Дзесяць прыказаньняў для памяці
Дзесяць прыказаньняў для памяці Публіцыстыка Аўтар: Змітрок Бядуля 1917 Крыніца: Я—р. «Дзесяць прыказаньняў для памяці». / Язэп Лёсік // Вольная Беларусь : газэта. — Менск: Беларускі нацыянальны камітэт, 28 траўня 1917. — № 1. — С. 3. |
І.
Кожын праваслаўны Беларус павінен ведаць, што ён не расеяц; а католік – што ён не паляк. Памятайце, што вы не проста «тутэйшыя людзі», а беларусы.
ІІ.
Не саромся, беларус, гаварыць па сваяму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песьні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб.
ІІІ.
Богу маліцца трэба толькі па свойму, тады вы добра зразумеіце тое, што вы гаворыце. Дзяцей навучаць трэба толькі на роднай мове, тады навука прынясе шмат карысьці.
IV.
Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чэлавека, калі сам сябе шанаваць будзеш – калі не аткінеш свайго нацыанальнаго ўласнаго багацьця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова.
V.
Толькі на роднай, добра зразумелай мове, чэлавечы розум развіваецца і багаціць родную духоўную і эконамічную культуру.
VI.
Культура кожнай нацыі па асобку прыносіць карысьць агульна чэлавечай культуры – усяму сьвету. Так сама і мы, беларусы, прынясем карысьць усім людзям на зямлі толькі тады, калі яны ў нас пабачуць нашэ асобнае, вытваронае намі, а не пазычанае ў палякоў або ў расейцаў. Фундамэнтам гэтаго ёсьць толькі родная мова.
VII.
Быць беларусам гэта значыць працаваць дзеля свайго краю, дзеля свайго народу і развіваць сваю культуру і штукарство. Так сама шанаваць усе другіе нацыі – “свайго не чурайся і чужому навучайся!”.
VIII
Кожын з вас павінен памятаць і ведаць, што наша беларуская мова ня горшая ад другіх моваў; толькі на нашай мове было наўмысьне забаронено пісаць і друкаваць кнігі дзеля таго, каб мы аставаліся цёмнымі людзьмі і каб былі парабкамі чужых, болей разумных людзей. Ведайце, што неколькі соткаў гадоў таму назад на нашай мове пісаліся законы ў гэтым краю і друкаваліся розные сьвятые і сьвецкіе кнігі.
IX.
Той чэлавек, каторы называе нашу мову “мужыцкай”, “хамскай” і кпіць з яе, гэто або провакатар, або без розуму. Бо мова, на якой гаворыць дзесяць мільёнаў людзей, мае права быць нараўне з усімі другімі мовамі і развівацца праз друк і кнігі. У той час, калі паны расейскіе гаварылі толькі па французку, сьмеяліся і з расейскай мовы і сароміліся яе.
X.
Тые людзі, с палякаў ці з расейцаў, каторые скажуць вам: “Кіньце сваю бедную, неразвітую мову і прылучыцеся да нас – мы вам дадземо ўсё гатовенькае!” – гэта, памятайце, такіе людзі, што хочуць найдалей закабаліць вашу душу – ня ідзіце за імі! бо страціце сваё імя і зробіцеся нявольнікамі духа, грунтам для чужых.
Толькі тады чэлавек вольны – калі мае ўсё сваё.