Зьбіраліся часам шляхцянкі
Пабачыць вяльможных паноў.
З кутоў пазіралі падпанкі,
Каб спольшчыць тутэйшую кроў.
Дзяўчаты ня йшлі у палацы
Да гэтых благіх малайцоў.
Ды як з панічамі ім знацца,
Што ловяць, страляюць хлапцоў!
Палкоўнік Бжэзіцкі акрутны
Дае па гусарах загад:
Каб выступіць заўтра нячутна
У лес на вясёлы парад.
— Пачэшуць за сьпінамі хлопы,
Павыб‘ем мы з іх барбарызм,
Бо Польска ест вартай Эўропы
І трэба спыніць бальшавізм!
— Пан Вацлаў са мною нязгодны? —
З усьмешкаю кінуў у бок.
— Але то гусарам выгодна:
Нам трэба зрабіць гэты крок!
Палкоўнік сказаў, як адрэзаў,
І старкі для моцы глынуў,
І ў вочы халодным жалезам
Сваім падначальным зірнуў:
Пан Вацлаў Ржэвуцкі, паручнік,
Ўзяў плашч свой і вышаў у сад.
З палацу йшоў гоман шматгучны,
Бег ветрык па ліпах прысад.
Як ціха і добра ў прыродзе!
Які і каму тут загад?
Бяз соймаў тут сонца усходзіць,
Бяз соймаў ідзе на закат…
Пан Вацлаў успомніў падзеі
Айчыны кіпучай сваёй:
Памылкі, бясслаўе, надзеі,
І новага часу развой.
„Дзяржава! Айчына дзяржавай
„Зноў вышла на роўны той шлях.
„Якая бязьмежная слава,
„Які неабмераны гмах!
„Што-ж бачым? На розныя кшталты
„Учынкі глухой барацьбы.
„І яўныя зьдзекі і гвалты,
„І зноў і паны і рабы!..
„Навошта вам гэтыя крэсы?
„Навошта чужы калідор?
„Нам іншыя трэба протэсы,
„Каб Плльшча жыла, як узор!
„За Польшчу паляк чырванее.
„Сумленны, вядома, паляк;
„Сіл колькі прыгодных марнее!
„Ды што ім? — Скачы кракавяк!
„А гэты тут люд нешчасьлівы?
„Што ім мы ад брацтва даём?
„Крывавай культуры палівы!
„Бяспраўя і сьлёз вадаём!“
І сум агарнае Вацлава,
Як цень ад рукі уначы.
„О Польшча, о Кракаў, Варшава!
„Чым ім — сабе памагчы!“
І доўга сядзеў ён на лаве
Пад ліпай дуплістай старой.
Успомнілась вёска на Млаве
І бацькаў садок пад гарой.
Затым ён пайшоў да жаўнераў
Праз сад і праз двор пад павець.
Тут некалькі з іх кавалераў
Зьбіралісь вясельле глядзець.
— Куды? — запытаўся гусараў.
— На хутар, вунь той, праз лагі.
— А хлопы дадуць як вам жару?
— Не, пане, народ не благі!
— Ніхто з іх злавацца ня будзе,
Іх крыўдзіць ня просты жаўнер!
Свае мы, папраўдзе, там людзі, —
І голаў схіліў афіцэр…
Ды раптам надумаў: „Станіслаў!
Пазыч марынарку сваю
Ды боты. Няхай-жа пра Віслу
Ня ўсё — адно блага пяюць!“
— То добра, то добра, мой пане!
Хай пан праканаешца сам,
Што тут, як і нашы сяляне,
І скачуць ня горай, як там! —
Апранут жаўнерам Ржэвуцкі
З жаўнерамі госьцем сядзіць.
Ўсё чынна у хаце, палюдзку,
І чынна вясельле гудзіць.
Ўжо моладзь наладзіла скокі,
Хоць тут бракавала хлапцоў,
Пабраўшыся ў моцныя бокі Дзяўчаты шапталісь з кутоў,
Як раптам праз нізкія дзьверы
Стары і дзяўчына ўвайшлі.
Хто быў тут, усе кавалеры,
Як пчолы, ў той міг загулі.
Ржэвуцкі досьць бачыў паненак,
Бо быў ён, як-не-як, гусар,
І колераў розных адценак
Ён ведаў, як гляне на твар.
Чаму-ж ён цяпер задзівіўся?
Ці гэтым выразным вачом,
Дзе сіні агоньчык стаіўся,
Ці шыйцы, ці пруткім плячом?
Ўсё разам яго прыкавала:
Выразнасьць яе пекнаты,
Каса, што вужакай спаўзала,
І нейкі размах прастаты.
Зірнула яна на вайсковых,
Але ня зьдзівілася ім.
Нібы тым гасьцям выпадковым
Патрэбна тут быць, як сваім.
— Чаму-ж гэта войска, панове,
На нас навалілі зашмат? —
Спытаўся лясьнік ў простым слове,
І сьмела зірнуў на салдат.
— Здаецца, і вы ад зямелькі,
З Бужанскіх ці іншых палёў,
Дык гонар, выходзіць, ня велькі
Ісьці ваяваць мужыкоў! —
Галена, падкінуўшы слова,
Да хлопцаў сваіх падышла.
Відаць, што між імі ўмова
Аб нечым паважным ішла.
І раптам пачуліся гукі
Праўдзівых забускіх складоў.
Ў іх чуліся скаргі і мукі,
Хоць сэнс не даваўся тых слоў.
Галена зірнула. Бялейшы
З гусараў пачаў гаварыць,
Па твары нібы маладзейшы,
Ў вачох абурэньне гарыць.
Што кажа? — Што поляк ня кожны
Ідзе за урадам сваім,
Што Польска, затым, што вяльможна,
Дык вось дагаджае ня ўсім.
Што ёсьць абурэньне ў народзе:
Сялянскі сілкуецца дух;
Што розныя станы ня ў згодзе:
Расьце і рабочы там рух.
Што прыдзе той час, і ў Варшаве
Засядзе за ўладу народ,
Засядзе над Бугам і Млавай:
Што з крэсаў пазьнішчыцца дрот.
Відаць, гаварыў ў пракананьні; Казаў аб тым твару выраз. І дзіўна, што ў гэтым убраньні
З вайсковым каўнерам якраз!..
І змоўк. І забілі ў далоні,
Відаць, закранула ўсіх.
Музыка ня ўседзеў на ўслоне
І „польку“ урэзаў уміг…
Пан Вацлаў Галене: „Мне трэба
Вам зараз-жа нешта сказаць“.
— Дык выйдзем! І вышлі пад неба,
Дзе тыя ўсё зоры гараць.
І тут ёй Ржэвуцкі прызнаўся,
Што быў ён ня просты жаўнер,
Што заўтра паход пачынаўся,
Што іхні начальнік, як зьвер.
— Ці верыць? — То панны ест справа!
— Ну добра! Скажэце: куды,
І нашыя хлопцы расправай
Ня будуць памшчацца тады.
— Ня будуць страляць у гусараў?
— Не! — Добра! Тады я скажу.
Ён крыху прыблізіўся тварам.
Галены напружыўся слух.
Шапнуў. Да рукі дакрануўся.
І зьнік за бліжэйшым кустом.
І зноў за кустом мільгануўся,
Як чорныя крыльлі, плашчом.
Хутчэй! Ужо часу замала!
Галена у хату бяжыць.
З хлапцоў аднаго адазвала,
Штось шэпча, а твар, як гарыць.
— Ў чым справа? — Нічога, нічога!
— Ўсё добра, музыка, — іграй!
— А ну-тка, хлапцы, ад парога!
— Лявоніху, Грышка, паддай!
ПЕСЬНЯ 4-я
У лесе вялікім трывожна,
Таемна між шэптаў начных:
Цяпла раскладаці ня можна,
Ня вабіць каб зрокаў благіх.
На лапінах дрэў, за карчамі
Грамадка малойцаў ляжыць…
Хто ў зоры упёрся вачамі,
А хто завінуўся і сьпіць.
Багата турбот на Тарасе.
Ня сьпіць тых хлапцоў атаман.
Глядзіць, як па зорным папасе
Бяжыць сівавусы туман.
Вось хруснула нешта па хвоях.
Падняўся на локці Тарас,
Нашчупаў скрозь торбу набоі
З наганам прысунуў паяс.
Ды не! хто палезе уночы
На іх, малайцоў, у гушчар?
Захоча хто высмаліць вочы,
Пад волава выстаіць твар?
То, мусіць, сава небарача,
А можа драпежніцкі рысь
За здобычай сочыць-маяча,
Праз пушчу крадзецца кудысь.
Зноў ціха. Бармочуць спрасоньня
Таварышы далі лясной.
Тарас пераходзіць ва ўлоньне
Снатворнае казкі начной.
З туману, як здань, выплывае
Зялёны садок — астравок.
Дзяўчына яго там чакае,
За ім пасылае чаўнок.
— Галена, галубка Галена! —
Ён шэпча, цалуе яе,
Цалуе пяшчотна, сумленна
І словы губляе свае.
Дзяўчына яго супыняе,
Паклала руку на плячо,
І неяк убок пазірае,
І сьлёзы ён бачыць ў вачох.
— Галена! — Аж востраў зьнікае.
Вайсковы ляціць на кані,
З падкоў ён агню высякае
І сам у адзеньні-агні.
Зірнуў на Тараса сярдзіта,
Каня перад ім асадзіў,
І конь агнявое капыта
Над тварам ў паветры спывіў.
І жах прабірае хлапчыну
Ляжаць пад узьнятым канём,
І зноў ён гукае дзяўчыну,
І вусны палаюць агнём…
Прачнуўся. У лесе сьвятлела.
Запоўз пад шынэль халадок.
На грабе птушынка запела.
Дрыжэў на ляшчыне лісток…
Чу! Нехта сьпяшыць праз гушчары.
Хто? — Свой, бо па сьвісту пазнаць.
У хлопцаў увага на твары:
Чакаюць, а хочацца спаць!
На сьвіст той каротка, умоўна
Тарас адгукнуўся сьвістком.
— Гатуйсь! — ён падаў аднаслоўна,
І ўсе паўставалі суздром.
Падбег Васілёк Асаёнак,
Хлапчук пад трынаццаць гадкоў.
— Што скажаш? — Дрыжыць варанёнак,
Глядзіць на старэйшых браткоў.
— Да вас лясьнічанка паслала,
Дык я на каня ды сюды.
Ўцякаць каб адсюль, загадала
Ўбок, на старыя Брады.
— А конь дзе? — Стаіць пад гушчарам.
— Ну, добра! Ну, дзякуй, браток!
— Дык знача, — забава гусарам:
Ідуць паляваць у лясок!
— Паглядзім! — Нас зловіш ня хутка!
— Хіба толькі зьнішчаць лясы.
— У пушчы — дзе лёг, там і будка!
— Ну, хлопцы, натуж паясы!
У момант канчаюцца зборы.
— Рассыпся! Кірунак на Брод!
Сыйсьціся пад вёскай Дукоры
З вярсту ад ясна ўсход!
— А ты, Васілёк, даражэнькі,
Да Нёмну скачы, як хутчэй
На Бронікаў востраў маленькі, —
Хавайся ад панскіх вачэй!
— І там аддасі лясьнічанцы
Вось гэта… лісток тут, паняў?
Вітай там! А ну, падшыванцы —
Уперад! каб пан не заняў!
І рушылась ціха грамадка
Бяз сьпеваў і нават бяз слоў.
Відаць было іншых спачатку,
Ды пушча глынула сыноў.
Васіль да каня вараціўся.
Канёк ціхамірна чакаў,
Глядзеў навакол і дзівіўся,
І шыю аб лісьце часаў.
Як вышлі з канём на прасеку,
Сеў верхам і рушыў трушком.
Хлапец адчуваў небясьпеку, —
Каб выбрацца з лесу цішком.
Вось пушча з усходу радзее.
Бач, сонца стаіць пад паўдня…
Як раптам два конных зладзеі
Канямі спыняюць каня.
— Стой, пся крэў! І хлопчык зьмярцьвелы
Убачыў сталёвы замах,
І твар з-пад брывей азьвярэлы,
І рулі халоднае жах.
— Папаўся, паслугач бандыцкі!
Нам трэба яго абшукаць,
Каб пане палкоўнік Бжэзіцкі
Прычыны ня меў зазлаваць!
Забыўся хлапчук з перапуду,
Што ў шапку паперку паклаў.
Але-ж Васілёк той Іудам,
Хоць як ні пыталі — ня стаў!
— Той ліст да каго? — І маўчаньне
Ім кідае хлопчык у твар.
Зноў б‘юць, толькі чутна стагнаньне
Ды шэпты ідуць між гусар:
— Вось гэта хлапец! Малайчына!
А тут яны ўсе, як адзін…
Ды што, кажуць, ёсьць і дзяўчына,
То лепш атаман за мужчын.
„Што хлоп той?“ — Палкоўнік пытае
— Ні гуку, хоць вышла крыві, —
— То птушку, то птушку мы маем; —
Ўсіх ў лесе, пад лесам; — лаві!
І ловяць, і цягнуць у кучу
Старога, малога, дзяўчат,
Зьдзіраюць кашулі анучы,
Шукаюць вайсковых прылад.
Крык, стрэлы, каманда, як рэха
Па лесе лунае ўвесь час.
То водгульле п‘янага сьмеху,
То дзікі пужлівы галас.
Пан Вацлаў, смутнейшы за хмару,
Таксама у лесе тым баў.
Глядзеў на глумленьні, і кару
Ў душы сваёй чулай насіў.
Як раптам учуліся крыкі.
Ржэвуцкі у пушчу бяжыць
І бачыць учынак там дзікі,
Што трэба хутчэй бараніць.
— Жуць зараз! — Ён рушыў, як сокал,
І кінуў гусара пад пень.
Зірнуў той драпежна навокал,
А хустачка зьнікла, як цень.
— Як сьмееш! — ускочыў граф Шэцкі,
Схапіўся за шаблю уміг,
Ды зьбіў яго штурх маладзецкі,
І гнеў закруціў абаіх…
— Цяпер ты пра гонар успомніў,
А гвалціць, — то права дзядоў? —
Ржэвуцкі гудзеў няпрытомна,
І выцяў гвалтоўніка зноў…
І шаблю занёс ён, як кару,
Ды раптам чыясьці рука
Спыніла разьвязку гусара:
Стаяў сам злы гэні палка.
— Зьвязаць! — загадаў ён жаўнерам.
Ржэвуцкі адскочыў назад.
Туман абвалок кавалера,
Ён кінуў палкоўніку: „Кат!“
І выпаліў з браўнінга ў ката.
Ды раптам прытомнасьць згубіў:
Па ім, як прабеглі салдаты,
Пад грудзі хтось горача ліў…
Пазьбегліся людзі ў мундурах,
І шэпты пайшлі па радох,
І чуўся па гушчах пахмурых
Прыгнечаны нейкі спалох.
ПЕСЬНЯ 5-я
„Дзе-ж ты мой саколік,
„У лесе ці ў полі?
„Ці з стрэльбай, ці з шабляй
„За праўду стаіш?
„А мо' ўжо спачыў дзе, —
„Змагаўся даволі…
„Ці ўсё яшчэ моцны,
„Пад неба ляціш?
„Над Нёмнам дзяўчына
„Малойца чакае,
„Ня з тых яна, праўда,
„Шо сьлёзы ліюць:
„Як толькі ёй сумна,
„Дык песьні складае,
„А ў пушчы за Нёмнам
„У трубы гудуць…
„І трубы склікаюць
„Гурткі баявыя,
„Паўстанцы за волю
„На пана ідуць.
„А здарыцца бойка,
„Хай сэрца ня ные,
„Хай сьпевы, як трубы,
„Па пушчы гудуць“.
Сьпявала вось так лясьнічанка
На тым-жа сваім астраўку,
Чакаючы некага зранку,
Хто-б з весткай прыплыў праз раку.
Дзяўчыніна сэрца, як пушча,
Жыве патаемным жыцьцём.
Ёй сінія вочы ня сплюшчыць,
У марах ня спаць забыцьцём!
Час важны усклаў на дзяўчыну
Адказных ня мала турбот:
Наднёмнаву звольніць краіну
Унукам прышоў карагод.
Ды добра сябе адчувае
Галена ў сваёй грамадзе:
Тут кожны душу пашырае
У думках, у працы, ў бядзе…
А бацька! Стары маладзее,
Як моладзі сыпне гурток.
Для іх ён супроць ліхадзеяў
Аддаў свой прытульны куток.
„Хіба мяне пушча ня знае?
„Ці стрэльбай ня здольны крутнуць?“
Стары між хлапцоў разважае,
Каб моладзі спрытнасьць крануць.
І Стась перавозіў праз Нёман
Паўстанцкіх вось тых арлянят,
І чуўся стрыманы тут гоман,
І шэптаў згавораных лад.
Дзень сходзіць. Ад рэчкі сьвяжэе.
Над бельлю забухала вып.
Паветра павольна цішэе.
Схілілася хмарка, як грыб.
З-за Нёмну няма веставога…
Дзе Стасік? Галена глядзіць.
Чаканьне ў вачох і трывога,
Аж не, такі нехта стаіць!
Гэй, Стаська! Ды хлопча сам бачыць.
Чаўнок ужо гладзіць ваду.
А хлопец за рэчкай маячыць,
Абходзячы дрэў чараду.
Галена насустрач: „Як справы?
Ніхто не папаўся на лоў?“
— Чакаюць утрох там расправы:
Двох з нашых, — а трэці з паноў.
— З паноў? — Так, гусарскі паручнік:
Ў палкоўніка стрэльнуў за нас…
Галеніна сэрца у клюшні
Заціснула неяк ураз.
І вобраз, ўсё болей прыемны,
Жывы прад Галенай стаяў,
Ў плашчы сваім шэра-таемным,
Як ночкай тады ён зьнікаў.
У думках прабегла няўхільна:
„Сьпяшацца, ісьці ратаваць!
„Даць ведаць Тарасу ўсё пільна,
„Ўсе сілы туды згуртаваць!“
— Ты, Янка, бяжы да Тараса:
Скажы, каб зьбіраў малайцоў,
А я, ня губляючы часу,
Як золак іду да паноў.
— Да замку? — Так, выглядзець трэба,
Дзе вязьні пакуль-што сядзяць,
Якая ў настроях там глеба,
Каб дарма людзей ня губляць!
— Ну, пойдзем пакуль што дахаты:
Табе павячэраць ня грэх.
У хаце парадзіць нам тата,
Каб меўся у справе пасьпех!..
Назаўтра у Шчорсах дзяўчына:
Прыборшчыцай трапіла ў двор.
Абходзіць паветкі, адрыны;
З тым, з гэтым вядзе разгавор.
Прыгожасьць сваю прыхавала.
Ды ўсё-ж ненарокам жаўнер
Кране, як вайсковы… Спыняла
Галена разьвязнасьць манер.
Патрошку дайшла да палацу,
Дазналась, дзе вязьні сядзяць.
Сачыць, ня кідаючы прайы,
Каб вязьням тым знак як падаць.
Баб некалькі разам з Галенай
Да ладу прыводзяць гарод.
Вось сьпевам працягла-даўжэнным
Даюць сярод працы чарод.
Стаіць пад вакном вартаўнічы, —
Дык знача за гэтым вакном
Сядзіць той гэрой ваяўнічы,
Што тут перажыў пералом.
Ржаэвуцкі пачуў тыя сьпевы,
У смутку да шкла падышоў,
Зірнуў на ставок, што скрозь дрэвы
Залёты з праменьнямі вёў.
Зірнуў на прысады, на волю
Блакітных, ледзь хмарных нябёс…
Ды раптам успомніў пра долю,
Пра хутка надходзячы лёс.
Чакай-ка! хто хусткай махае?
Раз… два… А-а! Чырвоны сыгнал!
Чакай-ка! Ці-ж твар ён прызнае?
Няўжо! — Так, ён воблік пазнаў!
Так, вочы, зноў тыя, зноў вочы!
З душы вас цяпер не пазбыць:
Праз вас адчыніўся ён ноччу,
Іначай надумаўся жыць!
„Вабіць што? — Аб чым тыя знакі?
„Цяпер уцякаць? Не, чакаць!
„Заб‘юць яго зараз сабакі,
„Ды брыдка так сьмерць атрымаць.
„Што думаць? Аж знакі спынілі,
„Ды стукнуў жаўнер: адыйдзі!
„Суровы! Душы ня ўзбудзілі:
„Пільнуй, несьвядомец, глядзі!
„Спаўняй, па прывычцы загады
„Начальнікаў панства… пакуль!
„Даведаўшысь брацьцяў і гадаў, —
„Ты знойдзеш кірунак для куль!“
ПЕСЬНЯ 6-я
За днём клапатлівай няўдзячнай надзеі,
Трывожных чаканьняў і дзікіх панук,
Ноч ціха спыніла вакольныя дзеі,
Але не пазбавіла вязьневых мук…
Так цяжка, так сумна ў каморцы Вацлаву…
Што зранку чакае жыцьцёпіс яго?
Загіне, ня ўбачыўшы роднае Млавы,
Дзён першых дзяціных кутка сваяго!
Загіне! Рассыплецца цела у порах —
Увесь ён: вось гэтая волі рука,
І косткі, і вочы, павекі каторых
Кранула сьлязінай жыцьцё бедака.
Рассыплецца, так! Але-ж нейкае-нешта
Нібы застанецца з людзямі тут жыць,
Мо" болей каштоўная ясная рэшта,
Што будзе з жывымі братамі лучыць:
То думкі, то шчырыя, вольныя словы.
На сэрцы яны, як зярнё прарастуць,
І ў формах ўсё новых, няведама новых
У блізкіх па думках ізноў ажывуць!
Ня трэба залішняе хуткае славы, —
Жыў брацкі і братам спакойна памры!
Успомніць сардэчна хто-небудзь Вацлава,
За праўду як згас між сялян без пары!
О, праўда! Калі-ж ты, калі запануеш
Адна паміж рэчак ды гор?
Няўжо-ж ты плянэту-зямлю абмінуеш,
Ўзьляціш праз плянэты якіясь да зор!
∗ ∗ ∗
Чу! Крокі цяжкія па залі.
Астрогі і шаблі зьвіняць.
Ўстаў Вацлаў, каб вочы спаткалі
Таго, хто зноў хоча пытаць.
— Што трэба?
— Ад пана нічога!
— Пакіньце!
— Ня можна: для пана дарога
Ўжо хутка — Палкоўнік…
— Вы гуку пустога
Ня трацьце дарэмна!
Увесь гэты слоўнік:
Паручнік, капітан, палкоўнік, —
Нішто для Вацлава!
— То надта прыемна!
Паручнік даўно анархісты?
Ха-ха! А можа ідэй комуністых
Ржэвуцкі ад хлопаў набраўся?
То мушу зазначыць: дарэмна Раэвуцкі у гэтым стараўся!
Яму не пасобяць ідэі!
— На вашыя словы, зладзеі,
Ні я адкажу, — пачакайце!
Надыйдзе той час абурэньня,
Хоць лайце вы нас, хоць ня дайце!
Захоча народ вызваленьня,
І вашая гніль-пакаленьне
Адыйдзе у цемру скляпеньня.
Балюйце пакуль што, іграйце!
— Ржэвуцкі — прарок мітынговы!
— Якія гарачыя словы!
Ха-ха! Але зраньня шлях новы!
Суд будзе ня надта суровы!
Ухваляць — раз, два, і гатова!
Зноў крокі цяжкія па залі,
Зноў новыя шаблі зьвіняць:
Ня ўсе яшчэ зьдзекам пыталі!
Ржэвуцкі паставіў: маўчаць!
∗ ∗ ∗
„Раз-раз!“ прасякаючы ночку і вушы
Пальнула па садзе агнём
„Раз-раз! зноў“ паветра хтось стрэльбаю сушыць,
Гарачым праводзіць вуглём…
— Панове! Трывога, навала, панове!
Пайшло па палацы гуляць.
І раптам тут блізка каманда на мове,
Якой ці-ж хто думаў чакаць!
— Бі лямпы! Бяжы, хто пад панскаю вартай,
Бяжы ў цемнату на стаўкі!
Р-раз-раз! Зноў пальнула па вокнах упарта
Агнём ад умелай рукі.
Ржэвуцкага голаў плыў вогненным кругам.
Ён рынуўся ў цемру на стрэл,
Да тых, хто стаў родным, збавіцелем, другам,
Скрозь шэраг напужаных цех.
— Стой, здраднік! — Ды Вацлаў прад вартай ня
струсіў,
Як дзік той між гончых сабак,
Шлях вольным зрабіць ён гусараў прымусіў,
Расьсекшы кагось аб вушак.
І дзікам прабег ён скрозь цёмныя залі
Туды, дзе чуваў галасы:
Яго там, здаецца, імя абазвалі
Праз ховы начной паласы…
— За мною, сюды, во сюды пад прысады! —
Яго хтось схапіў за руку.
А там страляніна па замку йшла з-заду, —
Біў шрот па жалезным таку…
Прабеглі стаўкі, дзе спакойна калісьці
Трымалі паны лебядзей.
На ліпах страсалася жудасна лісьце,
Як-бы з нечаканых падзей.
∗ ∗ ∗
Прабеглі і двор, і гаёк. — „Адпачынем“,
Сказаў спадарожнік яго:
„Ваколіцы вокам пакуль што акінем,
„Каб тут не чакала чаго!“
Прыселі пад дрэва з хлапцом на узгорку.
Хлапец па краюсе дастаў.
Вёў ветрык начную з лістамі гаворку,
З-пад лесу да іх набягаў.
Вацлаў, чыркануўшы зьнячэўку машынку,
На момант іх твар асьвятліў,
І гэтай агнёвай, віхровай хвілінкай
Сябе, як маланкай, спаліў!
Прад ім асьвятліліся шырака вочы
Тых добра знаёмых глыбінь;
Агоньчык з іх шпарнуў пужліва-дзявочы,
Як вугля гаручага сінь…
— Галена — то вы? О, галубка Галена!
Так вось хто мяне вызваляў! —
І Вацлаў прыпаў, як дзіця, на калені
І так, як яно, зарыдаў…
Ён чуў, як лажыліся цёплыя рукі
На голаў, каб сьлёзы сьцішыць,
І голасу: ветлага: ціхія гукі
Нішто-б не змагло заглушыць!
— Ну, годзе! Нам трэба абодвум сьпяшацца.
Цяпер не палеце агню.
Да лесу. Там толькі мы зможам схавацца,
А далей — да хаты, да дню!
Падняўся Ржэвуцкі. Напружна пабеглі,
Кіруючысь проста на лес.
Здаваўся ён надта далёкім, адлеглым,
Як браць праз лугі ў перарэз.
Дабеглі. Спыніліся разам, з аддышкай.
Кроў бегла па целу, як вар;
Над імі, скрозь хвойныя лапіны, шышкі,
Бялеў новым шляхам стажар.
Як водгульле, чуліся рэдкія стрэлы
І топат далёкіх падкоў.
Але, калі двое, дык ясна і сьмела:
Ці ёсьць лепш за сэрца ахоў!
Шоў лесам Вацлаў, як таварыш, з дзяўчынай,
І пушчу ён нёс у душы.
Ўсё зблутаў: гусараў, паўстанцаў, айчыну,
І здані таемнай глушы…
Галена! Ня дужа, мой браце, так лёгка
Стаць сябрам яе хараства!
Відаць, яе воля сталёва ня крохка,
Ня з тых, што спадзе, як ліства.
Што ён, афіцэр-чужынец для Галены?
Пан Вацлаў, яе заслужы, —
Змаганьню аддайся з ёй побач сумленна
І шчырасьць у ім пакажы!
— Аддамся! Ды сам-жа я сам-жа з сялянаў
Граф Шэцкі… палкоўнік… а я?
Што я для вяльможнага гэнага стану
Ня з імі айчына мая!..
ПЕСЬНЯ 7-я
Тэй ночкай ня спаў астравочак:
Сваіх і гасьцей спатыкаў.
Што раз лесавы аганёчак
З чаўном Стасюка выгукаў.
Паляк пераехаў з Галенай,
Ды з пару за імі стральцоў:
Нарэшце, у смутку страшэнным,
Сустрэлі яшчэ малайцоў.
У хату нясьлі атамана.
Быў ціхім, бяскроўным Тарас.
Затое крывавая рана
Лягла, як чырвоны кутас.
— Сюды, во сюды! Асьцярожна! —
Тарас, як скрозь сон застагнаў,
І сьціхла гаворка, і кожны
У смутку трывожным чакаў…
Галена падбегла да ложка,
Паклала руку на руку, —
Тарасавы вочы патрошку
Жывіць пачыналі шчаку.
Павольна яны расчынілісь
І раптам як крыкнулі: жыць!
Вільготныя хвалькі кацілісь,
А вусны прамовілі: „піць!“
— Галена! — Ці гэта здалося,
Ці праўда яе ён гукнуў?
— Пабачыць… як вас… давялося, —
Сказаў, і з усьмешкай заснуў…
Стары лесавік гаспадарыць:
Павыслаў з пакою усіх,
Вакно адчыніў, а сам варыць
Прымочку для ран тых благіх.
— Як ранены? — хлопцаў пытае,
— Ды шабляй гусар разануў.
— Вось выпала доля благая.
— Лепш з нас-бы дзесятак паснуў.
Так хлопцы шкадуюць Тараса:
Нялёгка яго замяніць!
А трэба атаман адразу,
Бо ўжо барацьбы ня спыніць.
І хлопцы пад хаткай у садзе
Размову праводзяць цішком.
Здаецца, і Нёман штось радзіць,
І ветрык, што бег лазьнячком…
Галена хлапцоў сьсябравала
З Вацлавам. Віншуюць яго.
— Шкада, што вось гэтакіх мала,
А болей тут панства таго.
— Нішто! Між жаўнераў даволі,
Што ўжо зразумелі і нас,
Што шляхам тым самым да волі
Нам разам ісьці ў гэты час…
Вацлаў да Галены: „Як можна!
„Пашто ратаваў атаман?
„Ці-ж варты усе мы і кожны
„Вось гэтых расчыненых ран?“
— Ржэвуцкі, што зробіш? Бо трэба,
Інакшым ня быў-бы Тарас.
Для справы то добрая глеба,
Як прыклад для іх і для нас.
— Для іх? — запытаўся пан Вацлаў.
— Для ворагаў нашых, паноў:
— Хай бачаць, што іншых няма слоў,
Што кожны зрабіць так гатоў.
Гукала дзесь птушка-бугай.
Пахнуў на іх вецер парэчкай,
І пушчы прыслухаўся край…
Пайшлі яны садам над рэчкай.
— Што-ж, з войскам я досыць знаёмы,
З лясамі спазнаюсь цяпер,
Наладзім там новыя громы:
Цікава бадзяцца, як зьвер!
— Ржэвуцкі, я бачу, што многа
У вас яшчэ панства жыве.
Няяснага досыць, благога
Гнязьдзіцца у вас ў галаве!
— Гнязьдзіцца? Што-ж, вашае права,
Галена, мяне скіраваць
Паручніка родам з-за Млавы…
З кім лёс свой я мушу зьвязаць?
Галена ў адказе: „З народам“!
— З якім-жа? З тутэйшым? Сваім?
— З працоўным. Яго ўсім выгодам
Служэце і дбайце аб ім.
— Каб з зьвера ляснога стаць свойскім,
То трэба ня дзень і ня два.
Гусарам я ўчора быў польскім,
Дык сёньня йшчэ сьпіць галава!
Абодвы над Нёмнам стаялі.
З-пад зорак той, як уцякаў;
Каўзаліся цёмныя хвалі,
А з лесу хтось вібы гукаў…
— Вы чулі? Так. Ціха, чакайце!
— Эй, хлопцы, азбройся хутчэй!
— То нашая варта! Ўцякайце!
Дайшоў ужо голас грамчэй…
∗ ∗ ∗
І раптам загуў той куточак.
— На чоўны! на бераг! у лес!
О, мала, як гэтая, ночак
Тут кожны з людзей перанёс!
Ўжо чулася блізка пагоня.
— Мы зброю у човен, ды. так!
— Во, чуеце, топаюць коні…
— А як-жа з Тарасам? Ён як?
Тараса цягнуць немагчыма.
Ўсё роўна загіне Тарас…
І хлопцы з сьлязнымі вачыма
Ўсе жычуць апошні той раз…
— Вы з намі, Галена, на бераг?
— Канечна, ня з вамі, Вацлаў!
Вы мусіце весьці наш шэраг…
Ржэвуцкі, як слуп той, стаяў.
— Галена! Ну, годзе! Вядзеце!
Яна працягнула руку:
Галену вось там памянеце!
Мятнула яна за раку.
Сам Бронік таксама застаўся…
Цяпер тут было іх сам-трох.
(Нямы дзесь ад жаху хаваўся).
І смутак на сэрца налёг…
„Якое пытаньне! Ці-ж кінуць
„Тараса вось так аднаго?
„Не, лепш ёй тут разам загінуць“
Вось думкі ля ложка яго.
Ўжо цяўкалі стрэльбы далёка…
„Ці-ж вышлі хлапцы з паласы?“
Жаўцелі Тарасавы шчокі,
І пот пазьліпаў валасы…
Прад ім нахілілась Галена:
На грудзі, як камень налёг;
Бясьсільна спаўзла на калені,
Бяскроўных кранулася ног…
∗ ∗ ∗
Выразны быў час разьвідненьня,
Калі надышлі груганы,
Гэроі крывавых здарэньняў,
Краін пад‘ярэмных паны.
— Дай чоўны! — з-за рачкі няслося,
Пад залпы бяссорамных слоў!
Вядома, навальнік як просе!
— Выходзь там! — пачулася зноў.
І кулі наўкол загулялі,
Як градам пайшлі па лістох.
Жандары ізноў палявалі,
Пужалі ізноў пералог…
Пазьбілі, нарэшце, плацінкі
(На конях прыстаць не змаглі).
Па сьцежках пасеклі галінкі.
Атаку на хатку вялі…
Пад дрэвам стаяў палясоўшчык,
Як лось, што чакае сабак.
Маршчын засмуглелыя тоўшчы.
І вочы спаткалі ваяк.
Ня ўсьпелі старога угледзець,
Як выпаліў ён па ваўкох,
Пасьпеўшы кагось папярэдзіць,
Зямлю таму выбіць з-пад ног.
„Паль!“ раптам раўнула каманда,
І лось заваліўся пад куст:
Па садзе рассыпалась банда.
Пайшло пагалосьсе і хруст…
Галена ў той міг ачуняла,
Як банда у хату вайшла.
Ўся полымем гневу шугала,
І як-жа прыгожа была!
Ваякі спыніліся ў момант.
— Хто гэты? — Ня рушце яго!
— Атаман бандыцкі! — роў гоман.
— Давай галубка сваяго!
— Ня сьмей ты! — і пхнула у грудзі,
— Хоць дайце яму вы сканаць!
Зьвяры вы усе тут, ня людзі!
Начальнік ёй крыкнуў: „маўчаць!“
— Я праўду вам сыпну у вочы!
Страляйце, вось грудзі мае!
Народ наш жыць з панствам ня хоча,
І зьдзейсьніць ён думкі свае!
Той момант ускочыў атаман.
Сабраўся апошні ў ім дух,
Каб сам сваёй воляй, свой аман
Тут скончыць, свой скончыўшы рух.
— Злавілі? Папаўся у рукі?
Ды лжэце! Жывога ня ўзяць!
Дык вось вам, падбаўлю дакукі! —
І раптам павязкі ляцяць…
Мундыры пазьбіліся ў дзьверы.
Стаяў перад імі Тарас,
Як сьмертная здань тых жаўнераў
Крывёю зыходзіў і гас.
ДАСКАЗАНЬНЕ
Далей што? Ці-ж выпяюць гэтыя песьні
Аб тым, як дзяўчыну ўзялі,
Як Нёман дзядуня зірнуў ёй балесьне,
Як дрэвы усьлед загулі?
Ці трапяць-жа высказаць гэтыя словы,
З якім адчуваньнем яна
Агледзіла бацькавы сумныя ховы,
Дзяцінства і смутку паўна?
Як сэрца стрымала дзяўчыны-Галены,
Таго ня учуе жандар,
Калі, скрозь нярушна крывавую пену,
Яшчэ адзін глянуў ёй твар!
Той твар быў бязмоўнага роднага таты,
Што кут свой яшчэ вартаваў.
Адчулі усё гэта ў сэрцы вы, каты?
Тады-б з вас ніхто ня стрываў!
А далей? Вязеньне, прысуды і краты…
Ідуць пагалоскі наўкол:
Ці, кажуць, замучылі дзеўчыну каты,
Ці што не схаваў частакол.
Што ёй уцячы скрозь астрог давялося,
Вядома, ў паўстанчаскі стан;
Што там, дзе Галена, дык пэўна запросе
Ратунку староста і пан.
Што песьні пасклалі, сьпяваюць паўстанцы,
А ў песьнях дзяўчына-гэрой.
А панства пазбавілі троху-ткі танцаў.
А крэсы напружылі строй.
Ды баюць пра той адзінец-астравочак,
Дзе Бронік з Тарасам ляжаць:
Хлапцы пахавалі гэрояў уночы,
І ціха абодвы там сыіяць…
Паснулі і дрэвы, паветка і хатка.
Парэчка зьдзічэла саўсім.
Прырода заводзіць свае тут парадкі,
Пануе над месцам глухім.
А Нёман? А Нёман дзядуня, як плача,
Сумуе бяз жартаў стары.
Крутне пад карчы, сьлёз лізьне небарача.
І стогн адгукнецца ў бары…
На гэтым канчаюцца сумныя песьні.
Даруйце, браточкі, за іх.
І вы, першакветкі нявесты прадвесьня,
Сястрычкі куточкаў глухіх!
Даруйце за верш, за прыпеў, за няскладзьдзе.
Ці-ж вершам ахопіш людзей,
Прасторы каб даць пагудзець, пагуляць дзе,
Прасторы для гэтых падзей!