Дзевяноста трэці (1937)/1/4
← Кніга трэцяя | Частка першая. Кніга чацвёртая Раман Аўтар: Віктор Гюго 1937 год Арыгінальная назва: Quatrevingt-treize (1874) Пераклад: Янка Маўр |
Частка другая. Кніга першая → |
КНІГА ЧАЦВЕРТАЯ
ТЭЛЬМАРШ
ВЕРХАВІНА ДЗЮНЫ
Стары пачакаў, пакуль Гальмало знік з вачэй, потым захінуўся ў плашч і пусціўся ў дарогу. Ён ішоў задумліва і павольна.
Ззаду вялізным чорным трохкутнікам са сваёй тыарай-саборам і цытадэлю, са сваімі двума вялікімі вежамі — круглай і квадратнай, нібы памагаўшымі ёй вытрымліваць падвойны цяжар царквы і вёскі, выступала над морам гара Сен-Мішэль.
Зыбучыя пяскі бухты Сен-Мішэль непрыкметна перасоўваюцца, увесь час змяняючы форму дзюн. У тыя часы між Гюінам і Ардэвонам была вельмі высокая дзюна, якая цяпер выраўнялася з берагам. Яна славілася даўнасцю свайго паходжання. З верхавіны яе была відаць на далёкую адлегласць уся навакольная мясцовасць.
Стары накіраваўся да гэтай дзюны і стаў узбірацца на яе. Дасягнуўшы верхавіны, ён прысеў на адзін з чатырох камянёў мілевага слупа і, прысланіўшыся да яго, пачаў разглядаць жывую геаграфічную карту, што расцілалася ля яго ног. Ён нібы шукаў дарогу ў добра вядомых яму месцах. Было ўжо настолькі цёмна, што адзінай выразнай лініяй на ўсім гэтым шырокім пейзажы была лінія гарызонта, якая чарнелася на бледным фоне неба.
Можна было разгледзець групы дахаў адзінаццаці мястэчак і вёсак. На некалькі лье ў абодва бакі відаць былі званіцы прыбярэжных касцёлаў; у тых месцах іх наўмысля будуюць вельмі высокімі, каб яны маглі служыць маякамі для суднаў, якія знаходзяцца ў моры.
Раптам ён заўважыў, што над дахам галоўнага будынка фермы хістаецца нейкі дзіўны прадмет. У цемнаце нельга было разгледзець ні колеру яго, ні формы. Стары доўга ўглядаўся ў гэты прадмет, нібы пытаючы сябе: «Што-б гэта магло быць? Гэта не флюгер: флюгер круціцца, а гэта хістаецца. Непадобна і на флаг».
Ён стаміўся і цяпер з прыемнасцю адпачываў, седзячы на камені. Ён глядзеў, прыслухоўваўся. Да чаго? Да цішыні. Нават у сільных натур бываюць мінуты журбы. І раптам гэтую цішыню не то каб парушылі, а неяк падкрэслілі галасы праходзячых міма людзей. Гэта былі жаночыя і дзіцячыя галасы. Бывае, што ў начную цемру нечакана ўварвецца вясёлы перазвон. За кустамі не было відаць прахожых, але было чутно, што яны ідуць унізе, каля дзюны, ў бок раўніны і лясоў. Свежыя і звонкія галасы чуліся так блізка, што выразна даходзіла кожнае слова. Жанчына сказала:
— Пойдзем хутчэй, цётка Флешар. Куды тут заварочваць? Сюды?
— Не, вунь туды, — адказала другая.
І два жаночыя галасы, — адзін гучны, упэўнены, другі нясмелы, — прадаўжалі сваю гутарку.
— Як завецца па-вашаму ферма, якую мы цяпер займаем?
— Эрб-ан-Пайль.
— Яшчэ далёка да яе?
— Добрую чвэрць гадзіны хады.
— Ідзем хутчэй. Вячэраць трэба.
— Але, мы і так спазніліся.
— Пабегчы-б, ды дзеткі твае змарыліся. Двум бабам не занесці тры такія парасяці. Ты і так ужо цягнеш адну. У ёй без малага пуд. І навошта ты яе цягаеш на руках? Вялікая дзяўчынка, хутка два гады. Ужо ад грудзей адлучылі. Хай прабяжыцца… Эх, астыне наш суп!
— А добрыя чаравікі вы мне падаравалі! Акурат падыходзяць, нібы на мяне шытыя.
— Усё-ж лепш, як бегаць басяком.
— Не адставай, Рэнэ-Жан.
Галасы аддаліліся. Усё сціхла.
Стары не варушыўся. Навакол стаяла ясная, непарушная цішыня. Прырода супакоілася ў даверлівай дрымоце. На дзюне было яшчэ светла, але раўніна пацямнела ўжо, а ў лесе панавала сапраўдная ноч. На ўсходзе ўставаў месяц. Рэдкія зоркі праразалі бледнаблакітнае неба. Стары адчуваў, што ў душы яго нараджаецца надзея, калі толькі слова «надзея» можна ўжыць у чаканні грамадзянскай вайны. Яму здавалася, што цяпер, калі яму ўдалося ўцячы з мора, такога бязлітаснага, і ён ступіў на цвёрдую зямлю, то ўсякая небяспека для яго мінула. Ніхто не ведаў яго імя; ён бясследна схаваўся ад ворага. Ён быў адзін, нікому невядомы, ні ў кога не выклікаючы падазрэння. Зямля і неба былі ахоплены глыбокай цішынёй. Толькі вецер дзьмуў з мора.
Раптам стары ўстаў і пачаў пільна ўглядацца Ў далечыню.
На званіцы Кармерэ адбывалася нешта дзіўнае. Яе цёмны сілуэт выразна вырысоўваўся на бледным фоне неба: відаць былі ўся вежа з яе пірамідальным дахам і паміж дахам і вежай клётка для званоў, квадратная, скразная, адкрытая з усіх чатырох бакоў, як прынята ў брэтонцаў.
Гэтая клетка то закрывалася, то адкрывалася: праз роўныя прамежкі часу яе высокае акно то выступала белай плямай, то цямнела; то скрозь яго відаць было неба, то на яго набягаў нейкі цень, і гэты цень і гэтыя пробліскі святла штохвілінна чаргаваліся з правільнасцю ўдараў молата, што б'е па кавадлу.
Стары зірнуў направа, на званіцу Багер-Пікан, якая таксама выразна вызначалася на гарызонце. І там пралёты то адкрываліся, то закрываліся.
Ён паглядзеў налева, на званіцу Таніса. Там паўтаралася тая самая з'ява.
Тады ён пачаў углядацца ў званіцы ўсіх навакольных касцёлаў.
І ўсюды пралёты званіц то чарнеліся, то святлеліся.
Што тэта значыла?
Гэта азначала, што ўсюды званілі ў званы. І званілі, не шкадуючы рук, бо іначай цень і пробліскі не маглі-б чаргавацца з такой хуткасцю.
Але што-ж гэта быў за трызвон?
Відаць, білі ў набат. Білі шалёна на званіцах усіх касцёлаў, ва ўсіх парафіях, ва ўсіх вёсках.
Але звону не было чуваць. Вецер дзьмуў з мора і адносіў усе гукі ў процілеглы бок.
Нібы шалёныя, званы адначасова з усіх бакоў будзілі цішыню ночы.
Стары глядзеў і слухаў. Ён не чуў набата, але бачыў яго.
Бачыць набат — незвычайнае адчуванне.
На каго-ж злавалі званы? Супроць каго заклікаў гэты набат?
КАРЫСЦЬ БУЙНАГА ШРЫФТА
Безумоўна, на кагосьці рыхтавалася аблава… На каго?
Гэты жалезны чалавек уздрыгануўся.
Не, не можа быць, каб шукалі яго. Як маглі здагадацца, што ён тут? Не можа быць, каб хто-небудзь паспеў паведаміць дэлегатам Канвента[1]: ён-жа толькі што высадзіўся. З загінуўшага карвета, напэўна, не выратаваўся ніводзін чалавек. І, апрача таго, на карвеце ніхто, апрача Буабертло і Ла-В'ёвіля, не ведаў яго імя.
А званы працягвалі свой шалёны трызвон. Ён глядзеў і машынальна пералічваў іх, і мысль яго, спуджаная раптоўным пераходам ад поўнай бяспекі да страшнай невядомасці, бездапаможна кідалася, пераскокваючы ад адной здагадкі да другой. Але, па сутнасці, чаго яму было баяцца? Мала чаго маглі біць у набат! Ён пачаў супакойваць сябе, гаворачы: «Глупства! Ніхто не ведае, што я тут, ніхто не ведае майго імя».
Ужо некалькі мінут ён чуў у сябе над галавой і адзаду нейкі шолах. Так шамаціць лісце на дрэвах ад моцнага ветру. Спачатку ён не звярнуў на гэта ўвагу, але шолах не спыняўся, настойліва паўтараўся. Стары абярнуўся. Аказалася, што гэта быў аркуш паперы: вецер трапаў парваную афішу, прыклееную да слупа. Яе прыклеілі нядаўна, бо яна была яшчэ вільготная, і, мабыць, дрэнна прыклеілі, бо іначай вецер не мог-бы адарваць яе.
Неба было яснае: у чэрвені прыцемкі цягнуцца доўга. Унізе, пад дзюнай, было цёмна, але верхавіна была яшчэ асветленая.
Афіша была надрукавана буйнымі літарамі, таму яе сяк-так можна было разабраць. Вось што ён прачытаў:
„Французская рэспубліка, адзіная і недзялімая“.
Мы, прыёр з Марны, прадстаўнік народу, камісар пры берагавой Шэрбургскай арміі, гэтым загадваем: Былы маркіз дэ-Лантэнак, віконт Фонтэнэ, які называе сябе брэтонскім прынцам і які высадзіўся цішком на берегах Францыі каля Гранвіля, абвяшчаецца па-за законам. Галава яго ацэнена. Таму, хто выдасць яго ўладзе жывога або мёртвага, будзе заплочана шэсцьдзесят тысяч ліўраў. Сума гэта будзе выплачана не асігнацыямі, а золатам. Адзін батальён Шэрбургскай арміі зараз-жа высылаецца на пошукі вышэйпамянёнага былога маркіза дэ-Лантэнака. Сельскія абшчыны запрашаюцца дапамагаць войску. Дано ў Гранвілі 2 чэрвеня 1793 года.
Падпісана: Прыёр з Марны.
Пад гэтым подпісам быў другі, выведзены такімі дробнымі літарамі, што пры змрочным святле яго нельга было разабраць.
Стары насунуў на вочы шапку, зашпіліў пад самым падбародкам капюшон свайго марскога плашча і шпаркімі крокамі сышоў з дзюны. Відаць, яму было небяспечна заставацца далей на гэтым асветленым пункце.
Можа ён і так ужо прабыў там занадта доўга. Верха
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Калі ласка, дадайце іх, кіруючыся даведнікамі Вікікрыніцы:Выявы і Даведка:Дадаванне выяў. |
Гэта была афіша, прыклееная да мілевага слупа.
віна дзюны была адзіным пунктам пейзажа, які можна было яшчэ разгледзець.
Спусціўшыся ў цемру, ён пачаў прабірацца паміж агарожамі, накіроўваючыся к ферме. Відаць, ён меў падставу спадзявацца, што там ён будзе ў небяспецы.
Навакол было бязлюдна. У такі позні час у вёсках амаль не бывае прахожых.
Стары спыніўся за адным кустом, зняў плашч і куртку, потым надзеў куртку поўсцю ўверх, падраны свой плашч падвязаў вяровачкай да шыі і пайшоў далей.
Свяціў месяц.
Ён дайшоў да скрыжавання двух дарог, дзе стаяў стары каменны крыж. Ля падножжа крыжа бялеўся чатырохкутны аркуш паперы — мабыць, такая-ж афіша, якую ён толькі што прачытаў. Ён падышоў бліжэй.
— Куды вы ідзіцё? — гукнуў яго чыйсьці голас.
Стары азірнуўся. За плотам стаяў чалавек, высокі, як і ён сам, такі-ж стары і сівы, бадай яго двайнік, але ў яшчэ больш жабрацкіх лахманах.
Чалавек стаяў, абапёршыся на даўгі кій. Ён паўтарыў сваё пытанне.
— Я пытаюся вас, куды вы ідзіцё?
— Скажыце мне лепш, дзе я? — спакойна, бадай што пагардліва адказаў стары.
Чалавек адказаў:
— Вы ў сен'ёрыі Таніс. Я — тутэйшы жабрак, вы — тутэйшы сен'ёр.
— Я?
— Але, вы — маркіз дэ-Лантэнак.
БАДЗЯГА
Маркіз дэ-Лантэнак (цяпер і мы будзем называць яго так) спакойна адказаў:
— Ну, што-ж, выдайце мяне.
Жабрак казаў далей:
— Мы абодва тут у сябе дома: вы — у замку, я — у лесе.
— Досыць балбатаць! Выдайце мяне, — сказаў маркіз. Жабрак спытаўся:
— Вы ішлі на ферму Эрб-ан-Пайль?
— Так.
— Не ідзіце туды.
— Чаму?
— Там сінія.
— Даўно?
— Ужо тры дні.
— Жыхары фермы, вядома, абараняліся?
— Не. Яны адчынілі ім вароты.
— А, во як! — прамовіў маркіз.
Жабрак паказаў пальцам на дах фермы, які відаць быў з-за дрэў.
— Бачыце вы гэты дах, пан маркіз?
— Бачу.
— А бачыце на ім…
— Сцяг?
— Трохкаляровы, — сказаў жабрак.
Гэта быў прадмет, які прыцягнуў ужо ўвагу маркіза, калі ён быў на дзюне.
— Здаецца, б'юць у набат? — спытаў ён. — Мне здалося…
— Так, б'юць.
— Чаго-б гэта?
— Відаць, з-за вас.
— Але звону не чуваць.
— Ветрам адносіць, — сказаў жабрак. Потым спытаў: — Бачылі вы афішу?
— Бачыў.
— Вас шукаюць… — і, паглядзеўшы ў бок фермы, ён дадаў: — Там іх аж поўбатальёна.
— Рэспубліканцаў?
— Парыжан.
— Ну, што-ж, — сказаў маркіз, — трэба ісці туды.
І ён ступіў крок у кірунку да фермы. Жабрак схапіў яго за руку.
— Не ідзіце туды!
— Куды-ж мне ісці?
— Да мяне.
Маркіз паглядзеў на жабрака.
— Пан маркіз, — казаў жабрак, — дом у мяне мізэрны, затое надзейны. У зямлянцы маёй нізка, як у склепе. Заместа падлогі — насцілка з моху, замест столі — пляцёнка з вецця і травы. Хадзем. На ферме вас расстраляюць, а ў мяне вы паспіцё і адпачнеце. Вы пэўна змарыліся. А заўтра раніцой сінія пойдуць далей, і вы пойдзеце, куды вы пажадаеце.
Маркіз недаверліва разглядаў гэтага чалавека.
— Хто вы такі? — спытаў ён. — Рэспубліканец ці раяліст?
— Я — бедны чалавек.
— Не раяліст і не рэспубліканец?
— Я аб гэтым не думаю.
— Вы за караля ці супроць?
— У мяне для тэтага няма часу.
— Што вы думаеце аб тым, што цяпер адбываецца?
— Мне няма чым жыць.
— Аднак, вы хочаце дапамагчы мне.
— Я даведаўся, што вас абвясцілі па-за законам. Што-ж пасля гэтага закон? Не разумею. Значыцца, можна быць і па-за ім? Узяць хоць мяне: можа я таксама па-за законам? Паміраць ад голаду — хіба не значыць быць па-за законам?
— Ці даўно вы так гаруеце?
— Усё жыццё.
— І вы хочаце выратаваць мяне?
— Так.
— Чаму?
— Гледзячы на вас, я падумаў: «Вось гэты яшчэ бяднейшы за мяне. Я маю права дыхаць, а ён пазбаўлены і гэтага права…»
— Гэта праўда. Дык вы хочаце выратаваць мяне?
— Вядома. Мы цяпер браты, мансен'ёр. У мяне няма хлеба, у вас хочуць адабраць жыццё. Мы два жабракі.
— Але-ж ці вядома вам, што мая галава ацэнена?
— Так.
— Як вы даведаліся пра гэта.
— Я прачытаў афішу.
— Вы ўмееце чытаць?
— Вядома, і пісаць умею. Чаму я павінен быць невукам?
— Калі вы ўмееце чытаць і прачыталі афішу, то вы ведаеце, што той, хто выдасць мяне, атрымае шэсцьдзесят тысяч ліўраў.
— Я ведаю гэта.
— Не асігнацыямі.
— Так, золатам.
— Вы ведаеце, шэсцьдзесят тысяч ліўраў — вялікае багацце.
— Ды якое яшчэ!
— І што той, хто выдасць мяне, будзе багатым чалавекам?
— Я гэта і падумаў. Калі я вас убачыў, я сказаў сабе: «Той, хто выдасць гэтага чалавека, атрымае велізарнае багацце — шэсцьдзесят тысяч ліўраў! Трэба хутчэй схаваць яго!»
Маркіз паследаваў за жабраком.
Яны ўвайшлі ў гушчар. Там была зямлянка жабрака. Вялікі стары дуб уступіў гэты прытулак чалавеку: зямлянка была выкапана пад яго карэннямі, і яго галіны затулялі яе. У ёй было нізка і цёмна; ніхто не мог-бы яе заўважыць. Там можна было эмясціцца ўдвух.
— Я прадбачыў, што мне прыдзецца прымаць госця, — сказаў жабрак.
Такія падзямеллі — патаемнікі, як іх называюць мясцовыя сяляне, — не рэдкія ў Брэтані.
Звычайнае абсталяванне такога жылля — пасцель з саломы або з прамытых і высушаных марскіх водараслей, тоўстая дзяружная коўдра, некалькі сальных свечак і крэсіва.
Маркіз і яго спадарожнік нахіліліся, папаўзлі трошкі і апынуліся ў зямлянцы, якая падзялялася карэннямі дрэва на некалькі каморак няправільнай формы. Яны ўселіся на кучы сухіх водараслей, з якіх была зроблена пасцель. Прамежак між двух каранёў, якія служылі дзвярыма, прапускаў трохі святла. На дварэ была ўжо ноч, але вочы прыстасоўваюцца да цемнаты і прывыкаюць заўважаць у ёй нават слабае святло. І, апрача таго, уваход у зямлянку асвятляўся месяцам. У куце стаяў кубак з вадой; побач з ім ляжалі грачаная перапечка і жменя каштанаў.
— Давайце вячэраць, — сказаў жабрак.
Яны падзялілі каштаны, маркіз выняў свой сухар, і абодва пачалі есці, адламваючы ад адной і той самай чорнай ляпёшкі і па чарзе сёрбаючы з аднаго кубка.
Пачалася гутарка. Маркіз распытваў жабрака:
— Значыцца, што-б ні здарылася, вам усёроўна?
— Бадай, што так. Гэта вашы панскія справы.
— Але тое, што адбываецца…
— Адбываецца недзе там, высока, — сказаў жабрак і дадаў: — Ёсць рэчы, якія адбываюцца яшчэ вышэй: сонца ўсходзіць, месяц павялічваецца і памяншаецца… Вось гэта цікавіць мяне. — Ён сербануў з кубка. — Добрая вада, свежая. Потым спытаўся: — Як вам падабаецца гэтая вада, мансен'ёр?
— Як вас завуць? — спытаў маркіз.
— Завуць мяне Тэльмарш, а клічуць Бадзягай. Ёсць і другая мянушка ў мяне — Старык. — І ён дадаў: вось ужо сорак гадоў, як мяне завуць Старыком.
— Сорак гадоў! Але ў той час вы былі яшчэ маладым.
— Ніколі я не быў маладым. А вось вы заўсёды малады, пан маркіз. Ходзіце, як дваццацігадовы, узбіраецеся на дзюны. А я ўжо дрэнна хаджу: прайду чвэртку лье і стамлюся. А мы-ж з вамі аднагодкі. Але ў багатых ёсць тая перавага, што яны ядуць кожны дзень. Сытная ежа захоўвае чалавека.
Ён памаўчаў і пачаў далей:
— Багацце і беднасць, — якая гэта страшная рэч! Ад гэтага і ідзе ўся бяда. Бедныя хочуць быць багатымі, а багатыя не жадаюць збяднець. У гэтым, бадай што, і ўся справа. Толькі я стаю ў баку ад усяго гэтага. Усёроўна нічога не зменіш: падзеі ідуць сваёю чаргою, як ім прызначана ад бога. Я не стаю ні за крэдытораў, ні за даўжнікоў. Я ведаю, што бываюць даўгі і што даўгі трэба плаціць — вось і ўсё. Мне здаецца, было-б лепш, каб не забівалі караля, а чаму гэта было-б лепш, мне цяжка сказаць. Але мне скажуць: «А ці даўно людзей вешалі на дрэвах нямаведама за што?» Ды што там, я сам бачыў, як павесілі чалавека з-за каралеўскай касулі, якую ён падстрэліў. А ў яго была жонка і сямёра дзяцей… Многа чаго можна было-б расказаць пра той і пра другі бок.
Ён зноў памаўчаў, потым дадаў:
— Вы разумееце, што і сам я толкам не разбяруся, дзе сапраўдная праўда. Навакол робіцца нешта няладнае, усе мітусяцца… Бог з імі! Я жыву сабе пад зоркамі, і нічога мне не трэба.
Ён зноў аб нечым задумаўся, але праз мінуту зноў загаварыў:
— Я-ж трошкі знахар, магу лячыць. Я ведаю розныя травы. Вось іншы раз разглядаеш якую-небудзь травінку, а людзі бачаць і гавораць: вядзьмар. Калі чалавек задумваецца, людзям здаецца, што ён ведае нешта такое, чаго не ведаюць іншыя.
— Вы тутэйшы? — спытаў маркіз.
— І нарадзіўся, і вырас, і састарэўся ў гэтых месцах.
— Вы ведаеце мяне?
— Вядома. Апошні раз я бачыў вас, калі вы прыязджалі сюды два гады назад. Потым вы паехалі ў Англію. І вось зараз: бачу, чалавек стаіць на дзюне. Высокі такі. Высокіх людзей не часта сустрэнеш; у Брэтані народ дробны. Вось я гляджу (афішу я яшчэ раней прачытаў) і кажу сабе: «Эге! Ці не ён гэта?» А тут месяц узышоў. Вы спусціліся ўніз, падышлі бліжэй, я вас і пазнаў.
— А я вас не ведаю, — сказаў маркіз.
— Праходжыя хіба глядзяць на жабракоў? А жабрак — той глядзіць пільна.
— Хіба я сустракаў вас раней?
— Вы часам мне падавалі, але, даючы жабраку, не глядзіш на яго, а хто атрымоўвае, той усё прыкмеціць, нічога не прапусціць. Пра жабракоў гавораць — шпіёны. Але я не шпіён, прынамсі, стараюся не быць ім, хоць мне і не соладка жывецца. Я працягваў руку за міласцінай. Вы бачылі толькі руку і кідалі ў яе манеты, якія патрэбны былі мне раніцой, каб увечары не памерці ад голаду. Нашаму брату здараецца і па сутках нічога не есці. Бывае, што ад якога-небудзь су залежыць жыццё чалавека. Вы многа разоў выратоўвалі мне жыццё: я аддаю вам мой доўг.
— Так, вы выратоўваеце мяне.
— Выратоўваю, мансен'ёр, але толькі… — тут голас Тэльмарша зрабіўся ўрачыста-сур'ёзным: — з адной умовай.
— Якой?
— Каб, з'явіўшыся сюды, вы не рабілі зла.
— Я прыехаў для добрай справы, — адказаў маркіз.
— А калі так, то добра. Цяпер будзем спаць.
Яны ляглі на кучу водараслей, прытуліўшыся адзін да аднаго. Тэльмарш зараз-жа заснуў. Маркіз, не гледзячы на стому, заснуў не адразу. Ляжаць на такой пасцелі значыла ляжаць на зямлі, і маркіз, скарыстаўшы гэта, прылажыў вуха да зямлі і прыслухаўся. Гукі, як вядома, добра перадаюцца глебай. Ён пачуў глухі гул. Гэта званілі званы. Набат працягваўся.
Маркіз заснуў.
ПАДПІСАНА: „ГОВЭН“
Калі ён прачнуўся, быў дзень.
Жабрак стаяў, абапёршыся на кій, але не ў зямлянцы — там нельга было выпрастацца, — а ля ўваходу. На твары яго паблісквала сонца.
— Мансен'ёр, на званіцы ў Танісе толькі што адзванілі чатыры гадзіны, — сказаў ён маркізу. — Я чуў чатыры ўдары: значыцца, вецер перамяніўся і дзьме цяпер з берага. А іншых гукаў не чуваць: значыцца, ужо больш не б'юць у набат. Цяпер на ферме ўсё супакоілася: сінія або пайшлі, або спяць. Галоўная небяспека мінула, і нам з вамі лепш разыйсціся. Мне час ісці. Я пайду ў той бок. А вы ідзіце туды. Каштаны вазьміце з сабой: можа спатрэбяцца.
Праз мінуту ён знік за дрэвамі.
Маркіз устаў і пайшоў у той бок, куды паказаў яму Тэльмарш.
Выбраўшыся з гушчару, ён апынуўся на раздарожжы, дзе стаяў каменны крыж. Афіша была ўсё там-жа. Ён успомніў, што ў канцы афішы было напісана дробным шрыфтам нешта, чаго ён тады не мог разабраць. Ён падышоў да крыжа. Сапраўды пад подпісам Прыёра з Марны ён прачытаў:
„Як толькі асоба маркіза дэ-Лантэнака будзе ўстаноўлена, ён будзе расстраляны.
Камандзір батальёна, начальнік экспедыцыйнага атрада Говэн“.
— Говэн! — вырвалася ў маркіза.
Ён глыбока залумаўся і доўга стаяў, не зводзячы вачэй з афішы.
— Говэн, — паўтарыў ён.
Ён пайшоў далей, абярнуўся, паглядзеў на крыж, вярнуўся назад і яшчэ раз прачытаў афішу. Потым павярнуўся і ціха пайшоў сваёй дарогай, паўтараючы: «Говэн!»
З глыбіні калдобіны, па якой ён ішоў, не было відаць будынкаў фермы, якая засталася злева. Ён агінаў цяпер высокі і стромкі ўзгорак, увесь заросшы дзікім цёрнам у кветках. Прырода дыхала глыбокай радасцю раніцы.
Раптам усё перамянілася. На залітыя сонцам палі і лясы пасыпаліся стрэлы і дзікія крыкі. У тым баку, дзе была ферма, узняўся вялізны слуп дыму, які праразалі бледныя агнявыя языкі; уражанне было такое, нібы там гарэў вялікі стог саломы. Недзе блізка ішла бойка: біліся каля фермы Эрб-ан-Пайль. Маркіз спыніўся.
У такіх выпадках цікавасць заўсёды перамагае пачуццё небяспекі. Няма чалавека, які не адчуў-бы гэтага сам. Маркіз падняўся на ўзгорак. Адтуль яго маглі ўбачыць, але затое і ён мог бачыць усё. Праз некалькі мінут ён узышоў на самую верхавіну.
Каля фермы ішла перастрэлка і быў пажар. Чуваць былі крыкі, паасобныя выгукі, відаць быў агонь. На ферме, відаць, адбылася нейкая катастрофа. Што там здарылася? Напад? Бітва?.. Не, гэта, мусіць, экзекуцыя. Паводле асобага дэкрэта рэволюцыйнага ўрада сінія часта каралі непакорныя вёскі і фермы, аддаючы іх агню. Каб паказаць прыклад строгасці, палілі кожную ферму, якая на сваім участку лесу не зрабіла прасекі для праезду рэспубліканскай кавалерыі. Ці не здарылася цяпер тое самае з Эрб-ан-Пайлем?
Узгорак, з вяршыні якога маркіз рабіў свае назіранні, быў акружаны з усіх бакоў густым зараснікам; месцамі праз яго нават цяжка было прабрацца. Гэты зараснік, вядомы пад назвай Эрб-ан-Пайльскага гаю, займаў вельмі вялікую плошчу. Ён цягнуўся да самай фермы і ў сваім непраходным гушчары хаваў, як і ўсе лясы і пералескі Брэтані, цэлую сетку яроў, сцежак і лагчын. Незнаёмыя з мясцовасцю рэспубліканскія атрады заўсёды маглі заблудзіцца ў такім лабірынце.
Пакуль маркіз ламаў галаву, ці заставацца яму на ўзгорку, ці спускацца ў гушчар, грукат разгрому спыніўся. Маркіз убачыў, як па кустах з крыкам рассыпалася вясёлая, буяная банда людзей. У кустах і пад дрэвамі, як у мурашніку, закапашыліся, замільгалі фігуры. З фермы ўсе кінуліся ў лес. Барабаны білі трывогу. Стрэлы спыніліся. Кагосьці шукалі. Па ўсім лесе стаяў бесперапынны глухі гул галасоў. Раптам у гэтым хаосе пачалі вылучацца пэўныя гукі. Да маркіза выразна даляцела:
— Лантэнак! Лантэнак! Маркіз дэ-Лантэнак!
Шукалі яго.
ЗМЕННАСЦІ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ВАЙНЫ
Вакол яго па ўсім гушчары заблішчэлі штыхі, стрэльбы, шаблі. У зялёным змроку лісцяў узняўся трохкаляровы сцяг. «Лантэнак!» — пачулася зусім блізка і ў кустах цярноўніка паказаліся лютыя твары.
Ён быў адзін. Ён стаяў на ўзгорку і быў відаць з усіх бакоў лесу. У лесе-ж было, мусіць, не меней тысячы стрэльбаў, і ён быў для іх вельмі добрай мішэнню.
Ён зняў капялюш, загнуў бераг яго, адламаў ад цярновага куста даўгую сухую калючку, выняў з кішэні белую какарду, прыкалоў яе калючкай разам з загнутым берагам да верху капелюша, надзеў яго на галаву і сказаў зычным голасам, звяртаючыся да ўсяго лесу:
— Я — той, каго вы шукаеце. Я — маркіз дэ-Лантэнак, віконт дэ-Фонтэнэ, брэтонскі прынц, генерал-лейтэнант каралеўскіх войск. Скончым! Цаляй! Плі!
І, расхінуўшы абодвума рукамі сваю скураную куртку, ён адкрыў свае грудзі. Ён чакаў смерці і апусціў вочы.
Па лесе пранёсся тысячагалосны крык:
— Хай жыве Лантэнак! Хай жыве наш сен'ёр! Хай жыве генерал!
У паветра паляцелі капелюшы. Сотні рук замахалі голымі шаблямі, і ўвесь гушчар нібы натапырыўся паднятымі даўгімі шастамі, на якіх матляліся карычневыя, шарсцяныя шапачкі.
Ён быў сярод вандэйскай банды. І ўсе гэтыя людзі, убачыўшы яго, упалі на калені.
Уся ватага была ўзброена стрэльбамі, шаблямі, косамі, кіркамі, дубінамі. На ўсіх былі надзеты шырачэзныя лямцавыя капелюшы або карычневыя шапкі з белымі какардамі, мноства пацерак і амулетаў, шырокія да калена штаны, скураныя курткі і чаравікі. Ва ўсіх былі голыя ікры і даўгія валасы. У некаторых былі лютыя твары, але ва ўсіх — наіўны погляд шырока раскрытых вачэй.
З натоўпу, што стаяў на каленях, вышаў прыгожы малады чалавек. Ён шпаркімі крокамі падняўся на ўзгорак да маркіза. На ім, як і на астатніх, была простая скураная куртка і лямцавы сялянскі капялюш з белай какардай на загнутым уверх краі, але рукі ў яго былі белыя, сарочка з тонкага палатна, праз плячо быў перакінут белы шаўковы шалік і пры баку вісела шпага з залатой ручкай.
Падняўшыся на ўзгорак, ён кінуў вобземлю свой капялюш, адшпіліў шпагу, стаў на адно калена, працягнуў маркізу шпагу і сказаў:
— Мы шукалі вас. Цяпер мы вас знайшлі. Вось шпага галоўнакамандуючага. Гэтыя людзі належаць вам. Я быў іхнім камандзірам. Цяпер я ваш салдат: я атрымаў павышэнне. Загадвайце, генерал.
Ён даў знак, і з кустоў вышла некалькі чалавек з трохкаляровым сцягам у руках. Яны падышлі да маркіза і палажылі сцяг ля яго ног. Гэта быў той самы сцяг, які ён бачыў на даху фермы яшчэ з верхавіны дзюны.
— Генерал, — зноў пачаў малады чалавек, — гэты сцяг мы адбілі ў сініх, што займалі ферму Эрб-ан-Пайль. Мяне завуць Гавар. Я служыў пад камандай маркіза дэ-ла-Руары.
— Добра, — сказаў маркіз.
І, не спяшаючыся, спакойна і ўрачыста, ён надзеў на сябе шпагу. Затым, выхапіўшы шпагу з ножнаў і трасучы ёю над галавой, закрычаў:
— Устаньце, і хай жыне кароль!
Усе падняліся на ногі, і лясныя нетры агаласіліся радасным крыкам:
— Хай жыве кароль! Хай жыве наш маркіз! Хай жыве Лантэнак!
Маркіз павярнуўся да Гавара:
— Колькі вас усіх?
— Сем тысяч.
І, спускаючыся са ўзгорку разам з маркізам, перад якім сяляне спешна адхілялі кусты, Гавар пачаў тлумачыць:
— Усё вышла як найлепш, мансен'ёр. Рэспубліканская афіша, з якой мы даведаліся аб вашым прыбыцці, падняла на ногі ўсю акругу. Усе сталі на абарону караля. Між іншым, нас сакрэтна паведаміў пра вас яшчэ і мэр Гранвіля. Ён таксама наш. А сёння ўначы ўдарылі ў набат.
— Дзеля чаго?
— Для вас.
— Вось як! — сказаў маркіз.
— А мы так і думалі, што вы хаваецеся дзе-небудзь у гэтым лесе, і шукалі вас.
— Гэта вы толькі што нападалі на Эрб-ан-Пайль?
— Так. Сінія не чулі набата: вецер дзьмуў у процілеглы бок. Яны нічога не падазравалі і размясціліся адпачываць. На ферме і ў пасёлку іх прынялі добра. Сёння раніцою мы наваліліся на ферму — сінія яшчэ спалі — і ўсё скончылі адным ударам. У мяне ёць конь. Зрабіце ласку, прыміце яго, генерал.
— Добра.
Адзін з сялян падвёў белага каня пад кавалерыйскім сядлом. Адхіліўшы працягнутую для дапамогі руку, маркіз лёгка ўскочыў у сядло.
— Ура! закрычаў натоўп.
— Дзе будзе ваша галоўная кватэра, генералі, — спытаў Гавар маркіза, аддаючы яму чэсць.
— На першы час у Фужэрскім лесе. Нам патрэбен ксёндз.
З натоўпу сялян выступіў ксёндз.
Маркіз крануў каня.
— Добры дзень, айцец вікарый. Вам будзе работа.
— Тым лепш, пан маркіз.
— Вам прыдзецца спавядаць шмат народу — тых, вядома, хто пажадае спавядацца перад смерцю.
— Генерал, мы чакаем загадаў, — сказаў Гавар.
— Па-першае, зборны пункт — Фужэрскі лес. Няхай усе ідуць туды па адным.
— Я ўжо распарадзіўся наконт гэтага, генерал.
— Вы, здаецца, казалі, што жыхары ферм і пасёлка добра прынялі сініх?
— Так, генерал.
— Спалілі вы ферму?
— Спалілі.
— А пасёлак?
— Не.
— Спаліце.
— Сінія спрабавалі былі абараняцца, але іх было ўсяго паўтараста чалавек, а нас сем тысяч.
— Якія гэта сінія?
— З атрада Сантэра.
— Таго самага, што загадаў біць у барабан, калі адсякалі галаву каралю? Значыцца, гэта парыжскі батальён?
— Поўбатальёна, генерал.
— Як ён называецца?
— Генерал, на сцягу напісана: «Батальён Чырвонай Шапкі».
— Дзікія звяры!
— Што загадаеце рабіць з раненымі?
— Прыкончыць.
— Палонных?
— Расстраляць!
— Іх каля васьмідзесяці чалавек.
— Усіх расстраляць.
— Сярод іх дзве жанчыны.
— І жанчын таксама.
— І трое дзяцей.
— Дзяцей вазьміце з сабой. Там відаць будзе, што з імі рабіць.
Маркіз крануў каня.
ЛІТАСЦІ НЕ ДАВАЦЬ!
У той час, калі ўсё гэта адбывалася ля Таніса, жабрак Тэльмарш ішоў у Кралону. Ён прабіраўся густымі сцежкамі праз яры і лагчыны, паглыбляўся ў гушчар, то нічога не заўважаючы, то спыняючыся з-за глупства, больш марачы, як разважаючы. Ён часта зыходзіў з дарогі, адпачываў, нагінаўся, зрываў парастак дзікага шчаўя і пачынаў жаваць, спыняўся, каб напіцца з крыніцы. Часта ён напружана прыслухоўваўся да далёкага шуму, потым зноў задумваўся.
Ён быў ужо стары і яму цяжка было многа хадзіць. Быў ужо вечар, калі ён вяртаўся дахаты.
Недалёка ад Масэ ён убачыў слуп дыму, які падымаўся з зямлі.
Ён быў зусім чорны, толькі часам у ім пабліскваў агонь. Было ясна, што пажар пачаў ужо гаснуць. Дым падымаўся над фермай Эрб-ан-Пайль.
Тэльмарш пайшоў хутчэй. Ён вельмі змарыўся, але яму хацелася ведаць, у чым справа.
Ён узабраўся на ўзвышша, за якім раскінуліся пасёлак і ферма: там не было больш ні фермы, ні пасёлка. Куча руін дагарала на месцы Эрб-ан-Пайль. Ахопленая агнём хаціна бедняка — што можа быць жудасней гэтага?
Тэльмарш акамянеў перад убачанай карцінай. Руйнаванне адбывалася ў поўным маўчанні. Не было чуваць чалавечых крыкаў. Ніводнага голаса не далятала з таго месца, над якім стаяў слуп дыму. Полымя паглынала апошнія рэшткі пасёлка. Апрача грукату ад падаючых бярвенняў і трэску палаючых саламяных стрэх, не было чуваць нічога. Часамі дым разрываўся, і скрозь дзіру ў страсе відаць была сярэдзіна халупы: афарбаванае чырванню ад полымя рыззё беднякоў і старая нікчэмная мэбля ў палаючых каморках.
Агонь перакінуўся на суседні з фермай каштанавы лясок, і бліжэйшыя дрэвы гарэлі.
Тэльмарш прыслухаўся, стараючыся пачуць чалавечы голас, крык аб дапамозе. Але нічога не было чуваць. Усё маўчала, падаваў голас толькі пажар. Няўжо ўсе паўцякалі?
Куды дзяваліся людзі? Што з імі сталася?
Тэльмарш сышоў уніз. Перад ім была страшная загадка. Ціхімі крокамі падыходзіў ён да руін фермы. Ён адчуваў сябе мерцвяком у гэтай магіле.
Ён падышоў да таго, што раней было брамай фермы, і глянуў у двор. Усё, што ён бачыў да гэтага часу, было нішто. Толькі цяпер ён убачыў страшнае.
Пасярэдзіне двара ўзвышалася вялікая чорная куча. З аднаго боку яе асвятляў водбліск пажару, зверху на яе падала святло месяца. Гэтая куча складалася з людзей, і людзі гэтыя былі мёртвыя.
Вялізная лужына крыху дымілася, у ёй адбівалася полымя пажару. То была лужына крыві.
Тэльмарш падышоў бліжэй. Ён пачаў разглядаць адно за другім гэтыя распасцёртыя целы: усё гэта былі трупы. Месяц і пажар асвятлялі іх.
Усе трупы былі ў салдацкіх мундзірах і ўсе з босымі нагамі. Іх, відаць, абабралі, знялі боты і зброю. Мундзіры былі ўсе сінія; сям-там у гэтай кучы мёртвых трапляліся прастрэленыя трохкутныя шапкі з трохкаляровымі какардамі. Забітыя былі рэспубліканцы, тыя самыя салдаты парыжскага батальёна, якія яшчэ ўчора стаялі гарнізонам на ферме Эрб-ан-Пайль, здаровыя, вясёлыя. Сіметрычнае размяшчэнне трупаў сведчыла, што гэтыя людзі былі расстраляныя: іх павалілі на месцы адным залпам, забілі свядома, старанна.
Усе да апошняга былі мёртвыя. З кучы целаў не вылятала ні хрыпу, ні стогну.
Людзі, якія зрабілі гэтую экзекуцыю, мабыць, спяшаліся, бо не патурбаваліся нават закапаць трупы.
Тэльмарш ужо хацеў быў ісці, але выпадкова зірнуў на нізкую сценку, што засталася ад пажару, і заўважыў, што з-за яе высоўваецца чатыры нагі. Гэтыя ногі былі абутыя. Ён падышоў бліжэй: ногі былі жаночыя.
За сценкай ляжалі побач дзве жанчыны, таксама расстраляныя. Ён схіліўся над імі. На адной было нешта накшталт салдацкага мундзіра. Каля яе валялася пабітая пустая манерка. Гэтая жанчына была маркітантка. Галава яе была прабіта чатырма кулямі. Яна была мёртвая.
Ён пачаў аглядаць другую. Гэтая была ў сялянскім убранні. Твар яе быў бледны, як у мерцвяка, рот расчынены, вочы заплюшчаныя. На галаве не было ран. Яе адзенне, мусіць ад вялікай дарогі, ператварылася ў лахманы; ліфчык расшпіліўся, мабыць калі яна ўпала, і з-пад яго відаць былі грудзі. Тэльмарш убачыў на адным плячы круглую ранку ад кулі. Косць была перабітая.
— Маці і карміліца, — прамармытаў ён, гледзячы на бледныя грудзі.
Ён дакрануўся да цела. Яна яшчэ не астыла. Апрача раны ў плячы, на ім не было ніякіх пашкоджанняў. Ён прылажыў руку да сэрца жанчыны і адчуў слабы стук. Жанчына была жывая.
Тады ён выпраміўся і закрычаў:
— Ці ёсць тут хто-небудзь?
— Гэта ты, Стары? — адгукнуўся нечы голас, але так ціха, што ледзь яго можна было пачуць.
З нейкай яміны сярод руін высунулася галава. Услед за гэтым паказалася і другая. Гэта былі два селяніна, якія паспелі схавацца; фактычна яны былі адзінымі людзьмі на ферме, якія засталіся жывымі.
Яны падышлі да Тэльмарша, усё яшчэ калоцячыся ад страху.
Тэльмарш мог крычаць, але гаварыць не мог: такі ўплыў робяць глыбокія ўзрушэнні. Ён паказаў пальцам на распасцёртую жанчыну.
— Хіба яна яшчэ жывая? — спытаўся адзін з сялян.
Тэльмарш кіўнуў галавой.
— І другая жывая? — спытаўся другі селянін.
Тэльмарш адмоўна матнуў галавой.
Той селянін, што першы адгукнуўся на яго крык пачаў дрыжачым голасам:
— Усе астатнія пэўна забітыя. Я ўсё бачыў. Я сядзеў у склепе. Як я дзякаваў богу ў тую мінуту, што ў мяне няма сям'і! Мой дом спалілі… Усіх пазабівалі! У гэтай жанчыны былі дзеці — трое. Адзін меншы за
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Калі ласка, дадайце іх, кіруючыся даведнікамі Вікікрыніцы:Выявы і Даведка:Дадаванне выяў. |
Пасярэдзіне двара ўзвышалася вялікая чорная куча.
другога. Дзеці крычалі: «Мама, мама!» Яна крычала: «Дзеткі мае!» Маці забілі, а дзяцей павялі. Я сам бачыў. О, божа мой!.. Усіх пазабівалі і пайшлі задаволеныя: зрабілі сваю справу. Дзяцей забралі, матку забілі… Але-ж яна жывая? Жывая? Так? Хочаш, мы паможам табе перанесці яе ў тваю зямлянку?
Тэльмарш кіўнуў галавой.
Лес падыходзіў да самай фермы. Яны хутка змайстравалі з тоўстага галля і папараці насілкі, палажылі на іх жанчыну, усё яшчэ не выяўляючую адзнакаў жыцця, і пайшлі. Два селяніна неслі насілкі, а Тэльмарш ішоў збоку, трымаючы жанчыну за руку і слухаючы яе пульс. Месяц асвятляў яе бледны твар. Сяляне крочылі па дарозе, абменьваючыся адрывістымі заўвагамі.
— Усіх пазабівалі!
— Усё спалілі!
— Ах, божа мой, што-ж цяпер будзе?
— Гэта той высокі стары загадаў.
— Так, гэта ён камандаваў.
— Ён усё і зрабіў.
— Так, ён сказаў: «Забівайце! Паліце! Не давайце літасці!»
— Кажуць, гэта нейкі маркіз.
— Дык гэта-ж наш маркіз.
— А як ято завуць?
— Маркіз дэ-Лантэнак.
Тэльмарш узняў вочы да неба і прамармытаў скрозь зубы:
— Каб я ведаў!
- ↑ Нацыянальны Канвент (1792–1795) — рэволюцыйны сход прадстаўнікоў французскага народу. Быў абраны народам пасля звяржэння караля. Канвент абвясціў Францыю рэспублікай, выдаваў законы, кіраваў рэволюцыйнымі войскамі.