Перайсці да зместу

Дзіва (1927)/III/Ліпнёвы кругабег

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пацеркі лета Ліпнёвы кругабег
Верш
Аўтар: Нічыпар Чарнушэвіч
1927 год
Раніцою

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛІПНЁВЫ КРУГАБЕГ

1

У сівай сьвітцы сьвітаньне
Адмыкае дню вароты.
Падол заскарузлага ўбраньня
Ноч наўцёк за сабою валочыць.
Кудрыцца золак палойкамі
Ў смужна-зарлівай сіні…
Вецер абуджаны ловіць
Пужлівы шопат асіны.
Патухае ліхтар зарніцы
Пад фабрычнай сірэны кашаль.
Скора і сонца агністае
Рогі свае пакажа, —
Пацалуе тварам заспаным
Пасьля ночы росныя стрэхі
І да лесу ўздагон забуяніць
За фабрычна-гучліваю рэхай.
Над дарогай ўзьнята курыва
Ад вазоў у мурог разадзетых…
Што вясна рассыпала куфлем,
То вазамі паверне лета.

2

Канец працы, гучыць гудок,
Заціхае шумлівы лес…
Вартаўнічым у сонны садок
Вечар пад плот залез.
Засьлязіла газоўка ў вакно,
На сьцяне палажыла цень,
Конь чакае начлегу даўно,
Абварочвае шаткі пляцень.
Захад зор зажаў пракос,
А сам у вагні сканаў…
Русыя месяца косы
Запляліся у грыве каня.
Разьліліся ў садку малаком,
Срэбнай мглою ляглі на дварэ
І сатканым ды з мар канчуком
Кажаноў выганяюць з-пад стрэх

3

Ночка цэдзіць сьлязіначкі-росы,
Хвалі ў рэчцы спыняюць бег…
Пад заснуўшай да ранку бярозкай
Ў гэты час я чакаю цябе.
Ты — дзяціна палёў сінявокіх,
Я-ж — варстату рухавага сын.
Страхі ночы, што шэпчуць навокала,
Ня спужаюць сваім нас зыкам.
Цэлы дзень нас праца лашчыла,
Нашы рукі кусаў мазоль…
Хай-жа вечар навее нам шчасьце,
Збае казку стагодніх лясоў.
Запаліўшыся прагным каханьнем,
Ты забудзеш дарогу дамоў…
Пакуль ўсход зарумяніцца раньнем,
Падарунак жыцьцю мы дамо.

3-XI-24 г.