Перайсці да зместу

Добры дзень, мая красуня

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Добры дзень, мая красуня
Аўтар: Змітрок Астапенка
студзень 1930 г.
Крыніца: http://vershy.ru/content/dobry-dzen-maya-krasun

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Добры дзень, мая красуня,
Беларуская зіма!..
Ля дарог бялеюць пуні
І стаяць кляны тарчма.

На абветраным прасторы
Снег праносіцца ў імглу…
І шапоча, і гаворыць,
І нямее на шляху.

І пад ветру гучны посвіст
Над сумётамі лагчын
Пяць дарог сышліся ў ростань
І пабеглі ўдалячынь.

З аднаколерным абліччам,
З гібкім выкрутам змяі
Пабрысці з сабою клічуць
У нязнаныя краі.

Палі белыя палотны
На далёкія шляхі.
Адзінота. Адзінота…
І наўсцяж снягі, снягі…

Мару, думаю і шчыльна
Прытуляюся да стрэх.
У палёх нібы дзяўчына
Рассыпае ціхі смех.

Паглядае з-за сумётаў
Ля маўклівага сяла
Казка-сон, што незваротна
Адышла і адцвіла.

Мары, мары і лятункі!..
Гэта бродзіць-грае кроў…
Палкасць слоў і пацалункаў
Не вароціцца ізноў.

На аснежаным прасторы
Ветры коцяцца ў імглу…
Снег ляціць, і не гаворыць,
І нямее на шляху.

Свежым сенам пахнуць пуні.
Мары, мары… ўсё хлусня!
Добры дзень, мая красуня,
Беларуская зіма!..

студзень 1930 г.