Дзед і мядзведзь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Дзед і мядзведзь
Верш
Аўтар: Якуб Колас
Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy


                 І

Кажа дзеду баба:
— Дзеду, з хлебам слаба —
Едзь у млын ты, дзедка!
Млын не страшан дзеду:
— Трэба, дык паеду,
Бабка, мая кветка!
Дык гатуй сняданне —
Менш завозу зрання,
Справа, бач, такая.
Паліць баба ў печы,
А дзед грэе плечы,
Снедання чакае.

                 II

Скавародка
Ходзіць лётка,
Спрытна ў бабіных руках.
Тыя ж дровы
Роняць словы —
Трах-та-тах!
Трах-та-тах!
Скваркі ў печы
Штось дарэчы
Шэпчуць той скаварадзе,
А старэчы
Каля печы
Ім і сам у тон гудзе.

                 III

Дзед паснедаў ёмка,
Нават ікнуў громка.
Вось прыбраў наш дзед калёсы,
Колы дзёгцем квацануў,
Нацягнуў тужэй атосы,
Шчыльней загваздкі заткнуў.
І мяшкі паклаў дзядуня —
Дуж дзядок быў і здароў, —
Па кабылу звольна суне, —
Дзед гарачкі не пароў.
А была ж у дзеда
Кабыліца гнеда,
Белагрывая,
Памаўзлівая.

                 IV

Выйшаў дзед, кабылу кліча:
«Кось-кось-кось!»
Ды «кось-кось-кось!»
Выган, гай прайшоў наскрозь,
Бо кабылін ведаў звычай.
Эх, кабылка, воўча мяса,
Ну і шкодніца ж яна!
Так і шкворыцца адна,
Лезе ў шкоду самапасам.
А бадай жа яе качкі!
Трэба ў млын, яе ж няма!
Час той зводзіцца дарма
З-за кабылкі, з-за лайдачкі.
Дзед ідзе, а цемнавата;
Зірк — у грэчцы ходзіць штось.
«Знаю нораў твой, нябось,
І натуру твайго брата!
Патравіла грэчку троха...
Пачакай жа, памаўзоха!»
Скраўся дзед і — хоп за грыву,
Ды вярхом і ў бок штурхець!
Як раўне ж пад ім мядзведзь!
Як памчыцца ў лес праз ніву!
Як задасць ён ла-та-та!
Прэ мядзведзь наўскапыта.
А дзед бедны — дух у пятах.
Учарэпіўся за хіб,
Звера пынячы, ахрып.
«Тпрру, спыніся! стой, мядзведзь!»
А мядзведзь цялеп-кульгець!
Толькі мордаю трасе,
Дзеда ў лес імчыць-нясе!

                 V

І набраўся ж страху
Дзед з сваім мядзведзем!
Гэтак даў ён маху —
Смех сказаць суседзям!
Як ён не разгледзеў
Ды сеў на мядзведзя!
Беглі ельнякамі —
Біўся лес сукамі,
А галінкі-лапкі
Збілі дзеду шапку,
Аб бярозу-вітку
Разадраў дзед світку,
А аб пень дубовы
Гуз набіў здаровы.
Бачыў лес пацеху,
Дзеду ж не да смеху.
Пазіраў з бярлогу
На іх вепр іклаты.
Уступаў дарогу
Ім сам лось рагаты.
Цокала вавёрка
Ад такога дзіва,
Нават воўк з узгорка
Лыпнуў вокам скрыва.
А як зайчык згледзеў
Дзеда на мядзведзі,
Ад той небяспекі
Кінуўся наўцекі.
Злодзей тхор-выжыга
Толькі выскаляўся,
А лісок, псялыга,
Сосмеху качаўся:
«Ой, звяры, вы, мае братцы!
Памажэце мне смяяцца!»
Гасаў мядзведзь, гасаў,
Насіў дзядка, насіў,
Аж сам сябе кусаў,
На ўвесь лес галасіў.
Зачапіўся лапцем дзед
За корч-патарчаку,
Адчыніўся тады свет
Дзеду-небараку.
Выпусціў мядзведзя з рук,
Гопнуўся, завохаў,
Распасцёрся, бы япрук,
На зялёным моху.
«Вось брыда, мядзведзь!
Адкараскаўся ледзь!
А бадай ты спрах!..
Аж гудзе ў вушах!»

                 VI

Прыйшоў дзед дахаты,
Ціхі, вінаваты.
І спытала бабка:
«А дзе твая шапка?
Як табе не брыдка —
Разарвана світка!
Ой ты, дзед-дурыла, —
У хляве кабыла!
Дык вазьмі за нораў —
Не хадзі за горы,
А перш каля носу
Пашукай ты лёсу».
— Скажы дзякуй, баба,
Што прынёс я драбы!

(?)