Джэк Лондан (1876—1916 г.)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Джэк Лондан (1876—1916 г.)
Публіцыстыка

1927 год
Крыніца: Газэта «Савецкая Беларусь», № 189 (2081), 23 жніўня 1927 г., б. 3, № 190 (2082), 24 жніўня 1927 г., б. 3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Джэк Лондан.

(1876—1916 г.).

Джэк Лондан—адзін з нямногіх амэрыканскіх пісьменьнікаў, які набыў сусьветную славу. Яго творы, перакладзеныя амаль на ўсе чужаземныя мовы, з кожным годам усё глыбнй прасякаюць у масы чытачоў; гэта сьведчыць, што тут мы маем справу не з часовым захапленьнем чытача, а з выдатным зьявішчам гісторыі сусьветнай літаратуры, вартым пільнага мастацкага і сацыялёгічнага аналізу.

У літаратурнай крытыцы ня раз высоўвалася думка, што творчасьць Джэка Лондана пазбаўлена ўнутранай эвалюцыі. І сапраўды, мы ня знойдзем у літаратурнай дзейнасьці Джэка Лондана выразна разьмежаваных пэрыядаў творчасьці; тут трэба мець на ўвазе, што магчымасьць падзяліць творчасьць якога-небудзь пісьменьніка на выразныя хронолёгічныя этапы здараецца ў гісторыі літаратуры далёка ня часта; Джэк Лондан у даным разе не зьяўляецца выняткам. Унутраная эвалюцыя ў яго творчасьці ёсьць, пры гэтым нават дваякая—у мастацкай форме і зьмесьце.

Джэк Лондан пачаў сваю літаратурную дзейнасьць з невялікіх апавяданьняў з закончанай фабулай, аб‘яднаных у «цыклы» і «кнігі» толькі этнаграфічнай аднолькавасьцю абставін і вонкавых умоў дзеі. («Апавяданьні пра далёкую поўнач», «Апавяданьні пра Акіянію», «Апавяданьні пра Сандвічавы высцы» і г. д.); у другой палове сваёй літаратурнай дзейнасьці Джэк Лондан перайшоў на роман. Гэта важнейшая эвалюцыя ў зьмесьце яго творчасьці. Значэньне сацыяльных матываў у творчасьці Лондана з часам усё больш узрастае, дасягануўшы свайго апагею ў слаўнай «Жалезнай пяце» (1908).

Творы Лондана даўно ўжо сталі ўлебёным чытаньнем амэрыканскай і эўрапейскай моладзі: яны зацямнілі сабою ня толькі нізкапробную авантурную бэлетрыстыку Жуль-Вэрна, Майн-Рыда, Конан-Дойля, а нават бліскучую фантастыку Г. Уэльса. Аднолькава ўнікаючы і сучаснай і «навукова-фантастычнай» бэлетрыстыкі і фальшывай экзотыкі калёніяльнага роману, Лондан стварыў у безнадзейна, як здавалася, авантурнай літаратуры новы асабісты стыль, цікавы, як ні ў кога іншага; ён дасягнуў гэтага простасьцю сітуацыі, выразнай абрысоўкай характараў ў надзвычайна інтэнсыўнай дынамікай дзеі, якая разьвіваецца шалёным тэмпам ад першых радкоў і захапляе і прыкоўвае да сабе ўвагу чытача аж да капца. Ён здалеў узьняць банальную «аповесьць з прыгодамі» да ўзроўню сапраўды мастацкага твору, заявіўшы пры гэтым мёртвы трафарэт авантурнай аповесьці з яе нязьменным «шчасьлівым канцом» трагічнай барацьбы чалавека з чалавекам. Гэта барацьба—апотэоз чалавечай волі, чалавечай энэргіі, якая не баіцца нізкіх перашкод і небясьпек, апотэоз нястрымнага жаданьня жыць і дзейнічаць. Воля да жыцьця—вось асноўны матыў, які праходзіць праз усе творы Лондана і стварае грунт яго бадзёрага і здаровага аптымізму. Аптымізм Лондана ніколькі не падобны да павярхоўнага амэрыканскага апартунізму. Яго аптымізм грунтуецца на ўпэўненасьці ў творчай сіле чалавечай волі, для якой у жыцьці няма нічога страшнага, сама—найвышэйшая і наймагутнейшая праява жыцьця. Цераз гэта нават трагічная гібель гэроя ў творах Лондана не прыгнятае чытача, а, наадварот, заклікае да барацьбы і перамогі.

Такім чынам, глыбокая цікавасьць прыгод, апісаных у творах Лондана, не ў складанай або нязвычайнай сітуацыі, а ў яе трагічнасьці, у аб‘ектыўнай цяжкасьці становішча, у якое аўтар ставіць сваіх гэрояў, і ў вялічэзнай энэргіі, якую яны выяўляюць у змаганьні з варожымі сіламі. Чытач мімаволі прасякаедца ўнутранаю сілай пэрсанажаў Лондана і ўяўляе жыцьцё, як вечную, нясупынную барацьбу, дзе кожнае хістаньне і слабасьць духа наперад засуджана на гібель, а сьмеласьць і заўзятасьць заўсёды заслугоўваюць паважаньня. Суровы рэалізм Лондана, які змушае яго весьці да згіноты сваіх гэрояў, нават пасьля цяжкай барацьбы з і іх боку,—гэта рэалізм жыцьця, бо яно ня ведае справядлівасьці і аднолькава загубляе годных і нягодных. Адрокшыся традыцыйнага «шчасьлівага канца», Лондан унёс у банальную і салодкую «літаратуру прыгод» новую гэраічную ноту і гэтым надаў ёй унутраны зьмест.

* * *

Рэалізм Лондана дасягае свайго апогею ў яго аповесьцях з жыцьця жывёл. Па думцы многіх крытыкаў—ня толькі амэрыканскіх—гэтыя аповесьці—найвышэйшыя яго дасягненьні. Лондан узаўся за гэтыя тэмы пасьля ўважлівай падрыхтоўкі. І дабіўся таго, што пакінуў далёка ззаду нават такога мастака, як Кіплінг (аўтар «Джунглей»). Найлепей удаліся Лондану стаці сабак і ваўкоў («Белы клык», «Голас крыві»). Найбольшай увагі заслугоўвае яго аповесьць з жыцьця малпападобных продкаў першага чалавека («Да Адама»), дзе малпа апавядае, як яна дасягнула найвышэйшага даступнага ёй разьвіцьця. Глыбокае прасякненьне ў псыхалёгію жывёл зьвязана тут з нязвычайна цікавай сатырай на сучасную грамаду, прычым праведзеная аўтарам аналёгія так яскрава закранае праблему сацыяльнай салідарнасьці і з такою злою іроніяй высьмейвае клясавы падзел грамады, што толькі амэрыканская буржуазея магла з-за адсутнасьці літаратурнай чуласьці праглынуць гэту пілюлю, не разабраўшы, ў чым там сіла.

Такім чынам, нават у аповесьцах з жыцьця жывёл Лондан дасягае найбольшай мастацкай дасканаласьці там, дзе яго творчасьць закранае праблемы сацыяльнага характару; а таму ня дзіва, што найпрыгажэйшыя яго творы прысьвечаны спэцыяльна абмаляваньню клясавага антаганізму і клясавай барацьбы, узброенай і няўзбросвай. Пралетар па пахаджэньні, ён і ў літаратуры ня здрадзіў сваёй клясе.

Для большай яснасьці прывядзём некаторыя найбольш характэрныя рысы з біаграфіі Лондана. Ён нарадзіўся ў сям‘і дробнага фэрмэра, яві, стаўшы ахвяраю аграрнага капіталізму, пераяжджаў з аднаго штату ў другі, арандуючы невалікія вучасткі зямлі ў маёнтках вялікіх землаўласьнікаў. Урэшце, сям‘я Лонданаў пасялілася ў Оклэндзе (прадмесьце Сан-Францыска) і тут, пасьля няўдалых спроб айца „выбіцца ў людзі“ дробным гандлем і гародніцтвам, ушчэнт зьбяднела. Гэткім чынам, першыя сьвядомыя ўражаньні будучага пісьменьніка былі ўражаньнямі аб крайняй беднасьці, і з самага дзяцінства ён спазнаў жыцьцё эксплёатаваных клясаў з усімі турботамі. Яшчэ 10-цігадовым хлапчуком ён прадаваў на вуліцы газэты, зарабляючы сабе на плату за навучаньне ў пачатковай школе; у 12 год ён наняўся на фабрыку жалезных вырабаў, дзе два гады працаваў па 12-20 гадзін у суткі. Нязвычайная энэргія і сьмеласьць дапамаглі маладому Джэку зьмяніць гэтую цяжкую працу на лягчэйшую і карысьнейшую (затое вельмі небясьпечную) прафэсію «ўстрычнага пірата»—прафэсію, якую ўпарта прасьледавала мясцовая паліцыя. Пасьля спробы паступіць на службу на мясцовыя рыбныя промыслы кантралёрам, Лондан наняўся матросам на судно, якое мела адплыць у Японію. Гэтым марскім падарожжам канчаецца першы пэрыяд яго жыцьця, яшчэ далёкага да літаратурнай дзейнасьці.

* * *

Другі этап унутранага разьвіцьця Лондана характарызуецца моцным жаданьнем набыць асьвету. Выпадковае здарэньне—прэмія ў 25 даляраў, прызначаная аднэй сан-францыскай газэтай за бэлетрыстычны нарыс апісальнага характару, выклікала ў ім імпульс да пісьменьніцкай дзейнасьці, і ён робіцца пісьменьнікам. Гэту прэмію ён атрымаў за першае сваё апавяданьне пра тайфун, перажыты ім у Японскім моры, але на гэтым і спыняюцца нершыя яго літаратурныя посьпехі. Рашыўшы цалкам аддацца літаратурнай дзейнасьці, Лондан з нявіданай энэргіяй і настойлівасьцю стараецца набыць патрэбную літаратуру, шырокую і сыстэматычную асьвету. У сваім аўтабіаграфічным романе «Марцін Ідэн» ён сам апісаў пазьней гэтыя гады нясупыннага вучэньня і перарыванага працай на фабрыцы і вялікіх фэрмах або доўгімі вандроўкамі па ўсёй Амэрыцы ў шуканьнях заробку. Надзея зарабляць хлеб літаратурнай працай ня спраўдзілася; сыстэматычнае вучэньне таксама ня ішло як належыць, з прычыны браку мінімальных матар‘яльных сродкаў. Але тры гады ўважлівай падрыхтоўчай працы (1894-1897) не прайшлі марна. Бачачы, што часопісі ўпарта адмаўляюцца друкаваць аго апавяданьні, Лондан пачынае многа працаваць над сваім стылем і паступова дасягае высокай мастацкасьці ў авантурнай навэле; дасягае тэй бліскучай літаратурнай тэхнікі, якая з часам дала яму славу аднаго найцікаўшых апавядальнікаў у сусьветнай літаратуры.

Яшчэ большае значэньне мелі для творчасьці і ўсяго сьветагляду Лондана яго сацыяльныя ўражаньні тых гадоў. Ён пазнаў на самім сабе, як жорстка эксплёатуюць працу некваліфікаванага рабочага. Гэтыя тры гады нясупыннай барацьбы за працу і асьвету назаўсёды засталіся ў аго памяці. Яны ўласна і зьявіліся тым жаралом, з якога Лондан чэрпаў сваё натхненьне. Гэтыя гады шуканьняў далі Лондану яснае разуменьне свайго сацыяльнага становішча, сьвядомасьць, што ён член бяспраўнае клясы, і што толкьі ў еднасьці і супольнай барацьбе эксплёатаваных супроць эксплёататараў—мэта і будучына рабочае клясы.

Прасядзеўшы 30 сутак ў турме за «валацугства», фактычна за безрабоцьце ён на сабе пазнаў ілюзорнасьць амэрыканскай «вольнай дэмакратыі»;«нацыяналістычны патрыятызм,— піша ён пазьней,—дзякуючы гэтаму этапу майго жыцьця, канчаткова разьвеяўся, і з таго часу я стаў больш думаць пра людзей, чым пра геаграфічныя граніцы» («Як а стаў сацыялістам»)… «Таксама рабочаму, сьпіпа якога папрабавала бізуноў, канстытуцыя Злучаных Штатаў не здаецца ўжо такою мілаю…», «К чорту канстытуцыю!» кажа ён, і робіцца змаганьнікам за рэвалюцыю («Рэвалюцыя»).

Усё жыцьцё Джэка Лондана перад пачаткам яго літаратурпай славы было практычным усваеньнем прынцыпа рэвалюцыйнага сацыялізму. Вясной 1894 году ён прыняў удзел у паходзе «прамысловай арміі» Кельлі; гэта быў масавы пераход беспрацоўных Далёкага Захаду, арганізаваных па-вайсковаму, але бяз зброі, ва ўсходнія штаты, каб прымусіць урад саююзу ўжыць якія-небудзь захады супроць беспрацоўя. Мэтаю гэтага паходу быў г. Вашынгтон—адміністрацыйны і ўрадавы цэнтр Злучавых Штатаў. Туды-ж павінны сабрацца і іншыя «корпусы» прамысловай аріті з іншых краін Паўночнай Амэрыкі. Усіх рабочых было да 10 тыс. чалавек; яны падпарадкаваліся «генэралу» Кельлі. У гэтых людзей Лондан меў чаму навучыцца. Прабываньне ў шэрагах «прамысловай арміі» дало яму добры выпадак паглядзець на жыцьцё і на сацыяльныя ўмовы з новага пункту гледжаньня і, апроч таго, атрымаць выразнае ўяўленьне форм арганізаванае барацьбы сваёй клясы супроць экспаёатацыі.

* * *

Джэк Лондан дасагнуў літаратурнай славы, «выбіўся ў людзі» дзякуючы сваім індывідуальным усільлям, літаратурнаму таленту і базьмернай упартасьці. Тры гады ён штурмаваў выдавецтвы і рэдакцыі журналаў, не зважаючы на хранічныя адмовы што-колечы надрукаваць.

Імя Джэка Лондана цесн зьвязана з гісторыяй рабочага руху ў Амэрыцы, з першымі пачаткамі сацыалізму—з Амэрыканскаю Сацыялістычнаю Рабочаю Партыяй і з арганізацыяй «Індустрыяльных рабочых сьвету». Некаторы час ён стаяў ва чале бюро, якое ўтварылася з прадстаўнікоў усіх сацыялістычных, сындыкалісцкіх і пацыфісцкіх рабочых арганізацый Амэрыкі.

Сусьветная вайна нанесла Лондану цяжкі ўдар. Перакананы інтэрнацыяналіст, ён быў глыбока абураны пасыўнасьці амэрыканскіх сацыялістаў, якія і ў думцы ня мелі змагацца са стараньнямі буржуазеі ўцягнуц. рабочыя масы ў нацыявалістычны рух і вайну з Нямеччынай. А калі Амэрыканская Соцыялістычная Партыя, дзейным членам якой Лондан быў з самага яе засцаваньня, пастанавіла спыніць клясавую барацьбу і заключыць «грамадзянскі мір» з буржуазеяй на час вайны, цярпеньне яго лопнула: ёй напісаў адкрыты ліст на імя цэнтральнага камітэту партыі, дзе заяўляе, што больш ня можа заставацца ў яе шэрагах. «Я выступаю з сацыялістычнай партыі, бо яна ня мае агню і баявога духу і забыла значэньне клясавай барацьбы. Я веру, што рабочая кляса, змагаючыся, ніколі не адступаючы і ня робячы ніякіх умоваў з ворагам, можа вызваліцца. З прычыны таго, што сацыялістычны рух Злучаных Штатаў у апошнія гады пайшоў на згодніцтва і кампрамісы, я бачу, што мой розум адмаўляецца надалей санкцыянаваць маё прабываньне членам партыі». У гэтым лісьце ён называе сябе сындыкалістам.

Перад канчатковым разрывам пісьменьнік зьвярнуўся да сваіх партыйных таварышоў з папярэджаньнем іншага роду. Раман «Жалезная пята», гэты шэдэўр яго літаратурнай творчасьці, быў перасьцерагаючым крыкам, ад якога ня мог устрымацца пісьменьнік-рэвалюцыянэр. Гэта кніга (вышла ў 1908 г.) была напісана пад сьвежым уражаньнем разгрому расейскай рэвалюцыі 1905 году, лічыцца найяскравейшым і найпрыгажэйшым у сусьветнай літаратуры выяўленьнем наступнай барацьбы капітазізіу з сацыяльнай рэвалюцыяй. У даным рамане Джэк Лондан яшчэ за 6 год да пачатку сусьветнай вайны гэніяльна прадбачыў тактычны паварот плутакратыі да пазапарляманцкіх «фашысцкіх» спосабаў барацьбы з пралетарыятам.

«Жалезная пята»—найлепшы, далёка не адзіны сацыяльны раман Лондана. У «Марціне Ідэне» Лондан выявіў тупадумства буржуазнай грамады і яе разумовую інэртнасьць. У «Чырвонай чуме» ён паказаў няздозьнасьць і пакінутасьць буржуазеі перад стыхійнай катастрофай, якая зьнішчае ўсе асновы грашовае гаспадаркі і іншае.

Джэк Лондан—пісьменьнік дужа плённы; поўны збор яго твораў складае 49 вялікіх томаў, і ўсе яго кнігі маюць высокую мастацкую каштоўнасьць.

* * *

Буржуазная крытыка бачыць у Лондане індывідуаліста і адпаведна гэтаму разглядае яго стыль, як выяўленьне падмернага індывідуплізму ў літаратуры. Трэба, аднак, памятаць, што асноўныя рысы яго творчасьці зусім добра ўспрыймаюць чытачы рознага сацыяльнага становішча; там, дзе буржуазны чытач бачыць анархічны індывідуаліэм і разрыў з грамадой наогул, чытач-пралетар (бачыць разрыў з буржуазнай грамадой і моцнае парываньне ўтварыць новы пазаклясавы працоўны калектыў.

Што датычыцца закідаў Лондана пра «анархічны індывідуалізм», то, папершае, сам пісьменьнік у «Марціне Ідэне» вельмі добра паказаў марнасьць пасьлядоўнага індывідуалізму; падругое, трэба мець на ўвазе, што анархізмам у Лондане буржуазныя крытыкі звычайна прызнаюць яго сапраўды рэвалюцыйны сацыялізм, які не баіцца пэрспэктывы ўзброенай барацьбы. «Непасрэднаю дзейнасьцю»—піша ён—я называю выхаваньне баявога духу, які будзе найбольшым дасягненьнем народных мас, калі вялікая барацьба, урэшце, выбухне між іх сучаснымі панамі. Настане цяжкі час. Гэта будзе рашучы бой, але ўрэшце масы перамогуць, бо іх армія мае больш сілы і вытрыманасьці»…

Для амэрыканскай буржуазеі, якая прывыкла бачыць у сацыялістых згоднікаў, погляды Джэка Лондана—анархізм, а для нас гэта—бальшавізм, і савецкі чытач ня можа ня чуць у гэтых сьмелых і прарочых словах Лондана закліку да ўзброенай і сацыяльнай рэвалюцыі.

Джэку Лондану не ўдалося ўбачыць яе пачатак; ён памёр у канцы 1916 году, у росквіце літаратурнай і грамадзкай дзейнасьці; той, хто марыў пражыць 100 год, памёр у 40 год, надламаўшы сваё здароўе сядзячым жыцьцём, якога вымагала інтэнсыўная літаратурная праца.