Перайсці да зместу

Дзе цень сягае

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзе цень сягае
Паданне
Аўтар: народ
Крыніца:http://bellib.org/legenda/item/legenda/legenda-111.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Некалі пры дарозе з Войшкаў у Заячкі стаяла старая жараластая ліпа. Хоць яе сарцавіна даўно абярнулася ў парахню, а вершаліна цалкам змуршэла і абвалілася, але знізу яна кожную вясну кучаравілася густою лістотай...

Біліся тут, кажуць, якіясьці войскі. Біліся не на жыццё, а на смерць. І бачыць адзін военачальнік, што яго войска пахіснулася і пабегла пад націскам ворага. Схапіў ён тады абкаваную жалезам скрыню з грашыма на заплату сваім салдатам і закапаў яе паблізу гэтага дрэва. Частка салдат таго военачальніка загінула ў гэтай бітве, і косці іх ляжаць побач з касцьмі іхніх непрыяцеляў на тых старых могілках, што каля ўрочышча Прыстань пры самай рацэ Нарве. Другая ж частка разам са сваім военачальнікам трапіла ў палон і пайшла ў няволю.

Міналі гады, хадзілі і ездзілі сюдою людзі, і расла сабе ўвышыню ды ўшыркі ліпа на пагорку. Ніхто так і не даведаўся б пра закапаны тут скарб. Але ж той военачальнік, дажыўшы да глыбокай старасці ў чужыне, перад самай смерцю напісаў запавет. Згадаў у ім пра тую скрыню золата і дадаў, што закапаў яго у тым месцы, куды дасягае цень ліпы.

Прагныя дармовага багацця спадчыннікі мігам прымчаліся сюды і пачалі шукаць таго скарбу. Была якраз раніца, і цень разгалістага дрэва сягаў мо на паўвярсты ці болей. Кінуліся яны капаць. Валяць ямы ў рост чалавека, а там няма нічога. Тым часам сонейка паднялося і цень стаў іншае месца паказваць. Давай яны там ямы капаць. Не паспелі і да пояса выкапаць, як цень далей перабег. Капалі яны так, капалі раніцай, апоўдні і ўвечары, а цень вёў іх усё ў новае месца. Капалі яны тыдзень, капалі месяц, спрытна наваколле перарылі і аніяк не маглі на скарб натрапіць. І толькі тады, як са стомы не далі рады ўжо і ног валачыць, зразумелі, што скарбу не знойдуць, бо ў запавеце не было сказана, у якую пору года і дня той военачальнік скрыню з золатам закопваў. Нічога іншага не засталося тым спадчыннікам, як толькі адрачыся ад пошукаў.

Цяпер цень сваім абсягам ужо не спакушае людзей шукаць той скарб. Ад старасці ліпа зусім засохла і звалілася, Нават добра невядома, дзе яна і расла.