Перайсці да зместу

Для Цябе, мой народ!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Для Цябе, мой народ!
Артыкул
Аўтар: Міхась Ганько
ліпень 1943 году
Крыніца: Жыве Беларусь! (Менск), 1943, № 1, ліпень, б. 9
Артыкул быў падпісаны псэўданімам “В. Аганёк”

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЛЯ ЦЯБЕ, МОИ НАРОД!
(В. Аганёк)

Браты мае, арлы-сокалы!

Нас кліча магутны голас Крывічанскага народу.

Нас кліча слаўная мінуўшчына нашае Бацькаўшчыны.

Нас кліча нашая вольная і шчасьлівая будучыня.

Чуеце Вы гэты кліч нашага народу, голас нашае крыві?

Ён кажа нам: «Я — твой народ, ты з мяне нарадзіўся і жывеш тым, што ад мяне пазычыў. Што-ж ты мне за гэты дар дасі?»

Мы адкажам усе, як адзін:

Народзе мой беларускі! Для Цябе я жыву, для Цябе працую і за Цябе змагаюся, бо Ты мне даражэй за ўсё, што я знаю на сьвеце. Я магу жыць толькі ў вялікай сям’і свайго народу і без яго я гіну, як рыба, выкінутая на бераг рэчкі. Я адзін — нічога, але мой народ — усё. Я сьмяротны, але мой народ павінен жыць вечна. Маё жыцьцё кароткае, але мой народ жывець і павінен жыць тысячагодзьдзі. Тая кроў, што плыве сяньня ў маіх жылах, цякла калісьці ў жылах маіх прадзедаў, натхняючы іх на вялікія чыны, і будзе некалі цячы ў жылах маіх праўнукаў, якім я перадам у спадчыне слаўны сьцяг працы і змаганьня за мой народ і край. Я зьяўляюся аднэй маленькаю кропляю ў вялікім няспынным патоку крывіцкіх пакаленьняў і ня дам перарвацца ягонаму імкліваму руху наперад.

Народзе мой! Я быў-бы няшчаснай, годнай жалю і пагарды істотай, калі-б ня меў за мэту майго жыцьця Тваё жыцьцё, Тваю славу і гонар. Я жыву дзеля таго, каб кажны свой дзень і кажную гадзіну ахвяраваць для Цябе, каб кажны мой крок і кажны мой чын прыносіў Табе ня ганьбу і сорам, а гонар і славу.

Беларусь, мая Бацькаўшчына! Люблю я Цябе каханьнем палкім і моцным, як ніхто не кахае свае роднае маці. Калі-б я мог радзіцца і паміраць паводля свайго жаданьня, дык я не хацеў-бы нічога больш, як толькі, каб магчы сем разоў памерці за Тваё вызваленьне і восьмы раз нарадзіцца ізноў беларусам, каб дапамагаць у адбудове Тваіх вызваленых прастораў.

Бяры-ж мяне на сваю службу, Бацькаўшчына, загадвай мне, мой народзе! Для Цябе я аддамся ўвесь. Табе ахвярую ўсё маё маладое сэрца, для Цябе я напружу мае сталёвыя грудзі. Сокалам узьляту ўвысь ходацца з цёмнымі хмарамі, разганяць іх магутнымі крыламі майго духу і кідаць на Твае зялёныя нівы-загоны залатыя касьнікі зыркага сонца праўды. Волатам выйду я разварочваць высокія скалы-каменьне, каб не загароджвалі яны Табе дарогі ў вольны прастор, да шчасьця і волі. Ільвом буду бараніць Цябе ад лютых і прагавітых ворагаў і перш сам лягу трупам, чымся дам ягонай назе зганьбіць Твае сьвятыя парогі. Буду сьвечкай гарэць праз усё сваё жыцьцё на аўтары сьвятое службы Твае.

Для Цябе, мой народ!