Перайсці да зместу

Дзённік (Чорны)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзённік
Мемуары
Аўтар: Кузьма Чорны
1944
Крыніца: https://knihi.com/Kuzma_Corny/Dzionnik_zbor6.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




2-га ліпеня 1944 г.

[правіць]

Можа, заўтра, а можа, паслязаўтра наша армія забярэ Менск. Падыходзіць канец нашым пакутам. Дзякаваць богу, і хвароба мая пакрысе пакідае мяне. Ад часу, калі я захварэў, прайшло ўжо год і сем месяцаў. Не было яшчэ такога, каб мая паправа спынілася. Увесь час павольна сочыцца ачуньванне. На гэта я спадзяюся на далейшае і гэта трымае маю душу ў жывой раўнавазе. Ужо і цяпер як мае быць, лёгка і многа, як і да хваробы, працую. Якое гэта шчасце! І як я бываю няўдзячан лёсу, калі часамі мяне апаноўвае смутак! Гэтымі днямі я заўважыў, што ўжо добра бачу ліст паперы ўвесь так, каб пісаць на ім роўным радком, які б шырокі ліст паперы ні быў. А яшчэ шэсць месяцаў таму, калі пачынаў перапісваць «Пошукі будучыні», мне была пакута выпісаць роўна загаловак і першы радок. Я цыркулем мераў раўналежнасць радка ад берага паперы. Учора паслаў у Цімкавічы паштоўку, хоць там, можа, яшчэ і немцы. Але пакуль паштоўка туды падпаўзе, то напэўна ўжо берлінскага гадаўя там не будзе. Сёння быў дождж. На двары мокра. Я пішу, бачу з вакна мокры дах, і ў душы маёй ціхая радасць, вялікая: як добра я ўжо бачу! Сем гадзін. Перад вечарам. Дома са мной толькі адна Іра, любая мая ўцеха! Заўтра да паўдня трэба напісаць артыкул для «Известий». Цяжка мне пісаць па-руску, а ў іх няма перакладчыка з беларускай мовы... Трэба яшчэ думаць, як бы павячэраць. Ад дрэннай яды (і тае вельмі мала) я апошнім часам аслабеў.

4-га ліпеня 1944 г.

[правіць]

Учора нашы забралі Менск. Нямецкая навалач прэ з Беларусі на ўсе застаўкі. З гэтае прычыны ўчора ўвечары сабраліся: я, Цімох Крысько, Алеся Александровіч. Больш нікога няма, усе нашы ў Гомелі. Я выпіў добрую шклянку віна, гэта ўпершыню пасля хваробы. І нічога. Дзякуй богу, я здаравею. Учора ўночы паведамілі ў зводцы, што ўзялі Цімкавічы, Вялікую Раёўку, Жавалкі... Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае. Пішучы пра Скіп’ёўскае Пераброддзе, я думаю пра Скіп’ёва каля Цімкавіч, паміж лясамі Скіп’ёўшчынай і Ліхадзёўшчынай, мілае малое Селішча, хараством якога заўсёды захаплялася мая маці нябожчыца.

5 ліпеня 1944 г.

[правіць]

Яшчэ няма шасці гадзін. Толькі што званілі з радыё. Ледзьве адпрасіўся, каб не пісаць сёння, а няхай ужо хоць заўтра пра заняцце нашымі Баранавічаў. Жаночы голас быў упарты і непадатлівы. Значыцца, Баранавічы, відаць, ужо забраны. Раз перадача для заграніцы, то трэба напісаць аб беларускай нацыянальнай трагедыі, рэшткі старых нямецкіх акопаў, былой польскай граніцы.

Учора заходзіў Гутараў пытацца, што ім рабіць: яны пішуць нейкі дослед аб Я. Купалу, а «Кліч да беларускага народа» і выступленне на першым беларускім радыёмітынгу з Казані зімой 1941 г. пісаў Купалу я. Баўдзей так проста і ставіць справу, а іншыя не ведаюць, што зрабіць: мне ці Купалу аддаць гэтыя тэксты. Мне і самому ўсё гэта нядобра, але тады не напісаць гэтага я не мог.

8 ліпеня 1944 г.

[правіць]

Вострае ўзбуджэнне з прычыны вызвалення Менску ападае. Я ўжо спакайней працую. За ўчора і сёння давёў да канца другі раздзел «Скіп’ёўскага лесу». Мучуся ад паняверкі, што батальныя сцэны мае не што іншае, як глупства. Хоць бы хутчэй ужо дапасці да таго, калі можна будзе на ўсе бокі паказваць душу Канстанціна Прыбыткоўскага. Думаў многа пра тое, што трэба вырысоўваць разнастайныя тыпы нашага народа. Буду кіравацца сам сваімі думкамі, якія сфармуліраваў у сваіх артыкулах — перадавых у № 1 часопісу «Беларусь» «Дзень добры, Беларуская зямля» і № 3 «За шчасце народа». Учора ўвечары быў нешта ў трывозе і неспакоі.

9 ліпеня 1944 г.

[правіць]

Зранку ездзіў з Цімахом у Ізмайлаўскі парк. Тры гадзіны мы адседзелі на пнёх. Я расказваў што-нішто з гісторыі мястэчка Цімкавіч і характар і паходжанне цімкаўцоў і іх прозвішчаў. З сямі да дзевяці падвечар пісаў «Скіп’ёўскі лес». Думаю аб драме. Чытаў Л. Ляонава ў «Правде» «Взятие Великошумска», і паняверка мая, што «Скіп’ёўскі лес» пішацца вельмі дрэнна, зменшылася.

Думаю аб той горкай праўдзе, што ніколі не меў магчымасці пісаць тое, што самае важнае беларускай літаратуры і дзе б я сапраўды павярнуў бы горы. А то ўсё пішу на ўсялякія прамежныя тэмкі, пасля якіх думаў, што пазатыкаю горлы дурням і брахуном і тады ўжо вазьмуся за тое вялікае, што хачу і магу напісаць. Дай божа па-сапраўднаму ачуняць. Пасля вайны буду пісаць як хачу і магу.

10 ліпеня 1944 г.

[правіць]

Сёння рана пашоў у рэдакцыю. Там пісаў, пакуль нікога не было. Цяпер каля шасці гадзін па паўдні. Сумна, пайсці няма да каго, нашы бадай што ўсе ўжо то ў Гомелі, то ў Мінску. Адзіная мая ўцеха ў працы, яна мяне ратавала заўсёды. Калі ўжо заеду ў Мінск, тады не будзе смутку. А сёння яшчэ да вечара многа пісаць трэба.

8 жнівеня.

[правіць]

Колькі чаго парабілася за месяц! Ужо і ў Мінск незадоўга. Можа, ужо будзе свой сталы прытулак, і, можа, мне суджана яшчэ пабачыць мілыя Цімкавічы. А што, калі і хата мая асталася і стаіць? Гэта будзе вялікае шчасце. Там жа, у ціхім жыцці можна будзе ачуняць як мае быць і напісаць усе задуманыя раманы.

Прыязджала з Мінска Хайноўская. Яна асталася такая ж мілая, разумная і практычная ў самым найлепшым сэнсе. Усё умее і можа зрабіць і ўсё ацаніць праўдзіва. Яна казала: «Адна з ватных сёстраў увосень сорак першага году прыязджала ў Мінск шукаць вас». Анюта гэта ці Маша? Мілая Маша, у годы майго студэнцтва яна была мне як маці. У часы ўсіх маіх няшчасцяў гэта была шчырая сястра. Яна і Рэня — самыя мне блізкія. Калі жыва яна цяпер і здарова! Ужо больш як месяц ніяк не магу напасці на яе след. Апошнія дні вельмі трывожыўся аб гэтым. Зімою дзевяцьсот дваццаць шостага года многа пісаў пра яе ў дзённіку.

9 жнівеня.

[правіць]

Я сам не свой увесь гэты час. У Маскве страшна аставацца далей жыць. Гэты вялікі горад не дасць мне як мае быць ачуняць. І жыць не ў Беларусі больш не магу. А дзе жыць у Мінску? І як там жыць на попелішчы? Што там есці? Пашоў сёння рана ў рэдакцыю. Думаў, пакуль яшчэ там нікога не было, пісаць непатрэбную працу: перадавы артыкул у «Беларусь» № 5. Артыкул ужо напісаны, але цэнзар вымагае, каб там было як найбольш шаблону. Ратуй мяне божа ад гэтай работы больш. Аднак жа ў рэдакцыі нічога не рабіў, бо адразу найшло людзей, падняўся гармідар, і ўсе мае дуды вобземлю.

Сазваніўся з Глебкам у выдавецтве. Ужо з тону яго гаворкі ў тэлефон пачуў, што ён нейкі нецярплівы. І сапраўды. Са мною ён нічога не гаварыў, апроч дзвёх якіх фразаў, якія ён мог бы сказаць і не мне, і якія я мог бы пачуць і не ад яго. Я адразу і пашоў. І яму было ўсё роўна. Адным словам, яму ні да мяне і ні да кога, хто не п’е гарэлкі. Яго губіць не гарэлка, а тое, што ён менш за ўсё Пятро Глебка, а найбольш «Нонік», ці, як яго звала цешча, «Нёнік». Пястунчык. Пасля таго, калі Купала ўпаў з дзесятага паверху гасцініцы «Масква» і сканаў, Глебка сказаў быў мне: «Ён жыў як паэт, і памёр як паэт». У гэтай фразе ўвесь Глебка-Нонік. Ён хоча жыць, як «паэт», гэта значыцца, як матыль у бляску дня. Гэта вечны кавалерчык і п’яніца. «Суждены нам благие порывы, но свершить нам ничего не дано». Ён самы асвечаны і культурны з усіх сённяшніх жывых беларускіх пісьменнікаў і самы большы абладальнік яснай думкі. Вышэйшая асвета дала яму вялікую карысць. Яго талент узбагачан думкаю, ясным розумам. Кафедра беларускага універсітэта была б ашчасліўлена такім прафесарам. Але ж, бачыце, «жыць як паэт». Нёнік! Дык якое дзіва, што ён п’е цяпер дзень і ноч, калі яго спасцігла вялікае няшчасце! Хоць у маёй галаве дзесьці варушыцца думка, што ён цяпер, п’ючы дзе-небудзь замкнуўшыся абы з кім, хто трапіцца, часамі ўспамінае аб «паэтычнасці» ўсяго гэтага. Калі з ім няньчацца, ён прымае гэта як абсалютную няўхільнасць. Ён паабяцае прыйсці заўтра, а прыдзе праз два тыдні, а найчасцей зусім не прыдзе, калі абяцаў прыйсці. Яго ёсць за што любіць. Я люблю яго. Я даражу яго дружбай. З ім цікава гаварыць. У мінулую восень, калі я пераехаў жыць у «Якар», і зімою я так прагнуў, каб ён да мяне заходзіў! Мне была радасць, калі я бачыў, як з’яўлялася ў маіх дзвярах яго мілая галава. Тым большая была мая радасць, што гэта было пасля цяжкай хваробы, калі не вельмі часта зайходзілі да мяне нават і тыя, што цеснай дружбай былі звязаны са мною праз многа год. Вядома, з хворым быць нецікава, гарэлкаю ён не частуе. Дык каб Нонік не акідаў мяне, я прыдумаў карміць яго ў кожную нядзелю абедам. Значыцца, ужо раз на тыдзень я мог гаварыць з ім. Абедаць прыходзіў ён ахвотна. Выходзіла, што хоць адзін друг не адвярнуўся ад мяне, калі я станавіўся пасля хваробы на ногі! Тады я, узрадаваны, пачаў часта частаваць яго гарэлкай. Дык ён вельмі ахвотна зайходзіў часта. Цяпер, калі я ўжо намнога выратаваўся ад рэштак хваробы і душа мая паздаравела, і мне не страшна, калі і два месяцы ніхто да мяне не зойдзе, я занядбаў гэтую агідную куплю дружбы за гарэлку. Пайковая гарэлка ідзе на рынак, Рэня выменьвае за яе прадукты. Я больш ем агародных вітамінаў, але звыш чатырох месяцаў не бачыў Глебкі. Ён жыў цэлы год са мною ў адной гасцініцы «Якар», я на трэцім паверху, а ён на чацвёртым. Таму назад з месяц я напісаў яму пісьмо. Яно вярнулася назад, бо ён паехаў у Мінск. 10-га жнівеня я зноў зайшоў да яго ў выдавецтва. У гэты дзень ён пагаварыў са мною, але ён злосны, раздражнены. Цяпер ужо ён мае патрэбу ў сяброўскай ласцы. Мне ўжо ён не патрэбен, калі ён забыўся, што дружба сапраўдная трымаецца не гарэлкаю. Бог з ім. Але мне хочацца паспрабаваць, ці не будзе яму якой-небудзь палёгкі ад шчырасці ў сяброўстве. Ён мучыцца. Яго Ніна паехала з немцамі і жыве ў Кенігсбергу. Глебкава пакута тут своеасаблівая. У гэтай пакуце многа холаду і чорствасці. Гэта ўласціва яго натуры. А блізкага чалавека ён не страціў. Сяброўскай блізасці ў яго з жонкаю ніколі і не было. Ён чорствы і сухі, а яна закаранелая мяшчанка, дурная, зайздросная і хцівая. 13 жнівеня 1944 г.

20 жнівеня.

[правіць]

Ужо больш за тыдзень прайшло, а яшчэ не сышло з мяне зусім уражанне ад мае гаворкі з П. К. Панамарэнкам. На тым тыдні ў пятніцу папрасіўся я на прыём. Я не мог больш цярпець. Я падрыхтаваў тэзісы і хвілін сорак дакладваў яму: 1) аб цэнзуры ў вобразе Дадзіёмавай, якая мову беларускай літаратуры хоча перайначыць на свой лад, 2) аб тым, што я не маю магчымасці пісаць свае раманы і 3) што я, як чорнарабочы, пісаў і пішу бесперапынна публіцыстычныя тэксты без подпісу, яны друкуюцца, устаўляюцца ў тэксты рэзалюцый антыфашыстоўскіх, скажам, з’ездаў, друкуюцца ў зборніках Купалы як купалаўская публіцыстыка... А я хаджу спрацованы і хворы і жыву ў катуху. Гаворка ішла гадзін тры, да паўночы. Я паставіў пытанні проста. П. Панамарэнка ў часе гаворкі сказаў, што ён вызначае мерапрыемствы: адчыненне пры акадэміі навук двухгадовых курсаў — інстытуту мовы. Сабраць туды такую нізавую інтэлігенцыю, як сельскіх маладых настаўнікаў, і зрабіць з іх ахавальнікаў чыстаты беларускай мовы ў школах і нізавым друку. Адчыненне пры беларускім універсітэце факультэта журналістыкі. П. сказаў, што здыме з пасады цэнзара Дадзіёмаву. Узгаварыліся, як я сядзеў у турме, я сказаў, як і чым мяне катавалі. Уражанне ад гаворкі было добрае, я паспакайнеў і крыху супакоіўся. Я паказаў яму забракованы цэнзурай мой перадавы артыкул у № 5 «Беларусь». Там аб тым, што нямецкая акупацыя была для беларускага народа не толькі парою пакуты, але і парою ўзвышэння, гартавання і гістарычнага ўзняцця народа як нацыі і ўзмацнення яго нацыянальнай самасвядомасці. Народ пакінуў быць пастухом і стаў генералам. Наша шчасце, што мы належым да СССР, каб не — то што было б з намі? П. сказаў, што гэта яго думкі, «артыкул бліскучы» і цэнзуру ён «ператрасе». Гаварылі пра ўсялякую драбязу, але мне важную: я папрасіў памагчы мне ў Мінску дастаць дзе жыць, хоць хату якую. Ён абяцаў. Назаўтра ён выклікаў з Мінска Лынькова. Чакаю хуткага пераезду ў Мінск, паспакайнець там душою, узмацнець целам і пісаць, раман за раманам, а то ўжо тут не магу больш.

Нешта такі ў лесе здохла: час ад часу пачаў заходзіць Глебка. Яму трэба парваць усе сувязі з бялькевічаўскім мяшчанствам у Мінску і вытруціць з душы (не з душы, а з думак) памяць аб Ніне. Звязаўшыся ў маладосці з ёю, ён, гэты тады просты і шчыры сялянскі хлопец, ачарсцвеў і пачаў мяшчаніцца. Чутно ад людзей, што яна цяпер нават яшчэ выступае па радыё з Кенігсбергу.

Ужо дзён чатыры, як хварэю на грып. Хвароба пагоршвае настрой. Смутак. Міхала і Юрася, мусіць, няма жывых. Пісьмо з Цімкавіч. Маша і Анюта жывы. Дом згарэў. Каб быць у Мінску ў сваім ціхім кутку і пісаць!

21 жнівеня 1944 г.

[правіць]

Грып. Слабасць. Хіліць у пасцель. А ляжаць не магу. Думкі мучаць. І Рэня адчувае сябе дрэнна. І ёй вельмі нездаровіцца. Небарака, яна ператамілася, гэтулькі ёй клопату і працы!

Толькі што зайходзіў на паўгадзіны У. Фінкель. Ён бядуе. У Беларускай акадэміі няма больш яўрэйскага аддзелу. У Мінску няма і, мусіць, не скора будзе яўрэйская газета. У Беларусі вельмі мала асталося яўрэяў. Уры Фінкель верны сын свайго народа. Патрыятычны сум яго — гэта шчырая пакута яго душы аб трагедыі свайго народа. Уры Фінкель належыць свайму народу і разам з ім варт вялікай пашаны. Гэта чалавек яўрэйскай культуры. Няхай да яго вернецца яснае шчасце душы.

Сённяшні момант беларускай гісторыі важан не толькі выгнаннем з Беларусі немцаў. Беларусь — усходняя славяншчына. Немец тут ніколі не будзе панаваць. Вельмі важным момантам сёння ёсць нам тое, што адбываецца ў Польшчы. Здаецца, што кладзецца канец польскаму зямельнаму магнацтву. Польшча без зямельных магнатаў гэта ўжо малое зло. Наўрад ці ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі Польшча будзе сунуцца зноў рабіць на Беларусі сваю граніцу, хоць спробы даводзіць, што Польшча «мае права» апалячваць Беларусь, могуць быць. Як бы там ні было, а раман аб Рыгору Сухменьчыку калі-небудзь павінен быць напісан. Пісаць буду, ужо здаўшы ў друк «Вялікі дзень», «Пошукі будучыні», «Скіп’ёўскі лес», «Смага», кнігу аповесцей «Сумліцкая хроніка», «Млечны шлях», «Лявончыкава Ліда і Якубаўскі карчмар Сымон Біруля». Раман «Сыны Хведара Нявады» і драма.

Каб не выветрылася з памяці, запішу аб рамане пра Рыгора Сухменьчыка.

Асобы рамана:

1. Залеўскі (Эдвард Вайніловіч?), зямельны магнат.

2. Рыгор Сухменьчык, аконам, праваслаўны мужык з Кудзінавіч, салдат.

3. Сухменьчыха. Каталічка.

4. Анця. Дачка.

5. Яраслаў, сын.

6. Фэлька, Сухменьчышын брат, Сцяпура.

7. Яго жонка.

8. Юрась, іх сын.

9. Бацька Фэльчыхі, сарвэтнік у Сумлічах — Цапры, Жупранах.

10. Другая жонка Залеўскага ў эміграцыі (у Польшчы).

11. Сын Залеўскага ад другое жонкі.

12. Васіль — Лукаш Брандэцкі.

13. Сцяпан Хлябцэвіч.

14. Хлябцэвічыха.

15. Зоя Хлябцэвіч.

16. Студэнт Адамчук, яго трагічная смерць пасля.

17. Муж Зоі Хлябцэвіч.

18. Фэлькава дачка, Юрасёва сястра.

Дзе адбываюцца падзеі рамана:

1. Рачкевічы, Залеўскага ўладанне.

2. Мястэчка Сумлічы, адкуль родам Фэлькава жонка.

3. Сцяпура Фэлька родам з Якубаўшчыны. Там на вузкіх палосах паміж двух лясоў паставіў сабе хату і жыў там. (Гэта калі пашыралася пасля рэвалюцыі мястэчка Сумлічы.)

4. Міроўшчына, прададзеная Залеўскім, дзе Рыгор Сухменьчык купіў сабе рату зямлі.

5. Горад Нясвіж. Каля яго дробны маёнтачак Раткава, дзе знайшоў сабе другую жонку з грашыма Залеўскі, пасля лета 1920 году.

6. Мінск.

7. Варшава.

1. У рамане павінна быць добра і дакладна сказана аб мясцінах і пунктах, дзе адбыліся падзеі ў розныя часы і дзе завязаліся і развязаліся справы.

2. Павінен быць распрацаваны дакладна лёс кожнага персанажа.

3. Распрацаваць квадры — абсягі — малюнкі рамана.

4. Часткі рамана. Раздзелы. Змест іх усіх і нумарацыя.

5. Назва рамана.

Няшчасны і мілы Фінкель, жыве ў «Якары» на чацвёртым паверху ў агульным нумары. Ён пісьменнік і вучоны. За час вайны ў яго памерла з голаду двое дзяцей.

На тым жа паверху ўсю зіму займала асобны нумар мадам Дадзіёмава, цяперашні цэнзар над усім друкам БССР. Да вайны яна з году ў год была ў такім чыне: «намеснік начальніка ўпраўлення справаў мастацтваў пры Саўнаркоме БССР». Самай важнай адзнакай гэтай установы была тая, што ў ёй ніколі, за год дзесяць, не было сказана ніводнага беларускага слова. А беларускае мастацтва было тым пунктам, навокал якога збіраліся сотні прайдзісветаў ваяваць за медалі і ордэны. Такім парадкам ішло спустошанне мастацтва і з яго выветрывалася душа народа. Дадзіёмава не з гэтага вядомая асоба. Яна вядомая з іншага. Гэта хітрая і спекулянцістая местачковая яўрэйка, якая дасягнула немалое пасады ў рэспубліцы. Яна член партыі. Але яна плюе на ўсё. У партыйнасці яна бачыць не ідэю, а кар’еру. У іншых умовах яна ўладала б мануфактурным магазінам. Яна некультурная і нават непісьменная (па-беларуску яна чытае дрэнна і зусім не ўмее пісаць). Яна адцуралася свае нацыянальнае яўрэйскае культуры і асіміліравалася. Куды? Вядома, як і кожны паразіт, яна ішла на гатовае. Працэс асіміляцыі ішоў у гатовую ўжо вялікую рускую культуру. Але яе прырода не дазваляе так адразу асімілявацца. Яна гаворыць па-руску так, што трэба смяяцца. Да якой жа культуры яна належыць? Да яўрэйскай? Не. Да рускай? Не. Да беларускай? Не. Яна выраклася яўрэйскай культуры, імкнецца і не дайшла да рускай і стараецца мець высокую пасаду пры беларускай. Навадняючы беларускія ўстановы, Дадзіёмава выгнала з іх беларускую мову. А цяпер, бачачы, што як бы дзьме беларускі вецер, яна, цэнзар, калечыць сваім алавіком мову беларускай літаратуры, думаючы гэтым паказаць начальству, што яна і ведае беларускую мову і займаецца ёю. Начальства гэтае (скажам, Гарбунова) лёгка ашукаць, бо яно само беларускае мовы не ведае і ніколі блізка ля яе не ходзіць. Усе гэтыя дні я чакаю: ці зніме П. Дадзіёмаву з пасады цэнзара, ці не? Калі не, дык — каму ж верыць і дзе шукаць ратунку?

А ўрэшце — аб чым думаць? Усё гэта глупства, не вартае пяра. Самае важнае — маё пяро і раманы. Пакуль жыву — дзяўбу пяром камень. Пяро трывалае.

25 жнівеня.

[правіць]

Здароўе крыху як бы лепш. І настрой лепшы. Працаваў сёння над «Скіп’ёўскім лесам». Ужо гэта адно добра, бо тыдняў тры ўжо не браўся за яго. Заўтра пастараюся як-небудзь паслаць у Мінск міламу Максіму Лужаніпу пісьмо. А бліжэйшымі днямі параю добрых слоў падзякаваць П. К. Панамарэнку за добрую гаворку. Назбіраюцца справы — зноў пайду да яго вырашаць. Гэта будзе ўжо не раней зімы або ў канцы яе.

6 верасня.

[правіць]

Сёння закончыў трэці раздзел «Скіп’ёўскага лесу». Можа, добра, а можа, і вельмі дрэнна. Такі я змучаны і духам і целам і так цяжка жыву, што не адчуваю. Патрэбен доўгі час у цішыні і спакоі.

8 верасня 1944 г.

[правіць]

За шэсць дзён пераклаў «Позняе каханне» Астроўскага — так гнаў мяне ў карак тэатр. І ўжо месяц ляжыць гатовы тэкст і не забіраюць. Гэта ўсё азіятчына ў еўрапейскай краіне Беларусі. Я мог бы звацца не Чорны Кузьма, а чорнарабочы. Колькі за свой век я зрабіў гэтых перакладаў і напісаў усяго, што без майго подпісу запоўнівае старонкі ўсёй нашай прэсы! І ўсё на кавалак хлеба! Хлеб наш насушчны, усіх нас пасушыць.

Быў сёння ў ГІХЛе. Дагаварыўся аб «Скіп’ёўскім лесе» і зборніку апавяданняў. Каб хоць у Мінск, цішыня і спакой, хоць і на попелішчы. Абы ціхі кут і штодзень спакойна пісаць.

10 верасня 1944 г.

[правіць]

Учора ўвечары і сёння да паўдня чытаў К. Федзіна «Горький среди нас». Усё гэта мне чужое, але я бачу: Федзін сапраўдны пісьменнік і разумны чалавек. Я ўпэўнены: пра М. Горкага ён напісаў праўду. Сапраўды, мусіць, так жыў і такі быў М. Горкі, вялікі рускі інтэлігент з рукамі рабочага. З гэтай кнігі відно, якое бяздонне паміж нашай тагачаснай інтэлігенцыяй, маладой, і той, да пакалення якой належыць Федзін у Расіі. Беларусы гаварылі аб адраджэнні Беларусі, г. зн. аб прыходзе беларускага народа да нацыянальнай дзяржаўнасці, а рускія інтэлігенты не мелі ні сваіх задач, ні мэт. Для іх рускі народ — гэта мужык з барадою. М. Горкі быў адзін, непаўторны, ён узвышаўся над імі ўсімі. Ён бачыў свой народ усюды, дзе былі яго рысы, ён меў глебу. А гэтыя не маюць глебы ў народзе, таму яны не ведаюць пра што пісаць, шукаюць тэм і сюжэтаў, гавораць аб нейкіх «літаратурных знаходках» і сядзець макам на здрабнеласці рускай савецкай літаратуры. Для іх калгаснік — гэта той самы мужык, які толькі згаліў бараду, а не чалавек, дзе, хто мае вочы, убачыць і знойдзе і Эжэні Грандэ, і Івана Карамазава, і Андрэя Балконскага, і таго, хто не стаў яшчэ літаратурным персанажам, але ўжо стаў героем Савецкага Саюза. У вялікай літаратуры персанажы маюць сваю біяграфію. А каб пісаць біяграфію людзей, трэба ведаць, што народ — гэта мільёны індывідуальнасцей, кожны з сваім індывідуальным абліччам і лёсам, хоць і падначаленымі аднаму закону жыцця — нацыянальнаму і дзяржаўнаму.

Чамусьці пасля кнігі К. Федзіна я пачаў думаць праз з’яву невядомую і чужую ўсяму таму, што ў той кнізе: я думаю пра вечнае сваё: пра Франціска Багушэвіча. Кожная тая кніга добрая, калі яна ўзбівае чалавека на сталыя і важныя думкі.

29 верасня 1944 г.

[правіць]

Пятніца. Ужо якраз тыдзень, як у Менску. Яшчэ жыву на падлозе ў доме, дзе Саюз пісьменнікаў. Няма дзе адаспацца і адляжацца. Усе дні баліць галава, хіліць на сон і зрок пагоршаў. Але здаецца, гэта ўжо апошні мой злы этап. Як-небудзь агораю кватэру і буду дбаць аб здароўі і пісаць.

За гэтыя дні бачыўся з Р. Шырмам. Ад яго пачуў тое, што ўжо чуў ад П. Пестрака і М. Танка. Каталіцкае духавенства, дзе якое было раней і якое дзе цяпер з’явілася, стала агентурай пана Сасноўскага, паланізуюць сваіх парафіян і тлумачаць, што няма ніякай Беларусі, а ёсць Польшча. Усё ідзе ад віленскага біскупа Ялжбыкоўскага. Аб гэтым дакладна ведае і тужыць беларускі патрыёт мінскі ксёндз Шутовіч. Я цвёрда намерыўся пісаць старшыню Саўнаркома дакладную запіску, набраўшы фактаў. («Нацыянальныя польскія» сельсаветы ў Чарнагубаве і Каралішчавіч.) Пальшчызна стараецца пакінуць польскага духу тут на наступныя пакаленні.

3 кастрычніка.

[правіць]

Аўторак. У нядзелю ўвечары Пестрак расказваў Лужаніну, як яго мучылі ў польскай турме. Алаўкі паміж пальцаў, пампавалі ваду праз нос, білі гумавым кіем, замыкалі рукі ў кайданы. Я слухаў. Пестрак умее цікава расказваць.

У яжоўскай турме ў Мінску ўвосень 1938 г. мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі, але рук у кайданы не замыкалі.

Сёння ўночы пацукі не далі спаць. Я ўпоцемку думаў аб Антаніне Лукашэўскай і двох яе сынох. Усё гэта можа пад маім пяром ажыць і жыць доўгім, поўным жыццём. І да мяне прышла шчырая радасць. Перад світаннем я заснуў без трывогі і суму.

Калі ўжо будзе тая кватэра і ціхі кут, каб пісаць!

Просіцца з пяра артыкул ў «Звязду» аб літаратуры.

4 кастрычніка.

[правіць]

Серада. Хмурна. Дождж. Пісаў «Скіп’ёўскі лес». Трэба далей так, кожны дзень.

5 кастрычніка.

[правіць]

Нічога не пісаў. Няма дзе падзецца і прыткнуцца з пяром. Чалавек з паўсотні за дзень перавярнулася.

Мала ўсяго, дык прыехала яшчэ і ўлезла ў мой кут, дзе я жыву на голай падлозе, нейкая Найдус з хлапчуком, які адразу пачаў рваць мяне за камызэльку. Гэтая яўрэйка лічыць сябе польскай пісьменніцай і прыехала жыць у Мінску.

У Беларусі асталося сем пісьменнікаў беларускіх, а членаў саюза пісьменнікаў у Беларусі звыш сотні. Лупсякоў ужо дванаццаць год піша, вучыўся ў універсітэце і яшчэ ўсё не ведае граматыкі. Каб усе яны пакінулі пісаць сваю халтуру, а сталі будаўнікамі, краўцамі, кавалямі, земляробамі або падвучыліся і сталі настаўнікамі, яны маглі б даць карысць рэспубліцы. Беларускай інтэлігенцыі бадай што ўжо няма, а гэтыя носяць яе імя і сціраюць з нашага жыцця беларускі характар.

Гэтая Найдус напусціла на ўсе два паверхі дому пісьменніка такога смроду, што Максіма Лужаніна цягне ванітаваць. Найдусяня мочыцца ў порткі, і яго маці, якая прыехала ў Мінск, узбагачаць польскую культуру на лагойскай рускай мове, нават і не парупіцца памыць сваё абасцанае стварэнне. Дагэтуль я ніколі яе не бачыў і не чуў, што яна ёсць на свеце. З першага спаткання яна пачала мне міласціва ўсміхацца, звысоку і ведаючы сваё вялікае дастоінства. З усімі яна адразу запанібрата, усіх навучае і ўсюды ўсаджвае свой нос. Пестрака яна называе сваім таварышам, «з ім я была ў Заходняй Беларусі ў падполлі». Яна высокая, як жэрдка, у акулярах і без сцёгнаў. У сіняй спадніцы да кален, і на панчохах рагі нейкага бруду. Спадніца ледзь закрывае калені і фалдаю ўціснулася ў зад. Але затое яна адзета «па-еўрапейску» — голыя калені і вузенькая спаднічка. Гэтая саранча бесперапынна загаджвае ўсё вялікае і добрае. Яна ж не хоча быць на сваім месцы: прадаваць у кааперацыі або — чорт яе ведае, якую ёй даць льга было б работу, чыстую работу яна загадзіць і на горшую лянуецца.

Гэтая плойма аціраецца каля інтэлігенцыі і ўсё з прэтэнзіямі. Яна аблізвае языком словы: літаратура, навука, сацыялізм, камунізм, паэзія, драма, чалавецтва, Беларусь, народ, чалавечае шчасце, будучыня, патрыятызм, нацыя... Цяперашнім часам іх лексікон узбагаціўся словамі: «усиленный паёк, улучшенное питание, американские подарки через Красный Крест...» Гэта Дастаеўскага Лямшын за раялем. Прыжывальшчыкі і хлебаеды.

Так Бэнда лез у беларускую крытыку, Клімковіч у беларускую літаратуру, Александровіч у культуру і грамадскую дзейнасць (сабе на кар’еру), Дадзіёмава ў мастацтва і цэнзуру і Модаль — усюды, куды толькі льга лезці.

6 кастрычніка.

[правіць]

Пятніца. Пісаў вельмі мала. Горне на сон. Баліць сэрца. Клопат і думкі аб кватэры. Рэня і Іра спяць на падлозе. Учора ўвечары заўважыў, што ногі апухлі да кален. Сэрца! У турме ў мяне апухалі толькі ступені. Прага мець ціхі свой кут і пасцель і вылежацца як мае быць. А тут абяцаюць, што кватэра можа быць толькі праз два тыдні. Гэта значыцца, што не менш месяца трэба чакаць. А два месяцы то напэўна. Баюся, што не вытрымаю да пасцелі і падушкі. Здань смерці мучыць мяне. Так я доўга не пацягну. І кому повем печаль мою? Хоць бы адзін хто блізкі і разумны, а Рэню буду берагчы ад трывог.

11 кастрычніка.

[правіць]

Сёння многа і, здаецца, добра пісаў.

7 кастрычніка зайходзіла да мяне не вядомая мне дагэтуль Марыля Шутовіч з Вільні, жонка ксяндза Адама Станкевіча. Яна прыехала ў Мінск, каб дайсці тут якое-небудзь рады: віленскі біскуп, пілсудчык Ялжбыкоўскі садзіць усюды па Беларусі на парафіі палякаў ксяндзоў, якія і прапаведуюць з амбоняў, што ўсе беларусы каталікі ёсць чыстыя палякі. Гэтая жанчына вельмі прыемная асоба, тыповая яшчэ нашаніўка. Да мяне прышла з просьбай надаць усяму гэтаму не рэлігійны, а палітычна-нацыянальны характар і так падаць у адпаведныя рэспубліканскія органы.

Прыехаў з Вільні мастак Сергіевіч. Мілы чалавек і з вялікім талентам. Зайходзіць часта. Пражыўшы з маленства і дагэтуль на Заходняй Беларусі, ён у нас аніяк не можа арыентавацца. Шукае падтрымкі і парад. Гэта нацыянальны мастак, поўны як мае быць.


22 лістапада.

[правіць]

Бадай што ўжо месяц, як у «кватэры», дадзенай мне Саўнаркомам. Але ж якраз як тая камера ў турме, дзе я сядзеў у 1938 годзе. Можна сказаць, што я ўжо дайшоў да апошняй мяжы. Бруд, цемень — вокны глядзяць у чорны трохкутнік з высозных муроў. Пісаць няма як і жыць няма як. А тут жа, па адным карыдоры, рамантуюць кватэру Рыжыкаву. Там светла і добра. Там Рыжыкаву можна будзе круціць патэфон і гуляць у «пульку». У нас няма ўласнага жыцця, мы ўсё аддаём дзяржаве. Мы аддалі дзяржаве свае душы і таленты, але мы не Рыжыкавы. Я жыву як апошняе пакідзішча. І не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не еўрапейская дзяржава, дзе інтэлектуальныя асаблівасці чалавека робяць яго жыццё арганізаваным. А ў нас азіятчына. Падхалімства, хабарніцтва, чыноўніцтва, паклёпніцтва — за апошнія годы паднялося на вялікую вышыню. Колькі нашай інтэлігенцыі без дай прычыны гніе ў турмах і на высылцы! У мяне ўжо няма 70 % здароўя. Я гіну і не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сілы мае трацяцца і марнуюцца без карысці. Доўгія годы мяне мучыла ГПУ-НКВД. А цяпер замест таго, каб рабіць тое, што мне трэба рабіць, я палю ў печы, цягаю ваду, змываю гаўно ў прыбіральні, краду дровы, дастаю з дошчак цвікі, мыю сваю парваную і вываленую адзежу. Тут вайна не да канца вінавата. Тут многа ад хамства. Апарат НКГБ і тысячы чыноўнікаў займаюць увесь горад — яны ўмеюць і любяць рваць адзін аднаго і ўсіх за горла, а я гэтага не ўмею рабіць, дык не магу нават дастаць хоць тоненькі праменьчык дзённага святла ў вакно і мучуся ў пограбе.

Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?..