Жоўтага пясочку —
Дый і тога мала —
Мeў наш дзед па бацьку; —
Зваўся ён Завала.
Ліхая хацінка
Саломаю крыта;
Ліхая адрынка,
Ды адно карыта
3 крадзенага лесу
Лава, стол у хаце,
Міска і дзьве лыжкі —
Вось, і усё багацьце!
Праўда, у аборы,
Як каза, кароўка
3 голаду рыкала,
Звалася Чарноўка.
Сваей гаспадаркі
Ня любіў Завала,
Так і з ёй карысьці
Меў саўсім ён мала.
3 стрэльбачкай на плечах,
Ды у зубах з люлькай
Кожны дзень спаткацца
Маглі-б вы з дзядулькай. Саўсім яшчэ цёмна, —
Так ня раз, бывала,
Дзед ужо у лесе
(Яшчэ пушча спала)…
Гэтакага лесу
Нам ужо ня бачыць,
Бо каморнік што дня
З жыдам яго значаць;
На шнуры лес рэжуць,
Нумары стаўляюць…
Колькі пнёў у лесе —
Яны пашчытаюць?!
І от, з таго часу,
Як лічыць пачалі,
Зьвер і птушкі нават —
Тыя замаўчалі…
І ня дзіва, брацьця:
Цяпер наш Рыгорка
Кожны цень абліча
З любаго прыгорка.
…Казаў: спала — пушча.
Толькі дзед Завала,
Як у сад знаёмы,
Цягне там бывала.
Пакуль пройдзе выган,
Ды шнурамі поле,
Моліцца і Боскай
Аддаецца волі:
А як толькі ступіць
На край лесу цёмны, —
Гоц праз пні, калоды, Як той няпрытомны!
Бо у пушчы сьцежак,
Ні дарог ня будзе:
Хто ня знае лесу,
Той, як бач, заблудзе!
Ні Завале сьцежак,
Ні дарог ня трэба:
Стрэльбачку на плечы,
Люльку, кусок хлеба…
Тут сасна-таўстуха,
Дуб зараз пузаты,
Там часаў з павалы
Упорку да хаты;
Скора будуць ёлкі
Тры зараз зламаны,
Далей корч рагаты,
Добра дзеду знаны:
Дзесяць год мінула —
Пахаваў старуху.
Калядамі потым
Тут забіў Мapyxy.
За карчом-жа скора
Будзе там палянка, —
Некалі стаяла.
Тут чыясь зямлянка,
Драбняк за палянкай
Цягне яшчэ з гоні,
Тут, загнаўшы летась,
Зьелі ваўкі коні,
Потым бор высокі —
Сосна у сасонку!… Слухае дзед вухам
У адну старонку:
Нібы нехта шэпча
Нібы хтось сьмяецца,
Нібы сціха плача —
Так усё здаецца…
Дзед на гэты шэпты,
Крадучыся ціха,
Стаў бліжэй падходзіць —
Не баіцца ліха!
Выйшаў на паляну
Стары дзед 3авала,
Туды сюды глянуў
(Чуць тады сьвітала):
Праз палянку рэчка
Бяжыць, шуміць, плача;
Дзед па пнёх праз рэчку
На другі бок скача:
А там пень дубовы
Ростам з чалавека —
Выпалена сэрца
Стаіць, як калека.
У дзюпле расьсеўшысь,
Як у сваей хаце,
Стаў выймаць дзядуля
Тут свае багацьце:
Порах, шрот, пістоны
І кавалак хлеба,
Стрэльбачку паставіў,
Глянуў ён на неба:
Там — высока нейдзе — Хмаркі, як каточкі,
То як вол лабаты,
Або нібы бочкі
Зьмяняюцца хмаркі:
То з іх лось рагаты,
То з іх птах вялікі,
То шнурамі хаты…
А ужо i пушча
Стала прабуджацца, —
Некамусь ды трэба
Першым адазвацца.
Аж тут калі плёхне
У віры пры рэчцы:
Шчупаку пасьнедаць
Нехта пападзецца!
Потым на балоце
На сасне старушцы
Глушэц заіграўся,
Як смалой на пужцы.
Хіба, што глухі ён,
Бо, каб прыслухаўся,
Сваей песьні пэўне
Сам-бы застыдаўся!
Гэтакую песьню
Першы дрозд-сьпевака
Прыняў за зьневагу
Свайго брата-птака:
На шчыт елкі сеўшы,
Стаў сьвістаць, сьмеяцца,
Што той песьняй можа
З салаўём раўняцца. Цецярук, хоць сватам
Глушцовым лічыўся,
Але з стыду, злосьці
I ён разгадзіўся;
Шыкнуў, ды стаў лаяць,
Як мага, ён свата. —
Ня меў ён лепшага
Да лаянкі хвата:
Гаспадар у лесе —
Дзяцел наш насаты:
Ня любіў, каб сварку;
Выхадзіла з хаты
Як абухам грукнуў
У сухую елку,
Каб уцішыць сварку,
Каб ня было згелку,
Памачніцы-жоўны
Тут-жа затрашчэлі, —
Дзятлаву каманду,
Відаць, зразумелі.
І, як макам, сеяў,
Так прыціхла пушча,
Толькі эхам нейдзе
Адазвалась гушча…
Доўга дзяцел слухаў,
Наставіўшы вуха, —
Зьляцеў пасьля ў кузьню
І стаў каваць глуха.
Як-бы на каманду
Пушча заіграла:
Песьні, шум і гоман, —
Слухаў дзед Завала… Павіднела лепей
Ужо на паляне, —
Зьмерыўся дзед вокам,
Стрэльба дзе дастане.
Рука затраслася,
Як у цэль ён зьмерыў,
Але-б яшчэ трапіў
У добрага зьвера.
Сядзіць і чакае,
Ў сьвет глядзіць далёкі,
Бач, ляціць і заяц
Белы-касавокі.
Толькі што займацца
Гэтакай скацінай,
Чалавек раз знаўся
З лепшаю зьвярынай?
Зморшчыўся і плюнуў
Зьнехаця Завала:
Няпрывычны біць ён
Што-бы ні папала!
І стаў зноў чакаць ён…
Сонца паднялося…
Выстраліць сягоньня
Дзеду ня прыйшлося! —
Але і сьпяшацца
Ня было да кога.
Ў хаце не пакінуў
Нічога мілога…
І з дзюпла дзед вылез,
Лёг на сонцы грэцца,
Уздыхнуў, успомніў, Як яму жывецца…
Сьлезіна па твары
Скацілася з вока, —
Ой, бо тыя думкі
Ляцелі далёка…
Вельмі, ох, любіў ён
Думачкі думаці,
Праўду ад няпраўды
Дзяліць, разбіраці…
Любіў з дзікай пушчай
Гэтым падзяліцца, —
Са сваймі, з людзямі,
Ня мог неяк зжыцца.
........
Зашумеў бор цёмны…
Хто шум той пазнае?
Чы ветрык павеяў,
Чы хтось паклікае?..
Есьць у гэтым шуме
Доля і нядоля,
Енкі ёсьць, што кажуць,
Злая дзе няволя…
Есьць у гэтым шуме
Плач як-бы сіроткі
І крык нейкі ціхі,
Страшны і кароткі…“
........
Даўно было гэта.
Хадзіць чуткі сталі
Аб вялікай волі Усе заталкавалі.
Многа гаварылі,
Што загляне сонца
(Толькі памажэце!)
У ваша ваконца.
Народ йшоў у пушчу
Па долю другую, —
Пайшоў і Завала
Шукаць яснасьць тую
І пайшла ўзрастаці
Магіла к магіле…
Ваўкі з груганамі
Костачкі дзялілі.
Свайго свой пужаўся
У сваей старонцы…
І хоць паднялося,
Ня прыгрэла сонца!
........
Калі там вярнуўся
Дзядуля да дому?
І як там дабраўся?
Ня знама нікому.
Адно з таго часу,
Калі хто пытаўся,
Дзе гэта дзядуля
Так доўга бадзяўся —
— „А, сачыў магілкі,“ —
Так ім дзед гавора, —
„Дзе касьцей зьвярыных,
„Як пяску у моры.
„Пятая дзе пушча, „Сем балот як пройдзеш, —
„Калі справедлівы, —
„Там іх тады знойдзеш.
„Кожны зьвер, чы птушка,
„Калі сьмерць пачуе,
„Цягнецца і там-жа
„Днюе і начуе.
„Там ёсьць і бальніцы,
„Калі хвор каторы,
„Гнезды пухам сланы
„І выгодны норы.
„Бацяны за бабак,
„Фэльчарам — ласіца,
„Дохтарам — сам вожык,
„Служкаю — сініца.
„Пястуны[1] за няняк,
Лось — дзеля парадку,
„Бабры пры будове,
„А дзік каля статку.
„Мядзьведзь за сядзелку,
„Крукі за сьпявакаў
„Сьвірна воўк пільнуе,
„Каб на было браку.
„Сьвежага ліс мяса
„Туды дастаўляе.
„Рысамаха млекам
„Кублы налівае. „Зерня носяць птушкі,
„Чаплі цягнуць рыбу,
„Галубкі — вадзіцу —
„У сваю сялібу;
„Удод у засекі
„Насыпае бобу,
„А сарока зельля
„На кожну хваробу;
„3 барсукамі выдры
„У стог сена носяць,
„Казлы на хаўтурах
„З жонкамі галосяць.
„Старшынёю — ястраб,
„Пасланцы — вавёркі
„Лётаюць, пільнуюць
„Ад зоркі да зоркі.
„Кожны зьвер, ці птушка —
„Там яны пры чыне, —
„Мусіць працаваці,
„Аж пакуль ня згіне.
„Аднэй ня прыймаюць
„Толькі там зязюлькі,
„Што сірот кідае,
„Зараклася люлькі.
„Есьць яшчэ будынак
„Там зусім асобны,
„Добра збудаваны,
„Цёплы і аздобны;
„Стыдна і прызнацца,
„Каго там хаваюць
„У такой выгодзе
„І бяды ня знаюць: „Бяз зубоў сабаку
„І каня-калеку!
„За век службы людзям
„Тут знайшлі апеку“…
Гэтак любіў баяць
Стары дзед Завала; —
Можа многа праўды,
Можа зусім мала?
........
........
Ішоў год за годам,
Ішоў чарадою, —
Дзед што-дзень у лесе
Летняю парою.
Завале без пушчы
Пушчы без Завалы —
Як-бы ня ўсе дома
Як-бы чагось мала!
Адны песьні пелі,
Адны думкі мелі,
Друг дружка бяз слова
Добра разумелі;
Аж так і дапелісь
Да канца пустога:
Ой, ня строіць жартаў
Пушча, знаць, з нікога!
Аднэй штось нядзелькі
Была, помню, бура:
Па высокім небе
Хмура йшла за хмурай), Як пабрыў дзядуля
У свой лес знаёмы,
Так больш не папаўся
На вочы нікому.
Што з ім, бедным стала?
Трудна адгадаці:
Ў беларускай пушчы
Гэта, брат, ня ў хаце!
Мо пярун агністы
Яго абязьвечыў,
Можа зьвер пашчупаў
Косткі чалавечай?! —
А можа дастаўся
Ў той будынак з байкі,
Дзе коні-калекі,
Бяз зубоў сабакі?..
Карпілаўка.
|