары і вылічаць гараскопы (жыццёвую долю).

У ліку бакалаўраў філалагічнага факультэта Кракаўскага універсітэта 1506 г. успамінаецца Fran. de Poloczko, Lipthinaus, a раней у спіску студэнтаў 1504 г. ёсць там сходнае імя. Кажам, сходнае, бо некалі быў звычай замест фаміліі пісаць, з якога месца; дык жа сам Скарына любіў дадаваць да свайго імені, што ён з Полацка, слаўнага граду Полацка, у лекарскіх навуках доктар.

Агульны напрамак асветы універсітэцкай таго часу ў Кракаве быў чыста тэалагічны . Глаўней за ўсё лічылі спасенне душы, пасля ўжо сцаленне цела. Дык во, хто вучыўся ў тыя часы за доктара, таго прафесары настаўлялі, каб, явіўшыся да хворага, доктар першым дзелам казаў бы яму аб пакуце, аб грахах, аб пекле і раі і т. д., а потым, адратаваўшы душу, лячыў бы цела.

3 гэтага можна бачыць, які там уплыў рабіўся на маладога, таленавітага, а «ўскормленнаго суть по бозе», Скарыну.

Хоць і не дайшло да нас, як і дзе, а тым часам завяршыў ён сваю вышэйшую асвету, дастаў пачэснае, важнае званне: у навуках вызваленых і ў лекарскіх доктар, вучоны муж, і апынуўся аж у чэшскай сталіцы Празе.

I тутака яму, поўнаму маладых выдатных сіл, пры гэткай асвеце, узгадаванаму ў шчырай любасці да людзей, з беларускай, пранікнутай духоўнасцю душою, жадалася з усёй сілы працаваць у навуцы на карысць людскую.

I няўжо ж на далёкай чужыне не летуцеў ён, не думаў ён аб родным Полацку з яго равамі, валамі, вежамі, брамамі і вулкамі, кірмашовым гулам на рынку людской таўпы з роднаю крывіцкаю гаворкай, вячэрнім магутна-гучным спевам звонаў і спрадвечным плёскам глыбокай, шырокай Дзвіны з гандлёвымі лайбамі; няўжо не летуцеў ён аб бязмерных родных абшарах і дрымучых путчах з валатоўкамі, гарадзішчамі, камянямі прырэчнымі, прыдарожнымі — памяткай старадаўшчыны, дзе тама ды тута жыў родны народ роднага свайго княства, народ лагодны, прыемны, але яшчэ цёмны, што не меў нават па чым вучыцца, па чым маліцца?

З якой радасцю і ён сам, Скарына, памаліўся б тут, на чужыне, дзе не пачуеш слова роднага, па кнізе, у роднай мове выкладзенай!

I была б такая кніга і ў Полацку ў радні, і ў Вільні ў прыхільнікаў, і па ўсіх кутках Русі-Літвы, і з тарговым чалавекам у Рызе, ці Польшчы, ці далёка ў Прусах.

Як у той дзяўчыны:

...тчэ, забыўшыся, рука,
Замест персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.
(«Вянок» М. Багдановіча)

Так у яго, узгадаванага чужымі вучонымі на чужым грунце, з'яўляецца чыста нацыянальная, свая родная культурная праца.

Глыбока запала яму думка паслужыць роднаму гасударству выкладаннем кніг. Перш-наперш кніг для набажэнства. Myci быць, той жа працы чакалі ад Скарыны і віленскія грашавітыя ды радавітыя людзі, што дбалі аб развіцці культуры на Русі-Літве і што памаглі некалі грашмі Скарыне.

Цяперака яны памаглі грашмі[1], яшчэ й матэрыяламі.

Праз гэтых мецэнатаў дастаў Скарына царкоўнаславянскія тэксты Евангелля, Апостала, Пяцікніжжа Майсея, Псалтыр, кніг Прарокаў, Цароў, Суддзяў, Іова, Прытчаў, Еклезіаста.

Знаёмствы калішнія з Вільняю тута яму дужа памаглі.

1 во, дзеля таго, што не только сами сабе народихомс я на свет, но более ко службе Божыей и посполитаго добраго, — як піша сам Скарына, — і таксама наболей с тое причины, иже мя Милостивы Бог с таго языка на свет пустив, доктар Францыск Скарына падняўся проти тое, каб на карысць свайму прырожоному языку к науце усяго добраго і к лепшаму разуменню ўсякім чалавекам слова божага, — падняўся выкладаць святыя кнігі ў роднай мове і друкаваць іх.

Аз... нарожаны у руском языку, — гаворыць ён у прадмове да кнігі Данііла,— своей братіи Pyси…

Шмат жа было працы: апроч чыста навучнага труду выкладання кніг з розных матэрыялаў, - трэба было рабіць карэктуру (правіць друкаваныя чарнавікі) і пільнаваць за работай друкаршчыкаў, што былі хіба не з беларусаў, а з якіх пражскіх славянаў ці нат немцаў і часта перакручвалі напісанае доктарам.

Дабрахотна ўзваліў ён на свае плечы гэты цяжар, абы толькі пашырыць асвету свайго гасударства.

Не па заказу рабіў, а на карысць Бацькаўшчыны.

I тутака яму, праўда, некалі было ўдавацца ў крытыку матэрыялаў, поркацца па жыдоўскіх, грэцкіх, лацінскіх кнігах, дый не вынікала таго ціхамірная, шчыра хрысціянская душа беларуса, і во — здавальняючыся кнігамі царкоўнаславянскімі (тэкстамі), чэшскай Бібліяй 1506 года і каментарыямі Міколы Лірана — наш доктар, уважаючы на паспалітае разуменне, рабіў выкладанне; а яшчэ — дбаючы на добры чын роднай мовы, бо ведаў, што дзеткі на Русі-Літве вучыцца грамаце і мове будуць на яго кнігах (Псалтыры).

Детем малым — пачаток всякае добрае навукі, грамоты, — еже добре често (чытаць) и мовити вучыть (Скарына).

Так зрабілася вялікае дзела.

6 жніўня 1517 года выйшла ў свет Псалтыр беларуская, якой пачыналася выложеная працаю и вытисненая повеленьнем Скарыны першая беларуская друкаваная кніга Біблія (святыя кнігі).

Гэтак надрукаваў Скарына ў Празе:

у 1517 г.— 4 кнігі — 222 лісты,

1518 г.— 8 кніг — 348 лістоў,

1519 [г.] - 10 [кніг] - 524 [лісты].

У 1517 г., калі пачаў літаратурную і выдавецкую працу, меў ён, значэ, не менш як гадоў 27. Такім, ці троху старэйшым, ён выглядае і на партрэце, дададзеным да кнігі.

У 1519 г. па няведамых прычынах спыняецца яго пражская дзеяльнасць, і ён пераязджае па жыццё ў Вільню.

Можа быць, жадалася жыць у Бацькаўшчыне, бо тужыў па ёй; можа, нажыў ворагаў сабе і сваёй думцы ці дзеля гэтай святой думкі ўлез у даўгі; можа, разважаў, што ў Вільні лягчэй будзе працаваць, маючы блізка і знаёмых багатыроў, і асвечаных спагадаючых людзей, і матэрыялы, а можа, хацеў залажыць друкарню не за кардонам, а іменна ў родным сваім гасударстве на карысць яго.

У прадмове да кнігі Юдыфі, становячы мужам отчыны ІОдыфь за прыклад, ёп гаворыць, каб яны

всякага тружанія и скарбов для посполитого добраго и для отчыны своея не лютовали.

Так, удому почцивого мужа Якуба Бабича, найстаршаго бурмистра славнаго и великаго места Виленского, залажыў Скарына друкарню, дзе праца яго развівалась далей.

У Вільні ён выдаў: Апостал і Малую падарожную кніжыцу.

Тады ў беларускіх гарадах жылі не жыды, як цяперацька, а нашскія беларускія мяшчане (жыхары места-горада), тарговыя людзі, купцы, якія, апроч унутранага гандлю, мелі вялікі і бойкі торг з суседнімі гасударствамі: Маскоўскім царствам, Польшчай, немцамі і інш., а едучы часам дужа далёка ў чужыну, вязлі з сабою падарожны антымінс, каб там адпраўляць набажэнствы і розныя трэбы. Але да часоў Скарыны яны не мелі друкаваных святых кніжак, нават малітвасловаў, а рукапісныя былі рэдкі, у царкоўнаславянскай мове, і даступны толькі хіба самым багатырам.

Доктар Скарына, уважаючы на тое, выдаў для мірскіх людзей Малую подорожную книжицу, куды змесціў:

1) Псалтыр зупольную;

2) Часословец;

3) акафісты;

4) каноны;

5) Шостодновец краткі, Святцы і Пасхалію на многія леты.

Але, кажуць, няма прарока на сваёй Бацькаўшчыне,— так людзі, што жылі побач са Скарынай, мабыць, мала лічыліся з яго працаю, і доктара ўсё больш захоплівала ўласнае жьщцё, будзёншчына, а потым пачаліся, відаць, розныя непрыемнасці ў яго жыцці — доля ўсіх вялікіх людзей асабліва.

З актаў і інш. ведама аб віленскім жыцці Скарыны, што паміж 1525—[15] 29 гг. ён ажаніўся на ўдаве Юрыя Адверніка, Маргарыце.

У 1529 г. ён мае цяжбу з жонкінай раднёй за дом, каторы і высудзіў сабе.

Валачоба судовая так яму апрыкрала, што ён жаліўся на суддзяў і непарадкі каралю.

A ў 1532 г. выйпіла нейкая (ужо позняя для справы) каралеўская грамата аб канфіскацыі маетнасці доктара Скарыны і выпаўненні ім розных старонніх абавязкаў.

У 1530 г. вялікі пажар спаліў Вільню.

У 1533 г. ахапіла яе маравое паветра.

У 1535 г. упамінаецца доктар Скарына ў судовай справе Івана Скарыны.

Дык во, розныя непрыемнасці, жыццёвыя незадачы, дробязь спынілі культурную працу і, мабыць, даканалі вялікага працаўніка ці прымусілі яго некуды выехаць у чужыя краі.

Бо ў 1535 г. было яму, прыкладам, не менш, праўда, за 45 гадоў, але што то за старасць?

Не дайшлі да нас яго рукапісы.

Што датычэ кніг яго з боку тыпаграфскае навукі, то яны стаяць вышэй за рапейшых славянскіх (чэшскіх) і сучасных ім венецыянскіх, лепей за нямецкія.

Яны маюць і гравюры, цікавыя літары рознай велічыні з рознымі ўкрасамі, хітрымі завітушкамі, застаўкі вялікія (з людзьмі) і малыя; вельмі прыгожа і па-мастацку зробленыя. У тым відаць талент Скарыны.

Мова яго кніг тагачасная беларуская.

Аднак ён іншыя царкоўнаславянскія словы ў малітвенных зваротах і спецыяльных набажэнскіх назвах у сваіх кнігах захаваў, бо ці лічыў іх для ўсіх зразумелымі, ці праз набожнасць.

Можна заўважыць на мове яго ўплывы моў: чэшскай, польскай і літоўскай, ёсць нат нямецкія словы (майстар, тахта), але ўсё да меры.

Ёсць у яго кнігах словы, якія цяперацька захаваліся толькі ў самых глухіх кутках Беларусі: вонках (на дварэ, ізўне), жужэлка (яшчарка), зараніца, волот (багатыр), дяўкоўна, братанічна (пляменніца), дружына (таварышы) i інш.

Ёсць такія, што праз чатыры вякі ані каліўца не змяніліся: борзды, бараніць, вінаваціць, вір, граблі, жыто, забрэхаць, вішчэць, заручыць, лемеш, карагод, пражыцца па скаўрадзе, пуга, скрыня, торг, не цяміць, узгорак , віхор і інш.

Астаецца дадаць, што кнігі доктара Францыска Скарыны былі ведамы далёка за межамі Руска-Літоўскага гасударства і на іх вучыліся выкладаць і друкаваць у заходне-паўдзённай Русі, Германіі, Цюбінгене.

Шчэ ў 1914 г. рыхтавалася беларускае грамадзянства святкаваць 400-лецце беларускага друку.

Дзеяч беларускі, аўтар «Гісторыі Беларусі» Власт, шчэ тады пачаў закладаць беларускае таварыства імені Скарыны, маючы на ўвазе культурную працу, работу па гісторыі, адкрыццё гістарычных музеяў і бібліятэк беларускіх, выданне тоўстага зборніка, дапасаванага да часу, і ўжо запрасіў шмат таварышаў.

Узнялася вайна, раскідала ўва ўсе бакі нашыя грамадзянскія сілы. Власта нямецкая хваля захапіла ў Вільні, і цяпер немаведама, ці робіцца тама што-якое дзеля ўспаміну нашага вялікага доктара, ці нарыхтаваліся там як мае быць да гэтага нацыянальнага свята, як было тое на думцы ў Власта?

На гэты бок акопаў нешта не чуць таго і свята. 400-лецце друку нашага пройдзе ціхенька адзначаным у нас і забытым у палякаў і маскоўцаў.

Найбольш баляць нам моўчкі беларусаў-русіфікатараў, тых людзей, што выракаюцца аўтаноміі Беларусі, выракаюцца кірунку беларускага, на з'ездах «змагаюцца» з беларусамі-адраджэнцамі, а самі, без маскоўцаў, не даўмяцца хоць крыху чым успамянуць гістарычнага чалавека свайго роднага краю, што пісаў «па-руску для браціі Pyсі», не даўмяцца хоць «рускіе» кнігі і акты па гісторыі нашай сабраць да Беларускай гістарычнай бібліятэкі імені Скарыны, не даўмяцца сабраць хоць «рускіе» грошы на памятнік у Полацку хоць з «рускім» надпісам вялікаму Русічу, шчыраму Сыну Белай Русі.

I праз гэтакую нядбаласць і звадкі, праз праклятую здраду еднасці беларускай праходзе наша нацыянальнае свята, як хаўтуры...

  1. На пражскіх выданнях Скарыны прыпіска: а то ся стало накладом Богдана Онькова с-на (сына) радці (суддзі) места Віленьского.