Перайсці да зместу

Дзе беларускі народ — там Беларусь!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзе беларускі народ — там Беларусь!
Публіцыстыка
Аўтар: Ян Пазняк
1930 год
Крыніца: Часопіс «Шлях моладзі», № 8—9, ліпень-жнівень 1930 г., б. 4—5

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дзе беларускі народ — там Беларусь!

Аб тым, што на зямной кулі існуе, жыве і разьвіваецца Беларускі народ — ніхто ўжо не пярэчыць.

Існаваньне народу Беларускага ад няпамятных часоў сцьвярджаецца ня толькі аднымі беларусамі, але і навукай агульнай.

Навука сцьвярджае, што народ Беларускі ад няпамятных часоў існуе, розьнячыся сваею моваю, звычаямі і народнай культурай ад народаў другіх, як суседніх, так і далейшых.

Навука сьцьвярджае, што народ Беларускі належыць да сям’і народаў славянскіх.

Навука цьвердзіць, што Беларускі народ разселены ў вадазборах: Дзьвіны, Дняпра, Прыпяці, Буга і Нёмана.

З гэтых навуковых цьверджаньняў ясна кожнаму, што Беларускі народ мае і сваю натуральную тэрыторыю — сваю беларускую зямлю, якая і называецца натуральным імем Беларусь.

Тымчасам, гэтую натуральную Беларусь многія стараюцца называць імем другім, не натуральным. Адну частку называюць „Усходнімі Крэсамі“ Польшчы, а другую часьць „Савецкай Беларусяй.“

Тая тэрыторыя, якая заселена беларусамі, як-бы яе не разгранічываць, заўсёды пакідае за сабою свой натуральны назоў, а назоў яе — Беларусь.

Дзеля таго аднак, што Беларусь падзелена, мы змушаны гэтыя падзеленыя беларускія землі называць іх фактычнымі сучаснымі назовамі: Беларусь пад бальшавікамі ці саветамі і Беларусь пад Польшчай, або ўсходняя Беларусь і Беларусь заходняя. Але ніколі „Савецкая“ і „Крэсы“, бо праз гэта паволі губляецца паняцьце нацыянальнае Беларусі.

Гэтыя назовы частак беларускай тэрыторыі: Крэсы і Беларусь Савецкая прыдуманы сучаснай палітыкай. Дык дзеля таго, што яны ня ёсьць натуральнымі, а міжнародныя дагаворы — Вэрсальскі і Рыскі трактаты, і пад Польшчай констытуцыя, забясьпячаюць беларусам захаваньне сваей нацыянальнай асаблівасьці, беларусы павінны ня толькі самі трымацца натуральнага назову сваей тэрыторыі — Беларусь, але дамагацца і поўнага акрэсьленьня беларускай тэрыторыі назовам — Беларусь,

Беларускі народ хіба што ніколі ня пойдзе па шляху, — каб на Беларусі ня было Беларусі, бо ў праціўным выпадку гэта было-б і нязгодна з правам натуры.

З гэтага вывад, што для беларусаў сучасныя палітычныя назовы беларускай тэрыторыі ня могуць быць іншымі, як толькі натуральны назоў Беларусь.

Я. П — к.