Дэлегатка (1928)/Дзед Арцём
← Белы певень | Дзед Арцём Апавяданьне Аўтар: Змітрок Бядуля 1928 год |
Маці → |
ДЗЕД АРЦЁМ
Вецер скубаў цёмна-бурыя саламяныя стрэхі. Ён гойдаўся над калматай вёскай, скачучы па комінах, па старых азяродах і па стромкіх жоравах студняў крокамі асілка-вялікана. Абсыпаны залатою шчацінаю вясновага сонца вецер прыблытаўся сюды з прасторных пустых палёў, каб патрывожыць абросшае мохам згорбленае стада хатак.
На абшырным пустым гумне стаяў стары дзед Арцём. Замасьлены кажуронак тырчэў на ім, як бляшаны. З-пад старой кучмы віселі жмуткі жоўта-сівых валасоў. Яго рэдзенькая празрыстая бародка выглядала, як прыклеены пук кудзелі, якую нявідочныя пальцы тармошаць цяпер ва ўсе бакі.
Дзед жмурыў маленькія мышыныя вочкі, сагнуўся, упіраўся рукамі ў вострыя калені і пільна прыслухоўваўся. Дзед як-бы прымацаваўся да месца, каб вецер яго не папхнуў, і выглядаў адзінокім абвугленым карчом.
Шурчыць вецер на стрэхах — ш-ш-ш-ш-ш — нібы сала пражэцца на патэльні. Галёкае і войкае па пустых комінах жудасным хрыпам. А во скавыча ў недалёкім гушчары, як парсюк, якога на коляды коляць. А на суседнім гумне самы вецер-дуроньнік хрусьціць у кучы леташніх сухіх бярозавых лістоў, перасыпае іх з месца на месца, падкідвае ўгару, падымае высока і кружыць, кружыць што раз мацней. Здаецца, што гэта носяцца вераб‘і ў шалёным карагодзе.
Стары Арцём любіць рознастайную музыку ветра, ведае, скуль прыплывае на яго крыльлях кожны гук, кожны звон, кожны гоман. Дзед ведае гэтыя вольныя сьпевы, нібы гэта ён сам наігрывае на аграмадным нявідочным музычным інструманце. Ён прыслухоўваецца доўга са смакам вялікага знаўцы. Раптам зьдзіўленьне мільгае на яго твары. Ён настаўляе вушы болей пільна, нахіляе галаву на бок і доўга слухае.
Дзед мармоча сабе пад нос лаянку і ўстрывожаны і зацікаўлены выпрастоўваецца: ён неспадзявана пачуў фальшывы тон у сваім інструманце. Лёгка ўзбіраецца ён на жоўты курганчык — на высокі канец, на якім захавана ў восені бульба на насеньне, і прымае ранейшую позу.
Дзеда ўзьдзівілі ў ігры ветра новыя гукі, якія ён чуе ўпяршыню. Гэтыя гукі падобны да звону цымбалавых струн, калі музыка падымае палачкі струны самі дрыжаць у працяглым апошнім адгалоску.
Селянін казерыць вочы ад дзіва, высоўвае з кажуронка галаву, якая хадыром ходзіць на худой жылістай шыі, і пазьвярынаму нюхае паветра праз меру завостраным носам. Тонкія ружаватыя ноздры то сплюшчваюцца ў лісткі, то круглеюць у падвойную сьвісьцёлку. Незнаёмы звон-сьвіст коціцца з боку папоўскага двара, дзе цяпер хата-чытальня.
Дзед прыкладае левую далонь, як трубку, да левага вуха, а пальцы правай рукі ставіць кружком да правага вока, як бінокль. Так стаіць ён некалькі хвілін. Раптам ён зрываецца з месца, нібы хто яго шылам у бок пырнуў, стукае сабе пальцам у лоб, кажа многазначнае „э-г-гэ“! і ад усяго сэрца плюе тры разы ў тры розныя бакі.
— Цьфу! каб вы ачмурэлі! Каб вы скісьлі! Каб вас ліханька закапусьціла! — смачна лаецца дзед з паузамі, ядрана i выразна, пасьля чаго выцірае зашмальцаваным цьвёрдым рукавом сьліну на пажоўклых вусах.
Дзед успомніў, што каля хаты-чытальні нядаўна ўбівалі ў зямлю высокія жэрдкі і над дахам нацягнулі некалькі столак дроту. У гэтай рабоце галоўнымі канаводамі былі яго ўнукі „кусамольцы“. Шалахвосты, як чэрці, лазілі па даху і зацягвалі дрот. Вось гэты самы дрот і пяе цяпер на розныя лады, звоніць і грае.
— Каб у іх вантробы гралі, дай божанька! — вылаяўся стары ў думках сваіх. — Гэта-ж прыдумалі чорнакніжнікі такую забаўку-цацку! — А ўсё гэта ад погані, ад нячыстай сілы бязбожніцкай, — разважаў дзед далей. Аб гэтым ён ведае даўно, у царкве поп ня раз гаварыў.
Дзед давай класьці рукамі крыжы ў паветры ва ўсе бакі і злосны пайшоў у хату, каб ня слухаць болей гэтых „чартоўскіх цымбалаў“.
∗
∗ ∗ |
Некалькі дзён „чартоўскія цымбалы“ дзеду Арцёму супакою не давалі. Аб іх усе гаварылі. Не маглі дачакацца той хвіліны, калі дрот чалавечым голасам загавора.
Дзед майстраваў на дзядзінцы бярозавае тапарышча. Ён увайшоў у гэту працу ўсёй істотай, аддаў ёй кемнасьць і спрыт многіх гадоў. Можа дваццаць пален ператрымаў, пераважваў стары ў сваіх руках, пакуль вымеркаваў якраз патрэбнае паводле сухасьці і трываласьці дрэва. Нібы скульптар, які ў мармуравай глыбе бачыць зграбныя формы будучага закончанага твору, таксама бачыў стары Арцём у кавалку дрэва прыгожае, гладзенькае, беленькае, як сьнег, як малако, тапарышча…
Арцём жмурыў вочы, з замілаваньнем стругаў палена, апарошаны ўвесь стругавіньнем, нібы белымі матылькамі.
Каля дзеда капаліся ў сьметніку куры: фарсісты ганаровы певень з вялікім зьбянтэжаным гарэмам рознакаляровых жонак.
Певень, зацікаўлены талентам дзеда, спрабаваў клюнуць раз-другі маленькае стругавіньне, але, не адчуваючы ў ім смаку, зірнуў на дзеда каплівым вокам і з сумленьнем кіўнуў галавою.
У гэты час у вёсцы пачалася нейкая суматоха, беганіна. Дзед у захапленьні мастака не заўважыў гэта спачатку. Падняў ён калматую галаву ад работы толькі тады, калі гоман людзей вырас у грымучы паток.
— Няйначай пажар, — падумаў стары і пабег на гэты шум, які насіў з хаты-чытальні, „з боку чартоўскіх цымбалаў“. Там сабраласа ўся вёска — і старыя і малыя.
Нешта ёкнула ў сэрцы старога, вялікі страх напаў на яго ад „чартоўскіх цымбалаў“, але, ня гледзячы на гэты страх, невядомая сіла цягнула Арцёма да тлуму людзкога. Грамада людзей стаяла зацікаўленая, разгарачаная і гудзела, як вялікі рой пчол. Усе галасы зьліліся ў адну хвалю гукаў, з якіх стары ўлавіў толькі адно слова:
„Радыё, радыё, радыё“.
Гэтае слова ператварылася ў разуменьні дзеда ў слова „радысьць“.
Якая радасьць напала на іх? Каб іх ліха ўзяло! Каб іх зямля не насіла! Каб іх…
Дзед не дакончыў лаянкі, бо раптам зрабілася так ціха, ажна пасьля ранейшага шуму гэтая цішыня глушыла вушы і прыкра стала на душы Арцёма. Апошнія словы яго старчай лаянкі клінам урэзаліся ў цішыню.
Стары зусім з панталыку зьбіўся. На адчыненым вакне хаты-чытальні стаяла нейкая штучка з шырокай трубою.
Вакола яе круціліся яго ўнукі „кусамольцы“ і махалі рукамі, каб было ціха.
Раптам труба загаварыла…
Голас быў з хрыпоткай, але вельмі выразны, чуваць было далёка вакол. Гаварылася аб сельскай гаспадарцы, аб працы селяніна на полі вясной.
Сяляне пачалі прыслухоўвацца, як на сходзе, пачалі сыпаць рэплікамі.
— Ведаем!
— Брашы, брашы, труба!
Некалькі чалавек пусьціліся ў хату глядзець, хто ў трубу гаворыць.
— Няйначай, там нейкі крыксун схаваўся! — крычалі яны.
Шчыры рогат Арцёмавых унукаў уторыў лекцыі нявідочнага чалавека.
Людзі шукалі чалавека пад сталом, пад лавамі.
Дзед стаяў нярухомы, трымаючы тапарышча ў руцэ ў такой позе, нібы рыхтаваўся даць па ілбу нявідочнаму ворагу. Ён глядзеў на „кусамольцаў“ такімі вачыма, нібы бачыў на іх рогі і хвасты „нячысьціка“.
Труба гаварыла хвілін пятнаццаць.
— Правільна! Правільна! — крычалі барадачы ў захапленьні.
Вяскоўцы падыходзілі да трубы, мацалі яе асьцярожна рукамі, углядаліся ў яе пустое нутро, шукаючы захаванага сакрэту.
Стары вытарашчыў вочы і стаяў, як зачарованы.
— Концэрт артыстаў беларускага тэатру! — прагрымела труба. Зноў стала ціха. Людзі ў рознастайных урачыстых позах нарыхтавалі вушы.
Дзед мала зразумеў з гэтых слоў, але таксама навастрыў слух.
Паліліся гукі „Лявоніхі“, спачатку ціхія і павольныя, як журчаньне ручая, але з кожным разам гукі крапчэлі і сыпаліся шыбчэй.
Вясёлыя шчокатлівыя зыкі піаніна перапляліся з стройным сьпяваньнем хору. Гучны сьпеў запоўніў вуліцу, усю вёску, адбіваўся ў гарачым блеску людзкіх вачэй. Песьня нявідочным дажджом палілася ў кроў, у нэрвы.
Людзі пачалі пад песьню і музыку выбіваць такт нагамі, пляскаць у далоні. Нарэшце некаторыя маладыя ня вытрымалі — пусьціліся ў скокі на шырокім дзядзінцы.
Нешта ўстрывожыла старога Арцёма. Ён успомніў маладыя гады — ён быў калісьці вялікім гулякай. Закружылася галава, як ад самагону. Невядомая сіла ўцягнула і яго ў вір гульбішча.
Дзед круціўся на месцы з тапарышчам у руках, тупаў нагамі і сьпяваў:
„Гэй, Лявоніха, Лявоніха мая!“
Ён ачнуўся ад шалу толькі тады, як труба сьціхла і людзкі рогат шкляным гарохам пасыпаўся ў яго бок.
— Ой, спакусіла нячыстая сіла… марматаў спалоханы дзед і пачаў выціраць пот з твару. Тапарышча выпала з рук.
Дзед кідаў злоснымі вачыма ў людзкую грамаду і трос на іх, нібы гірамі, дзьвума фігамі, скручанымі насьпех з закарузлых жылістых пальцаў.